РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ася Паплаўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Міхась Скобла: «Укладаючы анталогіі, я быццам ачышчаў палімпсесты...»
1
Міхась Скобла. http://represii-by.info/
        
“Не пісаў хіба некралогаў…”
        
        Ася Паплаўская: Прывітаньне, сябры! У эфіры перадача “СучБелЛіт” і я, Ася Паплаўская. Да нас у госьці завітаў Міхась Скобла – літаратар, паэт, журналіст.
        Сёньня вашыя пытаньні да Міхася Скоблы маюць асаблівае значэньне: памятаеце, мінулым разам я прапанавала разыгрываць сярод слухачоў кнігі нашых гасьцей? Акурат сёньня распачынаем розыгрышы! Той чалавек, які задасьць Міхасю Скобле найцікавейшае пытаньне, атрымае ў падарунак ягоную кнігу “Вольная студыя”!
        Спадар Міхась, добры вечар!
        Міхась Скобла: Добры вечар!
        Ася Паплаўская: Як вам у нашае студыі?
        Міхась Скобла: Вельмі ўтульна. Асабліва падабаецца клімат: як на экватары.
        Ася Паплаўская: Выдатна! Думаю, што нам ня будзе дужа горача. Хаця, чаму і не?.. Цікавая гутарка падымае градус у крыві, ці так?
        Міхась Скобла: Згодны з вамі абсалютна.
        Ася Паплаўская: Спадар Міхась, у вашай біяграфіі прачытала, што вы, акрамя таго, што вядучы на папулярным беларускім радыё, акрамя таго, што паэт, вы яшчэ і парадыст! Распавядзіце нам: каго і што парадуеце?
        Міхась Скобла: Відно, Ася, што вы сур’ёзна рыхтаваліся да нашае гутаркі. Кожны творца, відаць, у маладосьці хоча папрактыкавацца ў розных жанрах, як той гімнаст – паманіпуляваць ці то гантэлямі, ці то яшчэ якімі спартовымі снарадамі: адчуць радасьць цягліцаў. Гэта і я, калі пачынаў, хацеў усё паспрабаваць…
        Дарэчы, мой першы апублікаваны ў рэспубліканскім друку твор - гэта санэт, досыць складаная вершаваная форма. Я памятаю, што гэты мой твор нават карыстаўся пэўным попытам: друкаваўся ў расейскіх выданьнях, яго пераклаў на расейскую мову невядомы мне і сёньня Валерый Ліпневіч…
        Так што чаго я толькі не пісаў. Пакуль што хіба не пісаў некралогаў.
        Ася Паплаўская: Ці былі вы знаёмыя з класікамі нашае літаратуры? З тымі, каго ўжо няма з намі, альбо з тымі, хто яшчэ, дзякуй богу, дораць нам сваё высокае мастацтва?
        Міхась Скобла: Ведаеце, Ася, мяне заўсёды цягнула да сяброўства са старэйшымі пісьменьнікамі. Я быў добра знаёмы, напрыклад, з Янкам Брылём.
        У свой час я жыў у Заслаўі (гэта недалёка, 25 кіламетраў, ад Менску) і я ведаў, што кожны дзень на электрычцы Маладэчна-Менск езьдзіць гісторык Мікола Ермаловіч. Я падгадваў электрычку, на якой ён будзе ехаць, каб праехаць разам зь ім паўгадзіны ад Менску. Я бачыў як гэты амаль што сьляпы чалавек на каленях напісаў гісторыю Беларусі. Я падлічыў: ён правёў у электрычцы амаль два гады, штодзень езьдзячы ў сталічныя бібліятэкі, архівы.
        Я паматаю, якія гэта былі імправізаваныя лекцыі: поўны вагон і Мікола Ермаловіч распавядаў пра ВКЛ, пра князёў Вітаўта, Гедыміна… І ўсе ўважліва слухалі. Гэта сёньня можна выйсьці ў Інтэрнэт іпрачытаць пра каго хочаш і што хочаш, а тады, напачатку 90-х, інфармацыя пашыралася ня так лёгка як сёньня.
        Для мяне гэта незабыўныя часы сустрэчаў з такімі людзьмі як Мікола Ермаловіч, Янка Брыль… Я мог бы называць яшчэ шмат імёнаў…
        Ася Паплаўская: Дзякуй вам вялікі за такі цікавы аповед! Давайце прыадкрыем таямніцу, пра якую мы ўжо гаварылі.
        Сёньня мы распачынаем і гульнявую форму нашых прамых эфіраў: разыгрываем кнігу Міхася Скоблы “Вольная студыя”. Атрымае яе той, хто задасьць нашаму госьцю самае цікавае, на ягоны погляд, пытаньне.
        Спадар Міхась, давайце распавядзем нашым слухачам, што ж гэта за кніга такая “Вольная студыя”?..
        Міхась Скобла: Гэтая кніга сапраўды незвычайная. У ёй акрамя мяне, яшчэ 50 суаўтараў. Гэта кніга дыялогаў. Рэч у тым, што я на адным беларускім радыё (скажам так: на самым беларускім радыё, бо гучыць толькі беларуская мова) ужо адзінаццаць гадоў вяду аўтарскую перадачу “Вольная студыя”. Мы штотыдзень сядаем у студыі, вось як мы сёньня з вамі сядзім, Ася, глядзім у вочы адно адному і размаўляем зь цікавымі людзьмі на цікавыя тэмы. Літаральна пару гадзінаў таму я здаў 514-ую перадачу.
        У гэтай кнізе іх толькі 50 – гэта самыя-самыя цікавыя дыялогі з найцікавейшымі, на пой погляд, люзьмі: з паэтам Алесем Разанавым, з перакладчыкам Васілём Сёмухам, з нашым геніяльным паэтам Рыгорам Барадуліным і іншымі... У гэтай кнізе любы можа знайсьцІ для сябе безьліч цікавай інфармацыі. Таму я сёньня з задавальненьнем гэтую кнігу падару нашаму самаму кемліваму, дасьціпнаму слухачу.
        Ася Паплаўская: Ці ёсьць сярод гэтых выбраных пяцідзесяці гутарак самая запамінальная для вас?
        Міхась Скобла: Такіх гутарак пяць дзесяткаў. Незабыўная гутарка, скажам, з Васілём Быкавым. Вось уявіце сабе такую сітуацыю: у Менску ў студыі сядзім я і Рыгор Барадулін, а на тэлефоннай сувязі з далёкай Нямеччыны - Васіль Быкаў, які тады там быў. Яны з Рыгорам Барадуліным землякі, сябры, яны даўно ня бачыліся. Калі Рыгор Барадулін пачаў узгадваць ушацкія песьні, я пачуў, як дзесьці там, у Франкфурце-на-Майне Васіль Быкаў пачаў падпяваць. Я першы раз чуў, як сьпявае Васіль Быкаў. Гэта незабыўна.
        
        
“Шайба проста ліпла да маёй клюшкі!”
        
        Ася Паплаўская: Спадар Міхась, да нас пачынаюць паступаць пытаньні. У асьцы Зефіркін піша: “Ці даводзілася вам ахвяраваць чым-небудзь дзеля працы? Калі так, то якія былі наступствы?”
        Міхась Скобла: Ахвяраваць заўсёды даводзіцца. Асабліва дзеля цікавай працы, дзеля сустрэчаў з цікавымі людзьмі. У чацьвер і пятніцу, што б там ні было, якія б цікавыя падзеі не адбываліся ў сьвеце, я ведаю, што гэта тыя дні, калі я павінен працаваць у студыі, калі павінна выходзіць у эфір мая перадача. Дзеля жывога кантакту з людзьмі, дзеля раскошы размовы часам даводзіцца ахвяраваць нейкімі відовішчамі.
        Ася Паплаўская: Салодкая N задае пытаньне, напрамую зьвязанае з вашай працай на радыё: “Спадар Міхась, звычайна радыёэфір у вашых руках, а сёньня вы ў якасьці госьця. Што для вас лягчэй і цікавей: госьць альбо гаспадар эфіра?”
        Міхась Скобла: Спадарыня Салодкая N, калі б вы толькі бачылі: я вось сяджу перад Асяю і калачуся, і дрыжу, і хвалююся. У мяне адчуваньне, быццам я першы раз скачу з парашутам. Такі лёгкі мандраж. Быць гаспадаром заўсёды лягчэй, а калі йдзеш у госьці, заўжды хвалюесься.
        Ася Паплаўская: Спадар Міхась, ці сочыце вы за падзеямі алімпіяды ў Ванкуверы?
        Міхась Скобла: А як жа! Сачу. Літаральна ўчора радаваўся з усёй краінай, што ў скарбонку нашай зборнай трапілі два медалі, якія заваявалі нашыя біятланісты.
        Увогуле я вельмі спартовы чалавек. Вось вы мяне сярод ночы пабудзіце і скажыце: “Міхась, хадзем гуляць у хакей!” і я хуценька выскачу з цёплага, належанага ложка і пайду гуляць. Бо я азартны чалавек, люблю спорт…
        У свой час я гуляў за школу, за раён у хакей. Памятаю, аднойчы, калі ігралі ў хакей зборная лідскага раёну і зборная зэльвенскага раёну, на баку якой я выступаў, так атрымалася, што мы выйгралі ўсухую 7:0 і ўсе сем галоў давялося забіць мне. Я ня быў самым лепшым гульцом, але ж шайба проста ліпла да маёй клюшкі! Мае сябры па камандзе са мною потым тры дні не размаўлялі. Я ня мог зразумець: чаму так, мы ж выйгралі! Ды з такім разгромным лікам!.. Вось у такім абліччы мне была ўяўленая чалавечая зайздрасьць. Гэта быў мой такі першы жыцьцёвы ўрок.
        Ася Паплаўская: А ці сустракаліся вы з літаратурнай зайздрасьцю?
        Міхась Скобла: Як і ў кожным чалавечым занятку, у літаратуры гэтая зайздрасьць прысутнічае. Сустракацца зь ёй, канечне, даводзілася. Як і ў любым мастацтве, зайздрасьць можа прымаць не зусім звычайныя формы. Але кожны творца павінен гнаць з сябе гэтую зайздрасьць усімі магчымымі спосабамі, таму што ў рэшце рэшт яна высушыць ягонае натхненьне, яна абязводзіць яго як творцу і будзе вялікая шкода яму самому ад гэта вельмі кепскага пачуцьця.
        Ася Паплаўская: Васіліна піша нам: “У Міхася беларуская мова прыемная. Натуральна гаворыць. І ўспрымаецца на слых хораша!”
        Міхась Скобла: Дзякуй Васіліне!
        Ася Паплаўская: Спадар Міхась, якрамя таго, што вы чалавек спартыўны, літаратурны, вы яшчэ і складальнік двух анталогій: анталогіі беларускае паэзіі XX стагоддзя “Краса і сіла”, што выйшла ў 2003 годзе, і анталогіі сусьветнай паэзіі ў беларускіх перакладах “Галасы з-за небакраю”, што пабачыла сьвет у 2008 годзе. Скажыце, якім чынам і ў каго нарадзіла ідэя збору і выданьня гэтых анталогій?
        Міхась Скобла: Ідэя нарадзілася ў маёй галаве. Нічога дзіўнага ў гэтым няма: заканчвалася стагоддзе. Больш за тое: заканчвалася тысячагоддзе. Падводзіліся вынікі ў розных сферах чалавечай дзейнасьці. А паколькі я цікаўлюся літаратурай, пераважна паэзіяй, то я вынікі ў паэзіі і падводзіў. Абедзьве анталогіі – вынік маёй любові да паэзіі. Яна для мяне – ня толькі філалагічнае ды эстэтычнае задавальненьне, але яна заўсёды мне па жыцьці прыносіла нейкую практычную карысьць.
        Коратка распавяду дзьве гісторыі. Калі я закончыў універсітэт і не было дзе ў Менску жыць, мы з жонкай наймалі кватэру ў Заслаўі. Я ўжо расказваў, як мы езьдзілі з Міколам Ермаловічам у адной электрычцы. Але і ў Заслаўі не было магчымасьці знаёсьці хаты. І вось на сьвяце гуканьня вясны я пазнаёміўся з адным заслаўскім дзедам, які даведаўся, што я люблю паэзію Сяргея Ясеніна. І ён вырашыў мяне праверыць… Пачаў чытаць верш “Шаганэ ты моя, Шаганэ!” А я працягваў: “Потому, что я с севера, что ли…” І такім чынам ён мяне правяраў цэлую гадзіну, а потым сказаў: “Ты любіш Ясеніна! Я цябе бяру на кватэру, у мяне вялікая хата…” Я там жыў два гады і ён зь мяне ня ўзяў ні капейкі.
        Яшчэ адзін прыклад практычнае карысьці ад паэзіі. Калі ў нашай маладой сямьі ўзьнікалі нейкія непаразуменьні, мы заўсёды пачыналі чытаць у асобах верш выдатнага беларускага паэта Анатолія Вялюгіна, які гучаў так:
        
        – Куды ідзеш, Наталачка?
        – У агарод, Міхалачка.
        – Па што?
        – Па цыбулю.
        – Пастой. Пацалую!

        
        І ўсё на гэтым! Узьнікала зноў любоў і згода…
        Ася Паплаўская: Якім чынам адбіраўся матэрыял для анталогій?
        Міхась Скобла: Ой, Ася, матэрыял для анталогіяў адбіраўся ў нялёгкай крапатлівай штодзённай працы, таму што анталогіі вельмі аб’ёмныя: у першай 300 беларускіх паэтаў, у перакладной 700 паэтаў, пачынаючы ад Гамера і сканчваючы паэтамі нашых дзён. Канечне, каб мець чыстае сумленьне, каб кагосьці не прапусьціці, кагосьці не пакрыўдзіць, я ішоў у Нацыянальную бібліятэку, замаўляў па сьпісе, у якім было больш як дзьве тысяцы пазіцый, кнігі і чытаў ад пачатку да канца, адбіраючы тэксты, што павінныя былі ўвайсьці ў анталогію. Гэта вельмі цікавая праца: я часам рабіў вельмі неспадзяваныя адкрыцьці. Адбывалася як бы ачыстка палімпсесту. Ведаеце, што такое палімпсест?..
        Ася Паплаўская: Патлумачце, калі ласка, нашым слухачам.
        Міхась Скобла: Гэта старыя іконы, паўзьверх якіх новыя мастакі пісалі нейкія свае сюжэты, а потым гэта ўсё счышчалася і адкрываліся першасныя абразы. І ў мяне часам было адчуваньне, што я ачышчаю гэтыя палімпсесты.
        Скажам, у Пімена Панчанкі ёсьць верш “Ці плачу я, ці пяю. // Восень. На вуліцы цёмна. // Пакіньце мне мову маю, пакіньце жыцьцё мне”. Цэнзура сказала “не”, прымусілі перапісаць, і ва ўсіх пажыцьцёвых зборніках народнага паэта друкавалася: “Ці плачу я, ці пяю, // Ці размаўляю з матуляю — // Песню сваю, мову сваю. // Я да грудзей прытульваю”.
        Трэба дакопвацца да першаварыянтаў, ачышчаць тыя нашыя літаратурныя палімпсесты, якія хтосьці замазаў ці закрэсьліў.
        Ася Паплаўская: Канечне. Трэба не здавацца ні ў якой сітуацыі. Зараз – J:mors “Не здавайся” на хвалях NETradio.
        
        
“Ларыса Геніюш да сёньняшняга дня не рэабілітаваная!..”
        
        Ася Паплаўская: А мы тым часам не здаемся і чакаем вашых цікавых пытаньняў да Міхася Скоблы. Пытаньні нашаму госьцю сёньня варта задаваць ня толькі дзеця цікавых адказаў, але і каб мець магчымасьць атрымаць у падарунак кнігу Міхася Скоблы “Вольная студыя”, якая ўтрымлівае 50 гутарак нашага госьця з найцікавейшымі прадстаўнікамі сучаснае беларускае культуры.
        Зямеля пытаецца: “Міхась, вы яшчэ маеце дачыненьне да “Беларускага кнігазбору”? Калі маеце, то дзе знайсьці некаторыя экзэмпляры, што выходзілі раней, ці іх ужо няма ў продажы?”
        Міхась Скобла: Спадар Зямеля, калі я слухаў песьню J:mors “Не здавайся”, я ўспамінаў заснавальніка серыі “Беларускі кнігазбор” Кастуся Цьвірку, які пятнаццаць гадоў таму задумаў гэты грандыёзны праект – выдаць 200 тамоў самага лепшага, што створана ў беларускай літаратуры і пра Беларусь. І ён, інтэлігентны чалавек, зьняўшы капялюш, хадзіў па высокіх кабінетах Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі, а зь яго ўсе пасьміхаліся, казалі: гэта нерэальна, немагчыма. Але ён не здаваўся і ў сакавіку споўніцца 15 гадоў “Беларускаму кнігазбору”. За гэты час выдадзеныя 50 тамоў. Я запрашаў Зямелю на юбілейную вечарыну “Беларускага кнігазбору”, што адбудзецца 17 сакавіка ў Палацы мастацтва.
        Калі вам нейкія тамы патрэбныя, а яны ў нас на складзе яшчэ водзяцца, то, думаю, можна будзе набыць.
        Сваім супрацоўніцтвам з “Кнігазборам” я ганаруся. Я падрыхтаваў пяць тамоў: Рыгор Барадулін, Рыгор Крушына, Ларыса Геніюш, Уладзімір Жылка і вось на днях закончыў укладаньне тома нашага выдатнага паэта Алеся Салаўя, які жыў у найкрайсьветнай Аўстраліі. Я б сказаў, што гэта найлепшы паэт беларускае эміграцыі.
        Ася Паплаўская: Салодкае N зноў дасылае нам сваё пытаньне: “Міхась, вам ужо давялося выбіраць 50 гісторый з вашага радыйнага жыцьця. Ці зьмяніла вашая перадача нешта ў вас самім?”
        Міхась Скобла: Каб кожная гутарка нас мяняла, то гэта было б ня самым лепшым для нас…
        Прыгадалася шчэ адна гісторыя з перадачы. Аднойчы ў Крынічным (гэта лецішча Янкі Брыля на Нёмане) мы блукалі па лесе, размаўлялі, пасьля прыйшлі да яго, я ўключыў дыктафон і мы распачалі гутарку. Я бачу, што Іван Антонавіч, ходзячы па лесе, выгаварыўся і нешта ня йдзе гутарка. Але што ж рабіць? Класік ёсьць класік, трэба паважаць узрост… І тут раптам да Янкі Брыля прыехалі сваякі віншаваць яго з Днём нараджэньня. Мы перапынілі нашую гутарку, селі за стол, Іван Антонавіч выпіў чарку-другу, відаць, трохі павесялела ў галаве… Другая палова перадачы была нашмат цікавей, жывей, чым першая, слухалася з найбольшай цікавасьцю.
        Ася Паплаўская: Спадар Міхась, 2010 год абвешчаны годам паэтычнае зоркі Ларысы Геніюш. Я ведаю, што вы ўзначальваеце аргкамітэт, што ладзіць шэраг мерапрыемстваў у гонар Ларысы Геніюш. Распавядзіце, калі ласка, пра паэтычныю асобу Ларысы Геніюш і пра мерапрыемтвы, што плануюцца ў ейны гонар.
        Міхась Скобла: Дзякуй, Ася, што вы нагадалі пра гэтую дату. Сёлета, 9 жніўня, акурат спаўняецца стагоддзе з дня нараджэньня Ларысы Геніюш. Сама асоба Ларысы Геніюш вельмі незвычайна. Гэты чалавек вельмі мужны, вельмі таленавіты, яшчэ не спазнаны як літаратар. Напрыклад, мы ведаем Янку Брыля. Але мы яшчэ адкрыем яго для сябе. Ён пасьля сябе пакінуў пяць тысячаў (!) машынапісных старонак сваіх дзёньнікаў. Яны будуць друкавацца толькі праз два гады.
        Тысячы і тысячы старонак засталіся і пасьля Ларысы Геніюш: гэта радовішчы пакуль невядомых нам яе вершаў, якія трэба рыхтаваць да друку. Я думаю, мы павінныя скарыстаць стагоддзе з дня яе нараджэньня, каб выдаць збор твораў.
        Яна жыла ў Празе. З 1937 па 1948 год друкавалася ў беларускіх газетах, што па савецкіх законах было вялікім злачынствам. Яе проста выкралі савецкія спецслужбы, прывезьлі ў 1949 годзе ў Менск, тут судзілі і прысудзілі да 25 гадоў няволі. У Беларусі настаўнікі, якія працавалі пры немцах, літаратары, што друкаваліся ў тых выданьнях, што выходзілі пры немцах, пасьля вайны былі ворагамі, былі асуджаныя і некаторыя не вярнуліся з тых ГУЛАГаў… У нас Ларыса Геніюш да сёньняшняга дня не рэабілітаваная, яна зьяўляецца злачынцам. Гэта дзікунства проста!
        Калі я прыязджаю ў Зэльву, дзе яна жыла, ды размаўляю з тамтэйшым начальствам, як мы зладзім гэтае стагоддзе, калі мы ўсталюем мемарыяльную дошку, мне кажуць: “А яна не рэабіліціраванная!” Разумееце, гэта нейкі абсурд! Тэма калабарацыі павінная па-іншаму намі разглядацца. Ня трэба шукаць ворагаў там, дзе іх ніколі не было.
        Ларыса Геніюш – выдатная паэтка, чалавек надзвычанае сілы духа, зь якой сябраваў Уладзімір Караткевіч, зь якой перапісваўся Васіль Быкаў… Яны лічылі сябе ейнымі духоўнымі дзецьмі. Дык ці ж ня наш абавязак – ушанаваць ейны юбілей так, як гэта павінна быць?..
        Ася Паплаўская: Дякуй вялікі, спадар Міхась! Усяго 11 хвіляў застаецца да канца эфіра. Апошняе пытаньне зараз задаю, ды будзем вырашаць, хто атрымае кнігу “Вольная студыя”.
        Зеффіркін пытаецца: “Спадар Міхась, як вы змагаліся з крытыкай напачатку вашае кар’еры на радыё? Ці ёсьць крытыка сёньня, праз столькі гадоў працы?”
        Міхась Скобла: Я толькі не зразумеў, крытыка чаго?
        Ася Паплаўская: Мусіць, калі гаворка пра вашую працу на радыё, то крытыка вашых здольнасьцяў разгаварыць вашых гасьцей, майстэрства падбіраць ды задаваць цікавыя пытаньні…
        Міхась Скобла: Я стараюся запрашаць у студыю тых людзець, якіх ня трэба разгаворваць, якія самі словаахвотныя. Ну а калі маецца на ўвазе крытыка літартурная, я яе нармальна ўспрымаю, бо гэта неад’емная частка літаратурнага працэсу.
        Вось вядучая нашай сёньняшняй цудоўнай перадачы “СучБелЛіт” Ася Паплаўская таксама ў свой час мяне крытыкавала. Я дзесьці чытаў, што назва маёй апошняй кнігі “Акно для матылькоў” вельмі няўдалая. Так лічыць Ася, і я ёй за гэта дужа ўдзячны і ніякай крыўды на яе за гэта не трымаю.
        Ася Паплаўская: А ў нас ёсьць тры слухачы, зь якіх нам трэба выбіраць пераможцу нашай сёньняшняй перадачы ды падарыць кнігу “Вольная студыя”: Зеффіркін, Зямеля ды Салодкая N. Давайце будзем вызначацца.
        Міхась Скобла: Ася, я сёньня сябе адчуваю вельмі шчодрым, таму хацеў бы надпісаць ды падарыць не адну, а дзьве свае кнігі: Зямелі ды Салодкай N.
        Ася Паплаўская: Дзякуй, спадар Міхась, за вашую шчодрасьць і ваш выбар.
        Спадар Міхась, час перадачы падыходзіць да канца. Колькі словаў напрыканцы…
        Міхась Скобла: Мне запомніўся адзін каментар у нашым чаце. Адзін чалавек пісаў: помню, што ў школе вучыла напамяць беларускі верш і адзін радок засеў у памяці… Дзякуй вам за памяць на беларускія вершы.
        Я хацеў бы адзін прыклад прывесьці: аднойчы выдатны расейскі паэт Уладзімір Маякоўскі ехаў у Парыж цягніком, у 1927 годзе, здаецца. У цягнік заходзілі нашыя людзі, размаўлялі, натуральна, на беларускай мове. Яму спадабалася адно беларускае слова. І калі ён вярнуўся ў Маскву, ён напісаў такое чатырохрадкоўе:
        
        Я немало слов придумал вам,
        Взвешивая их, одно хочу лишь, –
        Чтобы стали все моих стихов слова
        Полновесными, как слово «чуеш».

        
        Мне здаецца, што мы сёньня з вамі пачуліся. Давайце адно аднога чуць і разумець!
        Ася Паплаўская: Дзякуй вялікі, спадар Міхась, за вельмі цікавы эфір! Дзякуй усім, хто быў з намі. Да наступнай пятніцы! Пачуемся!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.