РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Проза і паэзія агню
 
Вершы, аповесьць, эсэ
1
*  *  *
Я зноў пра Храмы, сум, любоў і пра крыжы,
Пра сьцежкі, валуны, князёў і пра магілы...
А вы мне кажаце: «Пра гэта болей не пішы!»
Як не пісаць, калі ўсё гэта край мой мілы?!
 
І кожны верш мой новы – новая царква,
Дзе я малюся і дзе сам я чую Бога.
І вінаваты я, калі ўзрасла трава
Ля Храма і ўтравела да сьвятынь дарога.
 
І вінаваты я, што вам не зразумець
Маёй крыві, што ў вершах у маіх пульсуе.
Мне зь вершаў, быццам зь вежаў, белы сьвет глядзець,
Крычаць: «Жыве мой край!» – хай гэта сьвет пачуе.
 
А не пачуе сьвет, дык сын пачуе мой,
Пачуюць сьцежкі, і сялібы, і магілы.
А вы мне зноўку кажаце: «Ты не гэрой...»
Я не гэрой... Але люблю я край наш мілы.
 
6.V.2008.
 
 
 
 
Баляда Ўсяслава Чарадзея
каля 1029 – 14.04.1101
У Полацкім княстве спакой не жыве –
Суседзі імкнуцца твой трон захапіць,
І злая іх кроў на высокай траве
Зімой ледзянее, а летам кіпіць.
 
У Полацку слаўным Сафійскі сабор,
Як веліч твая і Айчыны тваёй,
Расьце, уздымаецца ў неба да зор,
Сабою яднаючы неба зь зямлёй,
 
Яднаючы ўсіх, каму люба тут жыць,
Душой мацавацца ад родных палёў,
Ад цішы курганьняў, дзе вечнасьць ляжыць
І кветкамі ўсходзіць, якія як кроў,
 
І ў травах зьнікае, нібыта ў вадзе,
Якая ў рацэ, што праз Полацк цячэ.
І ты да сабора спакойна ідзеш,
Як да Беларусі, і крыж нам нясеш,
Хоць да Беларусі далёка яшчэ...
 
29.X.2009.
 
 
 
 
Баляда Еўфрасіньні Полацкая
каля 1101 – 23 ці 25.05.1167
Ад Полацка да Іерусаліма,
Нібы сьвяты агонь, твая дарога.
У сэрцы і за сьпінаю – Радзіма
І прад табою Бог і ўсё ад Бога...
 
І не шкадуеш ты, што ў цеснай кельлі
Жывеш, ня просячы сабе нічога,
І думаеш пра родны край і Бога
Каля вакна, дзе галубы паселі,
І слухаюць малітвы, і ўзьлятаюць
Над Беларусьсю, да якой шукаюць
Усе дарог, каму ёсьць не за морам,
А тут зямное шчасьце, безь якога
Ня стаць тутэйшым і ня стаць сьвятою...
 
Нібы малітва, праз жыцьцё дарога
Твая не зарасьце палын-травою,
А стане вечным крыжам Еўфрасіньні,
Які шукаць, губляць, ізноў знаходзіць
Нам на зямлі, якую не пакіне
Ніколі Бог, бо Ён жыве ў народзе,
Як ты жывеш у нашае Айчыне...
 
25.II.2009.
 
 
 
 
Баляда Кірылы Тураўскага
каля 1113 – пасьля 1190
Мінае травень... Ліпень... Лістапад... Зноў сьнежань
Зь нябёс самотай белай на людзей імжыць.
А ты замураваны ў манастырскай вежы,
Каб толькі Слову, Слову Божаму служыць.
 
І Тураў твой ад сьнегу, як ад квету, белы,
І толькі Храмаў купалы сярод нябёс,
Нібы вугольле ў сьнезе, на сусьвет наш цэлы
Зіхцеюцца пад сонцам, страшачы мароз.
 
З малітваю глядзіш на родныя прасторы
І верыш, што твой край ніколі і нікім
Ня будзе зваяваны і ня змоўкне ў горы,
Ня зьнікне, як зьнікае па-над сьвечкай дым,
 
Якая прад табой гарыць і асьвятляе
Душу, як сьвет, і сьвет, нібы тваю душу,
Дзе Бог жыве і Беларусь жыве сьвятая,
Якая стане белай, як пасьля дажджу
 
Вясновы ціхі сад, што чорным быў, бялее
Ад квецені густой, нібыта белы Храм,
Дзе Слова, як анёла, ты душой сагрэеш,
І Слова паляціць да нас, і сьветла нам
 
У сьвеце чорным будзе, у якім сягоньня
Ёсьць наша Беларусь, а зь ёю ёсьць і ты,
І ў беларускім небе, нібы на іконе,
Хто ў Бога шчыра верыць, бачыць лік сьвяты,
Як бачыў ты...
 
8.XII.2008.
 
 
 
 
Баляда Міндоўга
1195(?) – 1263
...Як ланцугі, зьвіняць касьцельныя званы,
І вестка, што ня будзе болей тут вайны,
Нібыта ў вочы пыл, ляціць, ляціць крылата.
 
Гуляй хто можа! – у Новагародку сьвята –
Каронай каралеўскай князь каранаваны,
І ўжо Эўропай родны край і мы прызнаны,
Ды крыжакам усё ахвота біцца з намі,
І будзем мы за волю біцца з крыжакамі,
І на магілах нашых вырасьце палын,
Як воі вырастаюць, каб зноў стаць травою.
Ты – князь Міндоўг, і ты, як родны край, адзін,
І сёньня ты з каронай цяжка-залатою,
Але часова ўсё, як дзень, як ноч, зіма,
Як вера, ад якой ты заўтра адрачэсься,
Бо ёсьць твой шлях, а іншага ў цябе – няма,
І на шляху ёсьць здрада, над якой сьмяесься
Цяпер, хоць заўтра – сьмерць.
Ты не баісься сьмерці.
 
І пройдзе час...
Як зь белага нам белае ня сьцерці –
Ня зьнішчыць нас!
 
12.VIII.2005.
 
 
 
 
Баляда Гедзіміна
каля 1275 – 1341
Нібыта сьмерць, халодная зіма,
І ў Вільню ані хочацца вяртацца,
Бо ўсё замецена, і ўжо віна няма,
І ў замку не зьбіраюцца здавацца.
 
І ты на замак, як на сон, глядзіш
Празь белы сьнег, нібыта праз самоту,
І ля агню, як ля царквы, стаіш
І неба над табой нібыта зь лёду,
 
І ў гэтым лёдзе трэшчынай страла
Ляціць у сэрца, што ня любіць цішы.
Ляціць страла, як цемра, да сьвятла,
І кроў тваю мяцеліца заліжа.
 
І зазьвіняць у гарадах званы,
І хтось заплача, нехта засьмяецца.
І ад тваёй труны, як ад сьцяны,
Адыдзе ноч, і новы дзень пачнецца...
 
12–13.VIII.2005.
 
 
 
 
Баляда Альгерда
1296 – 1377
...Залатая Арда залатою ня будзе,
І празь сінія воды Ардзе не прайсьці,
Бо тут наша зямля, бо тут нашыя людзі,
А татарская кроў на траве і лісьці
 
Нашых дрэў, што шапочуць аб нашае волі,
Будзе стыць і зьнікаць, як зьнікае вада,
У якую ты двойчы ня зойдзеш ніколі,
Безь якой, як трава, пачарнее Арда.
 
І глядзіш ты наўкол і ўдыхаеш прастораў
Незнаёмых, але зваяваных, вятры,
І ты мроіш ужо край ад мора да мора,
Дзе на мове тваёй век людзям гаварыць.
 
І так будзе, бо ты так жадаеш пад Богам,
Але пройдзе яшчэ і ня год, і ня пяць,
І твая тут ня згубіцца ў травах дарога,
І яе, нібы вечнасьць, нічым не стрымаць.
 
А пакуль што Арда, як агонь, залатая
Прад табой і прад войскам вялікім тваім,
Як агонь у вадзе, чорна ў травах зьнікае,
І лятаюць вароны над ёй, нібы дым...
 
15.VIII.2005.
 
 
 
 
Баляда Альдоны
1309 ці 1310 – 26.05.1339
Дзяўчынка, дзяўчына, жанчына...
Альдона зрабілася Ганнай.
І сьніцца, як воля, Айчына,
Князёўне, што стала жаданай
 
Пад небам чужым і халодным,
Як вецер, як сьнег, што вясною
Ляціць адзінокі і родны
На поле, што тут за сьцяною
 
Старога, як Польшча, палаца,
Дзе танцы, уцехі, забавы,
Дзе сьлёзы, і сьмех, і паяцы,
Дзе кожнаму хочацца славы...
 
А ты каралеваю стала
І мужу пакорнаю будзеш,
І гэтага будзе тут мала
І мужу, і Богу, і людзям.
 
І будзе нядоўгай дарога...
 
Ды будзе, як сонца, Айчына,
Дзе ты не разьлюбіш нікога,
Бо любяць дачку Гедзіміна
У Княстве Вялікім і вераць,
Што шлюб недарэмны, для справы...
 
Цьвіце акрываўлена верас,
І вецер самотна-гаркавы.
 
21 – 22.IX.2005.
 
 
 
 
Баляда Вітаўта Вялікага
1350 – 27.10.1430
...Вязуць карону, як ваду жывую,
Старому князю, у якога ёсьць
Усё і ўсё ў часіну залатую
Было, і быў ён сам бы ў горле косьць
Для крыжакоў, для Залатой Арды,
Якіх ён біў, зь якімі разам піў.
І падрасталі замкі, гарады,
І люд па-беларуску гаварыў,
Бо ён быў іхні князь, ён князь – вялікі.
Цяпер стары, нямоглы, і яму
З каронай хочацца сустрэць зіму.
Але ня чутны радасныя крыкі,
Што ўжо карону, як ваду жывую,
Паслы прывезьлі... Не сустрэць паслоў –
Іх польскія паны ў лясах пільнуюць,
Карону адбяруць, каб князь сышоў
У вечнасьць, як вада ў пясок зьнікае...
 
16.VIII.2005.
 
 
 
 
Баляда Ягайлы
1352(?) – 1.06.1434
...Прад табой крыжакі, як на полі крыжы,
Дзе твой брат, дзе твой сын, дзе твой бацька ляжыць,
Дзе ляжаць беларусы ў крывавай траве,
Дзе вятры і ваўкі, дзе самота жыве...
 
Князь глядзіць на траву, нібы ў вечнасьць глядзіць,
І ня бачыць, каго тут любіць, каго біць,
Каб Айчына была – у Эўропу вакно,
Каб яе не дзялілі, нібыта віно,
Ні свае, ні чужак, ні касьцёл, ні царква...
 
І на замкавых вежах ня ўзыдзе трава,
Бо траву наша кроў вымывае, як тло,
Бо ў крыві ёсьць цямрэч, бо ў крыві ёсьць сьвятло,
Ад якіх пачынаюцца ноч, сьветлы дзень...
 
Прад табой крыжакі, прад табою твой цень,
За табой Беларусь, за табой усе мы,
Нібы кволая рунь пасьля доўгай зімы.
 
23.VIII.2005.
 
 
 
 
Баляда Грунвальдскай бітвы
15.07.1410
Пад латамі стальнымі крыжакоў
Жывыя душы і жывая кроў,
І ім, як нам, жыцьцё таксама міла,
Але палюбіць сёньня іх магіла,
 
Бо з намі Вітаўт наш, над намі Бог,
І коп’яў лес, і нашых стрэлаў хмары,
Што ў небе над самотаю дарог
Лятуць і лётам абуджаюць мары
 
Аб перамозе, да якой ідзём
За Вітаўтам, нібыта за агнём,
Праз ноч у дзень, дзе нашыя магілы,
Нібы прыступкі лесьвіцы, зь якой
Нам воляй дыхаць, бачыць край наш мілы,
Нібыта Храм бялюткі, прад сабой...
 
Зьвіняць мячы, крывавяцца шаломы,
І коп’яў лес трашчыць, нібы трысьнёг.
І ўжо адказ ёсьць на пытаньне: «Хто мы?»,
Але яго яшчэ ня чуе Бог...
 
17–19.VIII.2005.
 
 
 
 
Баляда Міколы Гусоўскага
1470(?) – 1533(?)
Ня сьпіш. На паперу кладзецца лаціна,
Густая, прыгожая, як павуціна,
Што жнівеньскі вецер нясе над табою
І па-над Дняпроваю стромай крутою,
Дзе сосны стаяць, як у Рыме калоны.
 
Ты песьню пра зубра складаеш для Боны,
Для цэлай Эўропы, якая ваюе
І родныя хаты і замкі руйнуе,
Нібыта ў зьнішчэньні ратунак народам,
Якія ў няволі, як рыба пад лёдам.
 
Ты песьню складаеш пра веліч Радзімы,
Дзе леты кароткія, сьнежныя зімы,
Дзе ранак збуджаюць зубрыныя рыкі,
Дзе мужныя людзі і Вітаўт Вялікі,
Дзе ў кожнай расінцы паэзія днее,
Дзе родная мова, як сонейка, грэе.
 
І ты ўсё ня сьпіш, і ўсё вяжаш лаціну,
Нібы ўратаваць песьняй зможаш краіну,
Што Княствам Вялікім завецца стагодзьдзі
І ў вечнасьць, як лета, паціху сыходзіць,
І сыдзе ня хутка, але – немінуча.
Ад гэтага сэрцу балюча-балюча.
І кожнае слова тваё, як сьлязіна,
І ў кожнай сьлязіне жывая Айчына.
 
1.IV.2009.
 
 
 
 
Баляда Боны Сфорца
2.02.1494 – 9.11.1557
За карэтай, як самота, шэры пыл
Зь ветрам асядае на траву сівую.
 
У Італію да замкаў і магіл,
Нібы ў маладосьць сваю даўно былую,
Уцякае Бона Сфорца ад сябе,
Ад каханьня, ад князёў, ад шляхты п’янай,
Што ў маёнтках, вар’яцеючы ў журбе,
Можа пасьмяяцца над старою паннай,
Што была красуняй, за якую біцца
Кожны быў гатовы, хто зь ёй побач быў.
А цяпер жа сьледам толькі пыл клубіцца,
Пыл сівы, як тыя, хто яе любіў...
 
У карэце каралевы Боны многа
Дыямэнтаў, залатое драбязы,
І яны грукочуцца на ўсю дарогу,
Быццам брама ў Беларусь на ўсе часы
Забіваецца цьвікамі залатымі...
 
25.VIII.2005.
 
 
 
 
Баляда Мікалая Радзівіла (Чорнага)
4.02.1515 – 28(29).05.1565
Вялікае Княства заўсёды з табой,
Ці едзеш на бітву, ці стомлены сьпіш.
Жыве ў тваім сэрцы шляхетны Нясьвіж,
Напоўнены сонцам, нібыта сьвятой
Малітвай на Храме напоўнены крыж,
Які залацее над паркам старым.
 
Гавораць, дарогі вядуць усе ў Рым.
Ня ўсе, бо вядзе палавіна ў Нясьвіж,
Дзе сьветла друкуецца Біблія нам
На нашай тутэйшае мове, якой
Малітвай зайсьці, як у сэрца, у Храм
І быць, як у Храме, у сэрцы сьвятой
І вечнай на гэтай зямлі, дзе жывём
І будзем мы жыць, да сябе ідучы.
 
Любоў да Айчыны – да волі ключы,
Якія ад сэрца да сэрца нясём
І помнім Вялікае Княства, дзе ты
У сэрцы сваім зьберагаў свой Нясьвіж,
Нібыта ад Храма, што збураны, крыж,
Які і бяз Храма сьвятога – сьвяты...
 
І попел ад Бібліі, быццам той сьнег,
Ляціць праз стагодзьдзі над нашай зямлёй,
І ў небе нам бачыцца, нібы ў вакне,
Славянскае сонца краіны былой...
 
25.I.2009.
 
 
 
 
Баляда Барбары Радзівіл
6.12.1520–8.05.1551
...А Кракаў ня плакаў, а плакала Вільня.
Карона, як зорка зь нябёс, з галавы
Кацілася ў змрок адзіноты магільнай,
І ў хмары ўзьляталі з касьцёла й царквы
Анёлы, нібыта малітвы сьвятыя,
Але ўсё ня тыя, але ўсё ня тыя,
Каб імі Барбару ізноў ажывіць.
 
Атрута, нібыта агонь, у крыві,
І побач каханы, як дым, растае,
Зьнікае, і рукі, як крылы, твае
Цяжэюць, а нехта далёкі сьмяецца.
 
Спынілася сэрца, спынілася сэрца,
І Кракаў прыціх, але плакала Вільня,
І сонца ўзышло зь Белавежскіх лясоў,
Як шчыт, над дарогаю роднай і пыльнай,
Якой назаўсёды вярнуцца дамоў
Табе, маладой і прыгожай, як сон,
Які мог прысьніцца анёлам тваім,
Што зараз глядзяць на цябе, як з вакон,
Зь нябёс, дзе хмурыны – як вечнасьць, як дым...
 
23.IX.2005.
 
 
 
 
Баляда Сымона Буднага
1530 – 13.01.1593
1

 
...І ён у Варшаве, і ён у Парыжы
Мог замкаў, маёнткаў сабе накупляць,
Але ён друкарню будуе ў Нясьвіжы,
Каб кніжкі на мове сваёй друкаваць.
 
І нехта сьмяецца і злосна пытае:
«Навошта ён грошы на школы дае?»
І восень ідзе, як Арда, залатая,
Што ў дыме стагодзьдзяў, як дым, растае,
 
Бо ўжо не вярнуцца і не паўтарыцца
Таму, што было тут, на нашай зямлі.
У Храм ён ідзе, каб за бедных маліцца,
Каб людзі як людзі на сьвеце жылі.
 
І словы малітвы ўзьлятаюць высока
Да зор, як да сьвечак, што Бог запаліў.
І робіцца сэрцу трывожна і горка,
І ў небе, як кнігі, лятуць жураўлі,
 
Зьнікаюць, як радасьць, зьнікаюць, як лета,
Якое было, нібы сёньня Нясьвіж.
І, пыл падымаючы, мчыцца карэта,
Але не яго – у далёкі Парыж,
 
Бо ён зімаваць застаецца ў Айчыне,
Дзе вецер, дзе хмары, дзе будуць сьнягі,
Дзе ў кнізе, нібы на маленькай ільдзіне,
Нам плыць і празь сьвятасьць і плыць праз грахі
 
Ад Княства далей, больш якога ня будзе,
Але застанецца зямля і на ёй
Прыгожыя, вольныя, сьветлыя людзі,
Як Княства Вялікае з нашай крывёй.
 

2

 
Не адшукаць у Вішневе тваёй магілы.
Магілаю тваёю стала ўся зямля,
Па-над якой буслы свае раскрылі крылы,
Як ветразі вандруючага карабля,
 
Дзе нашых слаўных продкаў душы і малітвы
Над намі зь вечнасьці да вечнасьці плывуць
Па той крыві, што ўжо за Беларусь праліта
Была і стала небам, дзе буслы лятуць
 
Да родных ніў, да Лоска, да Нясьвіжа,
Дзе ты друкарні заснаваў, каб кнігі нам
Век асьвятлялі шлях у беларускі Храм,
У Храм бялюткі пад адзіным Боскім крыжам...
 
...І ты стаіш на белай роднае зямлі,
На сьнезе, як на белым-белым караблі,
Які спусьціўся, каб цябе забраць з сабою
І вечна плыць над белаю як сьнег зямлёю,
Каб бачыў ты, што Беларусь жыве, і нам
Прыйсьці з табою ў беларускі Храм...
 
26.IX.2005, 30.XI.2008.
 
 
 
 
Баляда Васіля Цяпінскага
1530-я – 1599 або 1600
Евангельле на мове роднай у руках
Трымаеш, як цагліну, што ў падмурак ляжа
Айчыны Храма, што ня збурыцца ў вяках
І беларусам, як ты жыў, раскажа.
 
І чуе сьвет, што роднае любіць – ня грэх,
Бо толькі роднае ня здрадзіць нам ніколі.
Зноў на Айчыну сыплецца, як попел, сьнег,
Ды не схаваюць да друкарні сьцежку ў полі
Ні сьнег, ні травы, што аднойчы аплятуць
І нашыя сьляды, і замкі, і магілы.
 
І ты да нас ідзеш, і за табой ідуць
Усе, каму наш родны край заўсёды мілы
І ў час завей, і ў час грымоты і дажджоў,
І ў здраднай цішыні, і ў час змаганьня,
Калі, нібы вада, ільецца наша кроў,
Што аніколі мёртваю вадой ня стане,
Бо гэта наша кроў і ў ёй агонь жыве,
Які нам сьцежкі да Айчыны асьвятляе,
Як – і крыжы, што на касьцёле і царкве.
Чужых крыжоў на Храмах нашых не бывае.
 
Евангельле на роднай мове мы ў руках
Трымаем, як цагліну, што ў падмурак ляжа
Айчыны Храма, што ня збурыцца ў вяках
І заўтра ўсім пра час, дзе мы жылі, раскажа.
 
24.I.2009.
 
 
 
 
Баляда Мікалая Крыштофа Радзівіла (Сіроткі)
2.08.1549 – 28.02.1616
Абсягі Вялікага Княства з табою,
Як продкаў тваіх у табе жыве кроў.
Каменьне і травы й тваёю крывёю
Акроплены ў бітвах на векі вякоў,
Дзе будзе краіна, якую ня мроіш,
Бо Княства навокал жыве, як жыло,
А ў Княства паэты свае і гэроі
І велічы княскай, як срэбра, сьвятло...
 
Цяпер апякуеш ты кляштары, Храмы,
І ў сэрцы Эўропы і Мір, і Нясьвіж
Квітнеюць, як зоры, што выйшлі з-за хмары.
На зоры ў нябёсах спакойна глядзіш,
І думаеш думу, і шэпчаш малітву
За гэту зямлю, на якой ты жывеш
І тут, як спатрэбіцца, пойдзеш на бітву
За родны прастор, што ня ведае меж,
Бо ведаць ня хочаш душою і сэрцам
Ты межаў, якія няволяць душу...
 
І сыплецца сьнег, быццам неба ірвецца,
Дзе вечнасьць рыхтуецца слухаць імшу
Па Княстве Вялікім, што ўсё-ткі зьнікае
І зьнікне, але застанесься ў ім ты,
Самотны, як сьвечка твая залатая,
Што сьвеціцца разам з табой праз гады...
 
30.VII.2009.
 
 
 
 
Баляда Льва Сапегі
4.04.1557 – 7.07.1633
У Ружанах на вуліцы вецер,
Нібы воўк, што ўначы заблудзіў,
Ля вакон, што да раніцы сьвецяць,
Прыпыніўся, свой шлях прытаіў
І заціх...
 
І прыцішыў дыханьне
Па-над кнігаю новаю ён –
Адзінокі, сівы, бы ў тумане,
І самотны, як вечнасьць, як сон,
 
Леў Сапега, што сёньня начуе
Сярод кніг, як сярод цішыні,
У якой па стагодзьдзях вандруе
Белы рыцар на белым кані.
 
І гараць сьвечкі сьветла, бы ў Храме,
І па кнігах зноў цені, як дым,
Прапаўзаюць, губляюцца з намі
У паветры, ад зор залатым.
 
І запіша ён зноў, што спазнае,
Запісаўшы, закрэсьліць ізноў.
Ён – Сапега, Сапегу сьвет знае,
Як сам знае Сапега любоў
Да зямлі, на якой нарадзіўся,
За якую маліўся і біўся...
 
І назаўтра ён сядзе ў карэту,
Зноў у Вільню паедзе, у сьвет,
І за ім, нібы воўк, на край сьвету
Будзе вецер ляцець сьлед у сьлед...
 
24.VIII.2005.
 
 
 
 
Баляда Юрыя Алелькавіча
17.08.1559 – 6.05.1586
Слуцкае Эвангельле напісана табой,
І дачка ў цябе расьце і вырасьце сьвятой
Соф’яй Слуцкай, пра якую будзе ведаць сьвет
І якой маліцца будзе панства і паэт,
Бедны, як і бедная старонка, у якой
Часам нават і ў магіле не знайсьці спакой
Ад вайны і здрады братняй, ад атрутных слоў.
Пройдзе ўсё, як празь пясок вада, праз тлум гадоў,
І забудзецца, і зьнікне, каб зьявіцца зноў.
Княства ж застаецца, як на полі бітвы кроў –
Кветкамі, што будуць празь вякі расьці й цьвісьці,
Дзе да Бога тым, хто любіць родны край, ісьці
Вечна маладымі, маладымі, як і ты.
І цалуе сонца за табой твае сьляды,
У якіх, нібыта ў гнёздах жаўрукі, сьвятло
Княскае, якое пылам не пазамяло
І не замяцецца, бо жыве твой родны край,
Над якім анёлы, над якім птушыны грай
І малітва Соф’і Слуцкай – радасьці тваёй,
А для беларусаў на вякі – сьвятой...
 
5.VIII.2009.
 
 
 
 
Балядны маналёг Казіміра Лышчынскага
3.03.1634 – 30.03.1689
Разбурылі мой дом, як прытулак вар’ята,
І спалілі мяне, абакралі мой край.
Мог чыноўнікам стаць, нават быць дыпляматам,
Стаў бязбожнікам. Люд, ты мяне не карай,
 
Што вучыў тваіх дзетак любові
Не да Бога – да роднай нявольнай зямлі.
Ну чаго вашы варты, браточкі, галовы,
Раз душу і зямлю чужакам аддалі!
 
Я вучыў вас за волю стаяць, вы ж няволі
Цалавалі па-рабску, як жабу, руку.
Не любілі мяне, я ж ніколі, ніколі
Не жадаў вам нядолі на горкім вяку.
 
Каты вырвалі вусны, язык – ды ня мову –
І спалілі мяне – не спалілі мой крык,
Мой праклён мудрацам, што заўсёды гатовы
Нахлусіць, каб зь цямноцьця ня выйшаў мужык.
 
І мой попел зьлятае ў далоні Айчыны,
І душа мая ў небе, ня ў пекле чарцей.
О мой край, ты пакутнік, ты воін адзіны,
Што сябе не шкадуе за грэшных дзяцей.
 
Разбурылі мой дом, як прытулак вар’ята,
Абдурылі людзей, абакралі мой край.
І сядзяць за сталамі шырокімі каты,
І зьбіраюцца вечна судзіць і караць.
 
І судзіць, і караць, прыкрываючы Богам
Свой няправедны суд, свой зьвярыны закон.
На касьцёр – век за праўду прамая дарога
І сьляпога насельніцтва рабскі праклён.
 
Я згарэў, як згарэлі мільёны нявінных.
Мне застацца жывым, покуль ёсьць на зямлі
Змагары Беларусы і па-над Айчынай,
Нібы продкавы душы, лятуць жураўлі.
 
Я згарэў, каб вам сьветла было і жылося,
Каб надзей не цяплілі на міласьць багоў.
Я сказаў сваё слова. Ня жыць безгалоса.
Сёньня слова за вамі, скажыце яго!
 
27.II.1989.
 
 
 
 
Баляда Саламеі Пільштыновай
1718 – пасьля 1760
Ад горада ў горад, з краіны ў краіну
У пошуках шчасьця жаночага ты
Вандруеш, сабе не жадаеш супыну.
Супынак – зарослыя лесам клады.
 
Ты зноў у Стамбуле, жывеш у султана,
Дзе лечыш жанчын, пра Іерусалім,
Самотная, марыш і мар аб каханым
Ты не адцуралася сёньня зусім,
Бо ты авантурная і маладая.
А хто малады – той, нібы залаты...
 
І сьніцца Айчына, амаль што чужая,
Куды ўжо ніколі ня вернесься ты,
Хоць там і найлепшыя людзі на сьвеце,
І родныя хаты, і замкі, лясы,
І сонца ласкавей там грэе і сьвеціць,
І, быццам каралі, там кроплі расы.
 
А тут хоць і добра, ды ўсё тут чужое,
І будзе табе назаўсёды чужым
І неба, як мора, і мора начное,
Як неба, дзе чайкі лятаюць, як дым
Ад вогнішч вандроўнікаў, што спачываюць.
А ты авантуры натуеш свае,
Якія праз сотні гадоў прачытаюць
На роднай зямлі, дзе салоўка пяе
Пра вечнасьць і міг, і пра тое каханьне,
Якое, вандроўная, зьведала ты...
 
Мяняецца сьвет, як на дрэвах лісты...
 
І ўсё ж замяніць нам Айчыну ня ў стане
Ніколі й ніякі Стамбул залаты.
 
5.IV.2009.
 
 
 
 
Баляда Іаахіма Храптовіча
4.01.1729 – 4.03.1812
Багацьце можна ў карты прагуляць,
Прапіць, спаліць і зьехаць у замежжа,
Каб прывіднае шчасьце там шукаць,
А не ў Айчыне жыць, нібыта ў вежы
Высокай, што стаіць сярод вятроў,
Высокім неба над сабой трымае...
 
Што грошы? Грошы – не любоў.
Любоў да роднае зямлі жывая,
І ты будуеш школу і царкву,
Палац прыгожы і бібліятэку
Для ўсіх людзей, якія тут жывуць
І што ідуць сюдой з вараг у грэкі.
 
У кожнай кніжцы рук тваіх цяпло,
І кожная прыступкай да Айчыны,
Якая будзе Заўтра, дзе сьвятло
Гадоў мінулых зьнікнуць не павінна,
А жыць у школах, Храмах, у людзях,
Якім Айчына, як матулі сэрца,
Як сэрца, што ў Эўропы, у грудзях,
Якое роўна і спакойна б’ецца
І потым Беларусьсю назавецца...
 
13.V.2009.
 
 
 
 
Баляда Антонія Тызенгаўза
1733 – 31.03.1785
Для краю тутэйшага, а не для ўласнае славы
Будуеш палацы, купляеш друкарню і кнігі.
Друкуюцца, хоць вырастаюць на могілках травы,
І пыл асядае на ўсё адзінокі і ціхі,
 
І дом разбураецца, ды камяні застаюцца,
Нібыта радзімкі на целе, на землях Радзімы.
І сёньня ў тэатры тваім плачуць больш, чым сьмяюцца,
Але перамены, ты верыш, патрэбны й магчымы.
 
І ты не дрыжыш над грашыма, багацьце – ня грошы,
А людзі, якім родны край у любую часіну
І самы найлепшы на сьвеце, і самы прыгожы,
І гонар для ўсіх за ягоную вечнасьць загінуць.
 
І ты ганарысься народам тутэйшым і краем,
І сам ты тутэйшы, і ты не ўцякаеш ні ў Прагу,
Ні ў Лёндан, ні ў Вену, ні ў ціхі Парыж, бо ты знаеш,
Што там табе будзе заўсёды самотна і блага
 
Бяз гэтых садоў, што цяпер за вакном – маладыя,
Бяз жытніх палёў, на якіх васількі, нібы сьлёзы
Жанчын беларускіх і нашых анёлаў, якія
Нас помняць і ў сьпёку, і ў дождж, і ў марозы,
 
Як помніш і ты, што для роднага любага краю
Патрэбна жыць сёньня, і будуць твой край і Паставы
У цэнтры Эўропы, ня ў некага з самага краю,
І будзе ў нас слава, і будуць для славы падставы.
 
І ўсё ж ты самотна глядзіш у вакно, бо цямнее
І восень дажджамі з палацаў сьвяточнасьць змывае.
І ў краі тутэйшым ня кожны пакуль разумее:
Бяз мовы, бяз волі краіны жывой не бывае...
 
19.VIII.2009.
 
 
 
 
Баляда Тадэвуша Рэйтана
20.08.1742 – 8.08.1780
«Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!» –
І крыжам ты лёг пад нагамі сваіх землякоў.
Вялікае Княства быць цэлым, як сэрца, павінна,
Калі ж разьдзіраць яго – будзе пралітая кроў.
 
Ды ўжо ўсё падзелена, толькі адобрыць патрэбна.
Адобрыць падзел аніхто не прымусіць цябе.
Цябе аніхто тут ня купіць за золата й срэбра,
Купляюцца ж многія, потым жывуць у журбе,
 
Бо золата й срэбра ніколі ня будзе Айчынай,
Дзе сонца ўзыходзіць, нібыта сьмяецца дзіця,
Дзе самыя вабныя ў сьвеце красуні жанчыны,
Зь якімі жыць цяжка, але і не будзе жыцьця
 
Бязь іх на зямлі, дзе туман малаком раніцою
Стаіць ля вакон і па лузе квяцістым плыве,
Дзе бусел, нібыта ад Бога пасол, над зямлёю
Яднае крыжы на касьцёле старым і царкве.
 
«Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!» –
Твой голас у шуме, бы ў твані сівой, патануў.
З табой засталіся найлепшыя нашы мужчыны,
Зь якімі любую асіліш бяду і вайну,
Але вас нямнога і ўжо не зыначыш нічога...
 
І вернесься ў родную Грушаўку ты не маўчаць,
І будзеш, як сьвечка адна, прад Айчынай і Богам
Ля сэрцаў тутэйшых людзей дагараць...
 
20–21.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Тадэвуша Касьцюшкі
12.02.1746 – 15.10.1817
«Амэрыка, бывай! Вяртаюся дахаты!» –
Твой голас, нібы чайка белая, ляціць
Над пенай хваль, што нібы дым вайны кудлаты
Віруе за табой, каб ты ня змог любіць
 
Вайну, якая не за волю і не за Айчыну,
Не за любоў... І ведай, што паўстаньню быць,
Бо нельга болей жыць так, каб тваю радзіну
Чужак няволіў, прымушаў сваё забыць.
 
Ды не забыць сваё! Яно сваё ад Бога,
Як родная зямля, як мова, як крыжы
І як твая дамоў праз цэлы сьвет дарога
Бясконцая, нібыта восеньню дажджы...
 
І заўтра вернесься ты ў родныя пенаты,
Прыгожы, генэрал і ўсё 'шчэ малады.
І будуць посьпехі ў цябе, і будуць страты,
І ўсё забудзецца на змрочныя гады
 
У родным краі, каб пасьля ізноў успомніць
Цябе нам не чужога па крыві, душы,
І вольнай Беларусі маладыя промні
Зазьзяюцца цьвікамі і ў тваім крыжы...
 
17.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Юльяна Нямцэвіча
16.02.1758 – 21.05.1841
Ізноў зацішыцца маёнтак Скокі –
Зьбіраесься ў дарогу, гаспадар.
Паўзуць з усходу чорныя аблокі,
І сонца ўсходзіць, бы ў крыві штандар.
 
І ты апошні раз глядзіш на поле,
Дзе 'шчэ нядаўна ехалі сябры,
Якія марылі з табой аб волі
Для краю, пра які ты гаварыць
Да скону будзеш у раманах, вершах,
Бо родны край – ня Лёндан, не Парыж,
А гэты сад, дзе яблыкаў нарвеш ты,
І ля дарогі брукаванай крыж.
Той крыж абняўшы, можаш прасьлязіцца
І, быццам сябрука, расцалаваць.
Хто любіць родны край – той не баіцца
Яго пакінуць, потым паміраць
Бяз родных ніў, бязь песень, без надзеі,
Якія аніколі не памруць
І безь якіх душа заледзянее,
З халодных воч анёлы не ўзьлятуць...
 
І ты глядзіш апошні раз на Скокі,
Ня плачаш ты, каб у сьлязах тваіх
Ня плавалі ні сонца, ні аблокі,
Што прыплылі да нас з краёў чужых.
 
29.VII.2009.
 
 
 
 
Баляда Міхала Клеафаса Агінскага
7.10.1765 – 15.10.1833
Радзіма вечная, як неба гэта,
Зь якога, нібы дождж, сыходзіць Бог
І ў музыцы жыве, нібыта лета
Жыве ў траве і камянях дарог,
 
Якімі ты Радзіму пакідаеш,
Бо Княства немагчыма аднавіць,
Як кроў пралітую не пазьбіраеш,
Ды Княству жыць у нашае крыві,
 
Як музыцы ў траве, вадзе, лістоце,
У ветры, што зьмятае пыл з крыжоў.
Жыць Княству, як сьвятлу ў нябесным лёдзе,
Малітвам – у крылатасьці буслоў,
 
Якія над тваёй дарогай кружаць,
Нібы анёлы, для якіх наш край
Плыве азёрна-залатою ружай,
Якой ты кажаш сьветлае: «Бывай...» –
 
Празь Лету, праз душу, якая плача
Па тым, што ўжо ня вернуцца сюды
Ні Княства, ні князі з крывёй гарачай,
Ні, закаханы ў беларусак, ты...
 
31.VIII.2005.
 
 
 
 
Баляда Стэфана Грабоўскага
24.06.1767 – 4.06.1847
Вялікага Княства ня будзе ўжо болей,
А ты спадзяесься, што вернецца час,
Якому да нас не вярнуцца ніколі,
Бо й час, што прыходзіць – ня цалкам для нас.
Ён нас не шкадуе, руйнуе палацы,
А ты не шкадуеш для волі сябе.
І ты – пераможца, ты ў Вільні на пляцы,
Але ўсё часова, ізноў ты ў журбе,
Бо мора крыві і яна залатая,
Бо самыя лепшыя леглі ў зямлю.
Вялікае Княства, як сонца, зьнікае
І ўсходзіць у сэрцах, як слова «люблю», –
Люблю гэты край, дзе, як сьлёзы, азёры,
Бялюткія Храмы, ля вёсак крыжы
І, нібы з бурштыну, драбнюткія зоры
У небе, дзе вольна заўсёды душы,
Якая баліць па радзімавых гонях,
Якія цяпер здратаваны мяжой.
І верыш, што прыйдуць французы і сёньня ж
Адродзіцца Княства і ў Княстве спакой.
І будзе спадманам табе абяцаньне,
Што вернецца Княства і сьветлы той час.
Ды час залаты і павек не настане,
Бо час, што прыходзіць, прыходзіць па нас.
І ты ўжо глядзіш на завею, што ў полі
Французаў хавае, хавае іх шлях,
Якім яны ўжо тут ня пойдуць ніколі,
І сьлёзы ў тваіх не ўскіпаюць вачах...
 
21.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Івана Насовіча
7.10.1788 – 6.08.1877
Там Беларусь, дзе беларус жыве.
І не патрэбна Беларусь шукаць,
Бо тут яна, як валуны ў траве,
Як у нябёсах песьня жаўрука,
Што над тваёй дарогай, як сьвятло,
Якое ёсьць, і будзе, і было,
Як пад нагамі родная зямля,
Дзе наша кроў, як іскры ў вугалях,
Не патухае, сьвеціцца ў вяках
І ў словах, што зьбіраеш сёньня ты,
Каб зьберагчы, як зерне для сяўбы,
Бо ўсё-ткі прыйдзе час наш залаты
Пасьля стагодзьдзяў ветру і журбы.
 
І ты ідзеш, бо ведаеш, чаму
І для чаго, нясьпешліва, ідзеш,
Як сьнег ідзе, каб ты любіў зіму
І ўспамінаў, калі са стрэх капеж
Пачнецца і рассыплецца сьвятло
І кветкамі засьвеціцца ў траве
Там, дзе даўно нічога не расло.
Дзе беларус, там Беларусь жыве,
І не патрэбна Беларусь шукаць,
Бо тут яна, як ля дарог крыжы,
Як у нябёсах песьня жаўрука,
Як Бог у Храме кожным і ў душы...
 
25.IV.2009.
 
 
 
 
Баляда Яна Баршчэўскага
1790 – 12.03.1851
Зноў дождж ідзе, змываючы сьцяжыны,
Якімі нам вяртацца ў родны сьвет,
Дзе беларусы ёсьць, а ў іх Айчына –
Як за Хрыстом ёсьць жыватворны сьлед.
 
А Плачка ўсё блукае па Прыдзьвіньні.
Яна з тваёй шляхецкаю душой.
Магілы ж нашыя ня змыюць ліўні,
Што ў хмарах тых, якія над зямлёй
Над нашаю і з захаду, і ўсходу
Плывуць, жадаючы, каб заўтра мы
Забыліся, якога радаводу
Мы тут, дзе нашы Храмы і дамы,
Адвечныя і, як зямля, сьвятыя,
Бо нашыя, бо з нашаю крывёй...
 
Галодны воўк на поўню нема вые,
Туман, як замак белы, над травой
Плыве праз нас, а Плачка ўсё блукае
Па Беларусі, у якой нам вечна жыць,
Нягледзячы на тое, што зьнікае
Адвечнае і часта дождж імжыць...
 
16.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Яна Чачота
7.07.1796 – 23.08.1847
За вокнамі бібліятэкі
Выходзіць сьвітаньне з дажджу.
Зноў кнігі табе нібы лекі
Ад суму, што поўніць душу,
Бо сьпевы пра даўніх ліцьвінаў
Заснуць – хоць на міг – не далі.
Была, нібы песьня, краіна,
А людзі жывуць, як жылі,
І ты сярод іх як сьвітаньне,
Якое ня кожны чакаў.
Час пройдзе, і сонца загляне
У хату і да мужыка.
І ты сярод кніг – не самотны,
Хоць ты не забыўся свой шлях
Праз турмы, празь вецер галодны,
Празь сьлёзы і кроў у сьнягах
Чужыны, якой усё роўна,
Хто ты: ці бандыт, ці паэт,
Які праслаўляе князёўну
Вялікага Княства і сьвет,
Дзе ты нарадзіўся, каб верыць
У родны нявольны народ,
Які тут для некага шэры,
Дурны і сьляпы, нібы крот,
Ды гэткі ён не для Чачота,
Бо любіць народ свой Чачот,
І ў сьпевах пра даўніх ліцьвінаў
Жыве залатая краіна,
І будзе – пакуль ёсьць народ...
 
16–17.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Тамаша Зана
21.12.1796 – 19.07.1855
Прысьніцца Вільня, нібы сонца ўзыдзе,
І ты зноў прачынаесься ў сьлязах
Не ад таго, што сумна ці ты ў крыўдзе,
А з гонару, што выбраў цяжкі шлях
 
Да Беларусі, што далёка сёньня,
Як зоркі, што нібы рамонкі ў лёне,
Які цьвіце ля вёскі Мясата,
Дзе ўпершыню сказаў ты слова «мама»...
 
Жыцьцё цячэ, але не як вада, –
Як кроў цячэ, як шлях праз твань да Храма.
І ў дзёньніку натуеш ты сваім
Пра халады і пра багацьце Ўрала.
 
Ды ўсё чужое тут, і толькі дым,
Як родны, абдымае і памалу
Плыве на захад, кліча за сабой.
Ды з высылкі ты не ўцячэш нікуды,
 
І будзе сэрца поўніцца журбой,
Ну а журба – адвечная атрута
Для сэрца і душы, якія плачуць,
Якія Беларусь праз далячыні бачаць,
 
Але па-польску шэпчуць да яе,
Да Вільні той, якой для нас ня будзе...
Груган ляціць, і салавей пяе,
І да сваіх крыжоў прыходзяць людзі.
 
5–6.X.2008
 
 
 
 
Баляда Адама Міцкевіча
24.12.1798 – 26.11.1855
У Завосьсі залатая восень,
А халера ў залатым Стамбуле.
І табе ўжо не прыйсьці ў Завосьсе –
Сьмерць цябе, паэт, не абмінула
 
На чужыне, дзе шукаў ты волю,
Нібы рыфмы звонкія ў санэты.
І цябе й тваю аплачуць долю
Філаматы ўсе і філарэты.
 
І згараць, нібыта грэшнасьць, вершы,
Што пісаў на беларускай мове.
І сябе палякам назавеш ты,
Роднасьць зь Беларусьсю не адмовяць
 
Беларусы, бо ты наш, як неба
І як сонца ў небе над Завосьсем,
Што залоціць павуціны срэбра,
Што ляціць, як праз агонь, праз восень
У самотны і вясёлы Кракаў,
Як паэзія – ў душу палякаў...
 
4.X.2007
 
 
 
 
Баляда Валеньція Ваньковіча
12.05.1800 – 12.05.1842
Парыж, як лёд, халодны і чужы.
Ты ўцёк сюды, каб тут памерці з суму,
Каб на тваім, нібыта меч, крыжы
Сядзелі птушкі, як аб волі думы,
Як думы аб Айчыне, дзе вясна
І безь цябе ўжо ў лета перальецца...
 
Зноў прад табой мальберт, нібы сьцяна,
Ды за яго схавацца не ўдаецца
Ні ад сябе, ні ад паноў-сяброў,
Якім не ты патрэбен, а партрэты.
І ты малюеш іх ізноў, ізноў
І верыш, што ўсё так – ад Бога гэта...
 
Вясна ў Парыжы, пад нагамі лёд,
І ты ідзеш нясьпешна па Парыжы
І п’еш сьвятло вакон, як шчасьця мёд,
І поўня ў небе, як анёлак рыжы,
Па-над табой, па-над тваім жыцьцём,
Якое скончыцца ў твой дзень народзін,
І сьвет ахопіцца тваім агнём
І адлюструецца, нібыта ў лёдзе,
У залатых вачах былых сяброў...
 
І толькі над табой паэт заплача,
Бо ён, што бачыў ты, таксама бача...
 
3.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Ігната Дамейкі
31.07.1802 – 23.01.1889
У цябе ёсьць свой Храм – Беларусь, да якой
Ты ідзеш праз паўстаньне, вандроўкі, чужыну
І сьвятлееш, мацьнееш самотнай душой,
У якой, нібы сонца ў нябёсах, Айчына,
 
Што была і тваёй застанецца, як крыж
На магілах у продкаў, што зь верай жылі,
Што на сьвеце няма і ня знойдзеш зямлі
Прыгажэй і мілей, чым свая, хоць маўчыш
 
Аб любові сваёй, бо ня варта крычаць,
Бо Айчына ад крыку краінай ня стане,
У якой «жураўлі на Палесьсе ляцяць»,
У якой ружа-кветка цьвіце і ня вяне.
 
І прад сьмерцю, вядомы, прыедзеш дамоў
І, нібыта наіўны хлапчук, ты заплачаш,
Калі родныя песьні пачуеш і ўбачыш,
Як плывуць на Купальле вянкі з васількоў
 
Па рацэ, да якой ты зь дзяўчатамі сам
Неаднойчы хадзіў... І прыедзеш у Крошын,
І пасадзіш дубкі, каб расьлі і каб нам
Уздымалі нябёсы над краем прыгожым,
 
У якім пра цябе будзе помніць трава,
Што расьце на магілах, на белых капліцах,
Будзе помніць вада, што бруіцца ў крыніцах,
Будзе помніць касьцёл, будзе помніць царква.
 
І ў далёкае Чылі ты вернесься зноў,
Але ты назаўжды застанесься душою
Ля бацькоўскіх магіл, ля азёр, ля дубоў,
Што асьветлены першай тваёю сьлязою...
 
23.II.2009.
 
 
 
 
Баляда Адольфа Янушкевіча
9.06.1803 – 6.06.1857
Заручальны пярсьцёнак вяртаеш нявесьце,
Каб цябе не чакала з далёкіх зямель,
Дзе, нібыта па моры, па стэпе, па сьвеце
І твая плыве юрта, нібы карабель,
На які ты сасланы за ўдзел у паўстаньні,
Хоць ты мог адкупіцца, мог цар дараваць...
На калені ж ня стаў, прад чужынцам ня станеш.
Прад матуляй стаяў і зноў будзеш стаяць,
Як у Дзягільна любае вернесься хворы.
А пакуль што з казахамі сьветла жывеш,
І, як з роўнымі роўны, ты зь імі гаворыш,
І лісты ў родны край усё шлеш і ўсё шлеш,
І натуеш самотныя вершы, як сьлёзы,
Што зрабіліся вершамі ў сэрцы тваім,
Дзе хвалюецца Нёман, шапочуць бярозы
І плыве ад садовае квецені дым
І зьнікае, але ён ня зьнікне ніколі,
Як ня зьнікне ніколі зямля, безь якой
Не патрэбна табе ні багацьце, ні воля,
Бо Айчына – і воля, і наш супакой.
 
1.II.2009.
 
 
 
 
Баляда Эміліі Плятэр
13.11.1806 – 23.12.1831
Юная графіня, ты ня хочаш танчыць,
Спакушаць мужчынаў і ўцякаць ад іх,
І ня спаць начамі, зоркі ў небе бачыць,
Нібы россып кветак побач ног сваіх,
Бо ня час для танцаў, бо твая Айчына
Больш трываць ня можа зьдзеку чужакоў.
І няхай паўстаньне – гэта шлях мужчынаў
Да прысьнёнай волі праз агонь і кроў
Ты яго абрала, нібы пакахала
Маладога воя, што аддаў табе
Пад тваё ўладаньне і душу, і цела...
 
Завіруха ў лесе ноч усю гудзела,
Ля цябе сьпявала, плакала ў журбе.
Ну а ты шаптала горача малітву
І, як сьвечка, гасла на вачах сяброў.
Мы свой край ня страцім, праіграўшы бітву,
Бо за волю края пралілася кроў,
І яна сьвятая, як і ты сьвятая
Для зямлі, якою заўтра станеш ты –
І ўваскрэсьнеш зоркай па-над нашым краем,
Краем, што аднойчы выйдзе зь цемнаты...
 
19.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Напалеона Орды
11.02.1807 – 26.04.1883
Ніколі ня позна вярнуцца з чужыны
Да любае сэрцу самотнай Айчыны
І стаць яе славай, якая з гадамі
Вышэй і вышэй, нібы зоры над намі.
 
Вярнуцца і помніць парыжскія драмы,
Паэзію, музыку, фарбы і Храмы,
І неба Італіі, што як віно
У тым вінаградзе, які ўжо даўно
 
Антычны і сьпелы, як жніўнае лета,
Што ў фарбах застыне і ў словах паэтаў,
Зь якімі ты марыш аб вольнай краіне.
І шмат хто за волю краіны загіне,
 
Бо волі падмурку ня быць без крыві.
А волі ня хочаш – па-рабску жыві!
І ты інсургент, але болей – мастак.
Ты ведаеш волі сапраўднае смак
 
І сёньня малюеш сядзібы і Храмы,
Каб заўтра, як ты, мы сказалі таксама,
Што тут Беларусь і была, і век будзе
І мы эўрапейскія людзі...
 
18.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Дуніна-Марцінкевіча
4.02.1808 – 29.12.1884
Ня трэба чужога, ня трэба чужога!
Ні грошай, ні мовы, ні Бога, –
Нічога ня трэба чужога!
Мужык беларускі – мужык,
Ён слухацца пана прывык.
Ён з панам разумным – разумны,
Ды толькі вось пан нешта сумны.
І царскія ўлады – ня рады,
Шпікі, як сабакі, ля хаты.
Якую ён школку трымае?
Няўжо ён законаў ня знае?
А пану шчэ сьніцца паўстаньне
І верыцца ў сьветлае раньне,
Ды толькі ня трэба чужога:
Ні праўды, ні волі, нічога,
Нічога ня трэба чужога!
 
...Вятры за вакном завываюць,
Сьнягамі агонь засыпаюць,
Дзе чуюцца крыкі і сьмех.
І сыплецца, сыплецца сьнег
На ліпу, на хату, на долю.
І сьвечка асьвечвае волю,
Якой не было і ці будзе.
За вокнамі мроі і людзі,
Надзеі, бяда, спадзяваньні
І белая, сумная пані,
Якая сустрэчы чакае,
Якая адна і сьвятая.
І ёй не патрэбна чужога
Ні сына, ні мовы, ні Бога,
Нічога чужога, нічога!
 
 
 
 
Баляда Аляксандра Рыпінскага
каля 1811 – 1900(?)
Праз трыццаць год вяртаесься дахаты,
Рамантык, інсургент, мастак, паэт,
І прад табою край твой – не пракляты,
А любы, нібы з васількоў букет,
 
Што ты паклаў на сьцежку інсургентаў,
Зь якімі волю для людзей шукаў.
Крывёй за волю плацяць – добра ведаў
І ты сваёй крыві не шкадаваў.
 
І хоць было разгромлена паўстаньне,
Ты не адрокся ад былых дарог,
Бо Беларусь – ня кветка, што век вяне,
А Храм любові, дзе жыве Пан Бог,
 
Дзе ўсё сваё: і песьні, і легэнды,
І мова, безь якой загінем мы,
Як безь людской спагады інсургенты
Сярод завейнай лютае зімы.
 
І будзеш сьніць Парыж і Лёндан шэры,
Дзе ты нябедна мог спакойна жыць
І не палохацца ад стуку ў дзьверы,
Бо за дзьвярамі, як ваўкі, віжы.
 
Напішаш ты пра родны край баляды,
Дзе пра любоў сваю не прамаўчыш.
Праз трыццаць год вяртаесься дахаты,
Нібыта ўчора зьехаўшы ў Парыж...
 
10.II.2009.
 
 
 
 
Баляда Івана Хруцкага
8.02.1810 – 13.01.1885
Ты з ланцужком прыгожым, залатым
Ад імпэратара гадзіньнік маеш.
І тут ланцуг ніякі не ўтрымае
Цябе, бо на радзіму заўтра ты
Гарыш вярнуцца да сьвятых крыжоў
Бацькоўскіх і ля Полацка свой дом
Пабудаваць, каб полацкім сьвятлом
Жывіць сваю душу і маляваць ізноў
Партрэты, нацюрморты, на якіх
Наш родны сьвет багаты, і сьвяты,
І сумны, як пражытыя гады,
Што праляцелі як адзіны міг...
 
І ўжо – сям’я, маёнтак і спакой,
І ты нікога бачыць не жадаеш.
І, як валун травою зарастае,
Цяжэеш ты самотай незямной,
Але не ад таго, што ўсё міне
І не паўторыцца ўжо больш ніколі,
А адтаго, што прычакацца волі
Усе ня змогуць, воля – не ў віне,
Яна ў крыві павінна быць, і зь ёй
У сэрцах кроў становіцца жывой.
 
І ланцужок прыгожы, залаты
У прыдарожны пыл кідаеш ты...
 
7.II.2009.
 
 
 
 
Баляда Генрыка Дмахоўскага
26.10.1810 – 26.05.1863
Палын... Пажарышчы... Магілы... Груганьнё...
Але жыве твой край! Ён па сьцяжынках сьлёз
Прыйшоў у сэрца, у якім цьвіце агнём
Твая любоў да васількоў, і да бяроз,
 
І да людзей, якія марамі жывуць
Аб волі, да якой вядзеш іх сёньня ты
Праз кроў паўстаньня і астрожную траву,
Вядзеш да Беларусі, нібы да вады
 
Жывой, не забываючы ў краях чужых
Ні таленту свайго, ні цёплых родных слоў,
Якімі саграваў і будзеш грэць усіх,
Каму вышэй за ўсё да родных ніў любоў.
 
І, памяняўшы прозьвішча, ты не зьмяніў
Сваіх вачэй, што бачылі і бачаць сьвет,
І край азёр, і пастушкоў агні,
Што нібы кроплі сонца, дзе вясна жыве...
 
...Ізноў паўстаньне, і ты першым рвешся ў бой
І першым падаеш на рукі маладых,
Якім ісьці было ня страшна за табой,
Якім стаў першым твой апошні ўздых.
 
17.II.2009.
 
 
 
 
Баляда Паўлюка Багрыма
14.11.1812 – 1891
У Багрыма ціха ў хаце,
Ды ня стаў з нудоты зьверам,
Бо ёсьць вершы, бо ёсьць вера
У Айчыну, што ня страціў.
Ёсьць яшчэ жаданьне волі.
Сам жывы – і дзякуй Богу.
А сябры ляжаць у полі,
І ня трэба ім нічога.
І ня чуюць, як падпанкі
Размаўляюць бізунамі.
Беларусь жа паланянкай
Заліваецца сьлязамі.
 
«Зноў падняць бы сьцяг паўстанца,
Рукі, браце, чуюць сілу.
Чым бяз мовы заставацца,
Лепш цяпер сысьці ў магілу!»
 
Стаў ён песьняю народнай,
І душа ўзьляцела зоркай...
Мо' цяпер які нягоднік
Схоча ачарніць гаворкай:
«Ну які зь яго паэта?
Толькі верш адзін пакінуў».
Не, няпраўда, людзі, гэта –
Верш і, як свой крыж, Айчыну.
 
25.VIII.1988.
 
 
 
 
Баляда Яўстафія Тышкевіча
18.04.1814 – 8.09.1873
Устаўшы рана, зноў зямлю капаеш,
Ды ў курганах сівых ня клад шукаеш,
А – Беларусь, што тут была і будзе...
 
І дзівяцца зь цябе, сьмяюцца людзі,
Бо ты хоць граф, ды нейкі незвычайны –
Палямі ходзіш, берагамі Гайны,
І просіш песьню прасьпяваць старую
Ці казку расказаць, і ўсё натуеш,
Зьбіраеш рэчы для свайго музэя...
 
У Вільню зьедзеш, і Лагойск сьцішэе,
Нібыта думаць пра цябе ён стане.
А ў родным краі, як пажар, паўстаньне,
І твой музэй – як для пажару вецер...
 
Яшчэ самотна жыць у гэтым сьвеце,
Бо твой сусед баіцца, што ты здольны
І безь ягонай ласкі жыць прыстойна...
 
«Музэй закрыць! Забараніць, бо шкодны!» –
Загад вышэйшы. І ты ў краі родным
Жывеш, нібы чужы, людзьмі забыты.
Ды сонца, як тваёй любові зьлітак,
Усходзіць над зямлёй, што ты капаў,
Дзе ў курганох сівых ня клад шукаў,
А – Беларусь, якая ёсьць і будзе...
 
18.IV.2009.
 
 
 
 
Баляда Арцёма Вярыгі-Дарэўскага
4.11.1816 – 1884
«Зь Беларушчынай не разьвітаўся.
Гэта мой ідэал», – ты пісаў
І праз ночы душою вяртаўся
У той край, дзе раса, як сьляза,
 
У якой патанае былое
І ўсплывае на сьнезе крывёй
Тых паўстанцаў, што шчасьце зямное
Не ўяўлялі бяз волі і ёй
 
Аддавалі сябе, як даніну
За адвечную веру, што ў нас
Будзе лепшая ў сьвеце краіна,
Хоць далёка краіны той час.
 
І той час сам ня прыйдзе ніколі.
Да яго трэба йсьці празь вятры,
Праз завеі, праз чорнае поле
І за тры залатыя гары.
 
І начамі халоднымі ў скрусе
Ты пісаў пра зажураны сьвет,
І цябе, Вайдэлот Беларусі,
Называлі гаротнікі ўсе.
 
І калі ў цябе Бог запытаўся:
«Разьвітаўся з жыцьцём?»,
                                                          сказаў ты:
«Зь Беларушчынай не разбратаўся.
Гэта мой ідэал назаўжды!»
 
31.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Адама Кіркора
21.01.1818 – 23.11.1886
Па ціхіх вулках Вільні да цябе ізноў
Прыйшлі сябры агучыць музыку і вершы.
А ў музыцы і ў вершах, як агонь, любоў
Да Беларусі, для якой штодня жывеш ты,
 
Як і сябры твае, паэты і музыкі,
Якім Радзіма – як матуліна цяпло.
І кожны, хто Радзіму любіць, – той вялікі,
Як вежаў замкавых спакойнае сьвятло,
 
Што, ў душы зацякаючы людзей тутэйшых,
Нібы малітва ў Храме велічным, жыве,
І будзе жыць, і прыбліжаць наш час сьвятлейшы,
Які яшчэ як росы ў маладой траве
 
На курганах, дзе сьпяць гэроі славы нашай
І будуць спаць, бо ёсьць каму край бараніць
І ёсьць той, хто пра іх легэнды нам раскажа,
Каб мы змаглі Радзіму, як яны, любіць...
 
І вершам з музыкай да раніцы гучаць,
І марам не губляцца ў цыгарэтным дыме,
Пакуль сябры з табою за сталом сядзяць
І сьветла думаюць аб долі і Радзіме.
 
12.V.2009.
 
 
 
 
Баляда Станіслава Манюшкі
5.05.1819 – 4.06.1872
Як ветразь, музыкай тваёй з аргана
Напоўнены касьцёл Сьвятога Яна,
І Вільня, як каўчэг, празь сьвет плыве
Па курганах, па бруку, па траве,
Па Беларусі, у якой ёсьць ты,
 
І трэскаюць паміж людзей ільды
Неразуменьня, і сьлязамі з воч
Цякуць і асьвятляюць дзень і ноч,
Як васількі, як зоркі, як бурштын.
 
Музыкаў многа, ты ж такі адзін,
І слухае цябе народ і Бог,
І прад Эўропаю крыжы дарог
Ужо ня рвуць тутэйшую душу
Ні ў час засушлівы, ні ў час дажджу,
Бо лепш, як тут, ня будзе анідзе –
Ні ў Празе, ні ў Варшаве, ні ў Маскве,
Бо толькі тут, як рыба – у вадзе,
У Беларусі Беларусь жыве,
 
Але ёсьць слава, да якой і ты,
Як да агню матыль, ляціш заўжды,
І п’еш, як горкае віно, любоў.
Ды не зьнікае шлях у Менск дамоў,
Дзе музыка твая, як карані
Сьвятога дрэва, што ўздымае дні
Краіны, што была і будзе ў нас
У беларусаў, на бясконцы час,
Пакуль малітвай, музыкай сьвятой
Тут поўніцца душа, каб быць жывой...
 
14.II.2009.
 
 
 
 
Баляда Аляксандра Незабытоўскага
2.10.1819 – 21.03.1849
Мары пра каханьне, славу і свабоду
Для цябе, як лекі, хвораму ў турме.
І ты верыш: сьвечку нехта ў Храме ўпотай
За цябе паставіць, вецер не задзьме,
 
Як ня зьнішчыць мары, мары аб свабодзе,
У людзей, што вечна нібы на крыжы.
Сонца ў хмарах, як твой край у сьнезе й лёдзе.
Да вясны далёка, і ня ўсім дажыць.
 
Ты адзін у камэры, з табой адзіным
Гаварыць тут нельга, бо крамольнік ты.
Страшная крамола – любіш ты Айчыну,
Хочаш, каб Айчыну, як і крыж сьвяты,
 
Не трымалі ў брудзе, а ў душы – бы ў Храме,
У якім і сьлёзы, у якім і сьпеў.
І ня трэба нам чужынцаў, бо мы самі
Разьбяромся дома, дзе ў нас дом, дзе хлеў...
 
Мары пра каханьне, славу і свабоду,
І душа твая ўжо – болей не ў турме.
Плача сьвечка. Нехта сьмела, а ня ўпотай
За цябе паставіў. Вецер не задзьме...
 
24.V.2009.
 
 
 
 
Баляда Ўладзіслава Сыракомлі
29.09.1823 – 15.09.1862
Там, дзе кветкі цьвілі, вырас – пырнік,
Сёньня пырнік, а заўтра – крыжы.
І тутэйшай зямлі сумны лірнік
Думу думае – як тут жыць? –
І сьлязу, нібы верш, не хавае,
Ну а верш, як на вейцы сьляза,
Новы дзень, новы шлях асьвятляе,
На якім касінераў каса
Заблішчыць, акрывавіцца й пылам
Занясецца, але – не навек.
Хоць забудуцца ў травах магілы,
Ды ня зьменее сьлёз на траве.
 
Ён ідзе, а паны, як сабакі:
«Што ён ходзіць да гэтых сялян?!»
І ўначы ў хатах сьвечкі, як макі,
Прарастаюць сьвятлом праз туман,
І праз ноч, і празь век да ваколіц,
Па якіх нам з табою хадзіць,
І ўсё думаць аб шчасьці і долі,
І свой край, нібы волю, любіць...
 
4.II.2005.
 
 
 
 
Баляда Паўла Шэйна
1826 – 27.08.1900
Ня ўзыдзе сонца – не пачнецца дзень.
Ня сказанае слова памірае.
І ты па вёсках, як жабрак, ідзеш
І, нібы золата, штодня зьбіраеш
Паданьні, казкі, у якіх наш край
Жыве і будзе жыць, як жыў стагодзьдзі.
Зьбіраеш песьні. Не сумуй, зьбірай,
Няхай жывая песьня ў сэрцы зойдзе
І застанецца ў нашае крыві,
Нібы агонь у прыску застаецца.
І хай зь цябе хто хоча пасьмяецца,
А ты зьбірай і так далей жыві,
Як беларускае жадае сэрца
Тваё пад небам беларускім гэтым,
Дзе холадна зімой і цёпла летам,
Дзе людзі сьветлыя, як сьвечкі ў Храме,
Што асьвятляюць змрок і нашу памяць,
Дзе казкі, песьні родныя жывуць
І дзень мінулы з будучым нітуюць,
Дзе беларусы плачуць і пяюць,
І родны край, нібыта рай, шануюць,
Дзе ты нясьпешна, як жыцьцё, ідзеш,
Старыя казкі, песьні і паданьні,
Нібыта золата, нам раздаеш...
 
І сонца ўзыдзе, й новы дзень настане.
 
10.IV.2009.
 
 
 
 
Баляда Рамуальда Траўгута
16.01.1826 – 5.08.1864
Не анёлак, – арол над Айчынаю кружыць,
І табе зразумела, чаго хоча ён.
На шляху у чужынцаў крывавыя ружы
Зацьвітуць, і іх змые блакітны наш лён.
 
І ня будзеш ад сьмерці сваёй ты хавацца,
Бо ад сьмерці ніхто не схаваўся яшчэ.
Чорны лес тваім будзе бялюткім палацам,
А пасьля і Варшава сьлязіны з вачэй
 
Патаемна змахне, калі ты з эшафота
Паглядзіш у нябёсы, дзе кружыць арол
А яго і ня бачаць багач і басота,
Бо ад він і ад брагі ламаецца стол.
 
Паглядзіш у нябёсы, што ў вочы Айчыны,
І ня ўспомніш нічога яе акрамя,
І, як вечнасьць, прад сьмерцю тваёю хвіліны –
Бог у вечнасьць тваё зараз піша імя,
 
І яно застанецца, і будзе краіна,
Для якой ты ня станеш ніколі чужым.
Над табой, нібы зьніч, будзе ўвосень рабіна
Асьвятляць шлях дамоў празь вятры і дажджы...
 
20.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Эмерыка Чапскага
17.11.1828 – 4.01.1897
Ля возера ў парку нясьпешна ідзеш
Па лісьці счарнелым і па залатым.
Ты вершаў ня пішаш. Тут восень, як верш
З той кнігі, якую, чытаючы, ты
 
Кладзеш прад сабой – і сьвятлее ў душы
Ад слоў беларускіх, ад сонечных слоў.
І сумна, што хутка пачнуцца дажджы,
І добра – наедзе ў маёнтак сяброў,
 
І вершы, і музыка будуць гучаць,
І будуць у Станькава зноў мужыкі,
Засеўшы ў карчомцы, зноў думаць -гадаць:
«Чаму гэта пан у нас дзіўны такі –
 
Ён зброю зьбірае, карціны і кніг
Сабраў, што за век яму не прачытаць?»
А ты – усьміхнесься і ўсьмешкай на міг
Асьвеціш жыцьцё, да якога шукаць,
 
Крыжамі свой шлях пазначаючы, нам
Дарогу сваю і якая для нас
Ня горшая ў сьвеце – вядзе яна ў Храм.
Да Храма мы дойдзем! Мінецца ўсё ж час,
 
Дзе сум несусьветны, дзе крык і вайна,
Дзе паляцца кнігі, дзе здрада і тло...
І скончацца восень, зіма, і вясна
Зноў прыйдзе, і нехта прыпомніць: «Было
 
Іх мала, але яны ўсё-ткі былі...»
Ты вершаў ня пішаш. Жыцьцё, нібы верш,
Рассыпаным лісьцем на чорнай зямлі,
І ты, як чытаючы вершы, ідзеш,
 
І ў шораху лісьця плывуць караблі,
Зь якімі да Бога і ты адплывеш...
 
14–15.V.2009.
 
 
 
 
Баляда Вінцэся Каратынскага
15.06.1831 – 7.02.1891
Ноч над роднай старонкай царуе,
І ты ў чорнай сьвятліцы нікога
І ня прымеш, і не пачастуеш,
Бо ў сьвятліцу крыжамі дарога
Зарастае. І ты заклікаеш:
«Уставайма жа, братцы, да дзела...»
 
Каб устаць, не любы сілу мае,
І да волі імкненьне сасьпела
Тут ня ў кожнага ў гэтай краіне,
Дзе жаўценькі пясок са сьлязамі
Перамешаны... Ты ўсё ж ня кінеш
Родны люд прад чужымі вятрамі,
Што з усходу і захаду веюць
І якім вельмі міла, што людзі
Беларускасьці не разумеюць...
 
Беларусь жа была тут і будзе,
Бо на роднай зямлі ты ў народзе,
Як душа ў беларуса жывая,
Як і сонца, што зь цемры ўзыходзіць
І сьвятліцу сьвятлом залівае...
 
25.XII.2007.
 
 
 
 
Баляда Аляксандра Ельскага
16.06.1834 – 10.09.1916
У сьнягах задрамала сьвітаньне,
І паўдня пачынаецца дзень.
Для кагосьці за волю паўстаньне –
Гэта кроў, для кагосьці – прамень,
Што асьвечвае новыя далі,
За якімі жыве Беларусь.
 
Ля іконы ты сьвечку запаліш,
На стале ты расьсьцелеш абрус
Для гасьцей, што ня прыйдуць зімою,
Бо дарогі паліты крывёю
І ў фальварку замецены сьцежкі,
Што нікуды ня выйсьці табе.
 
А ў суседа дымяць галавешкі,
Воран вочы суседу дзяўбе.
І ты дома, нібыта ў няволі,
Малады, адзінокі, сядзіш.
Як ваўку, табе хочацца ў поле
Хоць і сьніцца начамі Парыж.
 
Ды вясна хутка будзе ў Замосьці,
І тут жыць, і тварыць будзеш ты.
І ў музэй твой з Эўропы ўсёй госьці
Будуць ехаць, бы ў Храм залаты.
 
А пакуль што з-пад сьнегу сьвітаньне
Прарастае, як кроў празь бінты.
І душу тваю паліць паўстаньне,
І душу тваю студзяць вятры.
 
24.VIII.2009.
 
 
 
 
Баляда Міхала Цюньдзявіцкага
1836 – 2.06.1863
«Мужыцкую праўду» сялянам чытаеш
У дымнай карчме каля пыльнай дарогі.
Чытаеш, нібыта агонь разьдзімаеш,
Агонь, што асьвечвае многае многім
 
У гэтай краіне, дзе роднае гіне,
Бо волі няма і яна не даецца
Нікому за сьлёзы, крывёю павінен
За волю плаціць, калі ж трэба, то й сэрца
 
Пад кулю падставіць і быць не гэроем.
Цябе ж за чытаньне газэт расстраляюць
У Менску, і неба, яшчэ не начное,
Счарнее, і птушкі ў яго паўзьлятаюць,
 
Нібыта нязбытныя мары, якімі
Ты жыў малады і жыла ўся Айчына,
Якая ў крыві патанае і ў дыме,
Шукаючы ў бойцы да волі сьцяжыну,
 
Што стане дарогай і будзе дарогай,
Але не цяпер, бо цяпер яшчэ рана...
Цябе расстралялі...
 
Ды «Праўда мужыцкая» не расстраляна.
 
12.VIII.2009.
 
 
 
 
Баляда Міхала Андрыёлі
26.11.1837 – 23.08.1893
...Уцёкшы з царскае турмы на волю,
Жывеш спакойна ў Лёндане й Парыжы.
І цёплы сьнег, які ляціць з таполяў,
Цябе вяртае ў Віленскую цішу,
У родны тлум, якія назаўсёды
З табою будуць, як да волі прага.
 
Твае карціны – залатыя соты,
Любоўю поўныя, крывёю сьцяга,
Які лунаў у бітвах над сябрамі,
Зь якімі ты ішоў празь сьмерці вецер...
 
І ты вяртаесься дамоў, бо ў сьвеце
Мілей няма зямлі, дзе над палямі
Лятуць буслы і жаўрукі крыляюць.
Гэрояў на радзіме не вітаюць,
Іх у Сібір, нібы ў агонь, кідаюць.
 
І ты жывеш у высылцы, малюеш,
І ты свой лёс прымаеш без праклёну,
Душою ў Вільні, дзе б ні быў, начуеш
І застаесься рыцарам да скону...
 
22–25.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Камілы Марцінкевіч
каля 1837 – пасьля 1890
Ты ў высылцы за кінутыя кветкі
Паўстанцу на яго апошні шлях
Глядзіш на сьвет з усьмешкай вельмі рэдка,
Часьцей за ўсё – празь сьлёзы на вачах,
 
Бо тут забыцца пра Шапэна, Ліста,
Пра Менск і Вільню, пра сваіх сяброў –
Нібыта ўсё, што ёсьць, спаліць дачыста,
Каб праз хвіліну аднаўляць ізноў...
 
І помніш Вільню ты і Менск, вядома,
І мовы беларускай прыгажосьць.
Праз дваццаць год ты вернесься дадому,
Ня вернецца ніколі маладосьць.
 
Ды не шкадуеш, што букет праз краты
Для інсургента кінуць ты змагла, –
Ня хлопца прад табой вялі салдаты –
Айчына нескароная ішла.
 
7.XI.2008.
 
 
 
 
Баляда Франьцішка Багушэвіча
21.03.1840 – 28.04.1900
380
Яснавяльможнай пані, напэўна, вядома,
што яе высакароднаму сыну я абавязаны
ўсёй сваёй будучыняй; мабыць, і да сяньняшняга
дня я абіваў бы без усякай карысьці віленскі брук,
калі б не ягоная шляхетная дапамога...
#Зь ліста Ф. Багушэвіча да А. Карловіч
ад 26 жніўня 1865 г., Нежын

 
Лукішкі. Пляц. Натоўп маўчыць, чакае.
Пятля чарнее, як зьмяя, якая
З усходу прыпаўзла да нашай волі,
Каб мы ня зналі лепшай сьветлай долі.
 
І ты ў натоўпе, быццам сэрца ў целе
Паўстанца, што яшчэ жывы, але
Надзею на змаганьне ўжо ледзь цепле.
Жыцьцё, як сьнег на веснавым сьвятле,
 
Зьнікае і сьлязой цячэ па твары,
І ўжо Кастусь, нібы ў звана язык,
Вісіць пад небам, дзе дымяцца хмары,
І ты ў натоўпе, як у горле крык,
 
Стаіш, ня знаючы, як жыць у Вільні
Цяпер, калі натоўп маўчыць, чакае,
Калі пятля нібы зьмяя жывая
І Вільня ўся нібыта склеп магільны,
 
Зь якога хочацца ўцячы, каб жыць,
Каб потым скрыпка з дудкай на крыжы
Заплакалі аб лепшай, сьветлай, долі...
Нічога ўжо ня зьменіцца ніколі,
 
І ты па бруку віленскім брыдзеш,
Нібыта крыж у Беларусь нясеш...
 
28.III.2005.
 
 
 
 
Баляда Альгерда Абуховіча
6.08.1840 – 22.08.1898
Усё аддаў людзям і толькі кнігі
З сабой забраў, каб на кватэры жыць
У Слуцку, да пары да часу ціхім,
І памяці вугольле варушыць,
 
І апякацца дымнымі вятрамі
Шляхоў паўстанскіх, па якіх і ты
Прайшоў, губляючы сяброў, зь сябрамі,
Каб потым у Сібіры маладым
 
Сівець, не праклінаючы нікога
І не шкадуючы багацьцяў тых,
Што ад бацькоў, бо тое, што ад Бога,
Жыве ў табе з крывёй дзядоў тваіх,
 
Якіх у Княстве і Эўропе зналі.
І пішаш ты пра родную зямлю,
Дзе парассыпаны, нібы каралі,
Азёры, ля якіх тваё «люблю»
 
Пад сонцам не разьветрана вятрамі
І ў травах не губляецца сівых.
І вучыш ты дзяцей, каб заўтра самі
Яны маглі адрозьніць ад чужых
 
Сваіх людзей, якім патрэбна воля
І кнігі, у якіх наш край жыве,
І вырванай старонкаю ніколі
Яму ня быць, ня зьнікнуць у жарсьцьве...
 
30.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Элізы Ажэшкі
06.06.1841 – 18.05.1910
Магілы паўстанцаў травой заплываюць,
І Нёман ня сьпіць між сівых берагоў,
Дзе сумныя людзі тутэйшага краю
У сэрцах хаваюць да краю любоў,
 
Якому і ты па крыві не чужая,
Бо ты нарадзілася тут і жывеш
І лепшае долі сабе не жадаеш,
Як – лепшага сонца, што ў небе плыве
 
Над мілаю сэрцу шляхетнай Гародняй,
Дзе замкі і Храмы, дзе ціша і тлум,
Дзе думкам, як птушкам у небе, свабодна,
Дзе самы гаючы бярозавы шум,
 
Якім ацаляюцца душы людскія,
Што мараць аб волі на роднай зямлі,
Дзе сьлёзы і кроў, над якімі воўк вые,
Нібыта ўсіх моліць, каб людска жылі
 
І не адракліся ад песень і казак,
Якія прыйшлі праз стагодзьдзі да нас,
Якія й пра нас праз стагодзьдзі раскажуць,
Калі захаваем мы іх у наш час.
 
І ты, каралева народнага слова,
Зьбіраеш ня золата, золата – тло,
А песьні і казкі тутэйшаю мовай,
У мове тутэйшай жывое сьвятло,
 
Што дадзена Богам і не забярэцца
Нікім і ніколі, бо тут – ёсьць народ,
І ён, хто тут свой, хто чужы, разьбярэцца,
Калі не цяпер, дык праз тысячу год.
 
І, нібы зь нябыту, з травы паўсплываюць
Магілы паўстанцаў, курганьні дзядоў.
Ня будзе нідзе прыгажэйшага краю,
Чым край,
                      да якога спазнана любоў...
 
24.II.2009.
 
 
 
 
Баляда Эдварда Вайніловіча
13.10.1847 – 16.06.1928
Не прышэлец з Усходу ні з Захаду ён,
А з тутэйшага люду, які гонар мае,
Над якім неба сьветлага велічны звон
Звонам вечным для сьветлай нас долі яднае.
 
Звон праз душы людскія з малітвай плыве,
На касьцёле крыжуецца і на царкве,
Каб мы помнілі вечна – на нашай зямлі
І багатыя людзі як людзі жылі,
І жыў ён, і любіў белы сьвет, і бярог
У сабе, як агонь, да Айчыны любоў
І вяртаўся дадому з край сьвету, і Бог
У душы яго жыў, як жыве ў сэрцы кроў.
 
І пакінуў ён нам божы сьвет і сьвятло,
І што будзе,
                          што ёсьць,
                                                  што празь вечнасьць прайшло,
Дзе Чырвоны касьцёл, як агонь, што застыў,
Каб прайшлі празь яго ўсе, хто хоча прайсьці
І ачысьціць душу, каб сказаць: «Я пражыў
Так, як трэба было жыць мне ў гэтым жыцьці...»
І заплакаць, і ўспомніць, што ты не адзін
І адзін, бо ня ўсё, што хацеў, ты зьбярог,
І ня толькі Айчыны ты сын, божы сын,
І ня толькі цябе, а і ўсіх любіць Бог...
 
9.XI.2006.
 
 
 
 
Баляда Янкі Лучыны
6.07.1851–16.07.1897
Тры мовы... І лягчэй маўклівым быць,
Ня бачыць, як травою зарастае
Палетак, што прыдатны для сяўбы
Свайго, тым больш – зямля тут не чужая
І ўсё навокал роднае, сваё:
І гэты крыж пахілы ля дарогі,
І песьні веснавыя салаўёў,
І цішыня, і Храмы, і астрогі.
 
Тры мовы... Ты ж адзін, і ты паэт,
Ты малады, але ты бачыш сьвет,
Дзе ты жывеш, не як трава, якая
Ад ветру хіліцца і так жыве,
Пакуль яе каса не напаткае...
 
На Кальварыйскіх могілках спакой.
Тры мовы... Ну а ты з адной душой.
 
3.VII.2005.
 
 
 
 
Баляда Яўхіма Карскага
1.01.1860 – 29.04.1931
У словах беларускіх Беларусь жыве,
Як у жывой крыві – спрадвечны шлях людскі.
Па ім жыцьцё, як сонца праз сусьвет, плыве,
Сабой хвіліны шчасьця, горычы вякі
Нітуючы ў адзіны шлях, дзе нават Бог
Ня здольны анічога ўжо зьмяніць, бо шлях –
Мінулае і тое, што ты не зьбярог,
Ніхто ня верне са сьлязамі на вачах
Ад радасьці, што ён жыцьцё вяртае нам...
 
І не самотны ты, тут Беларусь з табой
У кожным беларускім слове, што, як Храм,
Напоўнена сьвятлом, малітваю сьвятой
За Беларусь, за беларусаў, для якіх
Ты хочаш вольнага жыцьця, бо мы – народ,
Бо беларусы мы, і нас мільёны ўсіх,
І нашая зямля – не ў акіяне лёд,
Які растане і зьмяшаецца з вадой.
 
Зямля – ня лёд, і ёй ня быць для нас чужой,
Пакуль тут мова наша родная жыве,
Як і ў людской крыві – спрадвечны шлях людскі,
Дзе Беларусь, як белы карабель, плыве
Праз хвалі дзён і туманоў вякі...
 
6.II.2009.
 
 
 
 
Баляда Ігната Буйніцкага
22.08.1861 – 22.09.1917
Ад роднай вёскі ў Вільню доўгая дарога,
Але дарога гэта – быццам бы да Бога,
І ты па ёй ідзеш з акторамі нясьпешна.
Для вас сур’ёзна ўсё, камусьці гэта сьмешна,
Што мова родная для нас усіх сьвятая
І што нідзе бяз мовы роднай не бывае
Народ народам, бо душа народа – мова...
 
І ўжо са сцэны роднае жывое слова
Гучыць, нібы званы з высокае званіцы
Штодня зьвіняць аб тым, што толькі чужаніцы
На нашае зямлі нас пазбаўляюць права,
Каб, нібы Бог, былі ў нас гонар, годнасьць, слава...
 
І ружы падаюць на шлях акторскі ў Вільні,
І ты ідзеш зь сябрамі па дарогах пыльных
Айчыны, і па Пецярбургу, і Варшаве.
Але ня золата і срэбра ў вашай славе,
А наша годнасьць беларуская, якая
І праз стагодзьдзі вынішчэньня не зьнікае.
І верыш ты, што ёй ня зьнікнуць з нас ніколі,
Як камяням і васількам на жытнім полі...
 
25.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Каруся Каганца
10.02.1868 – 20.05.1918

                                                    За родную краіну, звычай і мову,
                                                    за гонар грудзьдзю ўставайце.
К. Каганец

 
...І турма на зямлі на бацькоўскай – турма,
І зіма на зямлі на бацькоўскай – зіма.
І ты пішаш пра волю, нібыта гарыш,
І малюеш, нібыта да сонца ляціш
І вяртаесься, сьветлы, назад на ральлю,
Каб шаптаць, як малітву: «Айчыну люблю...»
 
Хто пачуе цябе – той убачыць вясну,
Як ты бачыш цяпер прад сабою сьцяну,
На якой, як на лёдзе, расколін гальлё
Разрастаецца...
                                  І ўжо ня стане быльлём
Васілёк, што самоціцца ў жыце тваім
Безь цябе, без тваёй маладой грамады,
Для якой родны край – гэта Дом, а ня дым,
Не туман над прасторам балот і вады.
 
І ты выйдзеш на волю, нібыта згарыш
І нібыта да сонца адзін даляціш,
І ўпадзеш, і падымесься ў вершах сваіх
За Айчыну, якую любіў кожны міг
І за доўгія зімы, дзе сьнег, як патоп,
І за песьні, і плач, за ўтравелы акоп,
Дзе зьмяшалася кроў і сваіх, і чужых...
 
14.IV.2009.
 
 
 
 
Баляда Мітрафана Доўнар-Запольскага
14.06.1867 – 30.09.1934

                                                        Народ, які меў сваю дзяржаўнасьць,
                                                        мусіць мець яе зноў...
М. Доўнар-Запольскі

 
Крыжамі нашых продкаў нашы землі
Пазначаны, і гэта – назаўжды.
У курганох былое наша дрэмле
Так, як у Храмах дух жыве сьвяты.
 
І іншае зямлі для нас ня трэба,
І тут нам жыць, і тут нам паміраць,
І ў мора беларускае – у неба
Глядзець, паліць касьцёр і сумаваць
Па тым, што ўжо ня вернецца нічога
З таго, што страчана, не зьбераглі.
 
І ты ідзеш, і прад табой дарога
Да могілак, нібы на край зямлі,
Які пазначаны крыжамі продкаў,
І пройдзе час – пазначыцца й тваім.
 
Цячэ рака, плыве па хвалях лодка
Праз туманы, як праз стагодзьдзяў дым,
Зь якога бачыцца краіна-маці
Прыгожая, бы ў Храме абразы.
І ты шчасьлівы, бо ты бачыш шчасьце
У Беларусі праз агонь сьлязы...
 
8.XI.2008.
 
 
 
 
Баляда Ядвігіна Ш.
4.01.1869 – 24.02.1922
...Тваё беларускае золата ветрам
Рассыпана ў нашых палях і лугах.
Яно перад намі зьяўляецца летам
У пыле дарог, і цяжкіх каласах,
 
І ў восеньскім лісьці, якое крыляе
Над сумнай зямлёй і ляціць у касьцёр,
Дзе золата ўміг прад табой закіпае
І ў ноч матылькамі ўзьлятае да зор
 
Над родным фальваркам, зь якога да Вільні
Ня так і далёка ўцякаць ад зімы,
А там жа работы хапае ўсім пільнай,
А там шлях пракладзены ўжо да турмы,
 
Якой не баісься, бо ведаеш тое,
Што кожнаму трэба тут ведаць заўжды,
Што толькі за роднае, як за сьвятое,
Ня трэба баяцца свой час залаты
 
Патраціць, і золата зьявіцца летам
У мёдзе пчаліным, цяжкіх каласах,
У прозе змаганьня, у кветках санэтаў
І ў край улюбёных людзей галасах...
 
21.IX.2008.
 
 
 
 
Баляда Адама Гурыновіча
25.01.1869 – 4.02.1894
На могілках не адшукаць магілы,
Дый могілак саміх не адшукаць.
Каля дарогі крыж стаяў пахілы,
Няма дарогі, быльнягі шумяць.
 
А ты ня думаў, што вось гэтак будзе
У краі родным, пра які ты сьніў.
Ды ўсё мяняецца, тым болей людзі,
Калі іх адарваць ад родных ніў,
Ад родных слоў, ад песень і ад казак,
Што зь веку ў век з адной душы ў душу
Ішлі і напаўнялі сьвет наш ласкай,
Як поўніцца рака пасьля дажджу
У час задушлівы жывой вадою.
 
І ты хацеў, каб родны край заўжды
Быў, як рака, напоўнены жывою
Вадой і каб, нібыта да вады,
Да родных слоў, да песень і да казак
Усе імкнуліся, бо зь імі край,
Няхай праз сотню год, а не адразу,
Усё-ткі ператворыцца ў наш рай,
У беларускі, дзе і твой фальварак
Паўстане з траў, ня згубіцца ў вяках,
Як і твая аб Беларусі мара,
Прыгожая, нібыта ў Вільню шлях...
 
14.IX.2008.
 
 
 
 
Баляда Фердынанда Рушчыца
10.12.1870 – 30.10.1936
Варшаваю і Вільняю паміж
Багданава – нібы на Храме крыж,
Куды вяртацца, на які маліцца.
У лёсных травах сьцежак бліскавіцы,
Зьнікаючы, зьяўляюцца ізноў.
 
І кветкі ў лузе, як спакою кроў,
Віднеюцца і не даюць спакою.
І ты ідзеш з тутэйшаю душою,
Чужы і свой, да плачу закаханы
У гэты край, што Богам быў абраны,
Але забыты да пары да часу.
 
І сонцу ранкам не ўзысьці адразу,
Як і табе адразу не прыйсьці
Дамоў, дзе ў клёна залатым лісьці
І золата тваё таксама ёсьць,
Як сьнег і дождж і чорная ральля.
 
Было ўсё тут, і будзе ўсё пасьля,
Як вернесься, здарожаны, дамоў
Да затравелых на кладах крыжоў,
Дзе ты ляжыш ля жонкі і бацькоў,
Дзе ты мастак і гэты родны сьвет –
Як твой, пакінуты з карцінаю, мальберт...
 
7.VIII.2006.
 
 
 
 
Баляда Аляксандра Ўласава
28.08.1874 – 11.03.1941
Ужо далёка Менск, далёка Вільня,
А сонца ўсё няма і ўсё няма,
І быць ня можа сонца, бо зіма
Па-над тваёй дарогаю магільнай
Аблокі прымарозіла да зорак
І замяла каля дарог крыжы.
 
Старыя вулкі Вільні – гэта ўчора,
Учора – гэта радасьць на душы
З таго, што на адной канапе сесьці
Нам, беларусам, не хапае мейсц.
 
Учора – гэта менскія прадмесьці,
Газэты і часопісы, дзе зьмест
Наш беларускі і адвечна горкі,
І родны, як Вілейскія пагоркі,
Дзе вырас ты, каб Беларусь была,
Як сонца ёсьць па-над тваёй душою...
 
А сёньня сьнег, як попел ад сьвятла,
Ляжыць наўкол спакойна прад табою,
Бо што яму, што любіш ты Айчыну
І што яе бяда – твая бяда.
 
Жыцьцё людское – вечнасьці хвіліна,
Дзе кроў твая жывая – не вада,
Што размывае родныя прасторы
І новых дзён сьвятую чысьціню,
Дзе зьнікне ўсё, як у бязьмежным моры,
Але ня зьнікнуць Божаму агню
І Беларусі, да якой мы дойдзем
Няхай хоць і праз цэлае стагодзьдзе.
 
Цябе ж вязуць, а сонца ўсё няма,
І быць ня можа сонца, бо зіма
І Менск далёка, і далёка Вільня,
І зоркі над дарогаю магільнай,
Нібы вугольле, дзе была турма...
 
24.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Цёткі
15.07.1876 – 17.02.1916
Ратуючы людзей, сябе не ўратавала
Ад тыфусу, нібы ад чорнага агню...
 
Да хаты сьцежкі злая ноч пазамятала,
І небакрай замецены, што нават дню
Ніяк ня выкаціць з-за гаю сонца-кола,
Каб растапіць хоць на паўдня журбу ў людзей,
Што цешацца яшчэ надзеяй кволай,
Што ачуняеш ты і стане жыць сьвятлей
У родным краі, што даўно аб волі марыць
І чуе скрыпкі беларускай вольны сьпеў,
Дзе сьвеціцца лучынкай маладзік з-за хмары
І вецер адзінокі сьнег страсае з дрэў
Ля хаты, у якой ты сёньня паміраеш
І нараджаесься...
 
Як з кокана матыль ляціць, –
Душой у неба беларускае ўзьлятаеш
І крыжам застаесься ў Беларусі жыць...
 
30.IX.2008.
 
 
 
 
Баляда Васіля Захаркі
1.04.1877 – 14.03.1943
Стварыць дзяржаву і ня ў ёй пражыць –
Такі ўжо лёс, і гэты лёс ня чорны.
А за вакном у Празе сьнег імжыць,
І гэты сьнег – нібыта попел зорны
 
Зь нябёс, якія па-над той зямлёй,
Якая засталася ў далячыні,
Але якой павек ня стаць чужой,
Бо гэтая зямля тваёй Айчыны,
 
Што стане белым Храмам для Эўропы,
Як сотня год пакутна праміне
І зарастуць, як трэшчыны ў сьцяне,
Чарнюткія крывавыя акопы...
 
І ты задумна праз вакно глядзіш
На Прагу, дзе мяцеліца шугае.
Гародня, Зэльва, Полацак, Нясьвіж
І Беларусь уся, уся сьвятая
Празь сьнег перад табою праплывае
І не зьнікае, бо твая яна,
Як плачу беларускага сьцяна.
 
11.IX.2008.
 
 
 
 
Баляда Пятра Крачэўскага
7.08.1879 – 8.03.1928
Прага. Альшанскія могілкі. Сьветла
Сьцежка вядзе праз гады і празь лета
Зноў да цябе, быццам бы да званіцы,
Дзе на каленях стаяць і маліцца,
Каб адзіноты, як гора, пазбыцца...
 
І забываецца ўсё, што чужое,
Шэрае, чорнае і залатое,
Помніцца роднае толькі, сьвятое,
Дзе Беларусь пачыналася наша.
Вецер табе пра Айчыну раскажа
Тую, якую ты сьніў і якая
Шлях свой знайшла і ў сабе зьберагае...
 
Першае лісьце дадолу зьлятае –
І ўжо сьцяжына – зьмяюка жывая.
Пад валуны не хаваецца болей.
Людзі жывуць, калі дыхаюць воляй,
І памірае краіна, якая
Мову народа, як сэрца, кідае
Чорнаму часу пад брудныя боты.
 
Не зарасьце аніколі асотам
Тое, што ў сэрцах, што сэрцамі стала.
Ёсьць Беларусь, і ўжо гэта – нямала,
Каб на Альшанскія могілкі сьветла
Сьцежка вяла праз гады і празь лета
Зноў да цябе...
 
6.VIII.2009.
 
 
 
 
Баляда Язэпа Дылы
14.04.1880 – 07.04.1937
Ад родных слоў, ад родных ветлых хатаў
За тое, што ты любіш родны край,
Завезьлі, сумнага, цябе ў Саратаў,
Дзе жыць – жыві, ня хочаш – памірай
 
Бяз тых палёў, дзе каласіцца жыта
І васількамі плача аб былым,
Якое, нібы дзень адзін, пражыта,
Але ня зьнікла, як зьнікае дым,
 
А з намі засталося валунамі
Ад замкаў, што разбураны былі,
І засталося ўмшэлымі крыжамі
На могілках, што лесам парасьлі,
 
Дзе пойдзеш і заблудзісься надоўга,
Нібы ў стагодзьдзях, у якіх наш край
Жыве, мацуецца крывёй Міндоўга
І тых людзей, што марылі пра рай
 
На роднае зямлі для ўсіх тутэйшых
І для цябе, хоць ад радзімы ты
Далёка будзеш жыць і сьніць аб лепшым
І сьветлым часе – хай не залатым –
 
Для родных ніў, для родных ветлых хатаў,
Дзе Беларусь жыла і будзе жыць
На злосьць усім сусьветным супастатам,
Так, як Сьвятло жыве ў сьвятым крыжы.
 
29.III.2009.
 
 
 
 
Баляда Ўсевалада Ігнатоўскага
19.04.1881 – 4.02.1931
Халодны пісталет, як чорны лёд,
І час такі ж, як чорны пісталет.
 
Ты ведаеш: харошы ў нас народ,
Ён – працаўнік, змагар і ён – паэт,
І любіць ён ня менш, чым ты, зямлю,
Якую Бог нам даў, каб кожны мог
Па-беларуску ёй казаць «люблю»,
Але чамусьці не ў пашане Бог
І мова, і ты вораг для людзей,
Што ведаюць, якой павінна быць
Твая Айчына, што табе мілей
За ўсё. І як тут беларусу жыць
У часе, што – як чорны пісталет,
Які з шуфляды дастаеш, як лёд,
Які не растае, нібыта сьлед,
Што ў небе па-над Менскам самалёт
Пакінуў і за небакраем зьнік...
 
І вецер па-над горадам, як крык,
На момант узьляцеў і ў сьнег упаў,
І пісталет у цемры не растаў,
А цемрай стаў...
 
1.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Івана Луцкевіча
9.06.1881 – 20.08.1919
На Роса ў Вільні росы, нібы сьлёзы,
Бо ты ўсё ж не вярнуўся з Закапанэ,
Бо ты вярнуўся ў Беларусь, якую
І сьпёка паліць, і сякуць марозы,
Яна ж, нібыта маладая панна,
Трывае ўсё і ўсім усё даруе,
Як ты ўсім за пакуты дараваў.
 
І сёньня сонца помнік твой цалуе,
І плача беларуская трава,
А ты па Беларусі ходзіш нашай.
Як мы жывём – ня кожны з нас раскажа,
Але ты бачыш сам, але ты чуеш
І ў нашых душах, як сьвятло, начуеш,
Бо ты быў сэрцам Беларусі той,
Што, як каменьне замкаў, пад травой,
Што стаць магла – ня стала залатой...
 
1.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Ўладзіслава Галубка
15.05.1882 – 28.09.1937
Вандроўны тэатр не па сьвеце вандруе,
А толькі з самотнай душы – да душы
І ў душах, нібыта ў палацах, начуе
І доўжыць свой шлях празь вятры і дажджы,
І ты спазнаеш усё роднае, наша,
І ў творах сваіх ты жывеш і жывуць
Тутэйшыя людзі, якіх лёс, як сажа,
І сьветлы, як зоры, як шлях у царкву...
 
Вандроўны тэатр, нібы вольная птаха,
Што ў клетцы ня можа ні жыць, ні сьпяваць.
І душы, як келіх атрутаю, страхам
Цябе не прымусіць ніхто напаўняць,
Бо ты беларус, у якога дарога
З самотнай душы да самотнай душы,
Якая, як ты, нібы сьвечка, прад Богам,
А Бог у нябёсах, а Бог на крыжы
І ў думках, дзе ты застаесься і будзеш
З Вандроўным тэатрам і ў сьвята, і ў будзень
Зноў доўжыць свой шлях празь вятры і дажджы,
Каб мы зразумелі: тутэйшыя людзі
І ў хаце любой, і ў любым у двары
Гаспадары!
 
2.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Янкі Купалы
7.07.1882 – 28.06.1942
...Сябе забыць ці быць забытым?
Сябе забіць ці быць забітым
І ў лесьвічны ляцець пралёт?
Прыступкі чорныя, як лёд,
Як лёс, які нас напаткаў...
 
Купала падаў і ўставаў,
І заставаўся, як наш сьвет,
Як той адвечны наш партрэт,
Які даўно не беражом,
Не разумеючы – жывём
Мы толькі зь ім, і родны дом
Ня будзе зьнішчаны агнём,
Ні часам, ні якой бядой,
І сум размыецца вадой,
Што зь неба весьняга пральецца,
І ўжо ніхто не пасьмяецца
Над намі і над нашым краем,
Які ў нас быў, які мы маем
І будзем мець, як меў Купала.
 
Купала ёсьць, і нам нямала,
Каб быць, тутэйшае любіць,
Каб падаць і ўставаць, і жыць,
І заставацца, як наш сьвет,
Як той адвечны наш партрэт,
Які, нібыта Божы Храм,
Што зьвеку не належыць нам...
 
12.V.2002.
 
 
 
 
Баляда Якуба Коласа
3.11.1882 – 13.08.1956
...Іду ізноў на пляц Якуба Коласа
Да постаці паэтавай, да голаса,
Які мне чуецца ў бярозавым лісьці.
Да Коласа, як да Айчыны, мне ісьці
І ведаць, што ня ўсе 'шчэ мары ажылі
Пад родным небам на пакутнае зямлі,
Дзе нам з табою выпаў не найлепшы лёс.
 
Стаю, нібыта ў Храме, у сьвятле бяроз
І слухаю – Сымон-музыка грае нам
Пра Шлях, якім ісьці, а мы ідзём да крам
І ўжо не думаем пра нашае жыцьцё.
Шуміць, як полымя нябеснае, лісьцё,
І голас Коласа, нібыта крыж, над ім
І бачыцца, і чуецца, але – ня ўсім:
«Мой родны кут, як ты мне мілы,
Забыць цябе ня маю сілы...»
 
...Ідзеш і ты на пляц Якуба Коласа
Да постаці паэтавай, да голаса,
Які 'шчэ чуецца ў бярозавым лісьці...
 
Да Коласа, як да Айчыны, нам ісьці!
 
7.I.2002.
 
 
 
 
Баляда Язэпа Лёсіка
18.11.1883 – 1.04.1940
Нявольны зноў. Няма ў цябе краіны,
Бо з воляю краіну адабралі.
І родны край – астрогі і руіны,
Што скрозь травой чужой пазарасталі, –
Далёка, як далёка наша воля,
Якую сьніш ты і жывеш якою...
 
Чужая мова і чужое поле,
Дзе вецер звар’яцелы прад турмою
Лятае, і табе ў турме здаецца,
Што нават вецер над табой сьмяецца,
Бо ўсё дарэмна. Толькі ж недарэмна
Усё было, і вольным край наш будзе,
Бо ёсьць наш край і ёсьць, і будуць людзі,
Што любяць волю, а яна ўзаемна
Іх любіць, і таму твая краіна
Паўстане, нібы крыж сьвяты, з руінаў,
Бо ты ў ёй жыў, бо ёю жыў і мову
У сэрцы нёс – дзяржаўнасьці аснову, –
Каб кожны дзень, які пасьля пачнецца,
Быў беларускім, нібы беларуса сэрца...
 
30.IX.2007.
 
 
 
 
Баляда Вацлава Ластоўскага
8.11.1883 – 23.01.1938
Дзень адыдзе ў небыцьцё
Па чырвоных кветках сьмерці.
Верыць жа табе ў жыцьцё
І казаць народу: «Верце!»
І на вулках нашай Вільні
Бачыць волю праз гады
І праз турмы, і клады,
Бачыць залаты наш час,
Дзе наш Бог пачуе нас,
Бо сваё мы скажам слова:
«Мы народ, і ў нас ёсьць мова,
Ёсьць адвечная Айчына,
А вакол яе – чужына...»
І ляціць у сэрца куля
Па загаду: «Расстраляць!»
І пакуль яна ляціць
Вечнасьць будзеш ты зьбіраць,
Каб радзіным словам жыць,
Каб ісьці ў сьвітаньне наша
І цяпліць сьвятло для нас.
«Ён – нацдэм!» – бязродны кажа,
«Ён – змагар!» – нам кажа час,
Што пачаўся ў родным краі,
Дзе заўжды чужынцаў зграі,
Дзе заўжды нас вельмі мала.
Толькі годнасьць не прапала!
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Век адыдзе ў небыцьцё,
Ды ня скончыцца жыцьцё.
 
6.X.1993.
 
 
 
 
Баляда Антона Луцкевіча
29.01.1884 – 23.03.1942
У вечнасьці ня губіцца нічога.
І кожны крок твой, як у вечнасьць крок,
Каб Беларусь была, нібы да Бога
Дарога, а – не на вятрах лісток,
 
Які ляціць туды куды вятры
Яго нясуць, пакуль ён не загіне.
І Вільня наша, наша да пары,
Пакуль у сэрцах, сэрцы ж у краіне,
 
Што ў вечнасьці ня губіцца зямной,
Дзе ты – змагар і сын паўстанца годны,
Каб слова роднае жывой вадой
Было і не зьнікала ў краі родным,
 
Дзе людзі найпрыгожыя жывуць,
Што беларусамі даўно завуцца,
Бо беларусы, і яны ідуць
У вечнасьць за табою, каб вярнуцца
 
У вершах, у карцінах, у сьвятле,
Што ў сэрцах беларускіх, як сьвятыя,
Як Беларусь, якая ў нас жыве
І безь якой мы будзем нежывыя...
 
23.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Фларыяна Ждановіча
28.10.1884 – 22.10.1937
Выходзіш на сцэну, як на эшафот,
І роднае слова, як зерне ў ральлю,
Ты сееш у сэрцы, каб заўтра народ
Сказаў свайму роднаму слову «люблю»,
Як кажа «люблю» камяням і крыжам,
Якія на могілках і ля дарог,
Як кажа «люблю» і палям, і лясам,
І рэкам, азёрам і небу, дзе Бог
Спакойна глядзіць на цябе і твой шлях,
Дзе ты ўсё на сцэну выводзіш сяброў
І верыш, што будзе, як сьлёзы ў вачах,
Тэатр беларускі, бо ў сэрцы любоў
Да роднай зямлі аніколі ніхто
Ня зьнішчыць, бо гэта – наш лёс.
Тэатр беларускі – жывое сьвятло
Ад замкаў і храмаў, ад рэк і бяроз,
Што ёсьць і век будуць для нас, як былі,
І мы беларусы ад роднай зямлі
Век не адрачомся – хоць нас расстраляй,
Бо тут эшафот наш і вечны наш рай,
Ня толькі на сцэне і ў час, як вясна,
Але і цяпер, калі куля ляціць...
І нельга Айчыну сваю не любіць,
Бяз нашай любові загіне яна,
І нас без Айчыны праз год, не праз сто
Ня ўгледзіць на роднай зямлі аніхто...
 
2–21.III.2009.
 
 
 
 
Баляда Палуты Бадуновай
1885 – 29.11.1938
«Прыгожай і слабой павінна быць жанчына...» –
Прывыклі так мужчыны гаварыць даўно.
Яна слабая, як з мужчынам п’е віно,
Прыгожая і моцная, калі з Айчынай,
Што хоча вольнай быць, жанчына заадно.
І ты была прыгожай, нібы кветка ў маі,
І моцнай беларускаю душой была.
І ты трывала зьдзек, ня кожны зьдзек стрывае
У часе, што шкадуе для людзей цяпла.
І ты на шыбу дыхала, каб сонца бачыць,
І доўга тонкі лёд крывава раставаў.
І тое, што было, ніхто ўжо не зыначыць,
Турмой ня стануць ні касьцёл і ні царква,
Яны – сьвятыя, як і нашая Айчына,
Што вольнай будзе, а інакш і не павінна
Быць у Эўропе, бо і Беларусь – жанчына,
Прыгожая і моцная, як ты была
У час свайго імкненьня да Сьвятла...
 
9.IX.2008.
 
 
 
 
Баляда Сымона Рак-Міхайлоўскага
14.04.1885 – 27.11.1938
...Жыцьцё – не каляровы сон, кроў – не вада,
І гэта сёньня добра разумееш ты.
Як пальцы ў кулаку, людская грамада,
Калі адна ёсьць мэта ў цэлай грамады.
 
А мэта – жыць у беларускай грамадзе
На роднае зямлі, якую даў нам Бог.
Тут зоры, як у небе, у рачной вадзе,
Тут вечна студні і крыжы каля дарог.
 
«Што заслужылі, тое атрымалі мы...» –
Гаворыш, ты і чуюць Салаўкі твой крок,
І сочыць за табою вартавы, як воўк,
Каб ты ня ўцёк у белы акіян зімы.
 
Ты не ўцячэш, ты вернесься ў радзімы край,
Ужо там кулю для цябе рыхтуе кат.
Радзіма – сонца вечнае і вечны рай,
Калі глядзіш ты на Радзіму не з-за крат.
 
Ты ў грамадзе. І голас зь неба чуеш ты:
«Хто з вас гатоў агонь зімы стушыць крывёй?..»
І першым выйшаў ты спакойна з грамады
І, выйшаўшы, застаўся з грамадой.
 
18.VIII.2007.
 
 
 
 
Баляда Зьмітрака Бядулі
23.04.1886 – 3.11.1941
Вайна за сьпінаю і прад табою.
Цягнік сівы ў зіме, як кол, стаіць.
І ўсім жыцьцё жыцьцём, вайна вайною,
І, быццам пахаронкі, сьнег ляціць
І на зямлю, і на цябе, слабога,
І ты нясеш, нібы жыцьцё, ваду,
Што замярзае, нібы ў нежывога –
Яшчэ жывыя вочы, што бяду
Краіны, у якой ты быў ня лішні,
Усё яшчэ ня выпілі да дна,
А дна ня знае нават Усявышні,
І ты ня будзеш знаць, бо ўжо вайна
Цябе дагнала і спыніла сэрца,
Дзе беларускае жыло сьвятло.
І ўпала на зямлю з вадой вядзерца,
І ў сьнег тваё жыцьцё з вадой сьцякло,
І лёдам стала, па якім сьпяшацца
Жывым далей ад чарнаты вайны.
Табе ж застацца тут, душы вяртацца
У родны край, дзе продкаў валуны,
Дзе кожную вясну буслы гнязьдзяцца,
Нібы ў табе аб Беларусі сны...
 
11.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Міколы Равенскага
17.12.1886 – 3.03.1953
Шумяць знаёма ясень і каліна.
Але ня родны край тут, тут – чужына.
І ты ня вернесься дамоў ніколі,
Як ліст зь бярозы, што ляціць над полем,
Ніколі ўжо ня вернецца на гольле...
 
І плача скрыпка, і душа галосіць,
Анёлы песьню аж да зор узносяць,
І чуе песьню наш Магутны Божа.
І не знайсьці краіны больш прыгожай,
Чым Беларусь, якая добра помніць
І востры чорны штык, і сонца промні,
І кожнага хто нарадзіўся тут
І зразумеў, што гэта родны кут,
Адзін, як крыж, што на магіле будзе...
 
Струна ірвецца. Нібы мора, людзі
Бясконца б’юцца душамі аб неба,
Дзе воблакі нібы сумётаў срэбра,
Што музыкай навеяны тваёю
Зямной, як мы, як зоры, незямною
У гэтым сьвеце, дзе трава пад сьнегам
Не памірае, а вясну чакае,
Дзе Беларусь – і Альфа, і Амэга,
І ўсім, яе хто любіць, – не чужая...
 
25.IV.2009.
 
 
 
 
Балядны маналёг Алеся Гаруна
11.03.1887 – 28.07.1920
Пэўна ў гэтай краіне памру, як сабака,
Толькі гэта краіна адвеку мая,
І век буду я зь ёю сьмяяцца і плакаць
І зраблюся сабакам, як здраджу ёй я.
 
Пэўна ў гэтай краіне мне славы ня ведаць.
Але што тая слава? Узьвеяны пыл!
І я буду да скону тутэйшым паэтам
Старасьвецкіх дарог і забытых магіл...
 
Толькі ў гэтай краіне, у роднай краіне
Я памру, як сабака, спазнаўшы нястачу,
Дый прад сьмерцю мяне тут любоў не пакіне
Да краіны, дзе я весялюся і плачу...
 
19.X.1996.
 
 
 
 
Баляда Цішкі Гартнага
4.11.1887 – 11.04.1937
Усё ў былым – і слава, і пашана,
І ўжо дарогі больш няма назад.
Ды выбар ёсьць яшчэ – быць расстраляным
Ці раптам звар’яцець... І ты – вар’ят,
Але і ў гэтым доме ў вокнах краты,
Як павукі, што ткуць самоту й сьмерць.
І лекары крычаць, крычаць вар’яты,
І можна тут сапраўдна звар’яцець.
А за сьцяной вясна, ды жыць ня хочаш,
Бо немагчыма ў вар’ятоўні жыць,
І ўжо ня поўню ў небе бачаць вочы,
Пятлю, якая кліча і гарыць,
Як бальшавіцкі сьцяг, служыў якому
І пад якім людзей катуе кат.
Ня здрадзіў ты Айчыне і нікому
Ня здрадзіш. Ты – змагар, а не вар’ят.
І заўтра, як сабаку, закапаюць
Цябе на ўскрайку парку, ды і там
Твой чэрап беларускі адшукаем,
Нібы ўначы – бялюткі Храм...
 
26.XII.2007.
 
 
 
 
Баляда Язэпа Драздовіча
13.10.1888 – 15.08.1954
Па Беларусі ў сьвітцы белай,
У пыле зорак і дарог
Ідзе, задумны, пасівелы,
Вандроўнік – мудрых фарбаў Бог.
Чароўны кій вядзе па сьвеце.
А родны край як родны дом.
 
– Дзівак! – зь яго сьмяецца вецер. –
Усё, што зробіш, – стане тлом!
Сядзеў бы дома і партрэты
Жанкам вясковым маляваў,
Меў торбу б грошай ты за гэта,
І не балела б галава
За мову мужыкоў тутэйшых.
Дзівак! Ты верыш у сусьвет!
Хапала ў сьвеце разумнейшых.
Ды дзе яны? Усе ў траве.
Чужых дзяцей любіць – прыгожа.
А дзе свае? Маўчыш, стары?
Павалісься – а хто ж паможа
Устаць? Загінеш без пары!
Ня слухаеш – то не разумна!
Хаця ідзі, раз выбраў шлях.
Твой шлях зямны – цяжкі і сумны,
Твой лёс – як поле ў камянях...
 
А ён, рукой махнуўшы, сьмела
Свой кінуў цень на крыж дарог
І ў люд пайшоў па Русі Белай,
Вястун, паэт, мастацтва Бог.
 
21.XI.1988.
 
 
 
 
Баляда Антонія Ляшчэвіча
30.09.1890 – 17.02.1943
Ворагам холадна. Ворагі паляць
Хаты і Храмы, старых і дзяцей.
Паляць усё, ды ня спаліцца памяць,
Памяць любога агню наймацьней.
 
Молісься ты і малітваю шчырай
Душы ратуеш, што ў неба, бы ў вырай,
Сьледам за дымам лятуць і лятуць,
Потым у небе ўначы зацьвітуць
Зорамі шчырымі, быццам бы сьлёзы,
Зорамі сьветлымі, быццам бярозы,
Нашы бярозы, што ўвесну заплачуць,
Бо ўжо цябе ля касьцёла ня ўбачаць
І не пачуюць малітвы тваёй,
Толькі пабачаць цябе над зямлёй
У аблачынцы, якая сумуе...
Мог ты застацца пажыць, – не схацеў,
Бо адзін Бог нам жыцьцё ўсім даруе,
А не чужынец, які азьвярэў.
 
Ворагам горача – ворагі паляць
Хаты і Храмы, старых і дзяцей.
Паляць Айчыну, ня спаліцца ж памяць,
Памяць любога агню наймацьней.
 
13.V.2009.
 
 
 
 
Баляда Аркадзя Смоліча
17.09.1891 – 17.06.1938
...Ну а заўтра цябе расстраляюць,
І ніхто страшны стрэл не пачуе.
Твае зоры зь нябёс паўпадаюць,
Тваё сонца ў табе адначуе,
 
І зноў будзе яно за лясамі,
Над зямлёй, дзе сівее курганьне,
Дзе азёры, палі з валунамі,
Дзе яшчэ рута-мята ня вяне,
 
Дзе зубры Белавежу вартуюць
І дзе лён, як тутэйшае мора,
Празь якое сьцяжыны прастуюць,
Нам яднаючы заўтра і ўчора.
 
І ты верыш, што прыйдзе той час –
Беларусь перастане быць краем
Невядомым і бедным для нас,
Праз свой край мы Эўропу спазнаем.
 
Але заўтра цябе расстраляюць,
Нібы выб’юць з падмурка цагліну
Храма белага, дзе ўжо сьпяваюць
Пра свабодную нашу Айчыну.
 
8.X.2008.
 
 
 
 
Баляда вяртаньня Багдановіча
9.12.1891 – 25.05.1917

#1
Далёка-далёка ля Чорнага мора
Душа не знаходзіць спакою зямнога.
І чайкай лятае над сінім прасторам,
І просіць спагады – ня вечнасьці – ў Бога.
 
Душа на радзіму даўно б паляцела,
Ды кінуць ня можа паэтава цела,
Якое зямлёю ўжо стала сырою,
Даўно адшумеўшы самотнай травою.
 
Нялёгка знайсьці да магілы сьцяжыну –
Далёка-далёка, як сонца, Айчына,
Дзе разам зьмяшалася шчасьце і гора
І воран крыляе над пыльным прасторам,
А ў пыле сьмяротная дрэмле атрута.
 
У Храмы заходзіць сучасны Іуда
І моліцца Богу, ня любячы Бога,
І ведаць ня хоча нікога, нікога,
Тым болей паэта, які на чужыне
Быў верным гаротнай, нявольнай Айчыне.
 
Ды ёсьць яшчэ людзі, што мараць пра волю,
І помняць паэта, ягоную долю,
І хочуць вярнуць на радзіму Максіма
З чужога, далёкага, тлумнага Крыма...
 
...Душа на радзіму даўно б паляцела,
Ды кінуць ня можа паэтава цела,
Што стала зямлёю
Чужой і маёю...

 

#2
Максім Багдановіч... Максім,
Самотны, нібы пілігрым,
Які хоць вярнуўся дамоў,
Ды толькі свой дом не знайшоў,
Як нельга магіл адшукаць,
Дзе рыцары нашы ляжаць...
Максім Багдановіч... Максім,
Мы разам з табою ляцім
Да зорак, што сьветла гараць
У небе, куды не глядзяць
Самотныя людзі з вакон,
Счарнелых, нібыта ікон...
Максім Багдановіч... Максім,
Жыцьцё сёньня наша як дым,
Зь якога ня бачна жыцьця,
Нібыта ня бачна лісьця
На дрэвах, што ссохлі вясной,
Калі разьвітацца з табой
Нам дадзена лёсам было...
Але не прапала сьвятло,
Якое ты нам запаліў
На гэтай прыгожай зямлі,
Дзе мы тут спрадвеку былі
І будзем, як гэты прастор,
Як гэта імкненьне да зор...
Максім Багдановіч... Максім...

 
15.VIII.1991, 25.V.2001.
 
 
 
 
Баляда Адама Станкевіча
6.01.1892 – 29.11.1949
Як канваір, мяцеліца зьбівае з ног
І замятае, як агонь, крывавы сьлед.
І чорная тайга з дарогай на той сьвет
Як страшны сон, які прысьніцца толькі мог,
 
А яваю ня стаць, бо ёсьць над намі Бог,
Як ёсьць заўжды сьвятло ў касьцёле і царкве,
Але сьвятар ідзе – вялікі філянтроп–
Па мёртвае дарозе ў свой апошні шлях,
 
І сьнег, нібыта крыж бялюткі, на плячах
Ляжыць, і сьнег наўкол, нібы другі патоп,
Дзе белы сьвет з жыцьцём губляецца ў сьнягах
І паўстае, нібыта ўдар кувадлы ў лоб,
 
Каб раптам не ажыў, хто жыць яшчэ хацеў,
І верыў, і любіў, і спадзяваўся зноў
Вярнуцца ў родны край, дзе сьветла ад дажджоў,
Як ад малітвы...
 
3.II.2005.
 
 
 
 
Баляда Рыгора Шырмы
20.01.1892 – 23.03.1978
«Песьня родная – душа народа», –
Мовіш, і паўторыць словы Бог.
Песьня сьветлая – калі свабода,
Песьня чорная – калі астрог.
 
І сьпяваеш ты, аж неба плача
Зоркамі, што, падаючы ў ноч,
Як у душы, што сьвятла ня бачаць,
Асьвятляюць, як глыбіні воч,
 
Нашы беларускія прасторы,
Дзе сьляды ўтравелыя вайны,
Дзе ў блакітным лёне, як у моры,
Бачны астравамі валуны,
 
Да якіх ты хлапчуком прыходзіў,
Як да рэшткаў збуранай царквы,
Як да песень, што жылі ў народзе
І жывуць, пакуль народ жывы.
 
І стаіш ты перад песьняй роднай
На каленях. Песьня, быццам Бог,
Сьветлая, калі народ свабодны,
Чорная, калі жыцьцё – астрог.
 
2.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Браніслава Тарашкевіча
20.01.1892 – 29.11.1938
Слова да слова, як цэгла да цэглы –
Так беларускі будуецца Дом.
Колькі ў падмурак яго з нас палегла!
Колькі 'шчэ вечным атуліцца сном!
 
Заўтра й цябе расстраляюць, і восень
Будзе з крывёю тваёю чарнець.
Згубіцца ў хмарах апошняя просінь,
Горка звуглее асеньняя медзь.
 
Слова ж чужое нам родным ня стане,
Як і ня стане зямля нам чужой,
Дзе нарадзіліся мы і сьвітаньне
Душы напоўніла нашы сьлязой,
 
Быццам малітвай адвечнаю – Храмы,
Храмы, што будуць на нашай зямлі
Роднымі нам, не чужымі таксама
Тым, што да нас з дабрынёю прыйшлі...
 
Заўтра ты прыйдзеш, як заўтра, дадому
І не пазнаеш свой Дом і свой Храм.
Што ўсё ня так – ты ня скажаш нікому.
Што ўсё ня так – нават Бог знае Сам.
 
Слова да слова, і сэрца да сэрца, –
І ажывае зноў мова дзядоў,
І беларусам тутэйшы завецца,
І Беларусь – як пралітая кроў
За Беларусь...
 
7–10.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Аляксандра Чарвякова
8.03.1892 – 16.06.1937
«Беларусь беларускаю будзе
Ці іначай ня будзе зусім
Беларусі. І нашыя людзі
Не пазьнікнуць у людстве чужым
 
З мовай роднай, якая спрадвеку
Богам дадзена тут чалавеку!» –
Ты гаворыш, і многія чуюць
І наш Дом беларускі мацуюць.
 
Але гэтая радасьць – часова,
Бо ня трэба тут родная мова
У вялізнай краіне Саветаў,
Дзе баяцца, як сьмерці, паэтаў
 
І таму іх зьнішчаюць, ссылаюць
Дый цябе ўжо чужым называюць.
А які ты чужы Беларусі?!
Ты на роднай зямлі – гаспадар!
 
І ўжо плача анёлак у скрусе
У нябёсах, дзе чорна ад хмар,
Што зьбіраюцца па-над табою,
Над тваёй беларускай душою.
 
І ты сам пакідаеш жыцьцё,
Як пад ветрам зь бярозы – лісьцё,
Але голас твой чуецца людзям,
Ён ня зьнікне, як з вогнішча дым:
 
«Беларусь беларускаю будзе
Ці іначай ня будзе зусім...»
 
31.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Зоські Верас
30.09.1892 – 8.10.1991
Зіма. «Лясная хатка». Вільня наша.
І ты нібы адна і не адна.
У вечар зойдзе госьць, і ты раскажаш
Пра ўсё, і будзе з вамі давідна
 
Тут Беларусь, якая сьветла сьніцца,
Якая толькі чуецца душой,
Нібы малітва, нам якой маліцца
За родны край, разьдзелены зімой...
 
І хоць тваё канчаецца стагодзьдзе,
Ды не канчаецца адвечны шлях,
І мы па ім да лепшай долі дойдзем,
Яна ўжо ёсьць, як сонца – у сьлязах.
 
І ты глядзіш спакойна ў нашы вочы,
І што ты бачыш там, ня знаем мы.
А па двары гуляе вецер воўчы,
Вынюхваючы ворагаў зімы.
 
29.VI.2008.
 
 
 
 
Баляда Канстанцыі Буйло
14.01.1893 – 4.06.1986
Жыцьцё на чужыне, нібы – у палоне,
Дзе ты прывыкаеш да сонца, якое
Халодна-далёкае, як нежывое,
У воблаках, нібы ў сьнягох, сьветла тоне,
Сьвітае, нібы ва ўспамінах Айчына,
Якую ты любіш, якой ты жывеш.
 
І сьніцца табе каля хаты рабіна
Зь лістотай счарнелай, як спалены верш,
Якога душа адляцела ў нябёсы
Іскрынкай тваёй адзінокай душы.
 
І пройдуць дажджы, і мінуцца марозы,
І будуць чарнець на магілах крыжы
Паэтаў, якіх расстралялі за тое,
Што сонца над намі ўсё ж не залатое,
А проста чырвонае, быццам бы кроў...
 
Пакуль ты жывеш, ты ня прыйдзеш дамоў
У ціхае Вішнева, дзе ўсё сьвятое
І любае, блізкае і дарагое,
А будзеш здалёку глядзець на Айчыну
І сумныя вершы Айчыне пісаць,
І плакаць ты будзеш, як плачуць жанчыны,
Калі ўжо ня могуць нічога сказаць...
 
25.IX.2007.
 
 
 
 
Баляда Максіма Гарэцкага
18.02.1893 – 10.02.1939
Цёмна, цёмна ў родным краі.
На крыжах вятрыска грае.
Дзе сьвятло? Сьвятла няма.
Доўга цягнецца зіма.
 
Нібы воўк, завея вые.
Люд маўчыць. Няўжо – нямыя?
Да агню ідзе Максім.
Воўчы цень ідзе за ім.
 
А наўкол адна бядота,
І жыцьцё – нібы балота.
Што з таго, што ні граша!
Ёсьць галоўнае – душа
У людзей, што ў родным сьвеце
Патаемна сьняць аб леце.
 
Цёмна, цёмна – хоць ты плач, –
Зь неба зоры ўкраў крумкач.
Да сьвятла дайсьці ўсё ж трэба.
Тут зямля, тут наша неба,
Тут шынок, а тут турма,
Нават нашая зіма.
 
На крыжах завея грае.
Кожны крыж свой выбірае.
А ў Гарэцкага дарога –
Да вясны, Сьвятла і Бога...
 
Дойдзе, дойдзе наш Максім.
Нам ісьці лягчэй за ім.
 
18.IX.1993.
 
 
 
 
Баляда Андрэя Мрыя
1.09.1893 – 8.10.1943
Ты едзеш на Радзіму паміраць –
Такую радасьць даў табе ГУЛАГ.
Наўкол сьнягі, і, нібы кроў, зара
За цягніком па дрэвах, як гарах,
 
Цячэ і намывае ў сэрца сум
Па тых часах, калі шчасьлівым быў.
І не хаваеш ад людзей сьлязу,
Нібы жыцьцё, якое ўжо пражыў.
 
Ты едзеш на Радзіму паміраць.
А на Радзіме трэйці год вайна.
І твой вагон – вялізная труна,
І колы ўсю дарогу грукацяць,
 
Як малаткі грукочуць па цьвіках.
Тваё жыцьцё губляецца ў сьнягах.
Твая ж душа як рукапісы кніг,
А рукапісы кніг, нібы душа,
 
Гараць і застаюцца ля жывых,
Як кветкі палявыя ля крыжа,
Дзе ты, забіты нелюдзьмі, ляжыш,
І вецер зь Беларусі твой цалуе крыж...
 
20.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Паўліны Мядзёлкі
24.09.1893 – 13.02.1974

Сьнілася дзяўчыне...     
#Янка Купала

 
Сьнілася дзяўчыне залатое раньне,
Сьнілася дзяўчыне вечнае каханьне.
Ды нічога вечнага не было й ня будзе,
Раньне залатое не патрэбна людзям,
Як ня трэба воля, як ня трэба вецер...
Не засьвецяць зоркі, як ня прыйдзе вечар,
Як вясна ня прыйдзе, сад не закрасуе.
Сьнілася дзяўчыне, што яе цалуе
Самы найпрыгожы, наймілейшы самы,
І ляціць лістота – пісьмы-тэлеграмы –
Зь явара сівога да краса-каліны
У чужыну-далеч зь любае Айчыны.
Сьніліся дзяўчыне часта немаўляты,
Нібы кветкі ў садзе ля бацькоўскай хаты,
І ў сьлязах дзяўчына сустракала раньне
І глядзела ў поле, дзе ў густым тумане
Не чужая постаць, як туман, зьнікала...
Сьнілася дзяўчыне, што яна сказала,
Што сказаць прад Богам і людзьмі хацела.
І душой у неба, як матыль, ляцела
Ад размоў і чутак, ад усьмешак, сьмеху,
Каб бліжэй да Бога, каб бліжэй да грэху...
Сьнілася жанчыне, што яна дзяўчына,
Сьнілася мужчыну Беларусь-краіна...
 
15.V.2002.
 
 
 
 
Баляда Тамаша Грыба
19.03.1895 – 25.01.1938
Рыцар беларускае свабоды...
Польскіх турмаў неспакойны вязень...
З Прагай залатою – назаўсёды,
Хоць ня думаў ты памерці ў Празе.
 
Ты ж хацеў, каб і твая Айчына
Стала эўрапейскаю краінай,
У якую можаш ты вярнуцца
І ня зьнікнуць, як зьнікае дзень
У нябёсах, быццам у вадзе
Чорнай, дзе русалкі не вядуцца,
А жыве ўсялякая брыдота,
І Айчына, як у дождж балота,
Колькі год табе нібы чужая,
Ды травінкай кожнаю жывая,
Родная, а родную з балотам
Параўнаць – патрэбна абармотам
Урадзіцца ці зрабіцца ім...
 
Па-над Прагай хмары, нібы дым,
І глядзіш ты ў хмары і там бачыш
Беларусь, зь якой ты сёньня плачаш
Па людзях, якія да свабоды
Не дайшлі, ды з намі назаўсёды
Засталіся, як з табой Айчына
Засталася, каб ня стаць чужынай.
 
8.IX.2008.
 
 
 
 
Баляда Ігната Дварчаніна
08.06.1895 – 08.12.1937
Пакуль ёсьць школы – мова не загіне
І родны край ня згубіцца ў сьнягах,
А будзе незалежнаю краінай,
Дзе кожны ўспомніць твой да сонца шлях,
Якім ідзеш, настаўнік маладзенькі,
І прад сабой далёка бачыш ты
Наш сьветлы час, наш Храм, наш дзень вясеньні,
Які ад сонца залатога залаты,
А не ад гільзаў, што пасьля расстрэлаў
Валяюцца ў растоптаных сьнягах,
Дзе кроў цячэ з тваіх грудзей нясьмела,
І сьлёзы, нібы вершы, у вачах
Застылі на хвіліну і расталі,
Нібы ўзьляцелі ў неба за душой,
Якую расстраляць не расстралялі,
Як мове нашай, быць ёй тут жывой
У хатах родных, дзе сьмяюцца дзеці,
Бо плакаць ім яшчэ прычын няма.
Зь нябёсаў зоркі абрывае вецер,
І, як пажар, празь Беларусь зіма
Паўзе, хаваючы ў сабе былое,
Але твой шлях нікому не схаваць,
Як зь неба наша сонца веснавое
Ніколі і нікому не сарваць.
 
29.III.2009.
 
 
 
 
Баляда Алены Кіш
1896 – 1949
У раўчуку вада халодная, як неба,
Зь якога дождж ішоў, а заўтра пойдзе сьнег,
Туманны, сьветлы, нібы восеньскае срэбра,
Дзе сьлёзы ёсьць твае і ёсьць чужацкі сьмех
 
З таго, што босая ідзеш ад вёскі ў вёску
І дываны малюеш гожыя, як рай,
Які адной табе прысьніўся з ласкі боскай,
Каб дыванамі прыгажэўся родны край...
 
Ты прад вадой, нібы прад будучай карцінай,
Стаіш і бачыш, як цячэ тваё жыцьцё
Вадою праз трысьнёг пад сіратой-рабінай,
Што з адзіноты пагубляла ўсё лісьцё,
 
Як ты надзеі пагубляла, каб з нягоды,
Як зь ямы чорнай, выбрацца на белы сьвет,
Каб райскі сад на дыване стаў назаўсёды
Жывым і райскім, як сьвятло ў царкве,
 
І ты, нібы пісьмо каханаму, у неба
Ляціш і падаеш у белую ваду,
Нібы ў халоднае расплаўленае срэбра,
Зь якога кветкі райскія ўзрастуць...
 
14.XII.2008.
 
 
 
 
Баляда Міхася Чарота
7.11.1896 – 29.10.1937
На турэмнай сьцяне ты прысягу рыфмуеш,
А прысяга твая не патрэбна нікому.
Табе хочацца жыць, і ты ў думках дадому
Зноў бяжыш і зямлі пад нагамі ня чуеш,
Той зямлі, на якой сёньня сьлёзы і гора,
На якой людзі ёсьць, што ўсё бачаць і чуюць,
І на вогнішчах босымі сёньня начуюць,
І на мове тутэйшае з Богам гавораць.
І ня хочацца верыць табе, што былое
Стала сном, у якім ты паэт пашанотны,
А цяпер, як Айчына твая, ты гаротны
І навокал усё не тваё, а чужое.
Нават гэта прысяга, якую рыфмуеш,
Не твая, бо ад страху яна, і ты верыш,
Што яна адамкне ўсе турэмныя дзьверы
І сябе, і сяброў ты ад сьмерці ўратуеш.
Толькі ты не ўратуеш нікога ў краіне,
У якой кожны міг нехта плача і гіне.
І цябе расстраляюць, і будзе прысяга
Напаўняцца, як сэнсам, крывёю і жахам...
 
27.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Юркі Лістапада
красавік 1897 – 5.06.1938
Улюбёны, прыгожы, як мары аб волі...
Але волю табе не падораць за тое,
Што ты любіш Айчыну, і вецер у полі,
І лісьцё беларускіх бяроз трапяткое,
Што пад ногі ляціць, і ў калюгах зьнікае,
І становіцца сьмецьцем, якога хапае
І бязь лісьця, якое ў пару лістапада
Тут ня кожнаму сэрца сьвятлом напаўняе,
Як бакалы віном падчас шумнага сьвята
Гаспадарскай рукой напаўняюцца гойна...
 
Ты на неба глядзіш, і на сэрцы спакойна
Ад таго, што спакойныя зоры над сьветам,
У якім расстраляюць цябе, маладога,
І тваёю крывёй афарбуецца лета
І на волю, дахаты зь Сібіры дарога,
Ля якой безымянных магіл незьлічона.
 
Ты спакойна глядзіш ды глядзіш не скарона,
Бо скараецца той, хто выношвае здраду,
Хто ляціць, як матыль на агонь, на багацьце,
Што, як лісьце жаўцюткае ў час лістападу,
Залатое ў сваім залатым лістападзе...
 
20–23.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Адольфа Клімовіча
20.04.1900 – 24.11.1970

                                              Беларусь, твой народ дачакаецца
                                              Залацістага яснага дня...
М. Багдановіч

 
У Вільні арган у касьцёле іграе,
І музыка, нібы малітва, жывая
У душы людскія плыве, не зьнікае,
Цябе ж ад журботы штодзённай вяртае
У Прагу, дзе ўсе яшчэ ўсё маладыя,
Дзе мары, і справы, і сны залатыя
Аб той Беларусі, якая сьвятая,
Якая дзяцей сваіх аберагае,
Каб сьцежкі былі і гасьцінцы старыя,
Бярозы і замкі, капліцы з крыжамі,
Бо воўк у Піліпаўку нема там вые,
А ўвесну нябёсы бялеюць бусламі...
 
Арган не сьціхае, з табою ўздыхае...
Зноў камэра сьмертніка – нібы магіла,
Зь якой ты выходзіш сьсівелы, чужая.
Але Беларусь яшчэ за небасхілам,
І ў сэрцы тваім не памерла, і будзе
З табою і ў сьвяты сьвятыя, і ў будзень,
Бо з роду крывіцкага ты – назаўсёды,
Бо рунь зноў праб’ецца з-пад сьнегу і лёду...
 
Арган не сьціхае, з табою ўзьлятае
Над Вільняй, над тлумнай вялікай краінай,
Дзе ёсьць Беларусь, што сягоньня ня знае,
Якога яна мае слаўнага сына,
Які сёньня зноўку журботны, як тыя
І нашы гэроі, і нашы сьвятыя,
Што верылі: нават калі іх ня будзе,
Ня зьнікне Айчына – ёсьць крыўскія людзі...
 
Арган не сьціхае, ён душы яднае
Па-над Беларусьсю, што сонца чакае...
 
9.III.2008.
 
 
 
 
Баляда Ўладзімера Жылкі
27.05.1900 – 1.03.1933
«Ня плач, ня плач па сыну, маці...» –
Твой першы верш і ўздых апошні.
Ёсьць Беларусь, а значыць, шчасьце
Таксама ёсьць, хоць і ня кожны
Яго адчуў у часе гэтым,
Дзе небясьпечна быць паэтам...
 
Твой родны край усё далей,
І чым далей, тым ён мілей.
Зноў сьняцца Вільня, Менск і Прага,
І не сьціхае ветру зьвяга
І ў сьнег, і ў дождж, і ў сухавей.
І ты вярнуцца спадзяесься
І ў думках над сабой сьмяесься
Так, як паэт сьмяяцца можа.
Няма для сьмерці бездарожжа.
Твая ў сьнягох застыне кроў.
Сваёй паэзіяй дамоў
Ты вернесься, але ня скора,
Бо сьнег навокал, нібы мора,
Дзе ўсё патоне і загіне...
І будзеш ты ў сваёй краіне
Казаць: «Ня плач па сыну, маці.
Ёсьць Беларусь, і гэта – шчасьце!»
 
3.IX.2008.
 
 
 
 
Баляда Кузьмы Чорнага
24.06.1900 – 22.11.1944
Зноў турэмная камера сьніцца,
Як труна, у якой ты жывы.
А на вуліцы не навальніца,
А вайна каля самай Масквы.
І ня можаш ніяк ты прачнуцца,
Каб, як кокан матыль пакідае,
Так пакінуць турму і вярнуцца
У дзяцінства, дзе мрой трапяткая
Павуціна плыве над табою
І, зьнікаючы ў менскай турме,
Рассыпаецца чорнай журбою
Па Айчыне, нібы па зіме,
У якой ты ня можаш ня ўспомніць
Непрыгожыя кветкі крыві
І штыкоў зьледзянелыя промні
За вакном, дзе шчэ шэпча: «Жыві...»
Адзінокая шэрая ліпа.
І жывеш ты, і знаеш – ня сьніш
Гэты лёс, што табе, як сьнег, выпаў,
Дзе ў табе твой хрыбет, нібы крыж...
 
30.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Міхала Забэйды-Суміцкага
14.06.1900 – 21.12.1981
Сьпяваючы ў Празе, сьпяваў для Айчыны
І ў сэрцы Айчыну, як песьню, бярог.
Журботна шумелі бярозы, рабіны
Над пылам і брукам радзімых дарог,
Якімі табе не прыехаць дахаты,
І ў вочы вяскоўцаў, бы ў вечнасьць, зірнуць,
І ўбачыць народ працавіты й багаты,
Які беларускім у сьвеце завуць
За мову, за годнасьць, за мужнасьць і веліч,
Якія спрадвеку, якія навек.
І страшна, што ў цэрквы сбцяжыны ўтравелі,
Але жыве Бог у душы, бы ў царкве.
І ты зноў сьпяваеш, і чуе Эўропа
І хоча, каб ты беларусам сябе
Больш не называў і пражыў у журбе
На дне залатога ад гільзаў акопа,
Зь якога ня кожны бароніць Айчыну,
Каб сонца было па-над ёй і каб ты
Усё да астатку Айчыне пакінуў
І быў для Айчыны, як кропля вады
Жывой... І ты не адрокся ад долі
Сябе называць беларусам, каб мы
Адвечнае наша імкненьне да волі
Не пазагублялі на сьцежках зімы,
Калі ты пайшоў...
 
3.VIII.2008.
 
 
 
 
Баляда Пётры Сергіевіча
10.07.1900 – 1.11.1984
Мастак – нявольнік вечнай прыгажосьці,
Якому аж да сьмерці без спачыну
Не маляваць партрэты для кагосьці,
А ратаваць любімую Айчыну
 
Ад той самоты, што людзям ня сьніцца
І не дае табе спакойна жыць,
І век табе на родны край маліцца,
Які даўно расьпяты на крыжы
 
Дарог Эўропы, па якіх агнёва
Хадзілі заваёўнікі ня раз,
Ды Беларусь жыве, жыве і мова,
Яна, як наша кроў, заўсёды ў нас.
 
І да цябе, да віленскай майстэрні,
Прыходзяць, як да Храма, мастакі,
І прыгажосьці беларускай зерне
Ты ў сэрцы расьсяваеш на вякі,
 
І прыгажосьць у людзях прарастае,
Якія любяць не сябе, Айчыну.
Айчына непрыгожай не бывае.
Яе любіць да сьмерці без спачыну.
 
І ты малюеш, што душа жадае,
За што табе ня плацяць ні граша.
Малюеш, і душа твая сьпявае,
І плача беларуская душа.
 
4.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Ўладзімера Дубоўкі
15.07.1900 – 20.03.1976
Дваццаць сем гадоў, як груганоў,
Чорна прашумелі праз душу.
Словы на паперы, нібы кроў,
Бы трава вясной пасьля дажджу
На магілах, дзе сябры ляжаць,
На пажарышчах, дзе родны сьвет,
У які штодня ляціць душа
І вяртаецца ў чужы санэт,
Нібы ў клетку, у якой жыцьцё
Існуе настолькі, колькі ты
Любіш гэтай клеткі сьвет сьвяты
Запаўняць душой, як сад лісьцём
Восеньню сьцяжыны запаўняць
Любіць вецер, што заўжды з табой
Пасьмяяцца і пасумаваць
Можа ў волі горкай і чужой,
Вырвацца зь якой няма ўжо сіл,
Бо ў аблоках сонца, як касьцёр
У сьнягах, дзе чорны небасхіл,
Нібы воран, крыльле распасьцёр
І крыляе за табой усьлед
Праз гады, празь вершы, празь любоў,
Праз пажарышчы, дзе родны сьвет,
Дзе шыпшына ў сьнезе, нібы кроў...
 
1–2.II.2005.
 
 
 
 
Баляда Віктара Вальтара
28.071902 – 17.04.1931
Пад Сатурнам нараджаюцца паэты
І ў нябыт сыходзяць, як вада ў пясок.
Ты, гаротны, добра ведаеш пра гэта,
Бо жыцьцё тваё як на вятрах лісток
На бярозавай галінцы Беларусі,
Для якой ты на чужыне не чужы.
 
З Прагі, нібы з выраю, дамоў вярнуўся,
Каб любіць людзей прыгожых і дажджы,
Што ніколі не размыюць сьцежак вузкіх
Да крыжоў, да курганоў, дзе чуйна сьпіць
Гнеў і плач, як наша вечнасьць, беларускі,
За якія нельга нас не палюбіць
І сказаць, што ёсьць мы тут і тут мы будзем,
Хоць народжаныя пад Сатурнам мы.
 
Грымне весьні гром, і гром жыцьцё разбудзіць,
І той Слова скажа, што век жыў нямым,
І народзісься ты зноў у Беларусі,
У якой ёсьць слава, веліч і свой шлях,
Над якой крыляе, як анёлак, бусел,
За якую ўмерці – гонар, а ня страх.
 
20.VII.2009.
 
 
 
 
Баляда Тодара Кляшторнага
11.03.1903 – 30.10.1937
Трамваі зноў разбудзяць горад шэры,
Засьвецяцца, нібыта ліхтары,
Лістотай трапяткою клёны ў скверы,
Жаўцюткія і чорныя ўнутры.
 
І ўсё абудзіцца, і дзень пачнецца,
І засьмяецца сумнае дзіця,
Але тваё не страпянецца сэрца,
Бо куля ў ім і ў ім няма жыцьця,
 
Якое ты любіў пад родным небам,
Зь якога часта дождж і сьнег ішоў,
Ды неба іншага было ня трэба,
Бо ў сьвеце лепшых сьнегу і дажджоў
 
Няма, і не было, і больш ня будзе
І ў вершах застануцца назаўжды
Яны і новы дзень сабой абудзяць,
Нібы трамвай, ад сонца залаты,
 
Што празьвініць і зьнікне за дамамі
Старымі, як і гэты сьвет стары,
І будзе плакаць дзень дажджом-сьлязамі
Чарнюткімі і сьветлымі ўнутры.
 
29.IX.2008.
 
 
 
 
Баляда Янкі Шутовіча
24.01.1904 – 9.12.1973
У Віленскай карціннай галерэі
Ты сьціплы беларускі вартаўнік.
І сэрца, і душу мастацтвам грэеш,
Не забываеш маладыя дні,
Дзе ты з паэтамі аб волі мроіш
Краіны, у якой жыве народ
Ня цёмны і сьляпы, нібыта крот,
А мудры, у якога ёсьць гэроі
І замкі, храмы і дзяржаўнасьць мовы...
Ды многае з жыцьця забыць гатовы,
Дзе быў ты, вольны, за калючым дротам
І ў думках толькі Беларусьсю жыў,
Што, нібы кветка папараць пад лёдам,
Была схавана ад людской душы
Пад пылам, як пад золатам, чужога,
Ня лепшага, ня горшага, чужога.
І наша ты ад згубы ратаваў,
Ня просячы сабе ратунку ў Бога,
І потым зноў з-за кратаў уцякаў
У думках у музэй, які ствараў,
Зь якога ты не зьберажэш нічога
Амаль, але ня зьнікне шлях адвечны,
Шлях беларускі, па якім і ты
Прайшоў па-беларуску чалавечна,
Пакінуўшы няўпыльныя сьляды...
 
1.VIII.2008.
 
 
 
 
Баляда Паўлюка Труса
6.05.1904 – 30.08.1929
«Падаюць сьняжынкі – дыямэнты-росы,
Падаюць бялюткі за тваім вакном...»
І бяжыць юнак па першым сьнезе босы
Да труны з жытнёвым просьценькім вянком.
 
Ён бяжыць і плача, а труна – пустая,
Не труна, а яма вырыта яму,
І яна ў Сібіры, як жана, чакае
І чакаць 'шчэ будзе не адну зіму.
 
Раптам сьнег зьнікае, быццам бы згарае,
І ў табе агнёва закіпае кроў.
За вакном лістота ціха ападае –
Засьцілае жнівень сьцежку да кладоў,
 
Па якой у лепшы сьвет адыдзеш скора,
Не спазнаўшы цалкам шчасьця і бяды,
А сябры твае ў Сібіры, як у моры,
Застануцца без магілаў назаўжды.
 
І бяжыць юнак ізноў па сьнезе босы
Да сваёй магілы, дзе даўно ў журбе
Падаюць сьняжынкі – дыямэнты-росы,
Падаюць бялюткі на яго й цябе...
 
11.II.2005.
 
 
 
 
Баляда Паўлюка Шукайлы
31.12.1904 – 14.04.1939

                                                                  На Беларусі вада з крыві,
                                                                  палеткі з курганоў і крыжоў.
П. Шукайла

 
Ні надзейных сяброў, ні гасьціннае хаты
У цябе больш у роднай краіне няма.
Ты адзін, як сабака, што ў поле прагнаты,
Дзе на гурбах счарнелых царуе зіма.
 
І глядзіш ты на сьвет не вачмі, а сьлязамі,
І ня можаш ніяк ты цяпер зразумець,
Што зрабілася гэта сягоньня з людзямі
І чаму паўкраіны сядзіць у турме.
 
А было ж – у бабровай баярскае шапцы
І з гадзіньнікам, нібы агонь, залатым
Ты хадзіў, і зайздросьцілі ўсе падшыванцы
І лавілі мядовы паэзіі дым,
У якім ты сам жыў, як матыль жыве ў кветцы,
Што ляжыць на магільнай халоднай пліце...
 
Сьнег вадой са страхі, нібы волава, льецца,
Ледзяшом красавіцкім спакойна расьце
І становіцца куляй, што трапіць у сэрца,
Каб ты больш не хаваўся, каб болей ня жыў
На зямлі, дзе вада з чалавечай крыві,
А палеткі наўкол – курганы і крыжы...
 
29.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Стэфаніі Станюты
13.05.1905 – 6.11.2000
Жыцьцё і сцэна, сцэна і жыцьцё
Зьядналіся, як рэкі ў акіяне,
У сэрцы, што праменіць пачуцьцём
Любові да зямлі, што нам ня стане
Чужой ніколі, бо ў ёй наша кроў
І нашы косьці ў ёй ляжаць таксама.
 
Выходзіш ты на сцэну, каб ізноў
Тэатр нам стаўся беларускім Храмам,
Дзе з намі слова роднае жыве
І не зьнікае, як зьнікалі Храмы
Разбураныя ў чорнае траве,
І вырасталі на іх мейсцы крамы.
 
І плачаш ты, і сьлёзы, як агонь,
Нам нашую Айчыну асьвятляюць,
Дзе сцэна, нібы Божая далонь,
Дзе ўсе на ёй жывуць і паміраюць.
 
24.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Сяргея Новіка-Пяюна
27.08.1906 – 26.08.1994
У небе Айчыны чарнюткія краты,
І чэрап у небе – ня сонца – плыве.
Пры новай уладзе ты зноў вінаваты,
Што ты беларусам зьявіўся на сьвет.
 
І гоняць ізноўку цябе да магілы,
І дротам калючым прыгожыцца шлях.
І воранаў чорных чарнюткія крылы,
І белыя крылы анёлаў, і жах
 
Над шляхам тваім, над людской непакорай.
І будзяцца песьні пад звон кайданоў,
І будзяцца сілы, каб выжыць у горы,
Вярнуцца і ў гора патрапіць ізноў.
 
Навокал чарнеюць крывёю курганьні,
І вёскі пустыя, і выюць ваўкі.
Ты помніш апошняе з маці спатканьне,
І спадчыну дзеляць штодня чужакі.
 
І колюць штыкамі па-рабску у сьпіну
Служакі, што вераць у сьветлы прасьцяг
І ў зорнае заўтра турэмнай Айчыны
І крочаць па братняй крыві і касьцях.
 
Цяжэюць ватоўкі, зьвярэюць сабакі,
І холад, і голад зьбівае ўсіх з ног.
Сьмяротнікаў новых чакаюць баракі,
І ямы чакаюць – ля чорных дарог,
І працу чакаюць культурныя каты...
 
Душа паўтарае: «Айчына жыве!»
А ў небе Айчыны турэмныя краты,
І чэрап у небе – ня сонца – плыве.
 
21.VIII.1990, 26.VIII.1994.
 
 
 
 
Баляда Заіра Азгура
15.01.1908 – 18.02.1995
Камень халодны, нібы вечны лёд,
Але ў тваіх руках ён ажывае,
Цяплеючы, сьвятлеючы, як мёд
У кветках тых, куды пчала лятае.
 
І ад цябе жыцьцё ў камень ідзе,
Нібы ад сонца ў белы сьвет праменьне.
І ўжо выходзяць постаці людзей
З тых камянёў, якія ўжо каменьнем
 
Ня будуць болей на зямлі, якая
І для цябе, як і для ўсіх, сьвятая,
Бо гэта беларуская зямля,
Якая поіць чысьцінёй крыніцаў
І любіць у нябёсах жураўля
Ня менш, чым у руках сваіх сініцу.
 
І ты сядзіш сярод скульптур, як Бог,
Які стаміўся ад стварэньня сьвету,
Але які стварыць усё-ткі змог
Зямлю, людзей і пчол для кветак...
 
25.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Яўгеніі Пфляўмбаўм
1.11.1908 – 13.01.1996
За мужам у Сібір... А для чаго? Ці трэба?
Пытаньні, нібы сьнег, ля сэрца растаюць.
А над табою чорнае, як воран, неба,
І ўдзень, і ўночы сумна плачуць і пяюць
Ваўкі і людзі, і таму навошта вершы
Пра родны край, якога ў нас амаль няма,
Але ўсё ж да яго празь вершы ўсё ідзеш ты
І прыйдзеш, бо задушыцца крывёй зіма...
 
І будзеш з мужам ты, нібыта за сьцяною
Схаваная, хаваючы ў сваёй душы
Жаданьне грэшнае: ня толькі быць жаною,
А быць паэткаю, расьпятай на крыжы
Паэзіі, якая вечнасьць не шукае,
Ды застаецца вечнаю, як гэты сьвет,
Дзе, нават паміраючы, не памірае –
Пакутуе ў сваёй паэзіі паэт...
 
І пішаш верш, хаваючы, як грэх, ад мужа,
Пра родны край, які ў нас ёсьць, дзе ты жывеш,
І белая папера прад табой, як сьцюжа,
І пралятае празь яе, як куля, верш...
 
28.VI.2008.
 
 
 
 
Баляда Міхася Багуна
8.11.1908 – 17.02.1938
...Ты прыпомніў дарогі Айчыны
І ня ўспомніў дарогі другой,
Ля якой бы бярозы й рабіны
Так цьвілі невыказнай журбой.
 
Можа, зналі яны, што дадому
Ты ніколі ня вернесься ўжо
І ня скажаш «кахаю» нікому,
І «абрыдла» для жніўных дажджоў
 
Ты ня скажаш, бо тут, у Сібіры,
Беларускасьць тваю і цябе
Сьцерагуць, як агонь, канваіры
І сьмяюцца тут з тых, хто ў журбе
 
Па дарогах далёкай Айчыны,
Для якой ты сябе аддаваў,
Каб шумелі бярозы й рабіны
Весялей, каб ня лезла трава
 
На забытыя людствам магілы,
І каб роднае слова жыло,
І бусловы бялюткія крылы
Нам прыносілі ўвесну цяпло...
 
У сьнягох патанае чужына,
Разрываецца сэрца ў грудзёх,
І крывёю на сьнезе рабіна
Чырванее, зьнікае ў снягох...
 
Ды ня зьнікне ніколі Айчына
Ні ў сібірскіх сьнягох, ні ў вякох...
 
21.IX.2008.
 
 
 
 
Баляда Сяргея Дарожнага
25.02.1909 – 19.07.1943

                                                          Беларусь больш ня стане крыжам
                                                          Пры дарозе з Хрыстом расьпятым.
С. Дарожны

 
Палымнее касьцёр у турэмным двары –
Гэта проза і вершы, і заўтрашні дзень
І тваёй, і маёй Беларусі гарыць.
І паўзе па зямлі дыму згубнага цень
За тваім цягніком на скрываўлены ўсход,
Дзе будуецца горад на белых касьцях.
Над табою нябёсы чужыя, як лёд,
І навокал сьнягі і лясы – у сьнягах...
 
Ты ня можаш паверыць, што шлях твой – ня сон,
Што табе толькі сёньня прысьніўся чамусь.
А задрэмлеш на міг: бачыш жыта і лён,
Курганы і азёры і ўсю Беларусь,
Для якой ты пісаў, для якой ты і жыў,
Каб заўсёды яна, расквітнеўшы, жыла,
Каб на нашых магілах стаялі крыжы,
Не трава забыцьця палымнела-расла...
 
Дагарае касьцёр у турэмным двары,
Попел шэры, як сьнег, уздымаюць вятры,
І ляціць шэры попел ня ў неба да зор,
Узьляцеўшы, вяртаецца зноў у касьцёр,
Каб ізноўку гарэць, і гарэць, і гарэць
І бясконца праз нашае Заўтра ляцець...
 
16.V.2009.
 
 
 
 
Баляда Валерыя Маракова
27.03.1909 – 29.10.1937
Не вярнуцца дахаты паэту,
Як і зорцы, што ўпала, у неба
Не вярнуцца з крывавае Леты,
Дзе паэтам нічога ня трэба.
 
І няма і ў Айчыне прарока.
Ёсьць чырвонае лісьце, як кроў.
Тут да сьмерці сягоньня – паўкрока,
І, як зорка за хмарай, – любоў.
 
Ты глядзіш на турэмныя сьцены,
Як на ноч, што ваўчэе штоміг,
Дзе счарнелыя краты, як вены
На руках у забойцаў тваіх.
 
Але верыш ты ў сьветлае раньне,
Як у Бога, што помніць пра нас.
І яно ў нашы хаты загляне,
Хоць, як сонца, далёка наш час.
 
Ты на неба глядзіш, там ня зоры,
А там кроў, як на столі турэмнай.
І твой крык толькі рэха паўторыць
І схаваецца ў цемры падземнай,
 
І травой прарасьце праз каменьне,
І ажывіцца ў сэрцах людскіх:
«Не паставіць народ на калені,
На'т забіўшы паэтаў усіх!»
 
31.X–4.XI.2007.
 
 
 
 
Баляда Лукаша Калюгі
27.09.1909 – 2.10.1937
Маладыя гады... Залатыя гады...
Але час не сьвяты. Арыштанства, суды.
І ты вораг народа, і гэты народ
Прад табою цяпер, як з калючкамі дрот.
 
І навокал, як вечнасьць, чужая зіма,
І дарогі да сонца і сонца няма,
Бо яго расстралялі – сьвяціла яно.
 
І цяпер каля вогнішча жлукцяць віно
Звар’яцелыя каты, якім гэты сьвет
Нібы беглага зэка засьнежаны сьлед.
 
І адсюль не ўцячы, бо краіна – турма,
Але думак пра волю турме не ўтрымаць.
І ты ў думках бяжыш праз завеі дамоў
І ня можаш дабегчы дадому ізноў,
Бо крычыць вартавы і страляе ў сьпіну...
 
Прачынаесься ты і ня можаш заснуць,
Бо і ты пачынаеш ужо разумець,
Што ў няволі жыцьцё – не жыцьцё і ня сьмерць
І твае залатыя ня прыйдуць гады,
Як цьвісьці аніколі ня будуць сады,
Дзе пустыня спрадвеку і дзе халады...
 
6–8.XI.2007.
 
 
 
 
Баляда Максіма Лужаніна
2.11.1909 – 13.10.2001
Жыцьцё прайшло, як кніга прачытана...
Жыцьцё прайшло, нібы сьвятло ўзарвана
І Храм разбураны на ўзгорку тым,
Дзе ўсё як сон, дзе ўсё як райскі дым...
 
Жыцьцё прайшло, але было жыцьцё,
Нібы на дрэве высахлым лісьцё
Было.
            І больш ніколі ўжо ня быць
Пад гэтым небам, дзе аблокам плыць,
Табе і мне, і гэтаму сьвятлу,
Падобнаму на вострую стралу,
Што, пранізаўшы нашу цемнату,
Ляціць далей і плача на ляту...
 
Жыцьцё прайшло, нібыта дзень прайшоў,
І паўзьлятала вараньнё з крыжоў,
І сьвечкі захлынуліся сьвятлом,
Нібы згарэў стары гасьцінны дом...
 
13.X.2001.
 
 
 
 
Баляда Пятра Конюха
8.03.1910 – 14.07.1994
...Па мястэчку Турэц ты ідзеш малады,
І гармонік з табой пяе на ўсе лады.
І мястэчку да ранку цяпер не заснуць –
Усе разам з табой пра каханьне пяюць...
 
Зноў Радзіму ў сваіх ты пабачыў сьлязах.
А Радзіма далёка, нібы Млечны Шлях,
Па якім нам да Бога на споведзь ісьці.
 
Млечны Шлях прад табой, як сьцяжына ў лісьці,
Што сарванае ветрам ляціць і ляціць
І ня можа радзімага дрэва забыць,
Як табе не забыцца, што ты ня чужы
Беларусі, якая як цьвік у крыжы,
Да якога прыбіта Эўропа і ты.
 
Ты сьпяваеш, ня плачаш, і пішаш лісты
На Радзіму, якая жыла і жыве,
Як малітва ў касьцёлах і ў кожнай царкве.
 
І лісты твае сьветла над сьветам ляцяць,
Быццам іскры з кастра, ля якога ня сьпяць,
Як і ты, хто далёка ад роднай зямлі,
Да якой 'шчэ сьцяжыны ня ўсе зарасьлі...
 
9.V.2009.
 
 
 
 
Баляда Пятра Бітэля
19.06.1912 – 18.10.1991
На мяшках з-пад цэменту
Ты зялёнкаю пішаш, і ноч
Прад табой, як жалобная стужка,
Што да Божых прыкладзена воч,
 
Каб ня бачыць пакут чалавечых
На чужой і нябоскай зямлі,
Дзе ты ў словах, бы ў сховах у вечных,
Захаваеш зямлю, дзе жылі
 
І жывуць беларусы і волю
І ня любяць, і любяць, але ж
Не заменяць яе аніколі
На чужога ўладарства бязьмеж.
 
Сам Міцкевіч з табою гаворыць
І дыктуе, дыктуе табе
Сваіх твораў бяздоннае мора,
Каб і ты не памёр у журбе,
 
А вярнуўся ў Айчыну, дадому,
І праклёнаў ня слаў анікому,
І ў сьлязіне, нібыта ў расе,
І ў расінцы, нібыта ў сьлязе,
Бачыў ты цэлы сьвет, дзе Айчына,
Як ля сьцежкі вясною каліна –
Хто ні пойдзе – ламаюць усе...
 
11.X.2007.
 
 
 
 
Баляда Максіма Танка
17.09.1912 – 7.08.1995
У Максіма была, як няволя, Радзіма,
Але тая няволя любіла Максіма,
А Максім нарачанскія сосны любіў,
Быццам гліну, зь якой гэты сьвет сатварыў
Наш Пан Бог, для якога сягоньня ўсе мы,
Як праталіны ў сьнезе сусьветнай зімы...
 
Ад Максіма для нас засталася Радзіма,
Безь якой аніхто тут ня ўспомніць Максіма...
 
14.VI.2003.
 
 
 
 
Баляда Аркадзя Куляшова
6.02.1914 – 4.02.1978
«Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая...» –
Складаўся верш і плакала твая душа,
Бо бачыла, як наша мова дагарае
На ўсходзе зор чырвоных, што заміж крыжа,
Які ўтапталі людзі ў гразь, сарваўшы з Храма,
І ў стайню Храм ператварылі, дзе б і ты
Не беларусам быў, а – беларускім хамам,
Якому родны край, як ля карчмы кусты....
 
А час ляціць, ляціць, нібыта воран чорны.
І кожны хоча жыць, а не ў зямлі ляжаць
Удзень пад небам сонечным, а ўночы – зорным.
Ты пішаш вершы, бо ня можаш не пісаць
На мове продкаў, што зьнішчаецца, зьнікае,
Але жыве, бо сёньня пішаш ты на ёй.
 
І cотня пройдзе год, і нехта ж прачытае
Твой верш, нібы глыне глыток вады жывой:
 
«Хай ісьціны старэюць з году ў год,
Хай сэрца разрывае гук жалезны,
А ты за ўсё ў адказе, мой балесны,
За мову, за дзяржаву, за народ!»
 
І ўбачыць ён, як сонца сумна дагарае
На захадзе, і праз стагодзьдзе за табой:
«Жыві, абуджаная ў сэрцы, дарагая...»
Паўторыць ціха і сьлязу змахне рукой...
 
8.II.2009.
 
 
 
 
Баляда Ўладзіслава Чарняўскага
14.01.1916 – 22.12.2001
...І прыйшоў ён да нас, нібы слова жывое
Апусьцілася зь неба на нашу зямлю,
Дзе адвеку ў пашане сваё і чужое,
Дзе прад сьветам баімся сказаць мы «люблю»
Шчодрым нівам, якія паліты крывёю
Нашых продкаў, што верылі ў лепшы прасьцяг,
Ветлым хатам, напоўненым век цеплынёю,
Сьціплым людзям, што горбяцца
                                                                          зранку ў палях...
 
Ён прыйшоў, як прыходзяць вясна і сьвітаньне,
Хоць ня кожны вясну і сьвітаньне чакаў,
Хоць ня кожны пранікся ягоным літаньнем,
Толькі ён не адрокся таго, што абраў,
І ў мястэчку ў касьцёле, гаворачы з Богам,
Верыў ён, што надыдзе той радасны час, –
Прывядзе нас у Храм беларускі дарога,
Ды шкада, што тады ўжо ня будзе тут нас...
 
І пайшоў ён ад нас, нібы слова жывое,
І прайшоў ён праз нас, як сьвятло з абразоў,
Каб мілей нам зрабілася наша, сьвятое,
Каб мы ўспомнілі шлях да забытых крыжоў...
 
12.III.2002.
 
 
 
 
Баляда Янкі Брыля
4.08.1917 – 25.07.2006
А ён спакойна жыў... Памёр спакойна,
Як неба памірае над зямлёй,
Дзе цішыня, як шкло, дзе вечна войны,
Дзе рэчак вены з нашаю крывёй
Парэзаны, як брытваю, мяжой.
 
І неба зноў спатоліцца душой,
А нам, як сьвечкам, ля крыжа застацца
Пад сонцам, як пад божаю сьлязой,
Дзе толькі на сябе нам спадзявацца,
Бо аніхто, ніхто не дапаможа
Прайсьці зіму і гэта бездарожжа,
Якім сябе мы часта суцяшаем,
І наша неба з намі памірае...
 
А ён пайшоў, як Заўтра памірае,
Дзе цішыня, як на іконе шкло,
Дзе жыў ён сьветла, дзе расьце сьвятло,
Дзе нашага і ценю не было...
 
25.VII.2006.
 
 
 
 
Баляда Лесі Беларускі
1920 – 1948
Ты ўсё стрывала, і ты ўсё змагла,
Прайшла жыцьцё і ўпэўнена, і прама.
Апекавала Еўфрасіньня Храмы,
Ты ж душы, нібы Храмы, берагла,
Таму і сьнег, нібы анёл, ляціць,
Цябе, заледзянелую, цалуе
За Беларусь далёкую, жывую,
Якую не клялася ты любіць,
А ўсё жыцьцё яе любіла ты,
Хаця і ненавідзець права мела...
 
Паэзія – зьняможанае цела,
Якое не пакінуў дух сьвяты, –
Была з табой і жыць натхняла ўсіх
І верыць, што і гэта ўзьвея пройдзе
І застанецца кветкамі на лёдзе
Калючы дрот з крывёй сяброў тваіх,
Бо ты стрывала ўсё і ўсё змагла,
Прайшла жыцьцё і ўпэўнена, і прама.
Апекавала Еўфрасіньня Храмы,
Ты ж душы, нібы Храмы, берагла...
 
1.VII.2008.
 
 
 
 
Баляда Пятра Прыходзькі
25.02.1920 – 30.11.2006
Голас сэрца Айчынай пачуты,
І калінавых зорак сьвятло
Над зямлёю ў засьнежаным лютым
Да людзей назаўжды прарасло,
Каб і ранак над Эльбай адбыўся,
Дзе з салдатамі міру паэт,
Нібы зь вечнасьці, з рэчкі напіўся,
Прад сабою пабачыўшы сьвет,
У якім будзе водгульле грому
І апаленых вёрстаў прасьцяг,
Дзе сьвятая дарога дадому
Не зьнікае, ня зьнікне ў сьнягах.
 
І пасьпець да вячэрняй малітвы
Зможа кожны і зможа павек,
Каб акопаў крывавыя рытвы
Не дыміліся ў роднай траве.
 
Парог памяці будзе заўсёды,
І вішнёвы агонь, каравай
Будзе цёплы, як радасьці подых,
Як той памятны велічны май,
Бо паэты жывуць, не зьнікаюць,
Як нябёсы, як зоры, як сьвет,
І няма прыгажэй таго краю,
Дзе Айчынай пачуты паэт...
 
30.XI.2006.
 
 
 
 
Баляда Івана Шамякіна
30.01.1921 – 14.10.2004
Жыцьцё пражыта, нібы зжата жыта,
Дзе жніўнае сьвятло нібы сьляза,
І поўня ў небе як сьвінцовы зьлітак...
 
Жыцьцё пражыта, ды яшчэ сказаць
Хапае што і ёсьць каму паслухаць,
І гэта ноч, як вечная рака,
Якую п’еш, а ў роце суха-суха,
І, як крыло зламанае, рука
Ня можа адагнаць туман, што блізка
Плыве з тых дзён, якія адышлі,
Дзе мама маладая над калыскай,
Дзе ў небе, як анёлы, жураўлі,
Што клічуць за сабой і горка плачуць,
Бо ведаюць – пражыта ўжо жыцьцё,
І хто ты ёсьць яны зь нябёсаў бачаць,
І падае, нібы агонь, лісьцё
Пад ногі нам, бо мы яшчэ жывыя,
Бо верылі і верым, што сьляза
Душу, што ў Шлях сабралася, абмые,
А на Шляху даўно стаіць Марыя,
Празрыстая, як на крыжы раса...
 
Жыцьцё пражыта, бы пасеяў жыта
Азімае, дзе хутка ляжа сьнег,
Як россып белых-белых маргарытак,
І выйдзем мы, самотныя, з-пад стрэх
У новы дзень, дзе сонца маладое
Асьвеціць нам дарогу да вясны...
 
15.X.2004.
 
 
 
 
Баляда Язэпа Юхо
19.03.1921 – 29.07.2004
Ты знайшоў залатую жылу –
Гэта наш беларускі шлях,
На якім у траве магілы
І вугольле ў крыві й сьлязах.
 
Значыць, тут мы жылі спрадвеку,
Значыць, тут нам і далей жыць
І цячы ў акіяны рэкам,
Нашым рэкам ня знаць мяжы.
 
І Эўропа ня нейдзе ў далі,
А яна ёсьць і будзе тут.
Мы стагодзьдзі яе шукалі,
Ледзь ня трацячы родны кут.
 
І мінулася ўсё, ня зьніклі
Нашы мова, палацы, кроў.
«Адкажы, каго любіш?!» – крыкні
І пачуеш нязьменна зноў:
 
«Я люблю Беларусь!» І ў сэрцах
Словам гэтым заўсёды жыць,
Бо аб іх, як аб сьцены, б’ецца
І вятрыска, і меч чужы.
 
І табе болей тут ня трэба
Анічога, чым родны край,
Над якім залатое неба,
Дзе Шлях Млечны, як шлях у рай.
 
Ты аддаў залатую жылу
Беларусам, што будуць жыць
У краіне, дзе ў кветках магілы
І стаяць на магілах крыжы...
 
25–27.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Міколы Ермаловіча
29.04.1921 – 5.03.2000
Ён праз туман, нібыта праз стагодзьдзі,
І праз стагодзьдзі, нібы праз туман,
Ідзе нясьпешна, як па тонкім лёдзе,
Па нашым сьвеце, і гучыць сурма
Над ім у небе, і прастор сьвятлее,
Як бездань, у якой наш Боскі дзень
Народзіцца і душы абагрэе
Усім, хто сёньня празь зіму ідзе
І ў вечнасьці зямной не прападзе,
Бо Ён ідзе праз княствы і праз войны,
Праз дым стагодзьдзяў і стагодзьдзяў пыл.
 
Ён, нібы неба над зямлёю, вольны,
І Ён самотны, як трава магіл,
Дзе нашае змаганьне спачывае,
Ды спачывае толькі да пары,
Пакуль хто-небудзь зноў не загукае:
«У рукі, хлопцы, стрэльбачкі бяры!..»
І дойдзе Ён, бо ведае дарогу
Да Беларусі, дзе няма зімы,
Дзе белы сьнег, нібы рамонкаў многа
Яму пад ногі накідалі мы...
 
22.III.2006.
 
 
 
 
Баляда Васіля Быкава
19.06.1924 – 22.06.2003
Ён вярнуўся дамоў, каб памерці,
Як спазнаныя словы сказаць,
Што няма і ня будзе нам сьмерці
І ня трэба па ім сумаваць,
 
Як па хмарах дажджы не сумуюць,
А ідуць, нібы вечнасьць, дажджы,
За якімі ўсе душы начуюць,
Покуль мы не адчуем душы
 
У сваім аграхоўленым целе,
Што як сон, да якога ісьці
Па дарозе, ня ўсім зразумелай,
Як агню – па апалым лісьці...
 
Ён вярнуўся дамоў, каб ня ўмерці,
Як вяртаюцца ў неба дажджы,
Бо няма нараджэньня і сьмерці,
Як Хрыста ўжо няма на крыжы...
 
11.VI.2003.
 
 
 
 
Баляда Алеся Адамовіча
3.09.1927 – 26.01.1994
Ня думаць пра сябе нідзе, ніколі
І роднае нікому не аддаць.
Айчына ёсьць, калі ў яе ёсьць воля,
Нібыта жыватворная вада.
 
Ня сьпіш ізноў – баліць душа і плача,
Што ўсё ня так і сіл ня маеш ты,
Каб перайначыць люд, які ты бачыш.
А люд, як лёд, халодны, не сьвяты,
Але сьвятым каб быў ён тут – ня трэба.
 
Гэроі – мёртвыя, ім не да нас,
І мы глядзім на іх і бачым неба,
Дзе сонца, нібы залаты абраз
У храме нашым, у якім ты вечны,
Як і малітвы ўсе за родны край,
Каб быў, як сонца ў небе, незалежны,
І лепшага ня знойдзеш, не шукай
Такога краю анідзе, ніколі.
Ты ў ім застаўся, як у жылах кроў
Жывога воя, што жыве і волю
Нясе ў сабе, бо з воляю прыйшоў...
 
30.IX.2007.
 
 
 
 
Баляда Івана Козела
21.05.1928 – 30.01.1970
У кожным родным слове прыгажосьць і сіла,
І ў кожным слове кветка-папараць цьвіце.
І нельга жыць самотна і зусім бяскрыла,
Нібыта ў садзе маладым, сярод дзяцей
Цікаўных і наіўных, для якіх Айчына
Яшчэ пакуль ня стала вечнай і сьвятой,
Як для цябе, якому слова нібы гліна,
Зь якой ствараеш сьвет асьветлены сьлязой
Людской і ўсьмешкай беларускай шчырай, ветлай...
 
І ты глядзіш спакойна ў вочы дзетвары,
Нібы ў люстэрка, бо ў душы сьвяточна й сьветла
Ад студзеньскага сьнегу на тваім двары,
Што хутка замяце і за табой дарогу,
Якую ты, як толькі мог прайсьці, прайшоў,
Каб заўтра расказаць пра беларусаў Богу,
Пра кветку-папараць і пра сваю любоў
Да родных ніў, да слова, што прыйшло ад маці,
Ад тых людзей, якія за бацькоўскі кут
Загінулі, каб, нібы папараць, мы шчасьце
Знайшлі ў Айчыне і сказалі: «Шчасьце тут!»
 
13.XII.2008.
 
 
 
 
Баляда Лявона Баразны
4.02.1929 – 15.08.1972
Ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты
Ідзеш ты па сьцежках бацькоўскай зямлі
І бачыш, наколькі народ наш багаты
На ўбраньні, на ўзоры, а не на рублі,
Якія ніколі душу не сагрэюць,
А толькі апаляць жывую душу.
 
Малюеш Айчыну – ня ўсе разумеюць,
Але і ня трэба, бы ў восень дажджу
Ня трэба, бо й так тут хапае самоты
З таго, што сыходзіць штодзённа ў нябыт
Мінулых гадоў сьветлыня, пазалота,
Нам ціш застаецца магільная пліт.
 
І ты ў адзіноце сваёй не сумуеш,
Бо шлях прад табой – беларускі наш шлях,
Які ты сваёю крывёй афарбуеш,
Каб ён не згубіўся ў туманных гадах,
Дзе зь вёскі да вёскі, ад хаты да хаты
Ідзеш і зьбіраеш жывое сьвятло
Айчыны, каб будні і нашыя сьвяты
Былі беларускімі, каб не было
Самоты па тым, што зьнікае, сыходзіць
Вялікі народ, які ў сэрцы Эўропы,
Дзе ў травах, як чорныя вены, акопы,
Адкуль кожну раніцу сонца ўзыходзіць
Для цэлай Эўропы...
 
10.XII.2008.
 
 
 
 
Баляда Яўгена Глебава
10.09.1929 – 13.01.2000
Мара пра мора музыкай вечнаю стала.
Птушкі, як ноты, сьветла да сонца ўзьляцелі
Па-над курганьнем, дзе Беларусь начавала,
Па-над шляхамі, што без пары затравелі.
 
І ажыло ўсё тое, што людзям належыць,
І зазьвінелі звонка званы на званіцах,
І зарыкалі ў ранак зубры ў Белавежы,
І забурлілі нашы стагодзьдзі ў крыніцах,
 
І пачалося наша сьвятое вяртаньне
Да Беларусі, што беларускаю будзе.
Музыка – гэта наша любоў і каханьне,
Музыка – гэта сьвята сьвятое і будзень,
 
Дзе не зьнікае, а ажывае, як мора,
Мара твая і кожнага вечная мара,
Каб было заўтра лепей усім, чым учора,
Каб не прапала сонца чаканае ў хмарах
 
Па-над курганьнем, дзе Беларусь начавала,
Па-над шляхамі, што без пары затравелі,
Па-над хацінай, дзе нарадзіўся Купала,
Па-над той песьняй, што мы з табой не дапелі...
 
9.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Ўладзімера Караткевіча
26.11.1930 – 25.07.1984
Ён паехаў на Прыпяць памерці.
Там у чоўне, як ліст у канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Ён па Прыпяці плыў, як па Леце,
І была яго боскай дарога.
Трапятаў за ім восеньскі вецер,
Нібы сьцяг, што над вежай узьняты,
Нібы дым, што над комінам хаты,
Дзе ніхто ўжо даўно не бывае,
Куды сьмерць нават не зазірае.
 
Човен плыў, і глядзелі ўсьлед людзі,
І зьнікалі, як крыгі вясною,
А ён быў, а ён ёсьць, а ён будзе,
Быццам неба над белай зямлёю,
Дзе ёсьць Прыпяць, дзе можна памерці,
Каб у чоўне, як ліст у канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Плыць спакойна і думаць пра многа,
Пра цябе і мяне маладога,
Што гаворыць, што можа памерці,
Быццам бы малако з вуснаў сьцерці,
І памерці ў любую хвіліну,
Не па п'янцы, за маці-Айчыну...
 
Ён паехаў на Прыпяць, каб жыць,
Каб мяне з табой не разьлюбіць,
Быццам неба над белай зямлёю,
Быццам сьцяг па-над вежай старою...
 
10.I.2002.
 
 
 
 
Баляда Генадзя Кісялёва
19.03.1931 – 14.11.2008
Яшчэ ня выпаў сьнег на шэрыя палі,
А твой касьцёр прыціх, каля якога мы
Ніколі не баяліся вятроў зімы,
Бо мы ў наш час каля кастра з табой былі.
 
І ты шукаў, і ты знаходзіў і казаў,
Што мы – народ і нам Эўропа – родны дом,
Дзе мейсца наша ёсьць і будзе за сталом,
А не на вуліцы, дзе сьнег ужо схаваў
Усё, што мог ад нас за два вякі схаваць.
 
Сьнягі й цяпер на нашыя шляхі ляцяць,
Не засыпаючы высокіх шэрых траў,
Што вырасьлі сярод каменьня і крыжоў,
Дзе крыж і твой ня зьнікне ў сьнезе і ў траве,
Бо мы тут ёсьць і наша Беларусь жыве,
Якую ты шукаў, якую ты знайшоў,
Як той касьцёр у полі, ля якога мы
Былі з табой і не баяліся зімы.
 
І пройдзе сьнег, бо ты цяпер свой шлях прайшоў,
Пакінуўшы вугольле беларускіх слоў,
Дзе ёсьць Надзея, Вера і Любоў...
 
14.XI.2008.
 
 
 
 
Баляда Алега Лойкі
1.05.1931 – 19.11.2008
Сягоньня выпаў сьнег, нібыта попел белы
Ад тых мастоў, якімі не вярнуцца ў сьвет
Табе ўжо болей, у якім самотна апусьцела
Твая зямля, бо ты пайшоў, бо ты – паэт,
Якому Беларусь магілай вечнай стане,
Як стала многім, хто яе любіў, як ты,
Сваёй любоўю прыбліжаючы сьвітаньне
Людзям, якія ўсьлед за імі зь цемнаты
Ішлі, дарогу пазначаючы крыжамі,
Сваёй крывёй, што ў век ня змыецца зь зямлі...
 
І прыйдзе вучань твой, і ён пацір зь сьлязамі
Пралье ў сваю душу, каб мы віно пілі
І славілі цябе і першы сьнег халодны
У рукі бралі, быццам попел ад мастоў,
Якія ты прайшоў, пакінуўшы самотны
І беларускі крыж між тысячы крыжоў...
 
19.XI.2008.
 
 
 
 
Баляда Гая дэ Пікарда
20.07.1931 – 21.04.2007
Туманны Лёндан, як каменны човен шэры,
Плыве праз акіян і празь вякі плыве.
І нехта ў сонцы бачыць залатыя дзьверы,
А ты – крыжы, што на касьцёле і царкве
 
У Беларусі, для якой ты станеш родным
Праз мову і праз музыку дарог.
Калі ў людзей ёсьць Бог – тады народ свабодны,
Калі народ свабодны – ёсьць у сэрцах Бог.
 
І ты пра Беларусь расказваеш ангельцам
І беларусам адкрываеш Беларусь,
Якая ў нашых продкаў начавала ў сэрцах,
Чакаючы стагодзьдзямі сваю зару,
 
Зь якой узыдзе нашай Беларусі сонца,
Дзе будзе крыж касьцельны і – царкоўны крыж,
Як два анёльскія крылы, якім бясконца
Над намі быць. І ты, замоўкшы, не маўчыш
 
У сэрцах тых, што разбураюць сёньня сьцены
Паміж народамі, дзе ты ня быў чужым.
І ты ў касьцёл Сьвятых Сымона і Алены
Прыйшоў і прахам назаўжды застаўся ў ім,
 
Каб Беларусь была, нібыта човен белы,
Які праз мора траў і празь вякі плыве,
Дзе нехта ў сонцы бачыць да багацьцяў дзьверы,
А ты – крыжы, што на касьцёле і царкве.
 
18.XI.2008.
 
 
 
 
Баляда Анатоля Анікейчыка
11.07.1932 – 3.02.1989
У камянях, у бронзе, у граніце
Ты пакідаеш цеплыню душы,
Як летам неба васількамі ў жыце
Пасеяна, дзе быць маглі крыжы,
Бо ў кожным полі беларусаў косьці,
Нібыта нашай волі карані,
Былі і ёсьць чужыя для кагосьці,
Для нас жа родныя, як і агні
Кастроў паўстанцкіх, ля якіх сагрэцца
І ты ў завейны час таксама б мог...
 
Баліць твая душа, згарае сэрца,
Бо колькі 'шчэ нязьведаных дарог
На Беларусі, нібы на Галгофе нашай,
Дзе ў кожнага ёсьць выбар, кім тут быць.
«Я – беларус!» – ты перад Богам кажаш,
Сказаўшы гэта, застаесься жыць
У камянях, у бронзе, у граніце,
Дзе цеплыня жыве тваёй душы,
Як летам неба васількамі ў жыце
Квітнеецца, дзе быць маглі крыжы...
 
18.XII.2008.
 
 
 
 
Баляда Вячаслава Адамчыка
1.11.1933 – 7.08.2001
...А Бацькаўшчына родная, як кроў,
Што празь бінты, як межы, праступае,
І пры чужых чужою не бывае
Зямля, дзе ты свой шлях і крыж знайшоў,
 
Дзе кожны крок твой, як да Бога крык,
Што мы жывём і будзем жыць у сьвеце,
Дзе нашы хаты, замкі, Храмы й вецер
Таксама наш, бо ён да нас прывык
 
І для яго цяпер няма мяжы,
І камень, што нязрушаны, ня зрушыць
Ніхто, бо гэты камень з нашых душаў,
Ён Беларусьсю нашаю ляжыць
 
Сярод Эўропы, у якой твой крыж
У травах не губляецца, сьвітае,
Бо наша Бацькаўшчына – нам сьвятая
І ты ў яе душы, як зьніч, гарыш...
 
26.VI.2008.
 
 
 
 
Баляда Генадзя Каханоўскага
8.01.1936 – 15.01.1994
Па Віленскай зямлі, нібыта па Галгофе,
Самотны беларус нясьпешліва ідзе.
Ён ведае, што мы народжаны ў Эўропе
І тут нам толькі жыць і болей анідзе,
Бо тут забытыя крыжы далёкіх продкаў
І толькі нам іх адшукаць, і толькі нам
На роднае зямлі спыняць агню паводку,
Якая можа змыць наш самы белы Храм,
Адзіны ў сьвеце, дзе ня ведаць адзіноты
Ніколі нам, бо мы спрадвеку тут жылі
І нашы хаты, старадрукі і кляйноты,
Як наша кроў у травах Віленскай зямлі,
Жывуць і будуць жыць, бо беларус самотны
Нясьпешна, бо задумлівы, усё ідзе
І толькі роднае Ён называе родным,
Якое не аддаць нікому і нідзе.
І кажа Ён: «Я не адзін, і слава Богу!
Мы пройдзем сьпёкі ціш і замяці зімы...
І нашы ўжо ідуць, і ў Храм вядзе дарога,
І кожны ведае, што віленскія мы...»
 
22.IX.2007.
 
 
 
 
Баляда Барыса Сачанкі
15.05.1936 – 5.07.1995
У кнігах, што сабраў ты, Беларусь жыве,
Змагаецца, сьвяткуе, плача і пяе
І мае Бога і ў касьцёле, і ў царкве,
І шмат хто любіць, як жыцьцё, найбольш яе,
 
Чым тую Беларусь, дзе ты даўно жывеш,
І любіш, і кахаеш, быццам першы раз,
І кнігу прад сабой, нібы абраз, нясеш,
Нібыта праз агонь, празь ветравейны час.
 
У кнігу ты глядзіш, глядзіш, нібы ў вакно
Стагодзьдзяў, што прайшлі і што ідуць яшчэ.
І клічаш нас глядзець. А мы ўсё п’ём віно,
Яно нібы агонь, але, як кроў, цячэ.
 
І ліпы ўжо цьвітуць, і пчолы носяць мёд,
І ўжо, здаецца, гэтак будзе тут заўжды.
Але ў крыві ёсьць лёд, ідзе да сэрца лёд,
Каб сэрца стала кропляй мёртвае вады.
 
І раптам за тваім вакном густы туман,
Ён сьветла зь неба апусьціўся на зямлю
Забраць тваё жыцьцё – прыпынены раман
На словах беларускіх: «Беларусь люблю...»
 
Ня толькі ў нашых кнігах Беларусь жыве,
Змагаецца, сьвяткуе, плача і пяе
І мае Бога і ў касьцёле, і ў царкве,
І шмат хто любіць, як жыцьцё, найбольш яе.
 
І ліпы зноў цьвітуць, і пчолы носяць мёд,
І ўжо так будзе тут і заўтра, і заўжды.
І ў нашых сэрцах парастане мёртвы лёд,
І ў сэрцах будзе возера жывой вады.
 
11.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Віктара Турава
25.10.1936 – 31.10.1996
З экрана, нібыта зь нябёсаў,
Сыходзіць балотны народ.
І нельга глядзець бязь сьлёзаў
На гэты біблейскі сыход.
 
І сьлёзы твае асьвятляюць
Дарогу, якая вядзе
Туды, дзе ўжо не паміраюць,
Дзе ў вечнасьці, нібы ў вадзе,
 
Жывуць і ўжо знаюць да скону,
Што гэта Эўропа – для нас.
І хай над крыжамі вароны
Лятаюць, як згублены час,
 
Дзе можна было ўжо адбыцца,
Даўно пра блуканьні забыць,
Істужка нібы бліскавіца,
Якую ўдалося злавіць
 
Табе для Айчыны, народа,
А гэта вялікі народ,
Які ўчора выйшаў з балота,
Але не адрокся балот...
 
25.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Міхася Стральцова
14.02.1937 – 23.08.1987
Як сонца ўраньні напаўняе неба,
Ты ў вершы кроў пераліваў сваю.
Але каму сягоньня гэта трэба?
Ня ведаў ты, і я ня ведаю.
 
І я стаю каля тваёй магілы,
Як ля ўзарванае стаю царквы.
Шапчу: «Мой родны кут, як ты мне мілы...»
І шэпат чуецца палын-травы,
 
Зь якой ня ўстаць ніколі і нікому,
Бо сьвет як інквізіцыі касьцёр,
Дзе ўсё згарае, як лісьцё ля дома,
Дзе ты ня жыў, дзе ты ляцеў да зор...
 
Тваё сягоньня ў вершах б’ецца сэрца.
Я сьвечку, як жыцьцё сваё, палю,
І мы жывём, як дым у неба ўецца,
Як зоры ападаюць на зямлю.
 
5–7.IV.2004.
 
 
 
 
Баляда Міколы Купрэева
25.05.1937 – 20.09.2004
...Імчыць цягнік празь вецер і туман,
З асеньніх дрэў зрываючы лісьцё,
Нібы агонь, якога больш няма
У сэрцы, што апалена жыцьцём
 
Ня менш, чым ты самотаю віна
У цягніку, зь якога не сысьці
Жывым, бо ноч наперадзе – сьцяна,
І неба ў зорках, быццам бы ў лісьці
 
Апалым поле, дзе прайшоў цягнік,
А сьледам твой празь вецер і туман
Імчыць і верш з душы, нібыта крык,
Ірвецца, а ў адказ плыве зіма
 
На хмарах, быццам сена на вазах
Там, у дзяцінстве, дзе агонь з вадой,
Дзе сонца нараджалася ў сьлязах
І падала сьлязою залатой
 
У травы, у якіх было жыцьцё
Самотнае, як на стале віно,
Як па-над цягніком тваім лісьцё,
Дзе сёньня ты і дзе няма даўно
Цябе...
 
20.IX.2004.
 
 
 
 
Баляда Пятра Драчова
6.07.1937 – 8.05.2005
Калючы дрот у нашае крыві,
Ён нам усім застаўся ад гадоў трыццатых.
І ты, як можаш, зь ім так і жыві,
Ці ты паэт, ці ты мастак, ці ты араты.
 
І ты малюеш, нібы рвеш драты,
Якімі нашы замкі, Храмы і курганьне
І час наш эўрапейскі залаты
Ад нас былі адзьдзелены, нібы сьвітаньне,
Зь якога пачынаецца жыцьцё
І дзень наш беларускі, як і мы, прыгожы...
 
З асін на сьцежкі падае лісьцё,
І засыпае сьнег яго, як сьлед варожы.
І пройдзе восень, і зіма міне,
І нашая вясна не задрамае ў лёдзе.
І дрот калючы мы парвём ня ў сьне,
І Беларусь у нашу кроў навечна зойдзе,
Дзе ты малюеш, нібы рвеш драты...
 
14.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Яўгена Куліка
31.10.1937 – 12.01.2002
...Ты замкі аднаўляеш на паперы,
Нібы ў былое адчыняеш дзьверы.
А там агонь і кроў там на траве,
І чорны дым... Ды Беларусь жыве.
 
І ты ідзеш сярод людзей, якім
Ніколі ты ня зробісься чужым,
Бо і яны народжаны былі,
Каб беларускім край быў на зямлі
 
Ня краем цёмным у чужой краіне,
А раем тым, хто гінуў і загіне
За Беларусь, якая ёсьць і будзе...
Ідзеш, і вецер б’ецца ў твар і грудзі,
 
І нельга прыпыніцца і сказаць,
Што я зьнямогся і хачу спакою,
Бо на цябе з крыжоў дзяды глядзяць
І бусел белы кружыць над табою,
 
Нібы анёл, што Беларусь ратуе
І ўсё ніяк ня можа ўратаваць
Ад хіжых душ, дзе наша сьмерць начуе.
У душах нашых сонцу начаваць!
 
І будзе так, бо нават на паперы
Для ворагаў заўжды замкнуты дзьверы
І нашых замкаў, і гасьцінных хат.
І будзе Беларусь як божы сад,
Дзе ў квецені пчаліны гуд ня тоне,
Дзе сонца ў небе, нібы шчыт...
 
29.III.2008.
 
 
 
 
Баляда Ўладзімера Мулявіна
12.01.1941 – 26.01.2003
Чужое становіцца родным,
І песьня спакойна плыве,
Нібыта па рэчцы палотны,
Нібыта буслы ў сіняве,
 
Праз душы людскія і сэрцы,
Празь вецер, сьнягі і гады,
І нёманскай хваляю б’ецца
У бераг, дзе ў квеце сады...
 
Жывым будзе слова жывое,
Яно, як нябёсы, вада,
Люструе сьвятло незямное,
Якое ня ўсім тут відаць
 
У тым, што ў агні не згарае,
Ня губіцца ў пыле гадоў,
А верыць усіх прымушае
У тое, што наша любоў
 
Як замка высокага вежы,
Як зоры, як сонца, як Храм...
І раптам дарога – як сьнежань,
І раптам жыцьцё – напалам,
 
Нібыта гітара разьбіта,
І струны парваны, і кроў
Як сонца расплаўлены зьлітак,
Як наша да песьні любоў...
 
4.VI.2004.
 
 
 
 
Баляда Міхася Ткачова
10.03.1942 – 31.10.1992
Нішто ня страчана і не забыта.
Калі ёсьць крона, ёсьць і карані.
Кальчуга воева кап’ём прабіта,
І холад праз кальчугу ў нашы дні
 
З варонамі сьсівелымі ўлятае.
І ты ў зямлі шукаеш продкаў шчыт.
І шчыт знаходзіш ты, і адступае
Ад нашых дзён, як азіят, нябыт.
 
І ты штодня вяртаеш славу воям,
Агучваеш імёны на крыжах,
Хоць ты ня Бог і не гэрой... Гэроем
Табе ня стаць, ты іншы выбраў шлях,
 
І гэты шлях – нібы ўначы маланка,
Як лёт стралы, што ў ворага ляціць.
І Беларусь ня плача паланянкай –
Князёўнай на дзяцей сваіх глядзіць...
 
29.VI.2008.
 
 
 
 
Баляда Ніны Мацяш
20.09.1943 – 19.12.2008
Хавацца ад людзей – не для паэта,
Якому родны край – зусім ня рай,
Якога і ня будзе – знаеш гэта,
Бо гэта наш, як перад прорвай, край,
 
Якому ты сваё «люблю» сказала
У кожным вершы, што ў душы кіпеў
І слова кожнае кроў апякала,
Як сонца, у якім любоў і гнеў
 
Жывуць і жыць даюць, калі жадаеш
Ты ў сьвеце жыць, дзе ўсім нялёгка жыць,
Дзе Млечны Шлях – ня рэчка залатая,
А у хрыстовае крыві глыжы.
 
І ты жыла, нібы малітва ў сэрцы
Манашкі, для якой яе жыцьцё,
Як матылёк, які аб неба б’ецца,
Самотнае, дзе зоркі, як лісьцё
 
На шкле, па-за якім дажджы і восень
І дзень, дзе ты зьявілася для нас,
Каб слова беларускае вялося
І нас вяло празь ветравейны час,
 
Дзе ты сваё «люблю» жыцьцю сказала
У кожным вершы, што ў душы кіпеў,
І слова кожнае кроў апякала,
Як сонца, у якім любоў і гнеў...
 
25.XII.2008.
 
 
 
 
Баляда Міхася Раманюка
3.01.1944 – 4.09.1997
Твой саламяны капялюш, нібыта німб,
Над беларускімі дарогамі плыве
Туды, дзе хат гасьціннае сьвятло, агні
Кастроў, крыжы, што на касьцёле і царкве
І на магілах беларусаў, што ў траве
Ня зьніклі без пары, бо Беларусь жыве.
І кожны крок твой, як да прадзедаў зварот,
У душах сьветла адклікаецца людскіх.
Ёсьць Беларусь, а значыць, быў і ёсьць народ
І будзе тут, тут, на зямлі, зямлі для ўсіх,
Хто любіць беларускае жыцьцё, як мы,
Чыёй крывёй напоены лясы, трава
І сонца адзінокае, нібыта Бог,
Якому сінагога і касьцёл, царква –
Адна дарога вечная з усіх дарог
Да Бога, у якога наша Беларусь жыве
І будзе вечна жыць, як валуны ў траве,
Зь якіх збудуецца вялікі белы Храм,
Дзе будзе Бог, дзе будзеш ты і мейсца – нам...
 
5.X.2008.
 
 
 
 
Баляда Рыгора Семашкевіча
12.09.1945 – 11.06.1982
Паэты адыходзяць маладымі
Не для таго, каб мы ў цыгарным дыме
За пляшкаю самотнага віна
Пра іх забытыя магілы й вершы
Ноч напралёт шумелі давідна,
І кожны думаў, што ён самы лепшы,
І лепей ведаў і цаніў паэта,
Якога ўжо няма, як і ня вернеш лета,
Калі ён адляцеў у сьвет высокі,
Туды, дзе нам ці знойдуцца аблокі,
Каб мы на іх плылі па-над зямлёй,
Дзе нашыя забытыя магілы,
Крыжы, нібы раcкінутыя крылы,
Спакойна зарасталіся травой...
 
Паэты адыходзяць маладымі
Сьцяжынамі сваімі залатымі,
Каб мы прайшлі сваё выпрабаваньне,
Нібыта не праспалі тое раньне,
Калі патрэбна будзе ўстаць, прызнацца,
Што мы сваіх паэтаў забывацца
Зарана пачалі, нібыта ў вечнасьць
Свае ўпісалі дробныя імёны,
І сьвечак тонкіх белыя калоны
Пад рыфмы вершаў асьвятляюць вечар
Паненкам гожым, для якіх таксама
Паэзія нібы анёльскі замак,
Куды паэты адлятаюць маладымі
Не для таго, каб мы ў цыгарным дыме
За пляшкаю самотнага віна
Пра іх забытыя магілы й вершы
Ноч напралёт маўчалі давідна...
 
9.II.2004.
 
 
 
 
Баляда Васіля Гадулькі
17.05.1946 – 15.06.1993
Нібы воран ляцеў над палямі,
Нібы воўк тут шукаў воўчы сьлед,
Вершаванымі плакаў сьлязамі
Адзінокі, як неба, паэт,
У якога ёсьць вецер і ціша,
У якога агонь, і трава,
І сьцяжына, якую калыша
Беларускае жыта...
                                          Царква
Адзінока чакала паэта,
І паэт, як малітва бяз слоў,
Праз маўчаньне, нібы праз край сьвету,
Да царквы і да нас не прыйшоў,
А застаўся, як неба над намі,
Як прад намі агонь і трава,
Дзе мы плачам паэта сьлязамі,
Дзе адвечнай сьлязою царква.
 
28–29.VI.2005.
 
 
 
 
Баляда Міколы Селешчука
4.08.1947 – 25.09.1996
З прыгожай і роднай, як маці, краіны
Паехаць да мора і там – патануць...
 
Праз дождж па дарогах, дзе плачуць рабіны,
Самотныя людзі самоту вязуць.
 
І дрэвы губляюць апошняе лісьце,
І сьледам лятуць за машынай вятры,
І ты ўжо ня можаш спыніць іх і выйсьці,
Каб зь лесам, каб з рэчкаю пагаварыць.
 
Ты едзеш ня ў хату, ты едзеш пад крыж,
Дзе вечнасьць чакае цябе на пагосьце,
Таму так балюча і шчыра маўчыш...
 
Зноў мора чужое далёкае сьніцца,
Дзе чорныя хвалі, як чорны пажар.
І раптам на бераг
                                      вады бліскавіца,
І падае неба –
                                пад хвалямі
                                                          хмар...
 
І ціха ізноўку, і сьветла, бы ў Храме,
І сьвечкі, як зоркі ў Сусьвеце, гараць.
І маці страчае...
                                  І што скажаш маме,
І што тут Айчыне сказаць?..
 
14–15.XII.1996.
 
 
 
 
Баляда Міколы Трухана
18.08.1947 – 20.03.1999
На сцэну выйсьці і на ёй застацца,
Як застаюцца зоры над зямлёй,
Каб разам з намі плакаць і сьмяяцца
І падаць на дарогу прад сабой,
Нібы на вогнішча, якое гіне
У цемры, дзе вятры, сьнягі, дажджы...
 
Жывём – пакуль патрэбныя Айчыне,
Айчына ж вечная, як і глыжы
На тых грудах, дзе нашы сьпяць гэроі
Забытыя, якія ўсё ж – былі,
Як на абрыве залатыя хвоі,
Што падалі ў раку і ў сьвет плылі,
Каб расказаць аб Беларусі далям...
 
І ты на сцэну выйшаў, каб сказаць,
Што Беларусь – ня край балот і жалю,
А край любові сьветлай, як сьляза
Каханай над магілай інсургента,
З крыві якога пачаліся мы
Не для таго, каб век па сьвеце швэндаць,
А – берагчы бацькоўскія дамы
І слова роднае, што тут спрадвеку
Было і будзе тут, пакуль жывём
І зоры адлюстроўваюцца ў рэках,
Бо зоры нашым поўняцца сьвятлом,
Як вочы беларускія анёлаў,
Што ў нашы душы празь вякі глядзяць
І бачаць наша маладое Ўчора
І наша Заўтра, дзе не сумаваць...
 
5–7.I.2009.
 
 
 
 
Баляда Яўгеніі Янішчыц
20.11.1948 – 25.11.1988
Жыцьцё кароткае, як ноч, што забівае,
І вечнае, як верш, які з душы ўсплывае,
Як зь неба зорка, да якой ісьці
Па вострых травах, шапаткім лісьці
І быць сабой, як ластаўцы ў палёце,
Як водсьвету агню на тонкім лёдзе,
Што ў лістападзе, як лязо нажа,
Блішчыць, і, як матыль, імкне душа
Ягонай наталіцца адзінотай,
Нібы агонь – апалаю лістотай...
 
Жыцьцё, нібыта гэніяльны верш,
Кароткае, і ў вершы ты жывеш,
Які ты нам, вясёлым, прысьвячала,
Нібыта зь неба зорку даставала,
Каб, безь цябе застаўшыся адны,
Праз ноч змаглі дайсьці мы да вясны,
Дзе зразумець, што ластаўка ў палёце,
Як водсьветы агню ў анёльскім лёдзе...
 
23.X.2003.
 
 
 
 
Баляда Ўладзімера Будніка
28.04.1949 – 8.08.2007
Сваю душу напоўніўшы вятрамі,
А музыкай, нібы душою, Храм,
Трымаць ты ўзяўся неба па-над намі
Сваім крыжом, каб пажылося нам
Яшчэ пад гэтым небам, дзе з бусламі
Анёлы нашы ткуць для нас сьвятло,
Якое нам ня бачыцца вачамі,
А сэрцам адчуваецца...
                                                  Было,
І ты ня верыў, што далёка тыя
Вясёлыя дзянькі і залатыя,
Калі і музыка, і слова наша
У нас пачуюцца ня толькі намі...
Нябёсы чорныя, нібыта сажа
Ад сьвечак, што бяз нас згарэлі ў Храме
У час малітвы за цябе й мяне,
Бо ты, душу напоўніўшы вятрамі,
А музыкай, нібы малітвай, час,
Трымаць узяўся неба па-над намі
Сваім крыжом, не запытаўшы нас...
 
10.VIII.2007.
 
 
 
 
Баляда Васіля Сахарчука
10.07.1953 – 27.01.2003
Цябе няма, але ты ёсьць – адсутны
На час, які ўжо знаеш толькі ты.
Цяпер ты пэўны: ісьціна і сутнасьць –
Як у віне, у сьвеце нематы,
Зь якога не вяртаюцца дадому,
Каб расказаць, дзе быў і што рабіў,
Каб зразумелым стала тут любому,
Што ты жыцьцё, ня больш віна, любіў...
 
Цябе няма, як нас няма ў тым сьвеце,
Якога мы ня ведаем яшчэ.
Ты сьветам стаў, які халодна сьвеціць
У ціхае сьлязіне на шчацэ
У той адной, што сёньня зразумела –
Цябе няма і ўжо ня будзе тут,
Дзе пад крыжом тваё, як кокан, цела
Ляжыць, ня помнячы зямных пакут,
Зь якіх душа ляпілася, як з гліны
Нябачнае нябачны той сасуд,
Зь якога п’е жыцьцё і сэнс Айчына
І кожнаму дае для шчасьця кут...
 
Цябе няма, і хутка нас ня будзе
На час, якога мы ня знаем тут.
Ня будзе нас, нібы віна ў сасудзе,
І будзе сьвет, як безь віна сасуд...
 
30.V–1.VI.2003.
 
 
 
 
Баляда Алеся Асташонка
1.06.1954 – 6.09.2004
Учора – бяздоннае мора,
Куды адплываем штохвілі.
І нельга вярнуцца з Учора,
Калі човен твой разбурылі,
Спалілі ў чужое далечы.
Твой попел прынесьлі дамоў,
Нібыта сказалі, што вечны
Адзін толькі попел. Любоў –
Віно, і яно ў час вясёлы
І п’ецца, і льецца ракой,
І круцяцца жорны і колы,
Ды словы, як лісьце зімой,
Зьвіняць на вятры адзінока
Пад небам, нібыта пад шклом,
Дзе месяц, як д’яблава вока,
Гарыць спакушальным агнём,
Вярнуцца хоць попелам стылым,
Хоць сьнегам, што ў ноч на дамы
Зьляціць з-пад аблок белакрыла,
Каб раптам успомнілі мы,
Што Ўчора – бяздоннае мора,
Куды адплываем штохвілі,
І нельга вярнуць нам з Учора
Нічога, што ўчора любілі.
 
14–15.IX.2004.
 
 
 
 
Баляда Алеся Пісьмянкова
25.02.1957 – 26.04.2004

                                              Ведайце: калі мяне ня стане –   
                                              Я ў сваю дывізію пайшоў.
Аляксей Пысін

 
Мы ідзём празь сьпёку і сьнягі,
Праз надзею, веру і любоў.
Як раку трымаюць берагі,
Мы жывём душою між сяброў.
 
І ніхто ня ведае, хто з нас
Першым скажа вечнае: «Бывай...»
Нібы сьмерць, ляціць за намі час,
Як жыцьцё, прад намі родны край.
 
Ты гаворыш: «Будзем доўга жыць,
Як жывуць надзея і любоў...»
Ды за намі, як трава, крыжы
Прабіваюцца зь зямлі сярод крыжоў.
 
Нечаканасьць, як агонь, як стрэл,
Празь цябе – і ўжо цябе няма,
Толькі дождж і кветкі на дварэ,
Холад, бы вярнулася зіма.
 
На пытаньне, што гучыць прыцішана:
«Дзе паэт? Дзе Саша Пісьмянкоў?»
Чуецца зь нябёс узвышана:
«Ён да Аляксея Пысіна
У яго дывізію пайшоў...»
 
28.IV.2004.
 
 
 
 
Баляда Анатоля Сыса
26.10.1959 – 4.05.2005
1

 
...А для паэта, як і для паяца,
Віно – ня вежа, у якой схавацца.
Віно – агонь, і на яго ляцім,
Каб узьлятаць, аб хмары разьбівацца
І плыць над сьветам, як цыгарны дым
У бары, дзе віно, нібыта вежа,
Куды хаваеш, як агонь, душу,
Што любіць сьнегу белае бязьмежжа
І адзіноту чорную дажджу,
Што, як манах, прыходзіць і малітву
Табе зноў шэпча ля твайго вакна,
Што нібы неба, што на крыж прыбіта,
Дзе сонца ўжо няма, нібы віна,
Нібы крыві, што 'шчэ цячы жадае
У гэтым сьвеце, дзе любоў, як сон,
Які, як толькі сьпіш, тады й бывае,
Калі ж няма віна, зьнікае й ён,
Як і жыцьцё, зь якога не схавацца,
Як матылю ў агні, табе ў віне,
І сонца адыходзіць, каб зьяўляцца
У небе чыстым, быццам у вакне,
Дзе бачыць нам паэта і паяца
З тутэйшым крыжам на сьпіне...
 

2

 
...Пад кашуляй белай, белай, вышыванай,
Цела пачарнелае, як тая ноч,
Што сышла апошняй з хаты непрыбранай,
У якой ты плакаў... Сьлёзы гостра з воч,
Быццам воск са сьвечак, да крыві сьцякалі,
Да віна і сонца, больш якога ты
Не спазнаеш, бо анёлы прашапталі, –
Ты ўжо ў гэтым сьвеце, як Каўчэг, пусты,
І ляжыш ты адзінока ў дамавіне,
Нібы ў русьле перасохлым і прамым,
У кашулі вышыванай, як Айчыне
Верш апошні, што табой яшчэ жывым
Быў прысьвечаны, асьвечаны крывёю,
Ды ніхто яго не прачытае тут,
Бо драўляныя нябёсы над табою,
Як крыло, якім закрыўся ад пакут
Ты цяпер, каб заўтра закапалі ў гліну
На Палесьсі, на тваёй сьвятой зямлі,
Верш твой, што аднойчы прарасьце рабінай
Сумнай, як мы ўсе, што тут з табой былі...
 
9–10.V.2005.
 
 
 
 
Баляда пошукаў свайго сьвету
...І ён штовечар свой знаходзіў сьвет,
Нібы сабака чалавечы сьлед
Сярод сьлядоў зьвярыных у траве.
 
Свой сьвет знаходзіў у старой царкве
Каля спакою пыльнага ікон,
Ля сьвечак, нібы залатых калон
У райскім садзе, дзе ніколі нам
Ня быць, бо век не збудаваць свой Храм
Са слоў, якімі поўніцца прастор,
Кудой ляцім да адзінокіх зор.
 
А ён штовечар свой знаходзіў сьвет,
Нібыта рыфму малады паэт
Да слова неспазнанага «любоў»,
І па радках, як па прыступках, кроў
Цякла і размывала гэты сьвет,
Дзе, як сабака чалавечы сьлед,
Штовечар ён адзін свой сьвет шукаў,
Пакуль на сьцежцы ля царквы ня ўпаў.
 
І зашумела па-над ім трава,
І зьнікла ў небе, як душа, царква...
 
 
 
 
Баляда паэткі
Далёка, нібыта ад сонца, ад маці-краіны
З Малітвай у сэрцы за родны і любы народ
Глядзела ў чужыя нябёсы яна, і ўспаміны,
Нібыта вугольле, нібы акрываўлены лёд,
 
Душу праціналі наскрозь і ў былое вярталі,
У голад, у холад, у дым непраглядны вайны,
Дзе словы, як кулі, і кулі, як словы, траплялі
І ў сэрцы людскія, і ў крылы жаданай вясны.
 
А неба было, як было па-над ціхаю Вільняй,
Глыбокім і сумным, як тыя азёры, зь якіх
Глядзяць нашы продкі сівыя спакойна і пільна,
Хоць часам у нас і ня бачаць нашчадкаў сваіх.
 
Ёй сонца з-за хмараў здалёку, як маці-краіна,
Душу асьвяціла на міг, а хапіла – на век,
Каб дрэнныя думкі расталі, нібыта ільдзіны,
А сонца застыла ў вачах, нібы крыж на царкве.
 
...Гады праляцелі, як травы сухія згарэлі,
Але засталіся Малітва і родны абсяг,
Зь якімі да зорак ляцім і ляцім, як ляцелі,
І сьлёзы, як зоркі, як вершы, кіпяць у вачах...
 
17.IX.2003.
 
 
 
 
Баляда актрысы
На сцэну актрыса выходзіць,
Бы сонца ўзыходзіць, каб мы
Ня зьніклі ў завеях стагодзьдзяў
І выйшлі, нібыта зь зімы,
 
З самоты, якая пануе
І нам не дае вольна жыць
У сьвеце, дзе нас яшчэ чуе
Наш Бог на крыжы, і ў душы,
 
І ў небе, якое над намі,
Як нашай любові сьляза,
Дзе зоркі – паўстанцаў кастрамі,
Ля іх маладзік, як каса,
 
Што зброяй была касінера,
Які не вярнуўся дамоў.
Зь ягонай крыві – наша Вера,
Надзея, Спагада, Любоў
 
І Словы, якія мы чуем,
Якімі актрыса жыве,
Якімі нам душы лякуе,
Нібыта малітва ў царкве...
 
На сцэну актрыса выходзіць,
І трэшчына ў вечнасьці лёдзе
Зьяўляецца...
 
29.IV.2007.
 
 
 
 
Баляда мастачкі
Згараюць дні пражытыя і ночы...
Згараюць фарбы ў незямным агні...
І неба ў хмарах, як у дыме плошча,
Дзе пад асфальтам спрасаваны дні
 
Забытыя, нязьдзейсненыя мроі,
Дзе ўсё было, як росная трава,
Дзе ў вечным сьне тутэйшыя гэроі
Прыгожыя, як белая царква,
 
Што чорнай стала, бо гараць дні й ночы,
Дзе мы былі і дзе ня будзем мы,
Дзе час і дым цякуць крывава з плошчы
У неба, як праз пальцы, праз дамы,
 
І ў вечнасьці губляюцца над намі,
І застаюцца ў попеле карцін,
Што чорнымі ўзьлятае матылямі
Па-над агнём, што, як душа, адзін...
 
26.II.2008.
 
 
 
 
Баляда барда
Гітара, як анёльскае крыло,
Дзе песьні шчырае жыве сьвятло
Заўжды з табой, нібы на Храме крыж,
Нібы прад бурай незямная ціш
На промнях, як на струнах залатых,
І кожны верш, нібы апошні ўздых,
І ўздых апошні, як з крывёю верш,
Дзе ты, як кроў славянская, жывеш
У кожным слове, што ідзе праз нас,
Нібы агонь праз адзіноты час,
Дзе мы з табой, як ля дарог крыжы,
Дзе ўсё часова, як сухмень, дажджы,
І толькі слова вечнае, як сьвет,
Дзе цэніцца, калі памрэ, паэт,
Пакінуўшы анёльскае крыло
Гітары, у якой жыве сьвятло...
 
3.XII.2006.
 
 
 
 
Балядныя маналёгі адзінокага паэта
1

 
Сяброў няма, ды іх шукаць дарма,
Калі віна, нібы агню, няма
І гэты дзень, дзе ўжо няма сяброў,
Нібыта партманэ бяз ста рублёў,
 
Якія 'шчэ нядаўна ў нас былі,
Калі віно, шчасьлівыя, пілі
І марылі, што разам да сьвятла
Мы дойдзем, і дарога ў нас была
 
Адна, як пляшка, і на ўсіх адна
Айчына, як чаканая вясна,
Якая ёсьць, як нашая зямля,
Якую нізашто ня кіну я,
 
Бо тут сябры, як горкае віно,
Хоць горкае, ды ёсьць у нас яно,
Як дзесьці прыхаваныя рублі,
Якія ўсё ж мы ўсе не прапілі,
 
Бо мы сябры і гэта не віно,
А сьветлае ў глухой начы вакно,
Дзе ты ня сьпіш і я ня сплю даўно.
 

2

 
Я ўсё далей ад вас, мае сябры,
Як са сьвятой спускаюся гары
Да шэрага балота, у якім
Стаіць будзённасьць мёртвая, як дым,
Зь якога вы ня ўбачыце мяне.
 
Я не шукаю радасьці ў віне,
Бо там часьцей знаходзяць сьмерць сваю.
І я ў сабе сябе не пазнаю,
Бо ўсё далей, мае сябры, ад вас.
 
І нехта кажа: «Вінаваты час,
Што разьдзяліў так неразумных нас...»
А час не вінаваты, ён – ня мы.
Маўчаць мы можам, ён жа не нямы.
 
І я далей, далей ад вас, сябры,
Як са сьвятой спускаюся гары,
Зь якой вам бачыць шлях мой непрыстойна...
Я захацеў сысьці, іду спакойна...
 

3

 
...Не шкадуйце мяне, бо заплачу адразу
І за словы нічога вам не заплачу.
Пра мяне вы забудзьце, нібы пра заразу,
Пра якую і я нават чуць не хачу,
Як ня чуе глухі, як ня бачыць сьляпы.
 
Ля дарогі стаяць не бярозы – слупы,
І мне цяжка ісьці па нябачным лісьці
Беларускіх бяроз, больш якім не расьці
Ля дарогі – дарогі таксама няма,
А сьцяга, што сябе захавала сама...
 
Не шкадуйце мяне, а сябе пашкадуйце
Ды зь любові будуйце наш велічны Храм
І ў падмурак яго нашы сны замуруйце,
Каб той Храм стаў Айчынаю нам!
 
2003–2005
 
 
 
 
Баляда валацугі
...А ён тады быў проста валацугам
І ён з усімі за табою цугам
Ня мог хадзіць – ня меў ён ні граша.
Але была, была ў яго душа,
Дзе ўсё, што ты казала, не зьнікала,
Яму душу, як сьвечка, асьвятляла,
І да цябе ішоў ён, як да Храма,
Куды яго калісь вадзіла мама
Да споведзі, каб ён сьвятлеў душой.
Ды, як зямля прад небам, прад табой
Заўсёды ён стаяў, і быў маўклівы,
І на цябе глядзеў, і быў шчасьлівы,
Бо мог ён валацугам заставацца,
Які хацеў таксама цалавацца
І марыў пра ўзаемнае каханьне...
 
Прайшлі гады, як вожыкі ў тумане,
І дзе той валацуга – ты ня знаеш,
Але прачнесься ноччу – уздыхаеш,
Ды не па ім, а па яго маўчаньні,
Анёльскім, нібы вершы аб каханьні...
 
8.II.2004.
 
 
 
 
Баляда дзядзькі Паўла
...І раптам абарвалася жыцьцё,
Як нітка, на якой вісела сонца.
І сьнег зь нябёс, як белае лісьцё,
Зьляцеў пад ногі нам на шлях бясконцы,
 
Якім цяпер нам безь цябе ісьці
У Храм высокі, дзе зьбяромся з Богам.
Ісьці па травах, камянях, лісьці,
За шлях цяжкі не кленучы нікога.
 
Ніхто ня скажа, што ня так ты жыў
Пад белым небам, што як сьнег пад намі,
Дзе продкаў не ўтравелыя крыжы
Не затравеюць з нашымі крыжамі,
 
Бо ёсьць каму і будзе, знаеш ты,
І плакаць, і сьмяяцца прад вятрамі.
І ветрам пралятуць праз нас гады,
Але мы ўкленчым толькі прад крыжамі...
 
 
 
 
Баляда перамогі над самотай
...А мы пераможам, бо мы не адны,
І гэта зямля – гэта наша зямля,
Якая даўно ўжо чакае вясны,
Нібыта чакае марак карабля
На востраве тым, які ў моры сівым,
Нібы скамянелы над вогнішчам дым.
 
А мы пераможам, бо з намі наш Бог,
Які не адрокся і сёньня ад нас,
Калі адракаюцца ў нас ад дарог,
Якімі ішлі празь сьнягі і праз час
Гэроі забытай, як вечнасьць, зямлі,
Дзе хаты бы ўрослыя ў ціш караблі.
 
А мы пераможам, бо хочацца нам
Людзьмі называцца, хоць мала хацець,
Хацець, як на сьвяты заходзіцца ў Храм
І там не маліцца, а толькі глядзець
На сьвечкі, якія ня ты запаліў,
Але іх агонь, як жыцьцё, палюбіў.
 
А мы пераможам... Ды толькі – калі?
«Калі нас ня будзе на гэтай зямлі!» –
Гаворыш мне ты, і мы бачым праз дым
Наш час, быццам човен у моры сівым...
 
 
 
 
Баляда вяртаньня
Я сягоньня ў дзяцінства вярнуцца жадаю,
Не таму, што там добра, малому, было,
А таму, што па сьцежках бацькоўскага краю
З хаты ў хату цякло Беларусі сьвятло,
Ад якога сьвятлелі самотныя хаты
І хацелася быць, і хацелася жыць,
І сьпявалі ля рэчкі пра Яся дзяўчаты,
І пускалі вянкі, і хацелася плыць
За вянкамі ў нязьведаны сьвет за лясамі,
Не таму, што там добра, напэўна, было,
А таму, што дабрэйшымі мы былі самі
І па сьцежках цякло Беларусі сьвятло,
Ад якога сьвятлелі самотныя хаты...
І мне хочацца быць, і мне хочацца жыць,
Бо яшчэ хоць цішэй, ды сьпяваюць дзяўчаты
І ў нябёсах высокіх белы бусел ляціць.
Але ўсё ж у дзяцінства вярнуцца жадаю,
Не таму, каб там жыць, а каб дзеду сказаць,
Што няма ўжо даўно таго сумнага краю,
За які ён хадзіў два разы ваяваць...
 
 
 
 
Баляда хаты
Быццам бы агонь зялёны, крапіва
На двары буяе ля прырэчнай хаты,
Дзе гладыш на плоце, быццам бы сава
У зялёным дыме сьвеціцца зірката.
 
Іржавее на гнілых дзьвярах замок,
А на шэрых шыбах дрэмле павуціньне.
Я іду, і мой цікуюць кожны крок
Птушкі, як анёлкі, у лясной маліне.
 
А было... Да гэтай хаты хлапчуком
Падысьці баяўся, паглядаў праз рэчку,
Як бяроза поіць веснавым сьвятлом
Воблака, нібы крылатую авечку.
 
А было... Нічога ўжо ня будзе тут,
І, як човен, адплыве па рэчцы хата
У нязнаны сьвет, і толькі родны кут
Застанецца тут, дзе я, нібы пракляты
 
Буду рваць ля хат забытых крапіву
І вяртацца ў думках у даўно былое,
Дзе гладыш падобны ў змроку на саву
І лісьцё на дрэвах маладое...
 
12.II.2002.
 
 
 
 
Баляда дажджлівага лета
Зноў лета – як восень. Дажджліва,
І шчасьця, як сонца, няма.
Ды кожны быць хоча шчасьлівым,
Іначай жыцьцё – як зіма,
 
Дзе ты, як трава, прападаеш,
Ня верачы, што праміне
Нудота, што сэрца сьціскае,
Сьвятло ад’ірдзее ў віне,
 
Бо лета – як восень. Дажджліва.
Ізноў ты злуешся на сьвет,
Дзе столькі заўсёды шчасьлівых
І столькі прыгожых кабет,
 
Якія, праходзячы міма,
Ня бачаць ніколі цябе
І, пэўна, ня бачаць Радзіму,
Якая сягоньня ў журбе,
 
Бо лета – як восень. Дажджліва,
І сонца, як шчасьця, няма.
Ды сьпеюць усё-такі сьлівы,
І сум – гэта ўсё ж не турма...
 
25.VI.2003.
 
 
 
 
Баляда апошняга дажджу
Лістапад адбушаваў даўно.
Неба – як разьбітае вакно,
Празь якое зь вечнасьці начной
Льецца дождж, каб нам было з табой
 
Адзінока, бы ў краі чужым,
Страшна, нібы ў сьвеце незямным,
Дзе сьвятла, нібы жыцьця, няма,
Дзе наўкольле нібы Калыма,
 
Нам зь якой нікуды не ўцячы.
Дождж ідзе, нібы зьвіняць ключы
За дзьвярыма, за якімі шыр,
Дзе даўно заціхлы ліставір,
 
У якім згубіліся сады,
І, здаецца, – гэта назаўжды
Неба, як разьбітае вакно,
У якім анёлаў не відно...
 
28.XI.2003.
 
 
 
 
Баляда ваўка
Галодны воўк сядзеў у гушчары.
Такім галодным ён ня быў ніколі!
Каб выжыць, да людзей ідуць зьвяры
І гінуць ад славутай сытай долі.
Ён злосна грыз хваёвае гальлё,
Аж ад рудой смалы трашчэлі зубы.
О, як ён грыз яшчэ вясной цялё!
З ваўчыцаю дзяліўся, быў ёй любы.
А сталі галадаць – бывай любоў.
І плакаў воўк і выў у прорву неба.
Галодны, зразумеў – няма сяброў
І не было. Сяброўкай стане глеба,
Што прыме косьці да сябе навек.
Ён сьмерць шукаў, ды сьмерці не знаходзіў.
Прасіў: «Забі мяне ты, чалавек!
Ты ж помніш, колькі я табе нашкодзіў!»
А чалавек маўчаў і уцякаў,
Ня маючы ў рукох надзейнай зброі.
І Бог глядзеў зь нябёсаў на ваўка,
Нібы на блудны цень. Начной парою
Вяртаўся воўк галодны у гушчар,
А ў травах гойсалі рудыя мышы.
І воўк адчуў, што ён не гаспадар
У сонным гушчары, у чорнай цішы,
Што ўжо яму ня вырвацца зь нягод,
Крыві гарачай больш ня піць ніколі...
І воўк пракляў сябе і воўчы род
І, звар’яцеўшы, бег па чорным полі.
 
28–29.VIII.1990.
 
 
 
 
Баляда пра сухі лес
Толькі цені блукаюць па ссохлым зьнявечаным лесе,
Толькі выюць самотна ваўкі ля іржавых крыніц,
І ня чутна птушыных вясновых і радасных песень.
Лес чакае агню, і яму ўжо нішто не баліць.
 
Лес памёр.
І лятаюць над ім ашалела вароны
І крычаць, што на сьвеце няма і ня будзе дабра.
У царыцы Вужакі злыднюгі укралі карону
І ў карчомцы штодзённа гуляюць цяпер у цара.
 
А карчомка стаіць каля мёртвага чорнага лесу,
Ды злыднюгі ня бачаць, ня чуюць ніякай бяды.
Па сталах да цара-балвана цалавацца ўсе лезуць,
І на бочцы з-пад піва сядзіць цар-балван, як сьвяты.
 
І ніхто не бядуе,
Што лесу няма і ці будзе
Больш каму пасадзіць, бо пусьцеюць у вёсках дамы.
Божай кары чакаюць, як сьвята, набожныя людзі,
А бязьверцы ідуць, як да Храма свайго, да карчмы.
 
Лес памёр.
Неўзабаве за ім перасохнуць крыніцы
І царыца Вужака ўцячэ ад бядоты ліхой.
Сьпее ў хмары чарнюткай над лесам сухім бліскавіца,
І ў Айчыне няма чалавека з жывою вадой.
 
10.I.1991.
 
 
 
 
Баляда канца XX стагодзьдзя
Часта Караткевіча чытаю,
Нібы ў Беларусь сябе вяртаю
Зь Беларусі, у якой няма
Беларусі, ёсьць адна зіма,
Белая, як твары ваяроў,
Што ўжо больш ня вернуцца дамоў,
Бо яны ўжо дома, як і ты,
Сумны, як пражытыя гады,
У якіх і Беларусь была
Сумная, як хата безь цяпла,
Белая, як рукі маладзіц,
Чыстая, нібы вада крыніц,
Што яшчэ бруіцца і цячэ,
Як сьляза ў матулі па шчацэ,
Сьветлая, як Беларусь, якая
І мяне дамоў заўжды чакае,
Безь якой мяне нідзе няма,
А ёсьць гэта, як нябыт, зіма,
Дзе мы Караткевіча чытаем,
Каб тут быць, як Караткевіч быў,
Каб тут жыць, як Караткевіч жыў...
 
26.XI.2005.
 
 
 
 
Паэт, у якога ўсе дома
Проза-нітка, на якой жывуць вершы
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Дзень даўжэе...
Дзень даўжэе, нібыта даўжэе жыцьцё,
І ў бяроз у цябе за вакном на двары
Праразаецца цёпла, нясьпешна лісьцё,
Асьвятляючы двор, як скляпеньне, стары,
У якім ты пражыў ненайгоршыя дні,
У якіх ты любіў, ненавідзеў наш сьвет,
Дзе згараем мы ўсе, як лісьцё на агні,
І губляемся ў сьвеце, як дым у траве...
 
Дзень даўжэе, як цень у Хрыста за сьпіной.
Дзень расьце, і цябе працінае сьвятло,
Што праз двор працякае сусьветнай ракой,
Дзе зьяднана, што будзе і што ўжо было...
 
 
 
 
*  *  *
Жыве паэзія ў агні,
Нібыта Божы дух у Храме,
Нібыта крык у цішыні,
Нібыта ведзьма ў пекнай даме.
 
Жыве паэзія ў агні,
І ты, нібы вогнепаклоньнік,
Пры ёй жывеш у гэтым дні
І гінеш у яе бяздоньні.
 
Жыве паэзія ў агні,
Нібы дарога ў цёмнай ночы,
Дзе едзе рыцар на кані,
Каб пекнай дамы ўбачыць вочы.
 
І ты ў агонь, як воўк, глядзіш
І словы вогненна рыфмуеш,
Нібыта да Хрыста ляціш
І ведзьму голую цалуеш...
 
 
 
 
Божыя кароўкі
1

 
Божыя кароўкі – гэта кроплі крыві
З-пад цярновага вянка
Што на галаве ў Хрыста
 

2

 
Іголка нібыта маланка
Мне прабіла палец
Зь якога нібыта з кокана
Вызвалілася кропля крыві
Мая божая кароўка
 

3

 
Зоркі – гэта божыя кароўкі
На купале Храма вечнасьці
І падаюць зь неба ня зьнічкі
А божыя кароўкі
Вучацца лётаць
 

4

 
Па шыбе паўзе
Божая кароўка
Як па возеры застылым
Восеньскі ліст плыве
 

5

 
Божыя кароўкі – гэта каляровыя сны
Белых анёлкаў
З краіны майго дзяцінства
 

6

 
Божыя кароўкі – гэта людскія душы
У якіх жыла і жыве
Бясконцая вера ў Бога
 

7

 
А на далоні тваёй
Тры божыя кароўкі
Як шматкроп’е ў сказе
І на пачатку было Слова...
 

8

 
Ты прыручыла божых каровак
І мяне наняла ў пастухі
І цяпер я хаджу па лузе
Нібы па райскай даліне
У пошуках божых каровак
 

9

 
У нашым з табою небе
Ёсьць сузор’е Божых каровак
Але пра гэта ведаем толькі мы
Я, ты і божыя кароўкі
 

10

 
Божыя кароўкі – гэта божыя думкі
Пра наш сьвет
Дзе мне добра з табой
Бо думкі божыя
Заўсёды між намі
Як божыя кароўкі
 

11

 
Поўня над Мінскам
Гэта вялікая беларуская
Божая кароўка
Якой сьняцца сны пра Менск
 

12

 
Божыя кароўкі
Як насеньне з райскага дрэва
І я трымаючы ў кулаку
Божую кароўку
Адчуваю як яна шавеліцца
Нібы прарастае ў маю душу
 

13

 
І рухаюцца па венах маіх
Божыя кароўкі
Несучы ў сэрца
Нібыта ў гняздо
Любоў і каханьне
І выплываюць з вачэй маіх
Сьлёзы
Як празрыстыя божыя кароўкі
 

14

 
І закончыцца дзень
І пачнецца ноч
І божыя кароўкі
Зьбяруцца ўсе разам
І ўзыдзе сонца з божых каровак
Каб мы сустрэліся з табой
І ўспомнілі пра ўсіх
Хто не дажыў да сьвітаньня
 
12–13.I.2009.
 
 
 
 
Выкраданьне агню
Ты захацеў стаць Праметэем.
Агонь ты выкраў у багоў.
Цяпер у травах чорным зьмеем
Паўзеш, апалены, дамоў
І чуеш сьмех і крык вар’ятаў.
І цемра, цемра, як праклён,
І адзінота сьпіць у хатах,
І д’яблы выюць ля вакон.
Багі маўчаць і не злуюцца,
У небе зор ня бачна зноў.
Арлы за крушню ў цемры б’юцца,
Нібы за чарапы цароў.
Паўзеш і ланцугоў ня бачыш
Ні на руках, ні на нагах.
Твой шлях ніхто тут не аплача,
Як чарвяка – твой слізкі шлях.
А брат твой, да гары прыкуты,
Стаіць у цемрыве начэй.
І ў акіян цячэ атрута
Зь яго апаленых вачэй.
 
4.IX.1994.
 
 
 
 
Выкраданьне залатога руна
Вар’яцка сьпяваюць сірэны,
І нам не вярнуцца назад
У белыя родныя сьцены
Да вабных, як віны, дзяўчат.
 
Але мы плывём, і нам неба
Гаворыць, што шанц у нас ёсьць.
Руно! Нам ня золата трэба,
Ня трэба слановая косьць.
 
Злуюцца багі, і наш ветразь,
Як ліст, калашмацяць вятры.
Малітвай анёлячы веру
На палубе, як на кастры,
 
Стаім прывязаныя. Мора
Магілаю хоча нам стаць.
Шляхамі згараючых зорак
Галодныя цмокі ляцяць.
 
Ды ўсё ж мы руно залатое
Здабудзем!
І хутка прап’ём.
І мора, як дрэва сухое,
Ахопіцца райскім агнём.
 
3.IX.1994.
 
 
 
 
Выкраданьне ружы
За сьцяной высокай у старым кляштары
Пад вакном у мнішак маладых
Ружа, як цнатлівасьць мнішак белатварых,
Спакушае рыцараў начных.
 
Рыцары начныя ад спакусы злыя,
У карчомцы выпіўшы віна,
Ля кляштара ходзяць, як сабакі тыя,
Для якіх высокая сьцяна
Не сьцяна, а проста толькі перашкода.
 
І, як сном затопіцца кляштар,
Рыцары начныя ціха з асалодай
Паімкнуцца ў павуціньне мар.
 
Зьнікне ружа белая ў старым кляштары
Пад вакном у мнішак маладых
Гэтак, як цнатлівасьць мнішак белатварых
У абдымках рыцараў начных.
 
8,22.IX.1994.
 
 
 
 
Выкраданьне каханай
Збудую паветраны замак,
Анёлы паселяцца ў ім.
Ты будзеш у замку таксама,
Ты будзеш у сэрцы маім.
 
На лютнях зайграюць анёлы,
І ўспыхнуцца ружы наўкол.
І раю блакітныя пчолы
Нам сьвечкі паставяць на стол.
 
І будзе наш замак праз ружы
У небе, як мроіва, плыць.
Нам хмараў вандроўныя сьцюжы
З табой, як санэты, любіць.
 
Паветраны замак збудую
Над садам – кляштарам тваім.
Цябе я ўкраду, пацалую,
І ў неба, як сон, паляцім.
 
2.IX.1994.
 
 
 
 
Дзяды
Мільёны сьвечак асьвяцілі край,
Каб душы продкаў бачылі ізноў,
Што помнім іх і нашая любоў –
Адзіны існуючы ў сьвеце рай.
 
Мы молімся, мы плачам, мы маўчым,
Праз гэтае жыцьцё свае крыжы
Нясём, нібы ратунак для душы,
І ў вечнасьць адлятаем, нібы дым.
 
Мільёнам сьвечак цэлы дзень гарэць,
І нам глядзець у сьвет, куды ляцім,
Дзе мейсца ёсьць, было і будзе ўсім,
Дзе нам усіх любіць і разумець.
 
4.XI.1994.
 
 
 
 
*  *  *
Няпэўнае жыцьцё, як сьмерці пацалунак,
Як сон, зь якога не ўцячы, бо гэта сон.
І ноч, як прорва, у якой ёсьць паратунак
Ад шэрых, быццам пыл, і ад самотных дзён.
 
Няпэўнае жыцьцё, як дым па-над палямі,
Дзе мы былі, дзе нас няма, як не было,
І быццам бы сябе прыдумалі мы самі,
Каб існаваць, як існуе ўначы сьвятло.
 
Няпэўнае жыцьцё, нібыта пакараньне,
Нібыта Божы суд, якога не мінуць,
Пасьля якога – толькі сьмерць, не існаваньне...
І людзі ў Храмах плачуць, плачуць і пяюць.
 
30.IX.1996.
 
 
 
 
Элегія вады
Вада, нібы расплаўленае неба,
Плюскочыцца ў бэтонных берагах,
І рыбы, як жывыя зьліткі срэбра,
Плывуць, нібыта ў небе – Млечны Шлях.
 
І горад наш каменны і халодны
Стаіць каля вады, нібы жабрак,
Які ўтапіцца думае штодзённа,
Але пакуль ня топіцца, аднак,
 
Бо жыць ахвота пад высокім небам,
Дзе зрэдку сонца сьвеціць на зямлю,
Дзе я жыву, бо знаю – жыць мне трэба,
Хоць гэты горад, як цямніцу, не люблю...
 
Вада цячэ між берагоў бэтонных,
Ёй сумна між бэтонных берагоў,
Як сумна мне бязь сьцен бацькоўскіх, родных,
Як сумна травам без жывых дажджоў.
 
6.XII.1998.
 
 
 
 
*  *  *
...А зімой у прыціхлай Дзьвіне
У палонцы, нібыта ў вакне,
Адзінока трапеча сьвятло,
Што цячэ, як стагодзьдзі цякло
Між высокіх крутых берагоў,
Міма нашых з табою дамоў,
У якіх ля агню мы сядзім
І ў агонь, што ў былое, глядзім,
Дзе шуміць маладая Дзьвіна
І дзе лес у сьнягох, як сьцяна
Па дарозе ў Эўропу, стаіць.
 
Чорны воран над сьнегам ляціць,
Быццам злая чыясьці душа,
Быццам чорная маска віжа...
А ў палонцы, нібыта ў вакне,
Вадзяны пасьміхаецца мне,
Бо я дома, як вязень, сяджу
І ў агонь, што ў былое, гляджу,
А Дзьвіна хоць прыціхла, бурліць
У сьнягох і пад лёдам ня сьпіць,
Як ня спаў і ня сьпіць божы час,
У якім ёсьць Дзьвіна і для нас...
 
17.IX.2000.
 
 
 
 
*  *  *
...А ён вершы любіў вечарамі чытаць,
Як у прыску вугольле жывое шукаць,
Каб ізноўку агонь распаліць уначы
І да раніцы потым агонь берагчы,
Быццам вершы ўсю ноч пра каханьне чытаць.
 
І праходзіла ноч, бы мінаў цэлы век,
І званілі званы за вакном на царкве,
Бы вярталіся ў неба анёлы зь зямлі,
Што ў санэтах, бы ў клетках, самотна жылі,
Покуль іх уначы не знайшоў чалавек...
 
 
 
 
*  *  *
Мы – апошнія дзеці Жанчыны,
Нам прыйсьці да магілы яе,
Выпіць нам разьвітальныя віны,
Дзе грахі мы тапілі свае.
 
Мы таксама памром, і над намі
Зьнікнуць зоры і зьнікне сьвятло,
І начнымі ўзьляцім матылямі
Па-над тым, што ў нас ёсьць і было.
 
Мы – апошнія словы Жанчыны.
Мы – малітва над крыжам дарог,
Дзе пад восеньскім лісьцем асіны
Сьпіць сьвятло, нібы стомлены Бог.
 
29.VI.1996.
 
 
 
 
*  *  *
Тут, дзе Нёман цячэ,
Тут Айчына мая.
Тут, ля Нёмана, гай
Нібы Храм салаўя,
Што яшчэ тут жыве,
Як жыве мой народ,
Не згубіўся які
Між лясоў і балот.
 
І пакуль я жыву,
І пакуль я хаджу,
Я ў рачныя віры,
Як у вечнасьць, гляджу,
І там бачу свой Край,
І там бачу зямлю,
Безь якой я нішто
І якую люблю,
Так, як волю люблю,
Безь якой нам ня жыць
Тут, дзе Нёман цячэ,
Дзе бярэзьнік шуміць...
 
28.XI.1999.
 
 
 
 
*  *  *
Сярэдзіна лета
Дыміцца, нібы цыгарэта.
 
Сярэдзіна лета,
Як попел лятучы санэта,
Які я табе прысьвяціў,
Але, як самоту, спаліў,
Бо ты ў ім была не апета,
Як трэба было зрабіць гэта.
 
Сярэдзіна лета.
Над намі ўжо сонца каметай
Плыве і ў нябыце зьнікае.
 
Сярэдзіна лета,
Нібыта іскрынка, якая
Патрапіла ў вока паэта.
Сярэдзіна лета.
 
Сярэдзіна лета,
Нібыта пісьмо без канвэрта,
Якое падхоплена ветрам.
 
Сярэдзіна лета,
Як сьветлая ўсьмешка з партрэта
Жанчыны, якую чакаеш,
Якой, нібы лета, ня знаеш,
Бо лета, нібыта карэта,
Пыліць і зьнікае,
Бо гэта
Сярэдзіна лета,
Сярэдзіна лета...
 
 
 
 
*  *  *
Ты хаваеш сябе ў адзіноту,
Як вясною ўсе дрэвы ў лістоту
Свае чорныя кроны хаваюць.
 
І сядзіш ты на кухні, і курыш,
І гаворыш, што бабы ўсе дуры
І адных тут прыдуркаў кахаюць.
 
Ды раптоўна расчыняцца дзьверы,
І вачам ты сваім не паверыш –
Да цябе прыгажуня загляне.
 
І зь сябе ты сарвеш адзіноту,
Як рака пазбаўляецца лёду.
Ды жанчына, як прывід, растане.
 
14.IV.2004.
 
 
 
 
Навальніца
Гром грыміць паціху за вакном,
Цемра працінаецца агнём,
Раніца далёка, як Парыж.
 
Дождж змывае пыл з прыціхлых дрэў,
З дрэў у неба д’ябал узьляцеў,
Бачачы яго, ты ўся дрыжыш.
 
Расчыніўшы ў цемрыва вакно,
Мы гаворым пра французскае кіно,
Да якога нашаму – скакаць.
 
Ну а гром памалу ўсё грыміць.
І каму ахвота спаць – той сьпіць.
Праўда, можна так усё праспаць.
 
 
 
 
Самагубца
Ты мёртвы, быццам дзень мінулы,
Што з памяці яшчэ ня зьнік.
Ты – вецер у вакзальных вулках,
Кудой прагрукацеў цягнік.
 
І гэта ноч, як дамавіна,
Сплыве з табою ў небыцьцё.
І будзе бледная жанчына
Зьбіраць апалае лісьцё
У вулках, дзе з табой бывала,
І будзе вогнішча паліць,
І будзе дым каля вакзала
Нібыта прывід твой хадзіць...
 
Чаго ты жыў – ніхто ня знае.
Нашто памёр – ня знаеш ты.
І кроў зь цябе, як грэх, сьцякае
На патаптаныя лісты...
 
18.XI.1998.
 
 
 
 
*  *  *
Мастак намалюе неба,
І неба празь міг – жыве,
І воблакаў белых срэбра
Спакойна празь дзень плыве.
 
Мастак намалюе сонца,
І сонца асьвеціць нам,
Як вечнасьць, той шлях бясконцы,
Якім мы ідзём у Храм.
 
Мастак намалюе ружы,
І ў ружах – любоў, як мёд...
За вокнамі сьпее сьцюжа,
І шыбы ў вакне, як лёд.
 
Але сёньня будзе сьвята,
Бо неба і сонца ёсьць,
І намалявана хата,
І ў хату ідзе ўжо госьць.
 
16.II.2008.
 
 
 
 
*  *  *
У кожнага даўно сваё жыцьцё,
У кожнага даўно свая дарога,
Па-над якой апалае лісьцё
Ляціць самотна, як лісты да Бога.
 
І мы ня хочам болей адчуваць
І радасьць, і самоту, што мінулі
І сёньня нібы за гарой царква,
Далёка й побач, нібы дом матулі.
 
Ды хочацца сустрэцца, каб ізноў
Адчуць, што ёсьць у кожнага дарога
Свая, і цэлы век даўно прайшоў,
І сонца ўжо ўзышло, як ліст ад Бога...
 
19.II.2008.
 
 
 
 
У цэнтры Эўропы
1

 
У цэнтры Эўропы лёд
І ты ідзеш па ім
Нібы Хрыстос па вадзе
І адзінока табе
Як пчале, у якой няма вульля
І цень твой перад табой
Як сьцежка на лёдзе
Да палонкі як поўні ў небе
 

2

 
Ня плачце па мне
Ты сказаў і сышоў у нябыт
І ўзьляцелі птушкі з дрэў
Сумныя як попел
Сьветлыя як сьнег
Што ў цэнтры Эўропы
Дзе межы як трэшчыны
На старажытным гаршку
 
20.II.2008.
 
 
 
 
*  *  *
утравелыя помнікі-валуны
як рэшткі брукаванай дарогі
па якой прайшло дваццатае стагодзьдзе
 
8.V.2008.
 
 
 
 
*  *  *
Без дарогі ісьці, азірацца,
Як з палону дахаты ўцякаць,
І душой аб туман разьбівацца,
Матылём над агнём узьлятаць,
 
І ня ведаць, ці хто Там чакае
І чаму сёньня сонца няма
Па-над гэтым зажураным краем,
Дзе сто год, як памерла зіма...
 
Без дарогі ідзеш, бо асотам,
Што дарогай было, зарасло,
Хоць над ім 'шчэ, нібыта над лёдам
Не заціхла вандровак сьвятло.
 
І ты прыйдзеш, нібыта з палону,
І патоне твой дзень у сьлязах,
І амыецца, стане зялёнай
І жывою трава на лугах...
 
А пакуль ты ідзеш без дарогі
І сваіх ты ня бачыш сьлядоў
І ўсе радасьці, і ўсе трывогі,
Як адвечная песьня дзядоў...
 
30.III.2008.
 
 
 
 
*  *  *
Вярнуцца дадому, нібыта прачнуцца
На самым сьвітаньні, калі яшчэ зоры
У кропелькі рос не пасьпелі згарнуцца
І тонуць у небе, нібы ў чорным моры.
 
Вярнуўся дадому, нібыта прачнуўся
На самым зьмярканьні, калі летні вецер
У сад ззалацелы з вандровак вярнуўся,
А ў садзе ніхто ўжо ня помніць аб леце.
 
І сумна глядзіш ты на родную хату,
Нібыта на прысак, зь якога вугольле
Дыміцца і ў дым, як у шэрую вату,
Хавае ад холаду ўсё навакольле...
 
3.IV.2008.
 
 
 
 
*  *  *
...На вадзе не запісаць малітву,
А малітву, як на д’ябла брытву,
У душы да сьмерці пранасіць.
І маліцца адзінока ў Храме,
І маліцца з божымі людзямі,
Быццам бы ваду жывую піць.
Не чакаць за грэшнасьць дараваньня.
Як у кожнай ночы сьпіць сьвітаньне,
Так у кожным з нас жыве любоў.
Ты запішаш на вадзе малітву,
Аб яе паранісься, як брытву,
І ў табе малітвай стане кроў.
 
6.IV.2008.
 
 
 
 
*  *  *
Мне ніколі не забіць паэта,
Што ўва мне, нібы ў турме, жыве
І друкуецца ва ўсіх газэтах,
Што пасьля валяюцца ў траве
Пад нагамі, як сьмяцьцё і лісьце
З дрэваў восеньскіх у час дажджу,
Што міне, як і жыцьцё калісьці
Скончыцца. Я пра жыцьцё пішу,
У якім усё даўно вядома.
Ды знаходжу я, што гэты сьвет,
Як балькон вялізарнага дома,
На якім, нібыта птах, паэт,
І яго зваліць усім ахвота,
Каб пасьля за пляшкай шкадаваць,
Зваць і гэніям, і ідыётам,
Што хацеў усіх уратаваць
Ад нябыту, што заўсёды з намі,
Як душа і неба над зямлёй,
Дзе ляжаць усім нам пад крыжамі,
Захлынуўшыся сваёй крывёй.
 
26.IV.2008.
 
 
 
 
Вежа
над усім узвышаецца вежа
яна ахоўвае і ахоўваецца
яна ўглядаецца ў неба
як студня ўглядаецца ў зямлю
у вежы жывуць прывіды
яны палохаюць рэха
і самі палохаюцца
вежа прыцягвае маланкі
і сама як акамянелая маланка
у час навальніцы сьвеціцца
сваім каменным сьвятлом
ля вежы шукаюць золата
ля вежы губляюць упэўненасьць
вежы давяраюць свае таямніцы
на вежу спадзяюцца
вежа вялікі каменны рог
у які іграюць вятры
напамінаючы навакольлю аб пільнасьці
вежа першай сустракае сонца
якое ўзыходзячы з-за лесу
залоціць купал вежы
нібы карануе цмока
які ахоўвае і ахоўваецца
і я гледзячы на вежу
бачу сваю адзіноту
 
29.XII.1994.
 
 
 
 
Пень
пень – кропка ў жыцьці дрэва
пень – згублены зуб жывёлы
якія жывуць у казках
якіх мы ўжо даўно не расказваем
пень – трон лесавіка
на які любяць прысесьці вандроўнікі
і забыўшыся пра ўсё на сьвеце
слухаць як шумяць дрэвы
пень гэта мішэнь
у якую страляюць д’яблы
і трапляюць у людзей
і сварацца людзі
гаворачы адзін на аднаго
ты дурны як пень
пень гэта прыступка лесьвіцы
якая вядзе ў пустэчу
і мы абыходзім аб’язджаем пень
не разумеючы што яго нельга
ні абысьці ні аб’ехаць
і мы ня любім пнёў
і мы баімся пнёў
і толькі мурашкі
бачаць у пні зруб сваёй хаты
 
30.XII.1994.
 
 
 
 
Баразна
баразна гэта трэшчына
паміж ворывам і дзірваном
у час дажджу
баразна становіцца рэчышчам
па якім цячэ неба
баразна заўсёды ў чаканьні
яна адкрытая і безабаронная
але яна можа абараніць
і памятаючы крокі аратага
яна сумуе і чакае яго
баразной перакрэсьліваецца пустэча
і я ідучы праз поле
па сьвежай баразьне
трапляю ў свой спакой
 
23.I.1995.
 
 
 
 
Соль
попел нашага жыцьця
акамянеўшы стаў сольлю
соль гэта сьнег сярод лета
па дарозе ў замак
па якой едуць на санях
Радзівілы
соль гэта золата
калі яе няма
соль гэта Салігорск
калі яе шмат
і стаіць на кухні
у шкляной сальніцы соль
як застылае сьвятло самоты
якога мне трэба скарыстаць
відаць не адзін пуд
каб зразумець
у чым соль жыцьця
у чым соль сьмерці
 
2.II.1995.
 
 
 
 
Твань
твань спадманвае і спадманваецца
яна хаваецца ў травы і кустоўе
да яе ідуць і ад яе ўцякаюць
яна бяздонная і пражэрлівая
тваньню палохаюць і ў яе заманьваюць
твань гэта вароты ў пекла
твань гэта мытня ў чорнае царства
у якім жывуць чэрці
і розныя нячысьцікі
твань гэта навальнічнае воблака
якое прырасло да зямлі
і не змагло ўзьляцець у неба
і я ідучы з дому чую голас
глядзі ня трапі ў твань
і я іду і я трапляю ў твань
і я ўцякаю з твані
пакуль навокал твань
пакуль навокал
пакуль
 
28.XII.1994.
 
 
 
 
Нітка
мама сеўшы ля вакна
як ля шклянога неба
зь белага воблака воўны
калаўротам выцягвае нітку
і прапускаючы яе праз свае пальцы
як нітку Арыядны
мама блукае ў лябірынце часу
нітка доўгая як восеньскі вечар
сьветлая як Млечны Шлях
яна паслухмяная
яна слухаецца іголку і шыдэлак
яна служыць
але не прыслужваецца
яна трывалая і цярпялівая
яна цёплая як маміна дыханьне
яна сумная як дым
што цягнецца ў неба
ад патухаючага вогнішча
 
7.II.1995.
 
 
 
 
Серп
сярпу давяралі жніво
яго шанавала жняя
а цяпер ён у паветцы
сярод заіржавелага жалязьзя
пра яго ўсе забыліся
і толькі малыя ўнукі гаспадара
ня ведаючы што такое серп
час ад часу бяруць яго
але пачуўшы дзедаў голас
пакладзіце серп на мейсца
кідаюць серп у жалязьзё
і ўцякаюць як ад зьмяі
і ляжыць серп у паветцы
як непатрэбнае шчасьце
як успамін пра даўняе жніво
як наша самота
і ствараючы з павуты свой сьвет
цікавяцца сярпом павукі
бачачы ў ім маладзік
які мог бы асьвяціць іх неба
 
8.II.1995.
 
 
 
 
Плуг
плуг перагортвае поле
са старонкі дзірван
на старонку ворыва
ён слуга і гаспадар
яго шануе араты
і плуг ведае сабе цану
але не задзірае нос
па якім яму часта даецца
ад разбуджанага каменьня
якое схавалася ў дзірван
і чым часьцей нырае плуг
у падтраўнае зацішша зямлі
тым больш ён сьвеціцца радасьцю
што ён патрэбны
і людзі і птушкі
якія сьпяшаюцца за ім
як за павадыром
ідучы зь Вясны ў Восень
пакланяюцца яго сьледу
сьвежай баразьне
 
9.II.1995.
 
 
 
 
*  *  *
чырвоная зьмяя крыві
высьлізгнула з горла воя
і застыла ад нечаканай волі
 
26.II.1995.
 
 
 
 
Крыга
крыга атрымаўшы волю
адразу яе згубіла
трапіўшы ў палон цячэньня
і плыве крыга
як рачное воблака
насустрач сваёй сьмерці
як насустрач свайму шчасьцю
і кружацца над крыгай чайкі
як над спакусьлівым прывідам
дзівоснай рыбіны
крыга гэта рэшткі скуры
якую скідаючы зь сябе
рака-зьмяя становіцца зноў ракой
крыга гэта рэшткі блакітнай турмы
якую збудаваў мароз
няволячы русалку
якая не схацела стаць ягонай жонкай
і я стоячы на беразе ракі
гляджу на крыгу
як на белы крыгалёт
на якім адлятае Зіма
 
5.III.1995.
 
 
 
 
Сон
сон гэта Харон
які перавозіць нас
з аднаго берага ночы на другі
сон гэта палон
у які ахвотна здаёмся
забываючы пра сябе
сон гэта бездань
у якую падаем
застаючыся на мейсцы
сон чакаем як збавеньня
але сон гэта д’ябал
які спакушае нас жыцьцём у сьне
у якім гаспадарыць сон
сон гэта наша жыцьцё
сон гэта прывід
які праглынае мяне
сон гэта салодкая сьмерць
і сьніцца мне сон
у якім я ня сплю
і невядома што існуе
жыцьцё ў сьне ці сон у жыцьці
сон у жыцьці ці жыцьцё ў сьне
 
6.III.1995.
 
 
 
 
Кладка
кладка над прорвай
гэта костка ў горле цмока
які даўно ўжо мёртвы
але яшчэ ўсё роўна
разяўляецца на сонца ў небе
кладка гэта злучнік у сказе
які запісаны на істужцы сьцяжыны
і я каб перайсьці ручай
шукаю кладку нібы скарб
і кладзецца самаахвярная кладка
пад мае ногі
і я іду па кладцы
як па сваім цені
і прагінаецца кладка
нібы нахіляецца да вады
зачараваны вандроўнік
каб спатоліць смагу
патрэсканымі ад сьпёкі вуснамі
 
16.III.1995.
 
 
 
 
Страла
страла гэта стрэлка гадзіньніка
які заўсёды паказвае
толькі гадзіну сьмерці
страла гэта пяро
з крыла адзінокага цмока
і ляціць страла
як патухлая маланка
несучы на сваім вастрыі
кропку для сумнай баляды
пра сьмелага воя
і ляціць страла
і хаваюся я ад стралы
як ад свайго лёсу
і ляціць страла
як расколіна ў сасудзе дня
зь якога камусьці болей ня піць
але я чакаю стралу
але пасланую Купідонам
 
21.III.1995.
 
 
 
 
*  *  *
Ты ў скверы Буніна чытала,
Нібы ў агонь лісьцё кідала,
А там лісьцё і не гарэла,
Як матылі, да зор ляцела,
І ў лёце музыка гучала,
Якая неба асьвятляла...
Ты небу Буніна чытала.
 
31.III.1995.
 
 
 
 
Драбіна
у сенцах стаіць драбіна
па якой мы лазім на гарышча
і заходзяць валачобнікі і сьпяваюць
падстаўляй драбінку
лезь па сланінку
і лезе маці на гарышча
і нясе валачобнікам пачастунак
і ўзлазіць кот на драбіну
і дрэмле вартуючы лаз на гарышча
і стаіць драбіна як сьвятая
як пакараная
але яна драбіна
і яна заўсёды гатова дапамагчы
узьняцца па-над зямлёй
і апусьціцца на зямлю
і я ўспамінаю дзяцінства
калі хацелася знайсьці драбіну
па якой можна ўзьлезьці на неба
дзе жыве сам пан Бог
і я майструю драбіну
(пішу вершы)
па якой лезу на сваё неба
у якім я хачу быць Богам
 
10.IV.1995.
 
 
 
 
Слуп
яго паставілі і ён стаіць
на яго зьвяртаюць увагу
і яму здаецца
што ён пуп зямлі
але ён слуп
якому збрыдлівыя сабакі
даўно падмачылі рэпутацыю
і аб які мясцовыя сьвіньні
чэшуць свае брудныя бакі
але слуп стаіць як і стаяў
як д’яблавы посах
каля варот у пекла
і садзяцца на слуп вароны
як на свой трон
і вывешваюць на слупе
павукі сваю павуту
нібыта белыя сьцягі
на вежы разбуранага замка
і стаіць слуп сярод поля
як аслупянелы велікан
і маланка хоча спаліць
і пярун хоча расшчапіць яго
і абыходзяць яго і аб’язджаюць
і ніхто ня памятае
адкуль тут зьявіўся слуп
а слуп стаіць бо яго паставілі
і ў яго ніколі ня будзе каранёў
 
27.XI.1995.
 
 
 
 
*  *  *
Зноў белы лес, нібы сьцяна палаца,
Стаіць на ўсходзе й раніцу пільнуе,
А наша сонца ў снох тваіх начуе,
І ты ня можаш рана прачынацца
 
І каву піць, нібыта ноч да донца,
Дзе чорнае, нібыта кава, сонца
Тваіх забытых дзён, дзе ты адна
Глядзела, як зь нябёс начных, з вакна
 
І сьвечкамі сьвятліла падваконьне.
Як гэта ўсё было даўно, а сёньня
Зноў белы лес, нібы сьцяна палаца,
Стаіць на ўсходзе й раніцу пільнуе,
 
А наша сонца ў снох тваіх начуе,
І дзень ня можа аніяк пачацца...
 
27.IV.2008.
 
 
 
 
*  *  *
А ты даўно стаміўся ад жыцьця
І ўжо ня помніш, для чаго жывеш,
І дні твае, нібыта пыл, ляцяць,
Губляючыся ў сьнезе і ў траве,
 
Дзе шэры горад для цябе як сон,
Які табе прысьніўся ў век дажджу
І захапіў цябе ў начны палон,
Дзе я таксама, нібы воўк, сяджу
 
І плачу вершамі ў начны прастор,
Бо дождж нудотны, як аблок жыцьцё,
Дзе мы ня бачым над сабою зор,
Дзе зоры, як вар’яцкае лісьцё,
 
Што ў неба заляцела выпадкова,
Як у душу пакрыўджаную слова
 
Самотнае і сьветлае, як дзень,
Які прайшоў і ўжо ня будзе больш,
І ўспомніцца, як з-за аблок прамень,
Забудзецца, як перажыты боль,
 
Бо ў гэтым сьвеце стане ўсё травой,
І над касьцёлам і па-над царквой
Мы праляцім і зьнікнем назаўжды,
Нібы ў пяску дзьве кропелькі вады...
 
2.V.2008.
 
 
 
 
*  *  *
Няўлоўнай вечнай музыкі дыханьне
Плыве над намі сьветла і плыве,
Пакуль са сьнегам першым не растане
У восеньскай, нібы агонь, траве.
 
Растане і вадой сьцячэ самотнай
У чорную, як вугальлё, ральлю
І будзе кожнае травінцы роднай,
І кожная травінка нам «люблю»
 
Шаптаць пачне, і музыцы чароўнай
Зноў па-над белым сьветам плыць і плыць
Маладзіком, як залачаным чоўнам,
На дне якога першы сьнег ляжыць.
 
20–22.V.2008.
 
 
 
 
*  *  *
Ён думае, што вечны ён, як сьвет,
А ён, як пыл на маладой траве,
Датуль жыве, пакуль няма дажджоў.
 
І пройдзе дождж, нібыта пройдзе век,
І чалавекам будзе чалавек,
І будзе, нібы дождж, любоў.
 
І вырасьце высокаю трава,
Але ў траве ня згубіцца царква,
Куды ён прыйдзе, каб пабыць са мной.
 
І я яму нічога не скажу,
І, як малітва, будзе шум дажджу
Над намі, нібы над травой...
 
6.IV.2008.
 
 
 
 
*  *  *
...Чужыя заходзяць у хату,
І робіцца хата чужой.
І птушкі цураюцца саду,
І ў садзе жыве лістабой.
І ты падбіраеш лістоту,
Нібыта ад Бога лісты,
І будзеш чытаць іх употай,
Глядзець на чужыя сады,
Зь якіх больш ніхто ўжо ня скажа
Табе, што тут ты гаспадар.
 
Лісьцё ператворыцца ў сажу,
І сонца, нібыта ліхтар,
Патухне, і стане зімою
Дажджлівая восень, і сьнег,
Як сьмех, паляціць над табою
Празь сьвятасьць тваю і праз грэх...
 
І раптам ты з крыкам прачнесься
І хату сваю, як душу,
Агледзіш, наўкол азірнесься
І выйдзеш, нібыта з дажджу,
З самоты, якая чужая,
Якая чужой не бывае...
 
6.IV.2008.
 
 
 
 
Час
1

 
у кожнай травінцы
трапеча агонь
і вецер яго разьдзімае
і пыл узьлятае як дым
і ты стаіш у высокай траве
як на кастры інквізіцыі
 

2

 
і падаюць зь неба зоры
і падаюць з дуба жалуды
а па рудой травіне паўзе
божая кароўка
як кропля крыві
па ржавым лязе нажа
у забойцы часу
 

3

 
ад квецені садоў
павар’яцелі пчолы
і ты ідзеш праз сад
нібыта праз пажар
дзе попел апалых пялёсткаў
сумны як парваныя вершы
пра шчасьлівае каханьне
 

4

 
у прыцемках вячэрніх
перад Кафедральным саборам
ліхтары
ці грэшныя душы
і Няміга ў трубе
як сьвятло ў тунэлі
 

5

 
каля дарогі дахаты
з абрэзанымі кронамі дрэвы
як патушаныя сьвечкі
 

6

 
і час растае
нібы лёд
што сёньня разьдзяляе
ваду і неба
і ты ідзеш па лёдзе
як па часе
які спыніўся
 
10.V.2008.
 
 
 
 
*  *  *
Ад дажджу на Нямізе патоп,
А Няміга ў трубе пад зямлёй,
Як салдат, што залёг у акоп
І прад боем ляжыць сам ня свой,
Хоць і помніць, што ў цэнтры Эўропы
То пажары заўжды, то патопы...
 
Я з табою іду па вадзе,
Як праз час, што зрабіўся вадою,
І вада нам насустрач ідзе
І жаўцее царкоўнай сьцяною,
За якою малітвы сьвятло,
Як Нямігі вада пад зямлёй,
І што будзе, што ёсьць, што было
Аб’яднана пажарамі ў ёй...
 
23.V.2008.
 
 
 
 
*  *  *
Ля чыгункі кавыль, як агонь пасівелы,
Не стухае, дыміць, асьвятляючы мне
Верасное вяртаньне празь вечар счарнелы
У краіну, дзе сонца чакае мяне.
 
І гляджу я з вакна і тамлюся душою,
Пра вяртаньне сваё, як пра сьвята, пішу.
І аблокі, нібыта былое, за мною
Нерухома лятуць, як празь дзень, праз душу.
 
На пэроне стаяць, прыжмурыўшыся, людзі
І на сьветлыя вокны глядзяць цягніка,
Быццам знаюць, што з намі наперадзе будзе
І чаго не знайсьці нам, хоць вечна шукаць...
 
Нам вяртацца дамоў праз дажджы і туманы,
У якіх ёсьць дарога й агонь кавыля,
Ад якога ўзгарыцца чаканы мной ранак
І ўсплыве беларуская зь цемры зямля.
 
8.VI.2008, Украіна.
 
 
 
 
*  *  *
Ля чаўна страказа залатая
Над люстэркам вады залатой
За сабой залатою лятае,
Быццам бы за другой страказой.
 
Я гляджу на яе, залатую,
І нікуды ўжо больш не плыву.
Мяне клічуць дахаты. Ня чую,
А ступаю ў ваду, як траву
 
Залатую, дзе ўжо залатая
Страказа над вадой залатой
Ад мяне аж да сонца ўцякае
Не адна, а з другой страказой.
 
2.VII.2008.
 
 
 
 
*  *  *
Дзесьці за ваколіцай,
Дзе няма агню,
Ветру злая коньніца
Топча цішыню.
 
І гляджу я ў цемнату
І баюся спаць,
Бы даваць нырца ў ваду,
Каб да дна дастаць,
 
Дзе таксама коньніца
Да мяне ляціць
Дзесьці за ваколіцай,
Дзе чарот шуміць,
 
Як вада, дзе ўжо заціх
Мой агонь дарог,
Каб дарог ня знаў другіх
Больш, чым даў мне Бог.
 
25.VIII.2008.
 
 
 
 
*  *  *
Стагодзьдзе дажджу пачалося.
Ніхто не заўважыў, бо дождж
Увесну, і ў лета, і ўвосень
Стагодзьдзі да гэтага ўсё ж
 
Ішоў, як і сёньня, і ўчора,
І нават зімою – было –
Зь нябёсаў сыходзіла мора
І доўга, як вечнасьць, цякло.
 
Але было ўчора ўсё гэта,
А сёньня стагодзьдзе дажджу
Ідзе, абганяючы лета,
Дзе я пад страхою сяджу,
 
Нібыта ў каўчэгу, у хаце,
Якую 'шчэ дзед збудаваў.
І побач са мной мая маці,
І побач ля вёскі царква,
 
І ўсё быццам бы, як і ўчора,
Куды ні пайду, пагляджу.
Нябёсы над намі, як мора,
Зь якога стагодзьдзе дажджу
 
Мінулай вясной пачалося,
Хоць гэткі маркотлівы дождж
Стагодзьдзі да гэтага ўсё ж
Ішоў, пачынаючы восень...
 
31.VIII.2008.
 
 
 
 
*  *  *
дзьмухавец –
маленькая касьмічная туманнасьць
у якой зараджаецца новае жыцьцё
і подых ветру
як подых Бога
жыцьцё абудзіць
 
19.V.2009.
 
 
 
 
*  *  *
Ноч як чорная кава
Дзе зоркі як цукар
І п’ём мы з табою каву
На беразе Cьвіслачы
Дзе Няміга з трубы выцякае
Нібыта кроў зь вены
Нашага Менска
І ты маўчыш і я маўчу
Так як камяні маўчаць
У сьценах спаленага Храма
 
24.VI.2007.
 
 
 
 
*  *  *
У Храме маёй адзіноты
Нябёсныя пчолы жывуць.
На фрэсках няма пазалоты,
А цені, як травы, растуць,
 
Як дым прамінулых стагодзьдзяў,
Як хмары над ціхай зямлёй,
Зь якіх адзінокі дождж пройдзе
І стане жывою вадой
 
Для Храма маёй адзіноты,
Якога ня бачыце вы.
Мне зоркі – пчаліныя соты
У цемры блакітнай травы,
 
Куды я гляджу і вас бачу,
Нібы залатую пчалу,
Што золатам сонечным плача
І моліцца толькі сьвятлу,
Якога няма ў маім Храме...
 
25.VI.2007.
 
 
 
 
*  *  *
У cтагодзьдзях сну і чорных кратаў
Па дарозе, дзе, як вечнасьць, пыл,
Я сустрэў вандроўных музыкантаў,
Што ішлі да дзедаўскіх магіл.
 
Ім абрыдлі шэрыя прасторы,
Ім абрыдлі панскія сталы,
Пагублялі лапці і аборы,
Напіліся брагі і смалы.
 
Я спытаў вандроўных музыкантаў:
– Што чакаць жа мне ў стагодзьдзях сну?
Адказалі, што чакаць ня варта
Радасьці бясконцую вясну.
 
Не сказалі болей анічога
І пайшлі, як прывіды, як сон.
Я абняў, нібыта крыж, дарогу,
І пачуў я: у дарозе – стогн.
 
І ў стагодзьдзях сну і чорных кратаў
Я пракляў сябе за свой спакой.
І ўздагон вандроўным музыкантам
Паляцеў, галосячы, душой.
 
27.VI.1991.
 
 
 
 
*  *  *
залаты сьлімак сонца
па блакітных травах неба
нясьпешна паўзе
яму няма куды сьпяшацца
бо хутка восень
дзе сьвечкі самотных бяроз
асьвецяць мне шлях дамоў
дзе мяне яшчэ чакаюць
як раніцы чакаю я
калі сонца залаты сьлімак
выпаўзе з чорнага лесу
як з ракавінкі старой
 
 
 
 
*  *  *
а цемра за вакном
як дым пажару
у якім згарэў наш дзень
дзе я быў і ты была
як гэты вечар за вакном
як гэтае сьвятло ў суседнім доме
і я гляджу ў цемру
як у самога сябе
і дыхаю як рыба на беразе ракі
як на беразе часу
разумеючы што дзень прайшоў
і цемра за вакном
як дым ад пажару
 
 
 
 
*  *  *
Гады ідуць... Нам застаюцца творы,
Як астравы сьвятла ў чарнюткім моры,
Як радасьці зямныя і трывогі
І як крыжы ля вёсак ля дарогі
Нам застаюцца... Родны край,
Дзе ты на сьвет зьявіўся – вечны рай,
І тут усё тваёй душой апета –
І кожны божы дзень, і гэта лета,
Дзе васількі – анёльскі лёд – у жыце,
Дзе цеплыня адвечна ў іх блакіце,
Як у вачах шляхетных нашых вояў...
 
Паэзія, нібы каўчэг той Нояў,
Дзе ёсьць усё і будзе гэтак вечна
Пад небам беларускім, дзе Шлях Млечны –
Шлях нашых продкаў, што глядзяць з вышы
На нашы несусьветныя дажджы,
Дзе зьнікне ўсё, ды застануцца творы,
Як астравы сьвятла ў чарнюткім моры...
 
19.VII.2007.
 
 
 
 
*  *  *
і здрадзіць той хто побач
і попел пасыплецца ў неба
як у блакітную попельніцу
і перакуліцца поўня
і разальецца сьвятло
а з зорак як з коканаў
не народзяцца анёлы
і Млечны Шлях
стане шляхам на новую Галгофу
і Ён будзе ісьці
і здрадзіць той хто побач
і сядзіш ты адзін у кватэры
як чарвяк у прыгожым яблыку
 
9.IX.1998.
 
 
 
 
*  *  *
я іду па дарозе
абапал дарогі травы
жывыя і мёртвыя
дрэвы жывыя і мёртвыя
людзі жывыя і мёртвыя
і раптам на дарозе вада
жывая і мёртвая
і я сыходжу з дарогі
каб стаць жывым ці мёртвым
 
4.X.2006.
 
 
 
 
*  *  *
Калі настане дзень апошні сьвету,
Віна ты вып’еш, скурыш цыгарэту
І ў неба, нібы ў прорву, паглядзіш.
 
І ўбачыш там усё, што ўжо мінула,
Куды цябе смаліцаю цягнула,
Куды ты сёньня сьмецьцем паляціш.
 
Ды дзень апошні, пэўна, не настане,
Бо прорву бачыш ты ў сваім стакане,
Зь якога вецер сьвішча на ўвесь сьвет.
 
І, дакурыўшы моўчкі цыгарэту,
Ты марыш пра кайфовую кабету,
Каб потым праклінаць усіх кабет.
 
 
 
 
Сабака
Здыхаў сабака, ды ня поўз да хаты.
У хаце сытыя яго браты,
Як сьвіньні, абжыраліся на сьвяты,
Аж да зямлі зьвісалі жываты.
 
Ён быў галодны, біты-перабіты,
Ён свой ланцуг парваў і ў поле зьбег.
І доўга сьніў, нібы каўчэг, карыта,
Сівых людзей і іх нелюдскі сьмех.
 
Былыя сябрукі бягуць за сучкай,
Забыўшыся на гонар і свой род.
І ён увесь у пыле і калючках
Глядзіць на сучку нібы ідыёт.
 
Брашы мацьней і будзеш, браце, сыты.
Ад сытасьці і ён падчас дурнеў,
Хваліў сваё рассохлае карыта,
Пакуль аднойчы ўсё ж не зразумеў,
 
Што ён ніхто, што ён, як раб пракляты,
Сядзіць на ланцугу...
                                                Цяпер жа сам
Ён сьмертнай воляю, як Бог, багаты,
І поле палыну – сабачы храм.
 
 
 
 
Помста
У атрутным тумане курганьне,
Чорны прывід на чорным кані
Скача гулка насустрач сьвітаньню,
Скача ў сьмерці сьляпыя агні.
 
Меч блішчыць, як маланка ліхая,
Іскры сыплюцца з-пад капытоў,
І трава абгарае сухая,
А на травах – варожая кроў.
 
Хіжы моліцца, лоб разьбівае:
– Пашкадуй ты мяне, абміні...
Чорны прывід каня не спыняе,
Пралятае па ім на кані.
 
Разьбягаюцца ў ноч свалачугі,
Не знаходзяць ратунку ўначы.
І зьвініць па-вар’яцку кальчуга,
Кроў сьцякае па гострым мячы.
 
І ў балоты хаваюцца гады,
І асіны ад жаху дрыжаць.
Толькі ў цемры мужыцкія хаты
Не баяцца нічога і сьпяць.
 
У атрутным тумане курганьне,
Чорны прывід на чорным кані
Скача гулка насустрач сьвітаньню,
Скача ў сьмерці сьляпыя агні.
 
8.VI.1989.
 
 
 
 
*  *  *
Ты ня помніш сьветлай адзіноты,
Як ня помняць весьняга дажджу
Кветкі ў садзе, ссохлыя ля плоту,
Дзе з табой, зажураны, сяджу
І гляджу на восеньскія далі,
У якіх зьнікаюць нашы дні,
Нібы туманы ў азёрных хвалях,
Нібы матылі ў начным агні...
 
Ты ня помніш сьветлай адзіноты
І ня хочаш сёньня ўспамінаць,
Як ісьці – па рэчцы з тонкім лёдам
На той бераг, дзе крыжы стаяць,
Пад якімі сьпяць вяскоўцы нашы,
І якім ня хочацца, каб мы
Іх забылі, як разьбілі чашы
Зь цеплынёй на беразе зімы,
Дзе ня ўспомнім сьветлай адзіноты,
Як ня помняць весьняга дажджу
Кветкі ў садзе, ссохлыя ля плоту,
Дзе з табой, зажураны, сяджу,
Як ля вогнішча, якое стухла...
 
6.XII.2007.
 
 
 
 
*  *  *
Хто я? Што я? Толькі, як усе, вандроўнік
У прасторы вечнай вечнасьці зямной,
Ды ўсё ж мне ніколі не было ўсё роўна,
Хто і як жыве тут на зямлі са мной,
 
На зямлі, дзе замкі, велічныя Храмы
І руіны Храмаў, замкаў і дамоў,
На зямлі азёраў, кветак і дубоў,
На зямлі, дзе вечна нас чакаюць мамы,
 
Ну а мы ім рэдка кажам пра сваю любоў,
Бо няма нам часу, бо няма настрою,
Бо ніхто ня цэніць, пасівелых, нас.
І што жыць нам дрэнна тут цяпер з табою,
 
Вінаваты гэты невясёлы час.
Час то вінаваты, вінаваты й самі,
Бо чакаць прывыклі, што надыдзе дзень:
Самі зьявяцца крыжы на новым Храме,
 
Сам у змрок загляне сонечны прамень.
Так яно ня будзе! Ды само хай прыйдзе
Разуменьне, што на гэтае зямлі
Ты – тутэйшы, беларус, ня нейкі злыдзень,
 
Што прыйшоў пажыць тут, як усе жылі,
І таму пытаньні: «Хто я? Для чаго я
У прасторы вечнай вечнасьці зямной?»
Сёньня не зьнікаюць так, як зьнікла Троя,
Як зьнікаюць сьцежкі ў цемнаце начной...
 
6–10.XII.2007.
 
 
 
 
Бяз знакаў прыпынку
праз поле празь неба празь вечнасьць
дарога дарога дарога дарога
бяз знакаў прыпынку бяз знакаў бяз знакаў
на дарозе каменьне ператвараецца ў пыл
і я ператвараюся ў пыл
а пыл ператвараецца ў каменьне
каменьне каменьне каменьне
каменьне зьбіраюць зьбіраюць зьбіраюць
адны робяць брукаванку
другія брукаванку хаваюць пад асфальт
і ставяць знакі знакі знакі знакі
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
праз поле празь неба празь вечнасьць
дарога дарога дарога дарога
бяз знакаў прыпынку бяз знакаў бяз знакаў
 
 
 
 
*  *  *
Сьнегу белы попел на зямлю ляціць –
У нябёсах замак восеньскі згарае.
Ты зіму ня любіш, і ніхто любіць
Гэтую зіму цябе не прымушае.
 
Толькі неяк сумна ты глядзіш на сьвет,
Быццам знаеш нешта, што ня знаюць людзі,
Што былі сягоньня з раніцы ў царкве,
А цяпер сьлядамі сьнег бялюткі брудзяць
 
Па дарозе з Храма, быццам бы зь нябёс,
Дзе згарае замак восені мінулай,
Дзе начамі зоркі, як лісьцё бяроз
У вадзе, што ў лёдзе да вясны заснула
 
Так, як ты хацеў бы да вясны заснуць,
Каб пасьля прачнуцца ад сьвятла лістоты
І сказаць, што любіш, як віно, вясну,
Выйшаўшы з кватэры, быццам бы з самоты...
 
13–14.XII.2007.
 
 
 
 
*  *  *
Ізноўку дождж... Ізноўку восень,
Як год назад, як сто назад.
Як карабель, пустая восець
Плыве спакойна ў лістапад,
 
Нібы ў агонь, што забушуе
І сьцішыцца праз пару дзён.
Ізноўку дождж мяне ратуе
Ад нематы, бо любіць ён
 
Мае самотныя маленьні
Да сонца, што ад нас сышло
За воблакі, каб дождж асеньні
Напомніў нам, што так было
 
І год назад, і сто назад
І будзе так ізноў праз восень,
Як карабель, старая восець
Спакойна плыць празь лістапад.
 
29.IX.2009.
 
 
 
 
Вяртаньне
1. Сьлёзы...

 
У сьлёзы пераплавяцца пачуцьці
І апусьцее душа як вулей
У якім будзе начаваць вецер
І ты прыйдзеш дахаты
Нібыта з палону
І ніхто не сустрэне цябе
Акрамя травы
Што яшчэ вясной выбегла
На сьцежку сустракаць цябе
Не забыўшыся што ты абяцаў
Вярнуцца
 

2. Птушкі...

 
Вяртаюцца птушкі з выраю
Як з раю якога няма
І сонца ў канцы дня
Як сьвятло ў канцы тунеля
І ты глядзіш на птушак
Як на попел
Што зь неба ў тваю душу
Вяртаецца
 

3. Рэкі...

 
У свае берагі вяртаюцца рэкі
І толькі мінулае не вяртаецца
Яно як апалае лісьце
Плыве па Леце
І ты стаіш ля вады
Як ля вечнасьці
Што ня ведае сваіх берагоў
І ёй няма куды
Вяртацца
 

4. Дарога...

 
Пыл вяртаецца на траву
І дарога за тваёй сьпіной
Як трэшчына ў часе
Па якой ня ўсе
Вяртаюцца
 

5. Мы...

 
І ніхто ня вернецца з таго сьвету
І ніхто не абяцае вярнуцца
І дзень і ноч
Не вяртаюцца
І мы забываемся
Што мы ня вечныя
І што нам патрэбна вярнуць
Тое што даў нам Бог
У міг
Вяртаньня
 
3–4.V.2008.
 
 
 
 
*  *  *
Наша вечнасьць у белай царкве,
Як у белым каўчэгу, плыве,
Як праз плынь невядомай вады,
Празь бясконцыя дні і гады,
 
У якіх нам згубіцца з табой,
Нібы ценям над весьняй вадой,
Што ня можа знайсьці берагоў,
Берагі, нібы наша любоў
 
Да зямлі, што цяпер пад вадой,
Да нябёс, што цяпер над царквой,
Што плыве, быццам белы каўчэг
Праз аблокі, нібыта празь сьнег,
Што ня ўсьпеў даляцець да зямлі,
На якой мы жывём і жылі...
 
 
 
 
Дождж
як трава імкнецца ў неба
так дождж імкнецца ў зямлю
ахвяруючы блізкасьцю да Бога
дождж падобна матылю
пакінуўшы ўтульнае мейсца
ня помніць кім ён быў нядаўна
а ляціць як матыль на агонь
на сьвятло кветак
і часьцей не тады калі просяць
а калі жнуць і косяць
і бегае па хмарах маланка зь ліхтаром
і злуецца гром-вартаўнік
вінавацячы адзін аднаго ў недаглядзе
а дождж радуецца
дождж вырваўся на волю
а я ад дажджу схаваўся пад дрэвам
а дрэва мне шапоча
не хавайся пад маю крону
бо мяне любіць гром
палюбі дождж і дождж цябе палюбіць
і я люблю дождж
і ведаю што ў дажджу любоў халодная
хаця і сьветлая як сам дождж
які нечакана зьявіўся
і нечакана зьнік
 
 
 
 
*  *  *
Ня кожнаму даў Бог паэта разумець,
І ці патрэбна, каб было цяпер іначай?
Ня кожны ўвосень любіць восеньскую медзь,
Ня кожны над завялаю красою плача.
 
І ты ідзеш, незразумелы, праз дажджы,
Нібыта празь лясы празрыстыя, як сьлёзы
Празрыстыя, што вершамі з тваёй душы
Цяклі, калі ты вечнасьць піў і быў цьвярозы
 
Ад цішыні, што навакол, як сьмерць, была
І ў лоб цябе, нібыта сына, цалавала.
З-пад ног тваіх зямля, як воблака, плыла,
І воблака, нібы зямля, цябе чакала,
 
Бо ты паэт, які ўсё можа зразумець
Збалелым сэрцам, адзінокаю душою,
Каб потым вершам славіць восеньскую медзь
І шчыра плакаць над завялаю красою.
 
27.IV.2008.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.