 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Студня
|
* * * Сярод поля студня І адзіная сцежка ў полі Гэта сцежка да студні Якая яшчэ стаіць на ўліку У самога Вадзянога І калі каля студні Збіраецца шмат людзей Яна адчувае сябе Цэнтрам зямлі І ад пыхі і ад хвалявання У ёй прачынаецца рэха І круціцца і рыпіць калаўрот І раскручваецца ланцуг з вядром Як нітка Арыядны І стукаецца вядро аб зруб Як язык у звона І плюхаецца ў ваду Як шалом воя І ўздымаецца вядро Як найкаштоўны скарб І вада цячэ з вядра Як з неба зорны дождж І радуюцца людзі яе прахалодзе І застаецца студня адна Сярод поля і свету І ўглядаецца ў неба Пакуль у ёй ёсць вада Пакуль звініць вядро Пакуль сам Вадзяны Трымае студню на сваім уліку 1963. У бабулі Ганны на загуменні пасвіў гусянят. І ўваліўся ў закінутую, аброслую быльнягом і крапівой, студню. І каб не ламачча, якое было там, як вароніна гняздо ў коміне хаты, мяне б не было даўно на свеце... * * * Дамоў, дамоў – ляскоча электрычка. Дамоў, дамоў – грукоча гулка гром. І я гляджу: па шыбах кропель знічкі Малююць сцежкі, што вядуць у дом. Дамоў, дамоў – да песні салаўінай. Дамоў, дамоў – да песні жаўрукоў, Пакуль прыходзіць сустракаць сцяжына, Уплеценая ў хвалі каласоў. 1965. У двары дзядзькі Вані мужчыны капаюць студню. Мяне не падпускаюць блізка, каб раптам не ўваліўся. Але я ўсё роўна лезу дапамагаць ім. І калі мяне зусім праганяюць з двара, я бяру лапату і пачынаю за хатай капаць сваю студню... * * * Апусціліся нізка густыя аблокі, І падзьмулі сцюдзёныя злыя вятры. Па апалым лісці ў садзе скачуць сарокі, Я зграбаю лісцё і палю на кастры. Падбіраю апалыя яблыкі, слівы, А сарокі нахабна – бліжэй да каша. І ад блізкасці іхняй я сёння шчаслівы, І сарокай наіўнаю скача душа. Гэтак рэдка цяпер птушкі нам давяраюць, Гэтак часта ў жыцці не хапае іх мне. Я не бачу, як птушкі ад нас адлятаюць, Іх не бачу вяртання дамоў па вясне. Я цяпер гарадскі, я мадняк і чысцюля, Як суседка ў царкву, у тэатры хаджу. Хоць змачыць на дажджы не баюся кашулю, Як заразы – мне страх гарадскога дажджу. Як на свяце якім, вы скачыце, сарокі, Толькі дайце мне вас разглядзець, як сяброў, Каб успомніць пра вас, калі буду далёка, І завыць ад жадання вярнуцца дамоў. 1973. Распытаўшыся ў дзеда, дзе можна адшукаць зброю, прыйшлі ў Крэчаўцы да закінутай студні. Патаптаўшы крапіву, пачалі вяроўкай з крукам выцягваць са студні ўсялякае ламачча. Нацягалі цэлую гару металалому. А зброі як не было, так і няма. І раптам у вялікім пуку калючага дроту выцягнулі нейкую жалязячыну, убачыўшы якую, я закрычаў: «Міна!» І мы разбегліся па кустах, як мурашкі ад страху па целе... * * * Жыць нялёгка на гэтай зямлі, Толькі іншай на свеце няма, Дзе б так ружы антычна цвілі, Дзе б, як белая ружа, зіма Асвятляла нябёсную выш, У якую, як воўк, ты глядзіш І не бачыш, што ўслед за табой Анікога даўно ўжо няма. Зараслі ўсе сцяжыны травой, Замяла ўсе дарогі зіма. Але іншай зямлі ў нас няма, І зямля нас бароніць сама, І на ёй нас, нібыта траву, Не скасіць, не спаліць, не стаптаць. І нам бачыць заўжды сіняву Над сабой, дзе анёлы ляцяць... 1975. «Студня глыбокая, як неба...» – кажа дзед Юзя і вылівае ваду з вядра ў бітон. А я цярпліва чакаю, пакуль ён напоўніцца вадой, і ўяўляю, што ў студні замест дна хмарнае восеньскае неба... * * * Прачнуўся ад дажджу, нібы ад плачу, Прачнуўся, як у сне сваім памёр. Гляджу ў вакно і ноч, як попел, бачу І вуліцу – раскіданы касцёр, Дзе, як вуголле, ліхтары дымяцца, Дзе ветру пад кустамі не схавацца, А мокраму кідацца да вакон, Аб шкло, нібы аб неба, разбівацца І падаць на затоплены газон. Прачнуўся ад дажджу, нібы ад крыку Аб тым, што мы жывём і будзем жыць І неба, нібы звон наш без’языкі, Нікому з нас павек не разлюбіць, Бо дождж ідзе, нібыта звон звініць... 1975. Ад хутароў у наваколлі нашай вёскі засталіся рэшткі затравелых садоў і глыбокія студні... * * * Ляціць апошні белы снег зімы На дрэвы чорныя і на дамы, Як самагубца, на зямлю ляціць, Якога ў гэтым свеце палюбіць Нікога не знайшлося анідзе. І самагубцам на зямлю ўпадзе Апошні белы снег, каб потым мы Успаміналі адыход зімы І ўспомніць не маглі, нібы вярнуць Той снег у неба, што пачаў вясну, Дзе я, сустрэўшыся на міг з табой, Нібыта мёртвы снег з жывой вадой, Ажыў, нібы трава ў вадзе, душой... 2008. У маіх Пугачах яшчэ ёсць глыбокія студні, як вежы вялікага замка, які існуе ў Вялікай Краіне Любові, што схавалася пад зямлёю і травамі... * * * Гэты свет як вада, што цячэ Паміж пальцаў у нашага Бога. І слязы ў цябе след на шчацэ, Як твая з адзіноты дарога, Па якой ты ідзеш да людзей Праз дажджы, праз снягі, праз спякоту І губляешся, нібы ў вадзе Цень ад пылу з-пад стоптаных ботаў, Тут у свеце, які, як вада, Што між пальцаў цячэ, не знікае І знікае, як знікла Арда, Што была, як вада, залатая... 2008. Кажуць, што калі залезці ў глыбокую студню, то днём з яе можна ўбачыць у небе зоркі. І калі гэта так, то ноч – гэта дно студні, з якой бачна зорнае неба... * * * Глыбокае мора высокай травы Шапоча нябёсам, што ты шчэ жывы. А ты ў гэтым моры на самым на дне, Як куля з нагана ў чырвоным віне, Ляжыш адзінока і ў неба глядзіш, Ты хочаш памерці – пра гэта маўчыш, – І хочаш дажджу ты цяпер прычакаць, Ды ў небе не хмары – вароны ляцяць, І бачаць яны, што ў высокай траве Не толькі іх цені, а вецер жыве, І ты шчэ жывы, як і твой родны кут. Радзіўся ў пакутах, памрэш ад пакут, І ў моры глыбокім высокай травы Твой дух праплыве, нібы пыл палявы З-пад нейчых калёсаў, што дзесь за гарой Прапалі ў тумане вячэрняй парой... З хмурынаў пральецца, як з вёдраў, вада, І змыецца пыл, застанецца жуда. 2008. Поўня як студня, напоўненая золатам... Студня як поўня, на дне якой засталося некалькі вядзёр срэбра... * * * На кухні з крана капае вада, І больш нічога ў свеце не чуваць. А за вакном, як бездань, цемната, З якой анёлы ў вочы мне глядзяць. І мне здаецца – зусім адзін Застаўся ў свеце, што да зор ляціць, Нібыта лісце з восеньскіх асін Да вогнішча, якое шчэ дыміць. І я гляджу спакойна ў цемнату, Бо я адзін, як гэта цемната. Я з крана п’ю, нібы жыццё, ваду, І, як жыццё, канчаецца вада. І больш нічога ў свеце не чуваць. Перада мной нязведаны прастор. І страшна не ахвота паміраць У свеце, што не даляцеў да зор. 2008. Усё часцей чую, як студню называюць калодзежам. У вялікіх гарадах тысячы калодзежаў. Але ўсе гэтыя калодзежы каналізацыйныя...
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|