РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Віно дажджоў
 
Малая паэма
Рыгору Барадуліну
 
Хмары цягнуцца ляніва, дзень пры дні – чацьвёрты дзень,
Гарадок паныла мокне на адхоне над Дняпром.
Хочаш – паблукай па вулках,
                                                    толькі зьведай – варта дзе? –
Каб з зарослае канавы не чарпнуць чаравіком.
На адхонах ліпы мокнуць, за ракой дажджы вісяць,
Нібы гэта і ня жнівень, а кастрычнік на палях.
Бурбалкі плывуць па плынях, ад мянёў віры кіпяць.
Што, зямелька дарагая, нарабіў Ільля гнільля?
Добра, калі пройдзе скора, калі сонца раніцой,
Ледзь прабіўшы выпарэньні на старыцах і тарпах,
Сотняй радасных вясёлак загуляе над зямлёй
І ў падобных на вясёлкі, зыркіх, радасных сярпах.
Наламаныя з праменьняў,
                                               стануць копы на палях,
Сотні ветразяў паставяць і абсушаць іх буслы,
І тады ня толькі ў птушак будзе цьвёрдае вальлё,
І тады ня толькі ў быдла будуць гладкія маслы.
Добры дух зямлі дняпроўскай, пасіні рачны сьвінец,
Каб сплылі за мора хмары і, – як можна нарыхлей,
Дрэнна стала паляўнічым, а, сярод усіх, і мне,
Добра стала ўсім астатнім, чый надзённы гіне хлеб.
Паглядзі, пад бізунамі ледзь стаіць у люстрах сад,
Яблыкі, як лёд вільготны,
                                              агрэст змрочны, нібы гном,
Сотняй мокрых парасонаў правісае вінаград,
За заплаканым, як доля, за пакрэсьленым вакном.
Мокрыя стагоў шаломы, бітая, як я, рака,
Ломкая дажджоў салома не стамляецца зьвінець.
І ад любай сто стагодзьдзяў ні адзінага радка:
Пэўна, ногі паламалі на ухабах да мяне.
Будзем верыць:
                             заўтра сонца абагрэе сьвет ізноў,
Заўтра Янка ліст напіша, Грышка, Ладысь і яна.
Бог, урэшце, зь ёю. Пэўна, зноўку недзе п’е віно.
То давай і мы адкажам яснай зьліваю віна.
Што яшчэ рабіць іначай, калі плачуць берагі?
Чым яшчэ цяпер заняцца, калі ў гневе мокры Бог?
Ну, – Сяргей, Юрась і дзядзька! – заўтра пойдзем на лугі,
А сягоньня досыць кіснуць. Выпіць хочацца, дальбог.
Будзем верыць: сонца ўстане.
                                                        І ў чаканьні на яго
Прабяжым дваром і ў сьпіны бізуноў палучым воз,
І адкрыем рот адрыны, і пасьцелем ля стагоў
Пару посьцілак суровых, як паэтаў добрых лёс.
Пяць «гармат» ля іх паставім пад высокі азярод.
Толькі ў гэтым ты прыдатны, золкі дождж, праклён зямлі:
З-пад цябе яны – ў каралях,
                                                   з-пад цябе яны – як лёд.
Як, сьцюдзёныя ў крыніцах, дуба чорнага камлі.
Ну, Сяргей, бяжы ў гародчык, памідораў набяры.
Патапчы бульбоўнік золкі – раз малодшы сярод нас.
Прыйдуць, будзем спадзявацца, і такія вечары,
Калі хлеб ты будзеш кроіць і з адрыны – ні на час.
Дзядзьку – баньнік ад «гарматы», як зямны прагрэс, крывы.
Аддамо яму пашану: больш як ўсіх ён пастраляў,
Хай кіруе ён паважна разьліцьцём зямной крыві,
Каб ніхто ня лёг пад стогам і ніхто не крыўдаваў.
Ты, Галіна, дай, тым часам, сала мяккага сябрам.
Што мы, ўрэшце, не славяне?
                                                      Што мы, зломкі на хаду?
І паколькі продкі нашы елі з травамі зубра, –
«Зверабою» і «Зуброўкі» для гуляк не пашкадуй.
Я – разьдзелаю качыну на талерку для кагось,
І яна растане ў роце – што там нейкі ананас!?!
Ты ж, Георгій, як далёкі, але вечна блізкі госьць,
Пасядзі пакуль султанам і натхняй ідэйна нас.
Вось урэшце ўсё гатова.
                                             Стол цьвіце, як майскі луг.
Але што зь пяцьцю жняцамі значыць жніўная пара?
Ёсьць сусед у нас харошы, і паколькі ён наш друг,
І паколькі ён вясёлы – запрасі, Сяргей, Зьмітра...
Мы сядзім, і перад намі быццам восеньню гарод,
Ўвесь спакойны і раскошны і аддадзены такі,
Быццам лепшы грэх сьмяротны, забаронены стакрот, –
Пахнуць кменам і парэчкай маласольныя гуркі.
Кроп, нібы галіны славы над бульбянай галавой,
Лаўр на ёй ляжыць, здабыты ў палымянай барацьбе,
І, як лёд, стаяць вяргіні, ўсе абвітыя ў павой, –
Нібы ты і ўсе дзяўчаты, што тужылі па табе.
Ад гусьцёрак на патэльні –
                                                 да нябёсаў пах пайшоў,
Аж багоў на сёмым небе рэжуць зайздрасьць і нудзьга,
Кучы ракаў вагнедышных, жоўтых паркіх кіяшоў, –
Патрабуюць вінных плыняў, каб пажар у глотцы згас.
Гэй вы, хлопцы-памідорцы, рэжуць вас, а вам – дарма!
І таму ў падзяцы палкай будзем з вас мы пачынаць,
З вас, жаўцюткіх, нібы сонца, сонечных, нібы хурма,
І чырвоных, нібы шчокі у вясковых дзеўчанят.
На, трымай, вось гэты зараз лопне, як чырвоны шар,
Ёю ўпушчаны ў вышыні ў той апошні, горкі дзень...
Д’ябал зь ёю!..
                            Як палае баравінкавы пажар!
Гэта, брат, такое дзіва: як няма, то украдзеш.
Лі віно! Мы не зь цьвярозых ад калыскі карасёў.
Нічыёй высокай ласкі мы ня маем на стале.
Самі ўсё мы тут злавілі, і ўзрасьцілі самі ўсё,
І ня ўдзячныя нікому да маленьняў і кален.
Вып’ем, хлопцы, за нянасьце, за ружовыя агні,
Што абудзяць немінуча заўтра новую зару.
За Балгарыю, за ружы, за баянскіх тэмпер зьніч,
І за сінія валошкі, за Дняпро, за Беларусь.
Хай жывуць яны давеку сярод рэк, азёр і гор,
З іхняй боскай дабрынёю, з гонарам прыгожых вей,
З іхняй мовай першароднай, зь песьнямі, як райскі хор,
Зь ярым сонцам вечнай славы, што і ў хмарах пражыве.
За Рыгора і за Янку, за сяброў вясёлых – мех,
За пасеў, пачаты імі на сьвятой сваёй ральлі,
І яшчэ за Аляксандра, за яго зьнішчальны сьмех,
За працяг яго легэнды аб разьдзетым каралі.
Спусьцім каралёў у прорву – і нядрэнных і благіх,
Разам з гвалтам і вайною кінем іх да сатаны,
І адзетых, і разьдзетых, і ў каронах і бязь іх.
І за гэта, братка, вып’ем. Не кажы, што ты хмяльны.
Вось віно, як кроў дракона, вось з рабінаю каньяк,
А ня хочаш – «беларускай» ад душы у глотку ўлі.
П’ецца ў дождж, дык пі, Георгій, пі, балгарскі ты лайдак,
Ні Кірыл і ні Мефодый гэтак, дурні, не жылі.
Што з таго, што гэтай песьні літары далі яны, –
Мы далі для гэтай песьні тое, чым зьвініць яна:
Азбуку любві да праўды, і агіды да хлусьні,
Азбуку радзімы мілай, і каханьня, і віна.
І закусвайце: ўсё роўна поўная грахоў карма.
Дык давай на ўцеху д’яблам мы пакінем гэты дом
Тлустыя, як карт калода ці апошні мой раман,
Гладкія, як друг мой, Мальдзіс, і лянотныя, як сом.
Закусі, каб нас мядзьведзем Хмель Хмялевіч не задраў:
Вось кіпіць у масьле рыба, вось кіёўкі, як ламы,
Качкі смажаныя мараць пра зялёны рай Дняпра,
Як калісьці будзем марыць аб Дняпры у пекле мы.
Мы ня крыўдзілі суседзяў, але крыўдзілі багоў,
І з катлоў смалы ніякі нас ня выведзе Арфей.
Пекла будзе.
                       І калісьці вып’ем мы і за яго...
А цяпер, на тост наступны,
                                                 выйдзі, брат, пад дождж, Сяргей.
За жанчын, што нас кахалі ў сьветлы дзень і ў ночы час,
Што сваёй пяшчотай рэдка нас міналі на зямлі, –
На каленях, хлопцы, вып’ем: і за тых, што грэлі нас,
І за тых, што нас калісьці, небаракі, абышлі.
Ім жа горш, што абмінулі, не прыйшлі ў наш цёплы кут,
Што навекі застануцца без сапраўднага сьвятла...
А пакуты?.. Што пакуты?.. Без настройкі трох пакут
Песень сапраўды вялікіх наша ліра не дала б.
...Дождж лапоча па драніне, і праз завесі вады
У адрыну павявае ветрам волкім і прамым,
І ўстаюць у мокрых далях з хмар і зьліваў гарады,
У якія не траплялі і павек ня трапім мы.
І няхай пад бізунамі ледзь стаіць у люстрах сад,
І скрабецца у адрыну агрэст, змрочны, нібы гном, –
Мы жывем і п’ём за сонца, мы, сьцюдзёная раса,
Што прарочыць дзень пагодны і зьнікае з гэтым днём.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.