РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прысяга над крывавымі разорамі
        Быў цёплы асенні дзень. Нівы ціха адпачывалі пасля летняй працы. Цёмны лес шаптаўся ў глыбокай задуме. Буслы тужліва ляцелі на вырай.
        Гэтага дня, маркотны і згорблены пад цяжкаю хмараю невясёлых дум, ледзьве-ледзьве поўз стары Мацей у поле.
        – Галава баліць, рук не зняць, – бурчэў ён, падцягваючыся. – Дзяцей дагадаваўся, а адпачыць некалі і не за кім.
        Так ён сам сабе жаліўся.
        Праўда, у Мацея было трох сыноў: аднаго ўзялі ў маскалі, другі паехаў да Пецярбурга шукаць хлеба, трэці пайшоў за парабка да двара, а бедны Мацей з жонкаю і двума малодшымі дзяўчатамі астаўся ў хаце на сваёй гаспадарцы.
        Бедната, адзіноцтва, сілы ўжо не тыя, – а рабі і рабі, працуй без канца... Мардасовічу – за лён, Бізуноўскаму – за пашу, а там і за бульбу плужы і плужы штодзень на адработках, так што сваё, хоць і вузка, але і то лында, і то няхват часу ў пару засеяць. Вось і цяпер – суседзі ўжо даўно пасеялі і пабаразнілі, а Мацей толькі першы дзень выйшаў на сваё і то быў хворы.
        Аднак, перамагаючы сябе, насыпаў жыта ў фартух, напляваў у жменю, чарпануў зярнят і са словамі «радзі, Божа» сыпануў зерне на чорную глебу.
        Зярняты замільгацелі на раллі. А Мацей стаяў з пасалавеўшымі вачыма і шаптаў: «Не магу... Надта ж галава баліць і сон морыць».
        I, не ўкладаючыся і не пасцілаючыся, ён, як стаяў, так і лёг, так і заснуў...
        Спаў, як пласт, упоперак загона з раскінутымі рукамі. Ліцо было бледна, губы чорны ад смагі, дыхаў ён часта і з якімсь хрыпам. Здалёк выглядаў на чалавека, каторага вот-вот раскрыжавалі і прыбілі да зямлі, і так ён паволі канае...
        Мацей спаў і сніў. Сніў ён, што сабралася моц народу на яго ніве: былі там і маладыя, і старыя, і мужчыны, і кабеты, і дзеці – у розных апратках, і ўсе крычалі:
        – Вузка! Цесна! Мала!
        А Мацею здавалася, што і ён сам стаіць пасярод гэтага народу, і што ўсе чакаюць, што і ён сам, Мацей, скажаць, і што вот-вот к яго сэрцу падыходзіць нейкі жаль, і што ён таксама пачынае крычаць:
        – Вузка! Цесна! Мала!
        Аж, здаецца, выбягае сусед Астап, заціснуўшы кулакі, і крычыць яшчэ мацней ад Мацея:
        – А скуль узяць? Скуль дастаць? Кажы, скуль?..
        Тады захістаўся народ і зароў:
        – Глядзіце, во прасторы! Во нівы, лясы, палі! Усё гэта наша!..
        А Астап:
        – Лжэце! Няпраўда! Не дадуць: то казённае, дворнае, – ні я, ні вы не маем права. Не дадуць, паб'юць!
        Вось далей здаецца Мацею, што з цьмы народу выходзяць яго тры сыны: парабак дворны, салдат і работнік пецярбургскі і становяцца на калені і прысягаюць громка, ясна, паволі:
        – Мы дамо! Мы – сіла! Мы – права!
        Мацей абліваецца потам, сэрца яго б'ецца... I здаецца яму, што ўсё гэта спавіў туман: толькі разоры стаяць поўны крыві, а над імі вісяць тры скрыжаваны далоні... I раздаецца ціха ясны голас:
        – Мы – сіла! Мы – права!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.