|
ПРАЛОГ На чалавека палююць часцей, чым на звера. Іншыя гома сапіенсы, вядома. Прынамсі, ягоны анёл-ахоўнік схаваўся, мусіць, вунь за тую аблачынку і роспачна захінае светлы твар лёгкімі рукамі, каб не бачыць перапэцканага гразёю і крывёю падахоўнага. Той ушчаміўся спіной у зарослую кісліцай яміну пад вывернутым карэннем сасны, і дрыжыць ад стомы і адчаю, і дыхае хрыпла і хутка, як і належыць зацкаванаму зверу. І ўжо, мабыць, нічога чалавечага не засталося ў ягоных запалых вачах... Хіба той самы сіні колер, за які сябры называлі яго Валошкаю... Чалавек, нібыта спрабуючы пазнаць самога сябе навобмацак, праводзіць па зблажэлым твары рукой з тонкімі доўгімі пальцамі. Рагі гразі і крыві размазваюцца па скуры. Вось цяпер ён цалкам выклікаў бы ўхвалу ў сваіх улюбёных старагрэцкіх кінікаў. Зліўся з прыродай. Шкада, запозна... Ён нават усміхаецца куточкамі пакусаных вуснаў. Над галавой праляцеў авадзень. Чалавека скаланае – зумканне здаецца па-здрадніцку гучным. Нібыта на гэты гук прыйдзе пагоня... Заплюшчвае вочы і прыслухоўваецца. Ціха... Ніколі не думаў, што ягоная магіла будзе такой зялёнай, прагрэтай летнім сонцам... Што ж, родная зямля, дзякуй табе хоць за гэта. Ці я не змог даць табе волі, ці ты не схацела такога дарагога дарунку... Як у «Фрынасе» Сматрыцкага, «раззявілі на мяне свае пашчы, як варожыя пашчы, напоўненыя здрадлівымі і фальшывымі словамі. Узялі ў свае рукі сякеры і шукаюць душу маю для таго, каб яе загубіць... З усіх бакоў сеці, усюды ямы, з усіх бакоў ядавітыя джалы...» Чаму яны з сябрамі заўсёды ўяўлялі радзіму ў абліччы Чароўнай Дамы, няшчаснай і адначасова жорсткай, за якую варта памерці і ад якой нельга чакаць удзячнасці? Рамантыкі... Ці то здаецца, ці сапраўды да птушынага аркестра далучаецца медзь далёкага сабачага брэху. Уся істота чалавека зусім па-жывёльнаму ўздрыгвае і намагаецца ўцякаць... Але цела ўжо зрабілася часткай зямлі. Пагоня спозніцца. Што ж, зацкаваны звер назаўсёды застанецца ў зялёнай яміне. Скрозь густыя шаты дрэваў сеюцца сляпучыя сонечныя промні, яны ўтвараюць лесвіцу, ніжняя пры-ступка – на самых грудзях чалавека, а верхнія губляюцца ў зялёна-блакітнай вышыні. Яшчэ адно, што трэба аддаць зямлі... Чалавек дастае з-пад лахманоў скрываўлены скрутак і апошнім намаганнем непаслухмяных цягліцаў хавае яго глыбей пад вывернутае карэнне сасны... Сінія-сінія вочы чалавека на звярыным, у крыві і гразі, абліччы спыняюцца на краі маленькай аблачынкі, відочнай праз акенца ў зялёных шатах. З аблачынкі светла-светла ўсміхаецца анёл.
|
|