РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жаніх панны Данусі
 
Жахлiвае апавяданне
1
        За месяцам месяц мінае,
        Вось вершнік у шыбу грукае
        Увосень парой начною:
        «Ты помніш ці не, дарагая,
        Як колісь мяне кахала?
        Сядай на каня са мною!» –
        «Мой любы, заўжды з табою!»
Старажытная нямецкая балада
        
        Парцэлянавыя пастух і пастушка прайшліся ў танцы пад пяшчотную мелодыйку «Ах, мой мілы Аўгусцін!», і бялюткія парцэлянавыя ж галубкі над імі далікатна сутыкнуліся ружовымі дзюбкамі. Гадзіннік прабіў дзевяць вечара.
        Панна Дануся, пекная выпускніца Марыінскай жаночай гімназіі горада М*, закінула ў сакаўны раток чарговую порцыю разынак. Ах, як сумна... Татуся і мамуся сышлі ў госці, на дварэ сеецца дробны кастрычніцкі дождж, занудлівы, як настаўнік лаціны, і няма як развеяцца беднай паненцы, бо прыстойная заручоная дзяўчына не мусіць цягацца па сцямнелым мястэчку ў пошуках прыгод... Адно суцяшае – заўтра Дануся будзе спяваць у хоры Апякунства аматараў цвярозасці, а пасля – танцы! Дабрачынны кірмаш, і шляхетны Генусь з акцызнага банка падносіць вазачку з цукеркамі...
        Пад уплывам салодкіх мрояў панна Дануся ўкінула ў раток яшчэ прыгаршчу разынак і закруцілася на абабітай сінім, у ружовыя кветкі аксамітам канапе, ад чаго тая жаласна ўскрыкнула ўсімі спружынамі. «Дануся, Вы сапраўдная рубенсаўская кабета»,– казаў выкладчык гімнастыкі Марыінскай жаночай гімназіі пан Саміч, калі гімназістка Данута Таптэвіч ніяк не патрапляла ў такт з аднакласніцамі ў справе даставання далонямі наскоў туфлікаў...
        Не, нямногага дабіліся жанчыны на шляху эмансіпацыі! Толькі што падчас французскай рэвалюцыі дамагліся права насіць трусікі...
        Прагрэсіўныя роздумы панны Данусі перарваў стук у шыбу.
        – Дануся! Адчыні! Гэта я, Габрусь!
        Пекная дзяўчына падляцела да акна пад рыпучы ўздых палёгкі вызваленай канапы. Сапраўды – за мокрай шыбай бялеў выцягнуты твар Данусінага нарачонага Габруся. Твар гэты чамусьці заўсёды нагадваў Данусі рабочую паверхню прэс-пап’е, хаця якая тут магла б быць асацыяцыя – хіба прэс-пап’е мае круглыя акуляры з пазалочанымі дужкамі і чырвоныя прышчыкі?
        Аднак – чаму гэткі нечаканы візіт?
        – Ты ж павінен быць на інспекцыі чыгункі!– пракрычала Дануся.
        – Я прыехаў да цябе, маёй даражэнькай нявесты,– трохі глухавата, але цалкам разборліва прагаварыў Габрусь.– Выходзь хутчэй, пакатаешся на маім аўтамабілі...
        Аўтамабіль! Белы выцягнуты твар Габруся раптам падаўся Данусі вельмі сімпатычным і інтэлігентным. Аўтамабіляў у горадзе М* было пяць – жыхары ведалі кожны і кожнага з іх уладальнікаў.Праехацца ў шыкоўным увасабленні прагрэсу – запаветная мара местачковай паненкі... Дануся бегма кінулася адчыняць дзверы дарагому госцю, на хаду выдзіраючы з буйных кудзераў папільеткі.
        Габрусь быў у сваёй строгай форме службоўца чыгуначнай управы. Паўзверх фуражкі ён нацягнуў башлык, так што з усяго твару відаць былі толькі бліскучыя акуляры.
        – Я прыйшоў па цябе, Данута... Ці помніш ты словы кахання...
        Але Дануся не слухала сентыментальнае мармытанне жаніха. На вуліцы, перад варотцамі, сапраўды стаяў аўтамабіль! Ён быў бліскучы, як калядная ёлка, і ўрачысты, як духавы аркестр.
        «Хутка сцямнее! – мільганула ў Данусінай завітай галоўцы.– Ніхто не пабачыць! Трэба тэрмінова ехаць!»
        Габрусь адмовіўся зайсці ў дом і пачакаць, пакуль нявеста апранецца. Ён, як слуп, стаяў перад дзвярыма, і Дануся нават праз сенцы чула ўпартыя разважанні пра незямное каханне.
        Дождж, напэўна, ад усведамлення ўрачыстасці моманту, прыпыніўся. Габрусёва нявеста пераможна апусцілася на мяккае скураное сядзенне аўто. Машына трохі прысела на ўсе чатыры колы, але гэта была моцная імпартовая машына.
        Бяроза каля варотцаў Данусінага двара зашумела-загаласіла пажаўцелай лістотаю: «Не ездзі, Дануся, затрымайся!» Ды магчымасць праехацца ў аўтамабілі пераважала нават меркаванні пра прыстойныя паводзіны паненкі.
        (Ах, як рэдка прыслухоўваемся мы да прарочага голасу прыроды і да якіх сумных наступстваў прыводзіць наша непапраўная няўважлівасць!)
        Дануся загадала жаніху апусціць скураны верх машыны і ганарова ўзняла над сабой карункавы парасон. Вечаровае сонца здагадалася прасунуць між хмарамі свой нясмелы прамень, каб высвеціць выбітнае відовішча: па вуліцы Балотнай горада М*, звычайнай местачковай (гэта значыць, месцамі прыдатнай для праезду) вуліцы, на якой гарадскія ўлады так і не наважыліся паставіць ліхтары, ехаў «Лорэн-Дзітрых» колеру губернскага шчасця. Данусі здавалася, быццам за яе спінаю на буферах аўто, як на запятках карэты, стаяць лёкаі ў напудраных парыках.
        – А не страшна табе ехаць са мною, Дануся?– зусім недарэчна глухім голасам запытаў Габрусь нявесту. Але патанулі словы яго ў магутным крыку салісткі хору Апякунства аматараў цвярозасці.
        – Габрусік! Спыніся тут, перад Зосьчыным домам! Зося! Зося!
        Аўтамабіль спалохана прытармазіў. За плотам стаяла рудая Зося, былая аднакласніца Данусі, і паядала вачыма трыумф сяброўкі.
        – Зося паедзе з намі! – загадала нявеста Габрусю.
        Той трохі знервавана пачаў супраціўляцца нечаканай акалічнасці, зноў спасылаючыся на незямное каханне і іншую рамантычную блытаніну. Зося ўжо сядзела побач з Данусяю, прыгожа распраўляючы складкі сваёй неабдымнай параднай спадніцы з фальбонамі.
        Аўто рушыла наперад. Пекныя паненкі сакаталі і ўвесьчасна прымушалі апатычнага Габруся націскаць на гумавую грушу гукавога сігналу. Але ўпарты Габрусь не паехаў па людных вуліцах, дзе жылі знаёмыя, а кіраваў у бок Кальварыйскіх могілак паўз хутар Нядзведжына, дзе сапраўды было глуха і цемна, як у мядзведжай бярлозе.
        У вечаровым паўзмроку паказалася белая брама могілак. Па версе брамы, над выявамі жудасных эмблем смерці, красаваўся ўрачысты надпіс па-польску з арфаграфічнай памылкай у слове «Spokoj». Негледзячы на пратэсты паненак, Габрусь пакіраваў туды, на брукаваную дарожку між магіл. Дарога вяла да суровага псеўдагатычнага будынка касцёла. Змрочныя старыя ліпы сашчапілі над дарогай свае кашчавыя чорныя шаты, быццам мёртвыя пальцы. Злавесна хрыпелі крумкачы. Над уваходам у зачынены касцёл цьмяна свяцілася лампадка – далёкае-далёкае акенца ў той свет, куды нам, грэшным, ісці не дайсці...
        Запыніў Габрусь аўтамабіль, павярнуўся да пекных паненак. Пагрозна бліснулі акуляры на выцягнутым белым-белым Габрусёвым твары.
        – І чаго ты прыпёр нас сюды? – гучна абурылася Дануся.
        – Знайшлі час, пан Габрусь! Касцёл жа зачынены! – падтрымлівала сяброўку рудая панна Зося, у якой ад злосці ледзь не абсыпаліся рабацінкі.
        – Мы прыехалі на месца! – нязвыкла цвёрда і ўрачыста сказаў Габрусь і ўскінуў доўгія рукі ў знямелае неба, як ускідвае крылы чорны жораў, збіраючыся ўзляцець ад бязлітаснай паляўнічай стрэльбы.– Пазнай жа, нявеста мая, верная Данута, што...
        – Ой, тут жа новую прыбіральню нядаўна зладзілі!– здагадалася панна Дануся.– Габрусік, бедны, у прыбіральню хоча, вось і заехаў сюды,– далікатным шэптам растлумачыла яна сяброўцы.– Ен такі інтэлігентны... Ён не ходзіць за рог, як звычайны мужык... Ідзі, Габрусік! Мы пачакаем...
        – Не, у такім разе, давай адразу мы сходзім! Пане Габрусь будзе такім добранькім..– какетліва звярнулася панна Зося да ўладальніка аўтамабіля.
        – Спыніцеся, няшчасныя! Вы не разумееце...– благаў Габрусь, смешна размахваючы худымі рукамі, але паненкі ўжо схаваліся ў маленькім зграбным будыначку ля могілкавай агароджы.
        Нязграбная Габрусёва постаць сноўдалася ўзад-уперад ля «Лорэн-Дзітрыха» так роспачна, што выпадкова пралятаючы над могілкамі анел выраніў на небараку сваю бясцэнную слязу і палунаў далей,за хмары, у высокае-высокае сіняе неба, запальваць першую свечку-зорку на славу Гасподнюю дзеля заблукалых сляпых нашых душ... Але не адчуў дабрадзейства чыстае анёльскае слязы бедны Габрусь, а мо падумаў, грэшнай справаю, на гракоў...
        Над могілкамі разнеслася вельмі меладычная і павучальная песня з рэпертуару хору Апякунства аматараў цвярозасці горада М*.
        Насустрач ідучым узяўшыся пад рукі «жаўроначкам» кінуўся Габрусь у апошнім намаганні выказацца:
        – Данута! Пахавальную песню заспявай! Бо цягнік, на якім ехаў я на інспекцыю чыгуначнай станцыі Н*, ляжыць пад адхонам, спушчаны туды падступнымі рукамі эсэраўскай арганізацыі. І сярод тых вартых жалю абломкаў пахаванае маё беднае цела... А тое, што цяпер перад вамі,– спакутаваны закаханы дух... О, Дануся мая...
        Дзіўны маналог перарваўся вяселым пранізлівым гукам клаксафона, на які націснула жартаўлівая ручка панны Данусі. Абедзве дзяўчыны ўжо сядзелі на мяккім скураным сядзенні аўто, і першая зорка праглядала скрозь карункавы Данусін парасон...
        Юзэфа Шыкулевіч, годная, але бедная ўдава, зарабляла на жыццё самай пабожнай справай – мыла падлогу ў касцёле. Аднойчы восеньскім вечарам скончыла пані Шыкулевіч сваю працу, задзьмула апошнія свечкі, старанна ачысціла ад воску падсвечнікі... А на могілках гарэзавала бязбожная моладзь.Чуўся бесклапотны смех (і гэта ў месцы, якое само нагадвала чалавеку пра яго смяротнасць!), пасля анархісткі спявалі песню, нарэшце вечны спакой могілак парушыў пранізлівы, сапраўды д’ябальскі гук. Пані Юзэфа, спа-дзеючыся на вышэйшую абарону, выскачыла з касцёла і ў няпэўным вечаровым святле ўбачыла гэта... Чортава павозка!
        На жаль, Юзэфа Шыкулевіч не была прагрэсіўнай жанчынай. Яна з чыстым сумленнем падкідвала б галлё ў вогнішча, на якім цемрашалы спальвалі Яна Гуса. І з’яўленне перад святым храмам прывіду наступаючага аўтамабільнага веку ўспрыняла належным чынам, перажагнала яго і загадала:
        – Vаle retro, satanas!1
        Дануся і Зося, пекныя прыстойныя паненкі і выпускніцы Марыінскай жаночай гімназіі, сядзелі самым ганебным чынам на голых мокрых камянях Кальварыйскіх могілак, прычым Дануся трымала над сабою карункавы парасон.
        Паўз ашалелых дзяўчат прайшла маленькая сухенькая бабулька ў чорным і здзівіла іх пераможным здзеклівым рогатам. Габрусь – ды Бог з ім, Габрусём,– аўтамабіль маркі «Лорэн-Дзітрых», бліскучы, як калядная ёлка, і ўрачысты, як духавы аркестр,– абодва зніклі бясследна...
        «Sic transit gloria mundi2 – так магла б сказаць панна Дануся, вяртаючыся дадому тым страшным восеньскім надвячоркам. Магла б, каб мела за гімназічны курс лаціны адзнаку «выдатна» альбо хаця б добра»... Але насупраць графы’лаціна» у Данусіным атэстаце стаяла каліграфічнае «задавальняюча». І Дануся не сказала нічога... Асабліва татусю і мамусі, калі тыя вярнуліся з гасцей...
        На другй дзень прыішля вестка, што Габрусь-небарака сапраўды загінуў у чыгуначнай катастрофе ў выніку антыўрадавай дыверсіі.
        Аде Дануся мела формы рубенсаўскіх мадэляў, а Генусь з акцызнага банка, хаця й не меъ аътамабйля, цялкам давяраъ густу вядомага мастака Рубенса.
        Таму і няма ў нашым апавяданні нічога сапраўды жахлівага, акрамя таго, што ў горадзе М* цяпер вельмі многа аўтамабіляў і практычна няма настолькі адданых жаніхоў.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.