РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
ПРАЛОГ
        Род сыходзіць, і род прыходзіць,
        а зямля застаецца ў вяках.
Эклезіяст, 1:4
        
        
ПРАЛОГ

        
        вочы цемры смерць нянавісць
        
        А што яшчэ ён спадзяваўся ўбачыць, углядаючыся праз мокрае акно ў ноч, у восень, у безнадзейнасць? Быць самотным – значыць трошкі памерці.
        Нешта стукнула ў шыбу, нібыта адзінота прасілася ў пакой… Не, яна, халодная пані Адзінота, ужо даўно царуе тут. Сядзіць побач, перад полымем каміна. І што ёй да ценяў былога, да тлуму і адчаю дзён, калі не верылася, што так будзе – вальтэр’янскае крэсла, камін, цішыня…
        Аднак што парушыла цішу? Гаспадар паднёс газоўку да акна. Вочы саслаблі, а калісьці мог пацэліць у цэшку на фуражцы… Нешта гайдаецца, падвешанае на вяроўцы да галіны старога каштана. Чалавек, спяшаючыся, расчыніў акно, і мокры вецер ударыў яго па шчацэ, быццам выпрабоўваў на хрысціянскую цярплівасць.
        На вяроўцы вісела здохлая варона.
        Чалавек моўчкі глядзеў у цемру, не зважаючы на ўдары ветру і спробы дажджу ператварыць пакой у маленькую Венецыю.
        Навошта ён сюды вярнуўся?
        Што ў яго тут ёсць, акрамя магілаў?
        Акрамя магілаў і нянавісці, што пазірала на яго цяпер.
        Калі б ён мог сам адказаць нянавісцю! Але ён даўно забараніў сабе ненавідзець, толькі часам вуголле дарэмных шкадаванняў пякло душу знутры, не знаходзячы выйсця. Не, ён усё-ткі не шкадуе… У ім усё яшчэ жыве той даверлівы юнак, які вызнаваў сусветную справядлівасць.
        Няхай каменне ў спіну, няхай здохлая птушка перад акном, няхай ад яго хаваюць дзяцей і абараняюцца ад яго пагляду крыжам… Нянавісць – дзіця болю, і боль той спароджаны і ягонымі продкамі… Грахі роду належыць сплочваць. Але трэба верыць, што калісьці гэта зменіцца і пакуты не стануцца дарэмнымі, як не бываюць дарэмнымі пакуты зерня, якое ператвараюць у хлеб. Не можа не быць працягу ў таго, што замешанае на любові і самаахвярнасці. Як у галаве ў самай пачварнай жабы хаваецца прыўкрасны камень, так у несправядлівым і жорсткім часе нашчадкі пасля знаходзяць іскрынкі цудоўных лёсаў і агмені чыстых памкненняў.
        Гэта ён не пра сябе – пра тых, з кім меў гонар сябраваць.
        Чалавек абрэзаў кітайскім нажом для папер вяроўчыну, на якой матлялася мёртвая птушка. Канец вяроўкі падхапіў вецер, разгайдаў так, што на хвілю здалося, быццам вяроўка зараз завяжацца пятлёю. Ад раптоўнага ўспаміну горла пераціснула нібыта ад тае пятлі, і чалавек зачыніў акно.
        А ён толькі што разважаў пра набыты спакой… Няма і не будзе спакою, пакуль на гэтай зямлі пануе цень пятлі і цень неразумення паглынае самыя яркія агні…
        Гаспадар зноў апусціўся ва ўтульнае крэсла. Праз шыбы ў пакой глядзела ноч, пані Адзінота варушыла вуголле ў каміне.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.