РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скрыня Пандоры
1
        Каб нашкодзіць людзям, багі Алімпа стварылі прыўкрасную жанчыну Пандору і надзялілі яе неўтаймоўнай цікаўнасцю. У доме мужа Пандоры знаходзілася скрыня, якую нельга было адчыняць. Пандора з-за сваёй цікаўнасці адчыніла яе і выпусціла адтуль у свет людскія хваробы, сваркі і звады.
Старажытнагрэчаскі міф
        
        Паштовае аддзяленне горада Б* месцілася ў аднапавярховым цагляным дамку, амаль схаваным пад шатамі старых ліп. Цяпер, перадкаляднымі маразамі, ліпы захуталіся ў высакародную шэрань – гэткія важныя пані, што нібыта зусім заштурхалі ў куток яснага марознага дня сціплы будыначак пошты.
        А ў будынку паштмайстар пан Сікорскі ў атачэнні сваіх падначаленых разглядаў пасылку, дастаўленую з чыгункі ў чарговай партыі ранішняй пошты. Пасылка была адрасаваная настаўніку хіміі Капуцкаму, аматару незвычайных досведаў ад спірытычных сеансаў да археалагічных раскопаў. Пасылка сапраўды была вартая ўвагі: квадратная скрыня ў палову чалавечага росту вышынёй, шчыльна абцягнутая чорнай аксамітнай паперай, на якой ярка паблісквалі фольгавыя зоркі. Адправіцель падпісаўся лаканічна: «Брацтва «Гаўдэамус». Паколькі было вядома, што настаўнік Капуцкі з’ехаў некуды ў Гародзенскую губерню да сваякоў, а ягоная халасцяцкая кватэра стаяла замкнёная, пасылка мусіла знаходзіцца ў сховішчы паштамта да вяртання адрасата.
        – Пасылка як пасылка, – выгукнуў Сікорскі і прыгладзіў справа налева рэдкі чуб, зачасаны на раннюю лысіну. – Занесці ў сховішча і забыцца.
        – Не кажыце, пане Сікорскі, – тужліва працягнуў служачы Карасюк. – Мне такой ніколі не дашлюць. Можа, там тэлескоп для назірання зорак – пан Капуцкі неяк расказваў пра такую прыладу на лекцыі ў клубе грамадзянскіх служачых. Калі гэты тэлескоп навесці на планету Юпітэр, можна ўбачыць на ім кольцы!
        – Так-такі кольцы... – няўважна ўсумніўся Сікорскі, пагладжваючы чорную аксамітную абгортку пасылкі.
        – А можа, там фанограф?– выказаўся другі служачы. – Мая жонка ездзіла да сястры ў Вільню і там на кірмашы слухала фанограф, за дзве капейкі за сеанс. Апошнюю прамову Абрама Лінкальна, панове!
        Тут з усіх бакоў пасыпаліся гіпотэзы наконт змесціва пасылкі, адна фантастычнейшая за другую.
        – Усё! Сціхніце! – скамандаваў паштмайстар. – Пасылка адпраўленая па ўсёй форме, мы не маем права ўскрываць прыватную карэспандэнцыю. Мы дзяржаўныя служачыя і мусім выконваць свой абавязак дакладна. У сховішча! I каб я больш пра гэтую скрыню не чуў!
        Аднак чуткі пра таямнічую пасылку папаўзлі па горадзе Б*. Хутка горад высунуў некалькі даволі цікавых версій, якія запэўнівалі, што ў Чорнай Скрыні набор мамантавых і дыназаўравых костак для гімназічнага палеанталагічнага музея; васковая фігура Напалеона ў сядзячым стане; егіпецкая мумія і нават – абсталяванне для запуску паветранага шара. Чорная аксамітная абшыўка пасылкі заблішчэла і абцерлася ад бясконцых дотыкаў... Але найболей жарсці распаліліся, калі настаўнік Капуцкі не вярнуўся ў належны час і даслаў кіраўніцтву гімназіі ліст, у якім паведамляў, што яму часова прапанавалі пасаду прыват-дацэнта ў Гарадзенскім медыцынскім універсітэце і ён затрымаецца ў Гародні яшчэ на месяц, а пасля, калі ўдасца, застанецца назусім.
        – Ускрывайма пасылку! – падляцелі да пана Сікорскага ўсхваляваныя служачыя пошты. – Адрасат выбыў!
        – Не маем права! – уздыхнуў Сікорскі. – Па-першае, Капуцкі яшчэ можа вярнуцца, а па-другое, калі ён не вернецца, мы абавязаны адаслаць гэтую пасылку на ягоны новы адрас.
        Усведамленне, што яны, верагодна, не будуць прысутнічаць пры ўскрыцці Чорнай Скрыні і ўвогуле ніколі не даведаюцца, што там было, напоўніла душы прысутных невыказнай горыччу. I па горадзе папаўзлі чуткі іншага кшталту. У Чорнай Скрыні – зброя; дынаміт і бомбы; падпольная друкарня... Нарэшце самую арыгінальную версію прапанавала жонка паштмайстра пані Сікорская, што ў пасылцы расчлянёны труп настаўніка Капуцкага, а ліст ад яго імя падступна даслаў забойца, каб схаваць настаўнікава знікненне...
        Хоць ключ ад сховішча Сікорскі насіў з сабою, аксамітная папера на пасылцы ў некалькіх месцах аказалася прадзёртай. Але пад ёй выявіўся слой чырвонага кардону. Пан Сікорскі доўга змагаўся з уласным грамадзянскім сумленнем, нарэшце ўзяў тонкі сталёвы нож для разразання паперы і рана ранічкай, пакуль не з’явіліся падначаленыя, забег у сховішча і праткнуў чырвоны кардон... Але нож праз якія два вяршкі наторкнуўся на нешта цвёрдае, якое нажу не паддавалася. Так было з усіх бакоў. У адчаі Сікорскі раскалупаў адну дзірку шырэй: за чырвоным кардонам бачылася дрэва...
        Капуцкі відавочна не збіраўся прыязджаць у горад Б* і на пачатку лютага запатрабаваў выслаць дакументы аб сваёй адстаўцы і пакінутыя рэчы, што змясціліся ў адным невялікім чамаданчыку. Самае жахлівае, што настаўнік (а цяпер прыват-дацэнт Гарадзенскага медыцынскага інстытута) выслаў свой новы адрас, абсалютна дакладны. Неатрыманая пасылка мусіла нераспячатанай адбыць на ранішнім цягніку разам з настаўнікавым чамаданам у Гародню.
        Снег пад ліпамі быў даўно стаптаны. I вы дарэмна думаеце, што гэта зрабілі каляднікі. Жыхары горада Б* палюбілі пад вокнамі паштовага аддзялення абмяркоўваць версіі пра змесціва Чорнай Скрыні. Утварыліся нават своеасаблівыя партыі прыхільнікаў тае ці іншае версіі. Самай шматлікай была партыя егіпецкай муміі. Многа было і прыхільнікаў версіі пра мамантавыя косткі і тэлескоп. Нешматлікай, але напорыстай сталася партыя версіі пра расчлянёны труп. Яе ўзначальвала жонка паштмайстра.
        Спрэчкі пра Чорную Скрыню вяліся і ў Бурыгавай карчомцы за кубкам гарбузакаўскага піва «Зосечка», і ў пакоях губернатарскага дома. Гімназісты мужчынскай гімназіі, дзе яшчэ нядаўна настаўнічаў Капуцкі, у бальшыні былі перакананыя, што пасылка ўтрымлівае нешта такое, чым аб’ектыўна мусіла карыстацца іхняя гімназія, – тэлескоп там, ці косткі, ці абсталяванне для хімічных доследаў. I не адзін баявіты гімназіст спрабаваў прабрацца ў сховішча пошты, маючы ў кішэнях, ранцы ці ў руках злавеснае начынне ўзломшчыка – стамескі, свярдзёлкі, ломікі, нават порах і нітрагліцэрыну... Звестка, што Чорную Скрыню адпраўляюць у Гародню, ускалыхнула ўвесь горад Б*. Пані Сікорская наляцела на свайго мужа з сапраўдным адчаем жаўнера, які ідзе ў апошнюю атаку.
        – Толькі з-за тваёй упартасці пакутуе ўвесь горад! Няўжо нельга было адразу распакаваць тую клятую пасылку, і мы не трацілі б нервы, час і сяброўства.
        – Але мы дзяржаўныя служачыя, – слаба абараняўся пан Сікорскі. – Мы не маем права... Ёсць інструкцыі...
        – Чхала я на твае інструкцыі, – закрычала раз’юшаная кабета. – Калі вы дзяржаўныя служачыя, дык даўно павінны былі западозрыць нядобрае і выкрыць злачынства. Урэшце, запрасі жандараў, скажы, што ад пасылкі сыходзіць моцны трупны пах...
        – Глупства... – мармытнуў Сікорскі. – Да таго ж Скрыня не надта цяжкая... Але...
        – Але! – сцвердзіла пані Сікорская, і паштмайстар, адчуваючы раптоўную душэўную палёгку, паімчаўся ў жандармерыю горада Б*.
        Ці варта казаць, што сховішча паштовага аддзялення не магло змясціць усіх жадаючых прысутнічаць пры ўрачыстым моманце адкрыцця Чорнай Скрыні, а ліпы вакол пошты страцілі не толькі высакародную шэрань, але і асобныя галінкі. Знутры вокны выглядалі як вітрына крамы па распродажы расплясканых насоў і шалёных вачэй. Чорная абгортка, скрозь прадзертая і выпацканая, амаль страціўшая фольгавыя зоркі, зляцела ў адно імгненне, расшматаная мноствам рук. Той жа лёс спасціг скрыню з чырвонага кардону, што аказалася пад абгорткай, таксама прадзертую і нават у адным месцы прапаленую. У кардоннай скрыні была фанерная, меншага памеру. Узмахнулі сякеры, і вачам прысутных адкрылася... яшчэ адна, меншая, скрыня з зялёнага кардону. Далей было: скрыня з кардону, абклееная фольгай; яшчэ адна скрыня з фанеры; скрыня з жоўтага кардону; скрыня з сіняга кардону ў гарошак; скрынка, абклееная паперай з анёлкамі, зоркамі і сняжынкамі, скрынка ружовая; скрынка блакітная, зноў чырвоная... Нарэшце ў самым цэнтры аказалася белая пляскатая скрыначка памерам з далонь, у якой ляжаў танны партабак і ліст з наступным тэкстам: «Дарагі Генусь! Віншуем цябе з Калядамі! Не забывай старых універсітэцкіх сяброў, наша брацтва за келіхам віленскага піва і вясёлыя калядныя жарты! Антось, Вітас, Рышард, Пятро, Анцыпар».
        Пакой пошты быў увесь засыпаны каляровымі шматкамі паперы, кардону і трэскамі.
        – За такія жарты па пысе трэба біць, панове, – разгублена сказаў пан Сікорскі. – Гэта ж прымушаюць працаваць дзяржаўных служачых, траціць сілы, энергію, нервы для перадачы такога паскудства...
        Пані Сікорская моўчкі плакала. Народ разышоўся. I мы б не раілі ў гэты дзень, дый у бліжэйшыя дні, пану Капуцкаму з’яўляцца ў горадзе Б* нават з самымі лепшымі намерамі. Што праўда, ён і не з’явіўся. Хоць не быў вінаваты ў вышэйапісаных падзеях, як кажуць, ані сном, ані духам...
        Пан Сікорскі прыгнечана ішоў дадому пад ручку з маўклівай жонкай. Службовы абавязак быў парушаны, таямніца аказалася насмешкай... I што цяпер рабіць з тым праклятым партабаком?..
        Раніцай на ліпах вакол паштовага аддзялення горада Б* зноў з’явілася шэрань. Але хутка, хутка яна мусіла ператварыцца ў адліжны дожджык і ссыпацца ў набрынялы снег...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.