РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Пралог
Раздзел I
Раздзел II
Раздзел III
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
11. 1
ПРАЛОГ
        Памяці друга майго Гераніма Стулпана - прысвячаю
        
        УСЕ ІМЁНЫ І ПАДЗЕІ Ў ГЭТЫМ РАМАНЕ - ВЫДУМАНЫЯ. УСЯКАЕ ПАДАБЕНСТВА З РЭАЛЬНА ІСНУЮЧЫМІ ЛЮДЗЬМІ З’ЯЎЛЯЕЦЦА ВЫПАДКОВЫМ.
        
ПРАЛОГ
        
        Дарога на поўнач ад горада кантралявалася інсургентамі і была небяспечнай. Таму ганцам, якія павінны былі трапіць у размяшчэнне коннага палка, даводзілася скакаць з захаду, перапраўляючыся ўнаброд праз Друць або - гэтая дарога была карацейшай, але і больш небяспечнай - ехаць поймаю ракі, паплавамі, каб потым, адолеўшы Дняпро, адчуваць сябе ў бяспецы пад аховаю ўрадавых войск.
        На пяцьдзесят вёрст выгінастага рэчышча быў толькі адзін паром, вярстою вышэй ад горада. Яго нельга было аддаць у рукі паўстанцаў, якія маглі б такім чынам парушыць сувязь паміж часткамі карных войск і біць іх паасобку. З гэтай мэтай на левы, процілеглы гораду бераг Дняпра генерал Фікельмонт выслаў роту выпрабаваных у баях салдат пад началам капітана Пора-Леановіча. Капітану не вельмі верылі як нашчадку сепаратысцкай фаміліі і ўраджэнцу Магілёва. Таму "ў дапамогу яму" і "на адпачынак" паставілі, таксама капітана, Юрыя Горава, карэннага русака са старой маскоўскай фаміліі.
        Гораў быў паранены ў левую руку ў сутычцы з атрадам паўстанцаў пад Ракавам і адасланы "ў тыл на лячэнне і адпачынак".
        Тылу не было. У гэты трывожны жнівень 186З года вайна была паўсюль. "Белыя" спрачаліся з "чырвонымі", беларусы абураліся шавінізмам "белага жонду". Успыхвалі, затухалі і зноў выбухалі ачагі абурэння палітыкай цара.
        Пераспелае жыта плакала зярнятамі, а ў жыце стаялі шыбеніцы. І не ўстаў ніхто добры, любоўны, і не сказаў людзям, што нельга рэзаць адзін аднаго, што свет вялікі і на кожнага выстачыць ніў, што хлеб аднолькава смачны, на якой мове яго ні называй. Не мог сказаць.
        Галоўным быў не хлеб. Галоўнай была свабода.
        Становішча ставала трывожным. У канцы ліпеня генерал Фікельмонт даў загад знішчыць на Дняпры ўсе чаўны. Асобыя атрады рушылі выконваць загад. Пачалася вакханалія знішчэння. Папрасякалі днішчы чаўноў, віцін, шугалеяў. Не пашкадавалі апошняй душагубкі. Тры дні па ўсім Прыдняпроўі шугаў у неба агонь. Палілі кастры бярвенняў, з якіх інсургенты маглі б звязаць плыты. Прыбярэжнаму насельніцтву, што жыло амаль толькі рыбай, заставалася адно - галадаць.
        Кардон, які абараняў паром, жыў нервова і напружана. А між тым баяцца не было прычыны. Цэнтр паўстання даўно перамясціўся на захад. Галоўны атрад паўстанцаў Прыдняпроўя быў разгромлены яшчэ на пачатку лета, і генералу Фікельмонту гэта не магло не быць вядома.
        Інсургенты ў колькасці пяцідзесяці шабель і двухсот штыкоў і кос групаваліся ў Звярынскіх лясах. Там іх выпадкова пабачыў нейкі селянін і кінуўся ў горад - папярэджваць. Дарогаю ён адабраў прыпрэжку ў ксяндза і ўсю дарогу гнаў коні. Перад самым горадам прыпражны конь здох. Мужык выпраг каранніка, узваліўся на яго і... палкоўнік Фралоў нашчэнт разбіў інсургентаў, акружыўшы іх. Кіраўнік атрада Усяслаў Грынкевіч быў узяты ў палон і асуджаны на смерць. Зараз ён сядзеў на гарадской гаўптвахце і чакаў. Яго павінны былі вылечыць, выспаведаць перад тварам Усёдаравальнага і толькі потым застрэліць, як сабаку. Дзеці-дэмакраты пажалі жудасны пасеў прыгоннікаў-бацькоў.
        Але асобныя дробныя атрады яшчэ блукалі па пушчах, і плёткі перабольшвалі іх сілу. Ніхто нічога не ведаў, як заўсёды на вайне, і кардон калаціла ліхаманка трывогі і жаху.
        Таму нікога не здзівіла, што 18 жніўня на кардон прыляцеў улан на ўзмыленым кані, нешта хутка перадаў Пора-Леановічу і быў перапраўлены на той бок ракі. Конь раняў на насціл белыя хлапякі пены і так цягнуўся да вады, што пасыльны ўдарыў яго. Гораў пераправіў конніка на другі бераг (загад Фікельмонта прадугледжваў абавязковую прысутнасць на плывучым пароме аднаго з афіцэраў пры чатырох салдатах) і са шкадобаю глядзеў, як жывёла, амаль па-чалавечы стогнучы, выносіла улана на стромы чырвоны адхон.
        Гэта было перад вечарам. Парыла так нясцерцна, што салдаты і капітан абліваліся потам. Паром не быў "самалётам"1, які рухае сіла плыні, і даводзілася цягнуць яго сілаю ўласных рук.
        Цьмянае ад сонца люстра ракі здавалася мёртвым. Не боўтала рыба, і шэрыя чаплі на водмелях стаялі расхрыстаныя, замораныя, падобныя на пачварных вядзьмарак, апранутых у лахманы. Толькі ластаўкі ў быстрым лёце чыркалі крыламі ваду, ды недзе за бясхмарным даляглядам бурчаў нябачны пярун. Бурчаў упарта, раз-пораз.
        "Будзе вераб’іная ноч", - падумаў Гораў.
        Быццам адказваючы яму, адзін з салдатаў уздыхнуў:
        - Залье нас сёння. Як вясной, будзем куваць на востраве.
        Процілеглы бераг быў нізкі, толькі на ўзвозе, дзе стаяла хатка паромшчыка і адрына, быў высакаваты пясчаны ўзгорак, упрыгожаны дзвюма хвоямі і дзесяткам чорных вольх. Туды вада не даставала.
        - Іван, - спытаў салдата Гораў, - ты тут пяты год служыш. Што, шалее ў навальніцу Дняпро?
        - Рака з характарам, - твар у салдата быў чырвоны, абліты сонцам. - У палавень залье ўсю пойму, толькі верхавіны над вадою дрыжаць. I так вёрст на сем. Несаабразнае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Тут у вераб’іную ноч дрэнна. Усе старыкі на пойме вадой залье... унь той клін адхопіць. Перапраўляцца нават і не думай. Канцы.
        Паром торкнуўся ў бераг, і адразу лаза на беразе, якая дагэтуль плыла перад вачыма, спынілася, замерла.
        Салдаты з вясёлым гоманам пацягнулі на ўзвоз чорны мораны дуб, прывезены на паліва.
        Капітан уздыхнуў. Яму на хвіліну стала зайздросна. Быць такім шчыра вясёлым, такім неўтаймавана жыццярадасным - гэтага ён не мог, для гэтага трэба было быць істотай іншай пароды.
        Усё тое ж самае. Трохі не месяц вочы бачаць той самы абрыдлы кардон, хатку паромшчыка, у якой філасофствуе за гарэлкай Пора-Леановіч, адрыну і вялізную стайню, дзе размясціліся салдаты, паласатую будку вартавога, асклізлы паромны канат.
        Адзін паратунак - Дняпро. Ды і той ляжыць зараз пад свінцова-цяжкімі промнямі сонца, трывожны і немы.
        А ў Маскве зараз цішыня. Масква толькі пачынае ажываць. Пусцеюць дачы і маёнткі. На ліпах Няскучнага саду першыя жоўтыя лісцікі; з багатых, па-асенняму, рынкаў даносіць пахам "валовых мордачак" (улюбёныя яблыкі маменькі). Маменька, пэўна, паехала зараз у манастыр маліцца за здравіе воіна Юрыя і за дараванне яму веры. Едзе паўз Круціцкае падвор’е ў сваім нехлямяжым, падобным на гарбуз вазку. Фурман Сідар з вялізным - на трох - задам крычыць на сустрэчных страшным голасам: "Адыдзі, сцеражыся!" А ў блакітным небе сляпуча блішчаць купалы сабораў, і плыве бязважкі контур Круціцкага церамка.
        А вось і сам ён, Юрый, выходзіць з парадных дзвярэй, праходзіць дарожкай пад ліпамі, з насалодаю дыхаючы празрыстым і ўжо схаладнелым паветрам. Ванька ў армяку з дзіркай пад пахай трасецца на козлах.
        - Гэй, Ванька!
        I вось ляціць, ляціць вазок. Спачатку па Цвярской, потым бульварам, потым на Арбат. I лікуе, захлынаецца ў грудзях ад радасці сэрца. Так, вайна скончана, вайны ніколі больш не будзе. I ліпы! I Арбат! I цудоўныя асабнячкі... I Nadine ўстае яму насустрач у сваёй белай сукенцы...
        - Гэта вы? Божа мой, як я рада!
        I зноў - занадта паспешліва - апускае да вышывання нявінныя, цёмна-сінія, дзівосныя вочы. Што з таго, што яны толькі двойчы абмяняліся парай нязначных слоў, што яны амаль незнаёмыя. Усё адно гэта Масква, і сонца, і дзень без крыві і стрэлаў. I Масква гэта, і ёсць Nadine, Надзенька, Надзейка, як кажуць тут. Што з таго, што ён цэлы год не бачыў яе, што яны малазнаёмыя. Вось ён бачыць яе валасы колеру ржавых кляновых лісцяў, такія пушыстыя, мяккія, лягусенькія, падзеленыя белым радком, яе рот з прыпухлай ніжняй губкай.
        - Надзенька, каб вы толькі ведалі, як я сумаваў па вас, як нясцерпна мне было без вас на гэтай зямлі, што стаптана капытамі конных палкоў.
        Яна ўсміхаецца. I цішыня. Недзе ўдарыў і змоўк у шкляным паветры далёкі звон. Шчасце! Масква! I цішыня, цішыня. ў шатах ліп. Цішыня.
        Стрэл.
        Гораў ад неспадзяванасці спатыкнуўся аб корань, які - д’ябал ведае нашто - выпер акурат на дарозе. I адразу пачуў за плотам распанелы грудны голас.
        - Сымон, давай карту.
        Вернуты стрэлам і гэтым голасам на зямлю, Юрый глыбока і цяжка ўздыхнуў і амаль з нянавісцю агледзеў страшны ў чаканні невядомага Дняпро.
        Бровы маладога чалавека задрыжалі. Але ўжо ў наступны момант ён справіўся - нездарма яго паважалі за шалёную храбрасць, хоць толькі ён ведаў, як цяжка яна яму даставалася, - і цвёрдай хадою накіраваўся ў двор, гэты сумны двор, выбіты, як ток, акружаны паламаным плотам.
        Сярод двара, тварам да забітай брамы, стаялі два чалавекі: салдат-дзяншчык і афіцэр. Салдат трымаў скрынку з пісталетамі і калоду карт. Афіцэр браў са скрынкі пісталеты і, не цэлячыся, страляў у браму, у маленькі белы чатырохкутнічак, прыбіты да шулы.
        Афiцэр стрэлiў апошнi раз i павярнуўся:
        - А-а, камрад... Да зброі, вісусы-гусары...
        Горава ў які ўжо раз уразіў яго сухі прыгожы твар, белыя валасы і бакенбарды і, галоўнае, страшнаватыя блакітныя вочы з выразам пустаты і пагарды да ўсяго. I яшчэ рэзкі шнар паўз брыво і левую скронь.
        Калі пры першай сустрэчы ён запытаўся ў Пора-Леановіча наконт паходжання гэтай адмеціны, той неахвотна буркнуў:
        - Шпагаю тут адзін... падурэў. Штафедрон.
        - Ну і што? - спытаў тады Гораў.
        - Паспадзяваўся занадта на французскую школу, - з жахлівай іроніяй сказаў Леановіч, - у славутага, бачыце, Мерсье вучыўся.
        Гораў ведаў, што чалавек, з якім звёў яго лёс, карыстаецца славаю першага ў палку - і не толькі ў палку - брэцёра, што ён ужывае толькі дуэльныя пісталеты, але за такім заняткам, як сёння, заставаў Леановіча ўпершыню.
        - Руку набіваў, - сказаў Пора-Леановіч з паблажлівай ласкавасцю, - адвучвацца нельга.
        Сымон, быццам жадаючы пахваліцца поспехамі пана, аддзёр ад шулы карту і здалёк паказаў яе Юрыю.
        - Ат, глупства, - пагардліва сказаў Леановіч.
        - Нічога не разумею, - сказаў Гораў, - звычайны туз... Жалудовы.
        - А вы паглядзіце лепей, - раўнадушна сказаў капітан.
        Гораў падышоў, схіліўся над картай і мімаволі пацягнуў ротам паветра.
        Туз быў віновы. Тры кулі, пасаджаныя амаль адна ў адну, зрабілі з віней жолудзі.
        - Капітан, - сказаў Гораў, - гэта лепшае, што я калі-небудзь бачыў,
        - Лухта, - сказаў капітан, - хадзем лепей вып’ем...
        ...Гэта была звычайная вясковая хата, толькі што з бакоўкаю. Ды яшчэ палілі яе "па-беламу", так што хоць у гэтым сэнсе афіцэрам пашанцавала. Вялізны негабляваны стол, шырокія лавы, цемнаваты "Спас"у куце.
        На вокнах у гаршках "алёнчыны слёзы". Сухія слёзы, бо зямля ўся ў тытунёвым попеле. Аж шэрая.
        Адзінай украсай пацямнелых сцен былі два лубкі. . На адным святы Елісей з тварам хітрага ідыёта, насылаў на отракаў мядзведзіцу. Фарба ад німба расплылася ў Елісея па галаве, і невядома было, чаму ён з такой раскошнай шавялюрай пакрыўдзіўся на мянушку "лысы".
        На другім лубку тры татарыны дзялілі палон.
        Пакуль Сымон ставіў на стол гарэлку, гуркі ў смятане, міску з варанымі кіяхамі і патэльню, на якой клекаталі ў кіпячым масле смажаныя гусцёркі, Пора-Леановіч сядзеў на лаве ля акна, чысціў пісталеты і размаўляў сам з сабою.
        - Зброю, міл-свет Юрый Аляксандравіч, трэба даглядаць толькі самому. Гэта адзіная машына, годная двараніна. Масла для зброі - арыстакрат сярод маслаў для ўсіх машын... Толькі самому. Мой сябра аднойчы загінуў з-за таго, што крэмень у дуэльным пісталеце быў тлусты... Нават не брудны, проста тлусты, ад пальцаў.
        Гораў глядзеў, як пальцы Пора-Леановіча з незвычайнай пяшчотай мацалі сталь, і здзіўляўся, чаму нешматслоўны, заўсёды іранічны калега сягоння такі гаваркі, быццам баіцца пакінуць язык хоць на хвіліну без працы.
        А Леановіч ужо скончыў з пісталетамі, паклаў іх у футляр і сеў да засланага стала.
        - Сёння я нап’юся, - вельмі сур’ёзна сказаў ён.
        Юрый сеў за стол з другога боку. Ён толькі прыгубіў першую чарку: піць не хацелася.
        Спякота за акном стала, відаць, зусім нясцерпнай. Грозны Дняпро ледзь рухаў у разамлелых берагах цяжкія, як расплаўленае волава, плыні. Пярун бурчаў ужо зусім блізка, замрэяна, амаль без перапынку.
        Гэта чаканне жахлівага, разлітае ў знемагаючай прыродзе, гняло нервы. Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі. I Леановіч да таго ж ляскаў чарку за чаркай, як быццам жадаў што б там ні было выканаць свой добры намер: напіцца да моцы божай.
        Уважаючы на сённяшні настрой Леановіча, ад гэтай "моцы божай" можна было чакаць чагось цікавага. I таму Гораў бадай не здзівіўся, калі Пора-Леановіч раптам адсунуў чарку.
        - Вайна называецца, - з лютай весялосцю сказаў ён. - Сумна, Юрачка. Мне б тады ваяваць, калі рабавалі, за косы валілі пад сябе дзяўчат. А тут замест усяго гэтага - капеечны віст і бацькоўскае пасячэнне пейзанаў. Абас... мы з расійскай гісторыяй.
        Проста перад сабою, на фоне акна, Гораў бачыў яго сілуэт, рэзкі, прыгожы профіль з прамым носам і ссунутымі бровамі.
        - Ты кажаш "людзі", - сказаў Леановіч, хоць Гораў нічога не казаў. - Вось калі не ўходаюць цябе мае суайчыннікі і ты дажывеш да нейкага там часу, - ты ўбачыш дажджы Леанід. Гэта зорны дождж. Зямля пападае ў яго кожныя трыццаць тры гады. I тады лятуць Леаніды. Зялёныя. Фасфарычныя. Быццам пан-бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі западак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў... Так яны лятуць тысячагоддзі. I кожны раз, як прылятаюць, бачаць на зямлі тое самае: п’юць кроў, гвалцяць, круцяць хвастом добрыя людзі.
        За акном - Юрый з трывогай сачыў за гэтым - хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з амаль неверагоднай хуткасцю, грувасціліся адна на адну, пасоўваючыся туды, да Дняпра, у бок горада, дзе вісела яшчэ бялёсая смуга на невялічкім лапіку блакітнага неба.
        Задуха стала нясцерпнай. I нясцерпным стала чаканне.
        Толькі Леановіч, здавалася, не адчуваў нічога. Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам. I Гораў, успомніўшы яго сённяшнюю забаўку, зразумеў, што чалавек, які сядзіць насупраць яго, - страшны чалавек, вельмі небяспечны чалавек, драпежнік, у якога, пэўна, зусім няма ў душы месца для так званых пакут сумлення.
        Леановіч торкнуў пальцам у адзін з лубкоў.
        - Мы вось... як гэтыя тры татарыны. Адзін татарын - Філька (так ён зваў генерала Фікельмонта), другі татарын - я, а трэці - вы, вельмі шаноўны Юрый Аляксандравіч... Дзелім цноту прыдняпроўскай зямлі. Занятак з сэнсам. Таму што яна пад каго толькі не клалася. I выяўляецца, што ўсё гэта па меншай меры непатрэбна-с.
        I тут пачалося. За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу.
        Шаленства пераднавальнічнага ветру не скончылася на гэтым. Ён вырашыў, відаць, наведацца ў госці да людзей у хаце. Раптоўна грукнулі. дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы, дзьмухнула ў чалеснікі, задзёрла па дарозе абрус, ледзь не сарвала яго са стала разам з наедкам і вылецела ў комін, сказаўшы выразным фальцэтам:
        - Аоў.
        Гораў убачыў у акно, як гэты парыў проймы выкінуў з напаўразбуранага коміна галчынае гняздо і пагнаў яго, як кола, па пыльнай траве.
        - Сымон, чортаў сын, - крыкнуў Гораў, - каглу забыў зачыніць.
        I сам кінуўся да печы, зачыніў каглу, падторкнуў яе анучай.
        Сымон скочыў у хату як апантаны, паправіў абрус, зачыніў дзверы, шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай.
        Гораў убачыў, што Леановiч сядзiць, успёршыся скронню на кулак, вельмi бледны, з заплюшчанымi вачыма. Вусны яго варухнулiся:
        Стаiць певень над кручаю, -
        Заторкнута с... анучаю.
        I растлумачыў:
        - Разгадка гэтай загадкі - "кагла". Катэхізіс народнай мудрасці ўвесь складаецца з такіх выслоўяў. Гораў убачыў, што Сымон задаволена хмыкнуў.
        - Iдзiце, Сымон, - сказаў ён, гледзячы ў акно.
        Сымон выйшаў. Гораў павярнуўся да субяседніка і з дакорам сказаў:
        - Як вам не сорамна. Пры салдаце паказалі сябе дурнейшым за яго. Аблаялі народ. Вы ж беларус. Старога роду.
        Па шчоках Леановіча папаўзлі чырвоныя плямы. I раптам ён зацікаўлена спытаў у Горава:
        - Што мне, есці гэта? I што такое, наогул, беларус? Каго тут не было? Немцы былі, палякі былі, літва была. I раптам... бе-ла-рус. Сеў сабе з дурной мордай і - сікась-накась - пальцам у носе калупае...
        Пры апошнiх словах зрэнкi Леановiча папаўзлi да пераносся. Твар стаў такi дурны, што Гораў са сваiм легкаважным i вясёлым характарам не вытрымаў, засмяяўся.
        - Няма нічога смешнага, - вызверыўся Леановіч. - I ў вас і ў нас адна хвароба. Усю сваю гісторыю мы задніцай думалі. I наконт будучага ў гэтым сэнсе я аптымістам быць не магу... Чаго ад нас чакаць? Святаслаў забі Яраслава, Яраслаў забі Ізяслава, Ізяслаў забі Святаполка, а Святаполк коцнуў Барыса ды яшчэ і Глеба... туды ж яго матары. А тыя да пакутніцкай канчыны ўходалі двух братоў і трох сватоў і за гэта хрысталюбівай праваслаўнай царквою прылічаны да хеўры святых...
        Вераб’іная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.
        - I заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар - гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. I ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца... А блакітныя мундзіры іх - па мордзе, па мордзе: "Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні..." А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. I не разбярэш, чаго яны галосяць - ці ад болю, ці ад захаплення... А назаўтра - "За цара, за веру, з намі бог! Бязбожныя французішкі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць". Патрыятызм.
        Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. I ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, - усё мана, усё міраж.
        Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна - ён і сам адчуў гэта і пачырванеў - сказаў яму:
        - Вы дваранiн, капiтан Леановiч, вы павiнны паважаць традыцыi...
        Леановіч ускіпеў:
        - А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак "Пора", ці, па-простаму, "Пара"?
        - Не, не ведаю,
        - Таму што ад бандзюкоў паходзiм, мiл-свет Юрый Аляксандравiч... У цараванне, здаецца, цара-цяляцi горад Магiлёў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воiнства. Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасцi жыхароў уганорылi трымаць гарнiзон коштам самога ж вялiкага града. I сталi тут нашы лабiдуды думу думацi. "Гэта каб яшчэ батагамi, дык згода была б - усё жыццё з-пад батагоў не вылазiм. А грошыкi - тут ужо не. Дудкi".
        Стук у дзверы прымусіў Леановіча змоўкнуць. I Гораў сказаў холадна:
        - Заходзь.
        Увайшоў Іван, той самы, з якім Гораў размаўляў на пароме. Грубы, чырвоны твар Івана, твар сапраўднага салдафона, быў мокры. З-пад салдацкай бесказыркі спадала пасма рэдкіх сівеючых валасоў. I нягледзячы на тое, што ён быў мокры, хоць выціскай, што з шыняля капала, - кожны пазнаў бы ў ім старога, бывалага салдата. Выраз твару казаў сам за сябе, выраз афіцыйнай адданасці і пачцівасці, праз які відавочна праглядала лёгкая пагарда і свая, незамаскаваная, думка аб усім.
        - Чаго табе? - спытаў Леановіч.
        - Ваша высакароддзе, вада прыбывае. Рака пайшла старыкам.
        Гораў мог бы пабажыцца, што на твары Леановіча мільганула радасць.
        - Брашы больш, - з недапушчальнай фамільярнасцю сказаў капітан. - Што ж, за гадзіну залівені магло так раку наліць?
        - Пэўна, у вярхоўях некалькі гадзін ліло, ваша высакароддзе. Вадамерная рэйка пад вадой.
        - Ну і добра. Дні два можам не чакаць мяцежнікаў... Ідзі да д’ябла.
        I, пабачыўшы, што салдат усё яшчэ стаіць, спытаў:
        - Ну, чаго табе яшчэ?
        - Прахожыя могуць сунуцца ў ваду на звычайным пераездзе цераз старык... Дазвольце мне каравул паставіць... Могуць патопнуць.
        - Твая якая справа? - спытаў капітан. - Няхай не соваюцца ў ваду, няхай вяртаюцца ў Збароў і там начуюць... Ніякіх каравулаў.
        - Слухаюся - ніякіх каравулаў, - сказаў Іван і выйшаў.
        Леановіч яшчэ хвіліну маўчаў, гледзячы за акно, дзе ў сінім святле маланак буйна скакалі па зямлі густыя вадзяныя бізуны. Потым казаў далей:
        - I вырашылі рззаць кроўных братоў. Калі ваш продак сярод іх быў, дык я яму не пазайздрошчу. Таму што некалькі тысяч іх было, і ніхто не ўцёк... Пачалося з таго, што нехта са стральцоў на кірмашы пірог у бабы ўхапіў. I тут мой продак, як хрысціянін, не вытрымаў, выбег з ратушы з крыкам "Пара!..".
        ...Увесь Мікалаеўскі спуск касцямі закідалі - адсюль і пайшла новая назва: Касцярня... Колькі стральчыхі па іх пагаласілі, колькі дзеці! Нічога не зробіш, любоў да брата... А з-за чаго? З-за пірага ўсё, родненькі, з-за пірага...
        ...З пірага і дваранства наша пачалося. Кароль польскі - бац, прывілей: даць Леановічам прыдомак "пара", а як на іхняй мове гэта дрэнна гучыць, то перарабіць яго на "пора". Весяліся, Марцэля! А потым у горад польскае войска, ды кожнага дваццатага - на слуп: няма чаго зламысныя змовы з Масквою заводзіць. Э-ех, павесяліліся.
        - У вас ёсць народ, - ціха сказаў Гораў. - Ёсць павага да чалавека, любоў да яго. Хіба гэтага мала? Я ведаю, многа дрэннага рабілі і робяць улады, але ж людзі не вінны.
        - Мы вельмі любім народ, - сказаў Леановіч, усміхаючыся кутком прыгожых губ. - Каб зручней залазіць яму ў кішэнь... Не-е, вы, Юрый Аляксандравіч, з вашай слінявай вераю ў чалавека ідзіце - ведаеце куды? Гэта быдла па галаве трэба біць. I ваша, і наша, і польскае, і ўсякае. Іншага яны не варты... Шкадаваць? Каго? За што? За тое, што яны мэкаюць і бобам сыплюць? За тое, што ў іх спіна прыстасавана для сядла? За тое, што іхнія зады самі пэндаляў просяць?.. Не-е, Юрый Аляксандравіч, будзем шчырымі... Ёсць мой мозг і мая рука, што кожнага здолее ўзяць за глотку. Я іду! Хіліся?.. I нікога не шкадуй для сваёй мэты... Пакуль у сілачку не ўваб’ешся, - маўчы, падпарадкоўвайся і паступова прывучай усіх баяцца цябе... А там - не шкадуй. Ні жанчын, ні дзяцей. Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма... I не трэба саромецца. Я не саромлюся. На прыгожыя словы - пляваць. Я такіх брыдот нараблю, што ўсіх ванітаваць будзе. Вас будзе ванітаваць, а я тым часам на кожнага пятлю накіну. I зацягну...
        Дзіўны чалавек сядзеў перад Горавым. Страшны, як шалёная рысь. I Гораў няшчыра пазяхнуў і спытаў:
        - Вы французскай хваробай ніколі не хварэлі, капітан? Бо нешта мне здаецца, што такія словы сведчаць аб размякчэнні спіннога мозгу.
        - Нават слоў маіх баіцёся, - жорстка засмяяўся Пора-Леановіч. -Не, капітан, я не хварэў французскай хваробай. Ніколі. I продкі мае не хварэлі. Зберагалі для мяне сваю сілу.
        - Ішлі б вы лепей спаць, капітан.
        - А вы што?
        - Я не хачу вас слухаць. Я афіцэр. Што б я ні думаў, я звязаны прысягай і законам гонару.
        - Псу пад хвост, - сказаў Леановiч.
        Ён устаў і шырока пацягнуўся, распраўляючы мускулы. Засмяяўся:
        - Прашчур - малайчына. Галоўнае - стаць на той бок, які выйграе.
        Гораў адышоў ад стала, успёрся локцямі на падваконне і прыціснуў лоб да халоднага шкла.
        Дождж ліў так, што ўся зямля ў сляпучым святле бліскавіц укрывалася сінімі ўспышкамі падаючых кропель. Быццам поле нізкіх, ля самай зямлі, кветак вырастала паўсюль і зноў згасала ў цемры. Білі грымоты.
        Нехта люта сваволіў, ломячы ў хмарах тоўстыя дрэвы.
        Праз шум дажджу пачуўся шолах колаў па хліпкай зямлі. Глухія галасы.
        Гораў угледзеўся ў цемру:
        - Нехта прыехаў.
        Ён накінуў плашч і выйшаў.
        Сярод двара стаяла парная прыпрэжка. Дымелі спіны замораных коней. А за імі ледзь вымалёўваўся цёмны сілуэт лёгкай брычкі з узнятым верхам. Фурман, сівавусы чалавек, падобны ў плашчы на натапыраную птушку, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нехлямяжы, кідаўся ва ўсе бакі.
        Завеска брычкі адшморгнулася: з’явілася і ступіла на прыступку невялічкая нага. Жанчына, высокая і зграбная, у цёмным плашчы, стала проста ў ваду, якая плыла па ўсім двары, і азірнулася.
        - Сюды, пані, - спяшаючыся з ганка ёй насустрач, голасна сказаў Гораў.
        Ён адчыніў перад жанчынаю дзверы. Тая пераступіла парог і адкінула капюшон, мружачы вочы ад сляпучага - пасля цемры - агеньчыка свечкі.
        Здзіўлены Леановіч глядзеў на жанчыну вялізнымі вачыма.
        Глядзець было на што. Ніколі яшчэ Гораў не бачыў такога аблічча.
        Густыя цёмныя бровы, якія здаваліся амаль мужчынскімі, каб не агромністыя, як чорныя азёры, бліскучыя вочы і прыпухлы маленькі рот. Прамы, невялічкі нос, мяккі авал трохі асіметрычнага аблічча, якому самая гэтая асіметрычнасць надавала дзіўны выраз мяккай і жаночай пакорлівасці ў спалучэнні з уладнасцю, мала таго, з прывычкай уладарыць.
        "Адкуль гэта, - падумаў Гораў, - ад арыстакратызму? Наўрад ці. Яна, відаць, такі самы арыстакрат, як я. Праста чалавек духу і думкі. А ўладнасць - як гэта я не здагадаўся? - проста таму, што мужчыны не могуць не быць рабамі перад такой жанчынай.
        I ён адчуў, што каб не мундзiр, каб не вайна, - ён, можа, i сам стаў бы яе рабом. I нёс бы гэтае рабства нават з прыемнасцю.
        На цёмна-русых валасах жанчыны, над лобам, вясёлкава блішчалі малюсенькія кроплі вады. I быў гэта твар, у якім было нешта дзіцячае і безабароннае пры ўсёй даросласці.
        Леановіч уздыхнуў і апусціў твар у далоні. Гораву здалося, што плечы капітана калоцяцца ад прытоенага смеху. Але, калі Леановіч узняў вочы, твар яго быў сур’ёзны.
        - На той бераг, калi ласка, - сказала жанчына.
        Леановіч глянуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін ночы.
        - Сядайце, піце чай, - спакойна сказаў Пора-Леановіч. - Сымон, фурману шклянку гарэлкі. Коней - выцерці.
        - Дзякуй вам на добрым слове, але я не магу, - сказала яна.
        - Падпарадкуйцеся, калі ласка, - ветліва, але цвёрда сказаў Леановіч.
        Жанчына прыўзняла на яго вочы, быццам здзіўленая гэтай нечаканай цвёрдасцю, Але ўсё ж падпарадкавалася, села
        Гораў паспешліва згроб разам з абрусам рэшткі вячэры і выпіўкі. Адной рукой. Правая вісела на перавязі. Яна зусім загаілася, але не магла доўгі час вісець усцяж цела, зацякала.
        Увесь гэты час жанчына безуважліва глядзела ў акно. I нават потым, калі пілі чай, не дакранулася да ежы, нягледзячы на ўсе ўгаворы Леановіча. Толькі пагрэла рукі аб шклянку і адпіла некалькі глыткоў. Леановіч павольна і з відавочнай насалодаю хлябтаў бурую ад заваркі вадкасць.
        Калі Сымон прыбраў са стала, капітан зручна сеў, прыхіліўшыся спіною да сцяны, і, спытаўшы дазволу, закурыў.
        - Дык у чым справа, пані?
        - На той бераг. Я вельмі спяшаюся, - усхвалявана сказала яна. - За ўсю дарогу я толькі тут на цэлую гадзіну затрымалася.
        - Давядзецца чакаць да раніцы, - спакойна сказаў Леановіч.
        - Чаму?
        - Вось загад генерала Фікельмонта ўначы абараняць паром, не падпушчаць чужых людзей. Тым больш цывільных... Пераначуйце тут. Пакой мы аддамо вам.
        - Мне нельга.
        - Вельмі шкадую, пані. Загад Фікельмонта. Ваенны час, пані. Інсургенты...
        - Я не інсургент. Я толькі жанчына, маці.
        - Захварэла дзіця? - пацікавіўся Пора-Леановіч.
        - Не. Я спяшаюся да мужа.
        - Шкадую, пані, але дапамагчы не магу. Палявы суд - непрыемная штука. I ёсць загад Фікельмонта, - як малому дзіцяці, добразычліва тлумачыў Леановіч.
        - У мяне таксама загад. Яго сіяцельства. Прачытайце.
        Ніхто не папрасіў назваць прозвішча. У гэты час на Беларусі было толькі адно "сіяцельства", падпарадкоўваючыся волі якога рухаліся палкі, ганцы заганялі да смерці коней, людзі мучылі людзей.
        - Так, загад Мураўёва, - сцвярджальна сказаў Леановіч, гледзячы на паперу.
        Гораву здалося, што выгляд у Леановіча не вельмі здзіўлены.
        - Ого, - з удаванай уважлівасцю сказаў Леановіч, - дык вы жонка Усяслава Грынкевіча. Таго?
        - Так, - сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, - вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.
        Твар яе аж ззяў.
        - Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое...
        Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.
        - Мужу варта было б думаць раней, - суха сказаў Леановіч. - Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы зараз адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.
        Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:
        - Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок - і праз гадзіну я там... I ён жывы.
        Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць гадзін. Быццам у адказ праз рык навальніцы данесліся далёкія глухія ўдары саборнай званіцы горада.
        - I яшчэ адна прычына, - сказаў нарэшце Леановіч. - Вераб’іная ноч. Рака ўсхадзілася. Можна патапіць паром. I вас. I людзей.
        - Зразумейце, яго кожную хвіліну могуць забіць.
        Гораў бачыў: яшчэ дзесяць хвілін такога катавання, і жанчына можа заплакаць. Усе другія на яе месцы плакалі б ужо.
        Пора-Леановіч, усё з тым самым выразам дагаджэння на сухім прыгожым твары, накінуў на плечы жанчыне плашч.
        - Выйдзем, пані... Гораў, хадзем з намі.
        Дождж на дварэ пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і абяцаў зрабіцца яшчэ больш моцным нізавы вецер. Калі яны, з цяжкасцю пераадольваючы яго імпэтныя парывы, выйшлі на адхон, - іхнім вачам адкрылася жудаснае відовішча.
        Рака лютавала. Нізавыя парывы ветру развялі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Яны каціліся супраць плыні, шоргаючы белымі грабянцамі. Хлапякі пены ля берага з цяжкасцю, з яўнай напругай пасоўваліся па плыні, падскокваючы на вадзяных гмахах. А ў прыдоннай лазе круцілася, віравала рудая пена. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільным навальнічным цямноцці.
        Але і адтуль, са змроку, далятаў усхваляваны, нізкі гук вады. Рака таўклася ў берагі, імкнучыся вырвацца з іх. Праз пляму святла на вадзе слізгануў па хвалях дзіравы кошык, потым - цэлае дрэва, яблыня, вымытая з карэннем. Дзіўна было бачыць на яе апырсканых пенай галінах, якія круціліся, то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы, два-тры недаспелыя антоны.
        Леановіч моўчкі паказаў рукою, што трэба вяртацца ў пакой. Толькі там, у разамлелай цеплыні начнога чалавечага гнязда, ён сказаў:
        - Вы самі бачыце, пані. Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы.
        - Але ён чакае, - амаль умольна сказала яна.
        - Ён чакаў два месяцы. Некалькi лiшнiх гадзiн нiчога не зменяць, - абыякава да здзеклiвасцi сказаў капiтан.
        "Не можа ж ён не разумець яе становішча, - думаў Гораў. - Што гэта? Здзек або халодная подласць".
        Жанчына, здавалася, не заўважала інтанацый Леановіча.
        - Для асуджанага кожная гадзіна чакання - гэта лішнія маральныя пакуты, - проста сурова сказала яна, - вы ведаеце гэта...
        - Вы можаце загінуць пры пераправе.
        - Я не баюся гэтага.
        - Я за вас таксама не баюся, - абыякава сказаў Леановiч. - Але я адказны за жыццё салдат. У iх таксама жонкi.
        - Я магу паехаць з ёю, - раптоўна для самога сябе еказаў Гораў.
        - Вы адзін не здолееце, - са спакойнай усмешкай на прыгожых і жорсткіх вуснах сказаў Пора-Леановіч. - Не звяртайце ўвагі, пані. Гэты парыў сведчыць аб добрым сэрцы, але ў капітана Горава параненая рука... у бітве з інсургентамі... Дарэчы, у гэтай бітве ён выявіў сябе героем,
        То быў несумленны ўдар, але Гораў змоўчаў: ён не хацеў сказаць, што паранены пад Ракавам, а не тут, ён наогул не хацеў апраўдвацца.
        - Так, - сказаў ён, - але можна спытаць у салдат, хто захоча.
        - Салдацкая самадзейнасць? - Спакой тону Леановіча межаваў са здзеклівасцю. - Ну, не... А адказ - мой.
        - Мне здаюцца падазронымі вашы паводзіны, - сказаў Юрый.
        - Капітан Гораў, - не павышаючы голасу, сказаў Леановіч. - Я забараняю вам... Вы пакуль што падначалены.
        Гораў змоўк. Ён зразумеў, што капітана не зрушыць, што ён мацнейшы за каменны мур. I такі ж раўнадушны. Гораў нават адчуў на хвіліну, што сабою ён, Юрый, пагарджае, а Леановіча пачынае паважаць за такое няўхільнае выкананне абавязку. I ўсё ж гэта быў жорсткі абавязак, непрыемны абавязак.
        - Я паплыву, - сказала жанчына, - я добра плаваю.
        Зірнуўшы на яе рашучы, мэтаімклівы твар, Гораў зразумеў, што гэта не пустая пагроза.
        - Я не дазволю вам, - сказаў Леановіч. - Вы забылі, што я мужчына і воляй лёсу адказны за жыццё дамы, за ваша жыццё.
        - Вы мужчына? - горка сказала яна. - Сапраўдны мужчына сам паплыў бы са мною, калі не хоча рызыкаваць салдатамі і паромам. Вы проста баязлівец.
        - Я дзесяць разоў стаяў на бар’еры пад кулямі, - безуважна сказаў Леановіч. - Я тройчы паранены на вайне…
        Яна кінулася да яго, потым бяссільна апусцілася на ўслон, упала галавою ў далоні:
        - Майце літасць, пан капітан... Божа! Хоць галаву аб вас разбі!!!
        - Не раю, - сказаў Леановiч.
        Слухаць маўчанне, якое наступіла пасля гэтых слоў, было нясцерпна. Гораў выйшаў на ганак і доўгі час стаяў, затуліўшыся ад халоднага ветру, за рогам хаты. Потым, з цяжкасцю вырываючы ногі з раскіслага глею, пайшоў да брамы пад рэдкім, як слёзы, дажджом,
        Далёкія чырвоныя бліскавіцы ўсё яшчэ ўспыхвалі на вяршынях чорных вольх. Вецер не сціхаў. Рака ўтрапёна пялёскалася пад адхонам.
        Гораў абышоў пасты - паўсюль яго сустракалі воклічамі. Кардон не спаў.
        ...У гадзіну ночы, агледзеўшы ўсё, што трэба і не трэба, Гораў усё яшчэ гуляў пад дажджом, цяпер без мэты. Праходзячы, нарэшце, да ганка паўз асветленыя вокны хаты, ён убачыў у адным акне твар Леановіча, жахлівы, відавочна пастарэлы твар. Леановіч глядзеў у цемру.
        У акне бакоўкі Гораў заўважьгў постаць жанчыны. Тая кідалася, як зняволеная. Спынілася, ударыла кулачком па печцы.
        Гораў апусціў галаву. Яму не хацелася больш ісці ў хату.
        Зноў рака, зноў відовішча звар’яваных хваль. Зноў двор - чортава кроў, плашч пачынае прамакаць! - зноў месца за рогам і агеньчык запалкі ў руцэ.
        - Палова другой.
        Якраз у гэты час Грынкевічава выйшла на ганак. За ветрам Гораў невыразна пачуў:
        - Божа, божа, божа...
        За яе спіною з’явіўся сярод цемры аранжавы прамакутнік дзвярэй і ў ім сілуэт падабранай, налітай імпэтнай і спакойнай сілаю, постаці.
        - Зайдзіце ў пакой, - добразычліва-ледзяным голасам сказаў Леановіч, - я адказваю за вас.
        Яна падпарадкавалася, і Гораў, адчуваючы, што зараз можа адбыцца нешта жахлівае, пайшоў за імі ў пакой, зноў убачыў змучаны, без крывінкі твар.
        - Майце літасць...
        I раптоўна ўся сіла гэтай натуры, уся яе палкая страснасць выбухнула парывам гора.
        - Няўжо ў вас не было кахання... хоць маленькiх успамiнаў? Яшчэ тры гады таму ён быў толькi маiм жанiхом! Разумееце вы, цi ў вас лядзяш замест сэрца?! Быў май, i мы гулялi ў гарыпнi... Такi смех быў над паплавамi... А зараз ён заўчасна сiвы, змучаны. Яму нельга!..
        - Пані, усё гэта дарэмна, - ветліва сказаў Леановіч.
        I гэтыя словы вярнулі яе да прытомнасці.
        - А-а-х-х вы! Што вы варты? - з невымоўнай пагардай сказала яна. - Фрунт забіў вашу душу. Вы не разумееце нават, што ён не за сябе, што ён за народ, за вас, за гэтых бедных людзей. Ён не дзеля грошай, не дзеля ўлады. Ён… каб народ быў вольны. Гэта і ваш народ, пан капітан. Воля патрэбна ўсім двухногім. А нам, беларусам, рускім, палякам, - больш за ўсіх. Бо мы штодня без яе паміраем у пакутах.
        Твар Леановіча скрывіўся нейкай жудаснай грымасай:
        - Пані, я адпраўлю вас не на другі бераг, а з аказіяй у Магілёў, калі пачую яшчэ хоць слова ў гэтым стылі.
        Жанчына моўчкі пахітала галавой:
        - Якi ж вы нiзкi чалавек.
        Ляснулі за ёю дзверы бакоўкі.
        - М-гух, сука, - сказаў Пора-Леановiч.
        Гораў праглынуў камяк у горле і ціха сказаў:
        - Леановіч, гэта брыдка.
        Але на вуснах начальніка кардона зноў з’явілася прыязная і страшнаватая ўсмешка.
        - Капітан, - сказаў ён, - гэта, здаецца, вас прыставілі наглядаць за мною, а не мяне за вамі. Мне здаецца, яны зрабілі дрэнны выбар.
        Гораў аслупянеў. Ён ніколі не ведаў, ніколі нават не мог падумаць, што на яго можа ўпасці такое падазрэнне. Ён стаяў, моўчкі хапаючы ротам паветра. Бялявыя хвалістыя валасы прыліплі да спацелага лоба, глыбокія сінія вочы сталі жаласнымі.
        Быццам атрымаўшы ўдар пад грудзі, ён з хвіліну моўчкі хапаў ротам паветра, а потым кінуўся прэч з пакоя.
        Стоячы за рогам хаты, адчуваючы, як мокры ліст высокай вяргіні часам гладзіць яго па шчацэ, ён у думках пагражаў Леановічу самымі жахлівымі помстамі і ў той самы час ведаў, што нічога ён яму не зробіць, што гэты брэцёр з халоднымі вачыма робіць правільна, затрымліваючы жанчыну да раніцы, што на баку гэтага чалавека - права, права вайны, якой яны абодва служаць.
        "Што ж, нічога не здарйцца дрэннага. Адна ноч. I раніцай яна сустрэне мужа. Ім дадуць спатканне, - думаў ён. - За што ж я злуюся на Леановіча, які шчыра выконвае загад?.. За тое, што ён свіння. Чаму?.. Ага, проста нельга адбіраць у гэтай жанчыны тых некалькі лішніх гадзін, што яна будзе з мужам перад тым, як... навекі, назаўсёды, хоць ён і будзе жывы".
        Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку.
        "Але чаму "навекі"? Чаму "назаўсёды"? - думаў Юрый. - Ён пасядзіць год пяць, а потым, вядома, будзе амністыя... Цар міласэрны... Дрэнны чалавек не адпусціў бы на волю прыгонных... I ўсё ж, гэта жахліва... Нават пяць год. У жанчын такая мімалётная прыгажосць! Што будзе з яе вачыма, з гэтай гордай шыяй, з гэтымі валасамі праз пяць год? Шкада жанчын, шкада іх дзіцячай безабароннасці... Толькі яе... А Леановіч робіць так, як трэба. Ён добры салдат, Леановіч, а я дрэнны... дрэнны".
        I ўсё ж Гораў адчуваў, што ён ніколі не даруе сабе гэтай ночы, гэтых разважанняў за рогам хаты. Ён са злосцю адкінуў рукою мокрае сцябло вяргіні і ступіў у пляму святла, што падала з акна хаты на гразь.
        Было дваццаць хвілін на трэцюю.
        Ля плота, непадалёк, стаяў Іван, трымаючы нешта за пазухай.
        Гораў глыбока ўздыхнуў - нясцерпна было вось так, аднаму, стаяць у цемры - і падышоў да яго. Салдат трымаў за пазухай адну руку. На яго цёмным твары блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі.
        - Што гэта ў цябе?
        - А галчаняткі... бедныя. Познія, - сіпатым голасам сказаў Іван. - Гняздо раскатала. Жорсткая штука ўраган, барын. Дзе хавацца? На якой зямлі?
        Настала паўза. Іван глядзеў за пазуху.
        - Ты адкуль, Iван? - цiха спытаў Гораў.
        - Маскоўскі.
        - Землякі, - з нечаканай для сябе пяшчотай сказаў Юрый.
        Зноў запанавала маўчаннё. Толькі шапацеў па дзядоўніку дождж.
        - О-ох, - сказаў сіпаты голас Івана. - Зараз на Пятніцкай катрынка грае, служанкі ля пад’ездаў семкі лузгаюць... Іван Вялікі непадалёк гарыць, аж вачам балюча.
        Абодва не думалі, што ў Маскве зараз таксама ноч. Вачам афіцэра і салдата яна здавалася сонечнай, ззяючай і асветленай цеплынёю вечнага жнівеньскага дня.
        - Людзі з царквы ідуць, - казаў Іван. - "Вуглей гарачых!" здалёк даносіцца.
        - На развале кнігамі гандлююць, - летуценна сказаў Гораў.
        - Угм, - няўпэўнена і адразу неяк адчужана сказаў Іван.
        I Гораў таксама адчуў гэта. Ён стаяў, пакутліва думаючы, што яму штосьці трэба ад гэтага салдата, што яму трэба штосьці вырашыць.
        - Галчаняткi вы... дурныя. Бач, вачыма лыпаюць.
        I раптам Гораў, амаль нечакана для сябе, сказаў:
        - Iван, як пераправiцца цераз раку?
        Іван спадылба глянуў на афіцэра, павагаўся, а потым цалкам натуральна адказаў:
        - Яно можна.
        - Ты не думай, - заспяшаўся Гораў. - Я загадваю, я сам з табою і паеду...
        - Вядома, загад, барын, іначай нельга, - сурова сказаў Іван. - Можна б і ў начальніка кардона спытаць, але ён, відаць, заснуў.
        I прыбавіў:
        - Мы човен схавалі.
        - Човен? Як асмеліліся? А загад?
        - А адкуль у нас рыба ў юшцы? - амаль груба спытаў салдат. - Што ж нам, на кашы сядзець? Калі самі сабе не дапаможам...
        - Добра, добра, - сказаў Гораў і пасуровеў. - Што ж, Іван, са мной паедзеш?
        - Цяжка ўтраіх, - уздыхнуў Іван, - але паспрабаваць трэба.
        - Едзем.
        - Ну-к, што ж, - Іван памаўчаў, потым падаў голас ў цемру. - Сідар, га Сідар, галчанятак вазьмі...
        Гораў ужо цёпаў прэч ад яго па глыбокай гразі. Спыніўся пад акном бакоўкі, пашкроб у яго пальцам. I амаль адразу ўбачыў за каламутнымі шкельцамі яе твар з пашыранымі вачыма. Гораў прыклаў палец да губ, і яна здагадалася, бязгучна расчыніла акенца,
        - Збірайцеся, - шэптам сказаў ён, - і дзьмухніце на свячу: хай думаюць, што вы спіцё.
        Бакоўка адразу агарнулася цемрай. Белы цень твару наблізіўся да вачэй Горава.
        - Дапамажыце мне.
        У цемры дзве цёплыя рукі абвілі шыю Горава. Падтрымліваючы яе за стан, ён павольна пацягнуў яе на сябе - акенца было вельмі вузкім. Перагнуўшыся назад, ён адчуў, як на яго ключыцы ляглі цвёрдыя жаночыя грудзі. У наступную хвіліну яна стаяла поруч з ім.
        - Дайце мне руку, - шэптам сказаў ён, - хадзем.
        Маленькія цёплыя пальцы праціснуліся ў яго далонь. Гораў, спяшаючыся, павёў яе да берага, спачатку амаль на дыбачках, потым бягом...
        - Іван, дзе ты? - шапнуў ён, нахіліўшыся з адхону.
        - Тут, - прагучаў у адказ сiпаты голас.
        Салдат стаяў на невялічкай убітай сцежцы.
        - Хутчэй, - сказаў ён, і яны ўсе пабеглі берагам да высокіх зарасцяў лазы.
        ...Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Іван узяў жанчыну з рук Горава і, занадта гучна шабоўтаючы нагамі па вадзе, панёс яе некуды ў нетры прыдоннай лазы.
        - Ёсць, - сказаў ён, вярнуўшыся, - дайце руку.
        I пацягнуў Горава кудысьцi ў цемру.
        Выцяўшыся каленам аб борт чаўна, Гораў пераваліўся ў хісткую пасудзіну.
        - Чакайце, - буркнуў Іван, - толькі сцябла схаваю.
        - Якое сцябла?
        - Ну, тутэйшае слова, латок, на які нерат укладваюць... Хлопцы, як згубім, не пахваляць.
        Ён яшчэ з хвіліну шапацеў у лазе, як вялізны бабёр, потым сунуў у руку Горава вясло.
        - А другое?
        - Гэта вам не катанне на Яўзе... Тут адным абыходзяцца. Вяслуйце ля самага борта, а потым злёгку падайце канец убок і ўгору.
        - Дайце я, - сказала жанчына, - ён не ўмее.
        - Сілы пашкадуй, дзіцятка, - грубым голасам сказаў Іван. - Да конскіх могілак дзве вярсты... у цемры.
        Конскімі могілкамі называлася месца, ля якога стаяла гаўптвахта.
        Іван моцным штуршком выкінуў човен з лазы. I адразу - спачатку слаба, потым мацней - пасудзіну пачало гайдаць, а потым кідаць па хвалях.
        - Чорт, - сказаў салдат, - наўкос бяры, не стаў бокам да хвалі.
        - Нічога не бачу.
        Бледная бязгучная маланка якраз у гэту хвiлну залiла няпэўным дрыготкiм святлом абшар Дняпра, пасiвелага ад ярасцi, iмклiвыя грабянцы валоў, далёкi чорны бераг. Вёслы Горава i Iвана ўдарылi па вадзе, ружовай ад святла блiскавiцы. I адразу гэтая вада стала чарнiльнай, а на людзей цяжка навалiўся змрок. Потым, быццам жадаючы дапамагчы, неба раз-пораз пачало раздзiрацца ўспышкамi святла. Гораў бачыў твар жанчыны, якая з прагай, з чаканнем, зусiм без усведамлення небяспекi, толькi з лiкуючым iмкненнем наперад, да волi, глядзела на другi бераг, якi амаль не наблiжаўся.
        Шкарлупінку кідала ў правалы паміж хваль, вецер адкідваў цёмны шаль на жанчыне, як вялізныя імпэтныя крылы.
        Кожныя пяць хвілін даводзілася выліваць ваду; усе прамоклі да пояса. Човен скакаў па хвалях, і пырскі пены ляцелі ў вочы людзей: за бортам раз’юшана пляваўся Дняпро.
        Гораву здавалася, што гэта цягнецца вечнасць, што цямноццю і страшным ударам у борт душагубкі ніколі не будзе канца. Човен, пэўна, адносіла.
        I ўсё ж наступіў момант, калі хвалі ўтаймаваліся, шкарлупінка плаўна загайдалася ў зацішку, за высокай касой процілеглага берага.
        - Ну, барын, - уздыхнуў Іван, - думаў, патопнем.
        - Мы не маглі патануць, - упэўнена сказала яна, - як жа нам патануць, калі мы неслі жыццё.
        Асклізваючыся на чырвонай гліне абрыву, яны ўзвялі жанчыну на роўнае месца.
        - Ідзіце, - сказаў Іван, - туды... Мы не можам праводзіць вас.
        Жанчына стаяла моўчкі, потым нечакана схілілася і прынікла губамі да рукі Івана.
        - Што вы, што вы, - спуджана мармытаў той, выдзіраючы шорсткую, як капыт, руку з яе пальцаў.
        - Дзякуй вам, дзякуй, - задыхаючыся казала яна, - дзякуй за добрыя рукі, за сэрца.
        - Ат, - Іван махнуў рукою і занадта паспешліва пачаў спускацца з абрыву,
        - Ідзіце, - сказаў Гораў жанчыне, - хутка пачне днець.
        I раптам адчуў у цемры, як жанчына прыцiснулася шчакой да яго грудзей, прыўзняла твар i дакранулася губамi да яго шчакi.
        - Дарагі, родны мой друг.
        - Ідзіце, ідзіце, - сказаў Гораў, адчуваючы, як вільгаць просіцца на вочы.
        - Я іду. Я іду, - паспешліва сказала яна.
        I цень жанчыны растаў у змроку...
        ...Гораў спусціўся ўніз і знайшоў пад адхонам Івана. Нашчыкаўшы са стажка сухога сена, той наклаў на яго ссохлых леташніх галін лазы, прыплаўленых у повень Дняпром, і паспеў раскласці ў лагчынцы невялічкае, але зыркае вогнішча.
        - Сушыцеся, - сказаў ён, - потым самі будзеце веславаць. Я пераплыву... Не трэба, каб нас бачылі разам, ваша высакароддзе.
        Яны моўчкі сушылі вопратку каля агню. А потым, калі размялі рукамі сухую, пакарабачаную тканіну, заўважылі, што над Дняпром пачынае шарэць.
        У гэтым жаўтавата-шэрым брудным святле вялікая рака сціхла, быццам застыдаўшыся таго, што нарабіла ў мінулую ноч. Усё яшчэ было ветрана, але нізавы вецер даў месца верхавому, і той, як добры дзядзька, сагнаў хвалю, разгладзіў сваім подыхам пахмурную паверхню ракі. Яшчэ падалі кроплі дажджу, але відаць было, што дзень хутка заўсміхаецца ўсімі сваімі прамытымі і цёплымі фарбамі. Ды і дождж крапаў такі рэдкі, што незразумела было: ці то падалі скупыя кроплі, ці небывала дружна хадзіла "жорам" верхаводка.
        Іван скруціў вопратку ў вузел і, трымаючы яе ва ўзнятай руцэ, сказаў:
        - Дык я паплыву, ваша высакароддзе... Прыйду потым на кардон паплавамі.
        I сказаў, быццам даравання прасіў, быццам не афіцэр падбіў яго на процізаконны ўчынак:
        - Вайна вайною, а баб шкада... Вельмi баб шкада.
        ...Калі Гораў, не зусім спрытна валодаючы вяслом, пераадолеў Дняпро і паплыў ля нізкага берага, дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне. Раскашавала мокрая лаза, цяжкія някошаныя травы на берагах дымелі, з улоння Дняпра плыла сытая пара, як ад вядра з сырадоем.
        "Божа, - падумаў Гораў, - нават рэкі цякуць малаком. I на гэткай благадатнай зямлі паміраць? I такою светлаю раніцай чакаць смерці? Ну не, няхай хоць на дзве гадзіны скароціць такое чаканне - і тое выдатна. I я не шкадую".
        За павароткаю ракі адкрыўся, зусім непадалёку, кардон. На паромным прычале стаяў, успёршыся на балясы, млявы Пора-Леановіч з сігаркаю ў зубах. Паплёўваў у ваду. Іранічным позіркам глядзеў на човен, які набліжаўся, выплываў з імглы.
        Гораў прывязаў човен у лазе, выбраўся з яе на сухі бераг і пайшоў паўз прычал. Леановіч глядзеў на зграбную постаць маладога чалавека нейкімі дзіўнымі, саркастычна-пагардлівымі вачыма. I гэтыя вочы прымусілі Горава зрабіць выгляд, што нічога не было, што яны толькі што развіталіся.
        - Баюся, што вы дарэмна пайшлі на парушэнне прысягі, капітан Гораў.
        Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча.
        - Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць цара свайму мужу. І той не афіцэр, хто не дапаможа жанчыне ў такіх абставінах.
        - Вы яшчэ хлопчык, капітан... I як лёгка яна вас акруціла.
        - У яе загад графа Мураўёва.
        - Святая нявіннасць... Стары хрэн проста не можа раўнадушна бачыць жаночае хараство.
        - У яе загад. I нельга гуляць жыццём памiлаванага.
        На вуснах Пора-Леановіча з’явілася ўсмешка.
        - Вы лічыце, што наш граф так лёгка вьшускае з пятлі людзей?
        - Н-не разумею вас.
        - Яму проста апрыкралі жаночыя просьбы. Яму да слёз хочацца, каб яго лічылі высакародным, каб хоць адна прыгожая жанчына лічыла вылюдкам не яго, а Фільку.
        - Што?
        - Ён замяняе страту пажыццёвай катаргай і пасылае жанчыну. А за дзве гадзіны да гэтага, з губернатарскай поштай пасылае фельд’егера, каб на месцы паспяшаліся.
        Гораў сцяў зубы.
        - Калі гэта праўда, дык ён падлюга.
        - Ён чалавек, - сказаў Леановiч, - чаго ад людзей чакаць?
        - Што далей? - сурова спытаў Гораў.
        - Жанчына, відаць, не шкадавала грошай; яна ехала, наступаючы яму на пяты. Як яна магла зрабіць такую дарогу за сорак восем гадзін - не ведаю. Гэта трэба быць жалезным чалавекам... I ўсё ж фельд’егер вырваўся з апошняй станцыі, узяўшы апошняга каня. Ён апярэдзіў яе не больш чым на дзве гадзіны...
        Твар Горава быў белы як палатно.
        - Не лічыце графа дурным, - раўнадушна сказаў Леановіч...
        Ён памаўчаў хвіліну. Гораў не мог болей вытрымаць.
        - Дзе той фельд’егер?
        - Вы самі яго перавезлі праз Дняпро надвячоркам... Гэты улан прывёз мне загад: што б там ні было затрымаць гэтую жанчыну да трох гадзін раніцы. Хопіць, каб прыняў апошнюю літасць ад папа, памаліўся апошнюю ноч і дастатковы час пагайдаўся на шворцы.
        - А ў яе вечныя пакуты сумлення, што спазнілася на паўгадзіны?
        - Магчыма, - сказаў Леановіч.
        - Ну што ж, - сказаў Гораў, - я парушыў ваш план, - яна ўсё ж паспее. I гэта дрэнна, тое, што вы зрабілі, гэта вельмі несумленна.
        - Не мне ж іх шкадаваць. Як кажуць, воўк воўку - чалавек. А вы парушылі абавязак і гонар афіцэра.
        - Гонар у афіцэра не ў тым, каб быць катам, - ускіпеў Гораў. - А жанчына паспее, яна не можа не паспець.
        Леановіч не слухаў яго.
        - Для самазаспакаення думайце, што гэты інсургент быў крыклівы кар’ерыст, а яго жонка - распусніца.
        - Гэта ганебна, то, што вы кажаце.
        - Ідзіце па трупах, дарагі Гораў, ідзіце па трупах... А пакуль што...
        Ён пазяхнуў.
        - ...пакуль што ідзіце лепей выспіцеся... Бадай што, і я пайду.
        Голас і ўся яго манера былі поўныя такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў. Неўсвядомлена, нейкімі глыбінямі душы ён разумеў, што гэты чалавек падобны на сціснутую спячую спружыну, якую лёгка выпусціць з палону, і тады яна б’е - да смерці. Няварта было рызыкаваць, раз апошняе дзеянне ўсё ж засталося за ім, Горавым. Юрый як мага спакойней паглядзеў у яго лянівыя вочы, поўныя жахлівай пагарды да ўсяго і пустаты, на рэзкі шнар паўз брыво.
        - Бадай што, ваша праўда, - сказаў ён, - я добра папрацаваў сёння ў тыя дзве гадзіны, што вы спалі. Трэба адпачыць.
        I ён пайшоў угору, да хаткі паромшчыка, вельмі праменькі і ладны. Пора-Леановіч глядзеў яму ў плечы цяжкім, як ртуць, позіркам.
        - Хлапчыска, - сказаў ён,
        ...Гораў спаў да дзесяці гадзін. Калі ён, умыты, ружовы ад сну і заспакоены, выйшаў з хаты на бераг, ён убачыў Леановіча ў той самай паставе, успёртага на парэнчы паромнага прычала. Сігарка дымела ў яго тонкіх спакойных губах, быццам не гадзіны прайшлі з іх ранішняй размовы, а толькі некалькі секунд. Юрый стаў ля парэнчаў у некалькіх кроках ад яго.
        - Выспаліся? - спытаў Гораў.
        - Анягож, - роўным тонам, быццам нічога паміж імі не адбылося, адказаў Леановіч.
        - Ну вось і добра, - сказаў Гораў, - зараз снедаць будзем. Сымон ужо і гарэлку на стол паставіў... Чаму не пагаманіць пра месца чалавека на зямлі?
        Леановіч пакасіўся на яго:
        - Сумленне спакойнае, чаму і не пагаманіць.
        Яны моўчкі стаялі амаль поруч. Леановіч паплёўваў ваду, Гораў абдзіраў луб з ліпавага прутка.
        На процілеглым беразе, над адхонам, з’явілася параконная запрэжка ў лёгенькай брычцы. Фурман, асцярожна трымаючы коней за аброць, зводзіў яе да пераправы. Колы брычкі небяспечна падскоквалі па размытых байраках каляін. На заднім сядзенні сядзеў нехта ў вайсковай форме.
        - Трэба будзе даслаць салдат, каб падправілі спуск, - абыякава сказаў Леановіч. - I каго гэта яшчэ нясе?..
        Зрок у Горава быў не горшы, чым у сапсана.
        - Учарашні улан едзе, - сказаў ён і не ўтрымаўся: - Мазалі, відаць, набіў на паўшар’ях, як пірагі.
        - Гэ-эй, - пралунаў над ракою зычны голас.
        Афіцэры стаялі моўчкі. Перад імі плыла імкліва-спакойная, скаламучаная плынь. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над безжыццёвай ракой.
        - Гэ-эй, - крычалі з таго боку два галасы, - паро-ом, па-ром, паром!
        Леановiч лянiва павярнуўся да Iвана. Iван стаяў над адхонам, свежанькi, быццам усю ноч хроп у стайнi.
        - I чаго наддзіраюцца? - незадаволена сказаў ён. - Бяры, Іван, трох салдат і перавязі гэтых гарлапанаў сюды.
        - Хто з афіцэраў паедзе, ваша высакароддзе?
        - Ніхто, - сказаў Леановіч.
        ...Увесь час, пакуль паром пераплываў раку, афіцэры стаялі моўчкі. Няшчыра спакойнымі вачыма яны глядзелі, як адбітак зялёнага берага, разарваны рухам парома, ляніва калышацца ў вадзе, як дрыжачых коней узводзяць на паром, як замацоўваюць калодкамі колы, як паром павольна вырастае ў памерах, набліжаючыся да іх.
        I толькі калі улан падышоў і адказыраў, Леановіч спакойна кінуў недакурак сігаркі ў раку і адразу ж закурыў новую.
        Улан стаяў перад ім моцны, як Геркулес, кучаравы ("Ванька-ключнік", - падумалася Гораву), з румянымі вуснамі і нахабнымі светлымі вачыма,
        - Паспеў? - спытаў Леановіч.
        - Так точна.
        - Што новага?
        - Генерал Фікельмонт выказвае вам удзячнасць за дасканала выкананы загад.
        - Што? - яшчэ нічога не разумеючы, спытаў Гораў.
        Улан стаяў "струнка", але з той няўлоўнай вольнасцю, якая ўласціва фельд’егерам і дазваляе думаць аб лёгкай пагардзе да "пехтуры", хоць бы і афіцэраў.
        - Папа клікаць не давялося, - усміхнуўся улан, - але апошні ліст напісаў.
        - Дзе была страта? - спакойна спытаў Леановіч... - Стойце вольна.
        Улан трошкі адставіў нагу.
        - За абвахтай, - сказаў ён. - На конскіх могілках. А палове чацвёртай.
        У Горава як абарвалася нешта ўсярэдзіне. Белы, як снег, ён спытаў:
        - Жонку бачылі? .
        - Так точна. Спазнілася хвілін на дзесяць. Я гэта бачыў, Яна амаль да абвахты падышла, а тут на задворках як каленкор ірванулі... То яна бегла, а тут пайшла, як сонная... А гэты, вядома, яшчэ цёплы быў.
        - Плакала? - спытаў Гораў.
        - Не, зусім не плакала. Толькі і сказала: "Божа, пакарай іх..." Не шкадавала. Я б такую бабу, што мужа не шкадуе, - кожны дзень лейцамі б па тым месцы, адкуль ногі растуць.
        - У цябе тваёй думкі не пытаюць, - суха сказаў Леановіч.
        - Дазвольце ісці?
        - Ідзі.
        Фельд’егер скочыў у брычку. Коні пацягнулі яе на адхон, склізгаючыся капытамі і ссоўваючы ўніз чырвоны, як кроў, глей...
        Потым заляскаталі паўз хату, па паплаўцу за ёю, па беразе старыка.
        А потым вазок знік.
        Леановіч нахіліўся над вадой і спакойна сплюнуў у раку недакурак сігаркі.
        Тонкі нясцерпны звон напоўніў вушы Горава. Ён мацнеў, мацнеў. Адчуваючы, што прытомнасць знікае кудысь, Гораў варухнуў непаслухмянымі вуснамі. Голас, на яго здзіўленне, быў моцны і звонкі,
        I тады, ступіўшы крок наперад, Гораў выразна адчаканіў:
        - Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік.
        Леановіч рэзка павярнуў галаву, адарваўся ад парэнчаў. Яго халодныя вочы з цікавасцю разглядалі Горава.
        - Гораў, вы забыліся на туз, - холадна сказаў ён.
        - Вы падлюга і нягоднік, - сказаў Гораў.
        - На тры крокі... - іранічна сказаў Леановіч. - Каб разбэшчаная знатнасць не абражала нявіннасці і чысціні.
        I раптам пасур’ёзнеў, на гладка выгаленых шчоках набраклі каменныя жаўлакі.
        - Што ж, гэтым рана ці позна павінна было скончыцца. Мы занадта перашкаджалі адзін аднаму... Зайдзіце ў хату, вазьміце стрэльбу і чакайце мяне на сцежцы ў Турск, ля вярбы. Я вас даганю... Раю ўлічыць: мы ідзём на сяброўскае паляванне. На качак.
        I спакойна павярнуўся да Горава спіной. Нават не паглядзеў на яго, калі той накіраваўся да хаты...
        ...Яны ішлі поруч, як сябры. Ніхто, нават вартавы ля пераправы цераз старык, не мог бы падумаць, што гэта не ўчарашнія прыяцелі, а ворагі. Леановіч дружалюбна падтрымаў Горава, калі яны ішлі кладкай.
        Хата паромшчыка знікла за густымі вербамі, пад якімі ляжаў старык. Хлюпаючы балотнымі ботамі, яны ішлі далей і далей у лугі. А над імі вісела шэрае нізкае неба.
        - Пойдзем да Камарына. Там зручней.
        Камарынам зваўся другі старык, другое старое рэчышча Дняпра - доўгае і вузкае возера ў лутах. Яго здалёк адзначалі цёмна-зялёныя шапкі дубоў. Гораву было ўсё адно, куды ісці, ён ведаў, што гэта яго апошняя дарога, і таму ён згодна кіўнуў галавой.
        Пора-Леановіч са спакойнай усмешкай сказаў:
        - Біцца будзем без секундантаў. На гонар. У ваенны час за такую справу, якой мы намераны заняцца, пагражае цытадэла. Таму - той, каму пашанцуе забіць другога, не павінен шматслоўна гаварыць пра дуэль, або, як казалі продкі, двабой. Забітага - на інсургентаў.
        Гораў прагна дыхаў вільготным паветрам, тым паветрам, якое ў дні жніўня выразна прадчувае раскошную цёплую восень.
        Крычалі кнігаўкі, малілі аб вадзе, хоць яе досыць было на залітых лугах. I іхні енк аддаваўся недзе глыбока пад сэрцам.
        - Пі-іць, пі-ць, - крычала адна, але Гораву здавалася, што гэта яна ў смяротнай скрусе плача "жы-ыць, жы-ыць".
        Няўжо можна проста хадзiць па лугах, не думаючы, што чакае смерць? Вось качка ўзнялася з сiтнягоў, паказала рабое брушка. Напэўна, сэрца яе ўпала ад жаху, калi яна ўбачыла за спiнамi людзей трубкi, што вывяргаюць полымя i смерць. Адкуль ёй было ведаць, што людзi занятыя больш важнай справай.
        - У вас правая не ў парадку. Не пужайцеся, я таксама буду левай.
        - Я не пужаюся, - адказаў Гораў і, хоць зусім не думаў пра гэта, сказаў з паважнасцю, - я хачу толькі хутчэй стрэліць у вас. Вы мне абрыдлі.
        Недзе далёка скупы прамень сонца прабіўся праз хмары і зрабіў на мокрай траве ізумрудную пляму. Каржакаватыя дубы над Камарынам патыхалі блажэннай вільгаццю. Бліснула стужка затокі.
        Здзічэлы конь - іх многа было ў тое лета - старожка ўзняў галаву ад вады (з цёплых шэрых губ падалі кроплі) і кінуўся прэч. Коні баяліся людзей. Ад людзей пахла не хлебам, а крывёю, як ад ваўкоў.
        - Досыць, - сказаў Пора-Леановіч, - далей не пойдзем. У выпадку чаго будзем казаць, што забілі з хмызоў пад дубамі.
        Хмызы былі крокаў за дзвесце. А вакол мокрыя лугі з высокай, перастаялай травой.
        Леановіч дастаў з ягдташа скрыначку з дуэльнымі пісталетамі.
        - Мае, - сказаў ён, - дагледжаныя, выбірайце першы-лепшы.
        I, кінуўшы на зямлю плашч, пачаў мераць ад яго крокі.
        - Дзесяць крокаў, спадзяюся, не многа? - са злоснай іроніяй спытаў ён.
        I хоць гэта была адлегласць смерцi, - бледны Гораў сурова хiтнуў галавой.
        - I ад бар’ера яшчэ пяць крокаў, на падыход, - сказаў Леановіч.
        Яны разышліся на крайні след.
        - Па першым крыку кнігаўкі, - крыкнуў Леановіч.
        У дваццаці кроках, зусім блізка, Гораў бачыў постаць ворага з пісталетам у апушчанай руцэ. Бачыў страшныя блакітныя вочы, прыгожы рот, сціснуты ў змрочнай і жорсткай усмешцы. I ён ведаў, што, як бы ні хацелася жыць, ён, Гораў, не стане на бар’еры бокам да ворага, не заслоніць грудзей пісталетам - хоць правілы дуэлі і дазваляюць гэта. Таму што было нешта большае за страх, які жыў у ім.
        - Па першым крыку кнiгаўкi, - паўтарыў Леановiч.
        Кнiгаўкi, спуджаныя крокамi, стаiлiся, але потым пачулi цiшыню i пачалi ўзлятаць.
        Каўкнула першая.
        - Пара, - сказаў Леановіч.
        Гораў пайшоў, уздымаючы пісталет. Як праз сон, ён бачыў усё бліжэй і бліжэй пустыя сінія вочы. Крок. Яшчэ адзін. Яшчэ.
        Мокрыя травы пакідалі на ботах бледна-зялёныя сцяблінкі і пялёсткі перастаялых кветак. I Гораў з жахлівай выразнасцю, як ніколі ў жыцці, бачыў гэта.
        I яшчэ бачыў, як са спакойнай усмешкай ішоў на яго вораг і ягоны пісталет быў ужо амаль на ўзроўні грудзей.
        I тады, ведаючы, што даволі ісці, што гэта апошняя хвіліна жыцця, і пакутуючы гэтым, і не шкадуючы ні аб чым, Гораў удыхнуў гаркаватае паветра і, не цэлячыся, націснуў курок.
        Лёгкі дымок празрыстым камячком вэлюма паплыў на ўзроўні яго вачэй. Праз гэты дымок здзіўленыя вочы Горава ўбачылі, як Пора-Леановіч таргануўся ўперад, быццам наткнуўся грудзьмі на нешта нябачнае, і стаў.
        Хіснуўся, неяк дзіўна заводзячы руку з пісталетам і гледзячы на Горава. А потым страшэнна моцным узмахам рукі адкінуў свой пісталет у балоціну.
        Нейкая страшная сіла хіліла да зямлі яго нечалавечае моцнае цела. Ён змагаўся, але яна паставіла яго на дрыжачыя калені і потым шпурнула на траву сваёй магутнай рукой.
        I Гораў кінуўся на дапамогу, забьгўшы ўсё; прыўзняў галаву, ірвануў мундзір, раздзёр сарочку на грудзях і пабачыў нізка, пад левым саском, маленькую круглую ранку.
        Гэта было зусім нястрашна, толькі адна-дзве кроплі крыві. Але Горава здзівіла не гэта. Яго здзівілі вочы Леановіча, у якіх зараз не было пустаты, а было смяротнае здзіўленне і яшчэ нешта.
        Леановіч варухнуў вуснамі.
        - Пісталет... пісталет у багну, - заспяшаўся ён.
        Здзіўленыя, неяк па-дзіцячаму светлыя вочы спыніліся на Гораве, які трэсся ад непапраўнасці зробленага.
        Пора-Леановіч заварушыў рукамі па грудзях і раптам, на апошнім дыханні, сказаў ясным і чыстым голасам:
        - Дзякуй вам... Дзякуй...
        I паймаўшы руку Горава, пацалаваў яе дрыжачымі вуснамі.
        Потым гэтыя вусны замёрлі, а позірк здзіўлена і безуважна спыніўся на шэрым небе, пад якім усё яшчэ лёталі і енчылі аб літасці кнігаўкі.
        - Усё, што я вам расказаў, - праўда, - сказаў Гораў.
        Гэта было праз два днi пасля двабою. За кардонам, у лугах, непадалёк ад той вярбы, ля якой яны стрэлiся ў дзень дуэлi, стаяла на Збароўскай дарозе знаёмая параконная брычка. Жанчына ў чорным сядзела на заднiм сядзеннi, прыклаўшы да рота чорную карункавую хустачку. Гораў стаяў адной нагою на прыступцы брычкi. У абаiх былi празрыстыя ад бледнасцi твары.
        - Вам не варта насіць жалобу, - сказаў Гораў, - вы ж ведаеце, што Мураўёў забараніў нашэнне жалобных убораў, ён і тут бачыць жалобу не па забітых, а па радзіме. Вас могуць з гэтай прычыны абразіць на дарозе...
        Ён убачыў вялізныя змучаныя вочы. Амаль на паўтвару.
        - Мне ўсё адно, - сказала жанчына.
        - I ўсё ж накіньце паўзверх плашч другога колеру. Пасты на дарогах падвоены з прычыны забойства афіцэра.
        - Вы расказалі мне жахлівую рэч, - сказала жанчына, - я і сама здагадвалася, што з гэтым мураўёўскім загадам не ўсё добра. Цяпер я пераканалася ў гэтым. Але чаму зараз менавіта вы начальнік кардона?
        - Я ж казаў: пасты на дарогах падвоены з прычыны забойства капітана Пора-Леановіча.
        - Хто яго забіў? - уважліва гледзячы на Горава, спытала жанчына. - Няўжо інсургенты зноў з’явіліся?
        - Яго забіў я, - цвёрда і сумна сказаў Гораў, - не трэба непакоіцца. Мы страляліся на сумленнай дуэлі.
        - Не варта было. Ён толькі выконваў загад.
        - Варта было, - сказаў Гораў, - варта для яго самога.
        Жанчына моўчкі глядзела на мокрыя лугі, дрэмлючыя пад плямамі скупога сонца. Потым нахілілася, выцягнула з дарожнага кофра цёмна-сіні плашч і накінула яго паўзверх жалобнага адзення.
        - Бадай што, ваша праўда, - сказала яна. - Я была зусім разбітая, але вы сваёй мужнасцю далі мужнасць і мне. Я ведаю, што мне рабіць.
        - Куды вы зараз?
        - У Вільню. Да Мураўёва, Я даб’юся ў яго аўдыенцыі і не пабаюся сказаць яму, што я думаю аб яго паводзінах.
        - Гэта вельмі небяспечна. А вы яшчэ такая маладая, і для вас не цяпер, не зараз, але магчыма шчасце.
        Нясцерпны жаль і немае замілаванне ахапілі душу Горава, калі яна ўзяла яго руку ў свае.
        - Я ведаю, ёсць многа добрых людзей, - сказала яна, - людзей з усеабдымным, з чалавечым сэрцам. Такіх, як вы. Але што я магу зрабіць, калі мне ўсё жыццё будуць трызніцца тыя дзесяць хвілін, на якія я спазнілася. Калі для сэрца чалавечага няма і не будзе забыцця... Дарагі мой чалавек. Я ведаю - у мяне ўсё канфіскуюць. Мяне, хутчэй за ўсё, чакае Сібір.
        Яна схіліла галаву, а потым, праз імгненне, ускінула на Горава цёмныя вочы.
        - Але мне лягчэй. Людзі заўсёды людзі. Людзі паўсюль людзі... Дай вам бог шчасця за добрае сэрца. Шчасця з невядомай мне рускай жанчынай, такой самай добрай, як вы.
        - Не трэба, пані, - сказаў Гораў.
        - Маўчыце, - сказала яна амаль сурова. - Чым я магу аддзякаваць за ўсё? Толькі словам. Дай вам бог шчасця. I вам, і дзецям, і ўсім нашчадкам вашым. Дай бог, каб мае ўнукі ніколі не варагавалі з вашымі.
        - Рушай, - сказала яна фурману пасля хвіліны цяжкага маўчання. - Бывайце, дарагі.
        - Бывайце.
        Брычка павольна пакацілася па дарозе. Гораў хацеў было ўжо саскочыць з прыступкі, але яна ўзяла доўгімі далонямі яго галаву і прыцягнула яе да сябе на грудзі. Пацалавала ў высокі лоб.
        Ён нахіліўся і прыпаў вуснамі да бязвольнага сугіба ля кісці яе рукі.
        - Ідзіце... Ідзіце, - шэптам сказала яна.
        Споўнены гаротным неўразуменнем, бунтуючы ўсім сэрцам супраць сляпой сілы, якая няўмольна разлучае людзей, Гораў скочыў з прыступкі. Брычка пакацілася хутчэй.
        Бясконцыя лугі ляжалі вакол.
        А ён стаяў і глядзеў, як брычка, зрабіўшыся цёмнай кропкай, знікала недзе пад чорнымі хмарамі, ад якіх цягнуліся да зямлі шэрыя і напаўпразрыстыя завесы дажджу,
        Так скончылася гэта гісторыя. Ураган размёў чалавечыя існаванні і не дазволіў сустрэцца зноў. Паўстанне грымела, усё далей адсоўваючыся на захад, а ў Прыдняпроўі настала ўжо "заспакаенне" і "ўціхаміранне".
        I тады да Горава пачалі прыглядацца. Смерць Пора-Леановіча некаторым здалася падазронай. Доказаў не было і не магло быць. I ўсё ж агульнае падазрэнне было такім, што Гораў хутка быў вымушаны падаць у адстаўку.
        Незадоўга да гэтай знамянальнай падзеі яго, памятаючы бой пад Ракавам, узнагародзілі медалём "За ўціхаміранне"... Медаль ён не насіў.
        I пайшло далейшае жыццё, такое, як ва ўсіх. Жаніцьба. Масква. Усё тое, аб чым ён марыў за дзень да падзей на пароме.
        Няскора ён зразумеў, што паром і жахлівая вераб’іная ноч былі водападзелам яго жыцця, што ўся плынь яго існавання і думак пацякла з той ночы ў зусім іншым напрамку. А калі зразумеў, - агарнула туга.
        Яна прыходзіла нячаста, чамусьці часцей за ўсё ў дажджлівыя асеннія ночы. I тады ў вачах паўставаў далёкі край бязлюддзя, крыжы на ростанях, павалены лес паабапал дарог і імклівая быстрыня Дняпра з лядаштым паромам ля адхону,
        Ён быў шчаслівы, але чамусьці ў непатольнай цемры начэй усё часцей успамінаў кнігавак над лугамі, шэрыя завесы дажджу і рукі з доўгімі пальцамі, рукі, што сціскалі яго скроні, рукі той, якая знікла, каб ніколі больш не сустрэцца з ім.
        У неасэнсаваным жаданні ажывіць гэтыя і без таго жывыя ўспаміны, вярнуць страшны, самы лепшы час свайго жыцця, ён імкнуўся да мінулага, настойліва ўваскрашаў яго, аж да ліслівага дакранання мокрага ліста вяргіні.
        Позняй восенню ўспаміны з прыемна-балючых ставалі нясцерпнымі. I тады, каб хоць трошкі перажыць неадольныя чары той зямлі, якая ляжыць недзе і кліча прызыўным клічам, што нельга згасіць у сэрцы, - Гораў браў паляўнічую стрэльбу і знікаў з Масквы. Усё адно куды. Толькі б далей, толькі б стаялі вакол голыя цёмныя лясы, толькі б у свісце ветру чуўся водгук той навальніцы, якая шматавала чорныя вольхі над паромам.
        Шаснаццатага лістапада тысяча восемсот шэсцьдзесят шостага года, падчас адной з такіх уцечак, ён, трохі паблукаўшы балотамі, ішоў начным лесам з палявання. Два забітыя цецерукі абцяжарвалі бок, ногі ў балотных ботах спружынілі на налітых вадою мхах.
        Нетры скончыліся раптоўна. За ўзлескам ляжалі купіны імшараў, за імі зноў цямнела лясная сцяна. Над галявінаю свяцілі высокія і яскравыя асеннія зоры. I, як заўсёды на самоце пад асеннімі зорамі, душу агарнула шкадаванне аб страчаным і пачуццё закінутасці і безабароннасці.
        І вось гэты паўночны Яраслаўскі край здаўся вельмі падобным на тую, таксама закінутую ў балотах краіну, дзе зараз, пэўна, дажывае на беразе струхлелы паром, дзе калісьці вусны далёкай і незваротнай дакрануліся на хвіліну да яго валасоў.
        Гораў стаяў, прыхіліўшыся спіною да замшэлай сасны. Павекі яго, што раптам зрабіліся цяжкімі, прыгашвалі халоднае мільгаценне зорак.
        Ноч плыла над балотамi.
        I раптам у гэтай начы, аднекуль з зеніту, пакаціліся тысячы хуткіх зеленаватых знічак.
        На няўлоўныя імгненні пакідаючы ў небе халодны зеленавата-фосфарны след, яны ляцелі ўніз і згасалі, гінулі ў цемры, а на змену ім з’яўляліся новыя, новыя, новыя.
        Гэта былі Леаніды.
        Адразу ўспомніліся горкія словы Леановіча, шалёны дождж над самотнай ракой, вялізныя, як азёры, чорныя вочы той, якая знікла і ніколі не вернецца.
        Чалавек стаяў пад зеленаватым зорным дажджом і думаў:
        "Яны былі ў трыццаць трэцім, яны лятуць зараз. Калі яны прылятуць у дзевяноста дзевятым, на парозе новага стагоддзя, - я яшчэ буду жыць. Калі яны прылятуць у тысяча дзевяцьсот трыццаць другім годзе, - мяне ўжо не будзе. I нават мае дзеці не ўбачаць Леанід шэсцьдзесят пятага года... А яны будуць ляцець і ляцець, сустракаючы ўсё новыя і новыя пакаленні. Што будзе тады, праз сто год, ці далося б нам зразумець радасць і боль тых людзей?".
        Ён стаяў, прыхіліўшыся да камля сасны, а проста над ім, з невядомай глыбіні, з чорнага начнога шатра ляцелі і згасалі халодныя зеленаватыя іскры, пакідаючы імгненны незваротны след.
        Гінулі над празрыстымі азёрамі Леаніды, гінулі тысячамі, знікаючы ў пахмурых асенніх лясах.
        I, гледзячы на іх праз замглёныя слязьмі веі, Гораў думаў:
        "Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з’явяцца нашы браты, ці з’явімся мы самі на зямлі яшчэ раз... Леаніды! Сэрца жадае вас. Хоць вачыма далёкіх нашчадкаў дайце глянуць яшчэ раз на зорны дождж".
        Тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры зоркі.
        Гінулі Леаніды.
        
        
        _______________
        1 Самалётамі зваліся паромы, якім дастаткова было даць першы штуршок. Далей іх рухала плынь. "А салдат перакінуць на востраў самалётамі" (Загад Пятра І пры штурме Шлісельбурга.)

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.