РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
В.К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю
 
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
ГРОЗНЫЯ ЦЕНІ НАЧНЫЯ
        З чаго мне, чорт пабірай, пачаць?
        З таго прадвесня, калі за акном было сутонне і мокры снег?
        А што вам да леташняга снегу й сутоння?
        Пачаць з таго, хто я такі?
        А што вам, урэшце, да мяне, звычайнага чалавека ў вялізным горадзе? І нашто вам мая самахарактарыстыка?
        Адразу браць быка за рогі і расказваць?
        А якое я маю права на вашу ўвагу? Тое права, што вы заплацілі грошы? Дык мала за якія паршывыя гісторыі людзі плацяць тыя грошы.
        Разбягаюцца думкі. Усё тое, што адбылося, – яно ж датычыцца мяне, а не вас. І патрэбна гэта, пакуль тое, не вам, а толькі мне. Хіба толькі мне? Так, пакуль я не раскажу ўсяго, – толькі мне.
        Я ведаю, з чаго пачну. Паколькі, да часу, гэта толькі мая гісторыя, я пачну з самаапраўдання. І толькі пасля перайду да таго, хто я такі і што здарылася ў той снежны і мокры сакавіцкі вечар.
        І – каб вы не сказалі “а што нам да ўсяго гэтага?” – я абяцаю, што раскажу вам самую дзівосную і неверагодную гісторыю майго жыцця. А – можа, таму, што гэта было са мной, – мне здаецца, што гэта нават самая неверагодная гісторыя, якая толькі адбылася на зямлі Беларускай за апошнюю чвэрць стагоддзя.
        Урэшце мяркуйце самі.
        Розныя дурныя чуткі ходзяць пра яе, пра маё злачынства, пра той закрыты працэс, на якім я нібыта быў ці то падсудным, ці то сведкам.
        Наконт падсуднага – глупства. Не хадзіў бы я на волі, каб быў падсудным. А паколькі справа была звязана з забойствам, з некалькімі забойствамі, то неяк надта ўжо хутка я, падсудны, уваскрэс на гэтай зямлі. Але цень праўды быў у ценю падазрэння, які часова лёг на мяне.
        Сведкам я таксама не быў. Быў я дзейнай асобай. Магчыма, занадта дзейнай. Часам больш чым трэба было. Рабіў дурасці – і рабіў разумныя рэчы. Блытаў і ішоў проста да мэты.
        Але без мяне “Альшанская таямніца” (нумар справы з часам знойдзеце ў архівах) не была б не толькі развязаная, але не дайшла б і да сярэдзіны развязкі.
        Ёю проста ніхто не зацікавіўся б.
        Цень чуткі, цень плёткі таксама абражае чалавека. І вось цяпер, праз некалькі год, я магу, урэшце, давесці сваё апавяданне да канца, аддаць вам, крыху выстраіўшы і ўпарадкаваўшы, свае даведзеныя (збольшага) да ладу нататкі. Ніхто не супраць, а менш за ўсё я сам. Разблытаны апошні вузел, усё высветлена да яснасці.
        Што датычыцца маёй тагачаснай (гэта гісторыя дужа змяніла мяне) натуры, я нічога не правіў. Хай “Ён” будзе такі, які быў. Гэта ж “Ён” тады перажываў, думаў і дзейнічаў…
        Як мяняецца чалавек! Усё новае, і новае, і новае наплывае на душу, новыя думкі, погляд, страсці, туга і радасць – і сам здзіўляешся сабе, колішняму. І шкада сябе колішняга. І немагчыма – дый не хочацца – вярнуць былое.
        Я аддаю вам яго, я аддаю вам сябе на суд строгі і бесстаронні.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.