РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Муштук і папка
 
Маленькая сага
Дзве пахаронкі
Званок
Такая рамачка
Над палавінай здымка
Мая Адэса
Брат № 17643
Чаму ты пакінуў?..
Вакол падтэксту
Працяг
Права болю
Сваё
ДЗВЕ ПАХАРОНКІ
        
ДЗВЕ ПАХАРОНКІ

        
        У жніўні сорак дзевятага, калі я, праз дваццаць сем гадоў пасля таго, як мяне вывезлі з Адэсы, наведаў горад майго пачатку, з ім нас, мяне і жонку з нашай малою дачкой, знаёміла ўдава майго найстарэйшага брата.
        Таго амаль легендарнага Валодзі, які павінен быў забраць мяне з заходнебеларускай вёскі ў савецкі горад, як толькі я падрасту, а брат, закончыўшы свой сельгасінстытут, усталюецца ў пэўную самастойнасць. З гэтым не атрымалася... А ў трыццаць восьмым Валодзю закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам у саўгасе.
        Братавая Надзя да сваіх сарака чатырох пастарэла ў злыбедах жонкі «ворага народа», працавала кандуктарам трамвая, жыла ў пакойчыку старога дома з падлеткам сынам. На гэты дзень яна ўзяла адгул. Калі мы селі ў трамвай і я хацеў узяць білеты, Надзея Іванаўна шапнула:
        – Не надо, Ваничка. Кондуктор – моя знакомая, проедем и так.
        Усмешка яе бядняцкай задаволенасці, што можа вось і так яшчэ пачаставаць дарагіх гасцей, запомнілася мне ледзь не поруч з яе расказам пра першае і адзінае спатканне з арыштаваным мужам.
        Познім зімовым вечарам, нарэшце падпільнаваўшы, дачакаўшыся таго, ад каго гэта залежала, яна ўпала перад ім на калені, у снег, і ён – надзіва – дазволіў спатканне. Валодзя быў скатаваны, у пашматаным, выбруджаным адзенні, і ён здолеў неяк шапнуць ёй:
        – Я ничего не подписал.
        У вёсцы маці расказвала мне, хлапчуку, што ён быў гарачы і горды... Згадаю дзве паперыны.
        Рабочы хлопец, шафёр аўтобуса, наведаў мяне ў бальніцы. Усім, хто прыходзіў, я быў, вядома, рады, аднак з асаблівай удзячнасцю, з прыемным здзіўленнем сустрэў гэтага госця. Мы зрэдку перазвоньваліся, сустракаліся яшчэ радзей, але ж вось ён дачуўся, сабраўся і перадачку прынёс. Я памятаю яго яшчэ няўрымслівым падшпаркам, у апошнім ваенным годзе; сустракаўся з яго старэйшым братам, прыгожым, выхаваным юнаком, перад самым яго адыходам у армію; ведаў іхнюю маці, прыбіральшчыцу, ціхую, цягавітую кабеціну з дабрадушнай усмешкай. І ў беднасці, і ў ваенным ліхалецці яна здолела падняць сваіх гарушчых мальцаў людскімі ды не распуснымі, як і хацеў бы іх бацька, які прапаў недзе ў лагеры. Калі мы з маім нечаканым госцем, я лежачы, ён седзячы, гутарылі паціху, між іншым успамінаючы яго маму і брата, ён дастаў партманэ, пашукаў у ім і падаў мне паперыну.
        Так я і ўбачыў першую «пахаронку».
        У маім Загоры з франтоў не вярнулася трыццаць чалавек. У старэйшай сястры загінуў адзіны сын. Аднак такой паперкі мне ўбачыць не прыйшлося. Ніхто не паказаў, а сам жа не будзеш прасіць. Нават у сястры не змог.
        А тут я трымаў яе ў руках і праз тры дзесяткі гадоў бачыў і таго, хто не вярнуўся, і тую, што плакала да апошняга дня. Мне стала сцішна, уявіўшы, як ён, гэты шматок казённай паперы, быў прачытаны найбліжэйшымі першы раз...
        Значна раней за тую ціхую гутарку ў бальніцы я таксама ўпершыню, і толькі яе адзіную, убачыў іншую «пахаронку» – даведку пра пасмяротную рэабілітацыю. Калі дакладней, дык копію з яе, прысланую мне братавай.
        На танна-жаўтлявым лістку не вельмі спраўна было надрукавана, што ваенны трыбунал кіеўскай ваеннай акругі 8 студзеня 1957 года пераглядзеў справу па абвінавачанні майго брата і вырашыў, што «постановление Тройки (так яно там – з вялікай літары!) при Киевском Облуправлении НКВД УССР от 28-го сентября 1938 года в отношении Бриля Владимира Антоновича отменено (тут і далей падкрэслена машыністкай) и дело о нем производством прекращено за отсутствием состава преступления». Гэта ўжо не падкрэслена.
        «Ён быў, сынок мой, гарачы і горды...»
        А ўжо не з матчыных слоў, а з братавага пісьма памятаю такое.
        Вясной трыццатага года па нашых мясцінах прайшоў вялікі градабой, і мы пра гэтую бяду напісалі братам за мяжу. Бо іх жа там было ў нас два. Уладзімір і Ігнат. Выразна помніцца, як адказаў нам Валодзя,– тыя словы з яго пісьма, што тады не здаваліся мне, дый старэйшым у нашай сям'і, небяспечнай неасцярожнасцю:
        «Вы пишете, что у вас побил град. А кто у нас побил – черт его знает».
        І гэта, відаць, пра «год вялікага пералому», а то ўжо і пра набліжэнне смяротнага голаду на хлебароднай Украіне?..
        Нядаўна я прачытаў у газеце такое выказванне:
        «Усе асобы, якія абвінавачваліся ў шпіянажы, асуджаліся толькі ваенным трыбуналам. У адпаведнасці з законам перагляд гэтых спраў, а іх была пераважвая большасць, аказаўся ў кампетэнцыі галоўнай ваеннай пракуратуры».
        Асуджанага «тройкай» рэабілітаваў ваенны трыбунал. Значыцца, і тут хвароба часу – шпіёнаманія. Не абмінула гэта, як віна, і Валодзю.
        А Надзя казала, што яго судзілі – так гаварылася ў саўгасе, пакуль яе з малымі адтуль не выгналі,– як «разоблаченного сына польского помещика»...
        Ад кіеўскіх сяброў я даведаўся, хто ўвосені трыццаць восьмага ўзначальваў тую «тройку», што з вялікай літары. Таварыш сакратар абкома за дваццаць наступных гадоў вырас на кіраўніка адной з рэспублік. «За Богам малітва, за царом служба не прападаюць». Калі ён прыехаў на святкаванне саракагоддзя БССР на чале сваёй дэлегацыі, я горка пажартаваў пры сябрах, што вось вазьму тую «пахаронку», падыду ў перапынку да высокага госця і спытаюся: ці памятаеце вы, паважаны, такую вось справу? І назаву, і пакажу, і дадам. Хоць і ведаю, што дарма гэта,– адкуль жа яму памятаць? Што – ён, мой брат, адзін прайшоў праз такі суд?.. Дый наогул – як гэта несалідна, калі не горш: далі вам, Брыль, запрашальны білет на такое высокае святкаванне, а вы?.. Да госця такога – ды з чым? Трэба ж думаць!.. Хоць яно,– вы, чаго добрага, скажаце,– і праз тры гады пасля Дваццатага з'езда...
        Гістарычны Дваццаты яшчэ свяжэйшы быў у памяці ў той дзень, калі ў мяне гасцявалі таварышы па працы і я паказаў ім нядаўна атрыманы дакумент пра невінаватасць майго брата.
        Адзін з гасцей, былы ваенны журналіст, паэт пасрэдны, але з амбіцыяй («І Пушкіна пры жыцці не вельмі заўважалі!..»), прыпсаваў нам застолле выпадам супраць другога госця, які меў няшчасце трапіць у палон: «На фронце я такіх, як ты, страляў бы!..» Калі ж даведка, якую я паказваў, апынулася і ў яго руках, ён уважліва паглядзеў яе, з натарыяльным штампам уключна, а тады сказаў мне, гаспадару:
        – А што ж ты дагэтуль пра брата маўчаў?
        На ўвазе меліся, вядома, і анкеты. Бо ён у нас меў да іх службовае дачыненне. Цяпер, праз трыццаць гадоў пасля таго застолля, можна спытацца ў мяне: што, і такія ў цябе (або, па– маладому, у вас) гасцявалі?
        Што ж, людзі пазнаваліся на паваротах.
        Як і цяпер яшчэ ўсё пазнаюцца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.