РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Зьміцер Вішнёў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзяўчынка са свістком
 
Прадмова да кнігі В. Трэнас «Цуд канфіскаванага дзяцінства»
1
        У творчасці Віку Трэнас часта ставяць побач з Вальжынай Морт і Вольгай Гапеевай, хаця яны значна больш «раскручаныя». Тым не менш яна зусім не саступае сваім старэйшым «сёстрам-паэткам», а, наадварот, шмат у чым пераўзыходзіць іх. Найперш дасканаласцю і адшліфаванасцю класічнага вершавання, што абумоўлена добрай філалагічнай школай. Прычым гэтая відавочная абазнанасць не замінае ў эксперыментах са словам і вобразам, у дыялогу з патэнцыйным чытачом: «д’яблік - яблык», «Рым, а - дзвярыма», «нетры - трупах» і г. д.
        Віка Трэнас скарыстоўвае ў вершах лацінку і кірыліцу, але, акрамя таго, у кірыліцы яна піша на тарашкевіцы і наркамаўцы. Па прызнаннях самой паэткі, такі падыход да тэксту абумоўлены рознымі настроямі; падчас дэпрэсіі хочацца больш мяккіх знакаў, у хвіліны добрага настрою ў галаву лезуць лацінскія літары.
        На выступах Віка не надта цырымоніцца з публікай, пра што сведчаць ейныя паводзіны. Так, Ганна Кісліцына ў артыкуле «Фабрыка імя Наталлі Арсенневай» (12+1 Мн.: «Логвінаў», 2004) піша «Морт шакуе тэкстам, Трэнас - паводзінамі. А вы б змаглі чытаць вершы са свістком у роце?» З выгляду сціплая дзяўчынка на сцэне пераўвасабляецца, пачынае бегаць і чытаць вершы крыкам, часам ёй нехта з сяброў акампануе грукатам каструлі або лыжкі. У вершатворчасці паэткі выяўляецца і юнацкі максімалізм: «Прадаць дазволена разумным усё, // усё для дурняў - сьвятое». Але максімалізм, думаецца, пакрысе адыдзе ў нябыт на карысць творчай сталасці.
        «Цуд канфіскаванага дзяцінства» - гэта споведзь аб раннім каханні, аб першых пацалунках і сяброўскай здрадзе:
        
ад цябе таксама лекі не ўратуюць
бо з тваёй талеркі я жыцьцё каштую.
        
        Паэтка абрала сабе гучны псеўданім - Трэнас, што з грэцкай мовы перакладаецца як «лямант» або «плач па памерых». Мажліва, таму большасць ейных вершаў нагадваюць крык ці шэпты і стогны. Асацыятыўна і па гучанні «trenos» хочацца параўнаць з труной. Нездарма ж адна з асноўных тэмаў аўтаркі - тэма смерці: «маёй крывёй фарбуюць вусны, // яны завабліваюць смерць у крысо»; «Глядзі, з дрэваў сцякае блакітная кроў, // Кроплі збягаюцца ў велізарныя лужыны». Можна згадаць і Мялеція Сматрыцкага, творы якога належаць да трэнаў - жанру плачаў. А можа трэнас - гэта зусім не трэнас, а трэмар, што ў перакладзе з лацінскай азначае дрыжэнне?
        Леанід Галубовіч піша пра Віку Трэнас («Лім», № 47, 2003): «Аднак уся яна яшчэ расхлістаная, як дэмісезоннае паліто напрыканцы сакавіка, і ў думках, і ў словах, і ў падтэкстах, хоць сонца ўжо і ўе над ея галавою гняздо для паэтычнага німба... Ненавязліва зазначу, што падчас маладым паэткам неабходна зашпільвацца на ўсе гузікі, каб патрабавальныя прыхільнікі маглі займець і пэўнае ўражанне пра адмысловы і цнатлівы стан іх паэтычнай прыгажосці...» У нечым слушныя словы, але яўна не зусім пра Віку Трэнас, якая ўсё робіць дзеля таго, каб яе ўспрымалі як «маленькую скандалістку». Іншая справа, што гэта не заўсёды атрымліваецца. У адным паэтка дакладна пераканала ўсіх: што яе паэзія - боль сучаснага грамадства («Я - кропля болю што паўзе па лязе, // Я - белы звер, загнаны ў вусціш»), боль непрыхаваны, які зрэдку спыняецца і дае месца яркім рамантычным пачуццям...
        Калісьці Віка Трэнас шпацыравала ў акулярах і без папярэдняга зуба і тады нагадвала пірата-юнгу. Гэткай яна прыйшла ў паэзію, але з цягам часу ператварылася ў матылька, які яшчэ толькі ў пошуку свайго лета, дзяцінства, хочацца верыць - не згубленага.
        Ірына Шаўлякова ў часопісе «Дзеяслоў» (№ 11, 2004) заўважае: «Віка Трэнас, у чыёй вершасферы "неагатычная" (з закідамі ў некраготыку) змрочнасць дзівосным чынам лучыцца з лірычнаю пяшчотаю рамантычных тропаў». Разважаючы пра творчасць паэткі, падумалася пра імідж... У іміджы Вікі Трэнас перапляліся вобразы Ганны Карэнінай і набокаўскай Лаліты. Там не менш Віка застаецца Вікай са сваім наборам комплексаў, дзякуючы якім, зрэшты, у вершах больш каларыту і шарму.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.