РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юрка Голуб
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аўтабіяграфія «Вяртанне наперад»
1
         Пісаць дый яшчэ пра сябе, трэба прызнаць - занятак даволі рызыкоўны. Аднолькава не хацелася б упасці ў залішнюю сціпласць, так і займацца нясціплай самапахвальбой. Няхай думка пра аўтара складзецца ў прыхільнікаў паэзіі па яго радках.
         Дарэчы пра любоў да апошняй.
         Я зусім не ўпэўнены ў тым, што да паэзіі ў нас існуе гэткае павальнае магнэзнае пачуццё. Як кажуць, факты сведчаць пра іншае. Таму не даводзіцца цешыць сябе ільзіямі, што тваімі вершамі зацікавяцца літаральна ўсе. А таму, відаць, трэба арыентавацца на свайго чытача, давяраючы яму ўсяго сябе з усімі радасцямі і нягодамі, якіх, на шчасце, заўсёды хапае. І з якой ступенню шчырасці усё прагучыць, у такой жа ступені будзе пачуты гэты голас.
         Вось і атрымалася нешта накшталт уступу да "асноўнай" часткі, з яе непасрэдна канкрэтнай, закаранёнай у тым, што было з табой больш, чым за паўстагоддзя. І мне гэтае вяртанне ў былое бачыцца, як не дзіўна, і "вяртаннем наперад". Бо вядома ж, былое і будучыня - блізняты.
         Надарылася мне з’явіцца на гэты можа яшчэ і не зусім уладкаваны свет 20 кастрычніка 1947 года на хутары бліз Зэльвы на захадзе Беларусі. ІІ хаця у пашпарце і іншых даведачных паперах месцам нараджэння значыцца вёска Горна Зэльвенскага раёна, я ад таго зусім не пакутую. У гэтай вёсцы ў той дзень, калі хвораму дзеде па маці Васілю паведамілі пра з’яўленне чарговага ўнука, казалі, ён вельмі ўсцешыўся і ... памёр. Па зразумелых прычынах пра сваю бяду маці дазналася значна пазней. І значна пазней, калі мне ўжо тое - сёе стала бачылася ў жыцці, яна глыбока хаваючы скруху, здавалася б, без жаднага хвалявання прамовіла: "А як мяне мая мама ў сем нядзель пакінула..." Змрочны і нават злавесны сэнс яе сірочага існавання пасля смерці найроднага чалавека дайшоў да мяне зноў - такі ой як позна. Можа з тае прычыны, у крайнім выпадку я не прымоўню, каб маці калі - небудзь спявала ў святы і тым больш у будні.
         Не быў бясхмарным і лёс бацькі Уладзіміра Васілевіча. У канцы трыццатых гадоў ён адбываў абавязковую службу ў польскім войску ў 3 - м палку конных стралкоў, які быў раскватараваны ў Ваўкавыску. Калі ў верасні 1939 года Саветы перайшлі мяжу, ён кінуўшы зброю ў Нёман, добраахвотна здаўся ў палон і апынуўся ў сталінскім канцлагеры на возеры Селігер дзесьці ў вярхоўі Волгі. Цудам удалося вырвацца адтуль, адкуль многія і многія, у тым ліку і землякі, не вярнуліся. А як абыходзіліся з палоннымі іх "апекуны", сведчылі бацькавы ўспаміны. Калі ён нарэшце дастаўся да станцыі Зэльва і дадыбаў да ўласнага хутара, то родная маці са страху замкнула дзверы і толькі па голасу пазнала малодшага з чатырох сыноў. "Шынель на мне варушыўся, як жывы, ад плоймы вошай..."
         Родам я з сям’і, дзе маці Анісся Васілеўна нарадзіла трох сыноў, сярод якіх я быў сярэднім. Дык вось яна казала неяк, што цыганка ёй наваражыла, маўляў, твайму сярэдняму Бог дасць такое шчасце, што ты не ведацьмеш адкуль яно і ўзялося. Сапраўды, я і сам цяпер не ў маладым ужо веку да канца не магу даўмецца, што гэта за таямнічае "шчасце"? Можа магчымасць на самоце слухаць, "як зорка зорцы голас падае"?/ М. Лермантаў, пераклад А. Куляшова/.
         Уражанні маленства, успаміны пра яго ў кожнага чалавека, відаць, фрагментарныя, мазаічныя, урывістыя. У мяне, да прыкладу, так яно і ёсць. Звярнуся да некаторых фрагментаў.
         Уклад жыцця нашай сям’і быў бы тыпова сялянскім, каб не адна акалічнасць. Справа ў тым, што бацька быў краўцом: прафесія пасля вайны дэфіцытная, і гэта ў сваю чаргу наклала адбітак і на маё існаванне. У нашай хаце заўсёды былі свежыя людзі - ад раённага начальніка да вясковага дзядзькі - гаваруна, якіх бацька спраўна і не без поспеху абшываў. Шматлікія землякі "фарсілі" у ягоных паліто, гарнітурах, кажухах і нават шынэлях. Тады можна было пачуць безліч жыццёвых гісторый, здарэнняў пагадак жартам і ўсур’ёз, з выдумкай і салёным слоўцам, а падчас і з песняй, калі здаралася для таго нагода. Меліся ў нас невялічкі радыёпрыёмнік на батарэях "Іскра", паіэфон. У тыя часы, калі вёска была яшчэ не радыёфікавана гэтаму начынню ў хаце не было цаны.
         Аднойчы на наш хутар недзе ў пачатку пяцідзесятага шпаркім крокам прыйшоў вясковы дзядзька, як аказалася старшыня толькі што створанага калгаса, а за ім вярхом на белай кабыле ехалі два хлапчукі. Разам з маім другім дзедам яны ўзвалілі на воз плуг, барану, абганялку, конскую збрую, яшчэ такі - сякі сялянскі рыштунак і, пасвістваючы, паехалі ўвёску. Як стала вядома, да дзедавага хамута ў калгаснай стайні не знайшлі каня: такіх унушальныў памераў ён быў. Гэткім мне, млечы, запомніўся пачатак калгаснай эпапеі ў нашых мясцінах. А яны, дарэчы, куды як багатыя на трапныя выслоўі, глыбокія прыказкі, нязмушаныя прымаўкі і проста рэдкія па сваёй прыгажосці словы. І ўсё гэта багацце апаноўвала душу само па сабе без папярэджання, недзе пачынаючы са школьных год. А хадзіць у школу спачатку давялося ў пачатковую, такіх цяпер, пэўна, мала. У той жа вёсцы Горна, дзе яна стаяла, упершыню трапіў у бібліятэку, што месцілася у вясковай хаце, гаспадара якой за службу і змаганне з гітлераўцамі ў арміі генерала Андэрса разам з сям’ёй вывезлі кудысьці ў Якуцію. Як зараз помню, першай кніжкай, узятай тут быў купалаўскі "Хлопчык і лётчык", а потым пайшло - паехала без разбору і без сістэмы. Ужо будучы з 1958 года вучнем Зэльвенскай сярэдней школы, адлаўліваў на агародах бібліятэкарку, якой агуркі з бручкай былі, відаць, важней за ўласную пасаду; яна адмыкала бібліятэку, а я ладаваў па паўмяха кнігамі і вёз іх на веласіпедзе дадому.
         Недзе на самым парозе шасцідзесятых адкрылася яшчэ адно захапленне. Спачатку ў зэльвенскай раённай газеце "Путь к комунизму", а пасля рэарганізацыі раёна ў ваўкавыскай "Знамя Октября" пачалі з’яўляцца мае допісы і карэспандэнцыі, нават фатаздымкі.
         Пісаў апантана і шчыра пра перадавікоў сяўбы і страты на жніве, пра заслужанага калгасніка і п’янага кінамеханіка, пра сумны камсамольскі сход і свята працы. Думаецца, што і такое ў нейкай меры па - свойму паспрыяла уступленню ў літаратурны шэраг. І ў той жа самы час раптам магло крута змяніць юначы лёс. Забягаючы наперад раскажу, як мяне, дзесяцікласніка, нечакана вызваў дырэктар школы і паведаміў, што званіў рэдактар раёнкі, і я тэрмінова заўтра маю быць у яго. Звычайна даводзілася ездзіць туды ў школу рабселькораў па пісьмоваму выкліку, а тут... Не дабіралася розуму - што тут да чаго? Назаўтра ў размове з рэдактарам высветлілася, што ў рэдакцыі неабходна тэрмінова "цыраваць дзіры", а і ён прапанаваў пераязджаць у Ваўкавыск паступаць на службу ў рэдакцыю і адначасова давучвацца ў вячэрняй школе. Ці варта казаць, наколькі я быў збянтэжаны, агаламошаны нечаканай прапановай. Некалькі гадзін хадзіў я ў такім стане па горадзе і скрушна думаў, як жа так: пакінуць родную школу, сяброў, настаўнікаў, першае захапленне? Гэта ж - уцёкі, а можа і нават і здрада. І выбар быў зроблены, а рэдактар, чалавек мудры, усё зразумеў і ламаць няўстойлівую яшчэ душу не стаў.
         Кожнага хлапчука ў свой час наведвае пытанне: кім быць? Не мінула яно і вашага пакорлівага слугу. І калі большасць маіх равеснікаў марылі пра рамантычныя, узнёслыя прафесіі, напрыклад, лётчыка ці марака, то ў мяне былі жаданні яўна прыземленыя: хацелася па чарзе стаць ... конюхам, лесніком і, нарэшце, афіцэрам. А каб пісаць вершы - куды там, не дай Бог! І што вы думаеце, усе спадзяванні ў нейкай меры спраўдзіліся. Конь - мая любімая жывёліна, з лесам я раюся ў любую пару году і воляй лёсу стаў афіцэрам запасу. А што тычыцца вершаў, то да іх падступаўся спакваля, з аглядкай і, вядома ж, пераймаў чужыя галасы. Ці не адчуваюцца матывы і інтанацыі А. Твардоўскага ў такіх радках: "Я немало ездил. Впрочем, дел теперь невпроворот: то ли отпуск краткосрочен, то ли стройка позовёт"? Пра такія паездкі можна было тады гаварыць, хіба што пра дваццаціпяцівёрстныя ў райцэнтр, а якія будоўлі маглі клікаць чатырнаццацігадовага шкаляра? Напачатку маіх першых кволых практыкаванняў трапілася у рукі веснавое за 1963 год "полымя" Адкрыў наўздагад, і кінулася ў вока немудрагелістыя радкі: "усю ноч аж да ранку пад напевы трысця ловіць хваляй Зальвянка адгалосы жыцця..." Я аслупянеў: дык вось яна, рака, кожны дзень, як на далоні - а пра яе "ведае" такі недасягальны адсюль часопіс.
         Адгарнуў прадмову да нізкі і быў яшчэ больш ашаломлены. Пятро Глебка пісаў пра аўтарку "Пасля некалькіх гадоў прабывання па - за межамі Беларусі Ларыса Геніюш зноў вярнулася ў родныя мясціны і жыве цяпер у Зэльве". Божа мой! Дык я ж там бываю штодня, і думаць не думаў пра такое.
         На жаль, ясна не памятаю першую сустрэчу, але што яна адбылася па ініцыятыве Ларысы Антонаўны - гэта дакладна. Тым не менш я часта стаў бываць у гасціннай хаце Геніюшаў амаль насупраць зэльвенскай царквы. І амаль пры кожнай сустрэчы гаспадыня брала са стала вялікую канторска - бугалтарскую кнігу і, грацыёзна і непадробна паводзячы плячом, чытала з яе, напрыклад, наступнае:
        
Хай славіцца наш беларускі род,
душой з вясны і воляю са сталі,
каб з гнёздаў нам не пеўнікі на плот,
а горда арляняты выляталі!
        
        Цяпер можа здацца кашчунным, але на тыя часы неапераны нігіліст успрымаў вершы паэткі наўрад ці з належным захапленнем. Добра, што потым стала яму ніякавата і сорамна... Дый апраўданне якраз пад рукой: "нас всех учили понемногу чему - нибудь и как-нибудь... - апошняе пра тадышнюю школу. Або яшчэ з наведванняў Геніюшаў. Іван Пятровіч смачна загарае у шэзлонгу, знаёміць мяне з газетнымі навінамі, а найбольш з тымі, якія ён запеленгаваў з - за мяжы, што ночы круцячы "гузік" старога і надзейнага прыёмніка. і раптам па - лекарску пытаецца, а як у цябе, хлопча, з дзяўчатамі? І тут жа з ганку чуецца роблена незадаволены голас Ларысы Антонаўны: "Татачка, не разбэшчвай младзенцаў!" На выпускным вечары ў Зэльвенскай СШ у 1965 годзе Геніюшы падаравалі мне санеты Шэкспіра, дзе была прыпіска з Купалы: "К свабодзе, роўнасці і знанню// Мы працярэбім сабе сьлед// І будзе ўнукаў панаваньне, // Там, дзе сягоньня плача дзед!"
         Урокі Ларысы Геніюш, спасціжэнне па яе ўражлівых расказах выпрабаванняў і пакут Беларусі і сваіх асабістых сталі неад’емнай старонкай маёй біяграфіі. І выхад кніжкі выдатнай паэткі "Невадам з Нёмана" стаўся фактам біяграфіі не толькі самой аўтаркі. Сказаць так мне дае права надпіс на ёй, як і сёння чытаю з шчымлівым пачуццём удзячнасці.
        
Аднойчы ночкаю цёмнай,
толькі не знаю гадзіны,
выйдзі на бераг Нёмана,
Я невад табе пакіну,
як сыну...
        
        Сталіца нашага юнацтва - Белдзяржуніверсітэт. Я асабіста прапісаўся на яго аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта ў 1965 годзе. Радасць і засмучэнні, праца і спазнанне, і за ўсім гэтым паэзія маладосці, яе душэўны жыццяпіс. Літаратурнае аб’яднанне "Узлёт", якім кіраваў паэт Алег лойка. Тут мы, студэнты - пачаткоўцы, безаглядна кідаліся ў вір мастацкага слова, а Алег Антонавіч асцярожна і далікатна павучаў нас, мы ж у сваю чаргу без цырымоній настаўлялі на шлях ісціны адзін другога. Наўрад ці на той час у рэспубліцы знайшлася б такая моцная літаратурная суполка, якая так актыўна дзейнічала і нават на працягу дзесяцігоддзяў выпускала калектыўныя кнігі. І не дзіўна, што пераважная бальшыня "узлётцаў" стала з цягам часу ў шэрагі Саюза пісьменнікаў Беларусі"
         Пасля заканчэння ўніверсіт.та лёс закінуў мяне ў Гродна, дзе я дваццаць пяць гадоў працаваў на абласной студыі тэлебачання спачатку рэдактарам, а затым загадчыкам аддзела мастацкага вяшчання. Рабіў у асноўным перадачы "Гродзеншчына літаратурная", у якіх знаёміў тэлегледачоў з творчасцю пісьменнікаў - землякоў, з маладымі літаратарамі. Адначасова, з 1975 года, калі Васіль Быкаў перадаў мне свае паўнамоцтва, з’яўляюся літаратурным кансультантам газеты 2Гродзенская праўда". Мне і зараз гэты занятак дае асалоду, прыемнасць усведамляць, што літаратурныя крыніцы не мялеюць, і аберагаць іх проста неабходна.
         А цяпер пяройдзем да "статыстыкі", без якой гарадзіць гэты "біяграфічны агарод" не мела б сэнсу. Першы верш з сатырычным ухілам "Хто не працуе"..." змясціла ў 1963 годзе ўжо згаданая ваўкавыская міжраённая газета. Дарэчы, да газет здаўна ў мяне адносіны пачцівыя і трапяткія. Такая светлая згадка: недзе на канікулах паміж першым і другім курсамі адшукаў мяне ў Зэльве, якая тады па адміністрацыйна - тэратэрыяльнаму дзяленню адносілася да Мастоўскага раёна, усюдыісны рэдактар раённай газеты "Зара над Нёманам" Аляксандр Жалкоўскі, і з яго ласкі давялося ўсё лета ездзіць у Масты у якасці ўжо літсупрацоўніка. Але вернемся да паэтычных рэалій. Паміж першым нязграбным вершам і першай танюткай кніжкай прайшло шэсць гадоў. А напісаў яе у дваццаць, калі на сённяшні дзень, дык гэтым нікога не здзівіш: зараз кнігі выдаюць нават школьнікі. Дык вось зборнік "Гром на зялёнае голле" выйшаў у 1969 годзе ў серыі "Першая кніга паэта" у тымчасовым выдавецтве "Беларусь". На грамадскіх асновах зборнік адрэгаваў выдатны майстра айчыннай паэзіі Анатоль Вялюгін, зямля яму пухам. Пасля першай кніжкі мяне неўзабаве прынялі у Саюз пісьменнікаў Беларусі". Затым з рознымі інтэрваламі у часе выходзілі мае кнігі "Дрэва навальніцы", "Векапомнае поле", "Помню пра цябе", "Сын небасхілу", кніжачка для дзяцей "У бары грыбы бяры", ёсць і такі - сякі запас. Без усялякай рысоўкі не магу паскардзіцца на няўвагу да сваёй літаратурнай персоны з боку крытыкі: пра кніжкі пісалі як вядомыя пісьменнікі, так і прыхільнікі паэтычнага слова. Нямала паасобных вершаў перакладзена на іншыя мовы, найбольш на рускую, а таксама літоўскую, украінскую, польскую, славацкую, нямецкую. Не так багата, як хацелася б, перакладаў і сам з польскай, рускай, украінскай, літоўскай, грузінскай, малдаўскай паэзіі.
         Зазначу, што ў паэзіі мне даспадобы слова не зацяганае, не зашмальцаванае па кірмашовых прылаўках і ў чыноўніцкіх канторах, а слова трапяткое, нераспешчанае. І зразумела, неабыякавае і да голасу жаўрука ў небе, і да шэпту травы ў доле. Як і ў кожнага літаратара, ёсць у мяне папярэднія планы і, калі мовіць прыгожа, мары. Але як я сказаў той жа незабыўны Аляксандр Твардоўскі: "Калі толькі аўтабіяграфія пакідае форму мінулага часу, працяг яе як такой робіцца, па крайняй меры, нясціплым і ўжо ў крайнім выпадку не можа замяніць сабою робленасці яе, гэта значыць напісання новых рэчаў, пра якія аўтару дазволена выказвацца пасля іх з’яўлення перад судом чытача".
         Няёмка было б не пагадзіцца з класікам.
        І яшчэ, як пасляслоўе. Не адношуся да ўтараў, - ва ўсякім разе, спрабую, - якія фарсіруюць у сабе імкненне пісаць у любое надвор’е, з любой нагоды, у любых абставінах. І дарадцам тут сам па сабе становіцца спрактыкаваны Гётэ: "Лепш ужо забаўляцца або спаць у непрадуктыўныя дні і гадзіны, чым старацца выціснуць з сябе тое, што потым ніякай радасці табе не дасць".
         Да сустрэчы наперадзе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.