|
Ich werde dich scheutzen.#Я цябе абараню. (ням.)
|
|
У вёсцы Петухі вырашылі затаіцца і адседзецца колькі дзён. Gross Dorf Pietuchi*. Праца эйнзацкаманды ўзбударажыла ўсё навакольле. На кожным узьлеску засады, абстрэлы, на дарогах міны. Узварушылі партызанскае гняздо. А гэтая вёска ад лесу адгароджаная рачулкаю, сама на горцы. Выкапалі акопы для кулямётаў, парасстаўлялі ў садах лёгкія танкі і бронетранспарцёры ды зажылі мірна. Па два, па тры салдаты ў кожнай хаце, на сям’ю. Каравул разьмясьціўся ў зручна пастаўленых у канцы вуліцы былой школе і калгаснай канторы. Загадалі, і тутэйшыя кабеты вычысьцілі, вымылі загаджаныя пакоі, ім за гэта заплацілі па тры маркі. Няхай ніхто ня кажа, што ў штурмбанфюрэра Дзірлевангера служаць не салдаты, а бандыты, крымінальнікі. Штурмбанфюрэр уласнаю асобаю меў палітычную суразмову з малодшымі афіцэрамі, а тыя – з салдатамі: як паводзіць сябе на гэты раз, у гэтай вёсцы. Аніякіх пагроз і канфіскацыяў, за паслугі дзякаваць і нават плаціць, сьмела ўступаць у асабістыя кантакты – усё, як у цывілізаванай краіне. А калі надыдзе дзень акцыі (аб чым будзе ў час паведамлена), усіх гаспадароў свайго дому ліквідаваць, дом і ўсе забудовы падпаліць. Словам, далей дзейнічаць, як і ў іншых вёсках. Быдла, як і раней, асабліва буйное, не зьнішчаць, выгнаць з хлявоў, перадаць пагоншчыкам. Пры тым кожны абавязаны: зь першага ж дня зафіксаваць, колькі чальцоў сям’і пад ягоным кантролем, разьмеркаваць, хто і за каго асабіста адказвае ў дзень акцыі, каб не ўцяклі, не схаваліся. Асабліва важныя апошні дзень і ноч перад ліквідацыяй: яны, як жывёла, чуюць блізкую разьніцу. Маладога салдата Франца Ш. (малады сапраўды, сямнаццаць гадоў, прызваны татальнай мабілізацыяй) прымацавалі да напарніка вопытнага, надзейнага, праверанага ў справе. Ота Залеўскі, паводле нармальных армейскіх мерак, можна сказаць, ужо стары, ён зь вясковых жандараў. Таксама татальнік, але не з 1943 году прызыву, а з 1942-га. Пасьля Маскоўскай бітвы, тады як Франца фюрэр паклікаў пасьля Сталінградзкай. Франц у баявое падразьдзяленьне патрапіў проста з Бабруйскага вакзалу, разам зь цяжкім узбраеньнем, што прыбыло спэцыяльна для гэтага батальёну. Так што вёска Петухі – яго першае баявое хрышчэньне. Кажуць, тут самы гадзючнік партызанскі. Як выказаўся штурмбанфюрэр, тут і курыца – партызан. Аднак, Францу ў гэта нялёгка было паверыць, калі ён бачыў тутэйшы люд – што ў Бабруйску, што ў гэтай вёсцы. Запалоханы і нейкі прыгнечаны: ахвотна саступаюць тратуар, дарогу, у вочы, праўда, пазьбягаюць глядзець (дзеці, тыя пазіраюць з пужлівай цікаўнасьцю), але калі немец пакліча, паслухмяна падыдуць і нават колькі словаў па-нямецку скажуць, якія ведаюць. «Шксфарштэйн» – нават з гонарам, што таксама могуць па-нямецку. Калі па праўдзе казаць, дык Францу нашмат больш не падабаюцца мясцовыя паліцаі: ілжыва-дагодлівыя, а тым ня менш у руках у іх зброя. Што ён там насамрэч думае і што зробіць у наступны міг – хіба ведаеш? Сытуацыя, у якой ён адразу ж апынуўся ў Петухах, ня простая для любога. А Францу, навічку, як яму нават уявіць, што сёньня ён вось з гэтымі людзьмі жыве ў адной хаце, яны яму грэюць ваду, смажаць яечню, зь імі ён гамоніць, сьмяецца, а заўтра ён іх усіх заб’е? Прачнецца раніцай, павітаецца, пачысьціць зубы, пасядзіць за сталом, пераглядваючыся з Палінай, маладой гаспадыняй, а затым яны з Ота паглядзяць на гадзіньнік і бразнуць затворамі... Пераглядвацца і пасьмейвацца пачалі не адразу, толькі на другі дзень – Франц зь дзяўчынай. Спачатку яму здалося, што ў гэтай хаце – дзьве бабулькі. Старая, сівая бабулька зь нейкай бязглуздай вечнай усьмешкай і бабулька маладзейшая, ані не харашэйшая за тую, першую. Нават больш брудная і ўся закручаная ў нейкія анучы, ды яшчэ і кульгае, горбіцца. Але назаўтра раніцай другая бабулька некуды зьнікла, а аб’явілася амаль дзяўчынка, чарнавокая, з падкарочанымі валасамі, цікаўна і як бы сьмеючыся прыглядаецца да Франца. Спадніца тая ж, па-вясковаму даўгая, бруднага колеру, але кофта беленькая, нават зь нейкімі вышыванкамі. Не падазраючы, што Франц па-руску разумее (бацька яго быў у расейскім палоне, і дома ў іх нямала расейскіх кніг, нават Біблія ёсьць славянская), старая шыпіць на сваю, відаць, дачку, не паварочваючы да яе твару: – Што гэта ты сабе дазваляеш, язьві тваю душу? Перад кім ты выфранцілася? Што гэта з табой робіцца? Ота, хаця па-іхнаму ані слова, тым ня менш бачыць і разумее тое, што адбываецца, лепш за Франца. Растлумачыў. Яны тут усе так, хто маладзей і харашэй, прыкметней: твар, шыю ў сажу запэцкаюць, вьшажуць, амаль ня ў гной – рукі, ногі, апрануцца, быццам хлеў ім чысьціць, яна табе і кульгавая, і гарбатая – адно ня руш яе! Не спакушайся на яе хараство! А гэта, бач ты, адразу зьмяніла тактыку, як толькі ты аб’явіўся, – ганарыся, Франц! Старому Ота даручаны яго бацькоўскай апёцы маладзён, проста з гітлерюгенду, нават спадабаўся. Хаця гараджане, ды яшчэ гарластыя, нахабныя юнцы, яму ня надта да душы. Ад іх старому, ды яшчэ вяскоўцу, заўжды трэба чакаць нейкае насьмешкі, непрыемнасьці. Адзін ужо быў у яго такі, хуценька адхапіў пасаду цугфюрэра, узводам камандуе, і Ота цяпер яму падпарадкуецца. Начыста забыў, якім быў рахманым першыя дні, як зазіраў у рот бываламу салдату, лавіў кожнае яго слова, параду, а цяпер на Ота глядзіць заўжды з насьмешачкай, штораз нры пастраеньні пацікавіцца: «Hast du dein Scheiss beendigt?», ці пасраў гер Ота, а то цуг, узвод можа яго і пачакаць. А з гэтым Францам яшчэ і такое магчыма: падстрэліць па дурноце, усё не нацешыцца атрыманым шмайсэрам, важдаецца, як з цацкай, зараджае, перазараджае. На Ота пазірае, бы шкадуючы, у старога ўсяго толькі вінтоўка. Зь імі, з гэтаю дзявухай па-іхнаму гамоніць, хіхікаюць, ці ня з Ота? Калі пасьпеў і дзе так насабачыцца па-руску. –––––––––––– * Вялікая вёска Петухі. (ням.)
|
|