 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Сцэнар трыццаці сямі
Аўтабіяграфія
|
Станцыя Унежма Анежскага раёну Архангельскай вобласьці, 1962 год, 8 сакавіка – я нарадзіўся. Сярэдзіна 60-х – бацькі прывозяць мяне ў Беларусь (хутар Казіміраўка Мядзельскага раёну Менскай вобласьці). Першыя пробліскі сьвядомасьці: стаю за будынкам з самаробнаю лялькай у руках; разам з маткаю ўцякаю па чорнай ральлі ад бацькавых пабояў, пажар, навальніца і дождж. Пайшоў у першы клас Камароўскай пачатковвай школы. Першая настаўніца – Эліна Казіміраўна. Зімую ў Будслаўскім прышкольным інтэрнаце для дзяцей з аддаленых вёсак. Першая грамадзкая «прапіска» ад старэйшых школьнікаў казённай падушкай па галаве. Пайшоў у прыбіральню з падручнікам па расейскай мове для 4-5-х класаў, пазычаным у на год старэйшага Юзіка Сяліцкага з Альхоўкі. Задумаўся, упусціў і – ах, трагедыя! – страшэнна расплакаўся, абсеўшы каля інтэрнацкага штыкетніку. Божа, па чым жа я плакаў!? Сонечны дзень, адліга, мокры местачковы брук. Хаваем Паўліну Мядзёлку. Перапіска з Саліхой і Нэфісой Хусэінавымі з Баўгарыі, якая перапыняецца пасьля эміграцыі сёстраў у Турцыю. Мне 15. У кнігарні мястэчка Будслаў набываю аднатомнік твораў Цёткі ў афармленьні мастака Міколы Купавы з прадмоваю Сьцяпана Александровіча. У кутку зьнізу ўверх надпісваю: «Адамович С. 16.III.77 г.». Пазьней, гадоў празь дзесяць, расейскае «и» было мною эакрэсьлена. Вучоба ў Сьвірскім СПТВ-17. Непрыемны, дрэнны пэрыяд жыцьця. Але давучыўся, атрымаў спэцыяльнасьці трактарыста-машыніста, электраманцёра і апэратара машыннага даеньня (дояра). Назва нямецкага даільнага апарату D-2 «Майга» памятаецца асабліва. У гэты ж самы час завёў дзёньнік, але па невялікім часе зьнішчыў яго. Да пары да часу рэфлекс пісьменьніка сьцюцюрыўся і заціх.
1979 год, жнівень-верасень | Работа на цаліне (Какчатаўская вобласьць, Куйбышаўскі раён, рака Ішым). Зарабіў 500 рублёў. Вярнуўшыся з заробкаў, атрымаў правы трактарыста і набыў у мястэчку Крывічы матацыкл «Мінск» чырвонага колеру – за 400 рублёў. Ад восені да восені працую сьлесарам на мэхдвары саўгаса «Будслаўскі». Часта філоню за паравозным катлом у кацельні, вучуся піць чарніла у кампаніі каваля, токара і зваршчыка, прывыкаю да цыгарэт (асабліва падабаецца баўгарскі «Апал»). Позва ў ваенкамат. Забіраюць у савецкую армію. Пра падзеі ў Аўганістане нічога ня ведаю. Трапляю ў «вучэбку» г. Піянерска Калінінградзкай вобласьці. Празь пяць месяыаў шкаленьня атрымліваю пасьведчаньне авіяцыйнага мэханіка палубных гелікоптэраў «КА-25»-х. З вучэбнага падразьдзяленьня трапляю на базу забесьпячэньня Чарнаморскага флоту, што пад Сімферопалем. Крым, марская форма і ўсяго два гады службы. Упершыню мне пашанцавала. Я «дзед»: бесказырка на патыліцы, чорнасуконныя штаны-клёш. Па суботах і нядзелях ладзім танцулькі. Прыходзяць дзяўчаты: зь сельгастэхнікуму, школьніцы. Вясёнчата-вяснушкавая, чорнавалосая і далікатная выпускніца дзясятага класу Галіна Юрчак на чатыры месяцы выбірае мяне. Вольны ад службы час баўлю з удавіцай. Аднойчы спазьняюся на вячэрнюю праверку. Старшына роты дае трое сутак гаўптвахты. Начальнік гарнізоннай вязьніцы дабаўляе. Першае знаёмства з камэрай. Славяне мужна адбываюць свае тэрміны. Армяне адзін за адным рэжуць лёзам далоні, абы не сядзець. Ім робяць перавязку ды йзноў садзяць. З «губы» выйшаў празь месяц, з трыццаці дзён пятнаццаць адбыўшы ў адзіночцы. А ўжо пятага сьнежня 1982 году на чыгуначным вакзале Менску я дыхаў марозным паветрам Радзімы. Скончыўся пэрыяд застою. Усю зіму прападаў зь Ленкай Залатухай – адводзіў душу пасьля войска. Вясною пайшоў працаваць на чыгунку – манцёрам Маладэчанскай дыстанцыі. Хапіла мяле на пяць месяцаў. Кінуў і Ленку, і чыгунку ды рынуў у Менск пастулаць у інстытут культуры. Месяц часу жыў у якойсьці адзінокай жыдоўкі. Рыхтаваўся да ўступных. Ня здаў. Вярнуўся ў вёску і трапіў у гісторыю, якая каштавала мне двох гадоў умоўна і 25-ці % штосяц на працягу году. Ізноў Менск. Уладкоўваюся вучнем фрэзэроўшчыка на станкабудаўнічы завод, але фактычна працую сьвідравальшчыкам. Каб зарабіць 220 рублёў «чыстымі», трэба штозьмену апрацоўваць 8 станін. Калі-нікалі ўдаецца. Чыгунны пыл і керасінавая пара штодня асядаюць на лёгкія. Канец ліпеня. Адразу пасьля экскурсіі ў Маскву, дзе я быў першы і адзіны раз, трапляю ў інстытут сухотаў, што пад Менскам. У лёгкіх знаходзяць малавядомую дактарам хваробу – Саркаідоз Бека. Робяць пункцыю правай долі. Пяць месяцаў у стацыянары. Выхаджваюць гарманальнымі прэпаратамі, найперш прэднізалонам. Хвароба настройвае на лірычны лад. Дзёньнік, які йзноў пачаў весьці ў канцы 83-га, цяпер запаўняю па-беларуску. Вечарамі чытаю беларускае. Пралячыўся. Выпісалі. Выйшаў на работу - стаў за станок. Заходжу ў «Чырвоную змену». На старонках гэтага выданьня зьяўляюцца мае першыя празаічныя зацемкі і кароткія вершы. Друкуюся таксама ў заводзкай шматтыражцы «Кіравец», сьпяваю ў самадзейным вакальна-інструмэнтальным ансамблі. Наш мастацкі кіраўнік, жанчына гадоў 60-ці, спрабуе паставіць мне голас. Але мяне больш цікавяць формы нашай маладой культработніцы. Дом творчасьці «Каралішчавічы». Першае знаёмства зь пісьменьніцкім асяродзьдзем: Р.Барадулін, В.Зуёнак, І.Чыгрынаў, Л.Баршчэўскі ды іншыя. Цікава, нязвычна, сьвежа. Старэйшыя вылічваюць стукача. Баршчэўскі голасна расказвае палітычнын анэкдоты – правакуе. Барадулін на мой радок «я дома, пасярод жытоў» адгукаецца радком «Я дома, пасярод жыдоў». У апошні дзень сэмінару зьяўляецца А.Сыс: з барадой, яшчэ малады і важны, ён называе сябе княжычам. Звольнены з працы на заводзе. Летам займаюся на дзённых падрыхтоўчых курсах – рыхтуюся да паступленьня на філфак БДУ. Прыходжу ў грамадзка-культурнае таварыства «Талака». У гэты ж самы час – ліпень-жнівекь – савецкія спэцслужбы спрабуюць завербаваць, абяцаюць падтрымку ў вучобе. Залічаны на першы курс дзённага беларуска-расейскага аддзяленьня філялягічнага факультэту. Бяру шлюб з Вольгай, дачкою армейскага маёра родам адкульсьці з Уралу. Жанімства паклікала у прымакі. Іду. Развод. Вольны. Зь першакурсьнікамі раблю насьценгазэту «Слова філолага», што зьяўляецца прадметам пастаянкых разборак у дэканаце. З групай барысаўскіх школьнікаў іду ў тыднёвую вандроўку па Літве і Беларусі. У Вільні на месца страты Кастуся Каліноўскага пры разгорнутых нацыянальных сьцягах ускладаем кветкі. У жніўні выходзіць першы зборнік вершаў «Кальварыйскія клёны» – адзіная кніжка, выдадзеная ў дзяржаўным выдавецтве, за якую я атрымаў ганарар. У выніку непаразуменьняў з выкладчыкам расейскай літаратуры, расейцам паводле нацыянальнасьці й духу, мяне адлічваюць зь філфаку БДУ. Да лета 1991 году жыву ў студэнцкім інтэрнаце №7 г. Менску. Займаюся самаадукацыяй, для вершаў спрыяльны час – пішу. З дапамогаю энаёмага ўладкоўваюся на пасаду стыль-рэдактара «Настаўніцкай газэты». Выходзіць прэзэнтацыйная падборка вершаў. Тэксты набраныя паводле граматыкі Браніслава Тарашкевіча. Гэта не падабаецца аднаму з супрацоўнікаў рэдакцыі, але ў канфлікце этнасаў перамагае мой бок. Празь некалькі гадоў мой апанэнт эмігруе ў ЗША. З дапамогаю рэдактара «Настаўніцкай газэты» і Міністэрства адукацыі атрымліваю для жыцьця пакой у інтэрнаце, які належыць гарадзкому прафтэхвучылішчу №24. На месца дэкана філфаку БДУ прыходзіць новы чалавек. Я рэабілітаваны ў правах студэнта 5-га курсу. Узьнікае новая сытуацыя: вучуся на дзённым аддзяленьні і адначасова працую ў рэдакцыі. Абарона дыплёмнай работы на тэму «Паэзія беларускай эміграцыі». У графе «Беларуская мова» – сіськатая лічба «3». Нездарма казалі мне: вучыся так, каб была морда чырвонай, а дыплём сіні, і не наадварот. I ўсё ж дзесьці зусім блізка ў стрававальным тракце пачала падсмоктваць зьнішчальная прага рэваншу. Выходзіць другая кніжка вершаў. 22 дні адлачынку на ўзьбярэжжы Чорнага мора. Сустракаю беларуску родам зь Семежава. Ідзе са мною, разумее і кахае. Фармулюю ідэю «Правага Рэваншу»: за незалежнасьць Беларусі – Духам і Зброяй. Дзясяткі маладых людзей напісалі заявы на ўступленьне ў «PR». Пад штандарам «Правага Рэваншу» праводзім некалькі акцыяў, што вымушае камітэт дзяржбясьпекі зрабіць адпаведную заяву. Выходзіць трэцяя кніжка вершаў – «Зваротныя правакацыі». Віцебск. У мастацкай галерэі Алеся Пушкіна праводжу Першы Зьезд Беларускіх Нацыяналістаў. Міліцыя перашкаджае. Арганізатараў затрымліваюць. Трое сутак арышту. Звольнены з «Настаўніцкай газэты» з фармулёўкаю «па скарачэнькі штатаў». Пайшоў на біржу працы. Шэсьць месяцаў атрымліваю грашовую даламогу. Летам – першая публікацыя ў «Нашай Ніве». Пішу тры вершы па-расейску: «Убей президента», «Письмо судебному исполнителю» і «Если мне, не приведи Господь...» Здымаюць з уліку на біржы працы. Застаюся бяз сродкаў для існаваньня. Іду і прадаю в рук недзяржаўную прэсу: у пераходзе каля Акадэміі Навук Беларусі, у пераходзе на Круглай, у электрычках. Міліцыя затрымлівае, суды штрафуюць, судовыя выканаўцы стукаюць у дзьверы. Па факце публікацыі верша «Убей президента» пракуратура ўзбуджае крымінальную справу №182. Арышт. Зьмяшчаюць у сьледчы ізалятар КГБ РБ – «амэрыканку». У жніўні – этап у сьледчую турму г. Віцебска – відебскі цэнтрал. Пачатак судовага працэсу. Працяг судзілішча. Вызваляюць пад падпіску пра нявыезд. Фармальнае заканчэньне працэсу. На адным зь мітынгаў ажыцьцяўляю акт супраціву – зашываю рот. Занадта часта адчуваю сябе самотным, занадта часта любоў саступае нянавісьці і хочацца пайсьці ўзарваць аўтамабіль. Жыву. Мой адрас: 220013, Менск, вуліца Сурганава, дом 45, корпус 3, інтэрнат, паверх 8, блок 5, кнопка званка – справа.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|