РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Усевалад Сьцебурака
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лютаўская ноч
1
        Учора здраджваў прозе: уночы шукаў рыфму. Здрада атрымалася няўмелая, але па-юнацку палкая і шчырая.
        Седзячы на кухні з незапаленым сьвятлом, глядзеў у завейны экран зімы. Была нядзеля, але праграма ішла тая ж, што і ўчора ў гэты час – завіруха. Такія эфіры, якія праз іх малую папулярнасьць не перарываюцца рэкламамі п’яных шпацыраў і пошлых дэфіле – глядзець адна любата. Жоўтага сьвятла ліхтароў хапае для таго, каб бачыць літары, што сваімі некаліграфічнымі абрысамі займаюць жоўтае поле аркушу. Усё даспадобы: цішыня, шоргат сьнежных крупоў па блясе падваконьня, чыстыя невялікія аркушыкі паперы пад рукой. Памятаю, як знайшоў стосік іх на гаўбцы, калі рабіў генеральную рэвізію сваёй новай кватэры. Яны ляжалі на пыльнай палічцы, пэўна, не адзін год, і гэтак сімпатычна пажаўцелі на сонцы, што сасьпелі, як яблыкі на дрэве ў садзе. Неяк падсьвядома ашчадна і па-гаспадарску, робячы прыборку, адразу адклаў іх у шуфляду, яшчэ ня ведаючы, з якою мэтай. Пазьней зразумеў іх каштоўнасьць, калі пачаў занатоўваць свае неспакойныя думкі. Іх гладкая жаўтлявая паверхня, нібы створаная для графічнага афармленьня словаў. Мінулым вечарам мае аркушы, убіраючы сьвятло ліхтароў, пачыналі самі яго выпраменьваць. Цінькаў гадзіньнік, падаў сьнег, атрымліваліся радкі:
        
З завейнае ночы
Паўсонна ліхтарні глядзяць на мяне.
Яны за мной сочаць,
Нібы правяраюць жывы я ці не.
А вецер шапоча
пра тое, што заўтра, бы ўчора, міне.
Заплюшчваю вочы
Спачатку на яве, а потым у сьне.
I думаю: «Ойча,
хай келіх сумненьня хоць сёньня міне».
Падманваю двойчы
I двойчы сябе.
        
        Канчатковы варыянт зьяўляецца за хвілю да таго, як заканчваюцца суткі. Дзень, праведзены ў поўнай абломаўскай ляноце, раптам напаўняецца зьместам. Патрэба ў самаапраўданьні, на якую пакутуе палова такіх самых натхнёных лайдакоў, спатоленая. Сьпісаны ўдоўж і ўпоперак аркушык лёг адпачываць на шафу асобна ад сваіх некранутых братоў. Ён быў задаволены сваім новым статусам – статусам рукапісу.
        Лёг і я, задаволены тым жа. Ложак, як багна, паглынуў маё цела. Акно засталося незавешаным фіранкаю. Адтуль у цёмны пакой глядзела зімовая ноч – сьведка, што ўсё бачыць, але заўсёды маўчыць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.