РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Усевалад Сьцебурака
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Verba volant?
1
        Здараецца так, што з часам забываецца твар чалавека, яго прозьвішча і імя, але памяць захоўвае пэўныя фразы, выразы, кавалкі сказаў, выхапленыя з гутарак. Абставіны і месцы дзеяньня губляюць акрэсьленасьць, а словы застаюцца. Чаму згадваюцца менавіта нейкая частка прамовы, пэўныя словазлучэньні, інтанацыя, націскі?.. Што робіць такое ўражаньне на нас, калі праз гады і процьму падзей памяць праносіць кавалкі тэксту, агучанага некалі даўно і з забытае нагоды. Адказу, які б слушна тлумачыў гэта, здаецца, няма. I толькі раз-пораз ў галаве, як бурбалкі з дна возера раптоўна ўсплываюць словы.
        «Выйду замуж, есліі полюблю». Вось першы прыклад такой бурбалкі. Сентэнцыя належыць армянскай дзяўчыне – падлетку з Масквы. Яна была агучаная на беразе паўднёвага мора. Нешта прамаўлялася пра моцную сямейную іерархію, пра паслухмянасьць жанчын іх народу, пра адносіны да шлюбаў з рускімі і тое-сёе ў гэткім жа духу. I як падсумаваньне – гэтае «выйду замуж». Што да чаго? Ня памятаю. Але ж як цьвік сядзіць сьцьвярджэньне і ў ваччу стаіць яе вобраз: цела жанчыны з карціны Рубенса і твар дзіцяці з чорнымі валасамі і вачыма.
        Наступным згадваецца выпадак з маім стрыечным братам, які, будучы малечай, атрымаўшы нешта прыемнае ці, можа, смачнае ад матулі, шчыра спытаўся ў яе: “Это мне за то, что я хороший?” Вось чамусьці запомнілася ж гэтая шчырае да ідыятызму пытаньне збэшчанага хлопчыка. Яно жыве ў маёй галаве сваім ўласным жыцьцём. У адрозьненьне ад папярэдняга прыкладу я, вядома, памятаю імя брата і зрэдку бачуся з ім, але, хоць забі, не ўзгадаю аніводнага слоўца з нашых гутарак, нават з апошняе. Ён для мяне гэта тое
        кароткае пытаньне, якой дзесяцігадовае даўніны.
        “Не жилец” – гэтак сьцісла і зьмястоўна агучыла свае думкі пра маё кволае здароўе прабабця па маці, калі я за першыя некалькі год існаваньня перахварэў на ўсе вядомыя педыятрыі хваробы. У прынцыпе, адмовіць у рацыі ёй цяжка, бо, каб не асабістая зацікаўленасьць маіх бацькоў-дактароў, я калі і жыў бы, то не працяглы час. Напраўду, цяпер не хварэю зусім, але хто я такі ў адносінах да гэтага сьвету, памятаю добра.
        Нават ня сказ ці выраз, а просты зварот застаўся мне ад аднае маёй настаўніцы – «дружок» – менавіта так пачыналася большасьць сказаў гэтае немаладое жанчыны, якая была наколькі самаадукаваным, настолькі і самаўпэўненым псіхолагам нашае гімназіі. Ня ведаю, ці яна вычытала пра такі зварот сярод парадаў нейкага сьпецыялізаванага часопісу, ці мела гэта сваім вынаходніцтвам, але «дружками» з яе ласкі раз на тыдзень станавілася ўся наша група. А паколькі настаўніца была знаёмая з маёй матуляй і завітвала на госьці, то, зрэдзьчасу, «дружком» я бываў і па-за урокамі. На тое успрыманьне для мяне не існавала больш штучнага і няшчырага звароту аднаго чалавека да другога і, калі наш фізік называў нас «спиногрызиками» і «лоботрясами», я, натуральна, млеў ад задавальненьня. А цяпер я магу і сам зьвярнуцца да чалавека зваротам «дружок», калі ён накаліў мяне і я яго ціха з усяе моцы ненавіджу.
        З тых жа адносна далёкіх часін засталася і фармулёўка ў тлумачальнай цыдулцы, якую мы з сябручком пісалі з нагоды спробы падпалу прыбіральні з дапамогай кітайскай піратэхнікі. Апроч выкладаньня фактаў, нас прымусілі скончыць твор пакаяльнае літаратуры недвухсэнсоўным перапрашэньнем і прызнаньнем амаральнасьці нашых дзеяньняў. У каго нарадзіўся шэдэўральны фінал, не бяруся сьцьвярджаць, але ён са мной праз гады: «Считаем этот поступок недостойным почётного звания гимназиста». I цяпер можна проста падставіць у фразу патрэбную пасаду ці годнасьць і самы злы начальнік будзе суцешаны вашым шчырым раскаяньнем.
        Запомніліся мне і мае ўніверсітэцкія выкладчыкі. Пэўна, найбольш з усіх іншых знаўца Раньняга Сярэднявечча – Ала Пятроўна, якую ўсе студэнты называлі проста – Бабулька. Выкладчыца была ў тым веку, калі нам яе дакладны ўзрост вызначыць было ўжо немагчыма, а ўсе, хто быў яе прыкладным аднагодкам, даўно сядзелі на пенсіі. Дык вось Бабулька мела цікавыя адметнасьці зьмягчэньня гукаў і асабліва ў словах з літарай «Р». Гэта не было грасіраваньнем французаў ці цьвёрдым беларускім маўленьнем, а цікавым і сьмешным зьмякчэньнем гуку, накшталт таго як робяць гэта карэнныя (калі такія яшчэ ёсьць) масквічы. «Давечя, была в Рядашковичях. Там такая чюдесная керямика.» Ці яшчэ – «В четверьг была в церькви...» Але апафіёзам усяго быў зварот на занятках да мужчынскай часткі нашага студэнцтва – «Рицари вы мои-и!» Апошняе проста клала покатам усіх прысутных у аўдыторыі.
        Яшчэ адзін выкладчык таксама немаладога веку, што выкладаў дапаможныя гістарычныя дысцыпліны, заўсёды падчас лекцыі сур’ёзна папярэджваў нас аб тым, што мы мусім слухаць яго ўважліва, бо ён ніколі двойчы не паўтарае сваіх словаў. Але справа ўся палягала ў тым, што дзядзька гэты меў нейкую своеасаблівую моўную хваробу накшталт заіканьньня з тым адрозьненем, што ён паўтараў ня гукі, а цэлыя словазлучэньні і нават сказы. Гучала гэта прыкладна так: «I запомніце, запомніце, калі ласка, што я два разы, два разы, свае словы, словы, не паўтараю, не паўтараю. Зразумела, зразумела?» Такім чынам нават самыя нягеглыя мелі мажлівасьць не сьпяшаючыся цудоўна весьці кансьпект лекцыі.
        Калі сабрацца з думкамі, то можна адзначыць нейкія словы – маркеры, што маюцца ў адносінах да большасьці маіх знаёмых. Менавіта па іх беспамылкова можна пазнаць чалавека. Гэта як адбіткі пальцаў – рэч, якая мае мізэрны шанец паўтарыцца. Запомніцца выраз, запомніцца і яго носьбіт.
        Мая будучая маці, у часы, калі яшчэ навучалася ў інстытуце, у адказ на прапанову майго будучага таты пачаставацца нейкім эрзац-напоем з гонарам адказала: «Я пью только черный кофе». Мінула 25 гадоў, а бацька ўзгадвае гэты «кофе» калі хоча пакпіць з матулі ці падкрэсьліць яе задужа вялікія патрабаваньні. Выраз гэты стаўся фактычна прыказкай у нашым сямейным фальклоры.
        У гэты самы фальклор патрапіў і я, аднойчы ў прыступе запаленьня падлеткавай гіпертрафаванай самастойнасьці рыкнуўшы бацькам: «Имею право!!!» На што я меў права цяпер невядома, а толькі гучная дэкларацыя саплівага праваабаронцы засталася. I жыве сабе самастойным жыцьцём побач з матулінай «кавай».
        Кожнага разу, завітваючы ў харчовую краму ля дому, прыгадваю, як адна дзяўчына, з якой увечары мы зайшлі па ежу, неяк задужа гучна нагадала мне пра абавязкі мяне як пакупніка «Сева, беры корзинку!» Я працягнуў руку па пластмасавы кошык ля касы і ўсё было б нармальна, каб крама ня мела назву «Корзинка». А так гэты гучны загад прымусіў усіх прадавачак і ахоўнікаў насьцярожана зірнуць у наш бок. Боні і Клайд, бач ты...
        Вось некаторыя ўспаміны, што ўтрымлівае мой аўдыёархіў. Я не памятаю як упершыню пачуў сваё імя, ня памятаю сваіх першых словаў, ня памятаю прызнаньня ў каханьні, затое варушацца ў маёй галаве галасы незнаёмцаў з натоўпу, словы сяброў на гадзіну з купэ цягніку, няхітрыя мелодыі песенек замежнае папсы пачатку 90-х і шмат чаго іншага, якое, зьляцеўшы аднекуль, затрымалася ўва мне.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.