РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Роднае карэнне
I
I
        
        ...A яшчэ трэба паведаміць цябе, даражэнькі сынок наш, – чытаў, лежачы на цвёрдай канапе пасля абеду, бацькоўскую пісульку студэнт-медык Архіп Ліпкевіч, – што ў новай нашай хаце жыць мы дужа баімся...
        Архіп пацягнуў раз-другі папяроску, абтрос попел на бляху, буркнуў пад нос: «Што за дзіва?» – і, зацікаўлены, пачаў разбіраць далей закаручкі запэцканага чарнілам пісьма:
        ...Здаецца, ні разу не было таго ў нашым сяле, што дзеецца цяпер y гэтай хаце...
        – Ну й пісара ж знайшоў бацька сабе, – уголас загаварыў Архіп, ніяк не могучы разабраць слова ў пісульцы.
        Ён ізноў зацягнуўся, вылаяў y думцы пісаку, што, нягледзячы на добры сялянскі пачастунак і пяць капеек, так дрэнна піша пісьмы, саўсім нечытэльна, і задумаўся аб далёкім родным сяле, аб міленькіх старэнькіх, сялібах і садку, што сам з бацькам садзіў колькі гадоў назад.
        «Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, a тым часам як яны непарушна-мёртвыя ў жыцці. Час ідзе – угары, y воздусі лётаюць аэрапланы, дырыжаблі; пад вадой жывуць людзі, як на зямлі; перагаварываюцца на тысячы вёрст; даходзяць да таго, што думаюць замаражываць чалавека на колькі трэба часу і ўзноў аджыўляць яго; усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш... Сумна, сумна».
        «У дваццатым вяку баяцца жыць y новай хаце. A чаго? Ну, пэўне, чэрці не даюць».– Так думаў-сумаваў студэнт.
        ...Мы ўжо й папа прывозілі і свянцілі яе, але нехта асеў y ёй і не дае начаваць...–прачытаў ён і аж зазлаваў:
        – Выдумаюць сабе ўсякіх дурацкіх зданнёў дый, быццам дзеці, забаўляюцца. Як бы рабіць няма чаго. Э-эх!
        ...У прошлы чацвер пайшоў батрак начаваць y ёй, бо там халадней, a ў старой хаце аб цяперашнюю летнюю пару дужа душна, дый мухі спакою не даюць. A лавак y ёй мы яшчэ не паставілі, дык ён і лёг на грубцы, бо мы цяпер яе не топім, і спаць там хораша...
        Студэнту было троху смешна.
        ...Якое ўжо, не пры нас будзь казана, ліха здалося яму там, – пісалася далей y пісьме, – ці ён, можа, вечарам з дзеўкамі перажартаваў, ці, часам, да Міхаля ў карчму збегаў, хто яго там ведае, a толькі не паспелі мы заснуць y старой хаце, як раптам заляскаталі нашы вокны так, што мы аж адразу папрачнуліся і надта папужаліся. Матка й кажа да мяне: «Нупрэй, Нупрэй, ці
        не біць нас хто лезе, што гэта робіцца?» A я – шусь! да акна, гляджу, ажно гэта батрак y адной сарочцы, без шапкі, босы, як адурэўшы, крычыць нема: «Дзядзічка, адчыняй хутчэй!» Адчыніў я акно, упусціў яго, a ён трасецца, зуб на зуб не трапляе... «Што такое? Што такое?» – запыталіся мы. «Нехта ў новай хаце з печы мяне зваліў». «Злодзей, можа, ды там жа красці няма чаго», – сказаў я, але батрак кляўся, бажыўся, што ў хату чалавек залезці ніяк не мог, бо ён на ноч залажыў чэп y прабой, засадзіў кіёк і слясак з клямкі выцягнуў. Ніхто ўлезці не мог... A нехта, нявідзімы, слізкімі, як вужакі, халоднымі рукамі схапіў яго за ногі і махануў з печы на мост. I сапраўды ў батрака быў збіты бок і абдзёрты аб цэглу рукі...
        – Нячысцікі завяліся там, ці што? – злосна смяяўся студэнт і падумаў, што батрак пабіўся з хлапцамі за дзевак і паддурыў старыкоў чартаўнёй, як найлепей.
        Архіп устаў з канапы і засігаў па святліцы ў задумленні. Затужыў троху. І ўспомніў старога дзеда Міхалку, на каторага ўсе казалі, што ён тры гады бегаў ваўкалакам. Сам Архіп некалі даваў гэтаму веры.
        – Што за народ наш, беларусы? уголас задаў ён сабе пытанне і размеркаваў, што доктарам будзе служыць на Беларусі і будзе збіраць матэрыялы аб духоўным жыцці свайго народа.
        ...А надоечы пайшоў начаваць ужо я і батрак, удвух. I таксама прыбеглі ноччу ў старую хату, бо я прачнуўся, чуць не акалеўшы, пад зэдлікам, хоць заснуў на зэдліку, a на батрака нехта ўзваліўся і душыў...
        – Незразумела, уцяміць не можна, што за штуковіна такая, – ламаў галаву медык, і на глыбіні яго душы пачалі капашыцца вобразы таемнага, страшнага, шчыра беларускага...
        Не дарма быў Архіп – выліты яго дзед, што да смерці заўсёды крэпка маліўся богу і тым часам лашчыў, як можна, дамавых, лесавых, вадзяных.
        ...Мы ўжо ставілі ў куце й «пратэсы», псалтыр чыталі і псалмы пелі, – нічога, рады няма, усяліўся нехта ў хаце і не дае спакою. Ці не параіш ты чаго, a то хоць хату разрый...
        Архіп задумаўся яшчэ больш. Дачытаў пісьмо, дзе пісалася ўжо, што кароўкі, дзякаваць богу, пагулялі, малака даюць многа, жарабё прадалі Зэліку, падсвінак здох, яблык урадзіла дужа-дужа многа. A потым ішоў цэлы ліст паклонаў «ад белага ліца да сырой зямлі».
        Студэнт памаўчаў троху, шчакануў пальцамі і тут жа падскочыў ад раптоўнай думкі – паехаць самому дамоў на гэтую чартоўшчыну.
        – Яблык, гуркоў, суніц, чарніц, маліны, грыбоў цяпер там... На сенакосе з касою гуляну, як y старыну калісь, з дзяўчаткамі знаёмства старыннае ўспомню, – пацяшаўся студэнт,– a старыя будуць рады рады!
        Думкі хмары яго разляцеліся.
        – К чорту ўрокі, перадам вучанікоў таварышам, хопіць грошы, a то яшчэ зараблю ўзімку, як-небудзь узнясу за права вучэння, a цяпер жа ў нашай вёсцы – сяле закутным – рай!
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        На другі дзень Архіп ужо тросся на жалезнай дарозе.
        
        
II
        
        – Ну й коні ж твае! З крупадзёркі на шкуру прадалі, ці што? – запытаўся Архіп y балагольшчыка, дзівуючыся, што едуць яны – цішэй некуды.
        – A як жэ... Быц вы тое ведалі, пане Лінкевіч, ведама, сто ш крупаджоркі...
        – Ну, ну, паганяй, a то мы й к ранню не давалачомся.
        – Гэ-гэ-гэ! Нэ-э, паслі, мае лярвацкі, – зацмокаў балагол, сцёбаючы пугаю па зямлі. – Даеджым, пане, даеджым! Гэ-гэгэ... Нэ!
        Коні лавілі пугу хвастом, дрыгалі нагамі і гультайліва траслі па калюгах балагольскую будку.
        Лес кончыўся. Выехалі на поле. Дарога пайшла роўная. Архіп залюбаваўся прыгажосцю летняга вечара. Сэрца ласуна да красы забілася дужэй y маладых грудзях яго. Наўкруг было так ціхамірна і так па-нябеснаму святочна і прыгожа. Цямнела. На захадзе гарэла зара.
        – Джунгу-у... – паляцеў жук.
        – Мэ-э-э... – замаркатаў угары каля балота дзікі баран (чэпік), сеў недзе на купіне.
        Абапал дарогі было жыта ў копах і на карэнні, што не паспелі яшчэ зжаць. З аржанішча нёсся прыемны жытні пах. З логу ціхі, цёплы ветрык тхнуў сенам. На небе паказалася зорачка, другая, трэцяя...
        – Го-го-го, – кацілася далёка па лесе.
        – Тпроля, тпроля, тпроля... – клікаў нехта жарабя. Чутна ўперадзе на дарозе: «Скры-гы-ы... скрыгы-ы...» – вязуць нешта, ці снапы, ці сена, a можа, й хвораст. «Нэ, нэ!» – бадрыць коней паваждай, a яны цяжка йдуць па пыле, толькі – шлёп-шлёп, шлёп-шлёп – чуваць здалёку. Чарнеюцца вазы далёка, бліжэй, во, адразу вынырнулі.
        – Добры вечар! Ці далёка тут да Белі?
        – A вёрст пяць набярэцца.
        – З гакам, – дадае з-за воза другі голас.
        – Нэ-э-э! – паехалі далей, і зноў: скрыгы-ы...
        На дарозе гоман. Ідуць з поля людзі, за гэтакі дзянёк пазамарыліся, напрацаваліся.
        З-пад лесу нясецца-коціцца песня – жнеі ідуць ад Хаіма з падзёншчыны. I праца не бярэ маладых, красных на здароўе, круглавідых дзевак!.. О! песня; яны пяюць:
        
Загарэлася вячэрняя зара...
        
        A з другога боку ідуць са свайго поля жнеі, там пяюць:
        
Добры вечар, гаспадынька мая!..
        
        Маладыя, зычныя галасы смакуюць спеў, і ён ірвецца са здаровай душы ў дужым, не хворым целе:
        
Ці зрыхтована вячэрыца твая?
        
        Водгалас доўга ляціць па лесе. Эх! I пагода ж, пагода будзе на заўтра.
        I жнеі, і гоман, і песні астаюцца патроху... Праязджаюць ціхую вёску; агнёў няма, сабака недзе гаўкнуў і змоўк, y пунях, хлявах жвуць каровы, a гаспадыні старыя, што зараней з поля прыйшлі, там з даёнкамі: цур-цур, цур-цур...
        Праехалі мосцік, ярына пайшла, a на полі цямней ды цямней. Усё неба зорамі гарыць, дзіўнае, пекнае! Чароўнае хараство разліта ў ім...
        – Драў-драў-драў... – сквярэцца драч; і ён сціх. Ціха-ціха...
        Не, во чуваць збоку шчэ – павялі начлежнікі коні ў лес пасвіць. Смяюцца, рагочуць, жартуюць. Нейкі скалазуб сумысля вугнава зацягнуў прыпеўкі:
        
Не хадзі ты па балоту,
Не мачы ты ног, ног...
Не любіся з багатаю –
Не паможа Бог, Бог...
        
        – Ай-я-я-я, я-я-я, – якоча, прадстаўляецца каторы-та хлапчук.
        
Багатая – гарбатая,
A к таму ж і пышна,
A бедная, дык чэсная,
Як y садзе вішня.
        
        – Трым-трым, трым-трым, – y такт басуюць другія хлопцы, вясёлыя, радыя.
        Усё ў полі супакоілася. Ані гуку. Архіп быў y добра-далікатным настроі. «Краіна родная мая...» – мармытаў-пяяў ён ціхенька і думаў-думаў, што будзе праз дзвесце, трыста, чатырыста гадоў тут, наўкола? Калісь тут лясы былі дрымучыя, непраходныя, y лясах людзі пням маліліся і жылі са сваею доляй-нядоляю. Ішло жыццё, высякаліся лясы. Загарцавалі па тутэйшых месцах людзі ваенныя-ратныя, шмат костачак маскоўскіх, польскіх, казацкіх палягло «паміж пустак, балот беларускай зямлі...». Шведы, французы знаходзілі сабе тут вечны спакой. Божа, божа, як гэта ўсё страшна і цікава!
        – Паніч, – загаварыў балагольшчык з нейкім жахам, – вы, мусіць, ведаеце, што ў гэтым балоце, што налева, калісь-то ў даўныя гады цэлы горад за нешта праваліўся скрозь-доння. У ноч купальскую чутны званы падземныя, a каля кургана, дзе манастыр быў даўней, іншыя
        чулі, як манахі ў скляпах абедню правяць...
        – A хто ж гэта чуў? – запытаўся студэнт.
        – Усе. Як гэта – хто? Каму траплялася познай парой бываць тут, апынуцца... Бывае так яшчэ, кажуць: агонь нейкі над балотам бегае. Ты за ім – ён ад цябе, ты бліжэй – ён уцякае. Сіненькі такі, невялічкі аганёк. Кажуць, грошай схавана тут багата пад нейкім вялікім закляццем.
        Не дакончыў балагольшчык свае гутаркі, як далёка на полі паказалася на самай зямлі полымя... Гарыць нешта... То шугае ўверх яно, убок, то без сілы збягае ўніз.
        Чорная сцень, як чалавецкая фігура, прабегла па ім раз-другі.
        Праз некалькі часу полымя ўспыхнула ў другім, y трэцім месцы...
        Балагольшчык змоўк ад страху. Коні вышэй паднялі галовы і закруцілі вушамі. Сам Архіп пачуў, як закалацілася ў яго сэрца і прыліплі на лбе валасы.
        Што за глупства? – уголас загаманіў ён, каб разумна абмеркаваць, адкуль жа тут агонь y столькіх месцах: начлежнікаў на парыні быць не можа, a яшчэ што ж?
        Балагольшчык ціха зацмокаў на коней, дыргануў вожкі і нешта ціха шапнуў коням, a тыя пабеглі шпарчэй.
        Архіп здзіўлена глядзеў y поле, y цямноту.
        «Ось так чартаўня. Ну й уцям тут, што за справа. I калі мне робіцца неяк нядобра, то што б было з нашым батраком? I чэрці здаліся б», – раздумляў студэнт, каб неяк выбачыць сабе сваё спужанне.
        Ён яшчэ доўга-доўга ўглядаўся на полымя, a яно было ўжо цішэй, не шугала так угару і патроху знікла саўсім.
        Балагольшчык маўчаў, пакуль не пад’ехалі к самай хаце Лінкевічаў. Там ён, узяўшы грошы і пажадаўшы спакойнае ночкі, дабавіў неяк недаўменна:
        – Ды й зданнё ж! – і паехаў начаваць к Міхалю ў карчму.
        
        
III
        
        Архіп спаў доўга і смачна. Ноччу сніў нешта, хто яго знае, якое, але, прачнуўшыся, нічагусенька не помніў. У хаце нікога не было, толькі чутна – y прысценку за дзвярмі матка ляпала ў качарэжніку вілкамі. Блінамі пахла... Сонейка гуляла снапамі святла па настольніку і па старэнькіх абразах. У куце гарэла лампадка. На вуліцы, чутна, гаманілі, седзячы на бярвенні, старыя і хлопцы.
        «Ага, сягоння ж свята», – успомніў Архіп, пацягнуўся і сеў.
        – Ці ўжо прачхнуўся? Паспаў бы ты, сынок, болей: з дарогі замарыўся, – гаварыла маці за сцяною.
        – I так выспаўся, як пяньку прадаўшы, – вясёла адгукнуўся Архіп і пачаў адзявацца.
        У галаве таўпесіліся думкі аб горадзе, таварышах, уроках, к ім падбаўлялася дзіваванне, што за зданнё ўчора было і якая чартаўня завялася ў новай хаце. На сэрцы было ўсё ж такі радасна і спакойна ад цёплае вясковае абставы.
        – Ну і сібірнікі, расколы!.. На галаве пачынаюць хадзіць, – голасна і сурова загаманіў нехта на вуліцы, падышоўшы да кучы мужчын.
        Архіп прыслухаўся.
        – A што? Чаго ты? – запыталіся ў сердзюка.
        – A што ж? Ну ці можа гэта быць? Семдзесят гадоў на свеце пражыў, a гэтакае пракуднае дый, папраўдзе, паскуднае з’явы не бачыў. Вы тут во седзіцё і нічога не ведаеце, a ў полі ноччу немаведама што парабілі арыштанты нейкія. Янка! Схадзі ў поле, пашукай барон сваіх... I ты, Самусь, і ты, Гаўрыла...
        – A што? Якое там ліха шчэ з баронамі?
        – A такое, што нейкія шэльмы іх ноччу спалілі. На вуліцы падняўся тлум, крык, гоман.
        Архіп уцяміў.
        «Дык вунь там якое полымя шугала? Добрае зданнё!»
        Тым часам матка накрыла ўжо стол, палажыла бліны, паставіла скавараду з яечняю.
        Прынёс бацька паўбутэлечку, і хоць не хацелася грашыцца старым (абедня яшчэ не адышла), але дзеля дарагога, любага сына і яны селі снедаць.
        Пацякла бясконцая, прыемная гутарка аб тым, аб сім і аба ўсім.
        
        
IV
        
        Доўгі дзень прайшоў – і не ўгледзіць калі. Схадзіў Архіп y поле, пабыў y лесе, даведаўся дзе-каго з бліжэйшай радні, абгледзеў сад.
        Увечары ён захацеў беспрыменна ісці начаваць y новую хату. Узяў кажух, табаку, падушку. Бацьку таксама пажадалася пайсці з сынам: пайшоў і ён.
        Новая хата была ў канцы саду, недалёчка ад шляху і блізка к рэчцы. Пабудавана была добра; Архіп ладна зарабляў леташні год урокамі, y сябе грошы меў і яшчэ сабраў бацькам на хату.
        Пайшлі, агледзеліся. Бацька паклаўся на халодненькай грубцы, a студэнт лёг на лаўцы каля акна. Дзверы ён запёр, a акно, дзе ляжаў, адчыніў для свежага паветра.
        Пад акном шамацела лісце на яблыньках і дулях. На небе збіраліся хмары, недзе далёка-далёка бліскала малання.
        Архіп закурыў, расшліпіў гузікі і адвярнуў каўнер кашулі, каб не было так
        душна.
        – Архіп, не забудзься ж акенца зачыніць.
        – Добра, тата.
        Бацька прывык уставаць рана, звечара хутка заснуць мог.
        I цяпер скора захроп.
        Архіп ляжаў, курыў і думаў...
        «Як, y істоце, усё каля нас дзіўна, няясна... Навука? Што ж навука? Яна, скажам, дае малюпаценькія адказы, якім парадкам робіцца што y прыродзе. Ну і ўсё. Наўчоныя людзі падлічылі, колькі важыць зямля, ці далёка ад зямлі месяц, сонца; яны ведаюць, па якіх дарогах бегаюць планеты, a няхай дадуць яны адказ, хто пусціў іх y гэткі гарманічны ход, няхай яны знойдуць першапрычыну ўсякае істоты. Навука ведае, што за жывучкі, няўгледныя простым вокам, робяць хваробы, яна ведае, што ўжываюць клетачкі, з каторых складаюцца людзі, жывёла, расліны, але што ж? Як бы даў адказ, ён, Архіп, студэнт-медык, на пастаяннае пытанне ў «пісьменных» людзей дзядзькі Якуба: «Чаму чалавек расце расце гадоў так да дваццацёх, a далі, як ты яго ні кармі, y росце не прыбаўляецца. Здаецца, і есць таксама, a другі і смачней, чымся змалку, a росту няма такога, як раней. Што за прычына?» Эге ж. Наўчоныя ведаюць цяпер, як чалавек зараджаецца, з чаго ён складаецца, і многа чаго іншага ўцямілі. A няхай жа во яны самі набяруць з зямлі, чаго ім трэба, і створаць чалавека. Не, навука ніколі не дасць, бо не можа даць, адказу на праклятыя пытанні. Ды ў яе і цэль зусім іншая».
        I Архіп успомніў, як ён з вялікім жарам і шчырай ахвотай пачынаў вучыцца, бо думаў, ды што думаў – крэпка верыў, што ў кніжках усё ёсць, кніжкі ўсё раскажуць, не толькі як яно, але і адкуль яно.
        I вось ён «укусіў» ад кніжнае мудрасці... Папраўдзе, знайшоў такія і гэткія адказы, але ж – божа! – пэўнасці аніякай няма, няма. Хто даў гэтыя адказы?
        Тыя ж людзі. Угу! Бог адзін, a вер колькі на зямельцы божай?
        Архіпу было сумна і неяк трывожна.
        «Мы не ведаем, што будзе пасля нашае смертухны, a на гэтым свеце на ўсё адгадкі знайсці не можна, шукай не шукай. I шчасліў той, хто мірыцца лёгка з гэткім будаваннем жыцця або хто бадай што не думае аб гэтых «шалёных» пытаннях, ці ў беганні за кавалкам хлеба забывае аб іх, шчасліў ён. I гора, вялікае гора таму, хто захоча хоць а адзін момант, адным вокам зірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, галоўнае, няпэўны, няпэўны шлях, і гэты шлях – смерць».
        Закурыў другую папяроску.
        «I то яшчэ дзіва: няхай бы людзі далікатныя, чуткія, не запрацаваныя ад цяжкае працы, няхай бы яны гібелі ад гэткай мукі; дык не, дык жа народ просты, народ, каторага лаюць «цёмным», чаго ён, гэты шэры, аднатонны народ, па глухіх
        кутках, y лясах сваіх, сярод балот і пнёў, чаму ён мучыўся і мучыцца ад той жа болькі?»
        Архіп зачыніў акно. Яго пачынаў ужо марыць сон. A ўсё думалася: «Нічога не ведаем, не ведалі і ведаць не будзем... Сэрца пачне біцца дужэй і сціхне, a нешта чорнае, вялікае стане перад вачамі, нейкія ўзоры мітусяцца, і так добра, ладна ляжаць. Навука, чэрці, зданнё... Нічога не ведаем... Бог, чэрці, душы... Не ведаем...»
        I Архіп заснуў.
        I на дварэ глуха грукатаў гром і бліскала, то й глядзі, малання. Збіралася бура. Яблынькі галлём – шу-шу-шу – ціхенька шумелі.
        Архіп спаў.
        
        
V
        
        Лес гулка гаманіў. Макухі дрэў трывожна, неспакойна так нахілялісь то дужа хутка, то паважна адна к другой і шапталі нешта сваё, лесавое. Дарожка паміж густых елак усё вузела і вузела, ані прайсці, ані пралезці, ані прадрацца праз калючыя зялёныя іголкі.
        Сухое дрэва страшна і балюча скрыпала, быццам выказвала бяду, і гора, і ўсякае ліха. A яшчэ далёка-далёка...
        – Баў... – гудзе звон на колькі вёрст уперадзе, гукае к сабе, заве, кліча. A як жа дайсці туды?
        – Баў-баў-баў, дзілінь-дзіліньбаў, – дробна аддаецца ў вушах. Шуміць лес. Зарагатаў злы дух, заплакаў жаласна, закугакаў і зліўся ў адной жудасна-сумнай песні скрыпучага дрэва.
        Блішчыць аганёк пад кустом, во-во другі пад старою бярозаю, a во трэці каля чорнага пня, во й яшчэ адзін, яшчэ, многа, многа, зданнё...
        «Што гэта я, – думае сабе Архіп, – то ж чарвякі купальскія свецяцца: чаго ж баяцца мне? Пайду на звон шпарчэй, нанач дабяруся, дацягнуся».
        – Троп, троп, хр... гкрдзбдзр...– кажан каля самюсенькага вуха шпоркнуў.
        – Цзы-ыць, цзы-ыць...–без канца плача аб нечым камарок здохленькі і не дае спакою.
        Зайшлося сэрца ў Архіпа: схапіў ці не схапіў кажан волас з галавы ў яго? Занясе ён той валасок на скрыпучае сухое дрэва, зашчэміць яго там паміж скабак калючых... I будзе сохнуць, як дрэва тое, Архіп: датуль будзе хварэць-прападаць, пакуль дрэва скрыпець будзе; заваліцца, бахне аб зямлю яно – і Архіп памрэ.
        Расступіўся лес. На палянцы стаіць Архіп. Бачыць – што гэта? Хата іх новая перад ім, на адной назе круціцца, скача, верціцца...
        «A-a, гэта я сон бачу, гэта я сню ўсё... – уцяміў Архіп, – але ж які дрэнны
        сон, хваравіты. Нячысцікі, мусіць, кіруюцца спужаць мяне, што не веру ў іх, – смешна яму стала дужа. – A хораша спаць, няма ўжо зданнёў».
        «Скрыпела дрэва нейкае? – прыпамінаў Архіп. Ай не, то ж бацька на печы храпе сабе».
        «Засну крапчэй, – падумаў ізноў. – A дзе ж музыка чутна такая жалобная-пакутная?..»
        «Ай-я-я-яй...» – ташнуе Архіп. Жалі, болю, суму, тугі непазбытай y тых гуках дзяваць некуды, a музыка ўсё бліжэй ды бліжэй.
        Грае-грае ліра старэцкая аб часах мінуўшчыны-старадаўшчыны. Спявае сляпы старац музыкант, перабірае, не хапаючыся, па струнах тых, гучна-маркотных...
        A не струны гудзяць-пяюць тое, a чалавецкія галасы чутны там. Далёка, угору, думна так y паднябессе падымаецца голас сярэдні, не таўсты і не тонкі, не слабенькі, аб нейкай долі-нядолі спявае ён, плача, плача, галосіць, уніз спускаецца, клоніцца, y адзін енк-плак зліваецца з другім, таўсцейшым, дужэйшым нездаволеным голасам, што не хоча бачыць, як крыўда-няпраўда на свеце пануе... A трэці, чутна, кволенькі галасок, як дзіцятка малое, заходзіцца-заліваецца, да бога і маткі прачыстае шле ў тонах цудоўных мольбы-просьбы дзіцячыя простыя-чыстыя...
        Штосьці падымаецца на сэрцы ў Архіпа ад музыкі гэтае: плакаць, стагнаць, слёзы ліць жадаецца, думкі любыя выплакаць-выгукаць бажаецца, і млосна-мляўка так робіцца... Шчыміць y грудзях маладых, жалка-жалка, усе людзі добрыя, ладныя, любыя, a як мучацца, бедныя!..
        У спрэчкі з чорным, страшным няправым ідуць музыкі скамарохі ў гранні сваім – і кіпіць б’ецца сэрца хлапецкае... Эх! Пайсці і сілу сваю на ўвесь свет паказаць, прагнаць крыўдзіцеляў, вытурыць іх ад людзей бедных, шчырых, змірных і пакорліва-прыяючых, людзей родных і балюча скрыўджаных.
        I добра на зямельцы будзе ўсім! Усе родныя, радыя, усе дужыя, ладныя. Свеціць сонейка, a ў гайку птушачкі, пяюць вясёла так, ладненька, a красачкі цвітуць, пахі-араматы прыемныя, любыя носяцца, шуміць жытцо высокае, доўгакалосае, шэпча думу святую, ціхую каласамі буйнымі, падзяку пяе працы мужыцкай, a не «мужыцкай» – сялянскай працы, справядлівай...
        A ў хаце відней ды відней, але скуль жа святло гэта прадзіўнае? I музыка дужэй усё чуецца, шырыцца яна і бліжыцца.
        Чуваць ужо і спевы хаўтурныя, цяжка – ціха-плакучыя. Вые нехта, заходзіцца... дзявоцкі плач то, няўцешны, пэўна што.
        Зірнуў Архіп на хату, бачыць – падлога каля печы расступаецца, і выходзіць, падымаецца труна аграмадная з пакрывамі чорнымі. То падымаецца, то схаваецца; то падымаецца, то схаваецца...
        Валасы дыбам y Архіпа становяцца. Хоча ён падняць галаву, пабачыць лепей труну страшную – цяжка, галава не падымаецца. Хацеў рукою крыж на сябе
        палажыць – рука, быццам палка, не шавеліцца. Крычаць-гукаць, «ратуйце» зваць памкнуўся ён – ані каліва голасу няма, як і не было яго ні разу, толькі дух цяжкі ў рот набіраецца, паветра смярдзючае ўвакруг усюдых.
        Добра спіць Архіп, дзіўна спіць Архіп.
        A на дварэ малання бліснула вялікая, вострая, жудасная, загрымеў гром, па ўсім небе вялікі грукат-грымот пайшоў, y самыя далёкія канцы глуха і дробна пакаціўся, пасыпаўся і раптам: трах-тара-рах-рах... трэснуў стукнуў пярун.
        Ірвануўся Архіп з усіх сіл сваіх, з усіх жыл сваіх, і праз страшны сон з лаўкі на зямлю паляцеў, больна аб мост урэзаўся.
        Прачнуўся Архіп: смоллю пахне, гарыць нешта, бацька з печы саскочыў, крык падняў.
        – Сыночак, Архіп! Бяры падушку: пярун, знаць, ударыў, гарым...
        Аглухлы падняўся студэнт сярод гулу вялікага. Добра яшчэ – не ў хату, a ў сенцы полымя адразу свіснула. Высадзіў Архіп бацьку ў акно і сам скочыў, a полымя ўжо ў вокны з сянец так і лезе-рвецца, адразу ўсе вуглы абхапіла, во ўжо і ў хату кінулася...
        – Баў-баў-баў...– зазваніў вартаўнік y званіцы.
        – Тата, татуля, табе не пашкодзіла? – Архіп y бацькі запытаўся.
        – Не, дзякуй богу, анісколечкі. Толькі звон y вушах, аглушыла троху. Ну, ці трэба ж ткі гэта! A божухна, авохці, a вой-я...
        – Татка, куды ж ты?
        – А? Гэта я дзівуюся, як шугае, пойдзем, ідзі, a то матка ўбачыць, спужаецца, ці жывы хоць мы пазаставаліся.
        – Пажар! Пажар! Ратуйце! – крычаў ужо нехта на сяле. Заварушыліся людзі, збягаюцца.
        – Дзе, хто гарыць?
        – Новая хата ў Лінкевічаў.
        – Ці там?
        – Няго ж – не, вун, ай-ай...
        – Падзівуйся, во шугаець, і помачы не дасі.
        – Якая там помач: пярун чорта забіў.
        – A маўчы ж ты, ай сказіўся? Проці ночы...
        – Добра, што воддаль двароў пабудавалі: на сяло не перакінецца.
        – A не, няхай бог крыець.
        Немалыя клубкі дыму чорна-сівага выбіваліся праз страху новую саламяную, чырвоныя язычкі полымя з хцівасцю і прагавітасцю рупліва лізалі бярвенне, кідаліся ўбок і наводзілі сваёй маўклівай і незразумелай руплівасцю-рухавасцю думку аб вечным і безадказным, думку: адкуля ўсё і што яно?
        Сцены траскаталі і абвальваліся патроху. Бура прайшла. Дзікі віхор змяніўся ціхенькім прыяйным ветрыкам. Зашамацеў па лісці дожджык. Далёка за
        панскім лесам бліскала заціхаючая малання.
        – Ну, скажы ты! Бог ведае, к чаму й што? I гэта здарэнне: пярун ударыў, людзі жывы асталіся, a хата згарэла. Мабыць, і стары Лінкевіч не будзе надта клапаціцца па ёй: згары лепей яна, чымся цярпець y ёй гэткае страхаццё. Злыдні ў ёй былі-ткі.
        – Ай, не гавары ты, кум; можа, тое праўда, a можа, батрак набрахаў, што яго з печы скінуў нехта. Хвароба яго ведаіць.
        – A сам Нупрэй Лінкевіч? Ён жа сам казаў, што заснець на зэдліку, a прачхнецца пад зэдлікам.
        – A мала што бываіць. Зэдлік вузкі, нізкі, вось і зваліўся стары.
        – Ну, браце, тут не так... Пачуў бы ён.
        – Што? Ці ж я не казаў? Як вільчылі гэту хату, дык ішоў нейкі старац. Ну, ладна; майстрам давалі гарэлку – трэба, калі па-гаспадарску, і старцу б даць, пачаставаць. Не далі. Пэўне, і падчараваў. У яго вочы такія чырвоныя, чараўніцкія, кроўю паналіваліся. Я так і падумаў, што ён вядзьмак, што не падаруе.
        – A дось табе, дзед, лухту пароць. Падчараваў, падчараваў... Яшчэ што выдумай.
        – Думай як сабе хочаш, дзіцятка, a я добра ведаю, што яно так.
        – Дык жа вот, гадоў дваццаць назад, як асінавым калом прабівалі, не тут будзь казана, што выходзіў з мaгілы кроў ссаць, нябожчыка, дык гэта...
        – Не гавары... Ноч цяпер, бура, гай-магільнік недалёчка, дось... не гожа, не варта. Як слова, не ведаеш?
        – Пойдзем, браткі, спаць.
        
        
VI
        
        Ужо з паўмесяца пражыў Архіп y двары сваім, y роднай старой хаце бацькаўскай.
        Грошы-страхоўку выдалі за хату, што згарэла, але каб лес купляць, і не гаварылі пакуль што: задумалі сяляне на хутары выйсці.
        Людзей прадпрыімных, рухавых і здольных душыла жыццё абчэственскае. Ані паляпшэнне якое ў полі зрабіць, ані лепшага сорту жыта пасеяць, ані дабрэйшую жывёлу прыдбаць. Трэба было б з аборкаў ваду спусціць y парыні: сяляне рупныя згодзіліся, a гультаі і тыя, што на сваёй зямельцы не жывуць, a пастухамі, батракамі, леснікамі ў паноў ды жыдоў жывуць, упнуліся, не далі праз свае шнуры канаў капаць. Што ты з імі, мала ўчонымі, рабіць будзеш? «Возьмем уругу ў пана, братцы, – казалі добрыя гаспадары, – жывёла на парыні, як на бубачках, як на таку, ходзіць, што яна з’есць там, якую трасцу?..» – «A на якое ліха мне твая ўруга, калі ў мяне адна карова? Дзень як-небудзь і на
        парыні прашлындаіць без пашы твае, a к вечару жонка мех травы з панскага лесу прынясе ды накорміць, і ўсё тут», – разбіваюць увесь саглас вузкашнуровыя, адходжыя ды рохлі-гультаевічы. A за кожную драбніцу брэшуцца, за шкоду няўмысную і незаметную лаюцца, як агалцелыя.
        Эх, бяднота, бяднота, бяднота!
        Да чаго ж ты даводзіш чалавека! I жалка, горка, і крыўдна...
        З лепшых людзей робіць цар голад звяроў, сумлення не маючых.
        Пачалі сяляне варушыцца, аб хутарах зюкаць.
        Архіп нічога пра тое з сялянамі не гаварыў, баяўся: пачнуць апосля дапякаць бацьку: «A-a, твой сын падбіў на хутары, панам зрабіўся, па-панску жыць захацеў; будзе доктарам, накалупае грошай і скупіць хутары гаспадароў бедных, заняпаўшых, будзе маёнтшчыкам, жывадзёрам».
        Як агню, баяўся такіх гутарак Архіп і жыў y бацькоў ціха, смірна, y гаворкі вялікія не лезучы.
        Радавалася сэрца старога бацькі яго, як пойдуць на сенакос яны: хлапец-работнік Восіп, сын і сам стары Нупрэй.
        Сала возьмуць, бліноў матка напячэ, вады ў біклажцы набяруць, выйдуць утрох на дзесяціну ў Дуброўках, y паноў дзе сенакос купілі.
        Восіп уперадзе, a студэнт ззаду, не паддаецца, гонар мае. Толькі й чутно: ўжык-ўжык-ўжык...
        Скіне студэнт і брыль з галавы, і расшпіліцца, і распяражацца, хоча плячо ў плячо з работнікам харошым ісці.
        Вясёла! Вецер сарочку паддувае, халадзіць. Скакунцы – стрык-стрык-цырр... – песеньку пяюць. Пад кустом жупаны ляжаць, і пясчанка з бруском стаіць, і Разбой іх сцеражэ, звіўся там. Бяроза сцень кідае, халадок дае. Пакошанай травою прыемна пахне, a наўкола красачак прыгожых і стаіць і ў пакосах ляжыць многа-многа!
        Стары Нупрэй сядзіць сабе на пні ды – кляп-клёп, кляп-клёп – касу клепіць і радасна на сына пазірае: малады, вучоны, прыгожы і добры такі. Сам земскі, сам к яму з рукою здароўкацца першы падыходзіць. I мужыкоў, сваіх людзей, сынок не цураецца, земляка, калі трэба, усюды абароніць і чужога не скрыўдзіць...
        Добра і студэнту забыцца на думы гарадскія сівыя, паэзіяй народа роднага пачаставацца, душу засмучоную ажывіць.
        I толькі зданні гэтыя... Пытанні дрэнныя... Туга тая... A што! Нічога, нічога... До. Ці не дапытацца Восіпа, хто кідаў яго? Ці не пайсці на могілкі са стрэльбаю начаваць?
        Фу! Смешна...
        Але ў чым жа справа і чаму яны ўсе маўчаць аб тым, як ён прыехаў?
        Яны спакойны: яны ведаюць, што нячыстая сіла ёсць, але калі яна не дакучае,
        то ім і дзела мала да яе. Што ім даходзіць, адкуля яна?
        Дый студэнту неяк усё больш не наўме тое, таемнае. Некалі за працаю ці то за чым другім. У вясковым жыцці некалі, можа? Бяжыць час y роднай хаце.
        Згарэла тая хата, і зданні забывацца сталі. Ат, проста прыдалося бацьку... Ну? A Восіп смяецца. Напаіць яго, каб праўду сказаў? A некалі неяк усё: то тое, то другое, і зданні забываюцца. Ды Архіпу не саўсім. Чаго прыехаў? A вось... бацькоў даведацца. Люба тут! Люба жыць сярод працы, свяцейшай усіх прац, – працы земляроба. Люба мець здаровае цела і здаровы дух. A i тут дакучаюць «пытанні шалёныя»... A бывае – ды ну іх! не да іх – некалі. Папрацаваць, аддыхнуць, пажартаваць і зноў узяцца за працу прыемную. Не ў горадзе, y сяле. Люба тут. Люба ў вечар цёплы, і ціхі, і добра-пагодлівы снапы вазіць. Люба раніцай y рацэ, y рацэ з вадою лёгкаю, не дужа халоднаю пакупацца. A днём гуркоў y градах пашукаць, пасмакаваць або яблык салодзенькіх, мядуначак невялічкіх пакаштаваць. A ўранні ў святы дзень устаць і ў лес пайсці, грыбоў насабіраць (мо леснікі не абдзяруць), a потым – y царкву, y госці пайсці, a вечарком, скрыпку ўзяўшы, на вуліцы пад хатай пасядзець, сыграць скокі-танцы ды песні-весялушкі розныя. Іграе Іван на гармоніку, a Цімох на дудцы мастак; танцуе студэнт з дзяўчынкамі-хахатушкамі, сарамліва-смелымі, здарова-прыгожымі.
        Ідзе час, зараз да горада рыхтавацца пара... Сумна тады робіцца.
        A толку пра зданнё страхаццё так і няма. I бацька з сынам неахвотна гаворыць ужо пра тое. Баіцца за сына ядынага, дрыжонага. Бо баіцца стары, што надта пачаў цікавіцца сынок незразумелым, таемным, страшным, незямным.
        
        
* * *

        
        Ой, Нупрэй, паглядай за сынам, – гаворыць сват Яхім, сівы разумны дзед, – пара яго апаслівая, маладая.
        Ніхто яшчэ лбом сцяну мураваную прабіць не здолеў, a галовы разбівалі многія, ой-ой, многія, як падумаеш. Вялікія навукі прайшоў Зроіл Давыдзёнак, што ўсё на галоўнага рабіна навучаўся, a пачаў задумвацца, пачаў – і ось табе на: y адной доўгай кашулі ходзіць цяпер па Шамаву з кійком, галавою круціць ды ўсё нешта гамоніць, бурчыць сабе пад нос: «Адэной, Адэной, адгукніся Зроілу. Дзе ты схаваўся ад Зроіла? Aгa, aгa, ну няма нічога». Аж страшна становіцца. Такі разумнейшы за ўсіх жыдоў шамоўскіх быў, a во адурэў, бядача, ад гэтай думы заўсёгдашняй.
        Бярэжч трэба Архіпа: мала з нашага сялянскага роду ў людзі наўчоныя выходзяць, a калі й выйдзе каторы, дык барані ты яго, божухна! Бо трудненька такому адразу прырасці ў іншым стане людзей, паркалёвых людзей. Праз тое трудненька, што як-ніяк, a роднае карэнне глыбока сядзіць y ім. Ось і мучаць яго пытанні розныя: чаму я – пан, a брат мой, брат, каторы сто раз больш
        мяне працуе, пот лье, y каторага рукі ў мазалях і закарэлі, каторы век сумуе, ды гаруе, і ў гарэлцы душу топіць, думы залівае, гэты брат, родненькі сын мае мамачкі роднае, ён – мужык, мужык, эх! Во і мучаецца чалавек: чаго на свеце так папарадкувана! Далі-болі, адкуля свет, адкуля што. Бога шукаць пачынае, як той Зроіл. Глядзіш: дыбаў, дыбаў чалавек па гэтаму каўзялю, – пасклізнуўся, заваліўся... I навука не паможа, a зможа такога, бо прырода і навуку адолевае.
        Так гаворыць сват Яхім, a кум Міхась дадае к таму:
        – A падумаць: колькі турбот, болек і працы бясконцай трэба вынесці бацькам, пакуль-ткі сынок ці дачушка на ногі стане! Ды другі ж на ногі стане – бацькоў успомніць: сам вучыцца ці служыць дзе і бацькоўскую старасць к сэрцу прынімае, клапаціцца памагае, як, скажам, Архіп. A другі ж, бывае, і бацькоў адрачэцца! Вучы яго, такую дрэнь. Ого! Ці мала іх гэткіх, далёка шукаць не трэба...
        – Дык што ж рабіць, сваток? – да Яхіма звяртаецца Нупрэй. – Жывём як бог даець.
        – A што ж? Трэба жыць. Перша-наперша трэба, каб бацькі ўкладалі ў галаву гэтым хлапцам-вучням тое, што няхай яны не саромяцца нашых мужыцкіх меркаванняў пра божы свет слухаць. Няхай сабе мы на пагляд шэры, а, браце, душа можа быць і пад шэрым жупаном не шэрая. О! Помню, бывала, прыедзець к нам y сяло на лета, ці ўзімку калі, з Пецярбурга пан Беляеўскі. Вучаны многа, кніжкі сам складае, друкуе, a ca мной так, бывала, як пойдзе, як пойдзе гаварыць, аж захлібаецца. Бачу – перада мною, мужыком, думкі лепшыя выкладае. «Я,– гаворыць, – толькі ў вас і аддыхаю і спачын знаходжу. У вас, сялян, усё кіруюцца праўду знайсці ўва ўсім. Пастух, які-небудзь, слова прамовіць з панам не можа – забіт ці ўжо натура такая ў яго да схоўкі прыхільная, – a каб пабачыў яго душу пісьменнік які, ці там архірэй, ці хто такі, ён бы здзівіўся і пазайздраваў». Во як пан казаў. Нядбаласці, звярынства, гразі многа. Але дзе ж гэтага няма? Бяднота нас адалявае.
        – Ведама, што яна.
        – A паглядзі ты, сваток, на панскае жыццё. Яно ж найболей такое, што горш... сабацкага. Распуста, паскудства. Толькі што ў іх дзеецца ўсё пад цёмнаю дзяругаю, з-пад дзяругі гэтае і жыццё праўдзівае мала відаць.
        – Яно-то так, няўжо ж.
        – A нашы хлопцы, што ў свет, y людзі йдуць, яны ад вёскі адпаўзаюць... Прыедуць y госці з чыстаты, з хлеба белага на пушны; як пабачаць тут, як мадзеем мы па родных кутках, робіцца ім і холадна, і непрыхільна, і прыкра. Паедзець назад, закруціцца там y вадаверці гарадской, агалцеець, y вёску ўжо ані блізка, мужыка чураецца, хоць і мучаецца, пэўне, каторы. A дзеткі яго ўжо карэння нашага роднага не маюць y сабе, тыя і ў лічбу не йдуць.
        – Сваток, калі ж будзе па-іншаму, калі, y які час будзе, га?
        – Будзе. Але, гора, не пры нас. Ты ж паглядзі, недалёчка хадзіць, y палякоў, y латышоў, што тутэйшыя фальваркі пакуплялі: жывуць, нельга казаць, штоб на вялікіх кавалках, a жывуць неяк чысцей, і газеты чытаюць, і дзетак па розных гімназіях ды гаспадарскіх вучылішчах вучаць. Падрастаюць трошку гэтыя дзеці – дзівіся, як твой Архіп, самі зарабляюць і вучацца. Адзін доктар, другі аграном, трэці вучыцель ці што другое... Радні не адракаюцца, братнюю руку заўсёды дзержаць і йшчэ пляменнікаў ды пляменніц за сабою ў людзі цягнуць.
        – Пажывём – паглядзім. Шукаюць нечага і нашы маладыя... ажно часам хныкаюць, стогнуць.
        – А-а! Наша старое ўжо ім не надта падабаецца.
        – На тое ж маладыя.
        – A праўда, і шкода іх, што яны знайдуць?
        – Пажывём – паглядзім.
        – Калі дажывёмся.
        
        
VII
        
        Ha станцыю павёз Архіпа той жа сват, сівы дзед Яхім. Ездзіць з дзедам было дужа ладна: чаго ён не раскажа, не нагаворыць, і ўсё разумна, к толку, лішняга не пачуеш ад старога.
        Мінуўшчына, як y люстры, праходзіла прад вачамі студэнта ў час Яхімавых апавяданняў аб старыне.
        Ехалі ўжо даўно. Сцямнела. Архіп маўчаў, успамінаючы, як пражыў дома да восеннай пары. Дзед, набіўшы піпку табакаю, курыў і гаманіў з конямі.
        Дарога ішла па старым казённым лесе. Цёмна, пара няранняя. Дрэвы, як чорныя, нямыя веліканы, абступілі дарогу з абодвух бакоў і сходзіліся ўперадзе. Коні пад ласкавую, бадрашчую гутарку дзеда рухава і асцярожна беглі па чуць бялеючай толькі перад самым носам лесавой дарозе.
        Дзед ціхенька сцёбаў пугаю і думаў, каб даў бог хутчэй перабрацца праз лес і выехаць на поле. За вярсты паўтары направа цягнулася Вялікая Патапеча: балота, мох, купнік, зараслі. Там яшчэ вадзіліся ваўкі, і ўвосень і ўзімку праязджаць без прыпасу было страшнавата.
        Архіп думаў аб матцы. Якая яна спрацаваная, вочы ўваліліся, уся быццам шчапіна, і ўсё капашыцца, клапоціцца. Праваджала яго... Дзяржалася доўга, але-такі слёзы пацяклі самі... Буйныя-буйныя, як боб. «А можа ж, я і не ўбачу больш цябе, мой сынулечка, мой Архіпачка...» I ноччу, мусіць, плакала. Эх-хо-хэ!
        – Гаў-ву-ву... – глуха і нема завыў хтось далёка на Патапечы.
        – Дзедку! Чуеш? Выюць... Ваўкі?
        – Ды не, не, сабакі дурэюць y Буліне; там вялікая вёска Буліно.
        Коні паднялі вушы і спуджана азірнуліся. Цёмны лес шумеў.
        – Гаў гаў гаў-у-у, – пачулася ўжо многа бліжэй. Коні, віхляючыся і з сторчма стаячымі вушамі, ступалі пасярод самай дарогі-праезду, туліліся і вадзілі галовамі па баках, адкуль моўчкі пазірала чорная цемень. Гняды ціха храпануў.
        – Дзядуля! ваўкі!..
        – A калі й ваўкі, ці мы іх баяцца будзем? Прыйдуць, паляскочуць зубамі ды і пойдуць, куды ім паказана, – без клопату сказаў дзед.
        – Што вы, дзядуля? Паганяць коней трэба: мо ўцячом... A то станем ды цяпло раскладзём, да свету не падступяцца.
        – Нічога, абойдземся й так. Я загавор ведаю... Дзед саскочыў з калёс і замуздаў гнядога. Конь біў капытамі па зямлі і званіў зубамі аб груздзілы.
        – Ну, Архіп, трэба толькі коні дзяржаць, – усаджваўся дзед на калёсах.
        Збоку бліснулі аганькі, пара, другая... Коні храплі, маталі галовамі, ірваліся. Ваўкі падбеглі к самым калёсам і, падскокваючы перадам, кульгалі і сярдзіта бліскалі вачамі.
        Людзі маўчалі; коні дрыжалі, як y трасцы...
        Ваўкоў было штукі чатыры. Яны беглі з бакоў і спераду і торкаліся мордамі ў ногі коням, але не чапалі. Коні ўсё трасліся і кідаліся. Каб не новыя вожкі і не жалезныя груздзілы ў руцэ, яны пабеглі б як шалёныя.
        Лес пачаў радзець, дрэвы расступіліся, на паляне каля дарогі выплывала нешта вялікае, цёмнае. То была леснікова хата.
        Ваўкі прабеглі ўслед, моўчкі нюхаючы конскія морды, з паўвярсты, можа.
        Адстаў адзін, другі... Каля лесніковай хаткі не было ніводнага.
        – Ну, к лесніку, Архіп, заязджаць, па-мойму, не варта. Зараз выедзем на поле, a там і станцыя, толькі на курганок падымемся.
        – Добра, дзядуля.
        – Скора й машыну пачуем, калі закрычыць. A к поезду, пэўне, патрапім.
        Дзед кіраваўся, каб як развесяліць студэнта.
        – Ну, ці ж не казаў я, што ваўкі не зачэпяць? – загаманіў ён.
        A з Архіпам штосьці рабілася асаблівае. Успомнілася яму і новая хата, як батрака нехта скінуў, пажар ад перуна, прыпомніў ён і страшныя апавяданні аб ваўкалаках, ведзьмах, чараўніцтве. Усё яму было няўцям. Аж тут і гэтыя ваўкі... Дзіва! У лесе набеглі, круціліся, морды конскія нюхалі, a не завалілі. Што гэта? Загавор? Чараванне? Гіпноз?
        Раптам з нейкім абурэннем звярнуўся да дзеда студэнт.
        – Дзедку, родненькі, дык што ж гэта? Скажыце, y чым прычына? Што тут к чаму, як жа?..
        – Што? Пра ваўкоў? Дык тут жа няма нічога дзіўнага. Я змалку ведаў гэту
        павадку ваўчыную. Бывала, пасеш каля лесу статак, – a раней лясы былі вялікія, дрымучыя, ваўкоў ды і ўсякага звера было без ліку, – выбегуць яны, зверуганы, здаецца, адразу ўсё б праглынулі, зжорлі, прорва іх вялікая. Выбегуць яны, і тут ад злой радасці, што напалі на паядуху, як сціснуць зяпу – разявіць не могуць: бегаюць каля жывёлы, мордамі яе толькі – таўхіль! – падтаўхіваюць, носам па горле мацаюць, a зарэзаць аніяк не здолеюць... Пакуль хіба не адбягуць куды далёка. Зубоў расцяць ім тады нельга. Ну, вядома, бывае гэта з імі, калі яны надта прагаладаюцца і раз’юшацца так, што болей некуды.
        – A цяпер? I цяпер таксама? – зацікавіўся дужа Архіп.
        – I цяпер, мусіць, так, слава богу. Я табе толькі не казаў, пужаць цябе не хацеў, a ў мяне сякера на ўсякі выпадак схавана. Думаў: уцячы не ўцячом, a можа, яшчэ зяпы ім сутарга звядзець, a калі ўжо бог дапусціць, сякерай бараніцца буду. Аж яно па-мойму і здарылася.
        – А-а... Вунь і што, – расчаравана троху, але ўсё ж з дзіваваннем працягнуў студэнт.
        – A ты б што думаў? Я ж не чараўнік які... Хэ-хэ!
        – Дзядуля! A вы ж даяце веры чараўніцтву?
        – А-аё! Ахвота табе гаварыць пра тое, пра што не трэба... A хто ж яго ведае! Ці мала чаго кажуць. Братка мой! Усё адно адказу не даб’ешся. A думаць пачнеш – адно спакой згубіш.
        – A божа! Дык няўжо ж так праз гэты, выбачайце, свінячы спакой калодаю гнілою жыццё пражыць і нічым не цікавіцца?
        – Чаму? Я таго не кажу; пэўне, без цікавасці – што за чалавек? Але гэта... Мяне во дзівіць вучыцель Балазевіч, на ўсё адгадкі знайшоў хлапец. Бога няма, памрэш, згніеш, вось табе і ўсё... Ну ці не дурны! A здаецца, і дзяцюк нічога сабе, рахманы.
        – Дык як жа, дзедку?
        – Як? A так, што, колькі трэба, ведай, a y вялікае не залазь, a то каб шыю, бывае, не скруціць. I не думай, што яно такое простае... Што няма нічога...
        – Вы, дзядуля, як былі маладзей, не казалі, мусіць, таго?
        – A што – «маладзей»... Як быў я маладзей, ішоў я раз апоўначы каля могілак, a была там свежая магіла: надоечы пан войт памёр. Даўся ён, гэты войт, пры жыцці людзюхнам. Жорсткі чалавек быў, нікому не дараваў, няхай ужо свят ляжыць. I ўміраў доўга і страшна, памерці ніяк не мог, мучыўся дужа. Іду, значыцца, я сабе з качарэжкаю, адганяю думкі аб нябожчыку, a яны так і лезуць. Не гляджу туды, дзе гэта магіла, a нехта як падбівае: «Зірні, зірні, што тама?» Не ўцерпеў я, скасіў вочы: зірк! Аж на магілцы, над насыпам – белы як y тумане чалавек стаіць, быццам той на пана войта паходж, да яго ў падобі. Закалацілася ў мяне сэрца, ногі занямелі, валакуся як нежывы, дыхаць дайжа баюся. A тое дрыжыць-дрыжыць, трасецца, як во паветра, калі ў пагодны
        дзень сонечны; толькі яно белае, быццам папера. Не ведаю, як я ўжо да хаты давалокся, белых валасоў, праўда, заўтра знайшоў, хварэў ці мала, хадзіў як y воглуме.
        Дзед памаўчаў. Студэнт прыціх, але запытаўся:
        – Дык што?
        – A што? Каб на другога – не ведаю, што было б. A я ўжо праз гадоў дваццаць ад пана Беляеўскага чуў, што траплялася гэткае бачыць і другім; гавораць іншыя наўчоныя, што, гэта, як пачынае чалавек y магіле ўжо тлець, дык з яго праз землю наверх выходзіць нешта, – забыўся названне, не наскае слова, – і збіраецца ў кучу такую ж, якой формы чалавек быў, што там пахован...
        – Фосфар, хіба... Ведаю.
        – A можа, й так, забыўся, наймення не помню.
        – А-а...– працягнуў студэнт y задумленні.
        – Можа, калі-небудзь і аба ўсём, што каля нас незразумелага, даведаюцца людзі. Бог ведае.
        Дзед замоўк. Коні весялей пабеглі, бо лес далёка астаўся цёмнай грамадай адзадзе, a дзесьці справа, дужа далёка, галасіла машына. A вакзал быў недалёчка.
        – Адно астанецца людзям навекі святою загадкаю – гэта тварэц наш найвышні. Каб не было дано людзям гэтай загадкі, не было б чалавецкага жыцця... Прапалі б людзі.
        «Іш, які дзед, – памысліў Архіп, – не дарма ж назбіраў поўную багаўню богамаленных кніжак, не дарма ж і ў базыльянцаў некалі вучыўся ў Мсціслаўлі».
        A дзед y гэты час маўчаў, думаючы важную думу. Абразы мінулага луналі прад памаладзеўшым старыком. Ён, падумаўшы, загаманіў:
        – Дык вось, Архіп, любы ты мой! Бачу я, крэпка ў табе роднае карэнне наша. A мне, старому, уміраць трэба. Едзеш ты ў свет далёкі. Смерць мая з-за кургана ўжо смяецца: мо і не пабачымся болей, дык вось, будзь ласкаў, звярні ты ўвагу на маю старыкоўскую гутарку. Першае, што скажу я табе, гэта – чытай, галубец, y кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі... Споўніш гэты загад – y жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба. I ніякая, братка, чартаўня, ніякія думы чорныя не змогуць цябе. A другое: часцей y роднае гняздзечка залятай, дык не будзе яно здавацца табе страшным, і не пабяжыш ты, спужаўшыся, уцякаць ад яго, калі, часам, пачуеш ад каго дурнога або цёмнага і скрыўджанага нараканні няправедныя, нахабшчыну на справу і працу тваю. A яшчэ дадам: не забывай ты ў горадзе, дайжа ў добрай таварыскай бяседзе за салодкімі напіткамі ды смачнымі дарагімі стравамі, не забывайся ты запытаць y сябе: «А можа, цяпер y каго скарынкі хлеба няма?» I
        ведай тады, што адным енкам ды стагнаннем бядзе людской не паможаш... Помні, што каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, a то і самаго затопчуць... Толькі ты не гневайся, што я табе наказы раблю...
        – Што вы, дзядуля! Мне так люба, лягчэй мне.
        – A чартаўня... Можа, яна і не такая незразумелая, як нам здаецца... Унукі нашы больш за нас ведаць будуць.
        – A ўсё ж крыўдна, дзядуля, што людзі сляпыя такія.
        – Гэта ў пары такой цяпер ты! A шчэ горш тое – рос ты змалку сярод нас, цёмных, y лесе, дзе яшчэ мой дзед маліўся каля асінавага пня богу Дуплінскаму-Ільінскаму. Вось яно і гаворыць y табе. Нічога, прывыкнеш сярод паноў – абойдзецца...
        – A не-е, дзед! Чаму ж тады...
        – Ку-гу-гу-гу...– загудзела машына, глушачы словы студэнта. За гоні стаяла станцыя, па насыпе бег пасажырскі поезд.
        У цёплых, добрых бягучых хатках ехалі людзі, ехалі са сваім горам і радасцю.
        – Ча-чах, ча-чах-стук – шпарка дужа грукаталі-чахалі,–чах-чах, ча-чах-стук, – тахалі колы вялікія пад вагонамі.
        Падуў ціхі ветрык, заківаў лазу над канаваю і траўку змірную прыдарожную.
        «I трыста, чатырыста гадоў назад таксама дуў ён тут, ветрык, і таксама калыхаў-цалаваў траўку сумную і маўклівую... толькі цуда-машыны не было», – памысліў студэнт і замаркоціўся...

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.