РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Эротава іскрыпка
...
I

Гамоніць песенная ніва,
I я на ўзьмежнай баразьне.
Калі мой лёс сьмяецца кпліва,
Тугою цісьне грудзі мне –
 
Ў цудоўную нырцую казку,
I ты, каханая, са мной...
Я адчуваю тваю ласку,
Тваё дыханьне за сьпіной.
 
Мне жарскім шэптам гаварыла:
– Ляці, сакол, мой белазор!
Ты разгарні шырока крылы,
Шукай, зьбірай з далёкіх зор,
 
Ты закружыся ў мройнай высі,
Хай радасьць творчая пяе.
Імкліва долу апусьціся
На грудзі белыя мае.
 
I мы, няўсьцерпныя, абое
Ў чароўным полымі згарым...
Я за сталом сяджу і мрою,
Ўспамінам цешуся старым.
 
Я п’ю душой тваю усьмешку,
Гаворку ціхую тваю.
З табой на бацькавым узьмежку
На сьцежцы выбітай стаю.
 
Дарожак стоптана нямала
Узьлескам, полем, паплавом.
Нас маладосьць зь зямлі ўзьнімала
Ад захапленьня хараством.
 
Ня ўсё дарэшты перажыта,
Мы не прачулі ўсёй красы!
Як нізка кланяецца жыта,
Вітаюць ветліва аўсы.
 
На гэта сьветлае багацьце,
Мая дрыжоная, зірні...
Здаецца, таюць твае пальцы
Ў маёй руцэ ад цяплыні.
 
Імглою засьцяць твае вочы.
Жар таямнічы ў тэй імгле!
I ты цяпер, твой сьпеў дзявочы –
Раскрытай кнігай на стале.
 
Я хочу першым кнігу гэту
У рукі ўзяць і прачытаць.
Даруй няўдаласьці паэту –
Інакш ня мог я параўнаць.
 
Ты – маё слова зь лепшай песьні,
Жывы прамень з маіх грудзей.
Цябе ў салодкіх мроях песьціў,
Цябе знайшоў паміж людзей.
        
II

Мая сястрыца дарагая!
З табой паўз жыта і авёс
Ішлі паслухаць гоман гаю
Ў зялёным кіпені бяроз.
 
I мы, шчасьлівыя на сьвеце,
Стаём вячорнаю парой
У трыюмфальных брамах вецьця,
Як гераіня і герой.
 
Нам спагадаючы, напэўна,
Пяе заўзята салавей.
Зь пяшчотай тонкай і налеўнай
Цябе гарну, тулю мацней.
 
Кроў закіпае. Я хмялею...
Я ў палынеючым агні,
Агонь сьвятарнага алею
Душу працяў да глыбіні...
 
I моцна струны ўжо напяты
На ціхай ліры на маёй.
Шуміць наш гай зялёным сьвятам,
Вянчае цьветлівай гульнёй.
 
Я не магу з тае прычыны
Быць пустацьветам і нямым.
– Ты чуеш, любая дзяўчына,
Ігру у гомане лясным.
 
Вянком віюцца нашы крозы,
Карункі вяжуцца ў душы!
Згінае вецер стан бврозы...
Адно прыслухайся: ў цішы
 
Гальлё рыпіць, як почап зыбкі,
I плача ціха, як дзіця.
Перабірае струны йскрыпкі
Скрыпач людзкога пачуцьця.
 
Зайграй, Эрот! Чаго марудзіць!
Глядзі, каханьня жар бяруць,
Даўно тугой чаўрэюць грудзі,
I ў целе слодычная труць
 
Нам ятрыць раны, родзіць мукі
I безвач рушыцца любоў.
Наўкол растуць і таюць гукі,
Пасьля выростаюць ізноў,
 
Плывуць струменямі крыніцы
I пояць грэшную зямлю.
З прадоньня іхнай таямніцы
Я зьнічкі радасьці лаўлю.
 
Дзяўчына туліцца ў трымценьні,
Мне шэпча, ціснучы руку:
-Ці-ж гэта йскрыпка? Лятуценьні...
Пяе салоўка у гайку...
 
Сьпеў дагарае, дарагая,
I прыскам тлее у крыві.
Эрота зь міту ў шуме гаю
Урой мілосна, уяві.
 
Ён усьміхнецца, кіне кветку
Зачараваную табе.
Пераістоцішся ў паэтку
I ўсё пазнаецца глыбей.
        
III

Мой матылёчак залацісты,
Краса рамонкавых лугоў!
Табе нясу я слоў маністы,
Даўгую занізь жамчугоў.
 
I пад Эротаву іскрыпку
Імравізую песьнятвор.
Вулькан свой жар хаваў углыбкі,
А потым зрынуў на прастор.
 
Я твой Вэзуві, ты – Пампэя,
Імпэтнай лявай абыйму,
У позных прыцемках сагрэю
I на вяршыні узьніму.
 
Табе збудую я палацы
З крыштальна-чыстых, весьніх мрой,
Каб кожны мог налюбавацца
Тваім абліччам і табой.
 
Жаўром ляту ў пачуцьцяў вырай,
Я ўцешны тым, што Беларус
Багацьце слоў для ласкі шчырай
Бярэ ня скупа, не ўнатрус.
 
Таму і мроі – сьветлым роем,
I я натхненна ўзгаварыў.
Ты – маладая ў белым строі,
Шаўковы шалік плечы ўкрыў.
 
Табою хочу я дзівіцца,
Палёў гарэзнае дзіця,
Зігціш, бы ўлетку бліскавіца,
У хмарах дзён майго жыцьця.
 
На шчоках радасную чырвань
Разьліў чарэшні сьпелы сок.
Мяне крануў, ізь сьцюжы вырваў
Твой пасмаў лёгкі завіток.
 
У косах – сьціплая стакратка,
Ў вачох – крынічная бруя.
Маё лясное любянятка,
Ты-ж бо русалачка мая.
 
Маю душу заказытала,
Я ўрэшце страціў супакой.
Пачаў сьпяваць.
I дум нямала
Згадана ночнаю парой.
        
IV

Ня моўкне музыка Эрота
I ў часе жудасных падзей,
Калі няшчасьці і гарота
Куюць кайданы для людзей.
 
Я бачыў бедных у палоне
Ягонай зладжанай ігры.
А небясьпека біла ў скроні,
А голад строміў капцюры,
 
I пад абстрэламі гарматаў
Ён не загінуў. Жыў Эрот!
Сярод людзей цяжарам зьмятых,
Кружыў пачуцьцяў карагод.
 
Я сам у гэтым карагодзе
Сьпяваў – бяспраўны і чужы.
Шляхі выгнаньніка праходзіў,
Як той аснач, цягнуў гужы.
 
Чарнеў і сох з прыгоннай працы,
Ня мог ад зморы уцячы.
Каб да сьвятла валей дабрацца,
Сядзеў над кнігай уначы.
 
Там на разгорнутых балонах
Мае укоіліся сны.
У песьні песьняў Салямона,
У лепшых творах з даўніны
 
Знайшоў я ўсё, чаго шукала
Мая пакутная душа.
Мой боль даўгі, як плач шакала,
Яго я словам суцішаў.
 
Любоўнай лірыкай сагрэты,
Прывычку дзіўную займеў:
Паэму лепшага паэты
Чытаў уголас, нарасьпеў.
 
Нібы красалам біў аб камень
I ў сэрца іскры, як на трут.
Я жыў бліскучымі радкамі,
Сабе выносячы прысуд:
 
Ісьці ў жыцьцё самому зь лірай,
I ўдвох з Эротам прасьпяваць,
Што набалела – ўціхамірыць,
Што не прачута – прачуваць.
        
V

Я ў лятуценьнях... Сьвет фантазій
Мяне агортвае і я
Ў чульлівам, радасным экстазе
Гукаю: Ластаўка мая!
 
Вяшчуньня сонечнага лета,
Хутчэй ляці ты да мяне,
Каб я гарэў пунсовым цьветам
I палкім вершам празьвінеў!
 
Гадзіньнік б’е часіну шчасьця,
Мая княгіня ўжо ідзе,
Ідзе ў мае абдымкі ўпасьці,
Трымцець, як човен на вадзе.
 
I патануць у часе буры,
Спакой знаходзячы на дне.
Прыходзь! Бадзягу-сум пратурым,
Сьпяшайся, люба, да мяне.
 
Я маладосьці шчэ ня страціў,
Таму, хоць познаю вясной,
Набыў адзінае багацьце –
Каханьне, ўсьпешчанае мной.
 
Я разумею, што бяз слова
Яно, як чарка бязь віна.
Пытаю госьцю, ці здарова,
Ці ня журылася яна,
 
I запрашаю ветла сесьці,
А слова шчырае імкне.
– Дык будзь, – кажу сваёй нявесьце,
За гаспадыню у мяне...
 
Мая сьвятліца весяліцца.
Усё нязвыкла, як у сьне.
Гарою кнігі на паліцах,
Партрэты любых на сьцяне.
 
I ты на ўзорыстым каберцы
Цьвіцеш пралескай веснавой.
Ты заўладала маім сэрцам,
А я табой, тваёй душой.
 
Зачаравана маім вершам,
Спагадна слухаеш мяне.
Я да цябе прыходжу першым.
Не адштурхнула, бачу, не!
 
I я ў тваю адданасьць веру,
Ў тваё сяброўства,гонар твой.
На ключ зачыненыя дзьверы
Вартуюць ціхі наш спакой.
        
VI

Чытаю з памяці я вершы
Усхвалявана, нарасьпеў.
Твая усьмешка – дар найлепшы –
Расьцерла, змыла мой сумлеў.
 
Паўзе ў пакойчык згусткам чорным
Вячорны морак праз вакно.
Нам добра ў мораку вячорным
Зьлівацца сэрцамі ў адно.
 
У цёмных зрэнках ласка тоне.
Здаецца, там зара лягла,
I разгараецца сутоньне
Без электрычнага сьвятла.
 
I ўроіў я: напагатове
Эрот зь іскрыпкаю сваёй,
У паэтычным кволым слове
Цішком стаіць перада мной.
 
Ён пачынае увэртуру,
Пяюньня-скрыпка аж дрыжыць,
А смык узьняты. Гукаў бура
Во-во па струнах прабяжыць.
 
Ужо чутно: пяюць анёлы
I вечар восенскі зачах.
Цьвітуць у цемры мацыёлы
I разьліваюць тонкі пах.
 
А можа тут не мацыёлы,
А ты павеяла вясной...
У тон пачуцьцяў нашых кволых
Зайграў санату за сьцяной
 
Сусед-музыка, мой знаёмы.
Ён часта цешыцца ігрой.
Сядзіць штодня самотна ўдому
I льле на струны свой настрой.
 
А можа гэта ночны сполах
Мне выяўляе здань чуцьця.
Ці можа той Эрот вясёлы
Майго гаротнага жыцьця
 
Зайграў на скрыпцы ў маіх крозах
Шасьценьнем жыта, шумам траў.
Вось гэтак некалі ў бярозах
Упяршыню ён нам іграў.
        
VII

Эрот гатовы да фіналу.
Ізноў узьняўся смык старчма,
Даткнуўся йскрыпкі, і памалу
Вакол рассоўваецца цьма.
 
I ты, як сонца ў зіхаценьні,
А я – твой палкі мэтэор –
Ляту. Палае жар хаценьняў.
Згараю, зрынуты ў прастор.
 
Як рысь у пушчы Белавежы,
Блукаю ў пешчах я тваіх.
Блішчыць сьляза расою сьвежай,
Трапёткай лані ўжо дасьціг.
 
Над намі йскрыпка ціха плача,
Ўзьлятае кагаркаю смык,
Над хваляй гукаў лёгка скача,
I ўсьлед імкне з надорвай крык.
 
Мая палоненая ланя!
O, дар палескіх гушчароў!
Эрот узрушаны дазваньня.
Ірдзее кропелькамі кроў:
 
Ад струн параненыя пальцы
На грыф, як лебедзі, ляглі.
Дык годзе іскрам рассыпацца,
Калі згараюць вугалі.
 
Адразу змоўклі струны-чары,
Схіліўся стомлены Эрот.
Ён з разгарачанага твару
Зганяе хусткай буйны пот.
 
Ён мне прыветна усьміхнуўся
Ў маім чароўным міражы.
Зноў у музычнай завірусе
Душу паэты закружыў.
 
Я не знаходжу ў жарсьці слова,
Адно шапчу: – Я твой, ня плач!
Ты чуеш? Грае адмыслова
З мае рапсодыі скрыпач.
 
Ты чуеш? Чыстая крыніца
Зьвініць у ночнай цішыні...
Нам краска папараці сьніцца,
Мігцяць купальскія вагні.
        
VIII

Эрот са мною. Прызнаюся,
Ён неразлучны сябра мой.
Мы разам зь ім у Беларусі
Дуэт наладжвалі ігрой.
 
Я пад ягоную іскрыпку
Ў кунежнай восенскай журбе
А урачыста, а бяз крыку
На ліры выславіў цябе.
 
Я і цяпер цябе ня кінуў,
Цябе, мой Край і мой народ.
На карузэлі успамінаў
Са мною кружыцца Эрот.
 
Мільгаюць блізкія абліччы
Ў натоўпе шумным і чужым.
Сваіх братоў і сёстраў лічым,
А крывадушных мы бяжым.
 
Любоў на йскрыпцы мне іграе,
Пяе мне ў кожную пару.
Я разумею, дарагая,
Бяз слоў Эротаву ігру.
 
Няхай каторыя сьмяюцца!
– Адно на гэтакіх зірні:
Ў куртатых, збруджаных пачуцьцях
Няма ніякай цяплыні.
 
Як пуста, чорна і няветла!
Злы дух гняце такіх людзей.
Яны адвыклі мроіць сьветла,
Хаваюць камень ля грудзей,
 
Каб кінуць лаянкай у брата,
Каб маці родную забіць,
З душою дзікага пірата
Яны ня могуць сьвет любіць.
 
Яны клянуць жыцьцё людзкое,
I выюць глуха, як ваўкі,
Зьвярыным лютым непакоем
На ўсё ашчэрваюць клыкі.
 
Нi чалавека, ні расьліны
Яны ня ўмеюць шкадаваць.
Краіны цягнуць на руіны,
Злачыннай думкай гацяць гаць.
 
Крыві замала! Больш ахвяраў
Няхай напражацца ў вагні.
Ня сьціхне мроіць недавярак
Пра дні пажараў, сьмерці дні.
 
Эрота слухаць не жадаюць,
I паўзь яго глухімі йдуць!
Няхай! Няхай сабе мінаюць,
З крыніцы выплешчацца муць.
        
IX

Сплывае ноч. Ужо сьвітае.
А я пішу. Мы удваёх.
I вера цепліцца сьвятая
Ў маіх намроеных радкох.
 
Як на Вялікдзень прыбяруся
Ў дзень волі, ў Дзень Сакавіка.
З табой ізноў у Беларусі
Пайду ў гушчар маладняка.
 
Пайду з табою, дарагая,
Туды, дзе песьняй я гарэў,
Паслухаць вольны гоман гаю,
Дыхнуць паветрам хвойных дрэў.
 
Ізноў мы пойдзем па тых сьцежках
Узьлескам, полем, паплавом,
Каб свае сэрцы родным цешыць,
Каб захапляцца хараством.
 
Ізноў пачуем сьпеў прастораў,
I самі ў шчасьці запяем.
Вядуць надзеі нас, як зоры,
У сьветлы, родны Віфлеем.
 
Я веру ў добрую часіну,
Калі пазбавіцца народ
I перасьледаў нясупынных,
I ў вольнай працы перашкод.
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Зусім сьвітае... Мроі – годзе!
На вокны золак вогкі лёг.
З радкоў нярадасным выходзіць
У гэтым творы эпілёг.
 
I мне маркотна у самоце.
Ідзе паэма ад мяне.
Я бачу вобраз твой наўспроці,
Твой чысты вобраз бачу ў сне.
 
Няўжо, скажы, няма ўжо выйсьця
I сьвет зачынены стаіць.
Няўжо туга ня кіне грызьці
Майго жыцьця слабую ніць?
 
Красуню лашчыць Квазымода
На паняволенай зямлі.
Нас разлучыла непагода,
Завеі сьцежкі замялі.
        
X

Аж заскаміла маё сэрца,
Заныла чэмерна яно,
Радзімай краскі на каберцы
Ужо ня бачу я даўно.
 
Мая палеская пралеска,
Ці-ж ты пакінула мяне?
Ці можа мне жалобнай весткай
Адкажа вецер па вясьне,
 
Што ты асьмягла і завяла
I патанула ў нябыцьцё.
Як сон, як папараць Купалы
Ты увайшла ў маё жыцьцё.
 
Няхай лягла імгла густая
Наўкруг мяне. Праб’юся я!
Мой сад шуміць і расьцьвітае,
А ў ім ты, красачка мая.
 
Не надламіла злая сіла
Твайго зялёнага сьцябла,
I ты пялёсткі арасіла
Ў вапошнім вытаку цяпла.
 
Пяшчотай кволай акрываю
Цябе, мой прывід сьветлых мрой.
Як на дзялежы караваю –
Даю найбольш я маладой.
 
Табе, дзяўчына майго Краю,
Табе, княгіня, аддаю
Увесь мой скарб, усё, што маю,
Паэму лепшую маю.
 
Напэўна дзесьці ты на яве
Чытаеш ліст мае душы.
Дык зразумей і неўзабаве
Імя сваё мне напішы.
 
Тваё імя, як сьветач ясны,
На сэрцы чулым запалю.
Я з гатым полымем нязгасным
Прайду пакутную зямлю.
 
Мая вясёлка, мая рыбка!
Зьявіся! Сьвет мне адчыні.
Я чую –
                  ў страшнай цішынi
Дрыжыць Эротава іскрыпка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.