РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аб’яднаньне
1
        У старажытным замку з магутнымі, таўшчэзнымі сьценамі, змураванымі з гранітных камянёў, было шмат камераў, сярод якіх самыя вялікія былі Кутняя і Даўгая. Кутняя займала вугал будыніны, ля вежы; Даўгая была паверхам ніжэй і трохі ўбаку ад вежы. I там, і там сядзела па некалькі дзясяткаў вязьняў, збольшага, аднак, аднае нацыяналыюсьці. Мусіць, таму, што туды саджалі мясцовых, тубыльцаў. Тое было ўвогуле зручна – і для вязьняў, і ддя наглядчыкаў. Асабліва калі ўлічыць, што большасьць сядзела за ўдзел у няўдалым паўстаньні, якое было жорстка здушанае рэжымам. Усе разумелі адзін аднаго.
        У іншых жа камерах сядзелі розныя людзі – розных злачынстваў і нацыяў. Тым было значна горш – ні пагутарыць, ні паразумецца. Адно маўчалі дзень пры ночы.
        Але, як вядома, чалавек уладкаваны гэткім чынам, што калі добра, дык хочацца, каб і яшчэ лепш. Тое, мабыць, зразумелі і вязьні абедзьвгох камераў, у якіх пачаўся спантанны рух за аб’яднаньне. Яно і сапраўды: навошта пасаджаных па адной справе трымаюць у розных месцах, калі можна сабраць у адным. Зручнасьці відавочныя – і для зьняволеных, і для начальства. I пагаманіць, агулам зразумець памылкі і хібы барацьбы, дамагчыся выкрыцьця здрайцаў. Зноў жа, калі ўсе разам, дык можа ўсіх не пакараюць сьмерцю, можа агулам дамогуцца волі?
        Найперш сваю думку вязьні ўвялі ў вушы наглядчыкаў, затым у выглядзе скаргі напісалі адміністрацыі: што і меншыя будуць затраты на ахову, і на ацяпленьне зімой, і стане лацьвей наглядчыкам. Быў і яшчэ адзін момант таго аб’яднаньня, хоць і трохі рызыкоўны для вязьняў. Рэч у тым, што наглядчыкам у Кутняй камеры быў увогуле неблагі чалавек, нават сімпатычны з выгляду, прыгожы і ўсьмешысты, які ніколі нікога ня біў. Затое наглядчыкам Даўгой быў сапраўдны зьвяруга – і ў паводзінах, і ў паставе, трапіць пад яго ўладу было б жахліва. Праўда, у адносінах да вязьняў тыя іх якасьці ня надта выяўляліся – усім у турме кіравалі зацьверджаныя наверсе правілы турэмнага рэжыму, якія строга выконваліся. I ўсё ж вязьні дужа спадзяваліся, што аб’яднаюцца яны ў Кутнюю, так прынамсі хацелася. А дзе хаценьне, там і спадзяваньне.
        Большасьць прыхільнікаў таго была ў абедзьвюх камерах, хоць і там і там знаходзіліся і песімісты. Ныцікі і недавяркі. Ныцікаў і недавяркаў, канешне, не любілі на волі, пагарджалі імі і ў турме.
        Такім недавяркам у Кутняй быў стары авечы стрыгаль. На ўсе гарачыя захады энтузіястаў аб’яднаньня ён толькі скептычна чмыхаў і кідаў скупое «Усё ядна». Іншыя даказвалі, што Стрыгаль глыбока памыляецца, бо зусім відавочна, як гэта здорава сабрацца ў адно ўсім небаракам, згуртавацца, каб хоць раз памаліцца разам свайму Богу. Ці ж гэта добра, гібець разьяднанымі ў розных куткох, нават на розных паверхах, пад розным начальствам, адзін з якіх зьвер, а другі быццам і нічога. Ці справядліва тое? Стрыгаль, усё моўчкі выслухаўшы, нязьменна кідаў сваё: «Усё ядна» і спыняў размову.
        У Даўгой скептык быў іншага складу – той вёў працяглую спрэчку, у тым сэнсе, што турэмнае начальства ніколі ня пойдзе на саступку вязьням, ніколі не дазволіць ніякага аб’яднаньня, бо аб’яднаньне яму нявыгаднае, а то і небясьпечнае, што трэба з тым прымірыцца, па-дурному ня траціць сілы. Можа так здарыцца – астатнія сілы перад канцом. Але чым болей ён гарачыўся ў спрэчках, тым зласьлівей насядалі на яго апаненты. Некаторыя ўжо пачалі называць яго здраднікам. Тым болей, што на волі ён быў паліцыянтам і меў прозьвішча Гусак.
        Апантаным энтузіястам аб’яднаньня дзьвюх камераў быў Паляноўскі, высокі схуднелы вязень, што хварэў на сухоты. На волі ён шчыраваў партыйным функцыянерам, меў адмысловы прапагандны досьвед і дужа ўмеў гаварыць – агітаваць і пераконваць. Звычайна тое і рабіў да абеду, а пасьля абеду сядзеў, прыпёршыся да сьцяны – абдумваў новыя аргументы. Вязьні ўвогуле слухалі яго з цікавасьцю. Галоўнае з тае прычыны, што ён умеў бачыць надзею. Бальшыня з ім пагаджалася. Адзін толькі Стрыгаль дэманстратыўна маўчаў, і калі ў яго пыталіся, адказваў нроста: «Усё ядна. Сьмерць».
        Людзі пацспвалі плячыма і адварочваліся – каму тут хацелася разважаць пра сьмерць? Асабліва, калі яна і напраўду стаіць у кожнага за плячыма. Але ж чалавек, пакуль жыве, схільны разважаць пра жывое. I спадзявацца.
        А Стрыгаль толькі маліўся.
        Тым часам на волі штось адбылося – новае паўстаньне, ці што? Нсяк поччу ў замку пачуўся гоман, шмат галасоў і тупат шматлікіх ног – то прывялі вялікую партыю вязытяў. I тады, можа з тае прычыны, што спатрэбіліся вольныя камеры, ці з якой іншай, даўняя мара вязьняў была зьдзейсьненая: зьняволеных з дзьвюх камераў сагналі ў адну. Якраз у Кутнюю. Тут стала цесна і тлумна, але і радасна. Паляноўскі адразу наладзіў штось падобнае на мітынг, на якім дужа горача мовіў пра адзінства, сілу і згуртаванасыдь. Вязьні з дзьвюх камераў аж выціралі сьлёзы радасьці, абдымаліся і цалаваліся. Нават ныцік Гусак прасьвятлеў з твару і абняў некалькі чалавек з Кутняй. Толькі Стрыгаль па-ранейшаму сядзеў у кутку самотны, і калі ў яго запыталіся, чаму ён ня радуецца, паныла махпуў рукой.
        Мабыць, яго тады мала хто зразумеў, шмат хто падумаў: дурны стары. Усе бачылі несумненную выгоду нечаканага аб’яднаньня – ужо хоць бы тое, што пазбыліся зьвераватага наглядчыка і апынуліся ўсе разам. А гэты, наглядчык Кутняй, нават прыемна ўсьміхаўся і нікога ня выцяў за час пярэбараў. Ужо тое давала надзею.
        Спалі ноччу ў цеснаце, покатам на бетоннай падлозе, але амаль шчасьлівыя. Нагаварыўшыся, наабдымаўшыся. I нават забыўшыся на песімістаў Стрыгаля і Гусака. Дый на наглядчыкаў таксама. Аднак тыя, мабыць, пе забыліся на іх. Яшчэ не разьвіднела, як цяжкія дзьверы-вароты камеры расчыніліся, і сонныя вязьні ўбачылі ў іх жаўнераў – шмат жаўнераў – і ўсьмешыстага наглядчыка, які з той самай лагоднай усьмешкай грымотна скамандаваў:
        – Па адным – на выхад! Ліквідацыя...
        Некалькі дзясяткаў вязьняў сьпярша зьбянтэжана маўчалі, бы не разумеючы, чаго ад іх дамагаюцца. Але хутка ўсё стала надта зразумела і жахліва, і яны па адным пачалі выходзіць у дзьверы.
        Апошнім нясьпешна выйшаў Стрыгаль. Цяпер ужо ніхто не папракнуў яго, і той напасьледак злосна плюнуў на парог камеры Кутняй: пад ранак ён таксама паверыў, што ўсё неяк абыдзецца...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.