РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Абязбожаны люд
1
        Народ дужа верыў у свайго Бога і спрадвеку маліўся яму. Нават калі жылося няблага, не было войнаў, голаду ды іншых пошасьцяў, людзі хадзілі ў цэрквы і шчыра маліліся. Цэрквы былі старыя, ня надта шыкоўныя, збудаваныя з каменю ці дрэва. Але заўжды ў іх тоўпіўся люд, гарэлі сьвечкі і чуліся пранікнёныя словы вернікаў. Асабліва ў нядобры час, у пару войнаў ды ўсялякай бяды і нягоды, якіх на гэтай зямлі хапала.
        Але во насталі іншыя часы. Невядома адкуль насунулася панявсрка, людзі засумняваліся і загаварылі пра тое, што Бог не ўсемагутны. Колькі было бяды і няшчасьця, а ці памог ён хоць каму-пебудзь? Казалі, што не. Таму ці варта марна маліцца, шмат часу аддаваць Богу, царкве і сьвятарам, у якіх бязбожная ўлада згледзела ворагаў, ашуканцаў, а пасьля і шпіёнаў. У газетах былі выдрукаваныя адпаведныя факты і сьведчаньні, знойдзеныя падставы, паводле якіх сьвятароў належала зынішчыць, і тады, казалі, жыцьцё адразу палепшае. Так было і вырашана. Сьвятароў пасадзілі ў турмы, ішлых саслалі ў сьцюдзёны край, а то і расстралялі. Царкоўнае майно, што назапашвалася цягам стагоддзяў, расьцягалі па ўстановах, прадалі за мяжу. Грошы, казалі, патрэбныя, каб галоднаму люду купіць хлеба. Купілі ж зброю і рыштунак для войска і паліцыі. Паліцыя была болей патрэбная ўладзе, чым згаладнелыя, нямоглыя людзі. З купалоў пакінутых цэркваў пазьдзіралі паржавелыя крыжы, паразьбівалі каляровыя вітражы і вокны. Дождж ды сьнег давяршылі непазьбежную справу заняпаду. Рэлігія сканала.
        Ня стала ні сьвятароў, ні іерархаў, ні цэркваў. Зарослыя крапівой ды быльнягом руіны горбіліся ў паселішчах ля апусыделых гандлёвых плошчаў.
        Але мінаў час, а жыць лепей ня стала. Людзі не хадзілі ў цэрквы, затое тоўпіліся ў шынках ды корчмах. Пілі, як ніколі. Ніхто, апроч сварлівых жонак, не забараняў таго, але хто слухае жонак? Улады ж самі падахвочвалі народ піць, бо мелі хранічную няўпраўку з бюджэтам. Распуста, гвалт і забойствы дасягнулі небывалых памераў, ад п’яных канфліктаў народ траціў ці ня больш, чым ад войнаў. Войны ж між тым выбухалі, як і раней – на жыцьці кожнага пакаленьня. Як толькі сыны ў бацькоў дасягалі дваццаці гадоў, дык распачыналася новая вайна. Ваяваць маладыя ішлі з вялікім імпэтам, а вярталіся з заўсёднай нягегласьцю. Не зважаючы на тое, перамагалі ці апыналіся пераможаныя. Перамога нікому не прыносіла выгодаў, а толькі новыя клопаты.
        Тады праз нейкі працяглы час успомнілі пра Бога. Недзе наверсе ўлады вырашылі, што зрабілі памылку, выракшыся Бога. Народу патрэбны Бог – гэтаксама, як і хлеб і гарэлка, зразумелі кіраўнікі і дазволілі мець Бога.
        У краіне пачалі аднаўляць Царкву, выладкоўваць яе складаную іерархію. Іерархаў набралі хутка, асабліва вышэйшых. Частка перайшла з расчараваных у палітыцы інтэлігентаў, частка рэкрутавалася са сьпецслужбаў. Кадры сьпецслужбаў наогул паважаліся ў краіне, бо не падманвалі ўладу ніколі. Якое заданьне атрымвалі, тое і выконвалі – хутка і бяз роздуму.
        У гарадох і вёсках кінулі будаваць клубы ды сьвінарнікі – дружна ўсчалі мураваць храмы. То былі выдатныя будоўлі, на іх скарыстоўвалі замежную тэхніку і лепшыя матэрыялы. Праектаваньнем займаліся наваствораныя праектныя арганізацыі, найлепшыя мастакі расьпісвалі сьцены і купалы на эвангельскія тэмы. Купалы скрозь зьзялі сьвежым сусальным золатам. Званы адлівалі ў старых індустрыйных цэнтрах, а таксама на прадпрыемствах ВПК, гучалі яны, бы арганы. Мантаж рабілі з дапамогай магутных кранаў пераважна нямецкай вытворчасьці – хутка і бездакорна. План будаўніцтва храмаў выконваўся пасьпяхова.
        Але тут падышла праблема, якую вырашыць стала няпроста: зьнік Бог. Колькі таго ні клікалі – не адгукаўся. Запусьцілі ў неба касманаўтаў, ды тыя толькі лёталі, трацілі грошы, а Бога ня бачылі. Мяркуючы па ўсім, Бог сыйшоў, адцураўся грэшных людзей. Але як жа было бяз Бога? Не перарабляць жа шыкоўныя цэрквы на збожжасховішчы ды сьвінарні.
        Тады вырашылі стварыць уласнага, Зямнога Бога, які, канешне ж, будзе нават лепшы за Бога Нябеснага. Усё ж свой, ведае патрэбы людзей, сам – з народу. Правялі рэферэндум, і 99,99 адсоткаў выказаліся за Зямнога Бога. Выбары яго адбыліся адмыслова дэмакратычна – тайна і ўсеагульна, кожны выбаршчык меў адзін голас; сусьветная супольнасьць іх ухваліла. Выбралі, вядома ж, самага вартага для тае высокае пасады. Паколькі самыя вартыя знаходзіліся ў сьпсцслужбах, адтуль і ўзялі Зямнога Бога. Ім аказаўся самы для таго здатны – дужа адукаваны (скончыў аж тры ВНУ: партшколу, АГН і ВІП КГБ), доктар і прафесар, меў цудоўную мянушку «Крышталь», гуляў у футбол, тэніс, валейбол, хакей, таксама як у прэферанс і ў дурня. У якасьці Зямнога Бога ўсім абяцаў тое, што ад яго хацелі: мужчынам – танную гарэлку, жанчынам – прыгожых мужчын, вайскоўцам – шмат зорак на пагоны і грудзі, пенсіянерам – кучу «зайцоў». Краіна была ў захапленьні ад уласнага Зямнога Бога.
        Паводле адмысловай пастановы аднойчы ўвосень у адзіны для краіны дзень усчаліся арганізаваныя набажэнствы. То было дужа ўрачыстае й прыгожае мерапрыемства. Прываліла безьліч згаладнелага па веры народу, усе глядзелі, слухалі, захапляліся царкоўным антуражам – можа, болей, чым па рок-канцэртах. Некаторыя нават хрысьціліся – справа налева ці наадварот, бо ўжо забыліся, як трэба. Іншыя, трохі пастаяўшы на імшы, выбіраліся на вальнейшае месца і пыталіся: дзе буфет? Буфету чамусь не было – ня тое, што на звыклых дэпутацкіх выбарах. Што гаварылі сьвятары – ня дужа слухалі, бо і не разумелі. Кіраўнікі, што нядаўна яшчэ змагаліся з рэлігійным дурманам, стаялі наперадзе са сьвечкамі ў руках, хоць таксама мала што разумелі. Хіба рабілі выгляд. Бачна было – чакалі, калі тая нудота скончыцца і можна будзе пайсыді традыцыйна адзначыць пачатак важнае справы.
        Спакваля, аднак, сталі прывыкаць да царкоўных службаў, стаяць і нават маліцца. Маліцца – гэта значыць прасіць у Зямнога Бога. Адныя прасілі здароўя, другія шчасьця ці хлеба. Начальства маліла асігнаваньняў на гаспадарку, якая за бязбожныя гады зазнала вялікі заняпад. Прадпрымальнікі прасілі крэдытаў. Ды Зямны Бог пасьля выбараў бы аглух – нічога не даваў нікому. Толькі браў. Хлапцоў – у салдаты, грошы – на падаткі, здароўе – у старых, свабоду – у маладых. З цягам часу народу ў цэрквах стала ўсё менець. Хадзілі ўжо толькі па вялікіх сьвятах, і то болей старыя. У моладзі здаўна было іншае захапленьне – дыскатэкі і канцэрты поп-музыкі.
        А пасьля цэрквы і зусім абязьлюдзелі, ніхто туды не хадзіў. Выдатнае царкоўнае ўбранства – абразы ды пазалоту – усе ўжо бачылі, слухаць жа там не было чаго – па тэлевізары прамаўлялі цікавей.
        Кіраўніцтва таксама ня дужа шчыравала, рэдка паяўляючыся на службах. Іерархі і сьвятары скардзіліся на несьвядомасьць вернікаў і хадайнічалі, каб сьпецслужбы паспрыялі. Тыя згаджаліся, што справа дрэнь, і ўспаміналі нядаўняе старое. Што старое – ня ёсьць усё кепскае, што і ў старым было шмат добрага. Напрыклад, прымус па формуле: добраахвотна, але абавязкова. Як некалі падпіска на пазыку або выбары дэпутатаў. Калі дзе што не атрымвалася, выручаў прымус. Прасілі ў Зямнога Бога санкцыю на прьшус, які ён ахвотна даў у неабмежаванай колькасьці. Бо, як казалі, браў прымус з Космасу, дзе яго было процьма. Кіраўніцтва за тое дужа палюбіла ўласнага Зямнога Бога і пачало дружна маліцца за яго.
        А просты люд зноў упаў у нэндзу і паняверку. Як ні круці, зноў павярнуўся да звыклага, ці не з паганскіх часоў ідалу – яе сьвятасьці Бутэльчыны. На самадзейна-дэмакратычнай падставе ў краіне пачалася кампанія за будаўніцтва адпаведнага сімвалу – меркавалася цыклапічнае збудаваньне са шкла, бетону і сталі на самай цэнтральнай плошчы сталіцы ў форме аграмаднай Бутэлькі. Быў прыняты адмысловы праект, але стрымвала адна нечаканая і цяжкавырашальная праблема – з коркам ці без. Калі з коркам, казалі, будзе недэмакратычна, калі без... Вядома, што бывае з бутэлькай бяз корка. Чакаюць блаславеньня Зямнога Бога, як ён вырашыць – так і будзе.
        Пэўна ж, дачакаюцца. Але што тады будзе?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.