РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Камень
1
        Зранку таго дня ў карчме гуло; гуло і ў поўдзень, і ўвечары гуло таксама. Зрэшты, для таго былі прычыны: скончыўся палявы сезон, людзі сабралі ўраджай, частку якога з выгадай прадалі на кірмашы, а частку захавалі на зіму. Шмат хто займеў грошы – чаму было і не пагудзець у вольны пасьля нялёгкае працы час? Пасьля плённае працы льга было і зусім расслабіцца, забыцца на руцінныя клопаты, піць маладое віно ды сьпяваць песьні. Але гэтыя людзі не маглі таго дазволіць сабе – заўжды на працы ці дома яны несьлі ў сабе нязбыўны гнятлівы клопат, што перадаваўся ад кожнага пакаленьня наступным. На схіле гары ў канцы вуліцы з незапамятных дзён высіўся агромністы круглы камень. Увогуле ў гэтым горным краі камянёў было шмат, ды ўсе яны неяк самі па сабе ўладкаваліся кожны на прыдатным для таго месцы, апроч аднаго, можа самага з іх вялікага. Гэты на сваім колішнім землятрусным шляху з гары затрымаўся якраз на пачатку вуліцы, нібы зьнерухомеўшы ў роздуме – каціцца далей ці пачакаць? Пакуль камень вырашаў тую праблему, ніхто ў дамоўках ніжэй ня мог спаць спакойна, дапяты пытаньнем: ляжыць ці коціцца? Ні ў кога з тых, што жылі пад пагрозай каменя, не было сілы з ім справіцца, і камень ляжаў так можа сотні гадоў, тоячы ў сабе маўклівую пагрозу людзям.
        Людзі паасобку ня ведалі, як пазбыцца каменнай пагрозы. Але тое было да часу, пакуль імі не авалодала калектывісцкая ідэя, якая, як вядома, часам набывае матэрыяльную сілу. Асабліва калі тая сіла натхніцца ў пэўны час бочкаю добрага маладога віна.
        – Мужчыны мы ці гаўнюкі? – рашуча пытаўся ў грамады гаспадар-карчмар, паўстаўшы за даўгім драўляным сталом. – Няўжо мы пе зьбяром сілы, каб закаціць таго бугая? Мы – асілкі, што дапіваем другую бочку...
        Вядома ж, тутэйшыя асілкі не лічылі сябе слабакамі і дружна загулі ў згодзе – прамова карчмара натхняла. Тракціршчык наогул лічыўся ў іх самым разумным, інакш ён бы і ня быў карчмаром. Яго адразу падтрымаў каваль, чыя кузьня мясьцілася над таполяй – бліжэй за ўсе хаты да каменя. Ну, а дзе каваль, там і яго малаткар – дужы плячысты хлопец-сірата, праўда, ня надта здаровы на галаву. Звычайна пры грамадзе малаткар упарта маўчаў, а цяпер толькі гучна прамычэў нешта. Ды ўсе зразумелі, што малаткар на баку каваля – на баку каго іншага ён не апынаўся ніколі. Мабыць, адчуўшы, што пачынаецца нешта цікавае, ад парогу з меднаю квартаю ў руцэ рушыў да кута тутэйшы пастух у даўгім плашчы. Яго пастухоўскі сезон ужо скончыўся, і пастух займсў клопат аб працы ўзімку.
        – Дык згода, мужчыны? – з суровым выглядам чорнабародага твару пытаўся карчмар, азіраючы ў вечаровых прыцемках барадатых і безбародых, маладых і ня надта, хто ў што апранутых землякоў.
        – Заўтра, як разьвіднее, усім – да бугая! Ужо мы яго пашчакочым, такой яго матары! Згода?
        – Згода! – тгя надта зладжана адказаў карчомны хор галасоў.
        Адзін толькі вучыцель ля вакна спрабаваў штось зазначыць ня ў лад – удакладніць ці запярэчыць, але яго слухаць ня сталі. Вучыцель быў нетутэйшы, да таго ж малады, піў мала, відаць, ашчаджаў грошы, што ня надта каму падабалася. Усе ў карчме загаманілі гучней, заматлялі над сталом квартамі, – за такую адважную справу ня грэх было выпіць. Тая іх гамана доўжылася да паўночы.
        Назаўтра, як над гарамі праясьнілася неба і ў даліне пачало віднець, да каменя першы прыйшоў вучыцель. Ён абышоў камень, памацаў яго замшэлыя бакі, пакратаў гамашам жарству ўнізе. Затым прыкінуў памеры гранітнага гіганта, а таксама вугал нахілу гары і зрабіў нейкія разьлікі ў пататніку, які заўсёды насіў з сабой. Атрымлівалася надта сумнеўна, каб яны хоць бы і грамадой здолелі ўскаціць камень на схіл і па той бок скінуць яго ў прорву. Паводле законаў матэматыкі тое было немагчыма. Але як было вучыцелю на яе аснове пераканаць малапісьменных сяльчан? Ці паслухаюць яго?
        Неўзабаве да каменя пачаў зьбірацца народ – з каламі, лагамі, рыдлёўкамі. Усімі весела і шумна распараджаўся карчмар. Вучыцель спрабаваў штось растлумачыць яму, але ня надта цьвярозы пасьля вясёлай ночы карчмар не хацеў і слухаць, – пры першым слове пра законы механікі грэбліва махнуў рукой. Ён заўзята камандаваў грамадой, якая толькі і чакала ягоных рашучых камандаў.
        Людзі густа абляпілі камень. Узяліся дружна, хоць часам і бязладна, перашкаджаючы адзін аднаму. Усім карцела прымяніць сілу і, можа, паказаць стараньне, – так за гады ўсе зьненавідзелі гэты пракляты камень. Тыя, што былі з рыдлёўкамі, пачалі падкопваць яго зьнізу, каб падсунуць рычагі-лагі, іншыя падроўнівалі камяністы грунт вышай, каб можна было каціць камень угору. Вучыцель, прадаўжаючы сумнявацца, убачыў такую актыўнасьць і таксама міжволі прыняў удзел у агульным клопаце. Напачатку ён разам з іншымі наваліўся на жардзіну-лагу, якой чалавек пяць высьвервалі камень. Пасьля ўпёрся рукамі ў яго жорсткі бок і намагаўся каціць. Тракціршчык то памагаў яму, то адбягаўся і камандаваў, то рабіў тое і гэта адначасна. Ён колісь служыў у войску, меў зычны камандзірскі голас, якога ўсе слухаліся.
        I вось здарыўся першы цуд – па камандзе карчмара ўсе разам уперліся, націснулі, напружыліся, і камень, хоць і з вялізным нежаданьнем, зрушыўся з свайго належанага за сотні год месца. Тады яны напружыліся яшчэ і перавярнулі яго на другі круглы бок. Першы посьпех быццам надаў новай сілы. Грамада загула, бы ўчора ў карчме, яшчэ паўпіралася нагамі ў жвірысты грунт і перакаціла камень вышэй. Тыя, што мелі рычагі-палкі, высока задзіралі іх даўгія канцы, затым насядалі на іх, падважваючы камень; іншыя, упершыся дзясяткамі рук у шурпатыя каменныя бакі, зрушвалі яго з месца і паварочвалі-кацілі цаляў на дзесяць – ня болей.
        – Так, так, так! – разносіўся па схіле бадзёра-задаволены голас карчмара. Яшчэ трошкі! Яшчэ...
        У вучыцсля не было ніякага інструменту, і ён разам з усімі, са скрыгатам упіраючыся ў зямлю башмакамі, піхаў рукамі камень. Побач таксама з усяе сілы жыліўся іхні пастух. Яго абсівераны твар з хілай русявай бародкай аж наліваўся чырваньню, так ён старанна напружваўся. Каваль поруч з малаткаром спрытна і рашуча ўпраўляўся з даўгой жардзінай-лагай, ім памагалі іншыя. Пакуль што ўсё ішло пасьпяхова, і вучыцель пачаў сумнявацца ва ўласных сумпевах: магло стацца так, што і ён памыляўся. Ён ужо ведаў, што павука – нават матэматыка! – часам давала збой. Праўда, меркаваньні здаровага сэнсу таксама былі не на іхнім баку, але, можа, бракавала і здаровага сэнсу?
        Хоць і памалу, але даволі настойліва яны кацілі камень угору; улежанае месца таго засталося далекавата ўнізе. Яшчэ ніжэй у канцы вуліцы ля кузьні – відаць стала зьверху – сабраліся жапкі ды дзеці, усе не адрывалі позіркаў ад схілу гары, дзе адбывалася дзіва. Старыя там маліліся Богу, каб той памог мужчынам зьдзейсьніць іх сьвяты подзьвіг на шчасьце людзям.
        Але на схілс бы ўпершьшю штось не заладзілася. Як яны высіліліся на чарговую каманду карчмара, камень ня зрушыўся. Тракціршчык тады закрычаў гучней, нават вылаяўся. Япы зыоў уперліся нагамі ў камяні, да скрыпу напялі мускулы, але камень толькі падняўся на пяць цаляў і аблёг на ранейшае месца. Вучыцель недаўменна зірнуў на схіл і ўсё зразумеў: схіл гары тут стаў і яшчэ болей круты. Схіл стаў круцейшы, а іхняя сіла паменела – во ў чым справа. Тое было відаць і без матэматыкі. I мабыць, тое зразумелі іншыя.
        – Адпачыць каб, – перашуча-жальліва сказаў хтось ля каменя.
        – А то ўжо кішкі... – пачаў нешта мовіць пастух.
        Тракціршчык аж зьнерухомеў ад тых скаргаў-просьбаў, але толькі на момант. Падобна, у ягонай галаве адбыўся нейкі маланкавы, зусім не матэматычны разьлік, і ён зьверскім голасам заглушыў нерашучыя скаргі.
        – Ніякіх адпачынкаў! Спынімся – не скранем, а ну – узялі! Узялі!
        Яны і яшчэ дружна і ўраз узялі, сапраўды трохі павярнуўшы на схіле гэты кругляк, пасьля яшчэ. Але во ён быццам хіснуўся назад, бы хтось не ўтрымаў яго. Вучыцель зірнуў з-пад рукава і схамянуўся: пад каменем тварам уніз ляжаў малаткар; з ягонага рота цёк струменьчык крыві. Тое было дзіўна, хіба, аднак, на першы пагляд: не стрываў самы з іх дужы. Але, можа, таму і надарваўся, што быў самы дужы. Мабыць, апроч сілы, трэба яшчэ мець галаву, а з галавой у малаткара яўна былі праблемы.
        Малаткара адцягнулі з-пад ног, каб не замінаў. Пакуль там два мужыкі давалі яму вады, іншыя з усяе сілы трымалі камень, які ўпарта імкнуўся ўніз – да свайго належанага месца. Чаму гэта ён так імкнуўся туды? – думаў вучыцель. Хіба тое месца было вызначана яму Богам? Але тут ягоная матэматыка ўступала ў супярэчнасьць з непазнана-містычным, у якім вучыцель быў поўны прафан і разумеў тое. Прасьцей, хоць і не лягчэй, было піхаць разам з усімі па камандах карчмара, што і рабіў вучыцель.
        Урэшце гадзінаў праз пяць яны адолелі самае, як здалося, крутое на схіле месца, ускацілі камень яшчэ вышэй. Праўда, ззаду засталося аж трое – тых, што надарваліся на гэтым д’ябальскім каменным шляху. Два з іх папаўзьлі назад, а трэці застаўся там, дзе і зьлёг. Бы прадчуваючы благое, карчмар і зусім разыюшыўся, крычучы сарваў голас і нікому не дазволіў пакідаць камень, каб памагчы бедакам. Горш за ўсё было тое, што яны сапраўды не маглі прыпыніцца, бо ў такім выпадку камень трэба было б трымаць, што здаваліся ненашмат лягчэй, чым штурхаць. Тракціршчык тым часам не змаўкаў – то камандаваў сарваным голасам, то ўгаворваў амаль ласкава. А то гразіўся перастраляць усіх на гары, калі здрэйфяць. Увогуле на гэты конт ён меў рацыю, яго разумелі і стараліся з астатніх сіл. Толькі сілы іх катастрафічна меншалі, а жахлівы шлях рабіўся і яшчэ больш круты.
        – Ну, яшчэ трошкі! – дамагаўся карчмар. – Вунь да таго кусьціка. Ну, узялі! Ускоцім – бочка віна на ўсіх! Ну, узялі!
        Як ні дзіўна, тое амаль падзейнічала на, здавалася б, ушчэнт зьнясіленых людзей. Клопат іх нібы разумеў і камень, які варухнуўся на той раз жвавсй, – бы самахоць пераваліўся на другі, болей пляскаты бок. Але затым зноў было яго не скрануць, і карчмар зноў вярнуўся да свайго лютага крыку.
        – Дужэй! Я кажу – дужэй, ядры вашу матары! Пастух, болей сілы! Болей сілы, кажу, гультай!..
        – Не магу болей, – ціха сказаў пастух і ўпаў на калені.
        – Можаш!! – вызьверыўся карчмар. – Заб’ю!..
        – Забівай...
        – Застрэлю. Сёньня ж...
        – Страляй!
        Пастух зьнясілена адкаціўся з-пад людскіх ног і апанурана сеў убаку. На ягонае месца ля каменя заступіў каваль, чорнабароды твар якога быў мокры ад поту, а можа і ад сьлёз – ягоны малаткар унізе, здаецца, сканаў. Каваль зацята маўчаў, але ля камсня адразу адчулася яго напятая сіла, і той быццам жвавей заварушыўся пад рукамі людзей. Затое іншыя даходзілі, і неўзабаве ад кавалёвага напору мала што засталося. Яны ўсё піхалі і піхалі, выжыльваліся і штурхалі. Тракціршчык ужо толькі безгалоса сіпеў, а выніку не было ніякога. Усе іхнія сілы выдаткоўваліся толькі на тое, каб утрымаць камень, ня даць яму зрушыцца ўніз.
        – Не, мабыць, нічога ня выйдзе, – сказаў нехта з папіхачоў. З ім пагадзіўся другі: – Ня трэба было і пачынаць не падумаўшы...
        Тыя разьятраныя няўдачай галасы зусім раззлавалі карчмара, які падскочыў да людзей ззаду.
        – Панікёры! Слабакі! Прэч адсюль! Я перастраляю ўвесь ваш род! – аслабелым голасам сіпеў ён. Але яго аслабелы голас чамусьці перастаў палохаць,
        – Не перастраляеш, – нерашуча запярэчылі яму.
        Пасьля і яшчэ натужваліся, піхалі і штурхалі рукамі і нават падпіралі камень плячамі, як гэта рабіў каваль. Але зноў вынік стаўся мізэрны. Між тым да мэты заставалася амаль нічога – можа, якіх дваццаць стопаў. Толькі гэтыя футы і былі самыя цяжкія, як было іх адолець? Тым болей, што і ў яшчэ аднаго пайшла носам кроў, ды здаецца, і з рота таксама. Адзін застаўся ззаду – скурчаны, на каленях, трымаючыся за жывот...
        – Падмогі! Падмогі трэба...
        – Няма як падмогі, браточкі. Ну яшчэ трошкі, яшчэ, – сіпата ўгаворваў карчмар.
        Яны і самі разумелі, што інакш ім нельга, як толькі каціць з апошніх сілаў. Ні спыніцца, ні пакінуць камень яны не маглі – тое было б для іх гібельным. На тое, каб паклікаць падмогу, не было часу – калі б яны дачакаліся тае падмогі? Мабыць, тое зразумеў і пастух, трохі спачыўшы ўнізе, вярнуўся да каменя і аслабела далучыўся да астатніх.
        Каваль са зьвераватым выразам чорнабародага твару і адарваным на плячы рукавом моўчкі стараўся, можа, болей за ўсіх. Лагамі з даўгімі канцамі цяпер упраўляліся браты Кажамякі, чыя новая дамоўка была дужа блізка ад гэтага боку вуліцы. Малодшы з іх толькі ў канцы лета ажаніўся і таму дужа дбаў пра ўласнае жытло. I трэба ж было так здарыцца, што гэты ўвогуле здаровы хлапец упаў у самы рашучы момант, не стрымаўшы лагі, – камень неспадзявана сьлізгануў бокам аб дрэва. Хтось па той бок здушана крыкнуў, але было позна. Грузна пераваліўшыся ніжай, камень паволі пасунуўся, ужо нікім не стрыманы, перавярнуўся зноў і штораз шпарчэй пакаціўся па схіле. На крутым месцы ён наляцеў на каменны выступ, лёгка зьбіў яго, сам падскочыўшы ўгору, зноў ударыўся аб дол ніжэй, падскочыў яшчэ вышэй. За ім апантана памкнулі зьбітыя ім камяні, якія ў сваю чаргу зьбівалі на схіле новыя, і ўсе разам з друзам суцэльным каменным патокам несьліся да вуліцы. Неўзабаве каменная лавіна магутна абрынулася на крайнія забудовы паселішча, кузьню, зламала палову таполі і праз момант накрыла ўсю вуліцу чорна-пыльнаю хмарай.
        Ачомаўшыся ад хвіліннага ўтрапеньня, людзі на схіле пакідалі сваё начыньне і сьшанулі ўніз – хто бег, хто каціўся, кожны гнаны прадчуваньнем асабістай бяды. На месцы, аднак, засталося некалькі постацяў. Тракціршчык упаў на камяні, учапіўся ў свае скудлачаныя валасы, недарэчна прамаўляючы: «Што ж мы нарабілі... Што нарабілі...». Вучыцель побач няўцямна мармытаў сабе пад нос: «Я ж казаў, я ж казаў...». Зьбялелы з твару пастух нічога не казаў, толькі роспачна апусьціўся на друз. Ён узіраўся ў пыльную марву якая усе вышай паднімалася над паселішчам, і думаў: «Хай бы ён там ляжаў. Каму ён шкодзіў?».
        Трохі ачуняўшы ад першага жаху, вучыцель падумаў, што, мабыць, цудаў у наш век не бывае. «Здараецца тое, што і павінна здарыцца - паводле законаў жыцьця. Калі толькі з імі лічыцца. Ды во пэўна ж не палічыліся».
        А ўнізе тым часам разносіўся ветрам глухі невыразны лямант бяды, які на адлегласьці зьліваўся ў суцэльны працяглы стогн...

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.