РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паэма пра вусны
 
Фрагмэнты
...
На вялікім гэтым сьвеце
Безьліч вуснаў – зімных, весьніх:
Мазаічнае суквецьце
Ў залатых адлітых песьнях.
 
Ружаў сьвежыя бутоны,
Пышны бэз лілёва-сіні.
I пялёсткі ад чырвоных
Маку, астры і вяргіні.
 
I пунсовыя півоні,
I гвазьдзікі палявыя,
Нібы зьнічкі у прадоньні,
Трапяткія ды жывыя.
 
Чырвань рознага адценьня –
Ад іржы да жару. Брызкі
Смагі, моцнага хаценьня
Ўсіх –высокіх, звыклых, нізкіх.
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Сьціплы зацішак улетку
I прыгожыя мясьціны
Нам прыносяць неўзаметку
Свой утулак – дар гасьцінны.
 
Адвячоркам любавацца,
Захапляцца ў парку будзем.
Хочам выйсьці мы на шпацыр
Добрай цемрай і бязьлюдзьдзем.
 
А куды ні ткніся – пары,
Як сіямскія блізьняты.
Урасьліся разам твары –
Пацалунак п’юць зацяты.
 
Ой, да ранку шчэ далёка.
Сонца грэе, ў клёне грае,
I цярусіць жарсьці блёкат
Ды на вуснах дагарае.
 
Тыя – чэпістыя п’яўкі,
Гэных – выпятрылі сьцюжы.
Колькі іх парыўных, мляўкіх,
Смаглых, моцных і нядужых.
 
Маладзенькіх і старэчых,
Хітрых, зрадных, зь неспадзевам.
Дражняць, годзяцца, пярэчаць,
Плешчуць рогатам і гневам.
 
Не дасі ніякай рады.
Вунь, напрыклад, тое ліха
Б’е ад першага пагляду
Вас пагардаю і пыхай.
 
Бровы-ніткі ўгору ўзьняты,
У вачох агню нямала.
Як гарэшак нос кірпаты,
Змаляваныя няўдала
 
Дзьве расьціснутыя вішні,
I пагардная усьмешка:
– Адыйдзеце! Вы тут лішні.
Я... я дама, а вы пешка.
 
Вішні брудзяць цыгарэту,
I ляціць пярсьцёнак дыму.
Лепш пакінем даму гэту –
Сумны згустак пудры й грыму.
 
Адступаючы, ня цяжка
Прыгадаць: – Мадам, бывае
У гульні часамі ў шашках
Пешка дамку выбівае.
 
Гэты жарт сьцінаюць зубы,
Быццам блазан тупнуў ботам.
На багне апошняй згубы
Зацьвіла мая журбота.
 
Бросьне ў думках густа-часта:
– Ці жыве мая Палешка,
Што бяз хвальшу, без памасты,
Без акторства, а з усьмешкай.
 
I пяюць мае ўспаміны
Аб красе былой, вясковай.
Вёсны вуснамі дзяўчыны
Выклікаюць краску слова.
 
Кармазынавыя стужкі
Ды завязаныя жычкі...
Вось такія у пастушкі,
У князёўны, у мужычкі.
 
Ціхі шэпат вуснаў пульхных,
Супраціву, просьбы жменькі:
– Кінь, ня трэба! Не, ня слухай.
Ах, яшчэ... яшчэ... дурненькі.
 
I з-пад ценю так нясьмела
К сонцу цягнецца суніца.
Вуснаў ягада сасьпела,
Хоча ў мёдзе утапіцца.
 
Дзьве істоты. I каханьне
Ўжо расьце, вяршыняў прагне.
А далей – як на экране
У фільмовай дыяфрагме.
 
Тут усё: і спрыт, і сіла
Пазнаецца жарскім чынам.
– Ха-ха-ха, – сьмяецца міла
Ўсхваляваная дзяўчына.
 
Паразьбегліся суніцы.
Горсьць рамонкавых пялёсткаў
На дзьве занізі, як быццам,
Вецер сьмехам парасплёскаў.
 
Юр жыве, бяжыць гульлівы
Па кустох, і кліча-надзе.
У мурынаў, як алівы
Твары ў нейкім марынадзе.
 
I яны ў лісьцьвянай браме,
Прытуліўшыся употай,
Зьліплі бурымі грыбамі,
Родзяць Афрыку сьпякотай.
 
Так сваё знаходзяць шчасьце
У жыцьці цяжкім, зьнібелым.
Паміжсобку – сэрцы насьцеж,
I сулад на зайздрасьць белым.
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Сілы роду у бясстрашшы.
Скрозь – чаруюць і варожаць.
А страшныя мукі нашы,
А страшная наша пожадзь!
 
Губы ў сьвятасьці і ў брудзе,
Маюць шчырых і няшчырых.
Круташалам нэрвы прудзяць,
Іх нічым не ўціхамірыць.
 
Толькі ў прыязьні – прыгожа,
А у злосьці – гідзь-пачвара.
Дзе нянавісьць, дух варожы,
Там бязьвінная ахвяра.
 
Дзе каханьне, там і згода
Без маны і крывадушша.
Абмінаць закон прыроды
Ёсьць злачыннае – нарушыць.
 
Нават посьніку-аскету
I самотніку манаху
Не забыць любошчаў сьвету
I... дрыжаць у Божым страху.
 
Словы пацерамі ніжуць,
Прыкладаючы да вуснаў
Цела срэбранае крыжу:
– Не вядзі нас да спакусаў.
 
А і ў часе урачыстым
Іх любоў не пакідае –
У адзеньні белым, чыстым,
Як на шлюбе маладая.
 
За людзей – братоў і сёстраў,
За ратунак душ маліцца!
Вобраз вытачаны гостра,
Лёг на кніжную паліцу.
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Вусны – зыркая паэма
Ў пачуцьцёвай завірусе.
(Мабыць злосьнік вые нема,
Што і я судзіць бяруся).
 
Вусны – сонечны акраец
На ружовым небасхіле.
Нам арганы гімны граюць
I жывое слова ў сіле.
 
У паэты вусны ў сэрцы.
Да народу песьняй гожай
Тое сэрца, каб ня ўмерці,
Ў вусны пойдзе – пераможа.
 
Спаміж кніг, як у сыгнэце
Самацьвет, так пад рукамі
Заіскрыцца, засьмяецца
Друкаванымі радкамі.
 
Вусны цешацца і грэшаць,
Замаўляюць ліхалецьце.
Нібы ластаўкі з падстрэшша
Разьлятаюцца па сьвеце.
 
Шумны порт, о людны бераг!
Не змаўкае рык суровы.
З гулам вуліцаў на сквэры
Паміраюць, таюць словы.
 
Навакол, як вока схопе:
Вусны, вусны – ружы ў цьвеце.
У жывым калейдаскопе
Мазаічнае суквецьце.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.