РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На руінах пачуцьцяў
...
На прасторах краіны
Бушавала вайна.
I пачуцьцяў руіны –
Зьмізарнела яна...
I краса на пакосе,
Маладосьць не пяе.
Сьветларусыя косы
Парудзелі ў яе.
I зацьмелі, завялі
У вачох васількі.
А такіх на Купальле
Не ўпляталі ў вянкі.
Як зьмяніўся той вобраз!
Твой нахмураны твар
Ухмыльнуўся нядобра.
З вуснаў – горычы вар:
– Выбачай, я ня тая,
Як калісьці была.
Не кажы: «залатая»,
Ня гукай да стала.
Не сядзець мне з табою,
Не глядзець на бяду,
На галечу з журбою.
Ад цябе я пайду.
 
Так сказала і зьнікла.
Зноў адзін я, адзін...
Чую сэрцам нязвыкла
Жалю дзень нарадзін.
Гэты жаль, гэты смутак
Смыліць грудзі мае.
Ходзіць сябра з пакутай,
Сябра твой не пяе.
Хіба-ж тайка і мілка
Можа прочкі пайсьці?
Ці ня злая памылка
Мулка села ў жыцьці?
Я інакшую марыў!
У вясьнянках сьпяваў
Аб Палескай Тамары –
Чысьціні хараства.
Я блукаў у блакітах
Па Эдэмскіх садох,
I стаяў ля адкрытых,
Сонцам зьлітых дарог.
Як з чароўнага зельля
Упіваўся ад слоў.
Захапленьне па целе
Асалоду нясло...
Дзе Тамара з Палесься,
Дзе ты, мара мая?
Мабыць горка сьмяешся,
Што цябе апяяў?
 
                           * * *
 
Што любілі – згубілі,
Чэмер чортавы жнём.
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Горад білі, бамбілі,
Разрывалі агнём.
Сотні жыцьцяў палегла
Ў сутарэньнях, мурох.
Курганы бітай цэглы,
Безьліч мёртвых дарог.
Д’ябал злосна-ўзьвярэла
Ўбіў асінавы кол:
Палымнела, гарэла
I трашчэла вакол.
Самалёты кружылі
Угары груганьнём.
Менск дзяўблі.
Менск бамбілі,
Білі, зь лютасьцяй білі
I смалілі агнём...
 
Дарагая сталіца,
Што зрабілі з табой?
Дзе цішы прытуліцца?
Дзе душы супакой?
Мо далёка ў прадмесьце
Або ў лес уцячы?
У ляшчыну залезьці
Ды сядзець і ўначы?
А і там небясьпека!
На шляху агнявым
Ад таго чалавека
Толькі попел і дым.
Бомбы падалі густа
Ў панадворкі, сады,
Ў Сьвіслач, вуліцы, пусташ,
На руінаў сьляды,
На прысады і плошчы,
На пляцоўні, пляжы,
I ў той кут, дзе нябожчык
Пахаваны ляжыць.
Ашалелыя бомбы
Разбуралі цьвінтар...
Можа там – катакомбы,
Дзе маліўся сьвятар?
Можа хто і ў капліцу
Ратавацца прыбег?
Можа сьвечка цяпліцца
I на споведзі грэх?
Бомбы бухалі ўсюды;
Там, дзе вечны спакой –
Растрывожана блудам:
Мёртвы ўзмахваў рукой.
Выляталі з магілы,
З парахнелай труны
Косьцi, чэрап пагнілы
I шматкі-лахманы.
Прывід выйшаў із склепу!
Чорных дзей абразкі:
I граніту ашчэпы,
I зялеза брускі,
I шыпшыньнік калючы,
I камлыгі зямлі,
Як заклятыя кучы
Каля ямаў ляглі.
На магільныя пліты
Ўпаў падсечаны дуб.
А пад ім лёг пабіты
I крывёю абліты
Адубелы ўжо труп...
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Лепш мы вочы заплюшчым,
Каб ня бачыць бяды –
Наварожанай гушчы
Глуму, дзікай жуды.
 
                           * * *
 
Я на вуліцу выйшаў,
Калі сьціх гураган.
Нялюдзкое зацішша...
Менск – трупярня, курган.
Навакола руіны.
Галавешкі і дым.
Вугаль. Бляха. Цагліны.
Друзы ў пыле рудым.
У шалёнай трывозе
Тлеўся золак надзей.
Толькі стогн па дарозе
Вырываўся з грудзей.
I заплакалі вочы
Не сьлязьмі, а тугой.
Аглядаўся і крочыў...
Роспач – ценем за мной.
Пад нагамі хрумцела
Дробна бітае шкло.
Яно рэзала цела,
Болем сэрца пякло.
I хацелася з болю
Закрычаць на ўвесь сьвет.
Захрыпела у горле,
Гора ўбіла штылет.
Я ня мог ані слова,
Ані гуку падаць.
Сам ня свой, напалову
Няжывая пастаць.
Я ішоў праз руіны,
Праз гарачы разлом.
Я прыгадваў мясьціны...
Дзе знаёмы той дом?
Дзе той дом? Гаспадыня?
Дзе тэй песьні вясна?
I, на добрым спаміне,
Той кілішак віна?
Розрух вуліцу зьнішчыў,
Як і радасьць маю.
На пустым папялішчы
Я із жалем стаю.
 
...Тут гулялі, сядзелі
Аж да познай пары.
Залатыя нядзелі
Сьвяткавалі сябры.
Гаспадар быў вядомы
Весялун-жартаўнік.
Узялі яго з дому
Сьпешна ў войска,
I – зьнік.
Зьнік, як водгалас звонкі...
Можа вернецца зноў.
А ня ўбачыць ні жонкі,
Ні даўнейшых сяброў.
Гаспадыня красуня,
Ен шукацьме цябе!
Цяжка бровы насуне
У маўклівай жальбе.
Ён цябе ня сустрэне...
Болем высеча крыж.
Ты ў глухім сутарэньні
Пад каменьнем ляжыш.
Ані ўсьмешкі тэй мілай,
Ані цёплай рукі...
Перад страшнай магілай
Я складаю радкі.
Тыя вершы – ня песьня,
А малітва душы,
Паніхіда ў злавеснай
Неспакойнай цішы.
Зьняў я шапку і нізка
Пахіліў галаву,
Над загінутай блізкай
Чыстай мрояй плыву.
Можа сэрца уцяміць
Гэты шлях перамог?
Ціха «вечная памяць»
Ледзьве вымавіць мог.
Вее гарай, трухлінай
З-пад каменьня, зямлі,
Каміны на руінах
Чорны смутак зьвілі.
I ў вачох ажно цёмна,
I пануры мой крок.
Сонца паліць нястомна,
Курыць пыл назнарок.
Па дарозе руіны, –
I на сэрцы яны.
Праплылі успаміны
Ля знаёмай сьцяны.
Пад сьпякотаю мляўкай
Грала скрыпка бяз нот:
Каля коміну вяўкаў
Абяздолены кот.
Ён на вогнішча выйшаў
Уцалелы дарма –
Аніводнае мышы,
Анічога няма.
Нават вільгаці кропляй
Не асмагнецца кот.
Сьмерць. I цэгла на попле.
I паблытаны дрот.
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Невясёлае лета,
Цяжкі гораду кон.
Мне здаецца, што гэта
Ўжо ня ява, а сон.
Гэта-ж сон летаргічны,
Сон страхоцьцяў, жуды.
Ён гадзіны адлічыць –
Пройдуць дні і гады.
I хваробы, і страты,
Страх і гора ў тым сьне.
Я, каханьнем узьняты,
Прасьпяваю Вясьне.
Прагну ў шчасьці прачнуцца,
Выйсьці ў краскі праз гаць,
На руінах пачуцьцяў
Свой палац будаваць.
Хай-жа куст церамшыны
У мяне зацьвіце,
Птушкі роднай краіны
Хай зьвіняць у кусьце.
I няхай ня сцiхае
Гуркатня галубоў:
Я і ты, залатая, –
Агнявая любоў.
I разыйдуцца хмары...
Сонца ўзбудзіць мяне.
Зноў Палескай Тамары
Сьветлы вобраз мільгне.
I сьпявацьме ўсё тое,
Што на сэрцы ляжыць –
Веснавое, сьвятое
I спадзеўнае – жыць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.