 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Навальніца
|
...Здалёк паплылі хмаркі-аблачынкі, па вершалінах дрэў пранёсься вецер-сполах... І вось вялізная, фіялетава-шэрая хмара-пачвара наплывае на вёску. Уздымаецца вецер-паземнік і долу ляцяць першыя буйныя кроплі-дажджынкі. Яшчэ раз грозна ўздыхае хмарына і ўжо, здаецца, уся прастора, увесь сьвет апанаваны дажджавою навалай... Лье моцны дождж, а адзін пеўнік-падлетак ходзіць па двары – хоць бы што яму. Можа, гэтаксама, як і я – любіць дождж? Памятаю ў дзяцінстве: як пачынаецца дождж, дык я выходжу з дому і – альбо блукаю пад дожджыкам па лужынах, альбо, схаваўшыся дзе-небудзь пад страхою, дыхаю чысьцюткім, вільготным паветрам, што поўніцца пахамі зямлі і ўсяго зямнога... Пасьвятлела, дождж паменшаў і паступова сьціх зусім, пакінуўшы азёры-лужынкі ды на галінках дрэў – празрыстыя кроплі-сьлязінкі. ...Невялічкі прасьвет і ... новая хмара, і моцны, зноў як зь вядра, дождж. Раздажджылася... Аблачыны-хмары шпарка плывуць чарадою на захад. Дзесьці ў нетрах нябёсаў грукоча-імчыць Перунова калясьніца – палымнеюць час ад часу прывідным бляскам маланкі... На бярвеньні ўладкаваліся жоўтыя гарбузы-пузацікі. Паклала іх маці дасьпяваць, а тут дождж... Ну і няхай памыюцца. На падворку сьветла больш-менш, а вось на лузе, за рэчкай, суцэльная шэрая дажджавая заслона. Плача восень дажджом верасьнёўскім на хаўтурах па леце мінулым...
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|