РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Валярына Кустава
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Званічна
1
        Высіліся дзьве званіцы, судакранаючыся позіркамі ў нябёсах, і маўчалі – іх званары, змовіўшыся, аднаго дня самагубна ўдушыліся на вяроўках-языках сваіх званоў... Справілі трызну па іх (усё ж званары!) дый новых шукаць ня сталі. Чортава справа – званары рукі на сябе наклалі, відаць, бачаньне прарочае мелі; лепш не чапаць: калі Гасподзь схоча, дык сам вырашыць. Куды людзям лезьці!.. Званіцы-шыбеніцы на адзіноце змагаў сум... А тужлівае маўчаньне званоў зьняверыла званіцы ў іх неабходнасьці й наканаванасьці, у іх прадвызначэньні... Званіцы згорклі, засамоціліся, панурыліся, ужурбелі без гаспадароў... Званіцы зьнямелі бяз голасу і развучыліся размаўляць... і зь небам, і зь людзьмі... Толькі апоўначы, у час княжаньня поўні, стагналі-клікалі званы... Ды ніхто не зважаў на тое – на іх галасы забыліся... Праз колькі часу аблуднаю сьцяжынаю (толькі таму, што не зарасла! – доўга не зарастаюць сьцяжыны да здраджаных званіцаў...) праходзілі юныя мнішкі – і ўбачылі: на адной званіцы крыжы былі перавернутыя долу... Мнішкі з жагнаньнямі й маленьнямі кінуліся наўпрост уцякаць ад д’яблавагадзіва і дабеглі ажно да другой званіцы. А на ёй замест крыжоў былі колы, на якіх буслы ўладкавалі гнёзды. I глядзяць з найвысокага гнязда два сівыя птушаняці й не па-птушынаму, скразьліва енчаць, бы ўбогія нямыя, якім мову заняло. Укленчылі мнішкі ад спуду-сполаху й нечаканасьці ля званіцы, а буслы ўздрыганулі крыламі, ды ўзвысіліся над імі, узьляцеўшы з гняздоўяў і кружлялі над галовамі боскіх абранак, клекаталі-захлыналіся, бо мелі пра што апавесьці, ды не маглі, бы скардзіліся на забарону свой сапраўдны голас падаць, выгаварыць свой боль, сваё паданьне, давесьці, што птахі яны, што людзі, што званары... Голас з нутра так і драў іх, так і пульсаваў, ціснуў на горлы, на дыхлы, імкнуўся прагучаць зь дзюбаў – вырываліся паланёныя душы званароў з бусьліных целаў!.. А з крылаў густа-густа сыпаліся, сыпаліся, бы сьнягі з бухматых зімовых аблокаў на твары, плечы, сьпіны Хрыстовых нявестаў... Ня пёры – сівыя валасы званароў...
 
Замест легенды
        
1

Ён прасіў: «Не пярэч мне, годзе!..
Я з табою хачу пабыць,
зьбегчы прэч – гуляць па стагодзьдзях,
узахлын у званы званіць!..»
 
«Вы паэт, Вы найлепшы, то бок
Вам прарочыць, а не зьвінець!..»
«Я наскрозь празьвінеў – да кропак,
досыць вершамі мне старэць...
 
Падыдзі па вадзе, па цьвердзі!.. –
палынова паклікаў ён. –
Паглядзі: паэт перад сьмерцю –
фотаздымак... Жыцьцё як сон...
 
Ты зірні, як глядзіць сувора,
бы пярэдзіць: дрэнь не пішы!
Гэх, жыцьцё, як і сьмерць, – ня гора –
інтэрмэдыя для душы!..
 
Мы шчасьлівыя, бо зь мільёнаў
нарадзіліся толькі мы...» –
ён казаў і маўчаў стамлёна,
і раз-пораз глядзеў як нямы.
 
«Ты ня чуеш? – званы шалеюць,
быццам гэтыя мы – ня мы...
Так, званарні мяне здалеюць,
зь імі – страчаныя званы!..
 
Ты ня чуеш? – званы канаюць –
разьбіваюцца аб званы...
Ты ня чуеш? – званы палаюць,
быццам гэтыя мы – яны...
 
Ты ня чуеш? – дрыжаць званіцы
ад стагнаньня сваіх сыноў,
і сьляпая сьвятарнасьць ніцма
ля падножжа званіц ізноў,
 
як шалёны шчанюк, скуголіць,
як чумное дзіця, дрыжыць,
і сама пра сябе ўсіх моліць,
і жагнае сівыя крыжы...
 
Насамрэч званы не для сцэны:
языкі іх – бронь Бог! – не ілгуць!
Ты ня чуеш? – званічныя сьцены,
як прарваныя трубы, гудуць!..
 
Ты ня бачыш? – званы ж у раны,
у разломы аглухлы боль
заціскаюць!..
                            Званар – абраны!..
На далонях яго – кроў і соль!..
 
Ты ня бачыш? – яму на зоркі,
як на сонцы, глядзець – баліць,
шлях яго палынова-горкі,
ён званамі жыве і сьніць!..
 
Праўду мае адну: ён – лішак
і ня ведае іншых уцех,
як глядзець з вышыні на мнішак,
і штурхаць, і гайдаць звон-бег,
 
і ляцець, імкнучыся звонам,
з кампанілы ў крылаты сум,
і спадзеўна зеўрыцца зломам –
той адзінаю думкай між дум,
 
што ня мае труны грамніца
і званар ня мае труны,
бо труной званару званіца!
Ўваскрасаюць пад звон званары!»
        
2

Я ўсё бачыў – глядзелі словы! –
нада мною стаяў званар,
ён званіцаю адмысловай
узвышаўся, як уладар.
 
Ён гукаў: «Дай руку... ўваскрэсьні!»
Я імкнуўся ўвесь да яго!..
Раптам – стогн з-пад зямлі ў тым мейсцы:
«Не старайся – не да таго!..»
 
Гэта сьпевы званіц-тапельніц,
гэта сьпевы іх званароў...
Мне спаліла руку, як цяпельніц 1,
і званар на званіцы зароў!..
 
Ён хацеў зваяваць міжчасьсе,
ён хацеў вярнуцца дамоў,
ён забыўся, што ў сноў паразьзі 2
час паэтаў і крыж званароў.
 
Ён цягнуўся рукой зь нябыту
дзе званарня яго стаіць,
ён крычаў, што жывы, нібыта
ён са мною хацеў званіць!..
        
3

«Ты ня бойся... – сказаў ціхутка
голас, што апрытоміў мяне, –
бо жыцьцё, як і сьмерць, так хутка
нас на яве ня зможа – ты ў сьне!..»
 
Я вярнуўся зноў да кватэры –
да пакойчыка гаспадара...
Твар яго ў хімерычным ашчэры
з тою ўсьмешкаю, бы ў званара!..
 
А ў тужлівых вачох – дзьве званіцы:
на адной – Бог мой! – долу крыжы! -
перад сьмерцю яна будзе сьніцца,
будзе сьніцца, пакуль буду жыць.
 
Дзе крыжам быць на тых званіцах –
колы чорныя на другой! –
на тых колах мне век круціцца,
як зьмяя, як вужака, ізгой.
 
Ён сказаў: «Маўчы!.. – адвярнуўся. –
Вочы!..»
                   Вочы прыкрыў рукой.
«Я хачу каб ты схамянуўся:
там, дзе лой, ты чужы, ня свой.
Вырачэнец між бруду, – ты мой!»
 
Я жагнуўся, я зьбег – жахнуўся,
адцураўся званіц і званоў...
Ды зь люстэрка мяне крануўся
званаровы той позірк наноў:
замяні ці вярні сыноў!..
замяні ці вярні сыноў!
        
4

Дзьве званіцы са зрэнкаў маіх,
дзьве званіцы з маіх вачэй,
боль ня сьцішыўся, гук ня сьціх –
аглушае душу!.. Хутчэй!..
 
I пагляд званаровы – ня мой,
і пагляд званара ўва мне...
Я – лязо да вачэй!!!
                                             Ён: «Ты стой!..» –
Крок зь люстэрка – мяне кране!..
 
Закруціў заламаў мне руку,
з пальцаў выпала звонка лязо...
Па шчацэ, як вада на муку,
пракацілася белай сьлязой
 
неабранасьць - схаваны адчай...
«Мой абраны, мне не выбачай,
я пакіну цябе, я з табой,
ты ня мой між чужых, ты ня мой...»
        
5

Я ня бачыў, як плача ён, –
ён зь нябыту прыйшоў сюды –
мой званар, мой паэт, мой праклён -
ён падмануў клады, звышсуды,
 
каб сваё рамяство перадаць,
каб мастацтвам сваім перажыць
і сябе, і людзей, і крыжы,
каб вячыцца, а не гадаць.
        
6

Я прымаю твой позірк, званар,
я прымаю, званар, твой пагляд.
Гэта ганьба мая – мой рай!..
З долам! Зь небам! За далягляд!..
 
Спачывай, мой званар, не зманю!
Не забудуся - не заб’ю!..
У званіцу тваю і маю
я званю, я званю... Я званю!..
        
7

Ён сышоў, не пад шкло – пад б ы л о,
дзе сьляпога сьвітаньня сьвятло,
дзе абранасьці сутнай сіло,
дзе буслова сівое крыло...
        
8

У скроні кроў і па венах кроў:
ён званар...
                          я званар...
                                                  ён ізноў!..
Словаблуды, адступцы, прэч!
Не пярэч мне, сьвятар, не пярэч,
проста-проста: душа – ня рэч –
аддасі, як тавар, – і дамоў!..
 
Не чакаю я новых стрэч,
Мой званар,
                           мой званар,
                                                      мой ізноў!..
        
9

Нада мною да скону званы,
як сьсівелыя кажаны,
будуць плакаць і будуць крычаць –
званароў і паэтаў гукаць!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.