РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Разумныя, ды не на дурня папалі
        У Варшаве паліцыя ўнадзілася трасці людзей на вуліцах. Ідзе сабе чалавек спакойна, раптам бац! – ватага паліцэйскіх і крыкне: «Рукі ўверх!» I пайшла рыцца па кішэнях, не мяркуючы, як свіння ў гародзе. Добра, як пуста! Але як маеш якую забароненую паперку, газетку, а крый Божа рэвальвер – ну пойдзе тармасаванне ад аднаго ўчастка да другога, цягаюць ад Анапаша да Канфаша, пакуль не вывяжэшся, не пусціш туману ў вочы «храніцелям парадку» або не пашмаруеш як следуе свярбячых пальцаў.
        Каб доўга не развадзіцца, скажу коратка пра адно здарэнне.
        Ідзе сабе вуліцай бунчучны пан. Аж торк паліцыя: «Рукі ўверх!» – крычыць. Пан шурціць да кішэні, гадзіннік у адну руку, партманку ў другую, і, як бусел з распушчанымі скрыдламі, так ён з паднятымі рукамі стаў і смяецца перад разгневаным законам.
        А закон, знакам тым паліцэйскія, сярдуе, просе і ўсё прыглядаецца да партманкі, як да дынаміту або бомбы, толькі з блізшай мэты.
        Перашукалі, ператрэслі – пуста! Але ўсё-такі вядуць да ўчастка. Прывялі, паставілі перад прыставам. Адзін з гарадавікоў вымае рэвальвер-браўнінг з сваёй кішэні і кажа: «Вось гаспадзін, а вось – яго рэвальвер», – і з гэтымі словамі палажыў яго на стол. Пры- стаў падскочыў да пана ды давай: «Как ты смееш, бунтаўшчык, насіць аруж'е без разрашэння начальства? Я вам пакажу!» – і тыча кулак пад нос пану.
        Але тут пан з сваёй стараны асрожыўся, адчыніў партмане, выняў пісульку і кажа: «Вы не маеце права мяне лаяць, бо я маю да- зваленне насіць. Вот яно, чытайце! А рэвальвер мой вярніце мне назад».
        За рэвальвер гарадавога ды ў кішэнь. «Не маю толькі часу, – кажа, – а то б на вас паскардзіўся куды трэба...»
        I выйшаў, смеючыся. Прыстаў накінуўся на гарадавога за тое, што прывёў франта з разрашэннем. А гарадавы злаваў у душы, што прывёў франта з разрашэннем, але без рэвальвера. Франт пасвістываў сабе, ідучы вуліцай. Чаму не свістаць: рэвальвер найлепшага калібру, вартасць рублёў з дваццаць пяць, сам, як з вадою, прыплыў. А смех? Смех? Авечка сярод ваўкоў, а ваўкі ані чэп!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.