РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Навагодні ліст
        Быў марозны вечар і кудаса1 на дварэ.
        Настуля, падаваўшы быдлу, прылягла на печы і пачала думаць аб сваім сыне Міхалюку, каторага ўжо год як здалі ў салдаты і загналі аж у Разанскую губерню.
        Ад вясны ўжо не было ніякай весці ад яго. У вёсцы хадзілі чуткі, што Міхась упаў з каня на манеўрах і забіўся. Але бацькі неяк не верылі гэтаму, хоць і часта горка плакалі – найбольш матка. У канцы пастанавілі паслаць крыху грошай на Новы год і напісаць аб сваім жыцці.
        Юзуль, значыць бацька Міхасёў, пайшоў на вёску па адстаўнога артылерыста, пісаку на ўсю ваколіцу, а Настуля асталася ўходжвацца каля худобы. Змарылася, змерзла і цяпер грэлася, думаючы аб сваім Міхасю.
        «Мой ты сынок родненькі, за светамі», – думала ўпаўголас. прыціскаючы рукі да высахшых грудзей.
        – Жонка, запалі лучыну! – азваўся Юзуль яшчэ за дзвярыма. – Прывёў пана пісара.
        Цераз якую мінуту ўжо ўсе трое сядзелі за сталом. Унтэр пісаў Настуля свяціла яму, а Юзуль дыктаваў:
        «Кланяемся мы табе, бацькі родныя, Юзуль Канцавы, бацька твой, і Настуля Канцавая, маці твая, і сястра яшчэ, Агата Канцавая, па мужу Каратканога, з вёскі Бульбенішкі, і ўсе твае знаёмыя і незнаёмыя кланяюцца.
        Жывём добра, чаго і табе жадаем. Зіма ў нас крэпка. Поўмястэчка згарэла на Сёмуху2. Ураджай быў не надта вялікі. Хлеб у нас скончыўся перад Калядамі. Красулька ацялілася: пекны, дзякаваць богу, бычок, падласы. У мястэчку стражнікі пабілі людзей; усё выйшла з-за крыжа, што паставілі без дазвалення начальства. Адну кабеціну нават застрэлілі. Мацей з Юркам пабіліся за дровы. Мы купілі сабе парсючка на Зельну3. Цётка Каруся прасіла цябе паздаровіць, ёй вецер увосень саўсім страху садраў з хаты. Лебядзіха прыняла прымака. 3 Амерыкі ўцякаюць людзі, бо і там дрэнна. У воласць не маем з чаго заплаціць. А Скрабы і да гэтай пары не справілі экзекві4 па бацьку. Сталяровым аўчынкі вельмі добра ВЫрабіў Ёсель. На Куццю нам было смутна без цябе. Кісель удаўся. Маці пасля аплатка папярхнулася – пэўне, ты ўспамянуў. А вучыцель усё сядзіць у астрозе. У мястэчку яшчэ дзве манаполькі адкрылі. Бабы ўжо папралі зрэб'е, пачынаюць пачэсы5. Народ не ўспакоіўся. Улетку па дварах стаялі казакі. Корму для скаціны хваце, толькі саломы дакупім з два вазы. У земскага нехта пакраў канфітуры6. Куры гэтага года добра нясуцца. Сіўку падкавалі ў суботу. У Кастулі Капейчыхі ізноў дачка нарадзілася, – не рады яны,бо хацелі сына. Больш нічога не было без цябе. Ага! У трэцюю Думу7 выбралі дэпутатаў, бо другую распусцілі: кажуць, мужыкоў ТАМ зашмат было, вельмі зямлі дамагаліся ды нікога слухаць не хацелі. Ад новай Думы нічога яшчэ не дачакаліся. Кажуць, выбралі ад нас дэпутата, што калісьці Расію немцам прадаў.
        Кланяемся табе мы, бацькі родныя, Юзуль Канцавы, твой бацька, і Настуля Канцавая, твая маці, і пасылаем табе восем злотых на боты або на што іншае.
        
Пісаў унтэр артылерыі Бадрычэўскі».

        
        Каментары:
        1. - мяцеліца.
        2. - свята Тройцы, сёмы тыдзень пасля Вялікадня.
        3. - Купалле.
        4. - памінанне нябожчыка.
        5. - часанне кудзелі.
        6. - варэнне.
        7. - орган тагачаснага народнага прадстаўніцтва. Створана царскім урадам пад уздзеяннем падзей 1905 г. Мела ў сваім складзе большасць заможных уласнікаў. Пры дапамозе ІІІ Думы царскі ўрад пачаў ліквідоўваць свае ўступкі народу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.