РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лішняя
        Па збледлым твары хадзілі хмары дум. То наплывалі густа, збіваліся ў вачах сталёвым бляскам, – выглядала, што ўжо-ўжо збіраецца на буру, але шалёны спазм крыку здзержываў нейкі ясны праменьчык, выскаўзнуўшыся з кустоў лялек, і нешта чыстае, вялікае без канца і звання біла ад ліца ў алтар з запаленымі свечкамі.
        Арган граў. Устаўленыя шпалерам мірты тлелі ў цёплым святле касцёла. Ішлі пары за парамі. Белы шоўк сплываў нявінна па іх гібкіх станах. Весела шаптаўся народ і ждаў...
        Цікавых карагод узглядаў ткаў цень на каберцы. Акорды змагаліся ўсё вышэй і вышэй. Здавалася, што вось-вось зачэпяць за аблокі і адчыніцца неба. Міртавай дарогай рука ў руку лунае моладасць... Цвет, толькі раз цвітучы...
        Першае дыханне вясны без хмарак... Ідуць, загледжаны ў сябе, а праз іх вочы сцелецца зорная дарога гэт... гэт...
        Надзея ў брыльянтавым вянку над бяздоннай глыбай...
        Клалі пярсцёнкі на тацу. Слабы звон золата востра перакасіў сумны твар адзінокай. Заснавалі быстра хмары чорна чарней, чорна чарней. Ясныя праменьчыкі пужліва збягалі ўсярэдзіну. Уся яна лекацела, як расхадзіўшаяся ў берагах мора. Узарваўся ўздох, нізка пахіліліся свечы сваім полымем у старану яго. Закалыхаліся мірты. Па зорнай дарозе прайшоў гром-пярун...
        
        Увесь абрад прыспешна скончыўся. Няскладна станавіліся ў пары. Гаварылі прыцішаным голасам. Як бы нічога не сталася, а кожны баяўся па-за сябе аглянуцца. Маладыя першымі адыходзілі. Пры дзвярах з-за філяр пужліва высунулася жабрачка і падала лілію маладому. Яго твар, шчэ прад мінутай так шчаслівы, – асунуўся і згас. Дрыжачай рукой заціснуў кветку і шапнуў:
        – Падзякуй ёй.
        А з белай ліліі гаядзела раса нявіннымі чыстымі слязамі...
        Разбіралі мірты. Тушылі свечкі. Пакрысе выступаў шкілет пышнага хараства. Байка таяла ў тумане...
        Усе выйшлі, адзін закрыстыян варочаў ключом у заржаўленым замку. Як цень, апошняя пераступіла парог касцёла, хацела звярнуць направа, але цярністая дарога маніла туды, туды... услед карэт... туды, дзе чарадзейка-доля астаткі байкі рвала...
        Ішла і хісталася, ставала, глядзела расшыранымі вачыма ў немату ночы і пытала: «А мне?.. а я?.. а маё... дзе месца ў жыцці?» Ламала рукі, а з памятых губ рвалася не то пытанне, не то пракляцце: «Ось і свет хвалёны, вялікі, прасторны, а мне некуды дзецца на ім... забыцца». Рэха рвала жальбу дзяўчыны і быстра насіла па халодных каменнях вуліцы. А яна біла галавой аб мур: «Адна, адна, пуста!» Хапіла сябе за грудзі: «Тут пуста! Тут рана вялікая, жывая паліць! А-а-а-а!» – войкала з болю. «Во, глядзі, Божа!» – голас ламаўся ў бяспамяцтве, а хрыплая скарга біла мацней і мацней у глухаце ночы. Блуд прыступаў быстра.
        Літасцівы – ха-ха-ха!
        Міласэрны – гу-гу-гу-гу-гу!
        Прыпаднялася на пальцы і плюнула...
        
        А высь бязмерна спакойна глядзела мільёнамі зор. Ціха было і бясхмарна.
        – Маўчыш, – зашаптала, – маўчыш, маўчыш!..
        Адна з ясных зор замігацела, памуцілася, залатым клубком іскар паляцела на зямлю. Упалы свет магільным воклічам падхапіла бязладная мысль збунтаванай душы.
        – Мая ўпала! – крыкнула. – Мая!– і пачала ўцякаць. –Не! не! маёй зары ўжо няма. Упала... упала... няма!
        
        Горад радзеў, пацягнуліся загоны, кусты, рака тут засінела. Дабегшы, прыкуцнула ля берага і вачыма ўставілася на ваду: «Так... так! – цяжка дышучы, загаварыла да сябе ўпаўголас, як бы што ўспамінаючы: –Ага... так... убачыць яго... сказаць усё... усё...»
        Услужная памяць прыадчыніла дзверы прошламу, у якіх абразах уставала яно і прахадзіла прад яе вачыма, як бы на адвітанне. Мілыя, бясконца багатыя мінуты смяяліся да яе, ласкаліся вяснянымі ўздохамі, апляталі чаромхі шэптам змучаны мозг. Перажыты рай ставаў цяперашнім. Засмяялася да ігрывых хімер і паверыла абману. Краса жыцця ва ўсё! А яна ідзе шчасліва сваім хараством, горда буйнай моладасцяй, з надзеяй, што нешта вялікае, нясказанае жджэ яе ўперадзе... Чароўнаму туману забыцця паддалася ўся, спакойна ўжо спакоем бяссільнай. Скланіла галаву над вадой. Вочы, поўныя мяккіх тонаў, блудзілі ціха па сініх хвалях глыбі. Месяц іх сляды засыпаў расою. Шэптам, віхрамі павеяў страх з яе ўзгляду.
        У рацэ спаткала адбіццё сваёй постаці. Як мара загробна, глядзеў на яе балесны твар. Ігрывыя хімеры стаялі ўміг. У вачах зазвінела золата. Полымя свечак хібанула ў кроў. 3 аргана грозна пасыпаліся громы. Зноў праўда вужак з дзікім рогатам прыступіла да ахвяры. I рванулася з усёй сілы і кінулася ў ваду...
        Назаўтра па сіняй рацэ плыў труп, у спакойных яго вачах іграла сонейка. Следам за ім быстра надбягала рэха тужлівай песні плытніка. Гнаў дубы, спяваў і думаў, што там, у хаце, мілай сумна...
        А на дне русалкам-сёстрам нова госця былі складала.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.