РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калі не перашкодзіць... пісталет
1
        Чакана ці нечакана для аматараў беларускай паэзіі, але выяўляецца, што ў апошні час ці не найбольш пладавіты ў нас паэт – Віктар Шніп. Амаль кожны год у яго выходзіць новы зборнік вершаў (іншы раз – пад адной вокладкай з кнігай Л. Рублеўскай). 2000-ы год – “Чырвоны ліхтар”, 2001-ы – “Воўчы вецер”, 2002-і – “Інквізіцыя” і 2003-і – “Выратаванне атрутай”. Для тых, хто здзівіўся, скажу: гэта нармальна. Было б што выдаваць. В. Шніп працуе вельмі плённа. Уражанне, што яго вершатворная душа з рабочага стану не выходзіць – шчыруе без перапынку. А выдаваць кніжачкі памагаюць добрыя людзі. Тут ужо – як каму пашанцуе, як хто ўмее добрых людзей прывабіць. Звычайна, добрае цягнецца да добрага.
        Не ведаю, калі пачаўся той Шніп, які ўразіў мяне кнігай “Чырвоны ліхтар” – ці з яе і пачаўся, ці гэтаму нешта падобнае папярэднічала? Спадзяюся, хто-небудзь больш дасведчаны прасочыць творчую пуцявіну паэта і гэты момант удакладніць. Я ж думаю аб тым, што мяне ўразіла. Нешта зусім нечаканае – аж разгубіўся трохі, чытаючы. І зразумеў задуму паэта па-свойму – як творчы пошук пэўнага тэматычна-жанравага накірунку. А менавіта: перада мною – спрэс іранічна-сатырычная кніга перайманняў і пародый. Што парадыруецца? Стыль і паэтыка гэтак званга “жорсткага раманса”, вядомага і папулярнага ў гарадскім фальклоры канца ХІХ – пачатку ХХ ст.ст. Як перайманні-пародыі многія з балад і рамансаў Шніпа зроблены таленавіта. Многія, але не ўсе, ёсць і рэчы пазбаўленыя сатырычнай трапнасці, дасціпнасці, і таму проста нецікавыя, – аўтар відочна пагнаўся за колькасцю, каб аж цэлая кніга атрымалася. Зашмат і празмерна грубай, вульгарнай лексікі (нават працытаваць няёмка). Гэта – выдаткі асваення новых тэматычных пластоў жыцця ў новых жанрава-стылёвых формах.
        Героі ягоных балад (а за гэты жанр Шніп учапіўся моцна і надоўга) – п’яніцы, хуліганы, валацугі, пакрыўджаныя лёсам і непрыкаяныя душы… А найчасцей – прасцячка і дурнушка, што “была вашывай і смаркатай”, захацела смачнага салодкага жыцця і таму лёгка ідзе з ”кучаравым сытым афрыканцам”, з “маладым, як бык, іспанцам”, з арабам, з “кульгавым Карласам”… Амаль усе яны – ахвяры жыцця, сацыяльнай неўладкаванасці і ўласнага апушчэнства. Іх лёс – гэта лёс маладых беларусаў, маргіналаў, учарашніх вяскоўцаў, – лёс драматычны, зламаны, безнадзейна няшчасны. У гэтым сэнсе Шніп бярэ жыццё што называецца “за жабры”. Таму “Чырвоны ліхтар” –гэта і праўдзівае люстэрка нашай сённяшняй рэчаіснасці, перш за ўсё гарадсой, глядзецца ў яго, шчыра скажам, непрыемна, але – карысней, чым слухаць салодкія казачкі. Вядома, гэта – не ўся рэчаіснасць, але – істотная частка яе, – пачварная, агідная, страшная.
        Іншы раз у гэтых вершах-баладах паэт балансуе на мяжы самапародыі, але – не зрываецца, выратоўвае іронія – рэдкая і таму звышкаштоўная якасць паэзіі. Калі не мець гэта на ўвазе (пачуццё іроніі), то лепшыя рэчы ў “Чырвоным ліхтары” можна не зразумець, прыняць за шчырую спавядальную лірыку.
        А вось у трох наступных зборніках (“Воўчы вецер”, “Інквізіцыя” , “Выратаванне атрутай”) якраз і пераважае жанр лірычнай споведзі. Як мне бачыцца, у іх сёе-тое істотнае захавалася ад “Чырвонага ліхтара”. Ну, скажам, той жа жанр балады, тое ж выратоўчае пачуццё іроніі і самаіроніі, тонкага неспадзяванага гумару, той жа прыём парадаксальнасці і алагічнасці ў вобразных параўнаннях і метафарах. Нарэшце, і тое знаёмае, што тут яшчэ мацней выяўлена. Маю на ўвазе яго мужную лірычную адкрытасць, з якой ён гаворыць пра сябе, пра свой душэўны стан, яго здольнасць выказваць свае адносіны да жыцця, да свету і людзей гранічна шчыра не баючыся, што гэта можа некага збянтэжыць. Паэт стаў, здаецца, яшчэ больш жорсткім – і да сябе, і да іншых, а яго погляд на жыццё і на свет – больш драматычным (каб не сказаць – трагічным). Вельмі часта пачаў паўтарацца матыў развітання з жыццём і, натуральна, адпаведныя вобразы-сімвалы (пісталет, свечка, магіла, човен Харона, крыж і г.д.). Міжволі задумваешся: адкуль гэтыя невясёлыя настроі і таны? У сур’ёзнага сталага паэта напускным (гэта значыць, наўмысным завастрэннем лірычнай інтрыгі) гэта быць не павінна. Бо можна нямала страціць у вачах даверлівых чытачоў.
        Перачытваю паасобныя строфы і радкі яшчэ раз. “Напішу вар’яцкіх вершаў і памру”, “І ты глядзіш на свет, як дамавіну”, “І я ў цямрэчы знік, нібы заснуў, Нібы па горле брытвай паласнуў”, “Мы розныя людзі, але мы пад Богам, як подпісы чорныя пад некралогам”, “І я гляджу з вакна, як з дамавіны”, “І шэры горад, як магіла, дзе мы, як прывіды, жывём”, “І покуль ён спіць, я куплю пісталет, Застрэлю яго і ўратую ўвесь свет”, “Бо ў гэтым горадзе памру, Нібы ў агні трава, згару”, “Цяжка на свеце без пісталета”, “Добра на свеце, напэўна, цяпер з пісталетам”, “Быццам труна, труна для паэта, жыць што не можа без пісталета”, “Ёй трэба любоў, што ў шампанскім бурліць І куляй сядзіць у халодным нагане”, “І глядзім мы на той свет, як сон, У якім, як пісталет, Харон…”, “Нібыта ў кабуры драўлянай пісталет, Ляжаў у чорна-вогненнай труне паэт” і г.д., і г.д. я выбраў толькі частку гэтага роду вобразаў, але, здаецца, і іх дастаткова, каб мець уяўленне пра пэўныя асаблівасці паэтыкі Шніпа.
        Дарэчы, і ў апошнім, найноўшым зборніку змешчаны балады з цыклу “Чырвоны ліхтар”, аб чым я асабіста магу толькі пашкадаваць – хай бы лепш іх тут не было. У іх чытач напаткае такія брутальнасці, што аж скаланецца ад непрыемнасці. Значыць, паэт яшчэ не развітаўся з некаторымі сумнеўнымі сваімі захапленнямі.
        Усё-такі мы не ў самы горшы час жывем. Успамінаю артыкулы і рэцэнзіі, у якіх партыйныя крытыкі мяздрачылі паэму Т. Кляшторнага “Калі асядае муць” (гэта было ў канцы 1920-х, калі на свабодзе творчасці канчаткова ставіўся крыж). Мяздрачылі за ўпадніцкія настроі, за паэтызацыю багемы, віна і “ледзяной гітары”. Уяўляю, што сказалі б тыя крытыкі пра трагічнае светаўспрыманне і філасофскі песімізм В. Шніпа. Тады ж куртаты пузаценькі крытык крычаў у друку, як не лопаючы ад радасці і гонару за ўклад у разгром нацдэмаў: “Пушча – не наш!” Гэта – пра Язэпа Пушчу, аднаго з самых беззапаветных патрыётаў Беларусі і шчырых, пранікнёных паэтаў-лірыкаў той пары. Уяўляю, як бы крычаў ён гэтае самае “не наш”, цытуючы такія выдатныя вершы Віктара Шніпа. Як “Нятрэба, нятрэба чужога!”, “Воля на чужыне”, “У суседняй Расіі вайна”, “Мне снілася Вільня”, “Гэты дождж, як пачатак патопу”, “Тут”, “За вакном Еўропа і зіма”, “Ад дурнога тлуму і народу”, “Балада вяртання”, “Балада Крэўскага замка”, “Балада паланэза Агінскага”, “Балада габрэя”, “Магчымая балада ХХІ стагоддзя” і іншыя. Працытуем некаторыя з гэтых вершаў і мы. Працытуем – каб радасна і з гонарам выгукнуць: “Шніп – наш! Усімі фібрамі сваёй чалавечай і паэтычнай істоты – наш, беларускі! Але і не толькі беларускі: у яго вершах сваё роднае, наскае непарыўна знітавана з агульналюдскім, з тым, што трэба душы чалавечай скрозь і ўсюды, дзе б гэта душа ні прырасла, дзе б ні вандравала. Вось радкі з верша, прысвечанага Дуніну-Марцінкевічу, дарэчы – земляку Шніпа:
        
Нятрэба, нятрэба чужога!
Ні грошай, ні мовы, ні Бога, –
Нічога нятрэба чужога!
Мужык беларускі – мужык,
Ён слухацца пана прывык.
Ён з панам разумным – разумны,
Ды толькі вось пан нешта сумны.
І царскія ўлады – не рады.
Шпікі, як сабакі, ля хаты.
Якую ён школку трымае?
Няўжо ён законаў не знае?
А пану шчэ сніцца паўстанне
І верыцца ў светлае ранне,
Ды толькі нятрэба чужога:
Ні праўды, ні волі, нічога.
Нічога нятрэба чужога!..
        
        Без болю чытаць немагчыма. Лёс паэта. Лёс народа. Лёс Беларусі – зямлі, якая і для нас, як для Яго, “адна і святая” пад гэтым небам: “белая сумная пані, якая сустрэчы чакае, і ёй не патрэбна чужога ні сына, ні мовы, ні Бога, нічога чужога, нічога!”
        Такім жа глыбокім трагізмам беларускай долі балюча кранае верш, прысвечаны Ларысе Геніюш:
        
Воля – на чужыне.
На Радзіме – краты.
Выбар – невялікі,
Толькі выбар ёсць.
Вецер сумна вые,
Воўчы цень ля хаты
У зубах трымае,
Згаладалы, косць.
 
Зойдзе цень на ганак –
Не кажы нічога.
Добра, што на свеце
Ёсць яшчэ сябры.
Свечка асвятляе
І крыжы, і Бога.
Свечка светла плача,
Свечка не гарыць.
 
А навокал цёмна,
Нібы ў дамавіне.
А навокал – цені,
А навокал – сон.
Толькі вецер вые.
Вецер у Айчыне
З могілак узняты
Крыламі варон.
 
І пачата споведзь
Прад людзьмі і Богам.
І пачуты словы,
І пачуты крык.
Толькі на Айчыну
Помніцца дарога,
Дзе ў руцэ Айчыны
З дыяменту цвік.
        
        Нярэдка ў размовах аб літаратуры і крытыкі, і чытачы карыстаюцца такою ходкай формулай: калі б ён нічога больш не напісаў, апрача гэтага твора, то і тады заняў бы годнае месца ў літаратуры. Пакарыстаюся ёю і я: калі б у Віктара Шніпа былі толькі гэтыя два вершы, то і тады б ён… А ў яго ж такіх вершаў багата. Трохі вышэй я называў іх дзесятка паўтара, кожны з якіх можа заняць месца ў строга і ашчадна складзенай анталогіі паэзіі. Дык жа я са шкадаваннем не згадаў многія-многія іншыя вершы – сведчанні моцнага і яркага таленту паэта.
        Прыгадайма “Баладу вяртання”. Якога і чыйго вяртання? Яго, паэтавага, – у дзяцінства, у маладосць. Туды, “дзе па сцежках бацькоўскага краю З хаты ў хату цякло Беларусі святло”. Яму хочацца вярнуцца туды “Не таму, што там добра, напэўна, было, А таму, што дабрэйшымі мы былі самі, І па сцежках цякло Беларусі святло, Ад якога святлелі самотныя хаты” (гэты кампазіцыйны прыём паўтарэння – а ім Шніп карыстаецца часта – тут вельмі дарэчы). А як здорава – нечакана і балюча – канчаецца верш:
        
Але ўсё ж у дзяцінства вярнуцца жадаю
Не таму, каб там жыць, а каб дзеду сказаць,
Што няма ўжо даўно таго сумнага краю,
За які ён хадзіў два разы ваяваць…
        
        Наконт кампазіцый яго лірычных вершаў і балад (таксама ў бальшыні сваёй лірычных) варта колькі слоў сказаць асобна. Паэт любіць карыстацца такім сэнсавым і інтанацыйна-сінтаксічным счапленнем радкоў, што цячэнне верша немагчыма перапыніць. Іншы раз увесь некароценькі, радкоў на 20-30 верш—гэта адзін сказ, вядома, камбінаванай будовы, з аднароднымі ці складаназалежнымі часткамі. Адзін радок-сказ вяжацца-сплятаецца з другім, той – з трэцім, і гэтак далей – да канца перыяду ці ўсяго верша. І гоніць, і гоніць – як шаман – без перадухі, без паўзы, без кропкі, як бы баіцца, што паток паэтычнай матэрыі абарвецца, і ён не дудзе ведаць, што далей сказаць, чым скончыць. Але ў тым і рэч, што нягледзячы на такую вязь і, часам, пэўную расцягнутасць, Шніп як правіла знаходзіць тое, што замыкае развіцё вобраза-думкі. Выдатнае пацвярджэнне гэтага – тая ж, ужо цытаваная, “Балада вяртання”. Або верш “Я грэшны, як вада, дзе спіць атрута”: вядзецца й вядзецца матыў аб тым, што “мне святым ніколі ўжо не стаць”, і раптам такая афарыстычная канцоўка:
        
Жыве ўва мне, як смерць мая, Іуда,
Што знае час, калі мяне прадаць…
        
        Або – у вершы “Гэты дождж, як пачатак патопу”:
        
І праз дождж я іду адзінокі.
Парасон над сабою трымаю,
Нібы ў думках малітву чытаю,
Што ўратуе мяне ад патопу,
Што затопіць і змые Еўропу,
Дзе стаіць мая родная хата,
Дзе жывуць мае мама і тата
І Еўропа якім невядома.
Бо жывуць яны тут, яны – дома,
І дажджу ім павек не баяцца,
Ім праз дождж на дарогу ўглядацца,
Па якой разбрыліся іх дзеці
Па самотным, як могілкі, свеце.
Дождж ідзе, але ён перастане,
Сонца з хмараў усё-ткі прагляне,
Бо ў Еўропе стаіць мая хата,
Дзе жывуць мае мама і тата.
        
        Зноў жа, пабачце: і счапленне радкоў-сказаў, і паўтарэнне як кампазіцыйны прыём, і завяршэнне твора на галоўнай ідэйна-змястоўнай ноце.
        Такое маё агульнае ўражанне ад чатырох апошніх кніг паэзіі Віктара Шніпа, выказанае, па неабходнасці, сцісла. Таленавіты, цікавы, арыгінальны паэт. Як і ў чым ён будзе шукаць сябе далей – не ведаю і прадказваць не бяруся. Але чамусьці думаю, што ў гэтых кнігах яго аблічча не канчатковае, што яшчэ будзе новы Віктар Шніп, і яшчэ, і яшчэ… Знойдзеная ім на сёння манера выказваць сябе – занадта адметная, каб у ёй застацца назаўсёды, маўляў – на гэтым кропка і далей хады няма. Не думаю, што на гэтым кропка. Думаю, што Шніп яшчэ сябе пакажа. І думаю, і веру.
        Калі, вядома, не перашкодзіць… пісталет. У гэтых кнігах ён паявіўся разоў пятнаццаць. Калі і заўтра паявіцца – то чытач можа запратэставаць: “Ну годзе, браце паэце, годзе! Або выкінь – або здай у міліцыю гэты пісталет! Каб я ў тваіх вершаў яго больш не бачыў!”
        Так што ёсць над чым і прызадумацца. Хоць і напісаў, што паэт “жыць не можа без пісталета”, – давядзецца неяк абысціся. Павага і любоў чытача для паэта, для пісьменніка – за ўсё даражэй.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.