РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сабачыя гісторыі
1
1
        
        У аднаго Сабакі завяліся блохі. Што ён толькі ні рабіў, каб іх пазбыцца – і ўсё дарэмна. Адна свіньня параіла: “А ты залезь у балота”. Залез Сабака ў калюгу пасярод вуліцы. Сядзіць, лечыцца. Ехаў на трактары Граждан і пераехаў Сабаку.
        
        У аднаго Сабакі была пятая нага. Лішняя. Пайшоў Сабака да Граждана і кажа: “Зрабі колькі трэба”. А Граждан і сам ня ведае колькі ў Сабакі павінна быць ног. І ён спачатку адрэзаў адну. Падумаўшы, другую. Пасля трэцюю. Нарэзаў цэлую кучу ног. Стаіць над Сабакам Граждан з пілой і мармыча: “Вот и все что было. Ты как хочешь это назови...”
        
        Адзін Сабака надумаў пераплыць мора. Заляпіў сабе вушы, нос, рот. Кінуўся ў ваду і патануў. Убачыў гэтую бяду Граждан, выцягнуў Сабаку на бераг. Агледзіў і кажа: “Дзіва што патануў – не ўсе ж дзюркі заткнутыя”.
        
        Адзін Сабака купіў машыну. Едзе па горадзе. Радуецца, гаўкае праз адчыненае вакно. А тут міліцыянт спыніў, пытаецца: “Чаму ты, Сабака, ездзіш на машыне?” А Сабака не разгубіўся: “А няўжо я горшы за Гражданоў...”
        
        Адзін Сабака захацеў стаць паэтам. Напісаў верш і прыйшоў у Саюз пісьменнікаў і заяўляе: “Хачу стаць паэтам!” А Граждан яму і кажа: “Станавіся!”
        
        Адзін Сабака захацеў стаць рыбаром. Узяў у зубы палку, прыйшоў да ракі і ўсунуў яе ў ваду. Стаіць з палкай у зубах і чакае пакуль што зловіцца. Стаяў дзень, два, тыдзень, месяц. І ўзяў і здох.
        
        Аднаму Сабаку прысніўся генеральскі сон. Ідзе Сабака па горадзе. На шыі медалі, на вушах пагоны. А тут кот прабег. І кінуўся Сабака за ім усед. Пагубляў і медалі, і пагоны, але ката так і не дагнаў. Прачнуўся Сабака. Сумна стала яму, што хоць ты ідзі і павесься. І пайшоў Сабака і павесіўся.
        
        Аднаго Сабаку пасадзілі ў турму. Сядзіць у турме, плача. А побач Гражданы глядзяць на яго, дзівяцца: “Такі вялікі, а паводзіш сябе, як дзіцё.” А Сабака і кажа: “А няўжо, калі плакаць, дык не выпусцяць?”
        
        Адзін Сабака купіў тэлевізар. Уключыў. Глядзіць. А там другі Сабака нешта брэша. Сабака слухаў, слухаў яго і давай брахаць у адказ. І так разбрахаўся, што збегліся Гражданы. Пытаюцца: “Што здарылася?” А Сабака ім у адказ: “Просто встретились два одиночества...”
        
        Бег адзін Сабака праз плошчу. І тут перастрэў яго адзін Граждан і пачапіў Сабаку медаль. Сабака разгубіўся, але спытаўся: “За што мне медаль?” “А за тое, што ты Граждан!”
        
        Адзін Сабака быў вельмі граматны. Чытаў газеты, часопісы, кнігі. Нават вечарамі, калі засыналі Гражданы, Сабака браў слоўнік ангельскай мовы і, седзячы пад ліхтаром, чытаў. І да таго дачытаўся, што аслеп.
        
        Прыйшоў адзін Сабака да Граждана і просіць: “Граждан, Граждан, дай мне медаль”. Граждан маўчыць, а Сабака ізноў сваё. І тут той не вытрываў : “Медаль захацеў. Можа табе яшчэ і пісталет даць!”
        
        Адзін Сабака лічыў сябе прафесарам. Ён два разы на дзень прабягаў за Гражданом ля універсітэту і меў магчымасць гаўкнуць на студэнтаў.
        
        Адзін Сабака захацеў стаць Гражданом. Пайшоў да прафесара Преабражэнскага. А той узяў у кухаркі нож, разлажыў Сабаку на мокрай кушэтцы і выпусціў сабачыя кішкі даўжынёй у дванаццаць метраў.
        
        
        
2
        
        Адзін Сабака трапіў у космас. Сядзіць на месяцы і плача, бо не ведае, як вярнуцца дамоў. Ды раптам побач села ракета з сярпом і молатам, а з яе ў валёнках і ў аблавушцы выйшаў Граждан і сказаў: “Не плачце, ваша багароддзе, козлікам станеце...”
        
        Аднаму Сабаку сніўся космас, а ў ім чырвоныя Гражданы на белых лятаючых талерках. Сабака звярнуўся да дохтара. Дохтар паклаў пацыента на чорную мокрую лаву, адсярбануў з пляшкі самагонкі і запытаўся: “Вам жывот нажом разразаць, ці горла перагрызці?”
        
        Адзін Сабака захацеў паляцець у космас. Пайшоў на Байканур, залез у ракету, а там – Граждан у белых тапачках.
        
        Адзін Сабака быў вартаўніком на аэрадроме. Ніхто яго не турбаваў, але аднойчы прыйшоў Граждан з чырвоным сцягам і сказаў: “Калі я быў хлапчуком, да мяне прыляталі лунацікі і перадалі мне сваю чырванасцяжную акругу на захаванне. Я даўно назіраю за вамі, і ў мяне склалася станоўчая эмоцыя, таму гэтую святую справу я хачу перадаць вам і спадзяюся, што мы разам увойдзем у гісторыю ўсясветнага пралетарыяту, якому не чужды касмічныя інцярэсы...”
        
        Адзін Сабака, атрымаўшы па пошце загад злётаць у космас, напакаваў чамаданы, выйшаў з кватэры. На лесвічнай пляцоўцы яго ўжо чакаў Граждан: “Будзеце пралятаць каля Сонца, перадайце прывітанне маёй цешчы Пашы Ангелінай...”
        
        Адзін Сабака не любіў святкаваць Дзень касманаўтыкі – у яго ад гэтага свята балела душа за бясцэльна пражытыя гады. Граждан асабліва любіў свята касманаўтаў, хоць у яго пасля гэтага балелі ўсе вантробы.
        
        Аднаму Сабаку прыйшло віншаванне з Днём касманаўтыкі ад Граждана. Сядзіць Сабака, думае што гэта ўсё значыць і раптам заходзіць Граждан і кажа: “Гаварат Маскву інапланецяне хочуць захапіць, а вы тут бульбу лопаеце і не рыхтуецеся да адпору агрэсара. Я збіраю абараніцельную каманду і вас назначаю прэдвадзіцелям дваранства...”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў касманаўта. Ідзе па вуліцы, усміхаецца. Убачыў гэта Граждан і скінуў на Сабаку начны гаршчок.
        
        Адзін Сабака трапіў у атрад касманаўтаў. Даведаўся пра гэта Граждан і пад’ехаў да касмічнага гарадка на камбайне “Ніва” і сказаў: “Я ў космас паляту толькі са сваім спускаемым апаратам...”
        
        
        
3
        
        Адзін Сабака ўбачыў, што з выраю вярнуліся шпакі, выйшаў на вуліцу і на дрэве прымацаваў шпакоўню. Граждан выйшаў на балкон і, павесіўшы на вяроўку дзіравыя анучы, закрычаў: “Грачы прыляцелі! Грачы!”
        
        Аднаму Сабаку ўсю зіму ў кватэры было холадна, але ён цярпеў і нікуды не скардзіўся. Вясной пра сабачае жыццё даведаўся Граждан: “Савецкі Саюз развалілі, а цяпер мерзнуць! Нічога не палучыцца і ўпрэдзь, бо я пакуль што яшчо саабражаю ў нашым вобшастве!”
        
        Адзін Сабака сядзеў на лавачцы ў парку і смактаў марозіва. Убачыўшы гэта, да яго падсеў Граждан і запытаўся: “А пачом вопіум для народа?”
        
        Адзін Сабака жаніўся. За вясельным картэжам з сякерай у руцэ пёрся на ровары Граждан і крычаў: “Ажаніце і мяне! Я буду добра сябе паводзіць і маму буду слухацца!”
        
        Адзін Сабака наеўся нясвежай рыбы і ноччу чуць не здох. Граждан любіў рыбу з душком і яму было прыемна, што і ў Сабакі нарэшце з’явіўся густ.
        
        Адзін Сабака заснуў у парку на лавачцы. Прачнуўся ў адных трусах, пачуўшы Граждана: “Вы не падскажыце, у каком гэта мы горадзе жывём?”
        
        Адзін Сабака трапіў у бальніцу. Граждан прыйшоў адведаць Сабаку і прынёс вяроўку і кусок мыла: “Павесціся, баценька, а то я за сябе не ручаюся, гледзячы на вашы страданні...”
        
        Адзін Сабака ляжаў на беразе рэчкі і загараў. Ніхто на яго не звяртаў увагі і толькі Граждан хадзіў туды-сюды і пытаўся: “Вы мужчына ці жэншчына?”
        
        Адзін Сабака купіў кусок сала. І цяпер яго есць з цыбуляй і радуецца. Граждан купіў газету, чытае і плюецца.
        
        Адзін багаты Сабака прыехаў на зімовыя Алімпійскія гульні. Прыйшоў на хакейны матч і толькі хацеў сесці на сваё месца ў зале, як падбег Граждан і пацікавіўся: “А вы Віцю Шніпа ведаеце? Ён мне сто даляраў вінаваты!..”
        
        
        
4
        
        Адзін Сабака іграў на гітары. Усе слухалі і плакалі. І толькі Граждан ведаў, што гэта іграе балалайка.
        
        Аднаму Сабаку сказалі што ён падобны на Шварцнегера. І пайшоў Сабака па вуліцы. А тут на табе – насустрач Граждан з гранатамётам. Але Сабака не спалохаўся: “А мне апендыцыт выразалі...”
        
        Адзін Сабака зрабіў творчую вечарыну. Назапрашаў народу. А прыйшлі адны галодныя Гражданы.
        
        Адзін Сабака зайшоў у рэстаран. Сеў за столік і стаў чакаць афіцыянта. Прыйшоў Граждан і прапанаваў заняцца сэксам.
        
        Прозвішча аднаго Сабакі надрукавалі ў тэлефонным даведніку. Сустрэў Сабака Граждана і пахваліўся: “А я ўжо вядомы!” І ўпаў Граждан на калені і пацалаваў Сабаку правую лапу.
        
        
        
5
        
        Адзін Сабака трапіў на Гражданскую вайну. І быў ён там паранены ў правы мезінец левай нагі. І схіліліся над ім Гражданы і адзін сказаў: “Мы за цябе адпомсцім!” – і ціха заспяваў: “Уходили камсомольцы на Гражданскую войну...”
        
        У аднаго Сабакі мерзлі ногі. Убачыў гэта Граждан і сказаў: “О, укрой свои бедные ноги...”
        
        Адзін Сабака ведаў дзе зімуюць ракі. Граждан паказаў.
        
        Адзін Сабака не там дзе трэба перайшоў дарогу. Убачыў гэта Граждан, падбег да Сабакі: “Ану пойдзем у міліцыю!” А Сабака: “Я член ЦК...” Граждан не разгубіўся: “Служу Савецкаму Саюзу!”
        
        Адзін Сабака быў доктарам. Прыйшоў да яго Граждан. А Сабака і пытаецца: “Где ты столько лет скрывался от Советской власти?..”
        
        Адзін Сабака пачуў па радыё паведамленне, што пасля цяжкай і працяглай хваробы, непрыходзячы дамоў, пакінуў нас шаноўны і намі горача любімы Граждан. І заплакаў Сабака, як Тарас Бульба.
        
        Адзін Сабака паехаў у чарнобыльскую зону. Назад вярнуўся Граждан.
        
        
        
6
        
        Адзін Сабака служыў у Граждана – шукаў наркотыкі. Знойдзе, нанюхаецца і тады цэлую ноч спявае: “Боже, царя храни...”
        
        Адзін Сабака сустрэў Граждана. А Граждан яму і кажа: “Давай грошы, Сабака!”
        
        Адзін Сабака прыдумаў песню. Прыйшоў у рэдакцыю да Граждана: “Я кампазітар і хачу надрукукаваць у вас свой новы твор...” А Граждан зняў шапку і сказаў: “І навошта нам кампазітары, калі я магу ў краме купіць любую пласцінку і слухаць яе колькі захачу!”
        
        Адзін Сабака наеўся таблетак. Ляжыць і памірае. Убачыў Сабаку Граждан і выклікаў хуткую дапамогу. Прыехала хуткая і забрала Граждана.
        
        Адзін Сабака першы раз трапіў у Расію. Убачыў Граждана, падбег да яго: “Гэта вы Міхаіл Булгакаў?” “Не! Я Тургенеў...”
        
        Адзін Сабака ўваліўся ў сілосную яму. Ляжыць у ёй і разважае: “Відаць, я ўжо на тым свеце... Вунь і Граждан ідзе...”
        
        Адзін Сабака піў і плакаў. Плакаў і піў. А Граждан служыў у міліцыі.
        
        Адзін Сабака ішоў па вуліцах і нічога не разумеў. А тут Граждан: “Вашы дакументы!” А Сабака ў адказ: “Ніхтфэрштэйн!”
        
        Аднаму Сабаку прысвоілі званне героя. Прыйшоў Граждан і прыбіў да будкі мармуровую шыльду, паклаў букет і выпіў трайнога адэкалону.
        
        Аднаго Сабаку добра кармілі. А ён усёроўна на Граждана глядзеў.
        
        Аадзін Сабака быў піянерам. Пачэпіць чырвоны гальштук і ходзіць з барабанам па вуліцах. Глядзеў на гэта ўсе Граждан, глядзеў і вырашыў: “Пара ўжо яму і пілу даць...”
        
        
        
7
        
        Аднаму Сабаку прыйшоў час здаваць экзамены. Хвалюецца Сабака – не есць, начамі не спіць, скуголіць. Даведаўся пра ўсё гэта Граждан. Прыйшоў да Сабакі: “Не перажывай. Я за цябе ўсе экзамены здам!”
        
        Аднаму Сабаку ў належны дзень не выдалі зарплату. Занерваваўся Сабака і з думкай, што давядзецца галадаць, зайшоўся да Граждана. Граждан стаў абдымацца і плакаць: “Я ўвесь змэнчыўся, чакаючы цябе!..”
        
        У аднаго Сабакі не было сваякоў і ён вельмі перажываў, што іх няма. А ў Граждана быў Чапаеў, ад якога раз у паўгода ён атрымоўваў віншавальныя паштоўкі да дня палёту ў космас Сабакі Стрэлкі.
        
        Пры адным Сабаку ўсім добра жылося. І толькі Граждан скардзіўся ў ААН, што мінулым летам у яго на агародзе вырасла трава “невиданной красы”.
        
        За адным Сабакам пайшлі ўсе, хто мог. Граждан ехаў на машыне і збіраў падаткі.
        
        Да аднаго Сабакі прыйшлі цімураўцы: “Мы вам дроў напілуем, вы толькі пра гэта Граждану не кажыце...”
        
        У аднаго Сабакі было сто даляраў і ён не ведаў, што з імі рабіць. У Граждана было сто рублёў і ён даўно іх прапіў.
        
        За адным Сабакам бегалі мясцовыя красоткі. Граждан злаваўся, але сядзеў.
        
        Аднаго Сабаку абвінавацілі, што ён ноччу лаяўся. Граждан быў чэсны: “Гэта я яго навучыў!”
        
        Там, дзе прайшоў адзін Сабака, сталі хадзіць усе. А Граждан даў у газеце аб’яву: “Запрашаю да супрацоўніцтва ўсіх, хто яшчэ памятае свой гражданскі доўг”.
        
        У аднаго Сабакі закончыліся грошы. Граждан даведаўся пра гэта і прынёс Сабаку поўны мяшок пагрызеных пацукамі сухароў, якія ён сушыў для дзяцей Пол Пота.
        
        Адзін Сабака сабраўся ў замежжа на экскурсію. Уставіў жалезныя зубы, пастрыгся, накупляў трусоў у кветачкі, пару кілаграм сала загарнуў у газету і раніцай пабег на цягнік. Забег у вагон і пачуў: “У сувязі з тым, што ноччу нейкі Граждан разабраў рэйкі, цягнік на Берлін пойдзе на Улан-Удэ з усімі прыпынкамі...”
        
        Адзін Сабака галадаў. Граждан не любіў галодных і напісаў пісьмо Фідэлю Кастру: “Гаспадзін, Баценька, у вас негры жывуць добра, а ў нас Сабакі галадаюць. Прышліце бананаў, а то мне начаваць няма дзе!”
        
        Адзін Сабака вывучыў французскую мову. І тут прыбег Граждан: “Вы цяпер зможаце размаўляць з Напалеонам. Дык перадайце яму, што на свеце жыве Граждан, які яму цалуе ручкі і ножкі за тое, што ён не спаліў Мінск...”
        
        Да аднаго Сабакі прыйшоў міліцыянт з Гражданам: “Мне паведамілі, што вы хаваеце ў сябе Сабаку, які ўцёк з вайсковай службы!” “Шукайце! Калі знойдзеце яго, забірайце!” Міліцыянт завярнуўся і пайшоў. Граждан перавярнуў у кватэры ўсё што мог і сказаў: “Ты не думай, што я нейкі ненармальны. Я справядлівасці шукаю!”
        
        
        
8
        
        Адзін Сабака ўтапіўся ў сажалцы. Граждан бачыў, як гэта здарылася, і сам пайшоў у міліцыю, дзе напісаў: “Прашу ва ўсім, што здарылася ў сажалцы, лічыць вінаватай Гражданку. Я з ёй катэгарычна ня згодны, бо яна пяць гадоў і тры месяцы назад пазычыла ў мяне сто рублёў на прапой і не аддала. На гэтым застаюся верным ідэям, якім навучыўся ў Карла і Марса”.
        
        Адзін Сабака сустрэў Граждана ў спартыўным комплексе “Спартак”. А Граждан яму і кажа: “Тут мяне паважаюць. Тапачкі далі!”
        
        Аднаму Сабаку захацелася жыць добра. Граждан не даў.
        
        Аднаго Сабаку вылучылі на прэмію. Граждан даведаўся пра гэта і напісаў просьбу: “У сувязі з тым, што я Граждан, прашу даць мне званне заслужанага дзеяча культуры!”
        
        Аднаму Сабаку сучка прызналася ў каханні. Граждан лавіў мышэй і вучыў іх брахаць на сабак.
        
        Адкуль з’явіўся адзін Сабака – ніхто не ведае. А Граждан хваліцца, што ў яго
        бацька быў і ён ледзь выжыў падчас бамбадзіроўкі кароўніка сіламі НАТА.
        
        
        
9
        
        Там дзе збіраюцца Гражданы, аднаму Сабаку няма чаго рабіць.
        
        Да аднаго Сабакі прыходзілі цімураўцы, а да Граждана – Паўлік Марозаў.
        
        Калі аднаму Сабаку насыпалі солі на хвост, ён быў задаволены, даведаўшыся, што гэта зрабіў не Граждан.
        
        У аднаго Сабакі быў сябар Граждан. Сабака нікому пра гэта не казаў. Граждан хацеў пахваліцца, але баяўся, што ніхто не паверыць.
        
        Адзін Сабака курыў “Прыму”. Граждан купляў “Мальбара”, а пасля еў бульбу і думаў павесіцца.
        
        Пры адным Сабаку служыў Граждан. Сабака меў ордэн, а ў Граждана была медаль за добрыя паводзіны на пажары Масквы.
        
        Адзін Сабака быў добраахвотнікам у арміі Пільсудскага. Граждан ляжаў на печы і чакаў канца свету.
        
        За аднаго Сабаку хацелі выйсці замуж усе, хто мог. Граждан быў першым жаніхом, якому прыслалі гарбуз, з якім ён спаў цэлую зіму.
        
        Аднаму Сабаку заўсёды сумна. Граждан, нават калі бывае адзін, ведае, што трэба піць на гэтым свеце, бо на тым нічога не дадуць.
        
        Калі Сабака ляцеў на самалёце, Граждан залазіў на дрэва і крычаў: “Мама, а я лётчыка люблю!”
        
        
        
10
        
        Адзін Сабака напісаў “Сабачыя гісторыі”. Гражданы пачытаўшы іх, вырашылі: “Хай будзе і на нашай вуліцы свята!”
        
        Калі адзін Сабака заходзіў у тралейбус, Граждан дзівіўся: “У гэтага Сабакі боты, як у маёй Манькі!”
        
        Адзін Сабака даведаўся па чым фунт ліха, данёсшы дахаты Граждана, які ведаў колькі каштуе “чарніла”.
        
        Адзін Сабака за месяц накасіў сена на цэлую зіму. А Граждан нацягаў на дзесяць гадоў.
        
        Аднаму Сабаку сніўся Граждан. А Граждану сніўся Сабака. А над горадам ляцела варона і крычала: “Калхоз! Калхоз!”
        
        Аднаго Сабаку задушыў Граждан. Спалохаўся Граждан мярцвяка і закрычаў: “Не вінаваты я! Ён сам да мяне прыйшоў!..”
        
        Там, дзе адпачываў адзін Сабака, Граждан знайшоў сто рублёў. І захацеў Граждан купіць у краме свечку, а яму там і кажуць: “Вы, баценька, відаць, з парцейных!..”
        
        Адзін Сабака чытаў Мантэня. Граждану хапала часопіса “Мурзилка”, у якім летам друкаваліся здымкі паўголых гражданят.
        
        Адзін Сабака займаўся аэробікай. Граждан стаяў каля спартыўнага комплекса з біноклем і камандаваў: “Левай! Раз-два! Левай!..”
        
        Адзін Сабака купіў білет на цягнік. Даведаўся пра гэта Граждан, прыйшоў да Сабакі і сказаў: “Можаш смела ехаць. Я загадаў сваім хлопцам, каб рэйкі сёння не разбіралі...”
        
        Адзін Сабака збіраў грыбы. Сустрэў Граждана, а Граждан і кажа: “Праверана. Мінаў няма...”
        
        Адзін Сабака купіў папугая. Убачыў гэта Граждан і пацікавіўся: “А можна яго на Новы год з бульбай засмажыць?..”
        
        У аднаго Сабакі ў кватэры жыла белая мыш. А Граждан развёў на цэлы пад’езд тараканаў і клапоў.
        
        Калі адзін Сабака выходзіў з кватэры і ішоў на працу, да яго дзвярэй падыходзіў Граждан і казаў: “Мяне не абманіце – я ведаю, што ў вас нікога дома няма!..”
        
        Як толькі адзін Сабака купіў сабе булку хлеба, Граждан пацікавіўся ў крамніцы: “А ці не гэта той Баскервіль, якога ўчора паказвалі па тэлевізары?”
        
        Аднаго Сабаку лячыў прафесар. А Граждан сядзеў пад дзвярыма і плакаў: “Аддайце мне сабачку. Я яго мучаць нябуду. Ён сам у мяне памрэ...”
        
        Адзін Сабака быў палкоўнікам. Граждан ганарыўся сваім суседам і расказваў, як у Сабакі ён касіў сена і той яму за гэта даў квасу цэлы кубак.
        
        Адзін Сабака хацеў уцячы з дому. Граждан абяцаў дапамагчы павесіцца.
        
        Адзін Сабака ў вёсцы жаў жыта. Гражданы стаялі на ўзгорку і спрачаліся: “Да вечара не паспее зжаць!”, “Сажне і не здохне!”, “Не! Не паспее!” І толькі адзін Граждан на матацыкле маўчаў – ён быў старшынёй калгаса.
        
        
        
11
        
        Адзін Сабака фарбаваў плот. Ішоў міма Граждан і сказаў: “Я балдзею ад гэтага сацрэалізму...” і, наступіўшы на банку з фарбай, трапіў пад малакавоз.
        
        Адзін Сабака назбіраў грыбоў. Убачыў гэта Граждан і закрычаў: “Поём мы славу дары прыносящим!”
        
        Аднаму Сабаку далі кватэру ў доме, які збудаваў на сабачыя грошы Граждан. І Сабака, стаўшы Гражданам, пачаў пісаць вершы пра сабачае жыццё.
        
        Адзін Сабака быў вельмі гуманным, хоць і не вітаўся з Гражданамі. Гражданы ведалі гэтага Сабаку і злаваліся: “Мы яму хату ні разу не палілі, а ён, як чапаеўскі герой!”
        
        Адзін Сабака сядзеў на кухні і карміў тараканаў. І раптам суседскі таракан залямантаваў: “Перадай Граждану, што я заўтра яму кадык буду вырываць!”
        
        Калі аднаму Сабаку не далі зарплату, ён еў сухары і маўчаў. А калі не далі зарплату Граждану, ён выгнаў з хаты жонку і дзяцей і сказаў: “Толькі ў муках нараджаецца свабода!”
        
        Адзін Сабака лічыў варон. А Граждан лічыў сабак.
        
        Адзін Сабака паехаў на курорт. Прыйшоў да яго кватэры Граждан і пачапіў аб’яву: “Прапаў Сабака. Хто знойдзе, перадайце яму, каб болей яго тут не было, бо жывуць тут скромныя Гражданы і ім гэтыя курорты даўно сядзяць у вантробах!”
        
        У аднаго Сабакі дзеці пайшлі ў школу. Убачыў гэта Граждан і, выбегшы з хаты, закрычаў ім услед: “К борьбе за дело коммунистической партии будьте готовы!”
        
        Адзін Сабака ў дзень выпіваў літар піва. А Граждан тры пляшкі “чарніла” і, прыйшоўшы дахаты, плакаў: “Шкада мне Сабакі, співаецца...”
        
        У аднаго Сабакі былі грошы. Граждан падпільнаваў Сабаку ў цёмным пад’ездзе і закрычаў: “Дай мільёнчык, а то бацьку ўсё раскажу!..”
        
        Адзін Сабака быў вундэркіндам – іграў на піяніна. Граждан, сустрэўшы Сабаку, сказаў: “Ты дзякуй Богу, што мама мне яшчэ не дазваляе карыстацца запалкамі, а то я б табе даўно хату спаліў!..”
        
        У аднаго Сабакі ўрадзіла бульба. А Граждан хадзіў па вёсцы і прасіўся пераначаваць, як ахвяра калектывізацыі.
        
        Адзін Сабака запрасіў Граждана дапамагчы вынесці труну з кватэры. І Граждан прывёў за памінальны стол гражданскую жонку і дзяцей лейтэнанта Шніпа.
        
        Адзін Сабака паляцеў на Алімпійскія гульні. Граждан доўга бег услед за самалётам, махаў чырвоным молатам і гарланіў: “На каго ж ты нас пакінуў, Сабака!”
        
        Адзін Сабака ляжаў на печы. Граждан ведаў пра гэта і, ідучы па вёсцы, крычаў: “Буржуяў мы будзем растрэльваць!..”
        
        Аднаго Сабаку пасадзілі ў падводную лодку. Сядзіць Сабака ў ёй месяц, два, тры і тут нарэшце з’явіўся Граждан і, страляючы ў Сабаку, сказаў: “Нам жывыя героі ні к чему!..”
        
        Адзін Сабака купіў на Камароўцы сала. Прынёс дахаты і толькі захацеў яго спячы, як сала голасам Граждана прамовіла: “Не пячы мяне, я табе казкі зімой буду расказваць...”
        
        У аднаго Сабакі быў імянны пісталет. А ў Граждана лапата і насілкі.
        
        
        
12
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Граждана і пайшоў да Хармса. А Хармс са Шніпам сядзяць на падваконніку і пішуць пісьмо дзядулю Кастру, каб той на Новы год прыслаў ім літар кубінскага рому і кілаграм бананаў.
        
        Адзін Сабака перапрануўся ў Пушкіна і пайшоў да Граждана. А Граждан ужо сядзеў пераапрануты ў Янку Купалу і ў соты раз перапісваў: “Я мужык беларус, пан сахі і касы...”
        
        Да аднаго Сабакі прыйшоў Граждан перапрануты ў Пушкіна і сказаў: “Давеча я выкушал тры чашкі какавы і без усякага укусу. Можа ў вас ёсць сто грам на прапітанне?”
        
        Да аднаго Сабакі прыйшоў Граждан, пераапрануты ў Анатоля Сыса і сказаў: “Я сын Янкі Купалы і унук Максіма Багдановіча. Падайце Хрыста радзі...”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Людмілу Рублеўскую і прыйшоў да Граждана. Граждан пайшоў у другі пакой і выйшаў адтуль пераапрануты ў Шніпа.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Паўліка Марозава. Убачыў гэта Граждан і закрычаў: “Не вінаваты я!”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Майдадыра і пайшоў да Граждана. Убачыў Майдадыра Граждан і сказаў: “Сёння нарэшце трэба будзе памыцца...”
        
        Адзін Сабака распрануўся. Граждан Гражданом.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Някляева і паехаў у Польшчу. А там сядзіць Някляеў, пераапрануты ў Граждана.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Чабурашку. А Граждан у кракадзіла.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Пазьняка. Прыйшоў да Граждана і запытаўся: “Дзе ты быў, калі я галадаў у Амерыцы?”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Леніна. Збегліся Гражданы з віламі і лапатамі і скінулі з трактара старшыню калгаса.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Якуба Коласа. Ідзе па вуліцы і ўсе з ім вітаюцца: “Дзень добры, дзядзька Колас!” І тут ехаў Граждан на ровары, заглядзеўся на пераапранутага Сабаку і трапіў пад трамвай.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Анатоля Сыса. Выпіў паўлітра “чарніла” і пайшоў у Дом літаратара. А там на вахце сядзеў Граждан, якому было ўсё роўна ў каго пераапрануўся Сабака. І сказаў Граждан Сабаку: “Ты хоць у Пятруся Броўку перапрааніся, а цябе, сабачая морда, я ўсё роўна не пушчу ў Бум-Бам-Літ!”
        
        Да аднаго Сабакі прыйшоў Граждан, пераапрануты ў першага беларускага Нобелеўскага лаўрэата. І закрычаў Сабака: “Як мне абрыдзелі гэтыя перформенсы! Хачу на пенсію!”
        
        У аднаго Сабакі жыў Граждан, пераапрануты ў Шніпа. Прыйшлі міліцыянты і сказалі: “Дзядзька Віця, мы ведаем, што не вы развалілі Савецкі Саюз, таму можаце спаць спакойна. А з Гражданом мы разбяромся!” і пайшлі шукаць Граждана.
        
        Адзін Сабака перапрануўся ў філосафа. Збегліся Гражданы з тазікамі і аб’явілі сябе Шапенгауэрамі.
        
        Адзін Сабака жыў пераапранутым у Ведзьмака Лысагорскага. А Граждан у каго толькі не пераапранаўся, а ўсё роўна быў галодным.
        
        
        
13
        
        Адзін Сабака трапіў у войска. Хацеў стаць прапаршчыкам, але там ужо было дзесяць прапаршчыкаў, і ўсе Гражданы, і са спраўкамі ад прафесара Прэабражэнскага.
        
        Адзін Сабака трапіў да дзікіх абіз’ян. А абіз’яны яму і кажуць: “Былі б вы Гражданом, мы б вас аграбілі. А так ужо і не ведаем, што з вамі рабіць...”
        
        Адзін Сабака трапіў у космас. Ляціць сярод зорак задзёршы хвост. І раптам яму насустрач у начоўках Граждан: “Отдай колбасу, дурак! Я всё прощу!”
        
        Адзін Сабака трапіў у Маўзалей. Думаў убачыць Граждана, а там Ленін ляжыць і чытае перапіску Крупскай з доктарам Айбалітам.
        
        Адзін Сабака трапіў у турму. І так яму там стала дрэнна, што ён завыў. Прыбег Граждан з мікрафонам: “Спой мне, цвецик, не стыдись!”
        
        Адзін Сабака трапіў на жывыдзёрню. “Ну, – думае: капец...” І раптам бачыць Граждана ў белых тапках, з плакатам: “Вся власть Саветам і рабоча-крэсціянскім беднякам!” Сабака бягом да Граждана: “Ратуй!” А Граждан яшчэ вышэй задзёр нос: “Мы Шапэнгаураў не чыталі! Мы сваім умом жывём, як завяшчаў дзед Мазай і зайцы...”
        
        Адзін Сабака трапіў у бібліятэку і захацелася яму пачытаць што-небудзь з японскай паэзіі. А бібліятэкар быў Гражданом. І сказаў Граждан: “Вы б пачыталі спачатку Карла Маркса і пранікліся б любоўю да пралетарскай рэвалюцыі. А нам хокі-шмокі нятрэба. У нас і без іх каровы дояцца і бульба расце ўражаямі незлічонымі...”
        
        Адзін Сабака трапіў у члены Саюза пісьменнікаў. І Граждану захацелася туды ж. А яму і кажуць: “Хоць ты і Граждан, але ў цябе гражданскай лірыкі няма. А без гражданскай лірыкі ў нас няма чаго рабіць. Мы вам і прэміі не зможам даць, калі вы раптам уздумаеце памерці...”
        
        
        
14
        
        Адзін Сабака раней за ўсіх закончыў жніво. З’ехаліся карэспандэнты. Фатаграфуюць Сабаку, бяруць інтэрв’ю, віншуюць. Убачыў усё гэта Граждан і на другі дзень, моўчкі выкапаўшы ў агародзе кулямёт, зрабіў на карэспандэнтаў засаду. А карэспандэнты больш не прыехалі. І, прасядзеўшы цэлы тыдзень у засадзе, Граждан выбег з кустоў на дарогу і закрычаў: “Донар вэтар! У такія гульні я больш не гуляю! А мая перамога яшчэ наперадзе!”
        
        Адзін Сабака каля дарогі ў кустах смажыў шашлыкі. Ехаў на “Мерсе” Граждан. Унюхаўшы шашлыкі, спыніўся: “Старик! У меня есть баксы. Саабразі пахаваць. Я вчера в Германии был. Там полны балдзёж. Немцы па-нямецку балакаюць, а па-руску ніхто не кумекае. Цямната. Я з-за них другія суткі нічога не выкушал...”
        
        Адзін Сабака ахоўваў базар. Граждан доўга хадзіў каля базара, прыглядаўся, прынюхваўся і на свята пагранічніка вырашыў пранікнуць на ахоўваемую тэрыторыю. Палез і адразу трапіўся Сабаку, але не разгубіўся: “Дзядзенька, адпусціце. Я пастрадаў ад савецкай улады. Пастрадаў ад белых, пастрадаў ад чырвоных, пастрадаў ад палякаў, ад немцаў, ад Пазняка з Шушкевічам, і ад Шніпа... Адпусціце, а то я вас за яйцы ўкушу, а сам павешуся...”
        
        Адзін Сабака любіў чытаць перад сном Борхеса. Граждан не ведаў хто такі Борхес і глядзеў тэлевізар. Пасля ўсю ноч плакаў у сне і барматаў: “Воровать меньше надо!”
        
        Адзін Сабака захварэў. Даведаўся пра гэта Граждан і, пераапрануўшыся ў доктара, прыйшоў да Сабакі: “Я ведаю, што вы хварэеце, але мяне больш цікавіць ці вы будзеце яшчэ жыць, ці хутка памрэце... Я тут падрыхтаваўся, каб усё зрабіць так, каб вы нядоўга мучыліся...”
        
        Адзін Сабака зламаў нагу. Ляжыць, чакае хуткую дапамогу. Але тут аднекуль з’явіўся Граждан, які ўбачыўшы бедалагу, узяў камень і ляснуў Сабаку па галаве. І нічога не знайшоўшы ў Сабакі, акрамя зламанай нагі і разбітай галавы, Граждан яшчэ раз стукнуў Сабаку па галаве і лёгкай паходкай сыйшоў у прыдарожныя кусты.
        
        
        
15
        
        Аднаму Сабаку падбілі вока. І ўсе хто ўбачыць Сабаку, пытаюцца: “Ці хутка закончыцца вайна?” Сустрэўся Граждан і даў Сабаку ганаровую грамату.
        
        Адзін Сабака прыехаў у вёску. Выйшаў на вуліцу і заблудзіўся. Стаў крычаць: “Ау! Ау!..” А яму ў адказ з кустоў: “Ты што, Граждан?”
        
        Адзін Сабака закахаўся ў Алу Пугачову. Напісаў ёй ліст. Паслаў. А назаўтра прыйшоў міліцыянт і запытаўся: “Тут жыве Граждан?”
        
        Адзін Сабака знайшоў гаршчок. Вялікі і цяжкі. Пачапіў яго сабе на вушы. Ходзіць, радуецца: “Я – цар! Я – цар!” Пачуў гэта Граждан, падбег да Сабакі і запытаўся: “А шампанскае на Новы год будзе?”
        
        Адзін Сабака стаў астраномам. Прыехалі дактары. Апранулі Сабаку ў белую кашулю і павезлі ў Навінкі. Сабака нейкі час ляжаў моўчкі, а потым папрасіў: “Спыніце, хачу Граждану рамоначкаў назбіраць...”
        
        Адзін Сабака забегся ў Макдональс. Паглядзеў і засмяяўся, як Граждан.
        
        Адзін Сабака падарваўся на міне. Ляжыць разарваны і думае: “А мог жа загінуць Граждан...”
        
        Адзін Сабака краў і жыў прыпяваючы. Але і ён трапіў у турму. Прывялі Сабаку ў камеру. А там – цёмна і Гражданы.
        
        Адзін Сабака навучыўся трымаць скрыпку. І стаў ён у пераходзе ў метро пілікаць з раніцы да вечара. Пачуў музыку Граждан і пераехаў свой прыпынак.
        
        Адзін Сабака трапіў у егіпецкую пераміду. Блукаў у ёй тыдзень, месяц, год... Нарэшце наткнуўся на Граждана з галавой кракадзіла.
        
        Адзін Сабака быў сынам Муму. І сустрэў ён ля возера Граждана. А той падбег да Сабакі і сказаў: “Можна ў вас інтэрв’ю ўзяць?”
        
        Адзін Сабака меў рацыю. А Граждан – аўтамат. А ў горадзе былі японцы.
        
        Адзін Сабака любіў хадзіць у госці. Прыдзе да каго-небудзь, сядзе і маўчыць, пакуль не прагоняць. Прыйшоў Сабака і да Граждана. А ў Граждана згніла бульба.
        
        Адзін Сабака быў чорны. Выбяжыць на вуліцу і ніхто яго не бачыць. І далей бы, відаць, Сабака так здзекваўся з суседзяў, калі б дахаты не ішоў Граждан. Не размінуліся.
        
        Адзін Сабака любіў глядзець “Плейбой”. Нагледзіцца нанач, а тады заснуць не можа. А Граждан чытаў Карла Маркса і спаў, як рэвалюцыянер.
        
        Адзін Сабака прапанаваў Граждану павіншаваць усіх сабак са святам. Граждан выйшаў на сцэну і сказаў: “Ну што, Сабакі, не ждалі!”
        
        Адзін Сабака зайшоў у кнігарню. Перабіраў кнігі, перабіраў і нарэшце сказаў: “І тут Гражданы!”
        
        
        
16
        
        Адзін Сабака быў вельмі маленькі і яго ўсе крыўдзілі. Убачыў гэта Граждан і сказаў: “Я цябе абараню...” – і пасадзіў Сабаку ў Бастылію.
        
        Адзін Сабака любіў паесці. Залезе да каго-небудзь у агарод, нагрызецца буракоў, а тады ляжыць у баразне і памірае. Заўважыў гэта Граждан і аж затрымцеў: “А можна я вам верш прысвячу?”
        
        Аднаму Сабаку прыслалі ліст з Кітая. Стаў Сабака чытаць услых. Пачуў гэта Граждан і скінуўся з балкона.
        
        Адзін Сабака быў адзін. Доўга. І Граждан не ведаў пра гэта.
        
        У аднаго Сабакі забалелі пярэднія зубы. І пайшоў Сабака да доктара. А доктар агледзеў Сабаку, выклікаў Граждана і выпісаў загад: “На працягу тыдня разабрацца і дакласці!”
        
        Адзін Сабака займаўся палітыкай. З панядзелка да пятніцы паліваў кусты. У суботу і нядзелю хадзіў з паднятым хвастом каля вакон Граждана, які ў гэты час сядзеў на лецішчы.
        
        Адзін Сабака збіраў пустыя пляшкі. Здаваў і на атрыманыя грошы купляў ружы. Граждан любіў пеларгоніі і піва. А ў горадзе былі кракадзілы.
        
        Адзін Сабака задумаўся. Думаў, думаў, думаў і пайшоў да Граждана. А Граждан злез з печы, на якой праляжаў тры гады і паўгадзіны, і перамог Сабаку. І ва ўсім свеце было свята...
        
        Адзін Сабака займаўся спортам. Разгоніцца і – галавой у сцяну. Паваліцца, паляжць, устане і зноў галавой у сцяну. Глядзеў, глядзеў на гэты спорт Граждан і з’ехаў у замежжа.
        
        Адзін Сабака валодаў ангельскай мовай. Садзіў на ёй бульбу, буракі, бручку. А Граждан карыстаўся слоўнікам і харчаваўся ў Макдональсе.
        
        Адзін Сабака пазычыў Граждану вочы. І Граждан іх згубіў.
        
        Адзін Сабака забыўся, чаго ён пайшоў у бюро даведак. Сустрэў Граждана і сказаў: “Мяне завуць Шарык!”
        
        Адзін Сабака прадаваў на базары сена, якое яму накасіў Граждан. Убачыў гэта міліцыянт і прапанаваў: “Пішы заяву, будзеш у мяне намеснікам!”
        
        Адзін Сабака вярнуўся з Афрыкі. Чорны, як абіз’яна. Прыйшоў да сваіх дзвярэй. А на дзвярах – партрэт Граждана.
        
        Аднаму Сабаку не было чаго рабіць. Граждана гэта не турбавала. Ён сядзеў за шырокім сталом.
        
        Адзін Сабака быў кавалерыстам. Залезе на плот і плача. Убачыў гэта Граждан і напісаў завяшчанне: “Калі дамоў не вярнуся, прашу на маім агародзе паставіць помнік”.
        
        Адзін Сабака запісаўся ў шпіёны. Давялося пераапранацца ў Граждана савецкай нацыянальнасці.
        
        Аднаму Сабаку зрабілі замежную прывіўку. Праз год Сабака закрасаваў і на ім выраслі яблыкі. Граждану гэта вельмі не спадабалася – яблыкі былі маленькія і кіслыя.
        
        Адзін Сабака прыйшоў да Віктара Шніпа і кажа: “Не пішы ты болей вершаў!” А Шніп і спалохаўся: “Чаму?” “А таму што ўжо Граждан будзе пісаць!”
        
        Адзін Сабака любіў сала. Пакладзе яго на стол, сядзе перад ім і любуецца. Даведаўся пра такую любоў Граждан і таксама захацеў любові. Прыйшоў да Сабакі і заявіў: “Аддай мне сала!” А Сабака ў адказ: “Прыходзь праз месяц”.
        
        
        
17
        
        Адзін Сабака любіў вечарамі слухаць песьні Высоцкага. Граждан у гэты час на кухні агітаваў прусакоў ісьці да Сабакі і сказаць яму, што яшчэ ня ўсе чэсныя прадалі Родзіну, як маць радную.
        
        Адзін Сабака пасьлізнуўся, ідучы з крамы, і пабіў бутэльку з кефірам. Граждан сказаў: «На дэпутацкія месцы ў гарсавет вы не прайдзёце, як ліцо нятрэзвай нацыянальнасьці!»
        
        Адзін Сабака выйграў у лятарэі мыліцы. А Граждан зламаў сабе малатком нагу і заявіў: «Паглядзіце, як я страдаю, а вы дазваляеце сабе на мыліцах раскашаваць і вушамі шавяліць…»
        
        Аднаму Сабаку прыйшло пісьмо ад невядомай жэншчыны, і ён пахваліўся Граждану. А Граждан сказаў: «Можа, вам і вусаты Шніп піша любоўныя пасланьні!»
        
        Адзін Сабака даведаўся, што Шніпа прызначылі начальнікам, і даслаў яму віншаваньне. Гражданы тэрмінова сабраліся й выпрацавалі пастанову, згодна зь якой Шніп паедзе ў калгас рыхтаваць трактары і камбайны да ўдарнай пасяўной.
        
        Адзін Сабака служыў у войску і кожны дзень думаў пра дэмбэль. Граждан меў белы білет і апошнімі словамі лаяў Шніпа, які таксама не служыў савецкай уласьці: «Дзізерцір! Мой бацька такіх расстрэльваў, як бешаных гусей!»
        
        
        
18
        
        Адзін Сабака трапіў на вясельле. Якраз жаніўся Граждан. І калі Сабака павіншаваў маладых, Граждан выклікаў міліцыянтаў і сказаў: “С юридической точки зрения ни организаторы праздника, ни городские власти в трагедии не виноваты, поэтому на них может быть возложена разве что моральная ответственность. Я жанюся на Маньцы, а вы як сабе хочыце...”
        
        Адзін Сабака служыў у савецкім марфлёце. Вярнуўся ў вёску. Дзяўчаты праходу не даюць – бяры замуж! Граждан даведаўся пра гэта і, зьбіўшы з дошак скрынку, цэлымі днямі стаў плаваць па сажалцы. Людзі спыняюцца, дзівяцца, а Граждан у скрынцы сядзіць і крычыць: “Никто не заставлял меня снимать свою кандидатуру! Более того, если бы это давление было, я не стал бы снимать кандидатуру, даже достоверно зная о том, что у меня нет шансов на победу. Я бы все равно пошел до конца!”
        
        Адзін Сабака зьезьдзіў у замежжа. Вярнуўся дамоў, стаў далей жыць, як і жыў. І толькі Граждан па начах пачаў грукаць малатком у сьцяну і крычаць: “Перастаньце ізьдзявацца – піць кофа і есьці цукеркі!..”
        
        
        
19
        
        Адзін Сабака на Вадохрышча паўдня прастаяў у чарзе па сьвянцоную ваду. Граждан у гэты ж дзень стаяў ля зачыненай крамы па гарэлку і радаваўся сонцу, як майскі жучок.
        
        Адзін Сабака прыйшоў на сход інтэлігенцыі і там моўчкі прасядзеў увесь час. А Граждан зьявіўся п’яны з пасьведчаньнем Таварыства цьвярозасьці й учыніў скандал з ахоўнікамі: «Не пускаць?! Мяня?! Ды я тут самы большы інтэлігент!..»
        
        Аднаму Сабаку сказалі: заплаці падаткі й сьпі спакойна. Граждан, пачуўшы напамін, замкнуўся ў прыбіральні і ўсю ноч пералічваў жончын заробак і цешчыну пэнсію.
        
        Адзін Сабака любіў перад сном пашпацыраваць, паглядзець на зоркі. А Граждан назіраў за Сабакам у бінокль, спадзеючыся зразумець, на якую разьведку той працуе – на віетнамскую ці на этыёпскую.
        
        Адзін Сабака купіў патрыманы «Масквіч». Граждан, дазнаўшыся пра гэта, злавіў сабачага ката і ўсю ноч яго катаваў: «Коцік-брацік, скажы, адкуль у вас нерабоча-сялянскія грошы?» У адказ кот роў як рэзаны, а Граждан ляпаў малатком па пустым рондалі й глядзеў тэлевізар.
        
        У аднаго Сабакі былі канькі, і ён узімку хадзіў зрэдку на каток. Граждан абуваў канькі, што засталіся яму ад дзеда, кладучыся спаць, і казаў: «Я не дурны, каб ня ведаць, для чаго мой дзед пры паляках быў улюбёны ў пана Пілсудзкага…»
        
        
        
20
        
        Адзін Сабака не любіў зімовых Алімпіядаў, бо холадна, лапы мерзнуць. Граждан любіў і зімовыя, і летнія: жонка ў гэтыя дні дазваляла спаць каля тэлевізара і курыць у зацяжку.
        
        Адзін Сабака, алімпійскі чэмпіён па біятлёне, зайшоў у прыбіральню. А там быў Граждан, які, адразу пазнаўшы вядомага спартоўца, закрычаў: “Я такі рады магчымасьці яшчэ раз пацьвердзіць глыбокую павагу да Вас – чалавека, які ўвайшоў у гісторыю разам зь Міклухам-Маклаем і Пашай Ангелінай! Дайце я вам дапамагу гузічак расшпіліць…”
        
        Адзін Сабака любіў глядзець фігурнае катаньне. Граждану не падабалася: у фігурыстак відаць трусікі, а ён смушчаецца, і да ўсяго мама яшчэ не дазволіла яму жаніцца.
        
        Адзін Сабака глядзеў па тэлевізары рэпартаж зь зімовай Алімпіяды. Раптам на экране зьявілася дыктарка і аб’явіла: “Шаноўныя таварышчы! Мінулым летам на лыжах з дому сышоў Граждан, і па сёньняшні дзень ён у розыску. Хто знайшоў лыжы, просьба вярнуць іх на любую спартовую базу. Сьмельчакоў чакаюць прызы і памятныя падзякі!”
        
        Адзін Сабака запісаўся ў сэкцыю па скачках з трампліну. Прыйшоў на трэніроўку, а там Граждан прапануе ўсім купіць у яго парашут, каб сабраныя грошы аддаць на разьвіцьцё алімпійскага руху.
        
        Адзін Сабака атрымаў запрашэньне наведаць зь візытам добрай волі зімовую Алімпіяду. Прыехаў у аэрапорт – а там Граждан. Убачыў Сабаку і закрычаў: “Разваравалі ўсю Расею! А цяпер няма каму шайбу ганяць па Беларусі!”
        
        Адзін Сабака прысьніў алімпійскае золата за перамогу ў лыжнай гонцы па цёмным лесе. Расказаў пра гэта Граждану, які адразу ж параіў: “Ня ежце, баценька, нанач. Мне жонка ўжо цэлы месяц не дае, і я, як бачыце, не цікаўлюся гульнямі…”
        
        Адзін Сабака, гледзячы тэлевізар, закахаўся ў фігурыстку і сышоў з дому. Граждан і так не начаваў у сваёй кватэры: яму падабалася спаць на вакзале на лаўцы, на якой бяссоннымі начамі тупым кітайскім ножыкам ён выразаў: “Не забуду маць радную!”
        
        Адзін Сабака, пасьля таго як нашы хакеісты прадулі ўсе матчы, скінуў з балькону тэлевізар. Убачыў гэта Граждан і, фэкаліямі вымазаўшы Сабаку дзьверы, пазваніў у міліцыю: “Я, как кавалер ГТО, долга цярпел эці ізьдзявацельства над чалавечаскай сушчнасьцю, но всяму есьць прыдзел. У нас няхватка целявізараў, а эці падхалімы іх выкідаюць. Прашу мне вазьмясьціць маральна-фінансавы ўбытак, а то я выкіну са свайго балкону краваць з малымі дзецьмі і ўсё астальное!”
        
        Адзін Сабака вярнуўся зь зімовых Алімпійскіх гульняў. Сустракалі яго з музыкай, і толькі Граждан стаяў у вакзальнай прыбіральні і грыз пачарнелымі зубамі аловак, каб напісаць на сьценцы: “Сягодня он іграет джаз, а заўтра Родзіну прадаст!”
        
        
        
21
        
        Адзін Сабака, сказаўшы на працы, што ў яго памерла цешча, паехаў на “Славянскі базар”. Едзе і радуецца. Ужо перад самым Віцебскам у вагон зайшоў Граждан, сеў побач з Сабакам і сказаў: “Я ўважаю Борыка Маісеева. А вы тут езьдзіце і ня знаеце, што яму запрацілі выступаць!”
        
        Адзін Сабака прыйшоў на канцэрт “Славянскага базару”. Слухаў і заснуў. Пад раніцу яго разбудзіў нейкі Граждан: “Я вас уважаць хачу, а вы пачаму-та аслаблі і ўсохлі, і песень не пяеце. Няўжо мала плацяць вам?”.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Кіркорава. Ідзе па Віцебску, раздае аўтографы. І раптам зь цёмнага двара выбягае Граждан і кліча за сабой: “Мая старая памірае. Прасіла перад сьмерцю Кіркорава пацалаваць”.
        
        Адзін Сабака не глядзеў па тэлевізары “Славянскі базар”, бо апошнім часам жыў на лецішчы. У суседа Граждана тэлевізара не было, і ён усю ноч барабаніў у сьценку Сабакі малатком і крычаў: “Я кроў праліваў на стройках камунізму. А вы мне шкадуеце паслухаць нашых дзевачак Сашу і Наташу! Буду жалавацца ў вашу пярвічную ячэйку і, не пабаюся сказаць, у вышэйшыя органы. У мяне там друг пяць гадоў ні за што сядзеў!”
        
        Адзін Сабака слухаў песьні і плакаў. А Граждан, седзячы на дрэве, камандаваў: “Сьпявайце мацней! Больш аптымізму! Весялей! Ножкі пакажыце! Ручкамі памашыце! Давайце! Давайце!”
        
        Адзін Сабака вярнуўся са “Славянскага базару”. Прыйшоў да сваёй кватэры, а там каля дзьвярэй сядзіць Граждан: “Мне Шніп усё расказаў. І я ўяўляю, дзе ты правёў апошні тыдзень. Прызнавайся, дзе столькі часу хаваўся ад нашай уласьці? І на Шніпа не спадзявайся. Ён ужо раскалоўся і даў нам падпіску, што састаіць на службе ў дзянікінскім падводным флёце”.
        
        
        
22
        
        Аднаму Сабаку сказалі: «Перастань гаўкаць!» І пайшоў Сабака да Граждана, і выпілі яны дыхляфосу, і засьпявалі «Шумеў камыш...»
        
        Адзін Сабака захварэў. Жонка выклікала хуткую. Але Сабака не пусьціў доктара ў кватэру: «А што, калі гэта прыехаў Граждан?»
        
        Аднаму Сабаку ў гражданскім транспарце саступілі месца. Сабака сеў і сказаў: «Яшчэ сярод нас ёсьць сапраўдныя Гражданы!»
        
        З аднаго Сабакі сьмяяліся. І толькі Граждан казаў: «А мне нясьмешна...»
        
        Аднаму Сабаку перадалі з Амэрыкі сто даляраў. А Граждан ужо даўно жыў за кошт немцаў.
        
        Адзін Сабака цэлую ноч сьніў Парыж. Выйшаў раніцай на менскую вуліцу і сказаў: «Гражданы! Мне дым Атечества так сладак и прыятен!»
        
        У аднаго Сабакі была сястра. А Граждан быў стрыечным сынам турэцкападданага штандартэнфюрэра Штырліца.
        
        Адзін Сабака парэзаў палец. Выбег на балькон і закрычаў: «Таварышы! Гражданы! Мяне рэжуць!»
        
        Адзін Сабака захацеў папіць з лужыны. І толькі ён нахіліўся над вадой, як пачуў: «Ня пі, Гражданом станеш...»
        
        Да аднаго Сабакі прыстаў Граждан: «Купі слана...» Пачуў гэта міліцыянт: «Не паложана!» А Граждан і прызнаўся: «Мяне ніхто ня любіць...»
        
        Адзін Сабака захацеў пайсьці пад ваду. Прыйшоў на мост празь Сьвіслач, разагнаўся і скочыў пад ваду. А там Граждан ужо сядзіць і на гармоніку грае.
        
        Да аднаго Сабакі прыйшоў Граждан зь міліцыянцкай дубінкай і кажа: «Стукні мне пару разоў, а я заўтра пайду і пабоі здыму...»
        
        Аднаму Сабаку не было дзе жыць. І ён жыў у Граждана.
        
        З аднаго Сабакі Граждан намаляваў карціну. Сабралася народу. А Граждан выйшаў і сказаў: «Я паіць вас ня буду!»
        
        Пра аднаго Сабаку Граждан прачытаў у энцыкляпэдыі: «Сабака звычайна мае чатыры нагі, два вухі, у носе дзьве дзюркі, у роце куча зубоў...» І стала Граждану шкада Сабаку, якога ён учора выгнаў з кватэры.
        
        Аднаму Сабаку прызначылі пэнсію. Як Граждану.
        
        Аднаго Сабаку прывялі на воўчую стаўку з Гражданом. І Сабака прызнаўся.
        
        Адзін Сабака купіў білет на самалёт. Прыехаў у аэрапорт, а там напісана: «Вас абслугоўвае Гражданская авіяцыя».
        
        З аднаго Сабакі на скуралупні злупілі скуру. Ляжыць Сабака бяз скуры і думае: «Гэта ж трэба. І тут Гражданы!»
        
        Адзін Сабака напісаў запавет: «Калі траплю пад колы машыны, прашу лічыць мяне Гражданом!»
        
        
        
23
        
        Адзін Сабака прыехаў у Менск. Зайшоўся на вакзале ў “Макдональдз”. Зьеў гамбургер. Выйшаў на вуліцу, а там навокал – жалезная агароджа, а на ёй – Граждан з плакатам “Еж ананасы, рабчыкаў жуй!”.
        
        Адзін Сабака прывёў Шніпа ў “Макдональдз”, каб добра пакарміць перад халоднаю зімой. А Граждан яму: “Вы б яго яшчэ завялі на радыё “Свабода”...
        
        Адзін Сабака захацеў у “Макдональдз”, але, убачыўшы каля дзьвярэй Граждана, перадумаў. А Граждан не змаўчаў: “З-за такіх, як вы, сёлета ў калгасах не было каму есьці бульбу...”
        
        Адзін Сабака хваліў “Макдональдз”. Пачуўшы гэта, Граждан сказаў: “Я б гэтае гняздо глябалізацыі ўзарваў, а на яго месцы вазьдзьвіг бы памятнік усім чэсным людзям”.
        
        Адзін Сабака выйшаў з “Макдональдзу”. Да яго падышоў Граждан і пацікавіўся: “Вы, раптам, не амэрыканец? Я амэрыканцаў не люблю, але, калі вы мне дасьцё даляр, я падумаю, што з вамі рабіць у слаўным будучым...”
        
        
        
24
        
        Адзін Сабака прапаў бязь вестак. Шукаць Сабаку даручылі Граждану.
        
        Адзін Сабака злавіў карася. А карась яму і кажа: «Хочаш, я цябе Гражданом зраблю і навучу сьвістаць?»
        
        Аднаму Сабаку зрабілі замежны пашпарт. А Граждан адмовіўся: «Я і так граматны!»
        
        З адным Сабакам пасябраваў Граждан. Цяпер на вуліцу без намордніка нельга выйсьці.
        
        Адным Сабакам зацікавіліся там, дзе трэба. А Граждан пакрыўдзіўся: «Я ж столькі зрабіў для дзяцей лейтэнанта Шніпа!»
        
        Адзін Сабака ігнараваў п’янкі. Прыйшоў Граждан і сказаў: «Другога патопу ня будзе!»
        
        Адзін Сабака прынёс на працу шахматы. Сышліся ўсе Гражданы і кожны ведае, як трэба гуляць.
        
        Аднаму Сабаку сказалі, што яму трэба ісьці да Граждана-сэксапатоляга. Пайшоў. А там Айбаліт абізьянам клізмы робіць.
        
        Адзін Сабака накупляў сабачых кансэрваў. Але несучы дахаты, пагубляў. Знайшоў кансэрвы Граждан і памёр, аб’еўшыся.
        
        
        
25
        
        Адзін Сабака захацеў стаць анёлам. Зрабіў сабе крылы і скочыў з балькону. Убачыў гэта Граждан і сказаў: «Шэксьпір!..»
        
        Адзін Сабака навучыўся езьдзіць на тралейбусе. А Граждан бегаў усьлед з дубцом і крычаў: «Ідзі дамоў!»
        
        У сквэры паставілі помнік аднаму Сабаку. Граждан начамі прыходзіў да помніка і сьпяваў Інтэрнацыянал.
        
        Адзін Сабака пазнаёміўся з афрыканскім Гражданом. Запрасіў яго ў госьці. А Граждан прыйшоў у хату і сказаў: «Ну што, лямбаду танцаваць будзем?»
        
        Ад аднаго Сабакі застаўся толькі прывід. Убачыў гэта Граждан і сказаў: «Гэты цень мы прыбліжалі як маглі!..»
        
        Адзін Сабака прыйшоў да Гогаля, каб даведаацца, чаму ён спаліў другі том «Мёртвых душ». «А каб Гражданы пыталіся!» – адказаў Гогаль і памёр.
        
        Там, дзе жыў адзін Сабака, зрабілі музэй. А там, дзе жыў Граждан, вырас дуб.
        
        Да аднаго Сабакі заляцела ў хату варона. А ўсьлед за птушкай – Граждан на рабым кані.
        
        За адным Сабакам хадзілі прыхільнікі яго таленту. Граждан валакаў за сабой агароднае пудзіла і чытаў яму Гамэра.
        
        За аднаго Сабаку захацела выйсьці замуж замежніца. Граждан зусім азьвярэў – пагаліў сабе галаву, вышчыпаў бровы, у нос уставіў колца і, выйшаўшы на вуліцу, аб’явіў галадоўку ў гонар галадаючых Патрыса Лумумбы.
        
        Аднаму Сабаку патэлефанаваў Граждан і спытаўся: «Што было першым: курыца ці яйка?» Сабака прамаўчаў. І Граждан залез да суседкі ў куратнік і задушыў пеўня.
        
        «Ня бойцеся сабак!» – сказаў Граждан. «Адзін Сабака ў полі ня воін!»
        
        
        
26
        
        Адзін Сабака патэлефанаваў 1 верасьня сваёй бабулі і сказаў, што ідзе ў школу. А Граждан патэлефанаваў у міліцыю і сказаў, што школа замінаваная.
        
        Адзін Сабака не пайшоў 1 верасьня ў школу, бо трапіў у больніцу. Граждан даведаўся пра гэта і таксама не пайшоў.
        
        Адзін Сабака пайшоў 1 верасьня ў школу. А Граждан выбег на вуліцу і закрычаў: “Людцы мае мілыя, глядзіце і асуджайце: як толькі пара бульбу выбіраць, дык гэтыя Сабакі ў школу пруцца, нібыта там бясплатныя мазгі раздаюць…”
        
        Аднаго Сабаку прывезьлі ў школу на “Мэрсэдэсе”. Граждан паглядзеў і сказаў: “Абмяльчал што-та наш абувацель. Вот былі врэмена, кагда меня мой папенька на чорнай “Волге” прывазіл”.
        
        Адзін Сабака прынёс 1 верасьня ў школу букет для настаўніцы. А Граждан прынёс пляшку самагонкі і кіляграм сала для фізрука, зь якім летам пасьвіў каровы.
        
        
        
27
        
        Адзін Сабака захацеў схадзіць на вуліцу пагуляць. А яму: «Сядзі ў хаце! Там Гражданы з гражданятамі ходзяць!»
        
        Аднаму Сабаку ўсё абрыдла. І ён напіўся. Ідучы па вуліцы, сустрэў Граждана і прывітаўся. А Граждан, прыйшоўшы дахаты, сабраў сямейства і ўчыніў допыт: «Хто сказаў гаў?»
        
        Аднаму Сабаку хацелася выць. А Граждан ляжаў у труне мёртвы. Прайшлі піянэры – салют Граждану! Праляцелі самалёты – салют Граждану! Прагрукацелі танкі – салют Граждану! І сказаў Граждан: «Ну што, Сабака, рыхтуй Маўзалей!»
        
        Аднаму Сабаку было сумна і ён плакаў. Граждан глядзеў на Сабаку празь бінокаль і сьмяяўся: «А я ў тэатар не пайду...»
        
        У аднаго Сабакі было шмат кніжак. Прыйшоў да яго ў госьці Граждан і сказаў: «Разьвялося гэтых граматных, што чэснаму чалавеку жыць няма як!»
        
        Адзін Сабака адчуваў сябе непрызнаным геніем і ня мог спаць начамі. І Граждан начамі ня спаў – ганяў па кватэры камароў і крычаў: «Хто еў з маёй талеркі?»
        
        Па аднаго Сабаку прыехала чорная «Волга». А Граждан лёг у пад’езьдзе на лесьвічнай пляцоўцы і прыкінуўся мёртвым.
        
        Адзін Сабака захацеў паглядзець на Эўропу. Купіў білет на цягнік і паехаў. А Граждан цэлы дзень па шпалах бег усьлед і крычаў: «Сволачы!»
        
        Да аднаго Сабакі прыяжджаў Кабзон. Граждан спачатку пакрыўдзіўся, але праз пару дзён, пабыўшы на сходзе паляўнічых і рыбаловаў, сказаў: «А я шчупака злавіў з залатымі зубамі».
        
        Аднаго Сабаку пафарбавалі, і ён стаў прыгожы, як лялька. Граждан не любіў фарбаваных. У яго сусед быў блакітны.
        
        Адзін Сабака залез на тэлевізійную вежу. Сядзіць на ёй і песьні ў эфір сьпявае. Зьбеглася народу. Думаюць-варожаць, што з Сабакам рабіць. І тут Граждан вырашыў: «Давайце будзем яму лісты пасылаць!..»
        
        У аднаго Сабакі быў Дзень нараджэньня, і ён пайшоў у рэстаран. Але Сабаку ў рэстаран не пусьцілі – якраз у гэты дзень абслугоўвалі толькі Гражданоў.
        
        Да Шніпа прыйшоў адзін Сабака і запытаўся: «Гэта ты пішаш «Сабачыя гісторыі»? – «Я». – «Ну дык зьбірайся, Картасару, Граждан цябе ўжо чытае...»
        
        Адзін Сабака пайшоў да суседа. А там ужо Граждан сядзіць на кухні і расказвае, як трэба есьці макарону.
        
        Да аднаго Сабакі ў грады ўнадзіліся куры. І што толькі Сабака ні рабіў, каб іх адвадзіць ад градаў – нічога не дапамагае. Давялося выклікаць Граждана. І прыйшоў Граждан, і падушыў усе куры.
        
        
        
28
        
        Адзін Сабака зь Менску напісаў у вёску ліст: “Мілы дзядуля, забяры ты мяне адгэтуль. Няма ўжо ў мяне моцы тут жыць...” А Граждан напісаў дысэртацыю “Польза мухи в развитии сельского хозяйства”.
        
        Адзін сабка вёз з поля мех бульбы. Яго дагнаў на “Запарожцы” Граждан, спыніўся, дастаў газэту і зачытаў: “Ураджайнасьць у гэтам гаду павінна быць 350 цэнтлераў. А іначай прыдзецца прадаваць танкі. Асабліва будзьце бдзіцельнымі ва ўрэмя ўборкі карняплодаў...”
        
        Адзін Сабака араў гарод. За плотам стаяў Граждан і, калупаючы ў носе, камандаваў: “Бяры глыбей! Плуг трымай роўна! Каня паганяй дубцом! Жонцы скажы, каб рыхтавала тайную вячэру!”
        
        Адзін Сабака лавіў рыбу. Граждан сядзеў побач і лічыў, колькі сарвалася.
        
        Аднаму Сабаку далі на “Дажынках” ганаровую грамату. Граждан плакаў і крычаў на дзяцей: “Вучыцеся езьдзіць на камбайне, а то пойдзеце на завод гайкі круціць!”
        
        Адзін Сабака верыў у Бога. Граждан верыў у сусьветную рэвалюцыю і рыхтаваўся да нямецкага палону.
        
        Адзін Сабака ў Дзень беларускай вайковай славы запаліў у храме сьвечку. Граждан падпаліў калгасны стог і, выклікаўшы хуткую дапамогу, сказаў: “Я ж гаварыў, што ад іскры ўвазгарыцца пламя...”
        
        
        
29
        
        Адзін Сабака трапіў на той сьвет. Ідзе па тым сьвеце, любуецца Гражданамі. А самы кучаравы Граждан і пытаецца: “А вы тут как, по художественной части орудуете или по пионерской путёвке?”
        
        Адзін Сабака трапіў у пекла. А там чэрці смалу ў тазіках вараць, а сярод іх ходзіць Граждан і крычыць: “Даеш пяцігодку за тры гады!..”
        
        Адзін Сабака трапіў на банкет. Хацеў выпіць і закусіць, а лысы Граждан яму і кажа: “Піва адпускаецца толькі членам прафсаюзу і нежанатым кавалерам ордэна Чырвонай зоркі...”
        
        Адзін Сабака трапіў пад серп і молат. Ляжыць, памірае і ніхто не ратуе. Праз тыдзень падышоў Граждан і пытаецца: “Можа, вам галаву пілой адрэзаць, каб ня так мучыліся?..”
        
        Адзін Сабака трапіў пад трамвай. Трамвай сышоў з рэек і перакуліўся. Праз разьбітае акно на асфальт вываліўся Граждан і, убачыўшы Сабаку, закрычаў: “Цяпер я не змагу жаніцца, як нармальны чалавек. Усе будуць казаць, што на трамваях езьдзіць ня ўмею...”
        
        Адзін Сабака трапіў у каналізацыю. Хацеў вылезьці на белы сьвет, ды раптам чуе голас Граждана: “Жыць застанешся. Жыцьцё даражэй!..”
        
        
        
30
        
        Адзін Сабака прыехаў у калгас дапамагчы выбраць бульбу. Вечарам да Сабакі падцікаўся Граждан і пацікавіўся: “А вам дзевачкі нужны? Членам ЧК скідкі...”
        
        Адзін Сабака выбраў у сваім гародзе бульбу і пачаў дапамагаць суседу. Граждан пабег за дзесяць кілямэтраў на пошту і даў тэлеграму ў Менск: “Ураджайнасьць малая. Срочна прыяжджайце. Эксплюатацыя чалавека выйшла з-пад кантролю”.
        
        Адзін Сабака з раніцы да вечару выбіраў бульбу. Граждан з раніцы да вечару піў і крычаў, што ён ударнік камуністычнай брыгады і яго конь стаіць на апасным пуці.
        
        Адзін Сабака вёз прадаваць бульбу. Граждан пераапрануўся ў Дзяржынскага, напаў на фурманку і, адабраўшы бульбу, прыгаварыў Сабаку да пажыцьцёвай катаргі на карысьць дзяцей Паволжа.
        
        Адзін Сабака хаваўся ў бульбу. Граждан хаваўся ў танку і пісаў лісты таварышу Дзяржынскаму.
        
        Адзін Сабака любіў дранікі з маладой бульбы. А Граждан дзёр старую Сідараву казу.
        
        Адзін Сабака выбіраў бульбу. Граждан хадзіў па вёсцы і шукаў дабравольцаў у ЧК, каб належна адзначыць ардэнаносны юбілей Фэлікса Эдмундавіча.
        
        
        
31
        
        Адзін Сабака казаў, што ў Грузіі ёсьць міжнародныя бандыты. Граждан не пярэчыў і прапаноўваў у мэтах падтрыманьня міравых цэн на віно разбамбіць вінаграднікі.
        
        Да аднаго Сабакі прыехаў грузін. Граждан запытаўся ў госьця: “А вы атамную ракету маеце?”
        
        Адзін Сабака сабраўся ў Ірак інспэктарам камісіі па зброі масавага зьнішчэньня. А Граждан, які прадаваў квіткі ў вакзальную прыбіральню, аб’явіў галадоўку на карысьць Белкі і Стрэлкі.
        
        Адзін Сабака думаў пра Беларусь. Граждан думаў пра Ірак і бедных дзяцей белага арапа, якія цэлы год ня елі бульбы.
        
        Аднаму Сабаку прыйшло пісьмо з Іраку. Граждан тыдзень не начаваў дома – баяўся амэрыканскіх бамбаваньняў.
        
        
        
32
        
        Адзін Сабака купіў газэту. Пачаў чытаць. Усё пра Граждана.
        
        Адзін Сабака пайшоў на Камсамольскае возера. А там шыльда «Выгул сабак з 17 да 19» – і навокал адны п’яныя Гражданы.
        
        У аднаго Сабакі нарадзіўся нэгар. Выйшаў Сабака з радзільнага дому, а яму насустрач Граждан з шампанскім.
        
        Адзін Сабака ствараў ня толькі поле чытаньня, але і поле пісьма. Граждан у такі час любіў глядзець на Сабаку, ня думаючы, што вечарам давядзецца спаць з жонкай.
        
        Адзін Сабака быў мадэрністам. А Граждан пайшоў далей – на суседзкім доме напісаў тэкст з трох літараў.
        
        З адным Сабакам пазнаёміўся Граждан. І Сабаку давялося есьці макароны.
        
        Аднаму Сабаку споўнілася сто гадоў. Сабраліся сваякі, прыйшоў і Граждан з насілкамі і лапатай.
        
        Адзін Сабака напіўся нейкай гадасьці. Па дарозе дахаты сустрэў Граждана і прапанаваў яму руку і сэрца.
        
        Да аднаго Сабакі з Кіева прыехаў дзядзька. Граждан Гражданом, а гаворыць не па-сабачаму.
        
        Да аднаго Сабакі прыйшоў Граждан. І давай Сабака яго частаваць. А Граждан узяў і аб’явіў сябе нашчадкам незаконна забітага Паўліка Марозава.
        
        
        
33
        
        Адзін Сабака ўкінуў у сьметніцу недакурак. Убачыў гэта Граждан, паклікаў людзей і расказаў, якія багатыя Сабакі.
        
        Адзін Сабака зайшоў у краму. А ў краме гумовыя Гражданы.
        
        Адзін Сабака задумаўся над пытаньнем: «Што такое філязофія?» А Граждан зайшоў у пад’езд суседняга дому і абасцаў сьцяну.
        
        Адзін Сабака быў у лазьні. Бачыў голага Граждана.
        
        Адзін Сабака купіў кампутар. Граждан, праходзячы каля Сабакі, сказаў: «Будзе яшчэ і на маёй вуліцы сьвята!»
        
        Адзін Сабака хадзіў па праспэкце. А Граждан езьдзіў на трактары, як пераможца пяцігодкі.
        
        З адным Сабакам здарылася няшчасьце. Граждан пакусаў.
        
        Аднаму Сабаку сказалі: «Ажэнісься – пашкадуеш, не ажэнісься – таксама пашкадуеш...» І толькі Граждану ніхто нічога не сказаў, бо ён і так быў Шапэнгаўрам.
        
        Адзін Сабака заявіў: «Мінулай ноччу я напісаў «Вайну і мір». Граждан не разгубіўся: «А я магу мухамораў наесьціся і памерці!»
        
        Адзін Сабака выкапаў яму. Ішоў Граждан і ўваліўся ў яе. Сядзіць Граждан у яме і сам сабе думае: «Можа хоць цяпер мне грамату дадуць...»
        
        Адзін Сабака адправіў Граждана ў камандзіроўку ў Мухаморск. Прыехаў туды Граждан і папрасіў гражданства.
        
        Адзін Сабака сеў на дыету. Даведаўся пра гэта Граждан і сеў на цьвік.
        
        
        
34
        
        Адзін Сабака любіў глядзець, як у вырай адлятаюць журавы. Граждану падабаліся вароны, і ён часта прасіў іх, каб яны яго не пакінулі аднаго перад халоднаю зімой.
        
        Адзін Сабака любіў восень за яе прыгажосьць. Граждан любіў восень за доўгія вечары, у якія ён гнаў самагонку.
        
        Адзін Сабака любіў холад. Граждану гэткае надвор’е не падабалася, і ён гаварыў: “У Савецкім Саюзе такіх каталкізмаў не дапускалі. А цяпер разьвялі дэмакратыю, што цэлае лета дажджу не было…”
        
        Аднаму Сабаку было халодна, і ён спаў у кажуху. Граждану было халодна, і ён усю ноч не даваў заснуць суседзям.
        
        Адзін Сабака начамі глядзеў лёгкую эротыку. Граждан ноччу хадзіў на калгаснае поле і зьбіраў мерзлыя караняплоды.
        
        
        
35
        
        Адзін Сабака працаваў вартаўніком на сьвінафэрме. Граждан сьвіньням, якія добра елі, уручаў чырвоныя сьцяжкі і пісаў пра іх вершыкі ў насьценгазэту «Чырвоная сьвінаматка».
        
        Адзін Сабака зайшоў да Граждана і папрасіў папіць. А Граждан яму і кажа: «Я – геній сэксуальнай рэвалюцыі і аўтографы без чаргі даю толькі членам прафсаюзаў і вэтэранам камінтэрну!»
        
        Да аднаго Сабакі зь вёскі прыехаў Граждан. Навёз бульбы, буракоў, сала і ўсякай халеры цэлы мех. Зьбегліся суседзі, каб падзівіцца. А Граждан і не спалохаўся: «А мой дзед быў Міколкам-паравозам!»
        
        Адзін Сабака падарыў Граждану энцыкляпэдыю. Граждан начамі гартаў яе і плакаў: «Гэта ж трэба! Пра Маацзэдуна напісалі. Пра Кімэрсэна. А пра мяне – ні слова!»
        
        Адзін Сабака чытаў лекцыі ва ўнівэрсытэце. Граждан атрымоўваў Ленінскую стыпэндыю і сустракаўся са студэнткай з Цэнтральнай Афрыканскай Рэспублікі.
        
        Адзін Сабака еў семачкі. Убачыў гэта Граждан і сказаў: «Почём опиум для народа?»
        
        Аднаго Сабаку адправілі паслом у Казахстан. А Граждан хадзіў у гастраном і лаяўся з прадаўшчыцай, якая ў мінулым годзе без чаргі прадала Сабаку кіляграм лівэркі.
        
        «Іудушка! Скарпіён! Амністыі ня будзе!» – крычаў Граждан усьлед аднаму Сабаку, якога на грузавой машыне ў труне везьлі ў крэматорый.
        
        Адзін Сабака часта выступаў перад Гражданамі. І ўжо Гражданы толькі і слухалі яго. Але знайшоўся мудры Граждан, які сказаў: «Я ўчора не працаваў, ня еў і ня спаў і зразумеў – немцы і іх прыхвасьні праз мой труп на Маскву ня пройдуць!»
        
        Адзін Сабака нікога не любіў. Граждан любіў Маньку і ў іх былі дзеці ад Пушкіна і ката ў ботах.
        
        Адзін Сабака пакупаўся ў возеры і прастыў. Даведаўся пра гэта Граждан і сказаў: «Ня трэба было купацца без трусоў!»
        
        Граждан паслаў аднаму Сабаку віншавальную паштоўку. Сабака нічога не адказаў. І Граждан прыйшоў на пошту і сказаў: «Гаспада, вы плоха работаеце. З-за вас я і камунізм ня выплачу ў жызьнь!»
        
        У аднаго Сабакі сапсаваўся ўнітаз. Выклікаў Сабака сантэхніка. Але, як заўсёды, прыйшоў Граждан з напарнікам. Перад працай Сабака даў ім паесьці і выпіць. Граждан наеўся, напіўся і сказаў: «А цяпер – танцы!..»
        
        Адзін Сабака выступаў са сцэны зь лекцыяй пра шкоду алькаголя. Граждан расчуліўся і дастаў з сумкі балалайку і засьпяваў на чыстай ангельскай мове пра тое, што ён ужо пяць сутак нічога ня еў.
        
        З-за аднаго Сабакі Граждан пабіўся з суседам. Сусед таксама быў Гражданом, і Сабаку давялося за свой кошт арганізоўваць пахаваньне.
        
        Адзін Сабака быў у сьвяточным застольлі. Граждан падліваў гарэлку ў келіхі і лічыў, колькі хто вып’е.
        
        Адзін Сабака купіў банан. Убачыў гэта Граждан і закрычаў: «Не хадзіце, дзеці, у Афрыку гуляць!»
        
        
        
36
        
        Адзін Сабака вярнуўся дамоў са зьезду пісьменьнікаў. Граждан зайшоў да яго і пацікавіўся: “А колькі вам далі даляраў, каб вы прагаласавалі за яго?..”
        
        У аднаго Сабакі бралі інтэрвію пра зьезд пісьменьнікаў. Граждан слухаў-слухаў ды кажа: “Я тожа так магу. А трэба будзе, дык і паэму сачыню...”
        
        Адзін Сабака ня быў на зьезьдзе пісьменьнікаў. Да яго пасьля зьезду з пляшкай самагонкі зайшоў Граждан і прапанаваў: “Уступайце ў рады нашых прафсаюзаў. Вясной зможаце зь любой жэншчынай па ўкусу зьезьдзіць у здраўніцу…”
        
        Адзін Сабака рана прачнуўся і пайшоў падмятаць двор. Граждан спаў да абеду, пасьля добра наеўся і выйшаў з хаты: “Цяпер можна заняцца дзевачкамі…”
        
        Адзін Сабака прастыў і пайшоў да доктара. Граждан, прастыўшы, замкнуўся ў прыбіральні й сказаў: “Я сам быў сатруднікам у белым халаце, і ў мяне ёсьць усе права на бясплатнае лячэньне…”
        
        
        
37
        
        Пры адным Сабаку памёр Граждан. Ён рана ўстаў з ложку і паўдня бегаў за Сабакам па полі, а пасьля яшчэ пасьпеў памыцца ў яме, куды сьцякала малако з кароўніка калгасу «Шлях да камунізму».
        
        Адзін Сабака вывучыўся на прафэсара. Граждан не перашкаджаў.
        
        Аднаму Сабаку прывезьлі параненага Граждана і сказалі: «Лячы!» Сабака сказаў: «Няма дурных!»
        
        На ўваходзе ў рэстарацыю напісана: «Сабакам нельга!» І ні адзін Сабака не зайшоў, а толькі Гражданы лезьлі напралом, каб паглядзець, колькі каштуюць катлеты.
        
        Хто сказаў, што адзін Сабака можа прапасьці? Граждан.
        
        Адзін Сабака марыў трапіць на Канары. Граждан ляжаў у канаве і думаў: «Чаму я ня сокал? Чаму не лятаю?»
        
        Адзін Сабака прапанаваў Граждану лепей жыць. Граждан адмовіўся: «Мне бацька яшчэ не дазваляе…»
        
        Адзін Сабака купіў італьянскія туфлі. А Граждан хадзіў па крамах босы і шукаў туфлі на высокім абцасе, як у калгасьніцы і сялянкі.
        
        Аднаму Сабаку пашанцавала – знайшоў кашалёк. Але гэта ўсё бачыў Граждан, які адразу зароў: «Семдзесят пяць працэнтаў дзяржаве, а астатняе – нам!»
        
        Калі адзін Сабака прыходзіў на танцы, не было боек. І Гражданы стараліся піць самагонку, закусваючы.
        
        Калі паміраў адзін Сабака, зьехаліся ўсе сваякі. Калі паміраў Граждан, прыйшоў малады Граждан і сказаў: «Давай грошы – пахаваю!»
        
        У аднаго Сабакі было шмат дзяцей. А Граждан верыў, што толькі пры камунізме ён уволю наесца макаронаў.
        
        «У Менску няма ніводнай сталоўкі для сабак» – скардзіўся адзін Сабака Граждану. А Граждан злаваўся: «А мяне Шніп Гражданом назваў!»
        
        Да аднаго Сабакі прыйшоў Граждан-сваяк. Хацеў пасварыцца, але не атрымалася, і ён з дрэнным настроем пайшоў дахаты.
        
        Адзін Сабака хварэў. Яго Граждан пацалаваў.
        
        У аднаго Сабакі была ўзнагарода за прыкладныя паводзіны. А ў Граждана была даведка аб нараджэньні.
        
        Адзін Сабака любіў марожанае. Граждан не разумеў, як гэта можна любіць марожанае, калі ў крамах хапае таннага віна і кількі ў тамаце.
        
        Адзін Сабака запрасіў на вясельле Граждана. Граждан прыехаў на трактары з прычэпам сена і сказаў: «Усё, што магу!..»
        
        Адзін Сабака адпачываў. А Граждан падбягаў да яго кватэры, званіў у дзьверы і ўцякаў.
        
        
        
38
        
        Аднаму Сабаку далі Нобэлеўскую прэмію за ваду, якая працягвае сабачае жыцьцё бедным і нямоглым. А Граждан сказаў: “Хай павыступае… А мы яго ўсё адно любіць ня будзем. Ня нашанскі ён парань…”
        
        Адзін Сабака стаў Нобэлеўскім ляўрэатам. Пра гэта паведамілі па тэлебачаньні. Граждан выключыў тэлевізар і замкнуўся ў прыбіральні.
        
        Адзін Сабака хацеў стаць Нобэлеўскім ляўрэатам, але нікому пра гэта не казаў. А Граждан начамі гнаў самагонку.
        
        Аднаму Сабаку не далі Нобэлеўскай прэміі, і ён спакойна гэта перажыў. Граждану не далі прэміі за ўборку бульбы, і ён, напіўшыся, лётаў на трактары па вуліцы й душыў курэй.
        
        Аднаму Сабаку прысьнілася Нобэлеўская прэмія. Прачнуўшыся, ён уздыхнуў і пайшоў на працу. Граждану часта сьнілася Нобэлеўская прэмія, ён пасьля гэтага ішоў у атэлье, фатаграфаваўся на памяць і доўга піў піва з бамжамі, распавядаючы, які ён быў прыгожы ў маладосьці.
        
        Адзін Сабака заўсёды здымаў шапку, калі бачыў на сьцяне патрэты Нобэлеўскіх ляўрэатаў. А Граждан даставаў з кішэні ржавы цьвік і спрабаваў дацягнуцца да партрэтаў, каб хоць аднаму вочы выдрапаць.
        
        
        
39
        
        Адзін Сабака знайшоў костку. Прынёс дахаты, а там ужо галодны Граждан сядзіць.
        
        Да аднаго Сабакі прыйшоў Граждан і кажа: «Цябе ўжо з Картасарам параўноўваюць!» Сабака спалохаўся: «А хто такі Картасар?»
        
        Адзін Сабака прыйшоў да Граждана. А Граждан і кажа: «А ў вас ногі крывыя...»
        
        Аднаго Сабаку павіншавалі з Днём нараджэньня. Граждан усю ноч ня спаў – пісаў у дзёньніку: «Бачыў на вуліцы аднаго Сабаку. Ішоў ён задзёршы нос, а ў мяне галава большая...»
        
        З аднаго Сабакі ўпаў волас. Падбег Граждан і давай ілбом біцца аб асфальт.
        
        Адзін Сабака навучыўся лічыць грошы. У Граждана была ашчадная кніжка з трыма савецкімі рублямі і партрэт Міклухі-Маклая.
        
        Адзін Сабака быў белы. А Граждан усю ноч мыў чорныя шкарпэткі.
        
        Адзін Сабака пайшоў на мітынг. Граждан паехаў у Віетнам і адтуль даў тэлеграму: «Грузіце бульбу бочкамі...»
        
        Аднаму Сабаку сказалі, што ён нэгар. Пачуў гэта Граждан і закрычаў: «Нэграм магу быць толькі я!»
        
        Да аднаго Сабакі па начах прыходзіў Пушкін. Граждан даведаўся пра гэта і вымазаў фэкаліямі суседзкія дзьверы.
        
        Адзін Сабака пакрыўдзіўся на ўвесь сьвет. А Граждан злавіў муху і паадрываў ёй усе ногі.
        
        Адзін Сабака праваліўся ў каналізацыю. Ходзіць па ёй і думае, як на белы сьвет вылезьці. І тут раптам насустрач Граждан з чайнікам: «Дзе тут у вас кіпянёчку ўзяць?»
        
        Адзін Сабака захацеў паглядзець тэлевізар. Уключыў, а там – Граждан у белых пампэрсах.
        
        Аднаму Сабаку пашанцавала – ён цэлы дзень ня чуў і ня бачыў Граждана.
        
        Адзін Сабака прыйшоў у кавярню. Купіў кавы. І толькі пачаў піць, як падбег Граждан: «А я вас пазнаў! Вы паляк і гэта вы ігралі Шарыка ў «Чатырох танкістах!»
        
        Аднаму Сабаку далі пад сраку. Ляжыць Сабака і радуецца: «Добра, што блізка не было Граждана...»
        
        Адзін Сабака трапіў на могілкі. Ходзіць сярод крыжоў і плача: «Усе мёртвыя... Усе Гражданы...»
        
        Усьлед за адным Сабакам ішоў Граждан. Абрыдзела гэта Сабаку, і ён сказаў: «Чаму я ня муха? Чаму не лятаю?»
        
        Адзін Сабака марыў пра Граждана. Прыйшоў Граждан і забіў Сабаку.
        
        Адзін Сабака паехаў на базар. А там Граждан сядзіць у бэтээры і... цішыня.
        
        
        
40
        
        У аднаго Сабакі слаба грэлі батарэі. Граждан, даведаўшыся, параіў: “А ты часьцей самагонку гані!”
        
        Адзін Сабака працаваў начальнікам ЖЭСу. Штодня да яго заходзіўся Граждан і прапаноўваў: “Давай разам закалачваць бабкі. Я пры камуністах быў контрразьведчыкам…”
        
        Адзін Сабака пераехаў у новую кватэру. Зазірнуў у прыбіральню – а там Граждан ва ўнітазе рыбу ловіць.
        
        Адзін Сабака прыйшоў у домакіраўніцтва і пацікавіўся, калі пачнецца ацяпляльны сэзон. Граждан яму адказаў: “Калі захочам, тады і пачнём!”
        
        Адзін Сабака паскардзіўся на водаправодчыка. Назаўтра прыйшоў Граждан і адключыў Сабаку газ.
        
        У аднаго Сабакі адключылі цёплую ваду, і ён грэў яе на пліце. А Граждан хадзіў на працу з тэрмасам і насіў адтуль ваду дахаты.
        
        Адзін Сабака прачнуўся ад холаду, бо адключылі ацяпленьне. Ён пайшоў у кухню і запарыў гарбаты. А Граждан глынуў адэкалёну “Саша” і выбег на вуліцу, каб даведацца, дзе амэрыканцы разбамбілі цеплатрасу.
        
        Адзін Сабака ня мог заснуць, бо пад вокнамі па начох экскаватар капаў яму, каб знайсьці старыя трубы і памяняць на новыя. У кабіне сядзеў другі Сабака і напяваў: “Увязу цябя я ў тундру, увязу к сядым сьнягам…”.
        
        
        
41
        
        Аднаго Сабаку Граждан убачыў пераапранутым у жанчыну і адразу пацікавіўся: “Можна я вам байстручка зраблю?”. А Сабака і адказаў: “На гэты год мы плян ужо выканалі...”
        
         Адзін Сабака пераапрануў Граждана ў Сабаку. А Граждан і кажа: “Сволачы вы ўсе, баценька!..”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў ката. Ідзе па вуліцы і прыстае да кошак. А тут раптам Граждан убачыў яго. І схапіў Граждан палку, і давай дубасіць пераапранутага Сабаку. А Сабака не спалохаўся: “Біце, вы гады, тут мая магіла. Але я спас Міхаіла!”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў турэцкападдатага. Зайшоў у кантору, дзе працаваў Граждан, пераапрануты ў начальніка, і запытаўся: “Пачым тут у вас капыты і рогі?” А Граждан выклікаў сакратарку і сказаў: “Марксистская концепция в этом вопросе не снимает внутреннюю противоречивость развития научно-технического прогресса!”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў афіцэра кітайскай арміі. Ідзе па вуліцы. Усе яму кланяюцца. І запытаўся Сабака: “За што гэта вы ўсе так мяне паважаеце?” А Граждан і адказаў: “Мы вас, благадзецяеляў, даўно чакаем. У нас няма чаго есьці...”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў элейскага філёзафа Зянона. Ехаў танк і пераехаў Сабаку. Убачыў гэта Граждан і сказаў: “Хутканогі Ахіл ніколі не дагоне чарапахі...”
        
        Адзін Сабака, пераапрануты ў Лява Талстоя, зайшоўся на сьвінафэрму. А там Граждан сівому кныру чытае “Вайну і мір”.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Дзеда Мароза. Узяў мяшок з вугалем, узваліў на плечы і панёс у кацельню. Убачыў дзеда Граждан і ў цёмным завулку напаў на яго: “Жыцьцё ці мяшок?” А Сабака не спалохаўся: “Можа табе яшчэ сказаць, дзе цяпер Шніп начуе?”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў марака. Сеў на беразе Менскага мора і рыбу ловіць. І тут зьявіўся Граждан зь сякерай і запытаўся: “А можна я вам галаву расьсяку?”
        
        Аднаго Сабаку, пераапранутага ў папа Гапона, прывялі ў міліцыю юныя піянэры. А там Граждан сядзіць і прымае ўсіх у камсамол.
        
        Аднаму Сабаку, пераапранутаму ў Граждана, прыслалі позву ў ваенкамат. І пайшоў туды Сабака, а там усе голыя стаяць і маўчаць, і толькі адзін у процігазе чытае вершы: “Мы дедушку Ленина любим, мы дедушке будем верны…”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў празаіка. Прыйшоў на сход у Саюз пісьменьнікаў і запытаўся: “Хто піша лепш за мяне? Падыміце рукі...” Ніхто не падняў, і толькі Граждан, пераапрануты ў Шніпа, усьміхнуўся.
        
        Аднаго Сабаку пераапранулі ў паэта. І прыйшоў пераапрануты Сабака ў піўбар. А там Сыс вучыць нейкага Граждана піць чарніла. І сказаў Сабака: “Пічугі, не на што сматрэць, а так жызьню украшаюць...”
        
        
        
42
        
        У аднаго Сабаку пераапрануўся Гогаль. Пайшоў да доктара. А там Граждан зь мёртвымі душамі ў карты гуляе.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся. Прыйшоў да Граждана і сказаў: “Зьбірайся! Нас чакаюць у “Блакітнай вустрыцы!”
        
        У аднаго Сабаку пераапрануўся Дастаеўскі. Ідзе па вуліцы і піва з пляшкі п’е. А насустрач яму Граждан зь сякерай гоне старую і крычыць: “Я навучу цябе маліцца нанач!”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Максіма Багдановіча. Прыйшоў на вечарыну ў Дом літаратара. А там Граждан з трыбуны расказвае, як ён дапамагаў пісаць вершы Багдановічу.
        
        Паэт пераапрануўся ў аднаго Сабаку. Прыйшоў у дом, дзе нарадзіўся. А там ужо Гражданы жывуць, пераапранутыя ў пісьменьнікаў.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Віктара Шніпа. Прыйшоў у выдавецтва, а там яму і кажуць: “Мы толькі сваіх Гражданоў друкуем!..”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ва Ўладзімера Караткевіча. Граждан убачыў на вуліцы Караткевіча і выклікаў міліцыю.
        
        Уладзімер Караткевіч пераапрануўся ў аднаго Сабаку і прыйшоў на сход у Саюз пісьменьнікаў. А там Гражданы сядзяць і думаюць пра Леніна.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Някляева. Граждан убачыў Някляева і запытаўся: “А Захад нам дапаможа?”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў паэта і прыйшоў да Петруся Броўкі. А Броўка і кажа: “Што тут гэта за нейкі Граждан блытаецца пад нагамі?”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Міхася Лынькова і пайшоў у госьці да Міколкі-паравоза. А там ужо сядзіць Граждан, пераапрануты ў жандара, і расказвае пра бальшавікоў.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў сакратара Саюзу пісьменьнікаў. І ўміг зьбегліся Гражданы: “Давайце правядзём нечарговы зьезд!..”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Васіля Быкава. Убачыў Граждан Быкава і сказаў: “З-за такіх, як вы, у мяне ў гэтым годзе бульба ня вырасла...”
        
        Адзін Сабака перапрануўся ў Васіля Быкава і паехаў ў замежжа на літаратурны кангрэс. Граждан, даведаўшыся пра гэта, сказаў: “А я ж казаў, што Быкаў пісаў вершы ў Пяцярбургу, калі там разам са Скарынам вывучаў кітайскую мову…”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Івана Мележа і пайшоў да людзей на балоце. А там ні балота, ні людзей, адны Гражданы каля тэлевізараў сядзяць і радуюцца, як дзеці.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў міністра. Убачыў гэта Граждан і, падбегшы да міністра, сказаў: “Можна я вам партфэлік паднясу...”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў “тутэйшага”. А Граждан у “бумбамлітаўца”. Толькі Шніпу не было ў што пераапранацца – усё забраў з сабой у замежжа Някляеў.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў невядома каго. Граждан ішоў сьледам і маліўся.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Максіма Танка. Даведаўся пра гэта Граждан і закрычаў: “Перадайце Шніпу, калі ён і далей будзе нас пераапранаць, мы яго самога пераапранем у белыя тапачкі!”
        
        
        
43
        
        Адзін Сабака зьеў жабу. Лёг спаць. І ўсю ноч яму сьніўся Граждан з чырвоным сьцягам, які заклікаў адмовіцца ад уласнага “Я” пасрэдзтвам растварэньня сябе ў чалавечых масах.
        
        Адзін Сабака зьеў Шніпа і памёр. Граждан прыйшоў на пахаваньне. Зазірнуў у труну, а адтуль вылецела варона з крыкам: “Нармальны чалавек у наш час вершы пісаць ня будзе!”
        
        Адзін Сабака зьеў Шапэнгаўэра, і яму далі званьне кандыдыта навук. Граждан пакрыўдзіўся: “Я ж таксама скончыў БДУ імя Леніна...”
        
        Адзін Сабака зьеў Някляева і пайшоў з чыстымі рукамі дамоў. Граждан даведаўся пра гэта і сказаў: “Няўжо нельга было спачатку ў нашай хаце зладзіць сьвята...”
        
        Адзін Сабака зьеў шчупака. А шчупак у жываце і кажа: “Одна из задач коммунистического общества – искоренение социальных источников зла…”
        
        Падчас вячэры адзін Сабака зьеў Кука. І папуасы зьвярнуліся да Граждана: “Сёньня на прафсаюзным сходзе мы вырашылі вашу канцэпцыю ўтылізацыі прыняць як разумную дамінанту ў справе адраджэньня субстанцыі рыначнай эканомікі...”
        
        Адзін Сабака зьеў партыйны білет. Граждан таксама хацеў гэта зрабіць, але ня змог – гарэлкі не хапіла, дый сала cкончылася.
        
        Адзін Сабака зьеў Леніна. Выйшаў на вуліцу, залез на трактар “Беларус” і сказаў: “Гражданы, яднайцеся, пакуль яшчэ трактар не разваліўся...”
        
        Адзін Сабака зьеў падводную лодку. Матросы ў лодцы перапалохаліся: “Ну, цяпер усім нам канец...” І толькі Граждан сказаў: “Родину надо защищать средствами славными или позорными – лишь бы защищать ее хорошо”.
        
        Адзін Сабака зьеў кіляграм марозіва. Увесь замарозіўся і зьнік. Убачыў гэта Граждан і заплакаў: “Ён быў падобны да чалавека, які выйшаў з краіны, дзе ніхто не жыве...”
        
        Адзін Сабака зьеў бомбу. А бомба ў жываце Сабакі ўзарвалася. Разьляцеўся Сабака на дробныя кавалачкі. А Граждан сказаў: “Вайна – гэта злачынства, а мір – пакараньне...”
        
        
        
44
        
        Адзін Сабака зьеў “Запарожац”. І Гражданы напісалі пісьмо запароскім казакам: “Прыяжджайце да нас, у нас на яблынях растуць яблыкі, і нэгры ў нас белыя і па нашаму гавораць...”
        
        Адзін Сабака зьеў Граждана. Граждан у жываце Сабакі сустрэўся з бог ведае кім і сказаў: “Вы не находзіце, што тут цёпла і нават мух няма...”
        
        Адзін Сабака зьеў сам сябе. Сабраліся Гражданы, думаюць-гадаюць, што цяпер рабіць. А Сабака і кажа: “Слаўся, ацечаства наша свабоднае...”
        
        Адзін Сабака зьеў з талеркі старшыні Саюзу Пісьменьнікаў муху. І тут жа ўсчаўся гвалт. І толькі Граждан моўчкі ўзяў Сабаку за хвост і запытаўся: “Ты Шніпа ведаеш?” Сабака нічога не адказаў. І Граждан, раскруціўшы Сабаку за хвост, закінуў яго на трыбуну, да якой ужо стаяла цэлая чарга.
        
        Адзін Сабака зьеў Шэксьпіра. Граждан, даведаўшыся пра гэта, прыбег да Шніпа і запытаўся: “Хто ж цяпер напіша пра беднага Ёрыка?”
        
        Адзін Сабака зьеў катлету з маладой цяляціны. Выйшаў на вуліцу, а на вуліцы Граждан з дубцом бяжыць за каровай і крычыць: “С вами, ей-богу, всё в порядке. Просто примите вот это успокоительное…”
        
        Адзін Сабака на вячэру зьеў мурашку. Граждан, наеўшыся бульбы з капустай, сказаў: “Ружа пахне лепей за капусту, але з ружы супу ня зварыш...”
        
        
        
45
        
        Адзін Сабака, пераапрануты ў міліцыянта, прыйшоў да Граждана. Граждан глядзеў з балкону на Сьвіслач, па якой на катамаране плыў Шніп. І сказаў Граждан: “Харашо плыве… Ці не пара нам яго навучыць лётаць?..”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Эўрыдыку. Ідзе па вуліцы і ўсьміхаецца. Убачыў гэта Граждан і сказаў: “Баба харошая, але, відаць, пры сацыялізьме жыць ня будзе…”
        
        Адзін Сабака, пераапрануты ў агента 007, прыйшоў у Саюз Пісьменьнікаў і сказаў: “Я вам прынёс пасланьне ад тых, хто далёка ад роднага дому…” Пачуў гэта Граждан і, хуценька пераапрануўшыся ў пісьменьніка, сказаў: “Мы не нуждаемся в западных подачках и вам советуем впредь с ними не сотрудничать…”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў лектара марксісцка-ленінскай філязофіі і прыйшоў на сход жывёлаводаў і даярак. А там яго сустрэў Граждан і адразу пацікавіўся: “Вы не амэрыканскі шпіён?”
        
        Адзін Сабака, перапрануты ў галадамора, зьеў усё, што было дома. Выйшаў на вуліцу, а там Граждан, пераапрануты ў Сабаку, костку грызе. “Дай мне пагрызьці,” – папрасіў Сабака. А Граждан і сказаў: “Спачатку рэвалюцыю зрабі, а пасьля ўжо есьці прасі…”
        
        Адзін Сабака, пераапрануты ў папа Гапона, прыйшоў на партыйны сход і сказаў: “Здавайце па пяць рублёў на дзень нараджэньня сусьветнаму пралетару. Заўтра будзем рабіць банкет…” Пачуў гэта Граждан, пераапрануты ў Дзяржынскага, і, схапіўшы крэсла, закрычаў: “Даеш па дзесяць рублёў з чэсных і па сем зь нячэсных! Пагібаць, дык усім разам!”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў джэнтльмэна і, зайшоўшы ў прыбіральню, стаў усім прапаноўваць першымі зрабіць тое, чаго яны сюды прыйшлі. Граждан не любіў джэнтэльмэнаў і заўсёды хадзіў у пад’езды, як у прыбіральню.
        
        Адзін Сабака, пераапрануты ў бальшавіка, зьеў кракадзіла. Зьбегліся Гражданы, пераапранутыя ў гражданак, і сталі ў чаргу за сумкамі з кракадзілавай скуры.
        
        
        
46
        
        Адзін Сабака прыехаў у Барысаў. Зайшоў папіць кавы ў забягайлаўку. А там Граждан, пераапрануты ў міліцыянта, п’е гарбату. Убачыўшы прыежджага, Граждан дастаў гукаўзмацняльнік і сказаў: “Я ў дзяцінстве хварэў на рахіт, але я ведаю, што Васіль Быкаў сёньня служыць у паліцыі, і вы там, у сваім Менску, яму дапамагаеце...”
        
        Адзін Сабака невядома адкуль прыехаў да Шніпа. А Шніп пераапрануўся Гражданом і пайшоў начаваць на вакзал.
        
        Адзін Сабака прыехаў на зьезд пісьменьнікаў. Зайшоў у залю пасяджэньня. А там Граждан стаіць за трыбунай і расказвае пра Му-Му і Герасіма, якія загінулі ў часы калектывізацыі.
        
        Адзін Сабака прыехаў у Варшаву. Ходзіць сярод палякаў і дзівіцца: “Як усё чыста...”. І раптам чуе голас Граждана: “Пся крэў! Гаўно за сабой змываць трэба!”
        
        Адзін Сабака прыехаў на курорты. І чуе: “Шаноўныя Гражданы і Гражданкі, каму трэба зрабіць байстручка, заходзьце ў палату нумар шэсьць. Прыём вядзе доктар Айбаліт з групай дрэсіраваных шымпанзэ”.
        
        Адзін Сабака прыехаў з камандзіроўкі. Звоніць у дзьверы. А жонка не адмыкае, а кажа: “Я цяпер жыву з Гражданом, а ты едзь туды, адкуль прыехаў. У нас бульбы на траіх ня хопіць...”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Дон Кі Хота, сеў на каня і паехаў шукаць сваю Дуль Сі Нею. Убачыў гэта Граждан, пакланіўся пераапранутаму Сабаку і сказаў: “Міласьцівы гасудар, у вас вусы адклеіліся, і ў каня хвост адваліўся. Вазьміце мяне, дастапачцімы, сваім падмятайлам. Я буду вам казкі нанач разказваць і зь дзяўчатамі спаць...”
        
        Адзін Сабака трапіў у жывот рыбы-кіта. Хацеў паспаць, як пачуў голас Граждана: “Ад мяне ты нікуды ня дзенешся. Трэба будзе, улюбішся і жэнішся!”
        
        
        
47
        
        Адзін Сабака прыйшоў да Бэтховэна. А там ужо Граждан сядзіць і лічыць даляры.
        
        У гонар аднаго Сабакі назвалі вуліцу. Даведаўся пра гэта Граждан і ўзяў і павесіўся.
        
        Адзін Сабака прачнуўся сярод ночы. Навокал цёмна, аж жуць. І завыў Сабака. Прачнуўся Граждан і ўбачыў, што побач няма жонкі.
        
        Аднаго Сабаку паслалі на курорт. Прыехаў Сабака да мора, лёг на пясок і заснуў. Ішоў ля вады Граждан, убачыў Сабаку і сказаў: «А гаварылі, што гэта не Гандурас...»
        
        Адзін Сабака надрукаваў у газэце заметку «Про нашего мальчика». А Граждан падумаў, што заметка пра яго, і скупіў у горадзе ўсе газэты.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў гражданку Грыцацуеву. Прыйшоў на барыкаду і закрычаў: «Гражданы, каму жыць надаела, за мной!..»
        
        Адзін Сабака вельмі ўжо любіў катоў. Зловіць ката, прывяжа яму да хваста пустую бляшанку, пусьціць і радуецца, як Граждан.
        
        Адзін Сабака вычытаў у газэце, што калі хто першы прыедзе на станцыю мэтро «Граждан», таму там дадуць мэдаль. І паехаў Сабака, і прыехаў, а там цэлая куча сабак, і ўсе мэдаля чакаюць.
        
        Адзін Сабака захацеў стаць настаўнікам усяго сьвету. Але ўжо гэтую пасаду заняў Граждан.
        
        Адзін Сабака прынёс дамоў рыбіну. Паклаў яе на стол, а яна і кажа: «Мяне можа есьці толькі Граждан...»
        
        Адзін Сабака быў у гражданскім шлюбе з гражданкай Калантай. А Граждан прыстроіўся ў шалашы ля Фінскай затокі.
        
        Адзін Сабака нарадзіўся. А Граждан памёр. Адзін Сабака памёр. А Граждан нарадзіўся і нічога не сказаў.
        
        Адзін Сабака вырашыў пахудзець. І стаў бегаць па вуліцы, як Граждан. Убачыў гэта Граждан і параіў: «Ты яшчэ і падштанікі здымі...»
        
        Аднаму Сабаку не было чаго рабіць. А Граждан любіў цукеркі з фабрыкі «Камунарка».
        
        Адзін Сабака запісаўся ў шпіёны. А Граждан даўно ўжо быў там, і яфрэйтарскія пагоны яму начамі сагравалі душу.
        
        Аднаму Сабаку зрабілі прышчэпку ад грыпу. Граждан грыпу не баяўся – ён ужо ляжаў на сьмяротным адры і чакаў папа.
        
        Адзін Сабака быў кавалерыстам. Праўда, конь быў у Граждана.
        
        Адзін Сабака займаўся абы чым. І прыйшоў Граждан і сказаў: «Пара ўжо вам, гражданін Шарыкаў, і жаніцца...»
        
        Адзін Сабака запісаўся дабравольцам на вайну. Празь месяц прывезьлі труну, а ў ёй – Граждан.
        
        
        
48
        
        Адзін Сабака закахаўся ў ангельскую прынцэсу. А Граждан быў імпрэсіяністам і па начох з калгаснага поля насіў дахаты бручку.
        
        За адным Сабакам хадзіла дурная слава. Граждан лічыў сябе гарадзкім і езьдзіў на "Запарожцы".
        
        Да аднаго Сабакі прыйшоў Фройд. А да Граждана – Фрыдман.
        
        "Калі існуе вечнасьць, няма часу. А калі няма вечнасьці, то час таксама не існуе", – сказаў адзін Сабака. Граждан не змаўчаў: "Трэба ўсё ўва ўсіх забраць і разьдзяліць!"
        
        Адзін Сабака быў артыстам. Граждан жыў па-суседзку і пасьля бульбы на вячэру, малатком грукаючы ў сьценку, крычаў: "Я цябе навучу Родзіну любіць!"
        
        Адзін Сабака вывучаў гісторыю заходняй філязофіі. У Граждана быў "Мэрсэдэс", і ён на ім ужо трох сабак адправіў на той сьвет.
        
        Аднаму Сабаку хацелася сямейнага дабрабыту, і ён жаніўся з удавой Граждана. Граждан ляжаў у магіле і варочаўся.
        
        З адным Сабакам усе лічыліся. Граждан хварэў на пранцы і пісаў мэмуары пра Гражданскую вайну.
        
        Ад аднаго Сабакі Граждан даведаўся, што на Марсе існуе жыцьцё. І Граждан, седзячы ў прыбіральні, дрыжачым пальцам напісаў: "Тут быў Калян!"
        
        У аднаго Сабакі вучоныя знайшлі інтэлект. Граждан перавярнуў усё ў хаце і сказаў: "Сьцяна – белая. З-пад крана цячэ вада. А з Сабакам я ўсё роўна вітацца ня буду!"
        
        У аднаго Сабакі ў кватэры пагасла сьвятло. Гэта сусед Граждан уключыў электрапілу.
        
        Адзін Сабака жыў у сабачым горадзе. Гражданы прыяжджалі на экскурсію і елі марозіва ля помніка Дзяржынскаму.
        
        Аднаму Сабаку прыйшла думка зрабіць так, каб усім было добра. Граждан катэгарычна адмовіўся: "Не хачу!" і напісаў ліст Піначэту: "Мілы дзядуля, забяры мяне адгэтуль!"
        
        Сядзеў на лавачцы адзін Сабака. Побач ішоў Граждан і сказаў: "Вы яшчэ не памерлі?"
        
        Адзін Сабака пайшоў у цырульню. І яго падстрыглі пад Граждана.
        
        Адзін Сабака сачыніў "Лысую гару" і падпісаўся Францішак Вядзьмак-Лысагорскі. А нехта пусьціў чутку, што гэты твор мог напісаць толькі Граждан.
        
        Аднаму Сабаку за вываз гною на поле далі грамату. З подпісам Граждана і заклікам: "Гражданы ўсіх краін, яднайцеся!"
        
        Адзін Сабака прыдумаў сьвята – Дзень Граждана. І Граждан сказаў Сабаку: "Быў бы я мастаком, я б зь цябе карціны пісаў!"
        
        
        
49
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў сантэхніка. Прыйшоў да Граждана: “Вам трэба памяняць санвузел…” А Граждан не зразумеў, чаго ад яго хоча Сабака, і сказаў: “Савецкі Саюз развалілі, а цяпер і вузел вам не падабаецца… Ня пройдзе такі фокус”, – і, схапіўшы сякеру, выгнаў Сабаку з камуналкі.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў шафёра і выйшаў на вуліцу. Падбег Граждан і прапанаваў: “Даю сто даляраў! Пракаціце мяне з Манькай да станцыі мятра плошча Леніна…”
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў Граждана і выйшаў на вуліцу пагуляць. І бачыць – Граждан ідзе і кланяецца пераапранутаму Сабаку. Сабака адразу пацікавіўся: “А чаму ты мне кланяешся?” “А каб ты мяне не забіў!” – адказаў Граждан.
        
        Адзін Сабака пераапрануўся ў жаніха і зьеў гарбуз. А Граждан быў пераапрануты ў гром-бабу і, убачыўшы гэта, сказаў: “Недурно…”
        
        Адзін Сабака зьеў кіляграм памідораў. Ад гэтага яму стала вельмі дрэнна, і ён выклікаў доктара. Прыйшоў доктар, а ўсьлед за ім – Граждан з малатком. І сказаў Сабака: “У нас няма часу на раскачку. Тым больш, паўтаруся, у нас ёсьць дабротныя напрацоўкі. Да ўсяго, да такіх пытаньняў трэба падыходзіць асьцярожна, з усёй сур’ёзнасьцю і браць на сябе тое, што зможаш падняць і несьці...”
        
        Адзін Сабака зьеў усе прыпасы, якія былі нарыхтаваны Гражданом на выпадак вайны.
        
        Адзін Сабака зьеў піянэра. Прыбег Граждан і кажа: “Дзенгі давай! Кірасінку пакупаць буду!”
        
        
        
50
        
        Адзін Сабака разьвітаўся з партыйным мінулым. Купіў лецішча і стаў вырошчваць агуркі. Побач жыў Граждан, які ў скрынках вырошчваў цьвікі. Адна скрынка была ў Шушкевіча.
        
        Адзін Сабака купіў гітару. Нясе дамоў, радуецца. І раптам Граждан на трактары спыніўся побач і пахваліўся: “А мне мама не дазваляе іграць на гітарах. У мяне кампазытарскія здольнасьці!”
        
        Адзін Сабака прыехаў у вёску выбіраць бульбу. Выйшаў раніцай на поле, а там ужо адзін Граждан у барознах корпаецца. У канцы поля сьцяг на коліку матляецца, а пад сьцягам сядзяць Гражданы і нейкія паперы перабіраюць. Сабака ўсім сказаў “добрай раніцы”. А адзін Граждан пацікавіўся: “А вы мужчынскага полу ці жаночага?”
        
        Адзін Сабака пайшоў у лагчынку каля ракі касіць сена. Граждан залез на хату, сеў на комін і ў бінокль сочыць за Сабакам: “Я хачу даведацца, адкуль у гэтай пузатай драбязы такая нечалавечая праізвадзецельнасьць труда. Няўжо гэта мой сын?..”

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.