РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Людзі й людзі...
...
         Сяньня яшчэ не асеў прыказачны пыл... І яшчэ сьвежыя раны...
         Звычайна чалавек думае эмоцыяй, значыцца сэрцам, а не мазгом. Ці, як кажуць, на гарачую руку... А гэтта, каб разабрацца ў чым справа, "гарачая рука" не паможа. Наадварот... Калі згадаць улюблёную фразу Юркі Віцьбіча: літаральна гаворачы, каб паглядзець як высокая гара, трэба ад яе на нейкую адлегласьць адыйсьціся.
         Катастрофа вялікая: тэрміты ядуць падваліны Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на Чужыне. Зьбянтэжаныя вернікі, - з Божае ласкі добрыя людзі, - якім ня чужыя цярпеньні і насалоды жыцьця зямнога, беларускія патрыёты й хрысьціяне, што бачаць уратаваньне сябе й паняволенага народу ў рытуале царкоўнае службы ці ў ціхай малітве да Ўсявышняга ў зацішшы, воддаль ад гоману вуліцы, ніяк ня могуць спанатрыць чаму й калі гэта пачалося.
         Фармальнасьці, суды й свае й чужыя груганы-адвакаты нахлынулі пасьля. Гігіканьне чужых агентаў збоку пачулася пазьней. Прадаваць на кірмаш павалаклі ў чацьвер, а ня ў панядзелак. Памыі пачалі выносіць пасьля першага ці другога акту. А дзе шукаць вытокаў таго, што сталася?
         Магчыма, што гэныя вытокі будзе лягчэй знайсьці нашым патомкам. Пыл асядзе, дакуманты царкоўныя, грамадзкія й палітычныя з жыцьця беларускае эміграцыі, спадзяюся, - калі не сатлеюць у атамнай вайне, - захаваюцца ў розных архівах. Папяровыя й фільмовыя сьляды дзейнасьці беларускае эміграцыі астануцца ў дзяржаўных архівах і ў прыватных асобаў сяньня вольнага сьвету. Пры нейкіх намаганьнях, бязь ніякае эмоцыі, можна будзе іх сабраць, упарадкаваць, вывучыць, сваё слова сказаць. Але...
         На аснове дакумантаў выйдзе можа агульная, цьмяная зарыса таго, што сталася. Будуць адсутнічаць шмат якія дэталі...
         Калясальнасьць характэрыстыкі падзеяў у БАПЦ й навокал яе не падпарадкуецца простай інтэрпрэтацыі таму, што будзе шмат няведамага... Наша сьціплая царкоўная, грамадзкая, палітычная й навуковая прэса, з прычыны недахопу сілаў і сродкаў матар'яльных, ледь-ледзь спраўляецца занатоўваць самыя факты. На эміграцыі зусім, як дагэтуль, адсутнічае мэмуарная літаратура. Няма каму пісаць, няма грошы на яе выданьне. А калі яе, мэмуарную літаратуру, лічаць удабрэньнем гісторыі, дык які будзе плён нівы бяз гэткага ўдабрэньня?
         Гаворачы пра ўспаміны, якіх у нас, на эміграцыі, амаль няма ў сьціплых беларускіх бібліятэках, маю наўвеце ўспаміны найперш пра людзей. Жывых людзей, дый тых, што ўжо адыйшлі. Пра іх характары, навыкі, цноты, недахопы, заганы, сацыяльнае паложаньне, уроджаныя здольнасьці, пагоню за грашмі ці нэгацыю матар'яльных здабыткаў. Пра іх сем'і, зносіны, становішчы ў чужых грамадзтвах, дый найбольш іхныя адносіны да беларускага жыцьця на эміграцыі ўва ўсіх яго відах. Калі гэтага ўсяго няма, дык як тыя, што прыйдуць пасьля нас, змогуць адно на аснове пакінутых архіваў ці ў бальшыні суб'ектыўна-прапагандовае прэсы адтварыць такі важны пэрыяд зь гісторыі нашай эміграцыі, а таксама беларускага народу?
         Крызіс у БАПЦ пачаўся не ад фармальнасьцяў, а ад людзей. Галоўных і пабочных актораў на арэне зьявілася ня так многа. Варта было-б зірнуць прынамсі на галоўных, трымаючы на ўвазе, што ня ўсе, але шматлікія зь іх дзеялі з чыста прыватных і суб'ектыўных матываў.
         Некалі выдатны й ахвярны Алесь Грыцук, калі не хапала ў нас, у Канадзе, сілаў, каб падпрэгчы да нацыянальнай працы, любіў паўтараць: - А да нашага берагу нічога добрага ня прыплыве, адно трэскі...
         Характэрыстыка тых, што прыплывалі, дасканалая.
         Толькі трэскі...
         Дзе й калі яны мелі вучыцца, гадавацца, гартавацца, шліфавацца? Раней чужая нечысьць душыла ўсё беларускае, а пасьля секла вайна тое галоўнае нацыянальнае дрэва... Трэскі апынуліся ў Заходняй Эўропе, за акіянамі... А некаторыя з трэсак ужо й шашалем паточаныя, гнілыя й цьвілыя...
         У эміграцыйную грамадзкую, палітычную ці царкоўную калясьніцу падпрагалася тое, што пад рукой было, што так ці накш, навет і дэклярацыйна, да працы хінулася. Свой свайго галубіў. Клікалі ўсіх на помач. Дзе там выбіраць будзеш! Гэта было латаньне дзірак. Добрага, цэльнага, маральна ўзгадаванага, веруючага, адданага народу й ахвярнага, таго, што на зарэз патрэбна было, безь якога аніяк нічога ня збудуеш, - хоь ты плач! - ніяк не хапала.
         І прыраўнуйце такое "багацьце" людзей, у вялікай меры палітычна зусім прымітыўных, з тымі заданьнамі, якія перад імі стаялі: будаваць Царкву, грамадзкае жыцьцё, а значыцца эміграцыйныя беларускія фінансавыя, палітычныя, рэлігійныя, навуковыя й культурна-асьветніцкія інстытуцыі. Бязь іх, гэткіх вось інстытуцыяў ды асабліва бяз свае прэсы ня будзеш у чужым сьвеце голасам паняволенага народу, які змагаецца за сваё вызваленьне.
         Перад выгнаньнікамі з чужынцам "раськіданых гнёздаў" адчынялася дэмакратычнае поле дзейнасьці. Найвышэйшы аўтарытэт - ты сам. І дысцыпліну ты ўстанаўляеш, і патрыятызм - стымул усяе дзейнасьці - ты іншым будзеш у іхныя сэрцы ўліваць. І добра, калі ў цябе ёсьць добрыя й плённыя зародкі, калі ты чалавек, - гаворачы надта-ж агульным зашлёпаным шаблёнам, - добрае натуры, веруючы, ахвярны. А што, калі не? Што, калі ты - злачынны эгаіст, атэіст, любіш адну паказуху, ды для яе навет раз у год на "сакавіковай незалежніцкай плошчы" пастаіш? Які тады ўклад прынясеш у агульнае намаганьне? Які зь цябе будзе амбасадар (заўважце гэта надта-ж зацяпанае й надужыванае эміграцыйнымі палітыканамі слова!) незалежніцкага руху паняволенай Беларусі?
         Ёсьць такая прыказка: на бязрыб'і і жук мяса... На беларускае эміграцыйнае бязрыб'е плылі ня толькі трэскі, але паўзлі й жукі. І добра, калі ў пакрыўджаных Богам галовах не нараджаліся вялізныя інтэнцыі, падпіханыя хворымі амбіцыямі.
         На галоўных актораў, што апынуліся на версе БАПЦ і стварылі крызіс, варта зьвярнуць увагу, як на людзей. Гэтыя згадкі, ведама-ж, ня маюць прэтэнзіяў да поўных характарыстак; гэта хутчэй сілуэты, якія варта прымерыць ці дапасаваць да тых высокіх санаў, якія яны занялі ў царкоўным жыцьці на эміграцыі.
         Некалі маёр Беларускай Краёвай Абароны, Віктар Чабатарэвіч, казаў мне: - Ведаеце, спадар Акула, вы шмат пішаце. Я вам раю асьцерагацца, асабліва калі пра людзей пішаце. Часамі варта можа што й прамаўчаць... Зірніце вось на гэтае дрэва. Прыгожае, ці-ж не? А вазьмеце й страсяніце яго. Пабачыце як зь яго рознае, так званае дабро, значыцца ўсялякая парахня пасыплецца.
         Магчыма, баючыся, каб гэтая парахня не пасыпалася, шмат якія суродзічы, што на эміграцыі, да пісаньня каторыя нахіл маюць, ды якія шмат чаго цікавага спасьцераглі, пісаць ня хочуць. Навошта? Каб уквяліць каго? Заўсёды-ж можна апраўдацца, калі трэба будзе, што, маўляў, твая хата з краю... Лепш з усімі згодна жыць...
         Але ці кожны з нас можа маўчаць? Калі згодзімся з тым, што нашым абавязкам адно хваліць добрых і добрае, біць у ладкі на пахвалу пазытыўнаму, дык хто гной тады будзе вычышчаць? І не агледземся, як абрасьцём ім, што й дыхаць чыстага паветра ня хопіць. А што пакінем у спадак нашчадкам?
         Сьвятыя айцы, што на аснове навукі Хрыстовай стварылі царкву, як інстытуцыю, таксама падбалі, каб забясьпечыць яе й дысцыплінарнымі ды юрыдычнымі ворганамаі. Гэткія хвормы кантролі зьяўляюцца зусім адноснымі ў чужых дзяржавах, дзе наша эміграцыя, якой вышэйшым аўтарытэтам ёсьць ляяльнасьць да свайго паняволенага народу, не стварыла, у сілу абставінаў, адпаведных ворганаў спагнаньня, ці, - калі хочаце, - пакараньня парушальнікаў агульна-апрабаванае маралі. Такім чынам, пры адсутнасьці карных інстытуцыяў, дзейнасьць адказных адзінак абапіраецца наіхную-ж, часта другарадную, маральнасьць. У эміграцыйных абставінах, чым загародзіш дарогу на вышэйшыя царкоўныя пасады якому атэісту, гэданісту, самалюбу, ці іншаму ліхому чалавеку, які глядзіць на царкоўнае жыцьцё як на кармушку-карыта, нагоду праславіць сваё "я"?
         Эміграцыя шырака адчыніла дзьверы для тэй часткі людзей, якія пастанавілі прысьвяціцца службе Богу й народу, або нажывацца на царкоўнай ці палітычнай кан'юктуры, значыцца дала ўваход на гэну плошчу ня толькі людзям бяспрыкладна ахвярным, высакамаральным, але й звычайным крывадушным нікчэмнікам.
         Паколькі-ж рыба гніе ад галавы... Зноў-жа пра рыбу. А можа яно й выпадае так, бо хрысьціянства і ў пачатках сваіх было з рыбай завязана... Дык пачнем ад галоўнае "рыбіны"...
        
        * * *
        
         Пра сьвятара Аляксандра Крыта давялося мне чуць раней, што падчас вайны быў і жыў у Бэрліне, што пасьля ў беларускім ДП лягеры Ватэнштэце вучыў у беларускай школе. Паколькі, з прычыны сваіх нахілаў, цікавіўся я журналістыкай і літаратурай, таму і айцец Аляксандр быў нейдзе на перыферыі майго зроку. Бліжэй пазнаў яго на Епархіяльным Праваслаўным Беларускім саборы ў Тароньце 29-га кастрычніка, 1966 году. Памятаю, што Раісу Жук-Грышкевіч і мяне паклікалі на сакратароў Сабору й я апынуўся з правага боку прэзыдыяльнага стала. Пасярод сядзеў архіяпіскап Васіль (Тамашчык), направа ад яго - айцец Аляксандр Крыт, налева - айцец Міхась Мацукевіч, далей ужо ня памятаю хто, а з працілеглага ад мяне боку стала - Раіса Жук-Грышкевіч. Наша нянадта прасторная царква была перапоўненая народам. У гэны час, здаецца, спраўджалі мандаты, кіраўнічы стол быў пасыўны. І вось збоку чую такое:
         - Дык, Уладыка, як-жа гэта так? Колькі буду чакаць? Што гэта ўсё "пачакайце" ды "пачакайце"? Вунь колькі служу ўжо... Што, Вам шкода?
         Гэта айцец Аляксандар, із дробнымі пырскамі сьліны, на вуснах, так гаварыў да ахіяпіскапа Васіля. Я не адразу сьцяміў пра што гэта ён... Зірнуў уважней на ягоны твар. Чырвоны, злосны, варожы, кусьлівы... Малая сьвятарова фігура, ня гледзячы на яго ўсхваляванасьць, а можа й з прычыны яе, выглядала камічнай. Памятаю, што хацелася разрагатацца. Але гэтта-ж збокучую бацькоўска-загадны й валадарны голас архіяпіскапа Васіля, які ў той час забыўся пра свой прывычны жэст скубсьці рыжую бараду:
         - Ну сядзь, ты, ўжо сядзь! Ціха! Пачакаеш яшчэ, паслужыш, пачакаеш. Ціха, сядай, перастань!
         Гэна сцэна, як жывая, стаіць і цяпер перад вачмі. Пасьля я даведаўся, што сьвятар Крыт гэткім чынам "у япіскапы пхаўся". Тады ўжо пачаліся ягоныя інтрыгі й манэўры, каб нейкім чынам, супраць волі свайго архіяпіскапа, заняць побач яго яшчэ неналежачае яму месца.
         Будучы настаяцелем у парафіі БАПЦ у Кліўленьдзе, сьвятар Крыт ніколі не ладзіў із сваімі парафіянамі. Ён лепш надаваўся на сьвятара ў нейкай захалуснай беларускай вёсцы, там дзе пісар ёсьць знамянітасьцью, а солтыс - "мудрым атцом". Будучы "папом і начальнікам", сьвятар Крыт ад нікога не залежыў-бы, ніякай парафіяльнай управе не падпарадкоўваўся-бы.
         Не зважаючы на ерархічную структуру Праваслаўнае Царквы, сьвятары яе ў Амэрыцы, каторыя клёк у галаве мелі, як мага намагаліся супрацоўнічаць з управамі парафіяў. Як-ніяк, тут усё пабудавана на традыцыі дэмакратыі. Я пэўны, што нашы вернікі з кліўлендзкай парафіі БАПЦ маглі-б шмат цікавага рассказаць пра іх супрацоўніцтва ці недахоп яго ізь сьвятаром Аляксандрам Крытам, каторы пасьля, стаўшы ўжо япіскапам ці мітрапалітам, ніяк нікому й ніколі на руку ня йшоў. Ён, відаць, лічыў патрэбным кіраваць царкоўным жыцьцём адно загадамі.
         У Кліўленьдзе мітрапаліт Андрэй жыў на верхнім паверсе царкоўнага дому, тут-жа побач новазбудаванай царквы. Часта, калі мне давялося бываць у Кліўленьдзе, запрашаў мяне да сябе. Прычынаў, мне здавалася, было дзьве. Першая: я так ці накш даўно занімаўся друкам і выдавецтвам. Наклёўвалася патрэба выданьня дакумантаў зь гісторыі БАПЦ, якіх, як казаў мне гэты духоўнік, набралася маса. Я суліў сваю помач, адно прасіў, каб ён перагледзеў, упарадкаваў ды забясьпечыў патрэбнымі камантарамі. На гэтым і асталося. Шкада.
         Другой прычынай была, мабыць, простая патрэба пагутарыць з чалавекам. І гаварылася шмат пра што, а найбольш пра эміграцыйнае рэлігійнае жыцьцё, пра людзей ды пра палітыку. Пра сваіх мясцовых парафіянаў царкоўны саноўнік гаварыў скупа. Відаць, стрымоўваўся, поўнасьцю перада мной не адкрываўся, але наракаў, што за ім не глядзяць, не памагаюць. І з тону яго прысутны мог-бы меркаваць, што віна з боку людзей.
         Ён не валодаў, - што асабліва заўважалася ў яго й што вельмі шкодзіць сьвятару, асабліва-ж высокага сану, - цэлай шырокай вясёлкавай плыняй мовы так, як, прыкладна, архіяпіскап Васіль (Тамашчык), якога людзі, бывала, з захапленьнем слухалі дзень і ноч. Відаць быў недахоп начытанасьці, агульнай эрудыцыі дый звычайнага моўнага таленту. Сьціплыя спробы красамоўнасьці йшлі з натугай... Яму хацелася памагчы, падказаць. А калі мітрапаліт і гаварыў з вамі прыватна, - гаварыў ён хутка й манатонна, быццам-бы й ня чуў пра дыкцыю мовы, - дык і словы выбіраў найбольш простыя, сказаць-бы шэрыя, і параўнаньні шаблённыя.
         Калі ты гутарыш з высокім духоўнікам навет прыватна, дык слухаеш яго накш, чымся звычайнага чалавека. Як-ніяк, перад табой нейкі-ж аўтарытэт. І як-жа цешышся, калі, прыкладна, перад табой архіяпіскап Васіль (Тамашчык), каторы, як вялікі моўны майстар, вядзе цябе ў прывабна-аздоблены сьвет, навет калі й гаворыць пра прастое.
         Магчыма, што замнога ўвагі аддаю мове зь ведамых прычынаў. Але-ж за багацьцем мовы ці беднасьцю яе крыецца й чалавек. І прыглядаючыся мітрапаліту Андрэю яшчэ да таго часу, пакуль спрычыніўся ён да вялікага крызісу ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве, я спасьцярог ягоную абмежаванасьць, а ў некаторых поглядах і поўную прымітыўнасьць. Адзін выпадак пацьвердзіў мае меркаваньні.
         Існуе між праваслаўных людзей, асабліва малапісьменных, тое, што можна назваць вуніятаедзтвам. Яно ці не бярэ свой пачатак ад ведамай Кацярыны, каторая, запанаваўшы ў Беларусі ў васемнадцатым стагодзьдзі, пачала гвалтам гнаць нашых вуніятаў у "ісьцінную веру". Прайшлі стагодзьдзі, а пасеяная чужынцамі нянавісьць да сваіх-жа братоў хрысьціянаў яшчэ й сяньня атрутай разьядае мазгі й сэрцы шмат якіх нашых менш асьвечаных суродзічаў. А мітрапаліт Андрэй вуніятаў запраўды ці не за ўсе нашы беды вінаваціў.
         І вось аднойчы, прыгадваю, у ягоным пакоі, падчас гутаркі са мной, ён злосна накінуўся на вуніятаў, каторыя, згодна яго поглядаў, быццам наш праваслаўны народ зглумілі калі сілаю "да папы рымскага гналі" й іншае ліха. Я тадыня вытрымаў.
         - Ці вы, Ўладыка, шануеце памяць Кастуся Каліноўскага?
         Мітрапаліт Андрэй якраз наліваў маленькія, па паўтары унцыі чаркі. Віскі Канэд'ян Кляб добра пілася з салёнымі гуркамі й кіслай капустай ды чорным жытнім хлебам. Гэтыя апошнія ў Амэрыцы лічыліся "дэлікатэсамі". Пачуўшы такое маё пытаньне, ўладыка адказаў не адразу, магчыма мяркуючы "дзе тут сабака закапаны".
         - Пэўне-ж Каліноўскага шаную. Нацыянальны гэрой...
         - Кажаце, што шануеце, бо ён нацыянальны гэрой... Ага. І гэта ня гледзячы на тое, што сам, здаецца, быў рыма-каталіком. А ці-ж вам няведама, што ў той час якіх восемдзесят працэнтаў беларускіх сялянаў былі вуніятамі, што Кастусь Каліноўскі называў вуніяцтва "справядлівай верай", а праваслаўе называў "сызмай" і як мог бараніў вуніятаў?
         Твар сьвятара пачырванеў. Ён цяпер пазіраў убок, а ня так, як раней, проста ў мае вочы.
         - Мне крыху дзіўна, - прадаўжаў я, - слухаць вашыя такія напады на вуніятаў. Ясна, што наш народ шмат калі й шмат кім ды шмат куды заганяўся, у тым ліку, як вы кажаце, і вялікімі ды малымі магнатамі да папы рымскага. Але падумайце, - кажу, - ўладыка, ці гэтыя рэлігійныя гвалты ад вуніятаў пачаліся... Уявіце сабе. Хоць навошта тут уяўляць? Зь гісторыі ведама, як было. Калі прыйшло хрысьціянства ў Беларусь, дык пэўне-ж, - гэтта я ўжо перайшоў на зьдзеклівы тон, усе тыя пагане, каторых прашчуры, прадзеды й бацькі пакланяліся розным ідалам, яны - а як-жа! уміг спазналі мудрасьць Хрыстову, зазьзялі вялікай верай і напралом да крыжа пабеглі. Прабачце, уладыка, як вам ня сорамна! - ня вытрымаў я. - Асабліва цяпер, калі між галоўных цэркваў ёсьць тэндэнцыі да яднаньня... Ды й чаму толькі тэндэнцыі? Вунь і нейкія канкрэтныя пачынаньні ўжо ёсьць. І ўжо каму, як каму, а нашаму народу ого як патрэбнае тое яднаньне, а калі не, дык прынамсі рэлігійная талерантнасьць. А вы што? Як вам ня сорамна!
         Гутарка на тым і скончылася й нашыя адносіны зьмяніліся. Адно тады поўнасьцю зразумеў я на колькі абмежаваны быў той духоўны пастыр і які неадпаведны чалавек узьлез на чало БАПЦ, калі шмат пазьней даведаўся, што ён ня толькі чытае, але й сам рассылае ведамую таронцкую "памыйніцу", г.зн. "Беларускі Голас", які Сяргей Хмара выдаваў у Тароньце. Падумайце сабе, людцы добрыя: мітрапаліт рассылаў найбольшы сорам, які выдаваўся й пашыраўся між найбольш адсталых палітычна й малапісьменных людзей беларускай эміграцыі!
         Магчыма нам, з адлегласьці часу, нехта скажа: чаму-ж вы такога чалавека пусьцілі на такое высокае й адказнае царкоўнае становішча?
         Ніхто яго ня пускаў і не падпіхаў, а сам ён напралом лез. Пры адсутнасьці выбару кандыдатаў царкоўнымі ўладамі, бязь дзейных, - хочацца сказаць, зубастых, - ворганаў дысцыпліны, як ты ўтаймуеш нахабнасьць ці нагласьць?
         Навет ня ўсім нашым праваслаўным вернікам сяньня ведама, як і што запачаткавала крызіс у БАПЦ дый тое, што мітрапаліт Андрэй падаў усе амэрыканскія й канадыйскія парафіі ў сьвецкія суды таму, што вернікі яму не падпарадкаваліся. Вы сабе адно ўявіце патэнцыял высокага духоўніка, галавы аўтакефальнай царквы, якому не падпарадкаваліся ўсе парафіі ягонае-ж япарафіі!
         Але гэта ўжо былі насьледкі ранейшага, якое нарадзілася й прарасло ў галаве Мікалая Войтанкі хутка пасьля сьмерці ягонай маткі Філамены, якая сына стрымлівала. Айцец Аляксандар Яноўскі, што прыехаў зь Беласточчыны й стаўся настаяцелем царквы ў Гайленд Пару, жыў у Мікалая Войтанкі ў хаце. Той браў ад сьвятара па дзесяць даляраў за кватэру ўдзень, каторыя плаціла парафія. За службу ў царкве сьвятар ня меў ніякае ўзнагароды й таму знайшоў сабе працу на хвабрыцы, на начной зьмене. У адлеглую за дзесяць кілямэтраў хвабрыку ня было ніякага даезду. Вось чаму новы сьвятар змушаны быў выбрацца ад Мікалая Войтанкі на кватэру, што была бліжэй працы. Войтанка Мікалай, чалавек злапомны й помсьлівы, пачаў дзеяць. Яму ўдалося "прыгасьціць" у сябе мітрапаліта Андрэя ў 1978 годзе аж... на шэсьць тыдняў, за што парафія Жыровіцкае Божае Маці ў Гайленд Парку заплаціла за кватэру "гасьця" "чалавеку божаму" Мікалаю аж чатырыста дваццаць даляраў, гэта значыць па дзесяць даляраў за кажны дзень. І ня хто іншы, як Мікалай Войтанка, - гэта поўнасьцю правераны факт, - намовіў мітрапаліта Андрэя, каб перавёў айца Аляксандра Яноўскага ў парафію ў Кліўлендзе, а калі той не згадзіўся, - гэтта на помач мітрапаліту прыйшоў ужо ведамы Янка Бруцкі, - выкінуць айца Яноўскага з парафіі й наагул з БАПЦ.
         Памятаю, скардзілася мне адна старэйшая Паляшучка: - А Божа мой, ці-ж таму мы ад бальшавіцкай нечысьці ўцякалі, каб тут еты бабнік Бруцкі над намі зьдзекаваўся?
         Трапіла на камень каса. Што сталася пазьней, - уключна ізь сьвецкімі судамі, - гэта быў клясычны прыклад самаволі першага ярарха БАПЦ мітрапаліта Андрэя, які, зігнараваўшы правы Сьвятой Праваслаўнай Царквы, уключна із Статутам БАПЦ, які вызначае нутраныя юрыдычныя ходы ў выпадку спорных пытаньняў, пайшоў сьведама на разбурэньне парафіяў свае япархіі толькі таму, каб задаволіць амбіцыі Мікалая Войтанкі, айцоў Янкі Бруцкага й Васіля Кендыша.
         Калі-б першы ярарх БАПЦ мітрапаліт Андрэй запраўды дбаў пра Царкву, ды меў крыху клёку ў галаве, ён-бы перш за ўсё прыслухаўся да шматлікіх просьбаў ня толькі архіяпіскапа Мікалая, які некалі й падаў яго кандыдатуру на мітрапаліта, дый ня толькі да галасоў аграмаднае бальшыні сваіх амэрыканскіх парафіяў, але й знайшоў-бы ці адзін прэцэдэнс у гісторыі Праваслаўнае Царквы, каб параліжаваць крывадушныя інтрыгі ліхіх амбіцыянераў, задаволіць пакрыўджаных ды давесьці да ладу царкоўнае жыцьцё. На вялікі жаль, мітрапаліт, як гэтта паказалася, да гэтага не дарос. Ягоныя дыктатарскія загады й "распараджэньні" былі настолькі відавочным гвалтам над прынятымі нормамі нашага царкоўнага жыцьця, што не адразу, паступова, але абсалютна ўсе амэрыканскія беларускія парафіі зьвярнуліся да канадыйскага таронцкага архіяпіскапа Мікалая, каб узяў іх пад сваю апеку. І колькі архіяпіскап Мікалай, - лістоўна, тэлефонам і пры асабістых сдустрэчах, - не прасіў першага ярарха, каб апамятаўся, колькі не зьвярталіся да яго й старшыні парафіяў, мітрапаліт Андрэй, як адурманены прадаўжаў самагубны для БАПЦ шлях. І сяньня, дальбог, цяжка паверыць, навет пішачы гэтае, што так запраўды сталася. Я трымаўся дый цяпер яшчэ трымаюся думкі, што чалавек, які заняў высокі сан першага яраха БАПЦ, з прычыны сваіх заавансаваных гадоў, цярпеў ад нейкай Алзгэймэравай хваробы ці дзівацкае зьдзіцянеласдьці.
         Калі адкінуць усялякую прапагандовую мякіну й зірнуць цьвяроза, дык трэба з усей пэўнасьцю сьцьвердзіць, што чалавек гэты сьведама пайшоў насустрач Хмаравай прапагандзе, Войтанкавай ненасытнай прагавітасьці й Кендышавай ды Бруцкага антыхрысьціянскай хворай амбіцыі. Адвакат Валентын Гарошка, які добра падзарабіў на сьвецкіх судох, ды ягоны брат Расьціслаў, із сваім "Беларускім Часам", што першы пачаў барабаніць пра "літыгацыю ў БАПЦ", мусіць, каб апраўдаць рэдактарава ўяўленае становішча, як вялікага царкоўнага дзеяча, - зыгралі гэтту гнюсную ролю.
         Пра архіяпіскапа Мікалая будзе гутарка асобна, але гэтта трэба сказаць, што ён зрабіў правільна, калі задаволіў просьбы парафіяў япархіі мітрапаліта Андрэя і ўзяў іх пад сваю апеку. Калі-б ён гэтага не зрабіў, парафіі тыя перайшлі-б у юрысдыкцыю якой іншай Праваслаўнай Царквы ў Амэрыцы, каб пазбавіцца "апекі" свайго зьдзіцянелага пастыра.
         Пра сьмерць мітрапаліта Андрэя я даведаўся позна ў сыботу 21-га травеня, калі затэлефанаваў да аднаго сябры. Памятаю, быў я тады сам у Гутырчыкавай хаце (не, ня зусім сам, бо са мной быў Гутырчыкаў кот і сабака), а Сяргей і ягоная жонка Літвінка гулялі дзесьці на вясельлі, якое наладзіў Мікола Абрамчык для сваей дачкі. І мне сулілі заглянуць на тое вясельле, бо, казалі, "там-жа будзе якая сотня нашых, калі ня больш". Але... Была-б нагода сяго-таго пабачыць, на "Зважай" скубануць. Ды далёкае падарожжа аўтобусам, пасьля аграмадны лівень змучылі па дарозе. А ў гіганьце Ню Ёрку пакуль дабярэшся ў які Бруклін ці Джамэйку, ды назад у Самэрсэт, дух зь цябе вон. Не да вясельля. І памятаю, пачуўшы, што першы ярарх адыйшоў у іншы сьвет тае самае сыботы дзесьці каля першай гадзіны раніцай, значыцца перад першымі петухамі, я падумаў... Але не. Няхай слова мае ў нас вельмі шанаваная й характарам абаяльная спадарыня Орсіха, якая назаўтра, пасьля сьвятое Літургіі ў царкве на Гайленд Парк, сустрэла мяне з такімі славамі:
         - Спадар Акула, што-ж вы, Божа мой, што-ж вы нарабілі?
         У гэтай жанчыны, што выгадавала выдатную беларускую сям'ю, кпінка па твары бегала.
         - Як я, што гэта я нарабіў? - няўцямна, але й вінавата спытаўся я.
         - А ці-ж вы ня чулі, што наш мітрапаліт, калі дачуўся, што вы сюды едзеце, дык перапалохаўся вас, ды ўзяў і памёр...
         Гэтта быў і нейкі падтэкст, бо пазалетась, калі я паехаў у Лёндан на сьвяткаваньне дзясятых угодкаў бібліятэкі Скарыны, падчас мае прамовы ў перапоўненай людзьмі зале біскуп Часлаў Сіповіч меў разрыў сэрца.
         У тую-ж нядзелю, назаўтра пасьля сьмерці першага ярарха БАПЦ, айцец Аляксандар Яноўскі, па загаду архіяпіскапа Мікалая, адслужыў паніхіду. Пасьля яе да мяне падыйшоў добра знаёмы чалавек ды сказаў:
         - Спадар Акула, вы чулі зь якім энтузіязмам мы сяньня паніхіду па Андрэю сьпявалі?
         Ужо па дарозе назад у Канаду, калі наш аўтобус затрымаўся ў Рачэстэры, непадалёк Бафало, пазваніў я да спадарыні Натальлі Арсеньневай, сказаў пра сьмерць мітрапаліта.
         - Пара яму, ужо пара адпачыць, пажыў чалавек... - сказала паэтка.
         Тады мне прыгадаліся словы паэта:
        
         Глядзіце, вунь зярно й мякіна, -
         навука, як на сьвеце жыць...
         адзін жыве і сьлед пакіне,
         другі жыве, каб насьлядзіць...
        
        * * *
        
         Калі-б гэта было магчыма, я-б хацеў быць прысутным пры такой сустрэчы: устаў з магілы наш заслужаны патрыёт, грамадзкі, культурна-асьветны й й рэлігійны дзеяч, чалавек высокай годнасьці, Алесь Грыцук. Сустрэўся зь Янкам Бруцкім. Даведаўшыся, што гэты бабнік гэданіст нарабіў, Алесь сказаў-бы:
         - Янка, махорка ты цёмная! Куды ты палез і што ты нарабіў?! Табе, недарэка, у япіскапы, у БАПЦ? Гной табе кідаць, махорка ты цёмная, дурань ты!
         Я абсалютна пэўны, што якраз такімі, а ня іншымі славамі прамовіў-бы да "цёмнай махоркі" Алесь Грыцук. Прыгадваюцца тыя, ужо адлеглыя ў прошласьці часы, калі Янка Бруцкі, адзін зь сяброў галоўнай управы Згуртаваньня Беларусаў Канады, падпрогся да працы... Messenger boy (пасыльны), от такі сабе адсталы чалавек, якому важнейшых справаў не даручалася й да якога бальшыня з нас, у тым ліку і старшыня Згуртаваньня мгр. Алесь Грыцук, адносіліся з паблажлівай дабрадушнасьцю.
         Улетку 1953-га (54-га) году, калі я жыў на Кулмайн роўд у Тароньце, завітаў да мяне ў хату шырокатвары, сінявокі бляндын.
         - Я - Янка Бруцкі, зь Вініпэгу, - прадставіўся.
         Вучыўся ён тады на Манітобскім унівэрсытэце, як сам сказаў "на інжынера". - Будаваць масты й дарогі буду...
         "Дзякуй Богу, лезуць нашы ў людзі", - падумаў я.
         Гэты дзяцюк, здавалася сьціплы, скупы на слова, наіўны, якога за язык трэба было цягнуць, апісаў мне свой палескі радавод, прыгоды падарожжа за акіян. Яшчэ адна "трэска да берагу"...
         У той час выходзіла ў нас месячная газэта "Беларускі Эмігрант", жыва расло Згуртаваньне Беларусаў Канады, абрастала ў пер'е парафія Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Патрэбныя былі галовы й рукі да працы, ой як патрэбны! Дык няхай плывуць "трэскі да берагу". Яны-ж свае. Ад прыбылі галава не баліць.
         Паехаў Бруцкі назад у Вініпэг, каб закончыць навуку, як будаваць дарогі й масты, дый пасьля на наша таронцкае гняздо вярнуўся. Памятаю, што хутка тут прыжыўся й заўсёды, знаёмячыся зь людзьмі, падчырківаў зь мінай валаснога пісара, што барыша атрымаў: - Я-ж інжынер...
         Неўзабаве ўцягнулі Янку Бруцкага ў сябры ЗБК, навет у самую ўправу. Грыцука Алеся, з прычыны ягонага стажу на чале арганізацыі, называлі тады "вечным старшынём". Пазнаўшы "інжынера", бальшыня з нас давала яму паблажку. Сам "інжынер" неяк ніколі нічога сам ня мог пастанавіць, а вечна абіваў людзям парогі, каб параіцца. Калі ня зайдзе ад Пракопа да Антона, а адтуль да Надзі й Ніны, ды не падзеліцца рознымі плёткамі, дык нічога ад яго, значыцца ніякай працы не чакай. Хутка сябры ўправы ЗБК сьцямілі, што Бруцкі надаваўся адно на пасыльнога. Гэткі чалавек, як выглядала, мог-бы быць нядрэнным бюракратам, дзе самому думаць і вырашаць ня трэба, дзе ўсё разьвязваецца рознымі адмысловымі рэгулямінамі ці інструкцыямі, дзе дробязі засланяюць увесь прыгожы й вялікі сьвет.
         Гэтта-ж, у Тароньце, Бруцкі неўзабаве прыдбаў і іншую галіну дзейнасьці: пачаў зводзіць замужніх жанчын. І ці раз каторы з нас жартаваў:
         - Ну як-ты, Янка, усіх нашых баб абслужыў? Лёдзя пра цябе пыталася, схудзела па табе... Можа забяжышся? Чаму-ж ты яе занядбаў?
         І "інжынер", такі сыценькі парсючок, рагатаў дробненькім, сухім, перарывістым сьмехам. Распраменьваўся дурнаватай наіўнасьцю круглы, быццам месяц, пульхны твар, і гойдаўся круглы валё-жывот...
         І чаго-ж яму, Янку Бруцкаму, нельга было закінуць і ніхто із нас не закідаў? А таго, што ня мае сярэдняга розуму, што ня ёсьць інтэлігентам у нашым хатнім значэньні і што мае самастойную думку ды ёсьць нейкім сырцом на рэлігійнага зі грамадзкага лідара... Ніколі не давялося бачыць тых мастоў і дарог, якія наш інжынер будаваў, адно давялося чуць ягоныя нараканьні як яму не дазваляюць праектаваць, адно толькі драфтсменам працуе...
         Па нейкім часе Бруцкі наважыўся, што кліча яго й ягоныя таленты сьвет далёкі, дык і рушыў на сьвяжыну. Спачатку пераехаў у Дэтройт, а пасьля, калі не памыляюся, у Лос Анджэлес, Кліўленд і нарэшце ў Ню Ёрк. І ўсюды, відаць, адбывалася падобнае, што ў нас. Людзі спанатрылі, што чалавек прынамся другарадны, бо "я-ж інжынер" заўсёды намагаўся трымацца на пэрыфэрыі грамадзкага жыцьця, а калі хто дзе й намагаўся зрабіць з гэтага "жука" "мяса" дык трэба было выслухаць цэлую самаапраўдальную літанію наводле такое: - Ну так, я-ж, канечне, інжынер, самі ведаеце. Ну, але, я-ж... буду памагаць збоку... самі ўжо тут лепш арыентуецеся, знаеце... Я-ж збоку...
         А абслугоўваньне замужніх жанчын прадаўжаў зь няменшай зацятасьцю.
         Ажно прыйшоў час, што гэты "жук", "мэсэнджэр бой" некаму спатрэбіўся. Памятайце: на бязрыб'і і жук мяса...
         За звыш трыццаць гадоў царкоўнага жыцьця на эміграцыі не зьявіўся ніводзін кандыдат на сьвятара, роджаны ўжо за межамі Бацькаўшчыны. Калі жыцьцё - гэта вечнае аднаўленьне, дык перад Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой стаіць небясьпека: яна самазьліквідуецца, ці, як гавораць Амэрыканцы, selfdestruct, з прычыны адсутнасьці прыплыву сьвятароў. Праўда, у асобных выпадках, можана спрабаваць сьцягнуць сьвятара зь Беласточчыны, але гэта часова залатае прыказачную дзірку, а ня вырашыць галоўнае праблемы Царквы. Сяньня ей патрэбна прынамся пару япіскапаў, некалькі сьвяртароў, дыяканаў, кваліфікаваных дырыгэнтаў царкоўных хораў, адміністратараў маёмасьці. Гэта яшчэ ня ўсё. Сьвятары павінны былі-б быць двумоўнымі, значыцца весьці службы Божыя ня толькі пабеларуску, але й паангельску, паколькі бадай бальшыня з нашага новага пакаленьня ня ведае роднае мовы й таму, што найбольш беларускае эміграцыі пражывае ў англамоўных краінах. Проста бязвыхаднае палажэньне.
         Тым з нас, каторым сэрца за будучыню баліць, шкада часу пра гэта разважаць, бо наперадзе бачым адну цемру. На эміграцыю няма доплыву новых сілаў, Царква гіне.
         Вось чаму "на бязрыб'і й жук мяса".
         Архіяпіскап Мікалай, каторы гэтага цацу Янку Бруцкага некалі на сьвятара высьвяціў, мусіць, перад гэтым ці адну ноч бяссоньніцай марыўся. Ён ня мог ня бачыць якога чалавека накіроўвае на "пастыра авец праваслаўных", але ніяк ня мог, у сваіх найсьмялейшых думках, зьмяркаваць, што спавівае на рэлігійнае поле... Іды Амін...
         "Я-ж - інжынер" Янка Бруцкі, чалавек пазбаўлены элемэнтарных хрысьціянскіх дабрадзейнасьцяў, які навет ня ведае што гэта такое ёсьць годнасьць чалавечая, зьбегам акалічнасьцяў пры царкоўнай уладзе апынуўся.
         Ніколі не забудуся што сказала, ці чаго не даказала адна выдатная жанчына, - чалавек высокай вартасьці, заслужаны ў нацыянальным жыцьці, бездакорнае маральнасьці, - калі пачула што гэты дзівак вырабляе:
         - Янка Бруцкі? Але-ж і цаца! Што за чалавек... Эх!...
         У тым уздыху "эх" была скруха, горыч і шкадаваньне. І ўсё сказана. Бо й запраўды, што можаце сказаць пра жабу, якая навет на корч ня ўзьбярэцца?
         Ліха ў тым, што знайшліся махляры, каторыя жабу на патрэбны корч падсадзілі. Дый ці толькі падсадзілі! Яны й намовілі "інжынера", што ён - ого! - высака дапяцца можа.
         Янку Бруцкага, - трэба яму справядлівасьць аддаць, - нельга поўнасьцю вінаваціць за тое, што тупым знарадзьдзем махляроў стаўся. Паколькі ён ніколі не грашыў ніякім інтэлектам, дык як яму разумець тую сітуацыю, у якой апынуўся? Ён проста "браў рубяжы" й нахабна "ў людзі" пхаўся. А калі збоку падыйшлі такія спэцы, як а. Кендыш, мітрапаліт Андрэй, два Гарошкі дый насамперш той злашчасны й цалкам самалюбна-амбітны матар'яліст Мікалай Войтанка, дык вось і знайшлі "мэсэнджэр бой", таго ідэальнага пасыльнага, якога ім і трэба было.
         Чалавек, што раней абслугоўваў нашых замужніх жанчын, які, як відаць, не разумее хрысьціянскае маралі, - а дзе ўжо тут гаварыць пра хрысьціянскую ахвярнасьць і цярпеньне? - ці ня год адбарабаніў на багаслоўскіх курсах у Ўкраінцаў у Баўнд Бруку, што блізу Гайленд Парку, але дзеяць, наводля Унтэр Прышыбеева, пачаў куды раней. Мікалаю Войтанку карцела падзарабіць і выгнаць з парафіі БАПЦ у Гайленд Парку айца Аляксандра Яноўскага... Вось тут і знайшоўся на ўслугі ідэальны "мэсэнджэр бой".
         Як славіш Госпада Бога, калі бачыш пры плённай працы ідэальных самародкаў! Як цешыцца сэрца твае, калі цьвіце й памнажаецца ўсё добрае, што й Сейбіт мо занядбаў! Як хочацца пісаць пра гэрояў, пра ўзьнёсласьць духа, пра веліч дастойных і годных людзей, у каторых ці пры каторых пульсуе вечная крыніца велічы жыцьця! А як цяжка разважаць пра забойчае самалюбства, маральны ўпадак, згубны матар'ялізм, пра тых людзей, якія ніколі й нікому нічога не даюць, адно іншых рабуюць, маральна забіваюць, у пякельнае бяздоньне цягнуць.
         Нам, звычайным вернікам у Бога, здавалася, што царкоўнае пакліканьне на службу Богу, асабліва-ж калі чалавек рыхтуецца да вышэйшага сану, вымагае ад кандыдата першаякаснай маральнай чысьціні дый такіх дабрадзейнасьцяў, як ахвярнасьць, пакорнасьць, пасьвячэньне сябе на службу для дабра іншых, цярпеньне, любоў да бліжняга...
         Калі думаеш пра такога абібоку, як Янку Бруцкага, прыгадваюцца словы князя Валкоўскага з аповесьці Дастаеўскага "Уніженные і Оскорблённые": "Но вот что я вам скажу! Еслі б только могло быть (чего, впрочем по человеческой натуре нікогда быть не может), еслі б могло быть, чтоб каждый із нас опісал свою подноготную, но так, чтоб не побоялся ізложіть не только то, что он боітся сказать і ні за что не скажет людям, не только то, что он боітся сказать своім лучшім друзьям, но даже і то, в чём боітся подчас прізнаться самому себе, - то на свете поднялся бы тогда такой смрад, что нам бы всем надо было тогда задохнуться".
         Спытайцеся сяньня Янку Бруцкага дзе ён падзеў свайго бацьку, які разам з сынам пакінуў бацькаўшчыну, пасьля жыў у Мантрэалі. Іншыя бацькоў з паняволенай бацькаўшчыны на волю выцягваюць, радні памагаюць... Ня Бруцкі... Ён старога чалавека, якому памагаць не хацеў, назад на радзіму выпхнуў. Нажаль, нам няведама, што далей зь ім сталася.
         Так з родным бацькам зрабіў чалавек, які публічна пагражаў некаторым суродзічам: - Я вас усіх перад сабой яшчэ на калені пастаўлю!
         Пасьля стагодзьдзяў каляніялізму, калі Афрыка прачыналася да вольнага жыцьця, на паверхні яе зьявілася маса дыктатараў. Некаторыя зь іх дзеялі катэгорыямі каменнага веку. Іды Амін не паўстаў зь нічога.
         Беларуская праваслаўная эміграцыя, побач выдатных пастыраў, як архіяпіскапаў Васіля й Мікалая, дзякуючы цёмным махляром, дала нам і Бруцкага...
        
         ... адзін жыве і сьлед пакіне,
         другі жыве, каб насьлядзіць.
        
        * * *
        
         У маю хату на вуліцы Клінтан у Тароньце ў канцы верасьня 1951 году завітаў чалавек, што гаварыў ціхім і памяркоўным голасам і, ветліва спытаўшыся, ці тут жыве Акула, прадставіўся: Міхась Мацукевіч.
         З гутаркі выявілася, што нашы ваенныя сьцежкі перасекліся ўжо некалі ў абозе каля Тэрсо, на самым чубку паўночнай Шатляндыі, каля Аркнейскіх астравоў. Ён быў там у адзьдзеле Першага корпусу, а я адно на два тыдні затрымаўся падарозе ў Італію. У гутацы згадалі частыя, што іголкамі з боку Ісляндыі секлі, ліўні, бясконцую золь, надакучлівыя, - калі ледзь на нагах супраць іх устоіш, - вятры, ды гразь, ад якой нідзе й ніколі, здавалася, ратунку ня знойдзеш.
         Такія згадкі ўжо завязалі нейкі наш супольны вузел, хоць у тым, праклятым жаўнерамі, Тэрсо, не ўсьміхнулася нам і не дала пазнаёміцца доля. Мой госьць гаварыў павольна, быццам ашчаджаў свой моўны запас словаў. Калі прыйшла гутарка пра будучыню, ён сказаў, што мае намер ехаць у ўкраінскую духоўную сэмінарыю ў Вініпэг, каб там на сьвятара вывучыцца.
         Я крыху зьдзівіўся, мусіць, таму, бо ніколі ў жыцьці ня меў нагоды сустрэць чалавека, які ўжо цьвёрда пастанавіў і сьведама йшоў на службу Богу. Бязумоўна, як аднаму зь ініцыятараў арганізаванага беларускага жыцьця ў Канадзе, мне ўжо раней даводзілася гаварыць і думаць пра патрэбу тымчасам мясцовае праваслаўнае парафіі. Некалі ў памешканьне на вуліцы Квін, ці, як мы называлі, - Беларускае Палесьсе, - з сынамі зьявіўся сьвятар Мігай, каторы й цікавіўся магчымасьцю закладзінаў праваслаўнае парафіі. Прыгадваю, што яму надта карціла ведаць, ці многа ёсьць тут нас, праваслаўных, ці парафія змагла-б даць яму ўтрыманьне. Сьвятарова турбота пра забяспечаньне сабе кавалка хлеба мяне адразу насьцярожыла. Прапанаваў я, што памагу зрабіць кантакты з праваслаўнымі Беларусамі, перадусім сябрамі Згуртаваньня Беларусаў Канады, якое тады ўжо існавала, але на забяспрчанае ўтрыманьне, мусіць, трэба будзе пачакаць.
         - Улівайцеся ў нашу грамаду, - сказаў я сьвятару Мігаю, - будзем разам арганізаваць праваслаўную парафію (я меў на думцы аўтакефальную), а там пасьля, калі будзе парафіянаў даволі, могуць даць вам і ўтрыманьне.
         Памятаю, што сьвятар Мігай, - родам дзесь з Палесься, і ягоныя два сыны (адзін юнак, а другі ў дваццатых гадох) выйшлі ад мяне рашчараваныя й доўга нічога я ад іх ня чуў. Тая сустрэча насьцярожыла мяне да праваслаўнага клеру, тым больш, што ў галаве сядзелі сьвежыя згадкі пра "папоў", якія на паняволенай Бацькаўшчыне праводзілі рэлігійную палітыку Масквы.
         Вось чаму я быў крыху зьдзіўлены Мацукевічам, якому, паводле выгляду, пераскочыла трыццатка. Сумленнасьцю сьвяціліся ягоныя вочы, калі гаварыў пра намеры пайсьці на службу Богу, пра арганізацыю парафіі, якая-бы належала да Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы на чужыне.
         Міхась Мацукевіч, сьціплы паляшук, не прасіў у нікога з нас помачы на навуку ці ўтрыманьне. Мы пажадалі яму посьпехаў у навуцы й прасілі, каб пасьля высьвячэньня на сьвятара, вярнуўся да нас у Таронта, каб будаваць новую парафію БАПЦ. Ён не абяцаў сьпяшацца, бо хацеў поўнасьцю й грунтоўна закончыць навуку дзеля таго, як мы дагадаліся, каб у будучыні мець дзьверы ў вышэйшы духоўны сан адчыненыя. Ён і запраўды за цэлы час навукі ў Вініпэзе не прасіў у нікога грашовай помачы, а ўжо пасьля высьвячэньня, працуючы на хлеб, як і кажны з нас, на таронцкім прадпрыемстве, сам і даўгі за навуку сплаціў.
         Памятаю, што яшчэ падчас завязі беларускага нацыянальнага арганізаванага жыцьця ў Канадзе, калі ўжо выявілася першая актыўная група - Акула, Пітушка, Пашкевіч, - а пасьля далучыліся Валер'ян Навіцкі, Мікола Ганько й Алесь Грыцук, мы часта разважалі пра тое, што рабіць, каб ня даць беларускім "лягерным спорам" ці палітыканству перакінуцца сюды, за акіян. Якія-ж мы былі наіўныя!
         Першым з таго-ж, лягернага, боку ня толькі дысанансам, але запраўды крылата-дынамічным палітруком зьявіўся тут ведамы інтрыгант Сяргей Зіняк-Хмара. Сустрэў я яго першы раз у доме старых у Тароньце, калі ён мізэрны й спацелы, мыў у падвале бялізну. У Нямеччыне ён залажыў "Сябрыну беларускіх сыботнікаў", каб пасьля атрымаць помач украінскіх сыботнікаў на пераезд у Канаду.
         Колькі жыў я побач зь ім, ніколі ня бачыў, каб ён калі ў царкве перахрысьціўся. Мяркую, што ў Бога ён ня верыць, хоць нейкім чынам ажаніўся ізь сьвятаровай дачкой. Магчыма там быў утылітарны матыў: жонка працавала мэдсястрой у шпіталі й прыносіла дадому прыказачны хлеб, а Сяргеева працоўная кар'ера пачалася й скончылася ліфтам у мясцовым гатэлі...
         Хмара пахваліўся мне некалі, што яшчэ ў польскай вязьніцы ён скончыў "камуністычны інстытут журналістыкі". А некалі Мікола Панькоў, што яшчэ ў абозе ў Нямеччыне залажыў Беларускую Бібліяграфічную Службу, ды зь якім мне давялося быць у заўсёдным кантакце, пісаў мне пра прыезд Зіняка ў Канаду. І было ў тым лісьце, - цяпер цытую з памяці, - нешта такое: "Пачакайце толькі, пакуль Хмара распусьціць крыльлі".
         Чакаць на тыя Зіняковы крыльлі доўга не давялося. Неўзабаве мы спасьцераглі, што дзейнічае ён (дый цяпер так прадаўжае) мэтадамі бальшавіцкага вясковага агітатара. Некалі, як мы даведаліся, пісаў прымітыўныя вершы, дзе дамінавалі такія цацы высокага паэтычнага мысьленьня, як "астрог", "нагайка", "бізун", "краты" дый безьліч падобнай "змагарнай" вупражы. І псіхалёгія ягонага падыходу да нацыянальна-культурна-палітычнае працы была й асталася простаю. Вечны апазыцыянер усяго, ня ім арганізаванага, нязьменны правадыр хоць-бы й найменшай банальна-прымітыўнай групы... На родную мову, на яе шмагранна-вясёлкавае багацьце слоўнае, на яе правы й сынтакс можна напляваць. Побач зярна можа быць і якая хочаш мякіна, абы больш, абы спарней, абы барабаншчына наперадзе, абы ўсё ад яго. Бальшавіцкая амаральнасьць, затохлая дрыгва.
         Чалавек із удушлівае атмасфэры нейкае бальшавіцкае ячэйкі апынуўся на шырокім сьвеце, дзе ўсюды адчыненыя дзьверы да сьвятыняў навукі, да самых скарбаў сусьветнае культуры. Іншыя пайшлі ў школы, ці ў бібліятэкі, ці наве на прыпадковыя курсы, каб прылажыць сьмяглыя вусны да чыстае крыніцы людзкой культуры, каб расьці, узбагаціцца ведамі, дый пакуль каго-небудзь і куды-небудзь весьц, самім вырасьці маральна й духова.
         А гэты, як барабаніў недзе паза вязьнічнымі кратамі, ды пісаў пра "бізуны", "нагайкі" ды "вастрогі", так, - яму здавалася, - спасьцігнуўшы вяршкі журналістычнага майстэрства ў КІЖы, быў ужо настолькі падкованы практычнымі ведамі й жыцьцёвай сялянска-грамадоўскай філязофіяй, што - дальбог, людцы добрыя, - цэлы народ эмігранцкі браўся за сабой весьці.
         Дзіва няма, што ў эмігранцкім асяродзьдзі, дзе няма ніякае дысцыпліны, а стымулом і кіраўніком усей тваей дзейнасьці ёсьць тваё духовае "я", Хмара, у выглядзе ўсіх сваіх, заложаных ім фікцыйных арганізацыяў, змабілізаваўшы сабе на помач можа тузіны тры псэўданімаў, "распусьціў крыльлі". Неўзабаве перакінуўся ён і на рэлігійную ніву. Зь яго аж плёхала-пералівалася ідэямі і праектамі. Неўзабаве яму пасьпяшыў на помач "патрыярх усяленскае кананічнае экуманальнае праваслаўнае-каталіцкае царквы" шарлятан Рыжы-Рыскі, паўстаў "навуковы інстытут Кастуся Каліноўскага", а пасьля, калі не памыляюся, "інстытут Афрасіньні Полацкае", дый іншыя дзівы. А на месцы-ж, апроч розных саюзаў "вольных пісьменьнікаў і журналістаў", надзвычайных "ускалосьсяў" - і ўсіх сяброў тых Хмаравых шыльдаў можан было на пальцах двух ног пералічыць, - паўстала й завязь беларускае праваслаўнае парафіі насамперш з вышэйзгаданым Мігаём, а пасьля Сагайдакіўскім. Пасьля гэна парафія паехала "з Варагаў у Грэкі" й пачала зьзяць сваімі канонамі побач іншых такіх-жа "адзінакананічных" праваслаўныц, якім пачатак даў, пасьля таго як нашы япіскапы здрадзілі БАПЦ й далучыліся да расейскага зарубежжа, сам Радаслаў...
         Выдатна скончыўшы навуку ў Вініпэгу, айцец Міхась Мацукевіч вярнуўся ў Таронта. Гэтта неўзабаве паўстала парафія БАПЦ й пачалі маліцца ў новакупленым доме на 1000 Дандэс Вэст вуліцы, а за чатыры гады перабраліся ў цяперашні, куды большы будынак Беларускага Рэлігійна-Грамадзкага Цэнтру на Сан Клеранс вуліцы.
         Доўгія гады айцец Мацукевіч працаваў на складзе пасуды й ад парафіі Сьвятога Кірылы Тураўскага не атрымліваў за сваю працу ніякае ўзнагароды. Чалавек высокае маралі, вялікага гарту, каторы перанёс шмат ліхалецьця ў апошнюю вайну, як запраўдны слуга Божы, ён поўнасьцю прысьвяціўся рэлігійнай працы.
         На працягу гадоў мне давялося адведаць амаль усе асяродкі нашае эміграцыі, бываць у праваслаўных і каталіцкіх беларускіх сьвятынях, слухаць малітвы й пропаведзі розных сьвятароў. І магу з абсалютным перакананьнем сказаць, што айцец Мацукевіч, а сяньня першы ярарх БАПЦ, па шчырасьці сваіх малітваў да Бога стаіць на адным із самых перадавых месцаў. Чалавек высокай годнасьці й беззаганнае духовае чысьціні, ён нідзе так, як у эмацыянальна-насычанай малітве вёў і вядзе цябе перад аблічча Бога. У іншых сьвятароў бывае нешта падобнае, адылі ня тое. Чуеш нейкую дозу акторства, штучнасьці; ня тое, што ў архіяпіскапа Мікалая. У эмоцыі голаснай малітвы пры аўтары ёсьць свая веліч і яна, як ведама, ёсьць двух родаў: адна нагадвае тое, што чуеш із тэатральнае сцэны, іншая-ж ідзе з глыбіні сэрца, ад душы. Гэткае вось, апошняе, я заўсёды чуў і адчуваў, цешачыся, у малітвах архіяпіскапа Мікалая.
         Наш цяперашні галава Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ніколі ня вучыўся беларускай мове ў школе, а веды, якія мае й стала яшчэ ўзбагачае, здабыў саматугам тут, на эміграцыі. Усё-ж яму, на жаль, далёка да аратарскіх здольнасьцяў высокаадукаванага архіяпіскапа Васіля (Тамашчыка). Дый тут, калі на яго моўнай ніве знойдзеш якую сьвірэпку ці іншую гірсу, на помач яму прыбягае крыштальная шчырасьць і сумленнасьць, нязьменная вера ў Усявышняга. Яна, як чыстае й незаменнае зярно, падае на ніву духова скамплікаванае, хоць і матар'яльна забясьпечанае будзёншчыны, дае свае плёны.
         Праца архіпастыра БАПЦ на эміграцыі нялёгкая. Апроч духоўных абавязкаў, проста саматугам, - бо-ж няма кваліфікаване помачы, - яшчэ мусіш мора часу аддаваць і на звычайную гаспадарку, значыцца адміністрацыю. Да гэтага даходзіць і рэлігійная рэпрэзэнтацыя. На перашкодзе, як канкрэтна відаць гэта на прыкладзе Таронта, стаяць і вялікія адлегласьці. Гэтта-ж пад бокам (усяго 400 км у адзін бок! - добрае "пад бокам") і парафія ў Дэтройт, якой ніколі на сьвятароў не вязло. Туды трэба паехаць прынамся раз на месяц. Калі-ж усе іншыя амэрыканскія парафіі зь япархіі мітр. Андрэя папрасілі, каб іх пад сваю апеку ўзяў, архіяпіскап Мікалай аніяк адмовіцца ня мог. Дый ці часу толькі гэта ўсё вымагае? Сьвятары без фаховай падрыхтоўкі, непатрэбныя інтрыгі, зьбянтэжаньне вернікаў, - вось галоўнае. А гэтта, дзякуючы нашым махляром-"аятолам", прыйшоў галоўны крызіс, - пацягнулі парафіі ў чужыя суды. Колькі духовай моцы трэба, каб ня толькі вытрываць, але яшчэ рэгулярна працаваць! Дзіва, што навокал шмат чаго занядбана, недароблена!
         Архіяпіскап Мікалай знайходзіў час, каб яшчэ займацца зьбеларушчаньнем малітвы. Ён улажыў выданы пасьля "Службоўнік". А якая пры гэтым маса працы. Ён далей прадаўжае працаваць над зьбеларушчаньнем слова Божага, каб лягчэй даступнае народу был. Згодна кваліфікаванае ацэны спэцаў, а такія, спадзяемся, неўзабаве прыйдуць, - магчыма ў тым беларушчаньні будзе шмат недахопаў, але-ж і сам архіяпіскап Мікалай уважае сваю працу як спробу, як пачатак працэсу.
         Слугі Божыя арганізавалі й тлумачылі слова Божае на працягу стагодзьдзяў; яны шліфавалі й апрацоўвалі яго ў зацішшы манастыроў, клікалі на помач выдатных моваведаў, здабывалі апрабацыю зь перадавых мазгоў зь філялёгіі й багаслоўя. А гэтта ў нас усё трэба амаль літаральна на калене рабіць.
         Архіяпіскап Мікалай і рызыкуе. Вунь у скромнай рэцэнзіі на "Службоўнік" як ужо напаў на яго адзін артадаксальны няўмека! Вядома-ж, куды лягчэй трымацца ўцёртае славяншчыны!
         Божа мой, як далёка адсталі нашы людзі! Адзін такі добры чалавек, што жыве ў даволі вялікім і незарганізаваным беларускім асяродку, дзе былі ўсе нагоды мець сваю парафію БАПЦ, тлумачыў мне чаму ён і ягоная сям'я наведваюць расейскую царкву: - Мы-ж, сам ведаеш, як удома... Так маліліся нашы дзяды, бацькі... Такая царква ў нас была...
         Што такому скажаш? Хіба, паехаўшы далей назад і разглянуўшыся шырэй, прыгадаць яму, што нашы дзяды ці прадзеды ў прыгоне некалі былі? Дык чаму-ж і цябе ў прыгон ня цягне?
         Жыцьцё... Узьлёты й ўпадкі, узвышшы й нізіны. Можа з адлегласьці часу войстрыя зарысы сьціраюцца, можа лягчэй сёе ды тое падвесьці пад агульны назоўнік, ды засесьці за вялікі круглы стол калі не адным з судзьдзяў, дык прынамся сябрам "журы", дый мо кудт лягчэй, пры гэтым калупаючы ў носе, разважаць на тэму: "як-бы было добра, каб...".
         А як-жа цяжка ў паходзе, калі жыцьцёвы багаж муліць табе плечы, калі "цемра засьціць вочы", калі ты ў нейкай лагчыне-ўпадзіне, не спасьцяражэш далейшага небакраю, ды ў якой ухабіне наткнешся на патарчаку-выварацень! А навокал нярэдка дзікае гігіканьне ды падтруніваньне..., гарлапаны-гэроі...
         У гэны дзень вясною 1982 году я пазваніў да свайго кума Міколы Ганько за нейкай птрэбай, і пасьля спытаўся "што там робіцца на царкоўным панадворку?".
         Ганькі, - Марыя й Мікола, для мяне як радня, найбліжэйшыя зь блізкіх. Усё-ж раней не затэлефанаваўшы, адзін аднаму ў дзьверы ня стукаем. Гэты звычай "вольнага сьвету" даўно ў нас прыжыўся й бытуе. І прыгадваю, што кум Мікола тады сказаў мне, што "зараз прыедзем". Я адразу дагадаўся, што маюць нешта важнае, бо бяз прычыны ані яны да мяне, ані я да іх ніколі ня езьдзілі.
         Памятаю, што маляваў я тады сьвятліцу, аддаў аднавіць мэблі. Хварба ўжо падсохла, на дварэ, здаецца, марасіў дождж. Калі Ганькі завіталі да мяне, прынёс я складаныя летнія крэслы й мы селі. Было гэта ў сыботу раніцай. Памятаю, што нашага архіпастыра бачыў тры ці чатыры дні раней.і хоць агульна ведаў пра ягоныя настроі, ніколі не спадзяваўся таго, што тут-жа пачуў:
         - Уладыка адмовіўся, - сказаў Мікола.
         Мне здалося, што я не дачуў.
         - Што? Уладыка адмовіўся?
         - Ага.
         - Ад чаго ён адмовіўся?
         - Ад усяго. Выглядае, што ў манастыр пойдзе...
         Ня ведаю дзе была тады мая жонка й дзеці. Памятаю, што навокал зрабілася страшна ціха. Хоць не магу наракаць на тэмпа працэсу працы мазгоў сваіх, я не адразу поўнасьцю спасьціг важнасьці сказанага. Кумы не жартавалі. Гэта было быццам напісана на іх тварах.
         - Слухаю. Калі ласка, дэталі, - глуха прасіў я.
         Разважны й як заўсёды апанаваны кум сказаў мне тады, крыху іранічна, што ўладыка наш пасядзеў тры дні ў самоце й нешта "выседзіў". Аказваецца, што змайстраваў аж тры лісты "адрачэньня". Адзін паслаў да мітрапаліта Андрэя, другі ў кансісторыю БАПЦ, а трэці прыслаў нам, на ўправу парафіі. Ганько паказаў мне копіі ўсіх трох, адбітыя "зэроксам". Далей выявілася, што тыя лісты "да ўладаў" пайшлі ў дарогу два дні назад і калі амбітныя пачынальнікі сьвецкіх судоў у царкоўных справах іх яшчэ не атрымалі, дык у наступны панядзелак будуць абавязкова цешыцца. Значыцца тых "адрачэньняў" уладыкавых назад ужо ня вернеш. Найбольш забалела нам тое, што арх. Мікалай зь нікім з нас не раіўся, навет тэлефанічна пра гэта нікому слова ні сказаў. Як гром з чыстага неба, паставіў нас перад фактам дакананым.
         Навучаны горкай жыцьцёвай практыкай, часта сваім найбольшым ворагам уважаю эмоцыі. Таму падтрымоўваю калішні жартаўлівы дэвіз Саюзу Беларускае Моладзі:
        Галоўнае - не хвалявацца, а спакойна перажоўваць страву!
         Вось яно! А што, як ня зможаш?
         І тады, падчас візыты Ганькоў, я стараўся ўтрымаць раўнавагу. Але баяўся, прадчуваў, ведаў, што галоўнае яшчэ наперадзе, што нейкая эмацыянальная халера дзесьці гэтта побач трымае за пазухай камень. Ужо пазьней, пад вечар, гатовы да нейкага выбуху, пайшоў я й купіў пляшку Парл брэнды. Пастанавіў добра выпіць, а пасьля паразважаць.
         Аказалася, што ўладыка Мікалай "некуды змыўся". Магчыма, што яшчэ не дабраўся да манастыра, але нам няведама куды падзеўся. На скорую руку назначылі сход актыву раніцай у нядзелю ў залі Беларускага Рэлігійна-Грамадзкага Цэнтру.
         Таронта - вынятак між паўночна-амэрыканскіх гарадоў - горад уночы бясьпечны. Я часта хадзіў па ім начамі, да трэцяй гадзіны ці да золаку, каб разьвеяць ці зарганізаваць думкі, ды каб целу лягчэй было. І ў тую ноч, вывудзіўшы прынамся паўпляшкі Парл брэнды, я валачыўся па "каханым горадзе" праз усе пеўні. І разважаў. І думаў, і мяркаваў, і браў з доказамі ад адваротнага. І заўсёды вяртаўся ў тупік тых самых пытаньняў: Як ён такое мог зрабіць? Так шмат гадоў разам працавалі... Няўжо мы не заслужылі таго, каб з намі параіўся? А можа нейкі выхад знайшлі-бы? Гэта-ж уцёк генэрал з поля бою, царкву злачынцам аддаў. Безь япіскапа ня можа існаваць праваслаўная парафія. Як ён мог?!
         Парл брэнды задурманіла галаву. Дзе тут які адказ знойдзеш! На пустых вуліцах Таронта ў гэну раньнюю нядзельную гадзіну пабачыш часам паліцыйнае аўта, ці за вуглом дзе злодзея. І мяне - аднаго мажнога, у чорным плашчы й шэрым брылі мужчыну, каторы ня гледзячы на Парл брэнды, рухаўся раўнамерным крокам, А ў галаве адно й тое... А калі й запраўды спасаваць? Калі й запраўды той, што за тры дні "выседзіў", ня вернецца? Тады што?
         "Аятолы" перамаглі. Бачу дурнаватую ўхмылку на твары Бруцкага, калі ў нашу царкву прыедзе. Таго самага нікчэмніка каторы некалі публічна слказаў абаронцам БАПЦ:
         - Я вас усіх перад сабой на калені пастаўлю!
         На табе: плён колькіх дзесяцігодзьдзяў працы. На пасадзе сьвятыні тваей сядзіць маральны абібок.
         А калі ім не падпарадкавацца? Развальваць царкву? У чужую юрысдыкцыю ісьці?
         Прыгадваю тую нядзельную раніцу, калі мы сабраліся ў БРГЦ і доўга дыскутавалі. На твары Хмаравага даношчыка ды неўзабаве ўжо нашага яўнага ворага Пятра Шышкі была вясёлая ўсьмешка. Ён-жа задэкляраваў сябе яўным ворагам на перадсудовым праслуханьні ў Тароньце. У яго навет і ня пыталіся пра гэта, але сам пасьпяшыў асьветчыць сьвецкай ўладзе, што быццам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой... кіруюць такія нацысты, як Станіслаў Станкевіч... Відаць, што гадзюка даўно нарыхтавалася сваё джала ў нашу мякаць уваткнуць...
         І прыгадваю жартаўлівую вульгаршчыну старшыні ЗБК. Яно можна было паклікаць на помач цынізм і непахрысьціянску "хворае із здаровым" зваліць на чалавека, каторы паставіў нас перад фактам дакананым. А мы, "авечкі бяз пастыра", чакалі нападу ваўкоў.
         У наступныя дні праясьнілася. Пад узьдзеяньнем нашых добрых людзей, арх. Мікалай апамятаўся ды паехаў на суд у Ню Брансвік. На тым ключовым судзе, галоўна дзякуючы арх. Мікалаю й судзьдзі Когэну. "аятолы" пацярпелі апаразу. Казалі людзі, што такому паварору справы памог выдатна сам Бруцкі. Ён прыйходзіў на судовыя паседжаньні, сядаў у першы рад, закладаў адну нагу на другую ды трымаў ідыёцкую міну. Судзьдзя гэта спасьцярог.
         Уладыка Мікалай ніколі нам ня выясьніў, чаму ён тое за тры дні "выседзіў". Дагадваемся, што так хацеў ратаваць БАПЦ. Пэўне-ж, ён у цішы ночы ці ў іншы час сам спавядаўся перад Богам. Напэўна думаў пра сваю вялікую слабасьць, што побач моцы існуе. Магчыма згадваў сьвятых апосталаў падчас цярпеньняў Хрыстовых.
         Ці-ж дзіва, што чалавек больш падкі да малітвы, чымся да зямных інтрыгаў прымітыўных людзей, налезшы на патарчаку-выварацень, упаў у цемры?
         Кагадзе адзін вернік, пішачы ў "Царкоўныя Навіны", сьмела параўновываў арх. Мікалая да Апанаса, Ігумена Берасьцейскага. Адно пэўнае, што перад архіпастырам Мікалаем цярністы шлях.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.