РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заручыны
1
Пасля вайны гады са два, відаць,
Я працаваў калгасным паштальёнам.
Згадзіліся мне гэты хлеб аддаць,
 
Што між падлеткаў-хлапчукоў зялёных
У вёсцы першым грамацеем быў.
Я спакусіўся не заробкам-плёнам:
 
За «палачкі» – за працадні – рабіў.
Мяне прывабіў чын працоўны гэты,
Бо вельмі прэсу я чытаць любіў
 
І ўсе часопісы, усе газеты
Абавязкова сам гартаў спярша –
Жыцця і свету вызнаваў сакрэты.
 
Бывала, млее з нецерпі душа,
Пакуль начальнік, зверыўшы, размеціць
Насліненым канцом карандаша.
 
Апроч звычайнай пошты, раз у месяц
Разносіць грошы выпадала мне –
«Пасоб’е», выданае ў райсабесе:
 
Бацькам сыноў, палеглых на вайне,
Удовам, дзецям, з недаяду хворым…
О, колькі іх у нашай старане
 
Было тады людзей, прыбітых горам,
Што ў вочы чыстыя саміх нябёс
Глядзелі з крыўдай і нямым дакорам!
 
Яшчэ не верачы дарэшты ў лёс,
Яны чакалі сатварэння цуду,
А я «пасоб’е» ім у хаты нёс.
 
Тых горкіх дзён да скону не забуду.
Тых позіркаў жаночых, што былі
Страшней усякага вайне прысуду.
 
Найгорш сціскала сэрца мне, калі
Прыходзіў я да цёткі Міхаліны.
Яе дачка і сын у дол ляглі
 
За Віслай дзесьці. Можа, з паўхвіліны,
Пакуль «пасоб’е» з кайстры я вымаў,
Яна глядзела на мяне маўкліва,
 
І ў позірку, успыхнуўшы дарма,
Згасаў надзеі матчынай агеньчык.
«Няма… Чаго чакаю – зноў няма…»
 
Садзілася на зэдлік каля печы,
Журботна склаўшы рукі ў прыпале.
Суцішыць боль яе было мне нечым.
 
«Вазьміце, цётка, грошы вось…» Але
Яна ніколі ў рукі іх не брала.
«Пакінь іх там, дзіцятка, на стале», –
 
Глухім, няўцямным голасам казала,
Як бы не мела і патрэбы ў іх –
Пры той нішчымніцы, што панавала.
 
Апроч удоў і мацярок старых
Яшчэ атрымлівалі ў нас «пасоб’е»
Чацвёра воінаў-байцоў былых.
 
Калек чацвёра. З усяе паўсотні
Мужчын, што з вёскі на вайну пайшлі,
Лёс толькі ім дамоў вярнуцца собіў.
 
Таму яны шчасліўцамі былі.
Хоць на падпоры стаць ён іх прымусіў –
А ўсё ж хадзілі па зямлі, жылі!
 
І не адна Марыля ці Франуся
Зайздросціла, галосячы наўзрыд:
«А хай бы ж мой хоць гэтакі вярнуўся!..»
 
Тады ж да нас, у наш вясковы быт,
Замест свайго, прывычнага адвеку,
Прыйшло важкое слова «інвалід».
 
«Я – інвалід вайны, а не калека! –
Пратэставаў бязногі Мікалай. –
І ты не крыўдзі, цётка, чалавека:
 
Калекам ты мяне не абзывай! –
Калека вунь Мікіта сухарукі…»
А быў скалечаны ўвесь родны край!
 
Ляжаў, трываючы пакуты-мукі,
У страшных ранах, у руінах спрэс,
У попеле, дзе згаслі стогнаў гукі.
 
Але з нябыту ён ужо ўваскрэс!
Ужо на ўвесь прасцяг сякеры пелі,
І пілы шорхалі – валілі лес,
 
Нязмоўчна кіркі і ламы звінелі,
І з гэтай музыкай не ва ўнісон –
Пратэзы й мыліцы паўсюль скрыпелі.
 
Іх заглушыць не мог ні гул, ні звон:
На ўсіх дарогах, вуліцах, падворках
Быў чуцен страшны іх вайне праклён.
 
І так глядзець было балюча-горка,
Калі, нацупваючы слізкі брук,
На неслухмяных мыліцах-падпорках
 
Ішоў высокі прыгажун-дзяцюк –
Сярод «шчасліўцаў» маладзейшы самы,
Нязвыкла сумны, Мікалай Стрыбук.
 
Яму нагу начыста адкрамсалі.
З падторкнутай пад пояс штаніной,
Ён невясёла жартаваў часамі:
 
«Ну, коні, страсяніце галавой!
Вязіце, мілыя, мяне, вязіце!..»
І з фронту, і з бальніцы тылавой
 
Я пісьмы ад яго прыносіў Зінцы –
Дачцэ суседа нашага Кузьмы –
І больш за іншых знаў аб таямніцы.
 
Хоць не былі равеснікамі мы –
Я нават трохі раўнаваў употай…
Стрыбук вярнуўся ў першы дзень зімы.
 
Знябыўшыся чаканнем і самотай,
Дзяўчына прывітаць яго прыйшла
І не стрымала слёз пры ім… А потым…
 
А потым вёскай чутка паплыла,
Нібы Кузьма сказаў: «Хоць і чакала,
Ды не такога…» Крыўда апякла
 
Душу хлапца. І Зінцы нельга стала
Да Стрыбукоў пераступаць парог.
А тут і з працай не пашанцавала:
 
Пасад «начальніцкіх» на чатырох
У вёсцы не было. Ды і адкуль жа?
Снягір Валодзя – без абедзвюх ног,
 
З рукамі да зямлі, на тоўстых кульшах –
Вясковым клубам з лета кіраваў.
На пошце быў начальствам Пётра Кужаль –
 
Ён на пратэзе з кіем чыкільгаў.
А старшынёю сельсавета ўвосень
Іван Ярэмка, аднарукі, стаў.
 
А больш – якую дзе пасаду возьмеш,
Каб мог ты з ёй спраўляцца ў акурат?
Дык што? Да скону ехаць у абозе?
 
І ў Стрыбука ў душы настаў разлад.
Былы лясны і франтавы разведчык,
Танцор, пяюн, наогул – хлопец-хват,
 
Пачаў здавацца лёсу. І засведчыў
Сваё змірэнне з горам і надлом,
Калі аднойчы п’яны цэлы вечар
 
Праспаў на сцэне ў клубе – куль кулём.
Я не судзіў яго судом суровым –
Я ўспамінаў, як беласнежным днём,
 
У сорак трэцім, з аўтаматам новым,
У поўны рост стаяў ён у санях
І стрымліваў гнядога ўладным словам,
 
Што на марозе сам ірваўся ў шлях.
Ён у падлеткаў быў тады кумірам,
Героем быў у моладзі ў вачах.
 
А зараз вось ён – сам сабе нямілы,
Непашаноўны, моўчкі да дзвярэй
Жыргае, з позіркам цяжкім, панылым.
 
Спяшаецца – напэўна, каб скарэй
Дамоў дабрацца і дадаць з паўкварты:
Усё адно, маўляў, не весці рэй,
 
Усё адно нічога ты не варты,
Тваё жыццё пайшло кату пад хвост,
Вайна з табой згуляла не на жарты –
 
І ты не станеш больш у поўны рост
Ні ў баявых санях, ні за трыбунай…
Але ж і страшна думаць пра пагост!
 
* * *
 
Пачатак лета зеляніўся буйна.
Шугалі травы. Перла ярына.
І лапушылася на сотках бульба.
 
Патроху ў сны сыходзіла вайна.
Ясней, выразней паўставала ява.
І абляцела вёску навіна:
 
Кузьма прызнаў, што ёсць на свеце права
Вышэй ягоных, бацькавых, правоў
І не ўступаць яму – пустая справа!
 
Перамагла прасветлая любоў!
Яго дачку, кірпаценькую Зінку,
Са Стрыбуком убачылі ізноў.
 
Праз вёску ўсю ішлі на вечарынку
І з вечарынкі разам, удваіх,
Не тоячыся ад людскога зірку.
 
Пасля балючых крыўд-пакут усіх
Яны ад шчасця аж цвілі. І людзі
Загаварылі пра вяселле іх.
 
Яно, казалі, па дажынках будзе,
На схіле лета, каб на каравай
Зачэрпнуць жыта новага ў арудзе.
 
Тады й знайшоў заробак Мікалай.
За пенсію вяселля не наладзіш:
Жаніцца хочаш – грошы здабывай!
 
За вёскаю, як здань на даляглядзе,
Тырчэў палац, разбураны ў вайну,
У састарэлым, колісь панскім, садзе.
 
Я помню: мураваную сцяну
Мы кіркамі дзяўблі і малаткамі –
Мы, хлапчукі, пазнаючы цану
 
Раствору й кладкі, сцверджаных вякамі.
«Без грубкі ў школе будзеце зімой,
Калі не надзяўбеце цэглы самі», –
 
Сказаў дырэктар нам. І мы гурмой
Прыходзілі шторанку на руіны
І выдзіралі са сцяны старой
 
Па тры-чатыры – за паўдня! – цагліны.
Аднойчы прыжыргаў да нас Стрыбук,
Стаяў, глядзеў, напэўна, з паўгадзіны.
 
Назаўтра мы здаля пачулі грук –
Хтось дзёўбаў мур.
Так, гэта ён быў з ломам
І ўжо надзёўб не менш паўсотні штук.
 
У працы быў жаніх зусім не зломак.
Усеўшыся, дзе ніжай, на муры,
Заядла гахаў, аббіваў без стомы,
 
Затым цагліну падаваў сястры,
Малой дзяўчынцы, каб яна занесла
І палажыла ў штабель на двары.
 
Было відаць: душа хлапца ўваскрэсла.
Ён абвясціў нядаўняй скрусе бой!
Ад апантанасці яго аж трэсла.
 
Ён бачыў будучыню прад сабой.
І, хоць духі выматывала праца,
Здавалася: праз тыдні два, не больш –
 
Не застанецца следу ад палаца.
Ён ведаў: сёння цэглу, цэглу дай! –
Народ пачаў нанова будавацца.
 
Агнём пажараў зруйнаваны край
Меў незвычайную патрэбу ў цэгле:
Расхопяць тут жа – толькі паспявай!
 
Таму і думкі так святочна беглі,
Калі ён досвіткам ішоў праз сад:
«Не, я не бедны, братцы! Я не бедны!
 
Руіна гэта для мяне – што клад.
Да той пары, як рыхтаваць гасцінцы, –
Я дзесяць тысяч выб’ю! Пяцьдзесят!
 
Сто тысяч выб’ю! Па адной цаглінцы
Перабяру ўвесь гэты чортаў мур!
І зразу ўбор вясельны спраўлю Зінцы!
 
Сабе куплю шыкоўны гарнітур.
Зраблю застолле – каб на ўсё наўколле!
Гуляй, народ! Пі і вачэй не жмур!..»
 
Праз тыдзень ён усё раздзёўб, адолеў,
Дзе толькі мог далезці і дастаць.
А як бурыць, дзяўбаць далей і болей?
 
Аб гэтым доўга нечага гадаць:
Патрэбна толу раздабыць, закласці
У нішу выбітую і ўзарваць.
 
Хоць і не быў ён спец па гэтай часці,
Але на фронце з толам справу меў
І не баяўся, што «салют» не ўдасца.
 
Якраз у дзень заручын ён хацеў
«Салютаваць» жыццю, каханню, любай.
…І задыміўся шнур, і зашыпеў.
 
А ён няспешна ўстаў, падцяўшы губы,
І павярнуўся да сцяны спіной,
І жыргануў праз бітай цэглы гурбы.
 
Але няўдала: мыліцай адной
За камень зачапіўся, спатыкнуўся
І ў друз калючы ткнуўся галавой.
 
Апёршыся на рукі, азірнуўся –
А мыліца за метры два ўбаку.
Спачатку ён дастаць яе памкнуўся,
 
Ды, мабыць, страшна стала дзецюку,
І ён, з адной падпораю, падскокам,
Пайшоў па коўзкім друзе і пяску.
 
І вільтахнуўся зноў за трэцім крокам,
І зноў упаў, кульнуўся тварам ніц,
Падскочыў спрытна, бы працяты токам,
 
А за спіной ужо «салют» грыміць…
Калі на дол асела хмара пылу –
Ляжаў пад грудай мёртвы падрыўнік.
 
* * *
 
Ну, а жыццё, не ведаючы спыну,
Пайшло далей, далей за годам год.
Ужо за трыццаць Зінчынаму сыну.
 
Ужо на тры чацвёртыя народ –
Ва ўзросце міру. Аж паверыць цяжка:
Жывуць – не помнячы вайны нягод!
 
Ды што яна – не міф, не казак вязка –
І сёння ўсім здаровым, маладым
Напамінае стукам дзеравяшка,
 
Ды мыліц скрып, ды рукавом пустым,
Запхнутым у кішэнь, пінжак нямодны
На незнаёмым дзядзьку пажылым.
 
Уціх, улёгся боль усенародны,
І як пяецца ў песні не адной –
Квітнее край, шчаслівы і свабодны!
 
А ім – знявечаным калісь вайной –
Усё цяжэй з пакутамі спраўляцца,
Трымацца з мужнасцю непаказной.
 
Унукі ў хатах скачуць, весяляцца,
А ім прыходзяць позвы ўсё часцей –
Да баявых сяброў перасяляцца.
 
Штогод іх менш і менш сярод гасцей
На людным свяце ў гонар Перамогі.
А на кладах магілы ўсё гусцей.
 
А па зямлі ўсё сцелюцца дарогі –
Гасцінцы, магістралі, бальшакі –
Не для пакут, не для людской трывогі –
 
Для радасці і шчасця на вякі!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.