РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Фантазія
...
        Клубок Зямлі, агорнуты крывавым туманом і згараючы ў ім, рабіў свой вечны шлях у сістэме Сонца.
        Найгусцей прыпаў туман на прасторы Беларусі.
        Пад гулкі грукат гармат, траскатанне стрэльбаў і кулямётаў, пры водбліску страшных пажарышчаў раздаваліся дзікія воплі і балючыя стагнанні забіваных, рэзаных, паміраючых з голаду людзей.
        Могілкі і турмы перапоўнілісь. Грэх спавіў кожнае сэрца. Крывёю і слязьмі пазаплывалі вочы.
        Сцені памёршых продкаў у смяротнай нудзе стаялі над распятай краінай і адварачываліся ад сваіх затопленых смуроднаю запечанай крывёй могілак.
        З расцерзаным да краю сэрцам вялікага гуманіста вылез у поцемках з няведамай патомкам ямы панураны Францыск Скарына і падаўся ў начавым паветры да свайго радзімага Полацка.
        Даўгія, шырокія полы мантыі доктара лекарскіх і вызваленых навук развяваліся ад ветру, а яркі арэол наўкола сумнай галавы то разгараўся, то змяркаў.
        Пралятаючы над слаба асвятлёным дзеля боязні аэрапланаў Менскам, сцень доктара шукаў вачмі таго шпіталя, дзе ляжаў пры смерці хворы з галадухі Янка Купала.
        Пабачыўшы над цёмным домам ззячую кружэлку арэолу песняра, сцень спусціўся ў ціхую палату і стаў над сваім нядужым сябрам.
        – Як маешся, мой браце? – без слоў спытаўся доктар у стагнаўшага паэта.
        Хворы з трудом заварушыўся і сумна паглядзеў на гуманіста.
        – Не мукі цела страшны, – прачытаў Францыск Скарына ў кроткіх галубых вачах, – баліць душа.
        – Лячу ў Полацак, хачу даведацца, што цяпер там? – сказаў цераз невялікае маўчанне доктар.
        – Скрозь адно... Што тут, што ў Вільні, што ў Смаленску і скрозь на Бацькаўшчыне мілай... – пакратаў перасохшымі ад смагі вустамі паэт.
        Доктар засмучона схіліўся галавою да грудзей і доўга так стаяў.
        – На сход! – сказаў у непрытомнасці Купала і збудзіў ад чорных дум паніклы сцень.
        – Каму і на які? – азваўся рэхам сцень. Памаўчаў і прамовіў горка: – Магутны кліч твой раздаецца ўжо даўно – і скрозь, ад краю ў край, па Беларусі... А шмат з'явілася? Народ за доўгія вякі няволі аглох і зрабіўся нячулым.
        – Што рабіць? – ізноў, як у гарачцы, застагнаў Купала.
        – Што рабіць? – перапытаўся доктар, – тое, што ты і робіш. Але каб зразумеў народ наш паспаліты патрэбу сходу, ці не сабрацца спачатку толькі нам, будзіўшым яго на дабро ўсе вякі і кожны час?
        – Добра... – прашаптаў паэт і сціх.
        Сцень вылецеў з палаты і не падаўся далей к Полацку, а павярнуў назад к Ашмяншчыне.
        Здалёку ўвідзеў ён на могілцы ў Жупранах вялікі яркі арэол народнага баяна.
        Францыск Скарына спусціўся ля касцёла і чыркнуўся няўмысля палою мантыі аб спячага п'янога легіянера.
        – Пся крэў! Холера! Быдло бялоруске! – закрычаў патурбаваны доктарам жандар, а яму рэхам адазваўся з-пад зямлі жудасна-балючы стогн бацькі адраджэння.
        – Не стагні, мой браце любы! Барзджэй бяры ты сваю «Дудку» й «Смык», пойдзем на сход склікаць! – сказаў яму заместа прывітання доктар.
        З магілы ўзняўся сцень вусатай постаці.
        – Засіпла мая дудка, а смык не маець скрыпкі... – безнадзейна пажаліўся Багушэвіч і дадаў, падумаўшы аб сваёй музе:
        
        
         Каб ты так іграла,
         Каб немарасць брала!..
        

        
        – Твая «Дудка» грыміць, мой браце, на ўвесь край, а да «Смыка» дарабіла ж «Скрыпку» Цётка. Пойдзем зараз у Лідчыну на той вясковы могільнік, пабудзім на сход найперш яе, бо гэтая руплівая сяброўка склікаць умее найлепш за ўсіх.
        І два сцені паляцелі побач у Лідчыну.
        Поўная запалу і энергіі, хаця худзенькая і бледная, ляцела ўжо сама да іх пяснярка і паэтычна, ціханька пяяла ў адказ на свае думкі:
        
        
         Можа, хто з дзетак скруце жалейку,
         Унучку паломанай ліры.
         І так заіграе, што ўсенька зямелька
         Пачуе мой одгалас шчыры...
        

        
        – Ах, браточкі-галубочкі! – загаманіла яна без дальніх слоў. – Трэба так: адзін на ўсход, другі на захад, а я з тым-сім паклічу тых, што спачываюць на чужыне, – і зараз паняслася.
        Неўзабаве сцені памёршых і духі жывых сцякаліся на свой Парнас з усіх бакоў.
        Пакашліваючы, брыў з далёкай Ялты калматабровы Максім Багдановіч. Спяшаўся, як заўсёды, з Галіцыі, з сваей магілы ў Закапаным, запыханы Іван Луцкевіч. Глабаўся з-пад груду трупаў брацкай магілы ў Коўне Лявон Гмырак. Шыбка йшоў у хутры і ў зімовай сібірскай шапцы з Кракава даўгі Алесь Гарун. Важна і спакойна пасуваўся з Меншчыны пан Вінцук Дунін-Марцінкевіч. Як непрытомны прыбліжаўся з Кіева празрыста-белы Сяргей Палуян з сінім шнурам на шыі... Прысадзіста калдыбаў разважны каранасты Карусь Каганец. Там ішлі яшчэ й другія.
        А клубок Зямлі, згараючы ў крывавым тумане, ляцеў а ляцеў сваім вечным шляхам, як бы нічога не было.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.