РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Россыпы
...
         Травеньскім днём лёгка думаецца й добра пішацца ў садзіку. На галаву й машынапіску падаюць белыя, ужо паморшчаныя пялёсткі адцьвітаючай вішні. Яшчэ цяжка разгледзіць завязь. Ля абодвух парканаў буйнеюць пышныя кусты бэзу, а па мяккай, учора роўна зрэзанай травічцы прадаўжае сваё паляваньне на цяпер ужо тучных чарвей мой улюбёнец робін. Гэта чырвонапёры прыгажун партызан-аднаасобнік. Яго амаль ніколі не пабачыш у гурце птушак. Шпаркімі крокамі прабяжыць адлегласьць на пядзі тры-чатыры, застыне ў нярухомасьці ды, нахіліўшы галоўку, прыслухоўваецца ці там пад травой чарвяк не паўзе. Глядзіш - дзеўбане й цягне здабычу, як вужа малога.
         Ужо адцьвітаюць пышныя цюльпаны ды разбуйнелі сакавітым лісьцем і белымі званочкамі ландышы. Проста ашалеў у сваім росьце ля сьцяны рабарбар. Збоку, ля гаража, усьміхаецца мне мая любая пышніца ялінка, ростам мэтраў са тры. Некалі прывёз яе, маленькую й кволенькую, із Слуцка, таго, што ля МакКэляр залажылі на вялікай, у 260 акраў фэрме. А ў агародзе суседкі, якая ўжо восемдзясятку разьмяніла й сама із катом жыве, пануе як аграмадына-тытан, над навакольнымі дрэвамі пышная хвоя.
         Здалёку чуваць рэха гораду. Цяпер русч чоур, а пабеларуску, - калі даслоўна ператлумачыць, - гадзіна сьпеху. Людзі, - іх сотні тысячаў, - рознымі сродкамі транспарту сьпяшаюцца дадому пасьля працы. Але ў маім садзіку спакойна, Апроч далёкага вуркату малых самалёцікаў, - яны ўзьлятаюць і садзяцца на лётнішчы на недалёкім абтоку, - тут пачуеш яшчэ шчэбет вераб'ёў, сьвіст шпакоў, дзіліньканьне робіна... І цікава, што вось цяпер, калі да захаду сонца асталося гадзіны тры, думаецца пра сьпеў жаўранка. Ня чуў я яго амаль чатыры дзясяткі гадоў.
         Гадоў трыццаць пяць назад ступіў я на няведамую, вялізную й таямнічую канадыйскую зямлю. Яна шчодра адплаціла за нялёгкую працу. Галоўнае-ж - тая вольнасьць, якой, як крынічнай вады, не хапае сяньня бальшыні людзей на нашай злашчаснай плянэце. Калі мазоліш мазгі пры творчай працы, адна думка неадступная: а як-жа табе павінны зайздросьціць тыя, што на бацькаўшчыне, каму нікчэмнікі адбралі найдаражэйшае - вольнасьць слова? Гэтта стымул да натугі сілаў, да выкарыстаньня абмежаванага часу.
         Думкі там, дзе на зрабаванай ад народу зямлі гойдаюцца ўлетку васількі, дзе й цяпер, у россыпе колераў і гукаў вясны, аж заходзяцца ад сьпеваў гарластыя салаўі, дзе велічна шыбуюць над лугамі буслы, сьпяваюць жаўранкі й дзе людзі, уздыхаючы, ціха накіроўваюць малітвы да Бога ды зь ненавісьцю клянуць цівуноў праклятага ладу.
         Вобразы з далёкага незваротнага часу...
         Яны яшчэ раз устаюць, просяцца, каб узяць іх у абдымкі слова.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.