РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Пальчэўскі
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ножык
1
        Гэта быў маленькі складны ножык з перламутравымі тронкамі. Па цане ён быў недарагі, а для Петруся з'яўляўся найвялікшым багаццем. Напэўна, ні адзін заможнік не даражыў так сваім незлічоным скарбам, як даражыў бацькавым падарункам маленькі Пятрусь. Ні на хвіліну не расставаўся ён з ножыкам: удзень насіў у кішэні або хаваў у скрынцы пад ложкам, а вечарам, кладучыся спаць, засоўваў пад пуховую падушку.
        У тую памятную нядзелю днём Казімір купіў сыну ножык, а ўвечары прыйшлося яму развітвацца з сям'ёю. Было так. Пасля абеду ўсе трое – Казімір, Антаніна і Пятрусь – пайшлі прагуляцца па горадзе. Яны жылі на ўскраіне, і да цэнтра ісці было далекавата. Дзень выдаўся цёплы, сонечны, і на тратуарах не прайсці было ад людзей. Вясеннія праменні награвалі асфальт, цагляныя сцены дамоў, і ўсім было прыемна і радасна, што скончылася зіма са сваімі завеямі і слатой, што зноў прыйшло цяпло з вясёлым гоманам, кветкамі. Іх прадавалі ўжо на кожным рагу вуліц, насілі ў кошыках, у вялікіх місках-тазах.
        Па тратуары людзі ішлі павольна, не спяшаючыся. Казімір трымаў сына за адну руку, а Антаніна – за другую. Каля вялікіх вітрын яны часам спыняліся і пазіралі, як прыгожа, з густам, з любоўю былі разложаны выстаўленыя за велізарным шклом розныя тавары. Уся гэтая стракатасць і разнаколернасць рабілася гандлярамі, каб прывабіць у сваю краму пакупніка.
        – Прыйдзе час, і гэта багацце будзе належаць усяму народу, а не таўстапузым дармаедам, – сказаў прыцішана Казімір жонцы. Антаніна спалохана азірнулася навокал і, упэўніўшыся, што ніхто не чуў мужавых слоў, ціха заўважыла:
        – Ты ж на вуліцы, Казя, асцерагайся.
        – А ты думаеш, я не азірнуўся, як ты, – усміхнуўся Казімір жонцы і першы саступіў з месца. Але не паспелі яны прайсці і дваццаці крокаў, як Пятрусь вымкнуўся наперад і завярнуў іх да вітрыны.
        – Глядзіце сюды, сюды глядзіце! Татусь, мама, – паказваў ён на разложаныя ў вітрыне ножыкі. 3 прыгожымі тронкамі на бурачковым аксаміце.
        Трымаючыся за жалезны прэнт, умацаваны ўздоўж вітрыны, Пятрусь не адводзіў вачэй ад ножыкаў. Ён то станавіўся на пальчыкі, каб лепш убачыць тыя, што ляжалі далей, то згінаўся пад жалезны прэнт, каб разгледзець бліжэйшыя. Аж вочы загарэліся ў хлопчыка. Колькі разоў ён марыў пра ножык! Як зайздросціў свайму сябру Вацэку, у якога быў маленькі ножык-цыганчык з драўлянымі тронкамі. Вацэк часта даваў яго сваім сябрам у рукі. Тыя разглядалі тронкі, лязо, і кожны з іх уздыхаў і не траціў надзеі мець такую рэч.
        – Тата, ты казаў: купіш нештачка мне, як пойдзем у горад. Купі ножык, – падняў галаву Пятрусь.
        – Ты ж пальцы паабрэзваеш, – прыгнуўся ніжэй Казімір.
        – Не паабрэзваю... Купі, купі вунь той, – не адставаў хлопчык.
        Раніцою, каб Пятрусь хутчэй умываўся, бо снеданне стаяла ўжо на стале, Казімір сапраўды паабяцаў сыну купіць нештачка, як пойдуць гуляць. Як Пятрусь ні дапытваўся, бацька не сказаў што, бо і сам не надумаў яшчэ, што будзе купляць.
        – Ну што ж, калі дакляраваў купіць – купляй, – звярнулася Антаніна да мужа. Пятрусь учапіўся за бацькаў рукаў і пацягнуў Казіміра ў краму. Следам за імі зайшла Антаніна.
        У магазіне амаль нікога не было. Прадавец увачавідкі разлажыў на прылаўку з дзесятак ножыкаў: адзін лепшы за другі, выбірай толькі.
        – Які табе падабаецца? – пачаў перабіраць ножыкі Казімір.
        – Вось гэты, – паказаў Пятрусь на ножык з тронкамі ў белую і чырвоную палоску.
        – Ён непрыгожы, сынок. Лепей вунь з тых, – паказаў Казімір на ножыкі з зялёненькімі і бурачковымі тронкамі.
        Але Пятрусь стаяў на сваім:
        – Хачу гэты, купі гэты.
        – Зрабі дзіцяці прыемнае, купі, што яму хочацца, – уступілася за сына Антаніна.
        Казімір паслухаўся жонкі і падаў сыну той ножык, які ён хацеў. Пятрусь аж заскакаў ад радасці. Куды цяпер Вацэку са сваім цыганчыкам раўняцца! I яму так захацелася хутчэй паказаць бацькаў падарунак сябрам, што ён адразу ж пачаў зваць і тату і маму дахаты.
        Яны прайшлі яшчэ трошкі і завярнулі назад. Цяпер Казімір адзін вёў Петруся за руку, а Антаніна ішла побач.
        Ужо з гадзіну злое прадчуванне не давала спакою Казіміру. Ён раз-пораз трывожна азіраўся навокал, пакуль яго спрактыкаванаму воку не ўдалося натрапіць на праніклівы позірк чалавека з другога боку вуліцы.
        На рагу, каля вялікага магазіна, Казімір нечакана збочыў у завулак і прыбавіў кроку. Антаніна, не ведаючы прычыны, кранула мужа за плячо.
        – Казя, чаму нам, як і людзям, не прайсціся па цэнтральнай вуліцы?
        – Так трэба, – коратка адказаў Казімір і тут жа дадаў: – Зірні непрыкметна, не ідзе за намі паніч у шэрым плашчы і шэрай кепі.
        Антаніна прыгнулася, нібы паправіць чаравік, і праз момант дагнала мужа і супакоіла:
        – Не відаць. Ты што-небудзь заўважыў?
        – Але. Мусіць, ён страціў след, думае, у магазін зайшлі.
        – Можа, табе здалося, Казя? Ты ў апошнія дні стаў вельмі нервовы.
        – Баюся, што не здалося.
        
        
        Дома Казімір на ўсякі выпадак знішчыў усё падазронае, што магло наклікаць бяду. Але гэта не выратавала яго. Вечарам з'явіліся мужчына ў цывільным і два паліцыянты, зрабілі пільны вобыск і павялі Казіміра з сабой.
        Пятрусь не бачыў, калі забіралі бацьку з дому. Ён абабег усіх сваіх сяброў, нацешыўся ножыкам, схаваў яго пад падушку і спаў цяпер моцным, спакойным сном. Развітваючыся з сынам, Казімір нагнуўся, пацалаваў яго з пякучым невыказным смуткам, паглядзеў на ўсмешку, якая прабегла па Патрусёвым твары, і падумаў:
        «Ці скора ж я ўбачу цябе, слаўны мой хлопчык?»
        Антаніна кінулася была з плачам следам за мужам, але паліцыянт, што ішоў за Казімірам, загарадзіў ёй дарогу ў дзвярах. Калі ж яна паспрабавала сілком: прарвацца, ён груба адштурхнуў яе назад і строга прыгразіў не выходзіць на двор. Зразумеўшы сваё гора яна кінулася на раскіданую пасцель і голасна, наўзрыд заплакала. Ёй стала ясна, што лёс Казіміра – лёс тых рабочых, якіх раней за яго ўзялі з фабрыкі.
        Назаўтра Пятрусь прахапіўся раненька. Перш-наперш ён сунуў руку пад падушку. Ножык быў на месцы.
        – Татусь, ты яшчэ спіш? Паглядзі, які ножык. – Пятрусь кінуўся да бацькавага ложка, але на ім нікога не было. Антаніна на кухні гатавала снеданне. Як пачула сынаў голас, хуценька ўвайшла ў спальню. Пятрусь стаяў каля ложка і недаўменна глядзеў на засланую пасцель.
        – А дзе татусь? – спытаў ён здзіўлена ў маці.
        – Татусь паехаў у госці, – цалуючы сына, адказала Антаніна.
        – А чаму ўночы?
        – У такія госці ездзяць толькі ўночы, любае дзіцятка, – растлумачыла маці, а ў самой слёзы закруціліся на вачах. Каб стрымаць сябе і не сказаць адразу сыну пра няшчасце, яна перавяла гаворку на іншае:
        – Дзе ж твой ножык? Ты не згубіў яго?
        – Не, мама, во ён. Я хацеў татусю паказаць.
        Антаніна ўзяла ножык з рук у Петруся. Белыя і чырвоныя палоскі адшліфаваных тронкаў блішчалі ў ранішніх праменнях сонца, што заглядала ў вокны. «Як добра ўсё-такі, што Казімір пакінуў сыну памяць аб сабе», – мільганула ў галаве ў Антаніны. Яна аддала ножык сыну і сказала:
        – Шануй, сынок, татусеў падарунак.
        – Мама, а калі татусь вернецца? – зноў пачаў перапыненую гаворку Пятрусь.
        – Ён не сказаў... Ідзі, дзіцятка, умывайся. Я табе нешта смачнае-смачнае згатавала, – пацяшала Петруся Антаніна, ведучы яго за руку.
        – Скажы, мама, што згатавала? – нецярпліва дапытваўся Пятрусь.
        – Умыешся, сам пабачыш, – яшчэ болып зацікаўлівала Антаніна хлопчыка.
        Насталі цяжкія, змрочныя дні для Антаніны і Петруся. Кожную ноч Антаніна прыслухоўвалася да стуку на вуліцы – усё ёй здавалася, нехта грукнуў веснічкамі, нечыя крокі чуваць на двары. А Пятрусь выбягаў па некалькі разоў на дзень зірнуць, ці не ідзе дахаты вуліцай яго татусь. Але Казімір усё не вяртаўся. Часамі да Антаніны прыходзілі такія ж, як яна, бяздольныя жанчыны і ціха, шэптам, хоць нікога чужога ў хаце не было, гаварылі пра сваё гора.
        Нарэшце Антаніна даведалася пра лёс свайго мужа. Ён прыслаў ёй пісьмо і прасіў прыехаць разам з Петрусём наведаць. Вельмі ж хацелася яму пабачыць сына. Ні адну ноч за гэты час не даспаў ён – усё прыгадваліся дарагія жонка і сын.
        Антаніна не марудзіла з ад'ездам. Назаўтра ўжо яна ехала з Петрусём да Казіміра. 3 якой радасцю збіраўся Пятрусь у дарогу! Ен убачыць свайго татуся. А тата яго добры быў: як заставаўся дома, часта гуляў з ім, будавалі разам домікі з кубікаў, чытаў цікавыя казкі.
        Цяпер, як не стала дома бацькі, Пятрусь часта заставаўся адзін. Маці хадзіла ў заработкі да багацеяў: мыць падлогу, бялізну, а яму наказвала не плакаць. Можа, дваццаць разоў перабярэ Пятрусь свае цацкі, а мамы ўсё няма і няма. Тады ён становіцца на крэсла, асцярожна здымае з цвіка бацькаву фатаграфію, доўга ўзіраецца ў яе, цалуе і ласкава кажа:
        – Татуська мой, каб ты знаў, як мне сумна. Калі ж ты прыйдзеш? Я чакаю цябе, чакаю. I ножык той, што ты купіў, нікому, нікому не даю ў рукі.
        Аднаго разу ў такім стане Петруся застала Антаніна. Яна ціха ўвайшла ў пакой, дзе быў сын, і чула яго шчырую скаргу на самотнасць. Так цяжка і балюча стала ёй, што ледзь стрымала сябе, каб не расплакацца, і моўчкі выйшла незаўважаная на кухню.
        Вось чаму, збіраючыся цяпер да бацькі, Пятрусь перажываў вялікую радасць. Ён абдыме за шыю свайго татуся, сядзе да яго на калені, паглядзіць у вочы і нікуды больш ад сябе не пусціць. Бедны хлопчык, ён не ведаў, якая будзе сустрэча!
        Першае, што кінулася Петрусю ў вочы, калі яны зайшлі ў вялікі калідор, – гэта густыя драцяныя сіты-перагародкі. Тут ужо стаялі людзі з абодвух бакоў і моцна размаўлялі. Антаніну і Петруся павялі далей, у нейкі кут. Той чалавек, што ішоў з імі, сказаў спыніцца,асамгукнуў:
        – Бурачкоўскі, проша сюды!
        З лаўкі падняўся чалавек і накіраваўся да перагародкі. Ні Антаніна, ні Пятрусь не пазналі спачатку Казіміра. Да іх ішоў бледны ў твары мужчына з адпушчанай барадой, у доўгім пашарпаным адзенні. I толькі тады, калі ён праз сілу ўсміхнуўся і сказаў:
        – Дзень добры, любыя мае! – Антаніна і Пятрусь вымавілі ў адзін голас:
        – Казя! Татусь!
        – Пазналі? Ну і добра, расказвайце, як жывяце, навіны свае кажыце. Ну, а ты, сынок, вялікі вырас, дай зірнуць.
        Антаніна падняла сына ўгору. Казімір змераў яго позіркам і апусціў уніз галаву, бо не хацеў паказаць расчуленасці.
        – Вялікі ўжо, – сказаў ён з нейкай задуменнасцю, але тут жа схамянуўся і загаварыў да сына: – А ножыка не згубіў яшчэ?
        – Не. Во ён, глядзі. Я нікому не даю. Татусь, а калі ты прыедзеш?
        – Скора, сынок. Толькі ты слухай маму, а то ёй цяжка адной.
        – Татусь, паедзем з намі. Мне будзе весялей, і мама плакаць перастане.
        Антаніна паспрабавала ўсміхнуцца з сынавай шчырасці, але гэта ў яе не выйшла. Тады дакорлівым тонам заўважыла:
        – Навошта ты кажаш, сынок, пра гэта татусю?
        – Няхай ведае, як мы любім яго. Паедзем, татусь, дадому.
        – Вунь той дзядзька не пусціць, – паказаў Казімір на наглядчыка і звярнуўся да Антаніны, каб тая расказала аб сваім жыцці. Казіміра цікавіла не толькі, як жывуць Антаніна з сынам без яго, але і тое, як ідзе тая праца, за якую ён сядзіць цяпер за кратамі.
        I яна намёкамі расказала пра ўсё, што было ёй вядома.
        Пятрусь уважліва агледзеў таго чалавека, на якога паказаў бацька, і пахіценьку споўз з матчыных рук. Занятым гаворкай, Казіміру і Антаніне і ў галаву нават не магло прыйсці, якая думка нарадзілася зараз у іхняга сына. А Пятрусь не марудзіў: ён падышоў да наглядчыка, дастаў з кішэні свой ножык і, пакручваючы ў руках,сказаў:
        – Глядзіце, дзядзечка, які ножык у мяне.
        – Пакажы, пакажы, – працягнуў руку наглядчык Пятрусь падаў яму. – Та-ак, добры ножык, пенкны.
        – Вазьміце сабе, дзядзечка.
        – А плакаць ты не будзеш?
        – Не. Мне татусь новы купіць. Толькі, – азірнуўся на бакі Пятрусь і ціхенька, крадком, шапнуў: – Пусціце татуся майго дадому.
        – Яго няможна адпускаць, – пакруціў галавой наглядчык.
        – Чаму? – здзівіўся Пятрусь.
        – Ён людзям зло робіць.
        – Няпраўда. Мой тата добры, добры... Пусціце яго. Мы разам паедзем...
        Наглядчык пакручваў у руках ножык, цешыўся ім, а Пятрусь стаяў і глядзеў яму ў вочы. «Такіх прыгожых тут не знойдзеш, трэба ўзяць, яны сабе купяць», – разважаў у думках наглядчык. А для ачысткі сумлення сказаў:
        – Такія рэчы забаронена ў турму прыносіць.
        – Вазьміце, дзядзечка, сабе...
        – Вазьму, вазьму, каб ты не перадаў яго бацьку, – адказаў наглядчык і прайшоўся па калідорчыку. Неўзабаве ён падышоў да Антаніны і абвясціў:
        – Спатканне скончана.
        – Так хутка? – здзівілася жанчына. – I нагаварыцца не паспелі. Яшчэ хоць трошкі.
        – Не магу. Выйшаў час.
        – Хоць бы хвіліначку яшчэ. Столькі ехалі, і так мала бачыліся, – пачала ўпрошваць наглядчыка Антаніна, але той і слухаць не хацеў.
        – Не прасі, – сказаў горка Казімір жонцы. – Ён жа служка, нічога не можа зрабіць.
        Тады Антаніна захвалявалася, пачала азірацца навокал.
        – Пятрусік, дзе ты? Ідзі, дзіцятка, развітайся з татусем.
        Пятрусік падышоў і ціхенька парадаваў бацьку:
        – Татусь, не сумуй, Лаедзеш з намі. – А як выйшлі на двор, шапнуў маці: – Я таму дзядзечку ножык аддаў, ён пусціць тату...
        I доўга не магла Антанша адвесці ад турэмных варот Петруся. Ён жа аддаў самы каштоўны скарб – бацькаў падарунак, і не можа быць, каб той дзядзечка не вывеў яго татуся.
        Ні ў той дзень, ні назаўтра не дачакаўся Пятрусь свайго бацькі. Толькі праз тры гады, у 1939 годзе, савецкае войска вызваліла яго з-за крат. Выйшаў тады Казімір белы, ледзь жывы, на волю, на сонца і ад расчуленасці праслязіўся. Потым абняў чырвонаармейца, прытуліў да сябе і моцна-моцна пацалаваў яго.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.