РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мух трэба біць!
...
         У якім узросьце дзіця ня ведае розьніцы між мухай і пчалой? Прыгадваю, маці казала, што мух трэба біць бо яны, нікчэмнікі, вунь усюды. Яны і ў мухалоўцы, і на столі, і на стале, і на нос табе сядуць, і дзе іх няма...
         - Мух трэба біць, сынок!
         - Ага...
         У вельмі-ж прыгожы й цёплы сонечны дзень пакінулі мяне самаго ў хаце. Хто ведае дзе яны падзеліся. Я - вельмі маленькі чалавечак, які зь цяжкасьцю ледзь дастаў высака на дзьвярох клямку, адчыніў іх ды выйшаў ззаду на двор. Разглянуўся. Каб табе дзе жывая душа. Што-ж, трэба далей. Маленькі чалавечак - прыгоднік.
         Першы аб'ект - круглая студня. Усьпінаюся на цамантовы зруб і нахіляюся. Студня няглыбокая. У вадзе адсьвечваецца блакітнае неба. Хочацца спусьціь вядро, але яно на асьверы й мне не пад сілу. Бачу ў вадзе адбітак свайго твару. Галёкаю, чую з глыбіні рэха. Бяру маленькія каменьчыкі, кідаю ўніз. Тая галава, мая галава на гладзі вады расплываецца ў зморшчынах.
         Кіданьне каменьчыкаў перастае забаўляць. Дапінаю да цяжкіх варот. За высокім плотам поўна зелен, далей - гумно. Я там ніколі ня быў, а туды-ж заўсёды йдуць і бацька, і матка, і сёстры, і браты. Трэба й мне туды, пабачыць што там цікавае. Вароты надта шырокія й цяжкія, не магу іх адчыніць. Крыху іх нахіляю, намагаюся пралезьці праз адтуліну між слупамі. Ня йдзе. Што-ж, трэба спрабаваць празь верх. Страшнавата, але стараюся.
         Пасьля перамогі такой перашкоды, стаю ў новым сьвеце. Навокал пышная зелень, розныя садовыя дрэвы, цьвіце бульба. Але вось што цікавае: чаму тут так многа мух? Ды яны такія вялікія й так гудзяць... Ля самай дарогі ў гумно, пад вішняй стаіць таўсты стаяк. Падыходжу й прыглядаюся. Гэтыя вялікія мухі твораць вунь які гул, і то ўлазяць ды вылазяць зь нейкай адтуліны. Ад яе да зямлі, быццам падпіраючы стаяк, стаіць дошка.
         Мух трэба біць!
         Мама казала. Яны шкоду робяць. Недзе знаходжу палку й падыходжу да стаяка, зь вялікай заўзятасьцю размахваюся. Раз, два, тры! А яшчэ вам. О так! Мух біць трэба!
         Пад заядлымі ўдарамі палкі звалілася дошка й "мухі" пажвавелі. Ды яны, каб іх трасца, ня ўцякаюць. Наадварот, - накідваюцца на маленькага зьнішчальніка. Боль працінае цела. Яны на галаве, на руках і нарэшце ў шырока-адчыненым, поўным ляманту роце. Жахліва баліць. Крычу колькі маю сілаў. І наапошку аднекуль надыходзіць цемра.
         Апавядалі пасьля, што малы знішчальнік мух, каб ягонага жахлівага крыку нейкая суседка не пачула, неўзабаве перад брамай сьвятога Пятра мог-бы апынуцца. А дзе былі бацькі? Дзесьці пры сене на лузе.
         Апавядалі яшчэ, што патаўсьцеў я тады й выглядаў як той стаяк пры дарозе ў гумно. Выратаваў сусед, калішні вайсковы фэльчар. Працаваў тры дні нада мной. Як яму ўдалося? Бог ведае. Ад мяне яму вялікая падзяка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.