РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Журавінавы цьвет
1
2
3
1
Памалу зь ніў гарбатых сьнег спаўзаў
Ніжэй ў лагі, дзе каўтуном лаза
З алешнікам сплялася над ракой.
З прыгрэтых сонцам лысінаў зямлі,
Спацелых глыб, абуджаных вясной, –
Разорамі зьбягаючы, плылі
Крыніцы, звонячыя серабром.
Пад межамі, дзе-недзе шараком,
Сьнег, прытаіўшыся, яшчэ ляжаў.
I прабівалася з-пад мокрых скіб
Чырвоная падзольная іржа.
Шнурамі ўдаль цягнуліся пяскі.
 
Начамі месячнымі аж да дня
Бялела ў прымаразках цішыня.
Прыслухаешся: рана, ледзь чуваць
Шуміць вада на грэблі пад мастом,
Ды сонна шэпча ссохлая трава
Над верхаводкай з шэрым лазьняком.
Як толькі на альховыя сукі
Навесіць дзень зару, цецерукі
Падымуць спрэчку п’яную і шум.
Часамі вецер з плёсаў прынясе,
Дзе мох, як перавернуты кажух,
Плач кнігавак, крык журавоў, гусей...
 
П’юць грудзі прагна ранішнюю сінь,
I сам ты сэрцу рады не дасі, –
Хвалюе радасны птушыны хор,
Што пачынае на зары зьвінець,
Будзіць лугоў, будзіць палёў прастор
I неба сіне-залатую брэдзь...
Трывожна толькі думы устаюць:
Чым ты засееш паласу сваю?
Які ўраджай з дажынак прынясеш?
Шукаць мо’ долю прыйдзецца ісьці?
I па вузкой батрацкай паласе
Рассыпаліся думы, як сяўцы...
 
Бясконца цягнецца вузкі загон.
Залёгшы у хамут, памалу конь
На дальні перавал валочыць плуг.
– Пайшоў!.. Но!.. Проста!..
                                                 Но, жывей!.. Гняды!..
I топяцца ў ральлю, бы ў чорны пух,
Глыбокія лапцюжныя сьляды...
Часамі камень-патайнік рване,
Неперапрэлы хвошч у баразьне
Пад дышаль згурбіцца...
                                                Нарога край
Блісьне і зноў затопіцца ў ральлю.
Тужэй пабоцьні; хіліцца ратай
Над плугам, памагаючы каню.
 
А над зямлёй вясьняны жоўты чад
I цёплы вецер. Грамада дзяўчат
Ідзе памежкам.
                                  Звоняць галасы
Вясной і маладосьцю, шум і сьмех,
Як пацеркі караляў ці расы,
І песьні-думы саламяных стрэх
Запоўнілі вясёлым звонам дзень.
Б’юць пранікі цяжкія па вадзе,
Аж рэхам адклікаецца чарот.
Ды беляцца на беразе ракі,
Дзе сьцелюцца трылісьнік і асот,
Палотны зрэбныя і ручнікі.
 
– Васіль!.. – хтось гулка кліча зь грамады.
I водгук звоніць сьмехам маладым...
– Но! Кратай! Проста!..
                                          Проста!.. Баразной!.. –
Арэ Васіль, як быццам і ня чуў...
Мо’ ўспомніў вочы дзеўчыны сваёй,
Мо’ нават і ўспамінаў не крануў, –
Плуг толькі корч – стары смаляк узьняў.
     – Назад!..
                             Конь змораны на ўзгорку стаў
I цяжка дыхаў. Сьвежую траву
Успомніў і заржаў, бы затужыў.
Худую выцягнуўшы галаву,
Грыз перасохлы быльнік на мяжы...
 
Ад хат, палос вузкіх і трысьнікоў
Густых аж да асадніцкіх двароў
Усе Раіну ведалі зь сяла.
За вёскаю, у хаце канцавой,
Як ружа дзікая, яна цьвіла,
Чаруючы, палонячы красой.
Умела песьні звонкія пяяць,
На полі першая была жняя
I кросны ткала тонка, як паркаль,
У колькі хочаш колераў нітоў...
Таму і спадабаў яе капраль,
Улан, асаднік з блізкіх хутароў...
 
Глядзіць, на плуг апёршыся, Васіль
Туды, дзе вецер разьлівае сінь,
Калыша лес зялёнай асакі...
Б’е пранікам Раіна палатно.
Крычаць спалоханыя кулікі.
Адна рака сьпіць серабрыстым сном
Пад перазвон дзявочых галасоў.
Васіль успомніў мора каласоў,
Жніво і сьмех Раініных вачэй,
Калі сказаў ён першы раз «люблю»...
       – Но... но!..
                                 Шпакі ўзьняліся і хутчэй
Спусьціліся на сьвежую ральлю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.