РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пад мачтай
 
Паэзія
 
 
Пад мачтай

 
 
Выраі
 
Лірнік
 
Межы
 
Над курганамі
 
На магільніку
 
Лісьце каштанаў
 
Пад мачтай
 
Плывуць стругі
 
*** Паслухайце, вясна ідзе...
 
З паднятай галавой
 
Павязьлі цягнікі
 
*** Навучыліся танна разьменьваць помсту...
 
Руёй
 
Цішыня дарог
 
У Панарах
 
*** Такая лютая зіма!..
 
У полі вярба
 
*** Белая грэчына ў полі...
 
*** Калі выкінула возера...
 
*** За пацалункі, і за вочы...
 
*** Ёсьць варажбітныя травы...
 
Хмараў чаўны наплываюць
 
*** Калі пачуеш: я памёр...
 
Над калыскай
 
Ўздымаецца лісьце сярэбраным роем
 
Заснулі стрэхі
 
З вырваных картак
 
Апошняя навальніца
 
Каб хутчэй
 
Над вадой
 
Раніца
 
Раманс
 
Пачатак оды
 
*** Калісь пілі, гулялі...
 
Адказ
 
Гавораць, кат памёр
 
Яны
 
*** Думаў: сёньня прайду сабе так...
 
На пэроне
 
Бярозе
 
Шумяць калёсы, ноч і зоры
 
Скіну з плеч шырокіх
 
*** Раніцы сьцежка. Іду я вясной...
 
Яшчэ у гушчарах сасновых
 
Дзед і Шчупак
 
Таму часамі ціхі смутак
 
Я гляджу на дываны
 
*** Зноў у аркестры скрыпачоў...
 
*** Абапал лес. Вышэй зялёны мох...
 
Пад вечар
 
Каліноўскі

 
 
Паўночны вецер
 
У абозе
 
Пра Сьвітку першы раз чую
 
Сьнег на шыбеніцах і на твары
 
Дзяцюкі!
 
У карчме
 
Пад звон шыб
 
Канец песьні
 
Казкі

 
 
Уступ
 
Мухамор
 
Казка пра Мядзьведзя
 
Казка пра Музыку. Паэма
ПАД МАЧТАЙ
Люблю стаяць пад цяглай соснай,  
Нібы пад мачтай залатой,  
I плыць туды, дзе звоняць вёсны,  
Плыве і край ўвесь за табой.
 
Выраі
Зноў сярод ніў неабсяжных, шырокіх
Іду, як калісь, у задуме цяпер я.
I чую – зьвініць у блакіце высокім
Сівое птушынае пер'е.
 
Лірыкай восені дыхаюць далі.
У кожнага, знаю, у гэту хвіліну
Крылатыя госьці з сабою забралі
Мінулыя дні і ўспаміны.
 
Сьледам глядзіш – столькі ў крылах свабоды!
А ўсё ж нават птушкам бяз болю ня кінуць
Чубатых пасёлкаў, шнуроў, азяродаў,
Лясоў маёй роднай краіны.
 
Потную вецер палошча кашулю.
Ну што адлятаючым скажаш такога?
Мо' крыкнуць ім толькі, каб суму ня чулі:
– Ляціце!.. шчасьлівай дарогі!
 
1937
 
 
 
 
Лірнік
Памёр стары лірнік
Ў бярозавых нетрах,
Дзе лісьце шапоча
Зялёнае зь ветрам.
 
Каб песень яго
Не схавалі пад камень,
Каб не расьцягалі
Рукамі, нагамі, –
 
Аддаў струны зорам,
Сум – вербам, калінам,
А радасьць – азёрам,
А рэха – далінам.
 
Крыштальныя вочы
На сонца высока
Занёс асьцярожна
Наднёманскі сокал.
 
Сягоньня мы ходзім
I ходзім па краі, –
Звон зор, сум і радасьць
I рэха зьбіраем.
 
1938
 
 
 
 
Межы
Межы, дзе глянеш – ўсё межы...
Глушыцца слова і гук.
Колькі ёсьць позіркаў сьвежых,
Братніх працягнутых рук!
 
Хмарыцца ўсё яшчэ вечар,
Шлях засьцілае імгла, –
Колькі у кожнай сустрэчы
Ласкі, зары і цяпла!
 
Бродзяць паўночныя сагі
Зь песенным нашым віном, –
Колькі нявыпітай брагі
Ў нас за супольным сталом!
 
Хочацца сьціснуць далоні,
Ў поглядзе дружбу спаткаць,
Поўныя накіпам, звонам
Хмельныя чары падняць,
 
Высекчы іскрамі гукі
З нашых цымбалаў жывых,
На'т калі зраняцца рукі
Дротам на межах глухіх.
 
1938
 
 
 
 
Над курганамі
Заснулі вы, сокалы, рана
Ў курганох пясчаных, спакойных,
Між сьцежак закінутых польных,
У краі палос і туманаў.
 
Пад небам шырокім і сінім
Над вамі схіліліся ліпы,
I вецер адцьвілым язьмінам
Пясок залацісты асыпаў.
 
Спакойна... ніхто тут ня можа
Збудзіць ваша гора былое.
Адны толькі матчыны сьлёзы
Яшчэ не даюць вам спакою, –
 
Таму, што ў радзімай старонцы
Шчасьлівымі лепшымі днямі
Век будзеце вы курганамі
Глядзець ў ненагляднае сонца.
 
1937
 
 
 
 
На магільніку
Апалены ветрам марозным асіньнік.
Усе нясуць сьлёз або сьвечак агонь.
Чаго ж я зайшоў на забыты магільнік?
Знаёмых ці блізкіх шукаю? Каго?
 
Ня тут іх занесла лістамі дуброва
I зорныя ночы абвеялі сном.
Адны на дарогах злажылі галовы,
Другія – ня ведаю на'т курганоў.
 
Іду я і надпісы ціха чытаю.
З мазаікі камня імёны, гады
Змывае агнём лістапад малады,
I час іх рукою шурпатай сьцірае.
 
Гранітныя пліты і мармур бялее, –
Ня чорных працоўных касьцей тут начлег.
Здаецца, на кожным такім маўзалеі
Свой звонкі павесіў бы сьмех.
 
А тут усё тлеюць васковыя зоры.
Хтось мае адвагу маліцца, прасіць,
Каб сьлёзы гаротных праз мармур і дзёран
Нядолю вякоў перасталі паліць.
 
1937
 
 
 
 
Лісьце каштанаў
За шэрым схіленым парканам
Скрыпіць пясок сырых дарог,
Спадае медны ліст каштанаў
На жоўты стоптаны мурог.
 
Ідзеш, яго рукамі ловіш, –
Злавіўшы, пусьціш, хай ляціць, –
Зноў не шумець яму ў дуброве,
Вясеньніх шолахаў ня піць.
 
I сумаваць яшчэ так рана,
Калі ўдаль маніць сьцежак гладзь,
Калі на шум лясны ў тумане
Умееш песьняй адказаць,
 
Калі так хочацца сьмяяцца,
Што бачыш ты і чуеш ты,
Як ціха сыплюцца праз пальцы
Каштанаў звонкія лісты.
 
1937
 
 
 
 
Пад мачтай
Калі на полі глуха, пуста
I ночы выбеляць траву,
Рассыплюць хмары зь сініх хустак
Дажджоў сьцюдзёную жарству,
 
Калі дарогі пашарэюць
I вецер з поўначы мацьней
Ў імгле зацягне адысею
З крылатым табарам гусей, –
 
Люблю стаяць пад цяглай соснай,
Нібы пад мачтай залатой,
I плыць туды, дзе звоняць вёсны,
Плыве і край ўвесь за табой.
 
1937
 
 
 
 
Плывуць стругі

Помни это заклинанье,
Нил, мой Нил.
#У. Маякоўскі

 
Плывуць стругі, плыты, плыты –
Сасновы звонкі лес,
Шырокі месяц залаты
I берагі ў імгле.
Ў стырно ўпіваецца рука.
І так за днямі дні.
Гэй, воды, быстрая рака,
Назад лепш павярні!
 
На пнях ня марыць аб красе,
Гарыць жывіца ран,
Калі такія ты нясеш
Дары за якіян,
Калі ад вострага смыка
Лес, таючы, зьвініць.
Гэй, воды, быстрая рака,
Назад лепш павярні!
 
Тавар табе дадзім другі,
Нямала, сотні тон! –
Вяровак кручаных тугіх,
Жалеза з рук, з акон.
Павер напеву стырніка,
Плыты, плыты спыні!
Гэй, воды, быстрая рака,
Назад лепш павярні!
 
1938
 
 
 
 
*  *  *
Паслухайце, вясна ідзе.
Зьвініць ў маім вакне жалеза.
Зь вінтоўкай стражнік ноч і дзень
Пільнуе куст пахучы бэзу.
 
А ён расьцьвіў, агнём гарыць,
Такім пахучым, мяккім, сінім;
На дрот калючы, на муры,
Як хустку, полымя ускінуў.
 
Я ціха разбудзіў другіх.
Ад сьлёз сінелі вочы бэзам.
I недзе хруснула ў худых
Руках іржавае жалеза.
 
1937
 
 
 
 
З паднятай галавой
Кажуць: намалюй ноч месячную, май,
Або сівую буру на Ля-Маншы.
Ня быў я там
I знаю толькі жытніх песень край
I сьцежкі маладосьці нашай.
 
Удаль пралеглі вы, ўсю зрэзалі зямлю,
То пылам засьцілаліся, то дымам.
А ўсё ж, успамінаю вас і шчыра вас люблю,
Дарогі польныя радзімы!
 
Нават восеньню, калі ў мурах сырых
На цэгле мерзьлі песьні адгалосы,
Мы чулі: на пясчаных каляінах залатых
Скрыпелі пад зарой калёсы.
 
Сьмела зрокам сакаліным, браце, глянь!
Прадуцца раніц агняцьветы-ніткі.
Хто перашкодзіць нам прабіць каменьня грань
I долю казачную выткаць?
 
Што там шэпчуць, баючыся, скрыта зноў,
Пачуўшы крок галодных, босых?
Маўчыце лепш!
Пакіньце нас і спадчыну бацькоў, –
За вамі мы ня пойдзем у Каносу.
 
Будзем чорнымі рукамі рваць спакой,
У даль гадоў наступных углядацца.
Праз хмары пройдзем мы з узьнятай галавой,
Іх скрышым у мазольных пальцах!
 
Час ужо сьцягам разгорнутым шумець
Над гарадамі, над бязьмежным полем.
Зрабіць жыцьцём – агонь, а зьзяньнем -
                                      нават сьмерць,
Маланкай азарыўшы полюс.
 
Час ужо зямлю апаясаць зарой,
Расьсеяць густа зоры па старонцы,
Каб зазьвінелі нашы нівы чорнаю ральлёй
Пад залатым нарогам сонца.
 
1937
 
 
 
 
Павязьлі цягнікі
Павязьлі цягнікі
Восень зь вёсак у горад
Празь імглу,
Празь іржышча, бары, –
Каб з антонавак сонца
I з стагоў памідораў
Дагарала на шыбах вітрын.
 
Ды ніколі ня можна
Было ўдоваль напіцца
Таго сонца сіротам малым
Зь беспрацоўных кварталаў,
Сівым камяніцам,
Сутарэньням глыбокім,
Сырым.
 
Але можна было
Складаць песьні пра восень
I пра жоўтае лісьце
Дарожных бяроз.
Ў кожным слове шумелі
Мільёны калосься
I зьвінела сталь вострая кос.
 
Толькі, гэткую песьню
Пачуўшы, вітрыны
Раптам гасьлі,
Трывожна крычалі гудкі...
I ляцелі на вёскі
З новай весткай няспынна
Ашалелыя,
З грывай агню
Цягнікі.
 
Іх на кожным паўстанку,
Бы ўраджайнае лета,
Спатыкалі дзяўчаты
I хмары касцоў,
I з усёй Беларусі
Скрыпачы і паэты, –
А іх больш, як ў краіне
Маёй каласоў!
 
1937
 
 
 
 
*  *  *
Навучыліся танна разьменьваць помсту,
Аплятаць хмелем лірыкі подыхі буры,
I пяяць на дарогах чужых і ня простых,
I выводзіць напеў залацістым ажурам.
 
Навучыліся ў спрэчках патаківаць неяк,
Забываць там, дзе лепей, сваё нават імя.
I на чорных, ня змытых агнём юбілеях
Струны перабіраем рукамі худымі.
 
Толькі ўсё і дагэтуль яшчэ мы ня ўмеем,
Можа, самага простага, сьмешна малога:
Не глядзець там, дзе ў сонцы жыцьцё зелянее,
I хадзіць на пяць крокаў адзін ад другога.
 
1938
 
 
 
 
Руёй
Дзе-недзе вольха, асіна,
Пень ці адонак стары.
Сьвежай крывёю ваўчынай
Сьлед адзінокі гарыць.
 
Дрэмлюць знаёмыя плёсы,
Сьнегам завеяны лог.
Воўк пад срабрыстыя лозы,
Змораны, чуйна прылёг.
 
Сны ахінулі жывыя:
Бача рую, трысьнікі,
Чуе на лапах, на шыі
Шэрай ваўчыцы клыкі.
 
Будзіцца... Ноч... Адзінока...
Дрэмле стог цёмна-сівы.
Дзікую песьню далёкім
Зорам працяжна завыў, –
 
Песьню пра сьвежае мяса
Ў цёмных гушчарах сьляпых,
I пра агні на папасах,
I пра галоў чарапы...
 
Іскрыцца ў ворсе сьцюдзёным
Месячнае серабро.
Шэранам стыне чырвоным,
Зь песьні сплываючы кроў.
 
1938
 
 
 
 
Цішыня дарог
Калі поўзала імглой падзёртай восень,
Ручнікі іржышчаў зрэбна-шэрых моклі,
Змоўклі
Галасы людзей і коней
I напоеныя дзёгцем восі;
 
Змоўклі пыльныя скрыпучыя дарогі,
Што ішлі ад сёлаў, сьвірнаў і такоў,
Праз завеі, гурбы лісьця залатога
Да чыгуначных пад'ездаў гарадоў.
 
Цішыня расла, як вечная зарука,
Над малітвамі, над страхам, над пагрозай...
Можа,
Дзень міне яшчэ ці болей,
Зноў апусьцім на лапаты рукі.
 
Толькі песьню весялейшую цяпер бы!
Можа, гэту нават – пра апошні бой,
Каб на межах расахатыя нам вербы
На дарогу заківалі галавой.
 
1937
 
 
 
 
У Панарах
Недзе плачуць калёсы за бродам,
Нізка зьвіс неба сіні дыван.
Цераз ноч на агонь мой з усходу
Драмадэраў ідзе караван.
 
Ён мінае даліны сівыя,
Каб шлях зорны з вачэй не згубіць.
I ўдаль цягнуцца доўгія шыі,
I чарнеюць крутыя гарбы...
 
– Гэй, з усходу ўжо шлях залаціцца!..
Не мінуць вам да сонца граніц!
Беларускіх зямель і крыніцаў!
Ці ж ня лепш затрымацца, спачыць?..
 
Вось палае ўжо золак пажарам,
I на мейсцы, дзе быў караван,
Бачу я – верхавіны Панараў
Выступаюць праз шэры туман.
 
1937
 
 
 
 
*  *  *
Такая лютая зіма!
Шалее буры сьнежны накіп,
І не відаць дарожных знакаў.
Што ж змоўклі, гледзячы ў туман?
Ці, можа, страшыць ветру гул
I вышыня абрываў горных,
Дзе стыне ваш напеў мінорны,
Напеў пра смутак і тугу.
 
Глядзіце: струны паржавеюць –
Ня вытраце іх і агнём, –
Парвуцца і задрэмлюць сном,
Закалыханыя завеяй.
Даўно ў шалёным карнавале
Зямля трывожная гучыць.
Хутчэй давайце, скрыпачы,
Чырвоны гром сваім цымбалам!
 
1938
 
 
 
 
У полі вярба
Зарой прапяялі асьверы.
Вясеньняя зораў сяўба
Расой ападае на верас,
На песьню – «А ў полі вярба...».
 
З тугою глядзіш чарнабровай.
У поглядзе – жар залаты.
Кажу: ёсьць пралескі ў дуброве...
Ня верыш, ня слухаеш ты.
 
Расы ты баісься, а можа,
Палохае ветру жальба?
Ты маніш чароўна, прыгожа,
Як песьня – «А ў полі вярба...».
 
Ня сьмейся, кажу без дакору, –
Асталася мала да дня, –
Чыйго ты далонямі ўчора
З крыніцы паіла каня?
 
1938
 
 
 
 
*  *  *
Белая грэчына ў полі
З захаду і аж да ўсходу.
Травы напіліся ветру,
Вусны наліліся мёдам.
 
Гэткаю слаўнай парою
Родзяцца новыя гукі,
Толькі абві каля шыі
Ты свае, мілая, рукі!
 
1938
 
 
 
 
*  *  *
Калі выкінула возера
трэскі чаўнакоў сасновыя,
сьлёзы пырснулі каралямі
на рукавы паркалёвыя.
 
Сьлёзы з вочаў цёплых, ласкавых,
словы з вуснаў нецалаваных –
загарэліся, як зоранькі,
ў пене шумнай, усхвалёванай.
 
Хтось адважны тоні зорныя
ночкай асачыў глыбокаю, –
перлы вылавіў дзявочыя
залацістай падвалокаю.
 
Зноў плывуць у даль рыбацкія
лодкі сьмелыя і новыя.
Што ж сыпнуць яны вярнуўшыся
на рукавы паркалёвыя?
 
2.VII.1937.
 
 
 
 
*  *  *
За пацалункі, і за вочы,
І за агонь, што ў іх палае,
За твой панадны стан дзявочы, –
Цябе чамусьці праклінаюць
 
Усе, хто ненавідзіць зьзяньне
I над калыскай ясных зораў,
Усе, хто крыецца ў зьмярканьні,
Малітвы грэшныя гаворыць...
 
Ты кудры адгарні рукамі.
I ад тваіх вачэй праменьняў
З іх кожны змоўкне, быццам камень,
I кожны стане на калені!
 
1938
 
 
 
 
*  *  *

А. Чарняўскай-Орсе

 
Ёсьць варажбітныя травы
з папарацю кучаравай,
быццам яны ўсё ліхое
дзіўнымі чарамі гояць.
Ўецца зялёная сьцежка.
Нейчая ў песьнях усьмешка
бліснула ярка і сіня, –
нават ня ведаю імя.
 
Лепей каб звалася рутай,
шчасьцем, палярнаю зоркай,
а не купальскай атрутай,
сном ці няволяю горкай.
 
Рутай украсіш, што хочаш,
шчасьцем на’т песьні напоіш;
зорка у цёмныя ночы
будзе гарэць над зямлёю.
Але з атрутай і снамі,
але у сэрцы зь няволяй
пойдзеш якімі трапамі
у каласістае поле?..
 
Нешта над рэчкай варожаць
месяц, аер і бярозы,
і забабонныя травы
з папарацьцю кучаравай.
 
22.III.1938.
 
 
 
 
Хмараў чаўны наплываюць
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Калі пачуеш: я памёр,
I зрок сьлязамі загарыцца,
Тады ідзі ў дрымучы бор
Да гонкіх сосен над крыніцай.
 
Цьвіце там папараць да дня
На пнях і на старых карэньнях;
Там аксамітны маладняк
Свае раскінуў сьветлацені.
 
Там у зялёнай цішыні
Патоне сум твой клапатлівы
Ці буйным золатам суніц
Датлее раніцай дажджлівай.
 
Вучыся сум перамагаць
У гэтых сосен над крыніцай, –
I ім ня лёгка, знай, сьпяваць
Пасьля асеньняй навальніцы.
 
1938
 
 
 
 
Над калыскай
Вецер дрэвы калыша, кусты,
На паркан атрасае лісты.
Мутна гаснуць асеньнія дні.
Ой, ня плач ты, мой сокал, засьні!
Буду я калыхаць усю ноч,
Буду я паглядаць у вакно.
Над сасновай калыскай тваёй
Пралятуць гусі позьняй парой.
I, пачуўшы крылаты іх шум,
Выйду ў поле я і папрашу,
Каб прыселі яны на вярбе,
Далі цёплага пуху табе.
 
Ёсьць далёка у горадзе дом,
Ходзіць стража, пільнуе кругом.
У астрозе, на нарах, ня раз,
Пэўна, думае нехта пра нас;
Чуе, як ападаюць лісты,
Як ня сьпіш цёмнай восеньню ты,
Як вятры навяваюць зіму.
Сьпі... Мы заўтра напішам яму,
Што у нас не было гэтых сьлёз,
Што ты шмат падужэў і падрос;
Хутка ў бацькаўскай шапцы вясной
Пойдзеш ты за канём баразной.
 
Там, дзе чуецца шум трысьніка,
Зоры ясныя ловіць рака.
Ну, засьні, і ня варта тужыць.
Хочаш, будзем іх разам лавіць.
Толькі зоркі ня вылаві тэй,
Што нядоляй гарыць у людзей:
Не зьбірай і тых дробных – расу,
Бо няведама што прынясуць.
Бяры лепей, што ярка мігціць, –
Праз жыцьцё яна будзе вясьці.
А то сьпі... Я табе запяю,
Зор насыплю ў калыску тваю.
 
1938
 
 
 
 
Ўздымаецца лісьце сярэбраным роем
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Заснулі стрэхі
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
З вырваных картак
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Апошняя навальніца
Перш доўга лес на гусьлях граў зялёных,
Пакуль ня выплыў верасьнёвы дзень.
Як зоры, ападаючыя з клёнаў,
Пасыпалася лісьце па вадзе.
 
Паблытаў вецер адгалоскі, тоны.
I нехта ўстаў з разьвеяным чубом
I рэзка перавёў ад неба да загонаў
Маланкі залатым смыком.
 
I кінуў хмары, кінуў і узьветрыў,
Падраў худымі пальцамі гальля.
I ты заплакала, што ўжо на гром аркестра
Не адгукнулася зямля.
 
1938
 
 
 
 
Каб хутчэй
Каб хутчэй пустое зельле,
Колас, горам наліваны,
Вецьце сплеценага хмелю,
I крапівуля парканаў,
I сагнутую на вытак
Нашых рэк нядолю-гора,
I дубцы сівой ракіты,
I жабрачыя аборы,
Хмар зьвісаючыя грывы,
Песьні роспачы і плачу, –
У жніво на нашых нівах
Перагнуць на серп гарачы!
 
1938
 
 
 
 
Над вадой
На докі сыпле дождж, як сажа,
Шумяць на беразе турысты.
Агні, сарваўшыся зь вітражаў,
Плывуць ракой з асеньнім лістам.
 
Сягоньня параходы выйдуць
Ў дарогу дальнюю па радасьць.
I мне б гэроем Майн Рыда
Плыць у такое б Эльдарада,
 
Дзе салаўі, а не бараны,
Складаюць звонкія напевы,
Дзе не артыкулы – бананы
Растуць, красуюцца на дрэвах;
 
Дзе не рабіліся б аблавы,
На дзень, на ноч мо' раз па дваццаць,
Дзе і паэты маюць права
Хадзіць па вуліцах, сьмяяцца.
 
1937
 
 
 
 
Раніца
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Раманс
Мы любім вас усіх,
I вашы ўсе заслугі
Ня сьцерліся з худых
Плячэй зь сьлядамі пугі.
З пашанай хілім карк
Да самых ботаў, нізка,
Нічога, што рука
Чагось шукае блізка.
Калі ж пад рызманом
Вам нешта ўдасца выкрыць –
Сякеру або лом
Ці ў слове нашым іскры, –
Ня трэба дзіка выць
I псуць жалезам зубы:
Ня можа нешта быць,
Калі мы вас так любім!
Сьвятыя вы для нас,
Вялікія над ўсімі, –
А некалі ж мы вас
Яшчэ вышэй падымем!
 
1937
 
 
 
 
Пачатак оды
Зь сьцюдзёных красак і блакіту
Вянкі сплятаць зусім ня штука,
Мець толькі трэба трохі спрыту,
Без мазалёў балючых рукі,
I трохі больш мякчэйшых скабаў,
I рыбны хвост, каб плыць за модай, –
Тады напеў балотнай жабы
Ахрысьцяць небывалай одай!
Хто вуснаў не чытаў зьлінялых
Усякіх маляваных німфаў,
Таго абвыюць, як шакалы,
Зусім бяз толку і бяз рыфмы.
А не схіліўся? – яшчэ лепей! –
Сьвіны кароль ці туз фабрычны
Ярлык на творчасьці налепіць
I над табой паставіць клічнік.
Тады пацягнуць цябе чэрці
I па жалезе, і па сходах...
У іх канцом гэта завецца,
А у мяне – пачаткам оды!
 
1937
 
 
 
 
*  *  *
Калісь пілі, гулялі
з падскокамі і сьвістам
з зачараванай краляй
храмыя мадэрністы.
 
Адзін сягоньня дрэме
бяз формы і бязь зьместу;
другі пячэ паэмы
зь ясенінскага цеста.
 
I толькі яшчэ краля,
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
нактурны на раялі
вясеньнія сьпявае.
 
Адні цяпер такія, –
ядуць хлеб без натхненьня.
Хаця б перажылі як
яны час «адраджэньня».
 
1.IV.1938.
 
 
 
 
Адказ
Я не магу вас песьняй цешыць
З абмытых бурамі эстрад,
Хоць меў бы пэнсію штомесяц
I спакайней бы жыў я шмат.
 
I менш бы, пэўна, чуў дакораў
Багемы п'янай дзеячоў,
I вашых усхваленьняў хворых,
I сьвісту купленых дзячкоў.
 
А так, сягоньня я ня першы,
Прыйшоўшы змораны дамоў,
Да позьняй ночы мыю вершы
Ад вашых пальцаў, ад сьлядоў.
 
I на крыклівы, падкалодны,
I на азэфаўскі ваш гул
На'т, можа, ў барацьбе няроўнай
Не адказаць я не магу, –
 
Таму, што на жывое слова,
Што вынес я зь сялянскіх хат,
Сплыла крыві цяжкая кропля
У міліёны тры карат.
 
1931
 
 
 
 
Гавораць, кат памёр
Гавораць, кат памёр... I сьмешна –
Загаласілі ў гэткі дзень.
I чую шэпат: – Гляньце, грэшнік
Найбольшы за труной ідзе.
Ён небясьпечны, неспакойны,
Гарыць у словах яго зьніч.
Ён хоча ўсіх сірот, галодных
I абагрэць, і накарміць.
Ён не маліўся ад калыскі,
Ня плакаў перад алтаром,
Калі агністым крыльлем нізка
Грымеў над намі неба гром.
Грэх на яго плячах вялікі –
Глядзіце – хіліць да зямлі!..
 
А я іду і ледзь ня крыкну,
Каб несьці радасьць памаглі.
 
1938
 
 
 
 
Яны
Калі ў гарне агнём вясёлым
Зазьзяюць зор, камет вуглі
I ўскалыхне сталёвы молат
Зямлі прасторы і Алімп,
 
За сны, Ікаравы надзеі,
За неадпомшчаную кроў,
За звон кайданаў Праметэя,
За дым ахвярны алтароў, –
 
У кузьню долі чалавека,
Свой затаіўшы вечны страх,
Яны прыйдуць у нашу Меку
Прасіць і каяцца ў грахах.
 
1937
 
 
 
 
*  *  *
Думаў: сёньня прайду сабе так,
Як другіх ходзяць сотні людзей,
Каб ня чуць толькі брэху сабак
Хоць адзін у жыцьці маім дзень.
 
Я забыўся, што вочы ў мяне
Не халодным блакітам гараць
I што плечы і рукі мае
Ад касы, ад сярпа, тапара.
 
Што пад сьмеху майго перазвон
Нават цяжка сьмяяцца, скакаць, –
Толькі сыпацца шыбам акон
I слупам ліхтары калыхаць...
 
I таму сярод вуліц крывых
Ціха вечар вясны не прайшоў
Бо чупрынай сем зор залатых
На далоні мазольныя зьмёў.
 
1931
 
 
 
 
На пэроне
Гудкі і калёс перазвон, –
Памалу цягнік пад'язджае.
Абмыла вячэрні пэрон
I песьня, і мова чужая.
 
I ўсё іх дзівіла у нас:
I беднасьць зямлі,
I багацьце,
Палёў хараство,
I вясна,
I нашы лазовыя лапці.
 
Чуваць быў начлежны напеў...
Праплакаў кулік над папарам.
Хтось «Мацюся» хрыпла запеў
Пад струны гавайскай гітары.
 
На захад ідуць цягнікі –
Лён,
Жыта,
Саснаі бяроза...
Гляджу і гляджу з-пад рукі,
Як наша юнацтва вывозяць.
 
1938
 
 
 
 
Бярозе
Каля шляхоў расстайных што так
Шуміш, бяроза, ў раньні час?
Прынёс я конаўку і лотак,
Каб сокам напаіла нас.
 
З табой дружыць заўсёды рады:
Як ляжам тут ля родных меж,
Ты нас прыкрыеш лістападам,
Густым карэньнем апляцеш.
 
А покуль я твой стан высокі
Рукою пешчу, не шкадуй
І веснавым бруістым сокам
За нашу дружбу пачастуй.
 
1937
 
 
 
 
Шумяць калёсы, ноч і зоры
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Скіну з плеч шырокіх
Скіну з плеч шырокіх
Рызманы пад лаву,
Закашу за локаць
Зрэбныя рукавы.
 
На адходзе вёсцы
Пакланюся нізка,
На мяжы бярозцы,
Што была калыскай.
 
А калі дадому
Больш я не вярнуся, –
Пра маю дарогу
Вам раскажуць гусі
 
Ці шляхі-этапы,
Дзе хадзіў, загінуў,
Дзе ў свой час апошні
Я знайшоў спачынак.
 
Каб памінкі справіць,
Клікніце знаёмых,
Цымбаліста Юрку,
Скрыпача Сымона.
 
Толькі хай ня плачуць,
Дужа не сумуюць
I да помсты песьню
З тапаром рыхтуюць.
 
Але мо' вярнуся –
Прынясу гасьцінцаў;
Да паўночы зорнай
Будзем весяліцца.
 
Прынясём саломы
I падпалім неба, –
Хай расчэша хмары
Пеўня алы грэбень...
 
Пойдзем мы у скокі.
I аж да заранкі
Будуць нашы ногі
Выкрасаць маланкі;
 
Будуць нашы струны
Рвацца ад пацехі,
Хлебам пахнуць гумны
I сьмяяцца стрэхі.
 
1937
 
 
 
 
*  *  *
Раніцы сьцежка. Іду я вясной.
Лес атапіла, шуміць пад вадой.
Жоўтыя вербы калыша рака.
Выйшаў знаёмае ў поле шукаць.
Між курганоў і ўскудлочаных траў
зноў, як заўсёды, напевы спаткаў.
Вуліца, вёска, гармоніка чад.
Хмеляцца ў скоках спадніцы дзяўчат.
Так бы, здаецца, пайшоў бы, памог -
ногі намулі аборай дарог...
Эх, каб ў мяцеліцы, ў гром, звон падкоў
болей сыпнуў хто вагню зь песьняроў!
Селі на прызьбе і ў мятнай імгле
гутарым. Сказы зялёныя: хлеб,
паша, каровы, зямля, сенакос...
Росіцца раньняй імглы малако,
і залацісты гармоніка пыл
гулка,
            задорна
                              страсаюць чубы.
 
20.IV.1938.
 
 
 
 
Яшчэ у гушчарах сасновых
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Дзед і Шчупак
Было неба то сіняе, то ружовае,
А пад ім малая хатка рыбака...
I было, як неба, возера шырокае,
Шумела там заўсёды асака.
 
А ў глыбокай тоні
                                        жыў шчупак сярэбраны
З вострымі зубамі, хітры, як купец.
Паляваў ня раз за ім стары дзед зь сеткамі,
Толькі дарма
                              муцячы
                                              возерную медзь.
 
Часам ён засядзе за ракітай зьвечара
I накрыша зораў – залатых зярнят.
Думае і цешыцца: на прыманку
                                                                      выплывеш,
Зораў не паласаваць не уцерпіш, брат!
 
Ды памалу дрэмле дзед стары
                                                                  над возерам.
А ў глыбокай тоні слухае шчупак,
Як над сонным берагам, ноччу
                                                                      заварожаны,
Ціха барадаты захрапе рыбак.
 
Выплыве тады ён, серабрыста кружачы,
Ціха так, каб хвалі соннай не збудзіць,
I з-пад сетак сініх прагна сваймі вуснамі
Пачынае зоры дзедавы лавіць.
 
Перш ён зловіць Сітца,
                                                  а пазьней Мядзьведзіцу,
Вып'е сьцежку зорную вясьняных сноў,
Выцягне з-пад сетак абаранак месяца...
I зноў, ціха кружачы, ападзе на дно.
 
I як толькі сонца ў барадзе сівеючай
Азалоціць першы серабрысты сьнег,
I як толькі вецер раніцой за пазухай
Казытаць мяккімі пальцамі пачне, –
 
Дзед прачнецца спуджаны,
                                                              паглядзіць на возера –
Усе зоры выпіў, вылавіў шчупак...
З гора замахае доўгімі рукамі,
Быццам папярхнуўшыся мукой вятрак.
 
Ды пачне гразіць ён шчупаку азёрнаму,
Ідучы дарогай церазь сенажаць...
А кругом гамоняць кнігаўкі і чэпікі,
Рассыпае вецер жвірам песьню жаб.
 
I здаецца дзеду,
                                    што сьмяецца возера,
Ў сонцы расьцьвітаючы, як чырвоны мак, –
Хіліцца, рагоча асака зялёная,
Што яго, старога, ашукаў шчупак.
 
1937
 
 
 
 
Таму часамі ціхі смутак
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Я гляджу на дываны
Я гляджу на дываны. Купец-татарын
Расхінуў іх. Ну і дзіва – ў цеснай краме
Яны дыхаюць далёкіх стэпаў жарам,
Зьзяюць марамі і дзівамі Сэзаму.
 
А ў кутку вісяць у засені другія:
Неба, нівы каласістыя і браткі...
Колькі хочаш вось за гэтыя льняныя –
За напевы і за казкі маёй маткі?
 
Паглядзеў купец – я голы. Ну і цэніць!
Даражэй назваў цану раз у пятнаццаць.
Калі ўсё, што меў, на стол сыпнуў я жменяй,
Ён пачаў, яшчэ не верачы, смяяцца.
 
Але ўсё пералічыўшы да санціма,
Змоўк і глянуў на мяне зь нямым дакорам,
Быццам я яму прыпомніў горы Крыма,
Вінаграднікі забытыя і мора.
 
1938
 
 
 
 
*  *  *
Зноў у аркестры скрыпачоў
На струн гарачых пазалоту
Прыносяць жоўты шум лістоў
I страх, паложаны на ноты.
 
Загаласілі тут і там
Смычкі тугой дажджлівай, шэрай,
Ды наша маладосьць сьлязам
I сумным песьням не паверыць, –
 
Калі з калючых мы дратоў,
З астрожных кратаў і бэтону
Бяз крэсіва, без тапароў
Жывыя высякалі тоны.
 
Барозны чорныя цяпер
Ахоплены зары пажарам,
І ўся зямля даўно, павер,
Чакае грамавых удараў.
 
1938
 
 
 
 
*  *  *
Абапал лес. Вышэй зялёны мох
Паўзе па глыбах стромкіх і пахілых.
А ручаі пясчаныя дарог
Плывуць, губляюцца за дальнім небасхілам.
 
Чырвоным зарывам абветран край зямлі.
Трывожна сочыш за ігрой праменьняў,
Пакуль ня змые сонечны прыліў
Апошнія, сярэбраныя цені.
 
Тады ў грудзёх сваіх пачуеш ты
Гарачую нахлынуўшую сілу,
Што кажа песьням, соснам залатым
Зьвінець, шумець пад гэтым небасхілам.
 
1938
 
 
 
 
Пад вечар
Пад вечар пацеркі густыя
З краплёў пасыпаў красавік.
Ты чуйна слухаеш, прынік,
Як звоняць пэрлы вадзяныя.
Ў іх зьзяе захад і усход,
Зор шафіровае праменьне,
Яны прапаляць да карэньня
Празрысты, тонкі, сіні лёд.
Спадаюць кроплі цяжка, роўна.
I неяк сумна аднаму.
І сам ня ведаеш, чаму
Ня можаш слухаць іх спакойна,
Глядзець, як зорная рака
Далёкі небасхіл калыша...
 
I новай маладосьці пішаш
Да дня пад звон красавіка.
 
1938
 
 
 
 
КАЛІНОЎСКІ
Адны любяць пад песьню схіліць галаву,  
Зажурыцца, як неба увосень,  
А другія, – дужэй, маладзей, –  
Ім дай песьню, каб сыпала цьветам...
 
Паўночны вецер
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
У абозе
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Пра Сьвітку першы раз чую
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Сьнег на шыбеніцах і на твары
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Дзяцюкі!
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
У карчме
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Пад звон шыб
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Канец песьні
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
КАЗКІ
Аж пачулі, нехта недзе грае,  
Толькі дзе і хто –  
Ня бачаць,  
Хоць ідуць  
На дзіўны голас краем  
Ноч і целы дзень гарачы.
 
Уступ
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Мухамор
На сьвітанні, на зары
У зялёным гушчары,
Дзе мох сьцелецца рабы,
Паспрачаліся грыбы.
 
На увесь зялёны бор
Расхваліўся Мухамор,
Што пад шапкай – маку цьвет –
Ён дзяцюк на цэлы сьвет.
 
Боты, гузікі гараць, –
Яму дзеўкі не дабраць
Пад ялінай, пад сасной
Ні багацтвам, ні красой.
 
Мог бы сьмела быць паслом
Або нават і царом –
Не сядзець век у траве
Ды разумнай галаве!..
 
– Ты хваліцца лепей кінь! –
Яму радзілі Рыжкі, –
Плёткі чуючы твае,
Падасінавік злуе.
 
На сварлівы твой язык
Скасурыўся Чашчавік.
Табе ўсыплюць пад бакі
Калі-небудзь Казьлякі...
 
– Мне начхаць на вас, на бор! –
Горда кажа Мухамор, –
Калі біцца – паглядзім,
Хто паставіць на сваім!
 
А залёгшы у траве,
Ўсё падслухаў Муравей;
Там, дзе мох і дзераза,
Сыраежцы расказаў.
 
А ў зялёным у бары
Гэта чулі Камары,
Яны вестку разьнясьлі
Ўсім Апенькам па зямлі,
 
Ды Ваўнянкам апаўдні
Раззванілі Авадні...
Па дубровах, па лясах,
Па мядовых верасах.
 
Аж прачнуўся на той крык
Пад яленцам Баравік,
Дзе пад мохам, як парсюк,
Спаў, сагнуўшыся у крук.
 
I пачаў ён развадзіць,
Мудра радзіць і судзіць,
Расшумеўся і з-пад траў
Нават галаву падняў...
 
Дзе мох сьцелецца рабы,
Ішлі дзеці па грыбы, –
Асьцярожная рука
Падняла Баравіка.
 
Пайшлі ў кошык Казьлякі,
Сыраежкі і Рыжкі...
I на ўвесь зялёны бор
Рагатаў наш Мухамор.
 
Рагатаў ён і крычаў,
Дзе схаваліся між траў
Падасінавік стары,
Дзьве Ваўняначкі-сястры...
 
Як пакінулі ўсе лес
У вячэрняй у імгле,
Шышкай галаву падпёр, –
Затужыў і Мухамор.
 
Што нявесела яму
Ў цёмным лесе аднаму,
Што няма з кім у бары
Ні аб чым пагаварыць.
 
На'т сьмяюцца апаўдні
З Мухамора Авадні.
А зара як дагарыць,
Усё звоняць Камары
 
Ад сасны і да сасны,
Што ёсьць грыб – такі дурны
Мухамор, эх, Мухамор!..
Эх, сасновы цёмны бор!
 
1937
 
 
 
 
Казка пра Мядзьведзя
Пад шэрую восень, пад верасень месяц,
Задумаў жаніцца Мядзьведзь ў цёмным лесе.
I кажа сватам:
                                – Мне шукайце пасагу;
Зіму зімаваць – трэба мёду і брагі.
А у мяне ні каня, ні гароду;
Падушка – і тая з альховай калоды.
За лета снапа мне нажаць
                                                          не прыйшлося,
То пчол даглядаў, то гнуў дугі, палозьзе.
Няхай сабе будзе ня важная жонка, –
Каб толькі я выжыў зіму пад сасонкай...
 
Хадзілі сваты ад Мядзьведзя па лесе –
Ўсё дзеўкі шукалі празь верасень месяц.
Хадзілі яны ў Белавеж да Зубрышкі,
Да Зайцавых дзевак,
                                              былі і ў Казьлішкі.
Там ветліва важных гасьцей прынімалі,
Крынічнай вадой, мурагом частавалі;
Стараліся ўсе ім у пояс хіліцца –
Сваты былі важныя – Воўк ды Лісіца! I
Калі што ня так, дык патрапілі б самі
Пагладзіць дзе трэба, памацаць зубамі...
Эх, важныя дзеўкі, былі б гаспадыні,
Каб мелі каўбасаў, курэй, саланіны.
Нашто і шукаць бы што недзе другое, -
Было б для Мядзьведзя жыцьцё залатое.
А то у Зайчышкі пасаг – руні жыта,
Зімой – зьледзянелая ў полі ракіта!
А у Казьлішкі дзядзеўнік ў імшарах,
Падушкі з пуховак, асоту гушчары.
Таксама ў Зубрышкі па ўсёй Белавежы
Ня зьлічыш стагоў непачатых і сьвежых...
Ды што зь іх сватам і Мядзьведзю сівому, –
Язык намазоліш, нагоніш аскому.
 
Пачулі сваты – ёсьць пад Нараччу дзеўка:
У лесе сасновым паджарая Белка,
Такая вясёлая, з цоканьнем, сьмехам,
Зьбірае зь ляшчэўніку толькі арэхі.
Насыпала поўныя куфры, як лёду,
Раскусіш – як сонца, зярняты – як зь мёду.
Сказалі Мядзьведзю:
                                                – Ёсьць дзеўка з пасагам!..
Прыбраўся Кудлаты у боты, ў сярмягу;
Кашулю узьдзеў, што злупіў у Міколы,
Як той бараніў ад яго калісь пчолы;
Ўзяў пояс ліповы і кій сукаваты, –
Пайшоў так са сьвітай Мядзьведзь наш у сваты.
 
Такое вясельле магло толькі хіба
Быць там, дзе ёсьць Нарач, бор цёмны ды рыба.
Ігралі ў цымбалы Шаршні і Асьвянкі,
Ігралі дзень цэлы ад самай заранкі;
Аў цёмным ягодніку зь Цецерукамі
У такт Дзятлы ў бубны лупілі насамі,
I зь вёскі далёкай, дзе жытнія гоні,
Ім Певень іграў на чырвонай гармоні.
«Лявоніху» ёмка скакала Лісіца, –
Аж ветрам паджарым шумела спадніца.
Як выйшаў Мядзьведзь,
                                                      топнуў левай ды правай,
Пайшоў прысядаць – замігцелі рукавы.
Скакаць ён так мог бы дзён пяць ці мо' дзесяць –
Адно толькі боты стапталіся ў лесе;
Ды на'т і ў мяне там знасіліся лапці...
На трэйцюю ноч пачалі разьязджацца.
 
Памалу прайшоў ціхі верасень месяц.
Ляжыць, пажывае Мядзьведзь ў цёмным лесе,
Дзе глуш ды сасновае шумнае рэха,
А Белачка носіць ваду і арэхі.
Насыпе Мядзьведзь іх у ступу, як лёду,
А зьверху бабухне дубовай калодай!
Наесца і сьпіць у сваім у палацы, –
На'т слухаць ня хоча, хто кажа аб працы.
Пражыў абібокам нямала так часу,
Пакуль не хапіла у Белкі прыпасаў.
Ляжыць і раве ён, ледзь бор не аглохне:
– Ой, мусіць, я хутка ня выжыву, здохну!..
Лячыла Мядзьведзя Варона-Шаптуха,
I Дзяцел пастукваў трубкай у вуха,
I банкі на пяты стаўляла Сарока,
Кампрэсы яму прыкладала пад бокам...
Ды што ні рабілі – ўсё не памагала.
Шмат вылізаў лекаў – гусіны і сала...
Ды што тыя лекі, калі наш Кудлаты
Зьеў двух дактароў зь Белавежы лычатых.
Хадзіў тады блізка Цыган хітры недзе,
Пачуў пра цяжкую хваробу Мядзьведзя
I кажа: – Ты, бацю, ня слухай нікога,
Цыган табе зельля парадзіць другога.
Відаць, ты ня можаш ні сесьці, ні легчы,
Ня можаш, мой баценька, мала ты есьці!.. –
Дзе ў лесе дарога, а збоку паляна,
Лячыў Цыган брагай-сівухай да рана,
Яшчэ паіў зельлем салодкім, як мёдам,
Спаіўшы, Мядзьведзя прыкуў да калоды,
А потым усыпаў бярозавай кашы,
Павёў яго цешыць людзей на кірмашах.
Перш доўга Мядзьведзь касурыўся ды охаў,
А потым зрабіўся такім скамарохам!
Дзе толькі ня прыйдзе пад хаты крывыя,
Зьлятаюцца дзеці, дзяўчаты, старыя,
Прыносяць салодкага мёду, арэхаў, –
А ён давядзе аж да сьлёз і да сьмеху...
Сьмяюцца і дзеці, і куры, і коні,
Як ён у шарахаўкі звонкія звоніць;
Сьмяюцца асьверы, і стрэхі, і хаты,
Як пойдзе скакаць пад цымбалы Кудлаты.
Здаецца, няпраўда, што людзі гавораць,
Што гультаяваты, што быў калісь хворы...
 
А Белачка там, дзе ёсьць пушча густая,
Ў сасновыя куфры арэхі зьбірае
I добра хавае, каб часам мядзьведзі
Іх там не знайшлі і вясковыя дзеці,
I чорнымі зорка пільнуе вачыма,
I лускае іх у сьцюдзёныя зімы.
 
А там за сасновым за лесам, за борам,
Блакітам і золатам граюць азёры!
А глянеш навокал – такая краіна:
Дзе ступіш – то рэха, то казка, быліна...
Ёсьць, праўда, і сумных нямала, бязь ліку,
Але мы іх лепей пакінем вялікім.
А вам, мае браткі, з вачыма, як золак,
Аддам усе дзівы тых казак вясёлых...
 
1937
 
 
 
 
Казка пра Музыку
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.