РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Матка
...
         Гэты першы дзень у школе прыгадваецца ў сувязі з абліччанм мне надта дарагой і заўсёды энэргічнай маткі. Няпісьменная была. Калі трэба было падпісацца, дык яна, спрацаваная гаротніца, ставіла на якой "ужэндовай" паперцы крыжыкі. Пальцы, што разам памайстэрску вілі тонкую пражу кудзелі лёну, ці ўмела ладзілі аснову для тканіны ў восем ці колькі там нітоў, гэтта на паперы ня слухаліся яе, дрыжэлі, калі трэба было тыя нямудрыя крыжыкі паставіць. Лічыць матка ўмела добра і ў грашовых гаспадарскіх справах мела набітую руку.
         Ня гледзячы на нястачу фармальнае адукацыі, мая маці Паўліна была рухавіком гаспадаркі й сям'і, у якой было васьмёра дзяцей. Зь вялікай пашанаю прыгадваю матчыны шорсткія рукі, вымыты-выпаласканы й асмужаны цонцам і вятрамі ейны прыгожы й заўсёды спагадлівы твар, вялікія блакітныя й лагодныя вочы й ці адну празрыстую, быццам раса, сьлязу, калі ў сям'і якое ліха здарылася.
         Ледзь да сорак пяткі дажыла. Лячылі ды зьлячылі яе, у магілу перадчасна загналі розныя вясковыя шаптуны й знахары. Калі-ж, - запозна ўжо, - агледзіліся, што жаўлакі абсыпалі жывот і пахвіны. ды ведамы лекар параіў іх "лямпай Рэнтгена" выпальваць, тады гаротніца апынулася ў шпіталі аж у адлеглай на 200 кілямэтраў ад дому Вільні. Адзінокая, у далёкім чужым горадзе, яна адыйшла ў лепшы сьвет калі мне ня было яшчэ чатырнаццаці, за два тыдні да часу пакуль тыя "браты" з усходу нам сваю "вызвольную" руку падалі. Матку пахавалі на Росах. Тры гады пасьля, калі я вучыўся ў Беларускай Гімназіі, адшукаў яе магілу. Збуцьвеў на ёй ужо драўляны крыж, на якім надвор'е сьцёрла напіс. Сяньня, пэўне, няма й магілы, бо ні было каму й за што якога помніка на ёй паставіць.
         У поўнай сваей ваяўнічай, - калі можна так сказаць, - велічы бачыў я сваю матку Паўліну тады, калі ўжо пачынаў разумець ня толькі што навокал адбываецца, але ўжо спанатрыў і розьніцу між сваімі й чужымі.
         За найму паловы нашага дому пад школу польская гміна плаціла дваццаць пяць злотаў на месяц. Ня ведаю, калі тая "школа паўшэхная" пачала нам, як казала маці, бокам вылазіць. Для дзетак патрэбен быў прастор і чысьціня. Дагледзь і пачысьці памешканьне, двор ззаду, адходкі для хлопцаў і дзяўчат. На двор нельга пусьціць ніякае хатняе птушкі, ці жывёлы. Зімою ненажора круглая печ, грубка, ніяк не магла задаволіць свайго апетыту на бярозавыя дровы. Засунь крыху зарана юшку дык учадзее панская настаўнічына галава. Ого!
         Якую вартасьць мелі ў той час дваццаць пяць злотаў? Жняя працавала доўгі летні дзень за паўтара злота й абед, а касец ішачыў касою дзень за два злоты. Кіляграм цукру каштаваў два злоты, дзесяток яец - трыццаць пяць грошай. За паўтара злоты можна было купіць таннага паркалю на сукенку, а за пятнаццаць злотаў справіць простыя боты з халявамі.
         Калі бацькі пераканаліся, што "аўчынка вырабкі ня стоіць" і пастанавілі пазбыцца школы, мне няведама. Але становішча пагоршала, калі аказалася, што школа ня толькі прыбытку нам не давала, але яшчэ й грошы каштавала. Справа ў тым, што варшаўскія акупанты ўзяліся ўводзіць "на крэсах культуру". Панскія й шляхоцкія вочы й насы зьвярнулі ўвагу на непабеленыя вясковыя платы, адходкі, коміны... Ці адзін селянін зубы на паліцы трымаў, дык дзе яму да якой "культуры" было...
         Як-ніяк, школа "паўшэхная" зьяўлялася маяком асьветы й палянізацыі нашага насельніцрва. Вось чаму і пры ўвядзеньні тэй нагляднай ці, сказаць-бы, выглядавай "культуры" яна мела для іншых прыкладам быць. Мае бацькі, пэўне-ж, не адразу спанатрылі, што адзін канец іхнай хаты, дзякуючы нейкаму прагрэсыўнаму загаду міністра "рэлігійных веравызнаньняў і публічнай асьветы" у адзін дзень здабыў новы "статус кво" і ім неўзабаве пачала пра гэта прыгадваць паліцыя з суседняга мястэчка.
         Вось загляне да "пана" Качана паліцыянт. Абходзіць, абгледзіць, усё абнюхае. Пакруціць свой панскі нос, галавой паківае. Там знойдзе адходак нячысты, гэтта плот ці комін непабелены, а ў іншым месцы, - ня дай ты, Божа, - каровін блін. Паліцыянт напіша карны пратакол на пяць злотаў. Бывалі выпадкі, што тыя паліцыянты, як заядзь якая, адзін за адным да "пана" Качана дарогу аблюбуюць. Як паладзяць гэну "культуру" уводзіць, дык і гміннай аплаты за школу на пакрыцьцё штрафаў ня хопіць. Бацька хадзіў да войта скардзіцца, прасіў, крычаў: - Забірайце к чорту вашу школу! Бокам яна мне вылазіць!
         Нічога не зьмянілася. У вёсцы ня было іншага адпаведнага дому, а паном ня рупіла будаваць асобную школу для дзетак нейкіх "крэсовых хамаў.
         Памятаю як адбываўся рабунак "пана" Качана. Бальшак прабягаў ля вёскі, амаль пад простым кутом да яе вуліцы, а бацькава хата, значыцца й школа стаяла на супрацьлеглым канцы. Зіма ратавала ад тых карных налётаў, але калі ўжо настане вясна, - трымайся, "пан" Качан!
         Паліцыянт прыяжджаў у вёску на бліскучым самакаце і заўсёды із даўгой стрэльбай, ці, як мы яе называлі, качаргой за плячмі. У кажнай гаспадарцы трымалі сабак, а ў некатарых і па два, Сабак трымалі на прывязі, але было й шмат, што мелі волю на вуліцы. Сабакі сваіх пераважна зналі й не чапалі, а ўжо калі зьявіцца які чужы пах, ну дык і налягуць. У паліцыянта-ж, ведама, ёсьць свой асаблівы пах. Гэтта-ж яшчэ й пах "качаргі", дык, яй-Богу, гэтта трэба было пачуць як у вёсцы сабакі сустракалі "стружа пожондку" акупацыйнае ўлады. Пачынаючы ад бальшака за панам паліцыянтам улягаў, аж заходзіўся, нейкі Жэўжык, тут-жа на падмогу яму бег Мурзік, далей Воўк і іншыя. За сабакамі наляталі дзеці, а за імі сьпяшаліся маткі, значыцца вясковыя жанчыны.
         Уявіце сабе такую какафонію: сабакі брэшуць, паліцыянт лаецца на тую "хамскую псякрэў", дзеці рагочуць, а маткі пагражаюць сваім нямыцькам, ды розгамі стараюцца й сабак і дзяцей дамоў загнаць. Гэта ніколі не ўдавалася. Трэба было паспачуваць і паліцыянту: - на ўсіх няпрывязаных сабак карных пратаколаў не напішаш, а абавязак пашырэньня "культуры" трэба было выконываць.
         Какафонія паўзе празь вёску да самай "школы паўшэхнай". Гэтта паліцыянт злазіць з самакату, крычыць на "кабет", пагражае ім, гоніць дахаты. Жанчыны ўсьцішаюць сабак і дзяцей, крыху адыйдуцца, але ведаюць, што галоўная дзея гэтай камедыі - бяды для Качаноў - яшчэ наперадзе. Трэба-ж абавязкова пабачыць што зробіць Качанова Паўліна, як гэтага пана ў чорнай вопратцы, зь вялікай "качаргой" за плячмі і зьзяючай сярэбранай "дзярлівай птушкай" на круглай шапцы прыйме.
         Калі бацькі ў такі час і быў , дык звычайна ўладзе на вочы не паказваўся, бо ведаў, што Паўліна ягоная слова ці розуму пазычаць ня пойдзе. Гэткім чынам, калі вясковыя выглядаюць з-за тыну, сочачы што робіцца, паліцыянт абходзіць і абнюхае цэлы Качаноў бастыён "культуры", моршчачы нос праверыць адходкі, а пасьля выцягвае прылады ды пачынае пісаць.
         У гэны час, прыгадваю, даводзілася мне бачыць сваю дарагую матку вельмі агрэсыўнай. Калі паліцыянт піша, яна сваім "простым языком" - папольску ніколі не гаварыла, - пачынала скардзіцца й прасіць, каб той ніякай кары не накладаў. Калі-ж "струж пожондку", зусім не зьвяртаючы на яе ўвагі, рабіў сваё ды пасьля намагаўся даць ей копію карнага пратакола, матка зрывалася да гвалтоўнай акцыі. Трэба было чуць яе сакавіты паток кленічаў.
         - Паночку! Ты пратакол мне? Каб ты жыцьця ня ведаў, як я ня маю спакою за працай каля гэтай вашай праклятай школы! Каб цябе зямля ні насіла, каб ты асьлеп сюды едучы! Каб табе й тваім паночкам было так лёгка, як мне лёгка ад вашай школы й зладзейства, што вы болі забіраеце, чым плаціце!
         Паліцыянт насупіцца, касурыцца на жанчыну, што як пчала, здаецца, джалам зараз пекане цябе ў мякаць.
         - Кабета! Я-ж свае абавёнзкі маю. Што ты ад мяне хочаш!
         У гэты час маці бяжыць да хаты й хапае дзе бліжэй што пад рукой, найчасьцей дзяркач ля сенцаў, ды гэтак зь дзеркачом у руках кідаецца да паліцыянта. У гэты час з вуліцы чуваць:
         - Дай яму, Паўліна!
         - Так яго, Паўліна! Дзеркачом яму па галаве!
         Падахвочаная матка яшчэ бліжэй насядае на паліцыянта. Праўда, разьятраная, яна ня траціла розуму й высьцерагалася, каб паліцыянта ня стукнуць дзеркачом, хоць махала ім пагрозьліва. Чаго добрага, паліцыянт мог качаргу з плячэй на помач схапіць. Матка ў той час паказвалася мне разьюшанай тыгрыцай, а ейныя кленічы рэхам паўтарала лагчына, у якой ляжала вёска. Пры такім матчыным наступе яшчэ ўзмагалася какафонія галасоў сбак, дзяцей і жанчын.
         Гэткая стычка звычайна, пад галасы адабрэньня вяскоўцаў, каначалася перамогай маей маткі Паўліны, Паліцыянт уцякаў ад крыклівай разьюшанай і небясьпечнай жанчыны. А я прыгадваю матку зь вялікай любоўю і ўдзячнасьцю, бо й гэткім вобразам простага змаганьня з чужой уладай рана адкрыла мне вочы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.