РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міхась Курыла
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
«Зямляцтва было для яго святым...»
 
Нататкі пра паэта Х. Чэрню
        У невялічкім артыкуле за люты месяц 1966 года пад загалоўкам “Дарагія госці” райгазета “Працоўная слава” Валожынскага раёна пісала: “Нядаўна ў Вішнеўскай сярэдняй школе адбыўся вечар сустрэчы з выпускнікамі. Вучні 11 класа вельмі прыгожа аформілі актавую залу і кафэ «Сустрэча», дзе можна было пасядзець за столікам і пагутарыць за шклянкай кавы.
        Вечар адкрыў дырэктар школы І. А. Абрамаў. Слова для прывітання гасцей атрымаў першы выпускнік І. В. Часноўскі. Вельмі цікава было пачуць аповед пра адкрыццё школы. Потым за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці былі ўручаны сярэбраныя медалі выпускнікам: намесніку дырэктара школы С. Г. Міцэвічу і Ірыне Гардынец – студэнтцы Мінскага педінстытута. На вечар прыехаў і яшчэ адзін жаданы госць – малады паэт, выпускнік школы Хведар Чэрня. Ён расказаў аб студэнцкім жыцці, прачытаў свае вершы (падкрэслена мной – М.К.)”.
        А ў кнізе “Люблю наш край…” (“Мастацкая літаратура”, 2006) на ст.ст. 219 – 226 у нататках Віктара Шніпа “Валожынскія мы” можна прачытаць, як любіў Хведар Чэрня сваіх землякоў. Выслоўе “Валожынскія мы” стала для паэта крылатым.
        “Гэтыя словы,− піша В. Шніп,− пры сустрэчы са мной любіў паўтараць Хведар Чэрня. Па ўзросце ён быў для мяне бацькам, але гаварыў як з роўным. Для яго зямляцтва было святым. І да яго прыходзілі ўсе, каб пачуць добрае слова падтрымкі і каб самім аддзячыць паэту за яго добразычлівасць. Іншага Хведара Чэрню я не ведаў.
        Мы сябравалі толькі нейкіх два гады, ды і нашых сустрэч было не болей дзесяці. Хведар Мікалаевіч не любіў асабліва ўспамінаць цяжкое дзяцінства, але як ён загараўся, калі згадваў свой гармонік, на якім цудоўна іграў. Ён радаваўся сыну і яго поспехам у спартыўнай школе хакеістаў. Радаваўся, калі яму тэлефанавалі маладыя паэты. Не любіў графаманаў, але па сваёй дабрыні перапісваў за іх свае вершы і дапамагаў надрукавацца. Усё марыў са мной з’ездзіць у вёску Лінкі, у якой нарадзіўся 10 чэрвеня 1939 г. Але так мы і не з’ездзілі.
        Час ляцеў, а нам здавалася, што ў нас наперадзе цэлая вечнасць”.
        Час праляцеў, і сёння, як аказваецца, імя Хведара Чэрні памаленьку забываецца нашымі літаратарамі і аматарамі прыгожага пісьменства (у Інтэрнэце, ва ўсякім выпадку, імя не выдаецца). Як бы і не існавала такога паэта на Беларусі. А дарэмна. Ён быў сапраўдным чалавекам і сапраўдным паэтам! Жыў, праўда, у такі неадназначны час, што праявіць свой талент шырока не кожнаму ўдалося.
        Народнае мастацка-літаратурнае аб’яднанне “Рунь” Валожынскага РЦК імя паэта Хведара Чэрні шануе і прапагандуе, як можа. Моладзь павінна помніць дарагіх землякоў, хто клапаціўся пра роднае слова, ведаў родную гісторыю, чакаў і верыў, што Бацькаўшчына наша будзе вольнай і незалежнай краінай.
        Перада мной нізка вершаў Хведара Чэрні, што перадаю на сайт “Родныя вобразы” для ўвекавечвання імя аўтара. Спадзяюся, творы паэта знойдуць свайго прыхільніка. Астатнім будзе карысна ведаць, што “рукапісы не гараць”...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.