РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Палянізацыя праз Марусю
...
         Старэйшая за мяне на гадоў дзевяць сястра Маруся змалку мела нейкі нешчасьлівы выпадак і скалечыла нагу, каторая пасьля сталася карацейшай. Можа з тае прычыны бацькі й пастанавілі даць ей прафэсыйную адукацыю. Калі скончыла сямігодку, паслалі ў жаночую прафэсыйную школу ў суседнюю зь Вільняй Новую Вялейку. Прыгадваю бесканечныя матчыны турботы, калі яна сушыла жытнія хлебныя сухары, ашчаджала, скарачаючы іншым, якую скароміну, ды ўсё высылала Марусі. Самыя матчыны падарожжы з тымі торбачкамі-пасылкамі на адлеглую за тры кіляметры пошту чаго каштавалі! і ніхто матцы не памагаў. Дагледзь хатнюю гаспадарку, іншых дзяцей ( а ўсе мы ў той час былі дробныя , як бульбачка), бяжы на поле зь сярпом, сядай за прасьніцу ці набільніцу, тні за мяліцай. Ці хто калісьці паводле нейкага "Галуп пол" зьмерыць аграмадную колькасьць працы, якую ўносіла ў беларускую гаспадарку наша працавітая жанчына?
         Маруся скончыла школу на выдатна, атрымала дыплём ды права навучаньня кравецкага рамясла й кухарства. Калі бацька нарэшце пазбыўся гэнай "школы падшэхнай", аддаў палову дому для карыстаньня дачцэ. Маруся звычайна трымала трох дзяўчат, якіх вучыла шыць і кухоннага майстэрства. Із сваймі дзяўчатамі яна абшывала амаль усю ваколіцу, а пераважна паненак з блізкіх маёнткаў і фальваркаў. Прыгадваю, што задоўга перад Калядамі ці Вялікаднем да нашае хаты пад'яжджалі панскія брычкі, а розныя панюсі прывозілі матар'ялы й заказы. Найбольш дзяўчаты пацелі над вышываньнем розных узораў для "пекных паненак" на іхных "начных кашулях". Ручное вышываньне йшло марудна й забірала мора часу. Начамі дзяўчаты ледзь спраўляліся з навалам працы, а я праклінаў аж два прасы якія заўсёды трэба было трымаць напагатове. Колькі яны, прагавітыя, жэрлі вугальля! І мала цешыла мяне разгляданьне нейкіх адубелых фігураў мадэлькаў з Марусіных журналаў парыскае моды.
         Ужо куды пазьней, падзарабіўшы, сястра адважылася пайсьці ў шпіталь на апэрацыю нагі. Нагу добра паправілі. Маруся была высокарослай, прыгожай, жыцьцярадаснай блёндынкай і, як памятаю, кавалераў мела налёт. Але для іх, здавалася, ня мела часу. Калі прыйшлі бальшавікі ды з крамаў зьніклі матар'ялы, а Марусі было для каго, аля ня было з чаго шыць, ей запрапанавалі "ўліцца ў артэль" інструктарам. Дзяўчына адмовілася. Заміж таго, яна скончыла настаўніцкія курсы й вучыла дзяцей у пачатковай школе. І падчас вайны, пасьля зьмены акупанта, яна прадаўжала вучыць. Нарэшце выйшла замуж за мясцовага дзяцюка, але нядоўга яны супольна жылі, бо вайной без належнай лекарскай помачы, у 1942 годзе замарылі яе сухоты.
         Мне чамусьці мая даволі адукаваная, начытаная, шчодрая, жыцьцярадасная й працавітая сястра прыгадваецца асабліва з аднае прычыны. У час ейнае навукі ў Новай Вялейцы акупанкты як мага падкручвалі вінцікі палянізацыі, а на яе, як казалі бацькі, насядалі, каб з праваслаўнае перайшла на рыма-каталічку. Справа ўкладнялася тым, што дзяўчына была надзвычайна здольная й працавітая і паводля школьных адзнак заўсёды адна зь перадавых, значыцца прыкладам для іншых. А як-жа тады, калі здурэлыя эндэкі й іншае сьмяцьцё лезла навалам Беларусам на горла, будзеш у школе трымаць праваслаўную Беларуску як прыклад для іншых? Трэба не забывацца, што прафэсыйных сярэдніх школаў было вельмі мала й туды ў бальшыні беларускім дзецям ня было доступу.
         Памятаю, як даведаўшыся пра інтрыгі ў школе, бацька забараніў Марусі ня толькі гаварыць і мяркаваць пра нейкае падарожжа ў каталіцтва, але загадаў напляваць на пагрозы ўладаў.
         - Выкінуць, дык дзяркач ім у горла. Іголку ўмееш дзяржаць у руцэ й неяк на кусок хлеба заробіш сабе.
         Пасьля такое бацькавай пастановы Маруся перастала назаляць. Маці-ж, хоць у працы і ў любові да свайго ўстойлівая, гэтта можа й пайшла-бы дачцэ насустрач. Хто яе ведае...
         Але на наступны год, калі вярнулася Маруся дамоў на летнія вакацыі, мы глядзім на яе, цешымся, што пахарашэла ды яшчэ ядзін год бліжэй да мэты, а яна... што гэта такое? Дзяўчына да ўсіх, у тым ліку й да бацькоў, адно папольску пшэкае...
         Памятаю, гэта быў час, калі дзеткам навет у вясковых школах забаранялі між сабой гаварыць пабеларуску. Я сачыў, што будзя рабіць бацька. Вось Маруся, здаецца ў сыботу ці нядзелю - нейкае сьвята было, - рыхтуе еміну на стол, розныя там салаткі ці іншыя прысмакі, ды да бацькі папольску гаворыць. І трэба было бачыць, як паволі наліваўся чырваньню й нэрвова круціў даўгія рудыя вусы Ігнась.
         - Ты, жаба, чаго ўжо тут мне днямі пшыкаеш, ды цокаеш, ды шмокаеш? Ці гэта ты, тамака каля гэтай псіны, паноў, палюдзку гаварыць забылася? Га? - кінуўся на дачку Качан.
         Маці, як маці, тут-жа сьпяшыла дачцэ на помач. Але гэта яшчэ больш пад'юдзіла бацьку. Насьцяне, на тым вялікім круку, на якім бацька гужы зь пянькі віў, вісела падпруга. Ён за яе ды да жанчын.
         - Як ты мне не перастанеш, то, не глядзі, што ты ўжо дзеўка, я цябе так высьвянчу, што дзясятаму закажаш!
         Перапалоханая Маруся тады ўцякла ў спальню й на ложку доўга хліпала ў падушку, а бацька яшчэ вылаяў матку, калі тая прадаўжала дачку абараняць.
         Гэтак скончыліся спробы акупантаў палянізаваць сям'ю праз Марусю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.