РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цішка Гартны
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
«Лайдак»
1
        Ужо падыходзіў канец дзесятае гадзіны раніцы, калі Палута вярнулася з травы. Ёй і на гэты раз пашанцавала: стражнік не ўбачыў і яна нажала два вялікія дапаўна мяшкі добрае паплаўное травы. Янкель, рамізнік, стрэўшы Палуту з травою, нічога не кажучы, адкупіў у яе абодвы мяшкі і яшчэ нават падзякаваў.
        Гэта Палуту дужа ўзрадавала, бо яшчэ дагэтуль яна ні разу так удачліва не зарабляла.
        Вясёлай ды здаволенай вайшла яна ў хату.
        – Ну, цяпер крыху супачыну. Ужо сёння болей нікуды не пайду. Дзякуй Богу, утаргавала, і хопіць для мяне на нейкі час. Вось толькі трэ было б збегаць на рынак ды купіць хаця кавалачак сітніцы Хведарку, – уголас сказала яна сама сабе.
        І, успомніўшы аб Хведарку, Палута кінула паглядам у запечак. Кінула паглядам і раптам сумелася, паціснуўшы плячыма: замест Хведаркі яна ўгледзела старэйшага свайго сынка, Янку, які, скурчыўшыся абаранкам, ляжаў прытоена ў запечку. «Што то мае быць? – прабегла ў Палуцінай галаве. – Толькі тыдзень мінуў, а ён ужо і дамоў наведаўся».
        – Янка, Я-а-начка-а! – уголас пазвала Палута і хутка падбегла да полу: – Ці ж гэта, Яначка, ты-ы? Чаго ты вярнуўся дадому, мой сынок? Можа, збег ад пана Замыжнага?
        Але хлопчык нічога не адказаў на мацерыны запытанні: ён моўчкі, потайна ляжаў, баючыся паварушыцца, і відно было, як спуджана паморгвалі яго прыплюшчаныя вочкі.
        – Ці ты чуеш, ці не? – гучней і злей гукнула Палута на сынка і штурханула яго рукою ў бок.
        Янка раптам узварухнуўся, выпрастаўся і мігам падняўся.
        – Мамачка, толькі не чапайцеся. Я вам сазнаюся – я збег ад пана Замыжнага. Вельмі ўжо там з мяне здзекаваліся: не кармілі зусім, білі, папіхалі, спаць не давалі. Я не мог сцярпець і... збег. Не беце, матачка-а... Не магу я служыць у Замыжнага, нізашто не магу і... не буду.
        – Брэшаш, распуснік!
        – Не, мамачка, дальбог, не, – стукнуўшы кулаком у грудзі, пакляўся Янка.
        Палута замаўчала і некалькі часу нічога не казала, але скора да яе надышло сумненне, і яна вымавіла да сынка:
        – А калі ты хлусіш, што тады будзе? Вось я толькі папытаю ў аканома Сідара, чакай...
        – Не, ні каліва не хлушу, ні беднага... Папытайцеся сабе ў дзядзькі Сідара... – умольна гледзячы Палуце ў вочы, апраўдваўся Янка.
        Але не паспеў ён дагаварыць свайго апраўдання, як пачуўся стук у акно, а за ім і голас знадворку:
        – Палута! Палута-а, га?
        Палута кінула Янку, барзджэй падбегла да акна і ўгледзела ў ім Сідара, аканома Замыжнага.
        – Ага-а! Сіда-ар! Чаго ж гэта вы? – запытала яна Сідара, прачыняючы акно.
        Сідар усміхнуўся і адказаў:
        – Чаго! Да ты, пэўна, і сама дагадалася... Гэта ж...
        – А што? – запытала Сідара Палута.
        – Да, простая рэч, за хлопцам прыехаў. Узяў учора ноччу і збег. Кінуў-рынуў у полі стада, а сам, займаздароў, драла. І ліха ведае, колькі ўчыніў шкоды: у сенажаць, ведаеш, рынула ўсё стада і нашчэнт здратавала з дзесяціну поплаву. Эх, такі ўжо, галубка, распусны ён у цябе, такі мудрагельны хлопец, што не дай ты рады. Пэўна, заснуў у пасецы, выпусціў з ваччу стада і з пярэпалаху ўцёк дахаты... Напэўна ж, я думаю, ён у цябе ўдому?
        Сідаравы словы не былі наўдою для Палуты: яна зразу, толькі што ўгледзела ў хаце Янку, думала гэта. Да кляцьбы і запэўнення свайго сынка Палута аднеслася з поўнаю няўвагаю. Нават і думкі не дапускала, што яе сынок запэўняе шчыра. Чамусьці яна верыла словам аканома Сідара. Толькі ён скончыў запытанні, як Палута адвярнулася да запечку, дзе насуплена стаяў Янка, і злосна прыкрыкнула на яго:
        – Ці ты чуеш, адшчапенец, што дзядзька кажа? Каб цябе паралюш задушыў. Ну ж, я табе пакажу, зараза.
        – Ша-ша! – перапыніў Палуту Сідар. – Крычаць – то ўжо ты не крычы на яго... По-добраму лепш скажы, угавары яго болей так не рабіць...
        – Го! не! Я-а яму пака-ажу! Эх, эх! І што мне рабіць з гэтым разбойнікам... светам круціць, на яго ліха...
        Яна злосна скрывіла міну, сашчапіла кулакі і намерылася кінуцца на хлопчыка.
        – Янка-а! Га, Янка-а! Хутка адзявайся і мігам з дзядзькам Сідарам назад да пана Замыжнага. Барзджэй! – прыказала яна хлопчыку.
        – Мамачка, родненькая, што хочаце са мною рабеце, куды хочаце пасылайце – толькі пазбаўце ад пана Замыжнага. Ён замучыць мяне... Там я з голаду памру. Не адпраўляйце мяне з дзядзькам Сідарам... Я з ім не паеду; ён вам няпраўду пра мяне наказаў... – з плачам у голасе, з мінаю на твары, якая выказвала глыбокую просьбу, умольна казаў да мацеры Янка. – Я ўсё роўна там не застануся, калі мяне туды сілаю завязуць. Уцяку, кіну... павешуся лепей ці ўтаплюся, а не ўслужу... – ужо з пагрозаю дадаў ён.
        – Як?! Ты мяне яшчэ страшыць уздумаў? Вось я табе дам – павешуся! Бяры андарак ды шапку і гайда назад! – узлаваўшыся да чырвані, крычала Палута.
        Янка спужаўся мацеры і паслушна злез з полу, зняў з кручка халацік ды шапку і, уздзеўшы іх, паслушна выйшаў з хаты.
        У дварэ сустрэў яго Сідар. Хапіўшы за руку Янку, ён жартліва сказаў:
        – Кінь журыцца, нябожа; пакуль жаніцца – загаіцца... Вось забывай усё, лезь на воз, і паедзем.
        Янка нічога не адказаў Сідару. Галодны ад учарашняга і аслаблы, але не могшы папрасіць у мацеры есці, ён пайшоў да воза і ўсеўся на мяшку з саломаю.
        – Янка, Яначка! – радасна кінуўся да яго Хведарка, прыбегшы аднекуль і ўгледзеўшы брата на возе. – Вазьмі і мяне з сабою, я хачу пад'ехаць – я так доўга не катаўся.
        Янка нічога не адказаў і братку: ён мэрам і не слухаў, што яму так рад і так шчыра сустрэў яго зусім нявінны ні ў чым Хведарка. Нават і вокам не кінуў на яго, калі пакрыўджаны Хведарка адышоў ад воза, сеў на прызбе і набочыўся.
        Не зважаючы на дзяцей, Сідар каля пяці хвілін аб нечым пашаптаўся з Палутаю, а пасля адвязаў каня і крануў з месца.
        – Бывай здарова, Палута! – сказаў ён да Палуты і паківаў галавою.
        – Бывайце здаровы, ягамосць Сідар... – дабрадушна адказала Палута і следам дабавіла: – Вы ўжо там не патурайце яму, ушчувайце добра, калі трэба; я яшчэ падзякую вам за гэта... Што з ім цырымоніі разводзіць!..
        Сідар засмяяўся і пагнаў каня.
        – Што ж, Янка, засмуціўся? Баішся ехаць? Кінь нудзіцца! – абярнуўся ён да Янкі.
        Янка маўчаў. Гурток цікавых дзетак, якія сабраліся вакол воза, а цяпер расступіліся і глядзелі, як той аддаляўся, крычалі ўслед Янку розныя выказы: «Вярніся, Янка», «Прывязі яблык, як паспеюць», «Прыязджай на Пётру». У грамадку дзяцей замяшаўся і Хведарка.
        Палута ж, толькі Сідар пагнаў каня, пакінула надворак і вярнулася ў хату. Усё, што здарылася з яе сынком, мэрам і не было – адышло на задні план, забылася.
        Удачлівы заработак і чародныя клопаты жыцця нахлынулі ёй у голаў і запаланілі Палуту.
        І толькі спусціўшы якую гадзіну, – ужо паспеўшы натупацца, збегаць на рынак і вярнуцца назад, – яна выпадкова звярнулася думкамі да Янкі; звярнулася і тут жа ўспомніла, што яна нічога не дала яму есці. Палуту ахапіла мацерына пачуццё спагады да свайго дзіцяці, і яна тужліва прамовіла сабе:
        – Ах, на дзіва, на ліха мне! Я ж і перакусіць яму нічога не дала! Можа, і сам ён нічога не браў? Пэўна, што не. Пэўна, што галодным паехаў, небарака, бо што ж ён мог знайсці? Ах, і прыгнала яго нядобрае, гэтага заразу Сідара!..
        Прайшоў цэлы тыдзень пасля гэтага. Была нядзеля. Палута, заклапочаная штоднёвым жыццём і яго вымаганнямі, ні разу не ўспомніла пра Янку: не бачыла перад сабою, і здавалася ёй, што малы спакойліва і памяркоўна нясе сваю службу.
        Але ў нядзелю зранку, зусім знянацку, штосьць нейкае перавяло Палуціну думку на Янку: «А маладзец, сынок! Бадай, прыладзіўся і цяпер паслухмяна выпаўняе службу. Не пашкодзіла, нябось, што ўшчунула добра».
        І толькі Палута выпусціла гэту думку, як знадворку данёсся ў хату знаёмы голас:
        – Палута-а! Палутка-а!
        Палута ажно здрыганулася ўсёй постаццю і мігам кінулася да акна. Зірнула – і разам падалася назад, нібы яе хтось адпіхнуў. «Ізноў Сідар!» – прамігнула ў яе галаве палахлівая думка. А Палуце падумалася, што гэта не думка, а непрытомны міжвольны выгук...
        – Сідарка-а, чаго-о вы ізноў?! – праз які час стрэла яна Сідара, які пераступаў парог у хату.
        – Я... я... і нават з дрэннаю весткаю... – з нарачытаю асцярогаю, працягваючы рукі да Палуты, гаварыў Сідар.
        – А што, што, што??! – не могучы ўстаяць на нагах, запытала асавелым голасам Палута.
        – Палута-а... Шша-а... супакойся-а... бедная... Твой Янка-сь... утапіўся-а... Вунь на возе яго целца... Ідзём узяць. Учора вынялі з сажалкі... Толькі і знайшлі, што ўгледзелі недаплецены кошык на беразе... – казаў Сідар, бязмоцны, каб спыніцца, ад горнасці і спагады да кабеты.
        Палута ж ужо не магла нічога казаць: плач сціснуў ёй сэрца да болі.
        Сідар кінуўся да яе, каб падтрымаць, але і сам чуў, як калаціліся яго рукі і поцем засцілаў вочы...
        
        А з усходняга канца мястэчка, праз тры дробных акенцы, даносіўся ў хату гучны трызвон: то званілі на абедню.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.