РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гаспадарка
...
         Вёска наша перабралася з вузкапалосак на хутары дзесьці ў пачатку трыццатых гадоў і бацькі мелі дванаццаць гактараў ворнае зямлі, уключна з агародамі, на якой добра радзіла бульба, лён, пшаніца, жыта і іншае збожжа. Свой мёд, - адборны, ліповы, - давала пасека, якіх дзесяць вульляў пчол. З хатняе жывёлы трымалі пару коней, дзьве ці тры каровы, некалькі сьвіньней і авечак. Апошніх аддавалі на пашу да іншага гаспадара, што меў больш сенажацяў. З хатніх птушак гадавалі індыкоў, якіх пасьля прадавалі. Каму як каму, а мне абрыдла для малых індыкоў зьбіраць карпіву, якую яны вельмі ахвотна елі зь кіслым малаком. Малыя індыкі - ненасытныя абжоры. Але даглядаць іх нялёгка й мусіш пільнаваць, каб, апроч еміны, і цяпла мелі даволі.
         Мелі бацькі й гактараў дзесяць так званага балота. Там рос дробны сасоньнік, хвойнік, мясцамі бярэзьнік, а на дрыгве касілі балотную траву. Стагавалі яе там-жа й зімою, калі балота замярзала, прывозілі сена на санях дамоў. Усю зямлю апрацоўвалі сіламі свае сям’і, рэдка калі наймалі адну ці другую пару рук на жніво. З воўны авечак мелі сукно й падсуконьнік, з аўчынак - кажухі, зь лёну - кужаль і зрэб’е. Маці й старэйшая сястра за зіму вытыкалі кросны разы чатыры, калі ня больш, бо сям’я ў бальшыні апраналася ў саматканае. Крамнае каштавала дорага.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.