РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юрась Півуноў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Першы скачок, або Хрышчэньне небам
1
        Напачатку васьмідзясятых гадоў мінулага ХХ стагодзьдзя давялося мне служыць у доблесных паветрана-дэсантных войсках. Службу праходзіў у адным зь мястэчак Адэскай вобласьці, побач з Малдовай. Край той яшчэ Гагаузіяй завуць. Маляўнічыя, скажу вам, мясьціны — вінаграднікі, абапал дарог замест нашых беластвольных прыгажуняў-бярозак абрыкосавыя дрэўцы растуць.
        Дарэчы, дывізію нашу ў войсках ахрысьцілі “п’янай дывізіяй ПДВ”. Самі разумееце, дзе вінаграднікі — там і віно. Але тут гаворка пойдзе не аб прапітанай віном, урадлівай зямлі паўднёвай Украіны, бо да таго, як трапіць у часьць, мне давялося напрацягу некалькіх месяцаў таптаць дэсантныя (са шнуроўкай, каб у паветры не спадалі) боты ва ўчэбнай дывізіі паветрана-дэсантных войскаў у Гайжунаі, што пад Каўнасам у Літве.
        Дэсантнік на тое й дэсантнік, каб зьнянацку спускацца зь нябёсаў. Дык вось, гэта быў мой першы скачок...
        Паднялі нас ноччу, глыбокай і цёмнай. Парашуты загрузілі на “Уралы” і яны “паехалі” на аэрадром (за 10 кіламетраў ад часьці). Нам жа было загадана “ногі ў рукі” і пераадольваць гэную адлегласьць марш-кідком ляснымі, балоцістымі сьцяжынамі-дарогамі. Калі мы ўрэшце прыпляліся на аэрадром, над ім разьліваўся малінавым сьвятлом летні чэрвеньскі ранак.
        ... АН-2 адарваўся ад узьлётнай паласы і пачаў паступова набіраць вышыню. “Ну, бывай, матуля...”, — падумаў я, стрымліваючы нервовыя дрыжыкі ва ўсім целе. Зірнуў на сяброў па “няшчасьці” — твары бледныя, вочы круглеюць прапарцыянальна набору самалётам вышыні і вось... сірэна!
        Адчыняецца люк, гучыць каманда “Першы, пайшоў!” (я павінен быў дэсантавацца другім), а ён, гэты першы, замест таго, каб скочыць, са страху ўчапіўся рукамі ў люк — і ні туды, і ні сюды. Ну, і што вы думаеце? Адарвалі ўсёткі хлопца ад самалёта, далі “паскарэньне” — паляцеў пехацінец крылаты... Толькі гэта я, заплюшчыўшы вочы (ня так страшна — усё ж кіламетр вышыні пад табой!), кінуўся сьледам, аж не — трымаюць. Вось тут як зірнуў я ўніз, так і абмяк. Пасьля таго, як па плячы ляпнуўшы, сказалі “Можна!”, з самалёта вылецеў бы мех са збожжам.
        Трымаючы ў памяці інструктаж мужных камандзіраў, што ўжо крыху падзабыліся на свой першы кідок у бездань, адлічыў “пяцьсот адзін... пяцьсот два... пяцьсот тры”, пацягнуў за кальцо — парашут зашамацеў уверх ды раскрыўся. Але што гэта?! Усе стропы аж да купалу скручаныя! Не шанцуе дык не шанцуе. Толькі наважыўся штык-нажом іх рэзаць, каб потым адкрыць запасны парашут, ажно гляджу — плаўненька гэтак раскручваюцца. Дзякуй Богу! Адлягло ад сэрца.
        Радасьці-шчасьця, скажу вам, было... Лунаю пад аблокамі. А там ціха-ціха, толькі шапаценьне ветру ды моцныя слоўцы гэткіх жа новасьпечаных дэсантнікаў (стрэс здымаюць). Рот разяпіў, сонейку шлю прывітаньне — арол-птушка нябесная ды й годзе. Кінуў вокам уніз — да зямлі яшчэ далёка. Купаюся ў шчасьці далей... Раптам я-ак шмякнуся мяккім месцам на штосьці. Ну, думаю, на нечый купал парашутны сеў. Тут уваччу і пацямнела адразу...
        Апрытомнеў — браткі-дэсантнікі вакол стаяць. Аказваецца, так я радаваўся жыцьцю, лунаючы ў нябёсах, што не заўважыў як на зямельку-матухну пляснуўся. Потым, за два гады службы, яшчэ было шмат скачкоў з парашутам, але гэты, першы, запомніўся на ўсё жыцьцё. Такое вось было ў мяне хрышчэньне небам.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.