РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Партрэт з сябрам, падобным да Вінсента Ван Гога
ПАРТРЭТ З СЯБРАМ, ПАДОБНЫМ ДА ВІНСЕНТА ВАН ГОГА
        Неістотна, здзейсніў ты злачынства ці не, галоўнае – цябе абвінавацілі ў злачынстве. Напісалі і надрукавалі пра ганебны ўчынак чорнымі літарамі на бялюткай паперы. I не Ваня, і не Янка з краіны Мухаморыі тое крэмзалі, а янкі з Нью-Йорка на старонцы тамтэйшай «Таймс». А дробная свалата падхапіла навіну, і па ўсім свеце пакаціўся брудны лямант, як кола купальскае з гары. I ты кругом вінаваты, хоць сам ведаеш пра сваю невінаватасць. Пачынаеш кідацца, мітусіцца, выйсце шукаць...
        I дзе яно, тое выйсце? Ад сябе не ўцячэш! А чаму б і не ўцячы ад сябе? Я – не я, і хата не мая. Яны – янкі – думаюць, што я – Вова Адамчык, які пад псеўданімам Джулія Хілпатрык выдаў раман «Рэт Батлер». А калі я перастану быць Адамчыкам і стану Нацэўскім? Стану Міхасём Нацэўскім, пачну жыць пад Вільняю ў вёсцы. Завяду трусоў. Пачну рабіць дабро ціхамірнае, пастаральнае, жыццесцвярджальнае. Кіну літаратуру, вярнуся да малявання... Не! Не, не і не. Трава, трусы, вёска – не маё.
        Успаміны пра амерыканскі «наезд» наплылі, калі патэлефанаваў мне Нацэўскі і папрасіў напісаць пра ягоны праект Second Second Hand. Міхась забаўляецца жывапісам. Выдатны занятак. Бярэ рэпрадукцыі і перамалёўвае на свой капыл. I не абы-каго бярэ, а суцэльную класіку. Вангогавы сланечнікі схапіў – і перамаляваў, і яшчэ падпісаў To Vincent. О, каб я здагадаўся паставіць на вокладцы кніжкі пра Батлера прозвішча Мітчэл! Во было б дзіва. Не чатыры мільёны, а чатырнаццаць мільёнаў прадалося б. А Міхась ставіць Вінсентавы аўтографы і на сланечніках не спыняецца, а бярэ аўтапартрэты (рэпрадукцыі) і малюе сябе, нібыта ён – Ван Гог. А яшчэ ўгаворвае сябрўкоў маляваць яго як Ван Гога. I сябрукі панамалёўвалі процьму Вінсентаў-Міхасёў рудабародых. Каб запэўніць гледачоў, што ў Нацэўскага і Ван Гога падобныя твары, Міхась прыкладае свае пашпартныя здымкі да аўтапартрэтаў вялікага галандца. Але гэтага падаецца замала, і Нацэўскі кладзе туза казырнага - даведку формы № 9 (са здымкам, вядома), дзе пазначана, што ён «заявіў(ла) пра страту пашпарта». Вось такая мастакоўская гульня. Дзе Вінсент? Дзе Міхась? Паспрабуй разбярыся. I калі ты не мастак і не мытнік, дык і не разбярэшся. Памятаеш?.. Усе тайцы-кітайцы на адзін твар. Але гэта няпраўда. Гэта калі з Еўропы пазіраць на кітайцаў-тайцаў, яны вельмі падобныя, а калі зойдзеш у бангкокскі бардэль і пачнеш выбіраць сабе прастытутку з шэрагаў усмешлівых дзяўчатак, дык адразу адчуеш розніцу. З гэтай можна, а з той пачваркаю і за грошы нічагусенькі не атрымаецца. На яе не паўстане твая жывёльна-прыродная сутнасць. Але неабавязкова ў Бангкоку ў бардэль зазіраць, каб розніцу тайскіх твараў убачыць. Можна і да мастакоў завітаць. Іх цэлыя вуліцы. Майстэрні адчыненыя наросхрыст. Ідзі і глядзі, выбірай і купляй. I калі ты думаеш, што ў Тайландзе вельмі папулярнае тайска-кітайска-кампучыйскае мастацтва, памыляешся. Ван Гог там у пашане. Ён фаварыт. У кожнай майстэрні пару-тройку Вінсентаў абавязкова знойдзеш. Такіх свежых-свежых, такіх яркіх-яркіх. А побач вісецьмуць Клімт з Манэ. I альбомы стаяцьмуць. Выбірай любую рэпрадукцыю, і праз дзень атрымаеш карцінку на палатне. I зболыпага яна атрымаецца падобная да рэпрадукцыі і зусім непадобная да арыгіналу. Дзе Вена, дзе Бангкок? Дзе Амстэрдам, дзе Пекін? Вось і плодзіцца рэпра-рэпрадукцыйны Ван Гог. I няма ў гэтым ніякага крыміналу. А шкада. Бо мяне болып цешаць падробкі, чым копіі з імправізацыямі.
        Падробка – вось што цікавіць мяне найболып. Памятаеш, у штатаўскім фільме... Не, я не пра «Знесеных ветрам», а пра «Як скрасці мільён» хачу нагадаць. «Ну, хоча японец мець Ван Гога, хай мае. Я дапамагу яму суцешыцца. Прадам яму свайго Ван Гога», – разважае адзін з галоўных герояў, майстар па падробках. I японец, ясны пень, купляе падробку. А вось у фільме «Мадэрністы» сітуацыя разгортваецца ў процілеглым кірунку. Азіят набывае сапраўдныя палотны Мадыльяні, каб увайсці ў парыжскую эліту. А тусоўка згаворваецца і кажа, што ў азіята – падробкі. Ён рэжа і паліць геніяльныя палотны, і ніхто яго не спыняе.
        Ну, кепская ў чалавека здатнасць адрозніваць адно ад другога, сапраўднае ад несапраўднага, сваё ад чужога. Ван Гог вар’яцее, Мадэльяні памірае ў жабрацтве, а падробшчыкі... Не! Падробшчыкі – яны ж крымінальнікі і трапляюць у турмы. Іх ловяць, судзяць, садзяць за краты. Хто? Маршаны! «Бойся, Валодзя, маршанаў!» – казала мне геніяльная перакладчыца вершаў Басё на расійскую мову Вера Маркава. Самая жахлівая з’ява ў жыцці мастацтва – маршаны. Прозвішча «Маршан» меў галерэйшчык, які запрасіў мужа Маркавай – мастака Леаніда Фейнберга з выставаю ў Парыж. А хто з мастакоў пачатку XX стагоддзя не хацеў выставіцца ў Парыжы? Леанід спакаваў палотны і адправіў цягніком. У Парыжы ён апынуўся без карцін. Усе яны зніклі ў дарозе. Уся шматгадовая праца прапала. I прычына хавалася ў творах Фейнберга. Ён захапляўся венецыянскім жывапісам часоў позняга Тыцыяна. Ён вывучаў іх жывапісную тэхніку і ствараў свае карціны на манер старых венецыянцаў. Маршан скраў палотны, каб прадаваць іх як творы невядомага венецыянскага мастака. «Бойся маршанаў!»
        I я баяўся маршанаў з ЗША. Маршан – Тэд Цёрнер, гандляр тэленавінамі, – загадаў янкам апублікаваць абвінавачанні ў мой адрас. Маўляў, толькі яму і Амерыцы належыць права на вобразы Батлера і Скарлет, а я скраў вобраз, я злодзей. I шмат хто паверыў. Большасць паверыла. А Міша Нацэўскі не паверыў. Ён аддаў мне свой пашпарт. Толькі я падобны на Нацэўскага значна менш, чым ён да Ван Гога. Каб знішчыць непадабенства, можна было б пераклеіць фотаздымкі ў дакументах. Можа, гадзіны тры я сядзеў за сталом і разглядаў пашпарты. I падчас разглядання зразумеў: не мае права спадар Тэд на вобраз Батлера. Калі мастак хоча намаляваць Хрыста, ён мае поўнае права яго маляваць. Калі Міша Нацэўскі жадае перамалёўваць сланечнікі Ван Гога, пэндзаль яму ў руку. А вось я не меў права не расказаць гэтую гісторыю з пашпартам, гісторыю нашага сяброўства.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.