РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чатыры погляды на праблему абутку
1
1. Кропка гледжання
        
        Думаю, што знаёміцца мы не будзем, спадзяюся, што ўсе ведаюць мяне, і ведаюць, якую пасаду я займаю ва ўпраўленні культуры аблвыканкама. Хацелася б сказаць некалькі словаў адносна справаздачнага канцэрта вашай дзіцячай школы мастацтваў. У першаю чаргу аб недахопах ў рэжысуры і ў сцэнарыі мерапрыемства. Канцэртныя нумары павінны быць больш яркімі, больш дынамічнымі і выразнымі. Расстаўляць іх трэба такім чынам, каб глядач пэўна адчуў развіццё, кульмінацыю і фінал канцэрта. Гэта важна. Вялікае значэнне маюць афармленне сцэны, тэхнічнае забяспячэнне, праца вядучых, касцюмы ўдзельнікаў. На апошнім засяроджваю ўвагу. Вельмі несур’ёзна выглядалі сёння гітарысты, выконваючы класічную музыку ў красоўках. Трэба ж мець пачуццё стылю! Я мяркую, за два месяцы, як мы разаслалі загады па раёнах, магчыма было падрыхтавацца крыху лепей...
        Што такое?.. Так, я разумею Вашы крытычныя адносіны да асобных выкладчыкаў, уласна да Вас, і да ўсяго вашага калектыву... Згаджаюся, што і падрыхтаваць канцэртныя нумары, і ўвогуле арганізаваць мерапрыемства можна было лепей – я, здаецца, толькі што пра гэта гаварыла... Але вялікая да Вас просьба, перапыняць мяне не трэба. Я не магу размаўляць паасобку з усімі, хто прысутнічае ў залі. Будзе час, Вы таксама выкажаце свае думкі. Прабачце, хто Вы? Так, выкладчыца па класу віаланчэлі...
        
        
2. Меркаванне
        
        Як дырэктар, павінен сказаць - ўсё, на што ўказала нам камісія канкрэтныя і правільныя заўвагі. Правяраючыя выканалі сваю працу прыгожа і прафесійна: прыехалі, адгледзелі, пакрытыкавалі, пажадалі і развіталіся з дзяжурнымі ўсмешкамі на тварах. Але таксама хачу сказаць і пра тое, што ва ўмовах нашай местачковай школы, без сваёй залы і без, уласна, сцэны, мы зрабілі нават больш, чым маглі! І яшчэ невялікі нюанс – камісія не ўзгадала, што загады аб справаздачных канцэртах яны разаслалі за два месяцы, а дату тых канцэртаў вызначылі за два тыдні. Прычым адзін тыдзень выпаў на дзіцячыя канікулы. Маўляў, круціцеся, як хочаце. Наконт канцэртных касьцюмаў правільная заўвага з іхняга боку. Гітарыстам трэба сачыць за абуткам... А ўвогуле ўсё прайшло нядрэнна, і я падтрымліваю Ваш аптымізм, веру ў калектыў, радасныя пачуцці і добрыя адносіны да іншых настаўнікаў, паважаная выкладчыца па класу віяланчэлі... Дзякуй, дзякуй за віншаванні...
        
        
3. Заўвагі
        
        За такія адносіны да настаўніка вам усім вушы трэба панакручваць! Я ж прасіў, як толькі скончацца канікулы, адразу з’явіцца на заняткі. Да канцэрта заставалася цэлых пяць дзён. Не, яны ўсё роўна два дні прагулялі! Потым, хто ўвесь канцэрт бегаў за занавесам, і ўрэшце рэшт папсаваў яго? Акрамя гітарыстаў некаму было гэта зрабіць! Добра, што з кіраўніцтва ніхто не заўважыў...
        Усе гаварылі пра вашу форму адзення. Хай сабе Міця прыйшоў у красоўках, яго кранаць не будзем – адна маці, працуе на дзьвух работах, на ўсіх дзяцей абутку не набрацца. Але ж астатнія двое маглі б і туфлі пашукаць. Аднак праграму падрыхтаваць Міця мог, і павінен быў - удвая лепей! Усе ведаюць, як ён можа іграць, калі захоча... Хто там ломіцца ў дзьверы? Ды адстаньце вы ад мяне ў рэшце рэшт! Гэты клас замацаваны за мной, ў мяне зараз ідуць заняткі, і нікому я яго саступаць не зьбіраюся! Вы можаце скардзіцца, куды пажадаеце...
        
        
4. Разважанні
        
        Міця – тое! Міця – гэтае! Што ім ад мяне патрэбна? Усё ім не так! Сыграў, як здолеў... Паспрабавалі б яны падрыхтавацца за некалькі гадзін да пачатку канцэрту. У панядзелак трэ было налавіць рыбы, таму што тыдзень сядзім бяз грошаў. Добра, што маці яшчэ цыгарэт у інтэрнаце прадала... У аўторак яна пайшла з раніцы на працу, а тут дзяжурства падвярнулася, маці засталася да ночы. Ёй нельга ад працы адмаўляцца. А каму тады, акрамя мяне з малой Алёнкай сядзець? Вось і атрымалася, што толькі сёння, перад канцэртам, пачаў рыхтавацца. Давялося школу прапусціць. Але гэта дробязі. Ці ў першы раз? За дзьвярыма я чуў, як настаўнік абараняў мяне. Што ім усім гэтыя красоўкі даліся? Класныя “красы”! Зараз трэба ў кустах зняць іх. У інтэрнат пайду ў сваіх старых “танках”. А то ж скажуць, што ўкраў! Гэта, як заўсёды. Знойдзецца які-небудзь дурань! А я ж пазычыў. На пятым паверсе, каля Віцькавых дзьвярэй стаялі. Вельмі мне спадабаліся. Але ж гэта – на канцэрт, а не куды-небудзь! Віцька зразумее, а вось яго бацькі – невядома...
        А віаланчалістка дае джазу! У інтэрнаце жыве насупраць, і ніколі не вітаецца. За апошні месяц ужо другі пасяліўся ў яе. А яшчэ бегае да нашага настаўніка сварыцца за клас. І ня сорамна ёй! Маўчала б ціхенька... Трэба ёй, як прывядзе наступнага, клею “Фенікс” наліць на гумавую дарожку, і запаліць. Страху няма, звычайны жарт. Але пэўнае адчуванне пажару...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.