РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адно пытанне
1
        Той тэлефон я яшчэ доўга не мог адрамантаваць. Падклейваў яго, замотваў iзаляцыйнай стужкай. У iм нешта ўвесь час адыходзiла, ён то званiў, то не званiў. Вядома, што ў гэтых маiх пакутах лягчэй за ўсё было абвiнавацiць амерыканцаў, але цi правільна тое было б з майго боку?
        Неяк у суботу вечарам патэлефанавала сястра. Сказала, што прыходзiў Мiкола Малусевiч з нейкiм пiсьмом з Амерыкi. Быццам у Калiфорнii адшукалiся ягоныя сваякi, якiя ў блiжэйшыя днi будуць тэлефанаваць, і што, маўляў, спатрэбiцца мая дапамога. Назаўтра з ранiцы Мiкола павінен сам зайсцi і падрабязна ўсё расказаць. Я не стаў удакладняць дэталяў, паклаў трубку і выйшаў на двор, разважаючы пра непрадказальнасць вясковага жыцця і часам пра незвычайную ролю ў iм мясцовага настаўнiка.
        Мiкола аб’явiўся назаўтра толькi ў другой палове дня (пазней я выпадкова даведаўся, што ён ужо два днi хадзiў па знаёмых і частаваўся гарэлкай, карыстаючыся ўсеагульнай цiкавасцю да таямнiчага пiсьма). Я сустрэў яго ў калiдоры, калi збiраўся выйсцi на двор. Крыва ўсмiхаючыся, абдаючы перагарам, ён палез быў абдымацца, але, зірнуўшы мне ў вочы, перадумаў і мiтуслiва пачаў корпацца ў кiшэнях. «Зараз, Кастусь, зараз…» – мармытаў ён сам сабе, пляскаючы далонямi па фуфайцы і штанах. Ён выглядаў гадоў на дзесяць старэйшым, хоць мы былi амаль што равеснiкi. Некалі Мiкола скончыў сярэдняе ваеннае тэхнічнае вучылiшча, але сяброўства са спiртным дужа паўплывала на ягоную кар’еру і асабiстае жыццё. Ён прыехаў на радзiму з апошняга месца службы без сям’і, без звання, без грамадзянскай спецыяльнасцi.
        Нарэшце Мiкола дастаў зацёрты, пакамечаны лiст паперы з кiшэнi штаноў, а аднекуль з-за пазухi – канверт, разарваны па ўсiх швах. «Глядзi, Кастусь, -- усхвалявана пачаў тыкаць Мiкола ў надпiсы «Malusevich» і «California», і, паступова павышаючы голас, амаль што крычаць. -- Гэта маё, разумееш? Маё прозвiшча! Бяры, чытай пiсьмо!»
        Пiсьмо было напiсана на дрэннай расейскай мове. Там-сям праскоквалi беларускiя словы. Пiсаў родны брат Мiколавага дзеда. Ён радаваўся, што адшукаў сваякоў, коратка распавядаў аб сваiх сынах – старэйшы быў доктар, малодшы рок-музыкант. На момант напiсання пiсьма малодшы сын-музыка быў на гастролях – выступаў у Японii.
        На апошні факт Мiкола асаблiва нацiснуў, ведаючы пра маё захапленне рок-музыкай – ён выхапіў пiсьмо з рук і дрыготкiм голасам пракаментаваў: «У Японii! Ты разумееш? Са сваiм уласным гуртом!» Ён лупiў мяне па плячы, пiхаў у грудзi, махаў перад вачыма паперай і шчыра не разумеў, чаму ж і я так экспрэсіўна не падзяляю ягонага захаплення. Яго ўласны выгляд запэўнiваў у тым, што я павiнен скакаць, прысядаць і таксама лупiць яго па плячах. «Ты не зразумеў, Кастусь! Глядзi – «Malusevich», «California»! А ён, мой дзядзька, на гастролях! У Японii!» Я далiкатна перачытаў пiсьмо яшчэ раз і, адчуваючы сябе некалькi вiнаватым, ветлiва спытаўся, што ж патрабуецца ад мяне?
        Мiкола адхiснуўся ад мяне, як ад пякучага полымя, і, акруглiўшы вочы, цiха прасiпеў: «Кастусь…» Ён зрабiў вялiкую паўзу, павольна споўз спiнай па касяку дзвярэй, прысеў, апусцiў нечакана ацяжэлую галаву. Потым страпянуўся, паглядзеў на мяне тужлiвымi вачыма бяздомнага пса і запытаў: «Кастусь, што мне iм сказаць?»
        Я без ценi сумнення адказаў, упэўнены ў логiцы сваiх слоў, што размаўляць з iмi можна аб усiм. Хвалявацца тут няма чаго – аб чым запытаюць, пра тое і кажы. Час ужо, дзякуй богу, даўно змянiўся. Зразумела, трэба падтрымаць iхнюю цiкавасць да нашага жыцця – прапанаваць часцей тэлефанаваць, прыехаць у госцi.
        Мiкола глядзеў на мяне не міргаючы. Мне здалося, што ягоныя вочы напоўнiлiся мудрым разуменнем таго, што адбывалася. Як быццам нейкi першабытны iмпульс адкрыў яму сутнасць гэтай таямніцы – глабальнага аб’яднання славянскiх душ у сусветным маштабе. Ён аблiзаў губы і, зачаравана гледзячы мне ў вочы, прашаптаў: «Кастусь, ты ж зразумей, яны ж там… А я тут… Разумееш? Што ж я iм скажу?»
        Толькi пазней, узгадваючы сустрэчу з Мiколам, я падумаў аб тым, што ў своеасаблiвы кульмiнацыйны момант Мiколавага маналогу наступаў час, калi я павiнен быў налiць яму чарку. Але, як і ўласціва ўзнёсламу iдыёту-iнтэлектуалу, не ўважлiваму да мясцовых умоўнасцяў, я нават і не падумаў аб нечым такiм, у думках заняты варыянтамi адказу на пiсьмо і тэмай магчымай размовы з амерыканцамi па тэлефоне. Свае разважаннi я сiстэматызаваў і добрасумленна прадставіў Мiколавай увазе.
        Той, быццам я нiчога толькi што не казаў яму, падняўся з парога і запытаў: «Кастусь, а як жа я буду з iмi… Яны ж у Амерыцы… ШТО мне iм казаць?»
        Магчыма, нейкi псiхалагiчны бар’ер – калi межы яго ўласнага сусвету рэзка пашырылiся да маштабаў планеты – не даваў яму спакою. Можа, і так – думаў я ў той момант... Але тое, што Мiкола нават не звярнуў увагi на маю прамову, вядома ж, закранула. Паўтарацца я не стаў. Я ўвогуле нiчога не адказаў, калі ўбачыў, што размова не атрымлiваецца. З канчаткова сапсаваным настроем я падумаў, што Мiкола нарэшце развiтаецца са мной. Але той думаў трошкі iнакш. Паварушыў перасохлымi губамi, трагiчна гледзячы некуды паўзверх маiх вачэй, і зноў узяўся за сваё: «Кастусь, а што я iм скажу?..»
        Напэўна, ужо нават я здагадаўся расцанiць гэтае пытанне як вытанчанае здзекванне хiтрага п’янiцы з сумленнага чалавека, таму што пасля майго адказу ў калiдор выглянула жонка і запыталася: «У вас усё добра?». Я, можа нават крыху рэзкавата, прапанаваў ей зачынiць дзверы і, павярнуўшыся да Мiколы, паспрабаваў падвесцi вынiк нашае размовы, апошнi раз растлумачыўшы, што калi яму спатрэбіцца мая дапамога – я заўсёды гатовы! Толькi мне патрэбна ведаць, што трэба рабiць ДАКЛАДНА?
        Мiкола доўга глядзеў мне ў твар, потым нiзка апусцiў галаву і стаў пляскаць па кiшэнях. Ён выцягнуў абрыўкi канверта ды напалову разарванае пiсьмо і пачаў паказваць зразумелыя яму фразы на ангельскай мове і зачытваць асобныя фразы на расейскай. Я сцiснуў зубы і, спрабуючы захаваць стрыманасць, перапыніў яго і пераказаў усё пiсьмо ад пачатку да канца. Ён вытрымаў паўзу і шэптам спытаўся: «Кастусь, аб чым я буду з iмi размаўляць?»
        Памятаю вельмi цьмяна, як у парыве шаленства я выпіхнуў гэтага беднага чалавека на вулiцу, як ён ашаломлена глядзеў на мяне і мармытаў нешта накшталт: «Добра, добра…У чацвер… Размова… Ты будзеш побач… Толькi аб чым …» Са страшэнным грукатам перад ягоным носам зачынiлiся дзверы.
        Назаўтра з ранiцы Мiкола патэлефанаваў: «Кастусь, прабач алкаша! Бязглуздзiцу нёс – п’яны быў! Гаварыў сам не разумеў што. Ты ж ведаеш – гарэлка сваю справу робiць…» Я адказаў, што ўсё нармальна, што я і сам пагарачыўся, і што не трэба было мне так груба размаўляць з чалавекам, што выпіў, хай сабе і крыху лішняга. Увесь наш дагавор застаецца ў сiле – чым змагу, заўсёды дапамагу. «Кастусь, яны ж у чацвер будуць тэлефанаваць? » – нечакана запытаўся Мiкола. Я чамусьцi разгубiўся, адказаў зацвярджальна і не прадугледзеў наступнага пытання. Можна сказаць, зусiм не падрыхтаваўся да яго. А Мiкола памаўчаў крыху і спытаўся: «…Кастусь, аб чым я з iмi буду гаварыць? »
        Каб вы не падумалi, што я нейкi вар’ят і разбiў той тэлефон, павiнен растлумачыць, што ён проста звалiўся з палiцы. Можа быць, я няўдала цi неяк рэзка павярнуўся цi адышоў, хто яго ведае? А пра Мiколавых амерыканцаў я так больш нiчога і не чуў, бо ў хуткiм часе змянiў месца працы і жыхарства.
        Я пару разоў бачыў Міколу пасля таго памятнага выпадку, аднак быў ён у такім стане, што заставалася толькi зрабiць вывад – у амерыканскiх сваякоў з цягам часу павінна назбірацца ўсё больш і больш пытанняў да майго земляка. Але якое пытанне было найважнейшым для самога Мiколы, ведаў толькi ён адзін.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.