РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бялун і Насьця
1
        Бачу ў вашых вачах раздражненьне: дакуль можна
        трываць гэтыя бясконцыя пераўвасабленьні?
        Адзін ператварае чалавека ў дэмана, другі ў вавёрку,
        трэці ў сіямскага ката ці ў зялёнага чыюка.
        Няўжо бракуе мужнасьці пакінуць сваіх герояў у гэтым
        недасканалым сьвеце такімі, якімі іх стварыла сама прырода?
У. Арлоў «Палёты самотнага птаха»
        
        З самага маленства ён пераводзіў на свае малюнкі паперу – усю, што трапляла пад руку. Ён маляваў бесперапынна, дзе б ні знаходзіўся і, здавалася, займаўся гэтым заўсёды. Калі ягоныя малюнкі пачалі ажываць, спачатку Бялун (ці проста Бял – такая за ім замацавалася мянушка) намаляваў сабе звычайную электрагітару «Fеndеr». Потым намаляваў бас-гітару, і атрымалася яна амаль што адразу. А вось з клавішнымі справа была не такая простая. Ён пера­спрабаваў самыя розныя варыянты і, урэшце рэшт, атрымаўся навюткі чорны раяль. Праз нейкі час пачала зьяўляцца і музыка. Сьпярша бляклая і невыразная, але паступова яна набывала неабходную глыбіню і закончанасьць. Бял быў у выдатным настроі, ён працаваў не спыняючыся ні на хвіліну. Яму хацелася, каб гэта быў сапраўдны рок-н-рол.
        Аднойчы Бял, зьбіраючыся намаляваць нейкі новы інструмент – ці то гітару, ці то скрыпку – размашыста правёў лінію, якая плаўнасьцю сваіх пераходаў уразіла яго настолькі, што... Страшна баючыся, каб міг гэтага дзівоснага азарэньня ня быў страчаны, ён дакрануўся алоўкам да паперы, прадоўжыў выгін, і той прыняў форму пляча, потым грудзей, вытанчонай рукі, доўгіх пальцаў... Бял вельмі хваляваўся, адчуваючы, што губляе свой ранейшы спакой і разьмеранасьць жыцьця. Так у яго зьявілася Насьця. Усё, што стваралася дагэтуль было забытае, і «Fеndеr» валяўся ў пярэднім пакоі на пыльнай падлозе, а на ім выразна былі відаць сьляды нечага абутку. I па ўсёй верагоднасьці ня Бяла, бо той апошнім часам зрэдку апускаўся на дол, а больш лунаў у прасторы, якая была запоўненая гукамі шыкоўнага раялю (намаляванага то заваленым нотамі ў пустым пакоі, то строгім і недаступным далёка на сцэне, альбо ў іншых рамантычных ракурсах). Часамі, асабліва з раніцы, ціха гучала акустычная гітара. Насьця датыкалася прыгожымі пальцамі да празрыстых струнаў, і яе непрыхаванае адзеньнем цела нібыта струменілася нейкімі сапраўды незямнымі чароўнымі мелодыямі. Але з кожным новым днём яе музыка рабілася усё больш сумнай – час ад часу мелодыя нечакана перапынялася і праз нейкі момант ціха пачыналася зноў. Аднойчы Насьця папрасіла Бяла намаляваць ёй адзеньне. Яна ўвогуле рэдка што-небудзь прасіла… Бял працаваў увесь дзень, зрабіў велізарную колькасьць эскізаў. Моцна стаміўшыся да ночы, ён так і заснуў у крэсьле з алоўкам у руцэ. Усю ноч яму чулася нейкая трывожная мелодыя, якая выклікала цяжкія карціны сноў, і, нават прачнуўшыся, Бял яшчэ чуў яе. Музыка абарвалася, калі ён убачыў палатно. Колькі часу ён прастаяў перад ім невядома, але калі зноў пачаў усьведамляць, дзе ён знаходзіцца, адчуў, што так цяжка яму не было яшчэ ніколі...
        Зразумела, ён пачаў прыдумваць розныя прабачальныя прычыны, ён упэўніваў сябе, што гэта недарэчнасьць вырашыцца ня сёньня, дык заўтра. А пра Насьціна раптоўнае і загадкавае зьнікненьне яны ўдваіх пазьней будуць згадваць са сьмехам і жартамі. Але недзе глыбока ў самім сабе ён адчуваў усё меней надзеі, і падсьвядома ўжо прадчуваў, што на самой справе ўсё адбудзецца зусім па-іншаму. Яго музыка стала суцэльным Халодным Блюзам, а ў малюнках пералівалася Пустэча. Аднойчы, бадзяючыся па доме, у стане блізкім да прастрацыі, ён натыкнуўся на свой «Fеndеr». Блюз, які ён зайграў, павінен быў гучаць цягучымі доўгімі нотамі, «пераязджаю­чымі» адна ў адну, і выконваць яго трэ было «слайдэрам», металічнай трубкай, узьдзетай на палец левай рукі. З той прычыны, што слайдэра ў яго не было, ён пачаў іграць горлачкам бутэлькі, як гэта рабілі калісьці ў даўнія-даўнія часы ў дэльце Місісіпі. Гэтая бутэлька яго не задаволіла і ён узяў іншую. У нейкім сэнсе гэты занятак стаў выйсьцем для Бяла і назваць тое, што адбывалася з ім можна было «пошукам сваёй бутэлькі». Ён пераспрабаваў вялізную колькасьць тых бутэлечных рыльцаў і паглыбленьне ў вывучэньне іх уласьцівасьцяў толькі адчыняла новыя гарызонты. Блюз ператварыўся ў адну навязьлівую мелодыю, якая асабліва рэзала ў вушах з раніцы, удзень крыху заціхала, а пад вечар зноў зьбівала з розуму і забірала памяць, з якой назаўтра, як з віру, выплывалі на паверхню сьвядомасьці перакуленыя рэстаранныя столікі, разьбітыя фужэры на стойках бараў, міліцэйскія пагоны, незнаёмы інтэр’ер чужых кватэраў, калготкі і прэзерватывы ва ўласных кішэнях... Блюз жадаў сваёй гарачыні, шукаў выйсьця, энергетыка яго ўзрастала, моцны неўтаймаваны рытм ужо існаваў сам па сабе, і ўсё гэта разам нагадвала шалёны выхад на коду ў «жывым» выкананьні Элвіна Лі ў залатыя часы «Теn Yеаus Аftеr». Апошняя нота надоўга завісла ў прасторы і цягнулася, цягнулася, цягнулася... Пакуль Бял не расплюшчыў вочы. Да яго нахіліўся прыгожы жаночы твар. Усё навокал — і адзеньне гэтай жанчыны, і сьцены, і столь былі такімі белымі, што ён зноў заплюшчыў вочы. Калі ён іх адкрыў яшчэ раз, то зноў убачыў жанчыну, але іншую, у руцэ ў яе быў шпрыц, а побач стаялі два мужчыны. Яны таксама былі ў белым.
        Бял ня ведаў колькі прайшло часу і адчуваў цяжар ад таго, што ня мог маляваць, што не гучала і музыка. Ён дужа хацеў убачыць Насьцю. Ён прыходзіў у прытомнасьць яшчэ некалькі разоў і ў хуткім часе яго вочы заплюшчыліся назаўсёды. Бял памёр.
        Напэўна ягонае жыцьцё прыняло нейкія іншыя формы, бо невядома адкуль ён даведаўся пра свае карціны, якімі вельмі зацікавіліся невядомыя яму людзі, што выглядалі маленькімі і сьмешнымі зьверху, але там, унізе, лічыўшыя сябе вялікімі і сур’ёзнымі. Узьнік грандыёзны ажыятаж: выставы, салоны, лекцыі, фільмы, сваякі і сябры, якіх ён, як ні намагаўся, ніяк ня мог узгадаць. Але самае галоўнае, што вярнулася Насьця. Яна, аднак, спазьнілася на адзін дзень. Яе палатно цяпер вісела побач з «Fеnderam», пад якім вялікімі літарамі было напісана: «Мастак Бялун. Гітара». «Ідыятызм! – думаў, гледзячы на ўсё гэта са сваёй вышыні, Бялун – на ёй жа трэба іграць, а яны яе да сьцяне прыбілі...» Насьцю чамусьці назвалі проста «Дзяўчынай». Па вечарах, дачакаў, калі, нарэшце, зачынялі залу, яна шмат курыла, а недакуркі тушыла і, каб ня кідаць на падлогу, клала на раму ад палатна. Прыбіральшчыца кожную раніцу ўздымала неверагодны крык. Насьця бязгучна пасьміхалася.
        А аднойчы яна дужа разьвесяліла Бяла, калі ня змогшы больш знахо­дзіцца на адным месцы, зьбегла з залы на некалькі дзён. А каб палатно не матлялася проста так, яна забрала яго з сабой. З раніцы адміністрацыя ўчыніла страшэнны перапалох: міліцыя, прэса – «міжнародны скандал», «крадзёж веку»... Калі Насьця вярталася ў музей, да яе прычапіўся малады хлопец у міліцэйскай форме, можа быць курсант — яна ня надта разьбіралася ва ўмоўнасьцях іхніх знакаў адрозьненьня. Ці ён быў крыху п’яны, ці проста дурэў ад адзіноты і ад думкі, што яго звальненьне ў горад заканчваецца, а магчыма на яго ўплывала і тое, і другое – будучы афіцэр бесперапынна прапаноўваў ёй накінуць на плечы кіцель (яна сапраўды была адзетая не па надвор’і) і кідаўся паднесьці цяжкую раму. Зразумела, яна дазволіла яму дапамагчы, дзякуй Богу, да музею заставалася сотня метраў. Каля вялізных дзьвярэй элегантна вярнула кіцель і папрасіла націснуць на званочак... Дзьверы адчыніла тая самая вахцёрка, на дзяжурстве якой прапала карціна. Пакуль старая жанчына скрозь сьлёзы казала «...родненькі ты мой... зараз... пачакай жа хвіліначку...» а потым, перастаўшы яго абдымаць, абзвоньвала навуковых супрацоўнікаў і сьпецыялістаў па мастацтве, будучы сьпецыяліст па крымінальных справах, не зусім разумеючы, што адбываецца, круціў галавой і ўсё шукаў кагосьці вачыма. I праз хвіліну, калі прыбеглі барадатыя і валасатыя, лысыя і ў акулярах, дзядзькі, ціснулі яму рукі і дзякавалі невядома за што, ён усё намагаўся спытаць у іх: «А дзе ж дзяўчына?» Яны рагаталі, падміргвалі адзін аднаму і выгуквалі на розныя галасы: «Жартаўні-і-ік!!!»
        З таго часу, калі ў маладога чалавека выдавалася вольная хвіліна, ён абавязкова ехаў да музею, таемна спадзеючыся сустрэць там зноў сваю выпадковую знаёмую. Тыя ж самыя барадатыя дзядзькі сустракалі яго ўжо як свайго і, думаючы, што малады чалавек вельмі цікавіцца мастацтвам, заводзілі ў свае службовыя памяшканьні і распавядалі шмат цікавых рэчаў. Калі атрымлівалася, ён зьбягаў ад іх і падоўгу стаяў насупраць адной карціны. Бял ведаў, што пазьней гэты хлопец сапраўды стане неблагім крымінальным эксьпертам па мастацкіх творах...
        У хуткім часе Бял зноў засумаваў. Магчыма ад таго, што на вочы яму ўвесь час траплялі фразы накшталт «геніяльны мастак», «найдасканалейшы майстар», «непаўторнай прыгажосьці палотны»... «Няўжо ніхто ня чуе музыкі? Я ж ніякі не мастак. Я музыкант! А гэта ніякія не палотны...» I толькі Насьця, як быццам у адказ яму, ціхенька перабірала струны, прыгожае гучаньне якіх узмацняла начная пустэча музейнае залы. А з іншага боку зачыненых дзьвярэй, прыклаўшы вуха да замочнай шчыліны, стаяла вахцёрка і бурчэла: «Зноў у зале радыё забыліся выключыць. Трэба напісаць дырэктару дакладную. Так больш немагчыма, гэта ж да раніцы не засьнеш...»

Крыніца: http://dziejaslou.by/inter/dzeja/dzeja.nsf/htmlpage/nies22?OpenDocument
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.